Мелодыя яе душы




Дата канвертавання05.03.2017
Памер27.21 Kb.
МЕЛОДЫЯ ЯЕ ДУШЫ

Педагог -- прафесія творчая, і таму не дзіўна, што многія з яе прадстаўнікоў займаюцца таксама і мастацкай творчасцю. Такіх талентаў сярод работнікаў дашкольных устаноў нямала. Сведчанне таму -- наш часопіс, на старонках якога і выхавальнікі, і музычныя кіраўнікі прадстаўляюць свае сцэнарыі, вершы і песні. Сёння хочацца сказаць пра аднаго з нашых аўтараў -- Яніну Георгіеўну ЖАБКО, з песнямі якой вы, шаноўныя чытачы, ужо мелі магчымасць пазнаёміцца.

У дашкольным выхаванні Яніна Георгіеўна працуе ўжо 30 гадоў. У свой час давялося быць і выхавальнікам, і метадыстам, але асноўнай сферай яе дзейнасці стала ўсё ж музычнае выхаванне дзяцей. Яніна Георгіеўна Жабко -- патомны педагог. Яе бацька, Георгій Сямёнавіч Шыёнак, -- заслужаны настаўнік Беларусі, 30 гадоў быў дырэктарам Вяляціцкай сярэдняй школы Барысаўскага раёна, маці -- Леакадзія Баляславаўна -- таксама настаўнічала ў гэтай школе.

Біяграфія гэтай сям'і наогул цікавая. Бацька Яніны Георгіеўны прайшоў своеасаблівы шлях духоўнага развіцця: ад царквы да школы. Спачатку ён закончыў педвучылішча, потым -- духоўную семінарыю. Некаторы час быў святаром, а потым зноў крута змяніў свой лёс: стаў атэістам, паступіў у Белдзяржуніверсітэт на гістарычны факультэт, дзе ўсе гады вучобы ўзначальваў камсамольскую арганізацыю універсітэта. У той жа час ён пазнаёміўся са студэнткай польскага педвучылішча Леакадзіяй Якуноўскай -- сваёй будучай жонкай. Яна нарадзілася ў Варшаве, дзе жыла да 12 гадоў, потым іх сям'я пераехала ў Мінск. Пасяліліся на вуліцы Садовай, насупраць дома, дзе жыла сям'я Янкі Купалы. Гэта прыблізна ў тым месцы, дзе зараз знаходзіцца ўсім вядомы фантан у Купалаўскім скверы. Напачатку дзяўчына не валодала ні беларускай, ні рускай мовай, вучылася ў Мінску ў польскай школе, а затым у польскім педвучылішчы. Але калі яна выйшла замуж і муж пасля заканчэння універсітэта паехаў настаўнічаць на вёску, яна побач з ім хутка асвоіла нашу мову.

Школа, дзе настаўнічалі бацькі Яніны Георгіеўны, нядаўна адзначыла сваё 150-годдзе. Яна адкрылася ў 1845 годзе як чатырохкласнае народнае вучылішча, а цяпер гэта адна з лепшых дзесяцігодак у раёне са сваёй багатай гісторыяй.

Яніна Георгіеўна таксама пачынала сваю педагагічную дзейнасць у школе настаўніцай пачатковых класаў, а потым -- настаўніцай музыкі і спеваў. Так працягвалася 8 гадоў. А пасля пераезду на пастаяннае месца жыхарства ў Мінск Яніна Георгіеўна назаўсёды звязала свой лёс з дашкольнай педагогікай. Яе цягнула да музыкі, і сваё педагагічнае прызванне яна бачыла ў музычным выхаванні маленькіх дзяцей. Яна, будучы чалавекам творчым, заўсёды імкнулася развіваць у сваіх выхаванцаў мастацкія здольнасці. Па-рознаму можна адпрацаваць нават абавязковую праграму -- з захапленнем, з душой ці будзённа і вяла. Будзённасці ў працы Яніны Георгіеўны не бывае. Прытрымліваючыся абавязковай навучальнай праграмы, яна ўносіць у выхаваўчы працэс і элементы ўласнай творчасці.

Асаблівы штуршок да стварэння беларускамоўнага рэпертуару надала праграма "Пралеска". Напрацоўкі, назапашаныя гадамі, старыя метадычныя матэрыялы, тым больш музычныя зборнікі не маглі даць усяго неабходнага для работы па новай праграме. I Яніна Георгіеўна пачынае тварыць сама: піша беларускамоўныя сцэнарыі, у якіх шмат месца адводзіцца яе ўласнай паэтычнай творчасці, і, зразумела, песні. Іх ужо больш за паўсотні, і размяркоўваюцца яны ў асноўным цыкламі -- па порах года, да Новага года, іншых свят і г. д. Гэтыя песні вельмі мілагучныя -- і па мелодыцы, і па тэкстах, бо нарадзіліся яны ў шчырай душы, поўнай любові да родных краявідаў.

Творчасць Яніны Георгіеўны Жабко заўважьлі работнікі кабінета музыкі Мінскага гарадскога інстытута ўдасканалення настаўнікаў. Яна сама дзялілася вопытам з калегамі на курсах павышэння кваліфікацыі музычных кіраўнікоў, а што датычыць яе песень, то яны былі рэкамендаваны ў новы песенны рэпертуар для дзіцячых садоў.

Вось такая яна -- педагог-творца. Без такіх неўтаймаваных не было б той жывінкі ў бясконцым працэсе навучання і выхавання.

Новых Вам творчых здзяйсненняў, шаноўная Яніна Георгіеўна!



Зоя ЛЫСЕНКА


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка