Мёрская даўніна




Дата канвертавання16.10.2017
Памер249.04 Kb.


прямоуг. 2Мёрская даўніна

Выданне рады музеяў УА“Міёрская ДАСШ №3”

гуртка “Арганаўты мінулага” ДДТ г. Міёры

7,8 ліпень, жнівень 2011 г.





Госці з Чэхіі і Ашмян

Даследчыкі з Польшчы

Падарункі музею

Канферэнцыя ў Германавічах

Навіны ад Ф. Л. Шымуковіча

Раім прачытаць: кніга “Сакральная геаграфія Беларусі” Л. У. Дучыц і І. Я. Клімковіч.

З гісторыі новапагосцкіх ваколіц

Турыстычна-краязнаўчы маршрут “Дзісненскі пярсцёнак”


Госці з Чэхіі

Не гледзячы на летнія каникулы, у нашых музеях перапынку няма, увесь час адбываюцца цікавыя сустрэчы і экскурсіі.Так, у чэрвені музеі наведалі настаўнікі з Чэхіі. Госці з вялікай цікавасцю агледзелі экспазіцыі двух музеяў, пазнаёміліся з даследчай дзейнасцю гуртка “Арганаўты мінулага” па вывучэнню свайго краю. У чэшскіх гасцей выклікала захапленне вядзенне летапісаў музеяў, гуртка, школы. Было адзначана, што ў навучальных установах Чэхіі няма практычнай накіраванасці ў краязнаўстве. Адсутнічае музейная праца, таму не стала і школьных музеяў, якія існавалі ў некаторых школах да пачатку 90-х гадоў 20 ст.



Азнаёміліся з дзейнасцю музеяў і гуртка вучні і настаўнікі з г. Ашмяны Гродзенскай вобласці.
Гасцей асабліва захапіў новы музей кнігі і друку. Выклікала асаблівае здзіўленне багацце друкаванай спадчыны, знойдзенае на Мёршчыне. Адзінае, што выклікала ў іх здзіўленне, чаму на афармленне такой багатай экспазіцыі не было выдаткавана дастаткова сродкаў, каб выкарыстаць сучасныя матэрыялы. У Ашмянах існуюць значна бяднейшыя музеі, але на іх стварэнне выдзяляюцца вялікія грошы.




Даследчыкі з Польшчы

У ліпені на працягу тыдня ў нашых музеях праводзілі даследчую работу госці з Польшчы: студэнтка факультэта архівістыкі Таруньскага ўніверсітэту Катажына Пранеўская, ёй дапамагала Зофія Прапнеўска-Важыньска з Варшавы. Яны праводзілі ўлік і класіфікацыю асноўнага і навукова-дапаможнага фондаў музеяў, перш за ўсё матэрыялаў, звязаных з Польшчай. На жаль, тыдня было мала, каб правесці грунтоўную работу па ўліку ўсёй паланістыкі. Найбольш грунтоўна быў вывучаны кніжны фонд, а таксама даследаваны найбольш цікавыя дакументы і рэчавыя крыніцы. Дзякуючы іх працы, матэрыялы нашых музеяў будуць вядомымі польскім вучоным і даследчыкам, таму што будуць размешчаны на сайтах Інтэрнэту. Такім чынам, праведзеная работа будзе падмуркам для стварэння навуковых прац польскімі студэнтамі і вучонымі.



Госці з Латвіі

Наведалі музей і наш даўні сябар Мікола Паўловіч з Даўгаўпілса і Віктар Калніш з Краславы. Як заўсёды, Мікола Паўловіч прывёз падарункі для нашага музея. З прывезеных экспанатаў найбольш цікавымі былі кніжка “ Казкі жыцця” Тараса Гушчы (Я.Коласа) 1921 г. выдання, а таксама шматлікія паштоўкі, каляндарыкі, дакументы і папяровыя грошы. Віктар Калніш, гісторык і фотамастак з Краславы, быў ўражаны багаццем экспазіцый музеяў, ён таксама падкрэсліў, што ў школах Латвіі музеяў ў школах не засталося. На ўспамін ён падараваў свае буклеты турыстычных маршрутаў па Латгаліі.



Падарункі музею

Дзякуючы настаўніцы нашай школы Урбановіч Ірыны Станіславаўны, у музей кнігі і друку быў перададзены драўляны куфэрак з старымі кнігамі і дакументамі. Прыналежылі яны нядаўна памерлай Туронак Аліне Пятроўне (1923- 2011) з Новага Пагосту. Усе сваё свядомае жыццё яна аддала служэнню Богу. Будучы сястрой законнай ордэна францысканаў, яна дапамагала ксяндзам нясці слова Божае людзям. Вось чаму ў яе куфэрку было шмат кніг рэлігійнай тэматыкі. Пасля вяртання ксяндза Іосіфа Інгелевіча са сталінскіх лагераў, Аліна Пятроўна дапамагала яму ў правядзенні душпастарскай працы ў Астраўцах Гродзенскай вобласці. Дзесяць год таму назад цяжка захварэўшы, вярнулася на радзіму, дзе яе даглядалі сястра і брат. Усе знойдзеныя кнігі надрукаваны ў 19- пач. 20 ст . на польскай мове. Для нас найбольш цікавае выданне “Сцэны сеймавы” 1912 года вядомага беларускага гісторыка Ігната Ходзькі. У ёй апісваюццы норавы і звычаі шляхты 18 ст. У зборах было і некалькі цікавых паштовак і абразкоў. Найбольш каштоўны абразок коштам 5 капеек 1905 года. Грошы ад яго продажу ішлі на будаўніцтва Мёрскага касцёлу.
Паходны Ліпень Вітаўта Ермалёнка




Касавурыцца сонца і гнуцца
длінаногія дні.
Сходзім, творцы, мае аднадумцы,
да радні.
Хай куляецца сонца на захад
галавой пад камлі.
Ты – наўскос, ён – угрунь,
я – наўзахап –

мы ідзём па зямлі.


Не ўразброд!
І нас выкаціць сонца
на вясеннюю гаць...
Будуць промні
ў мурзатай палонцы
Беларусь цалаваць.
   Сяргей Панізьнік.


КАНФЕРЭНЦЫЯ Ў ГЕРМАНАВІЧАХ

1
Удзельнікі канферэнцыі ля музея А.Э. Райчонак
4 ліпеня ў Германавічах адбылася чарговая канферэнцыя пад назвай: ”Краязнаўчыя здабыткі краязнаўцаў Віцебшчыны за апошнія тры гады. ”Дзякуючы намаганням кіраўніка культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча Райчонак Ады Эльеўны, сабралася шмат нераўнадушных да сваёй спадчыны людзей не толькі з навакольных раёнаў, але і з розных гарадоў Віцебшчыны, Мінска і нават з замежжа. Праграмма канферэнцыі была вельмі насычанай. Спачатку адбылося адкрыццё выставы вядомага беларускага мастака Уладзіміра Кандрусевіча. На прэзентацыі выступіў сам мастак, кіраўнік суполкі беларускіх мастакоў ” Пагоня” Алесь Марачкін, Ада Райчонак і інш. Усе выступоўцы і прысутныя былі аднадушныя- мастак у сваіх карцінах стварыў сапраўдныя высокапатрыятычныя вобразы Радзімы-маці Беларусі. Потым удзельнікі канферэцыі наведалі музеі, створаныя сябрамі культурна –асветніцкага цэнтра ў Германавічах. Усе прысутныя былі ў захапленні ад экспазіцый. Пазней адбыліся выступленні ўдзельнікаў. З цікавасцю аб сваіх знаходках па гісторыі роду Сапегаў апавядаў вядомы краязнаўца з Даўгаўпілса Мікола Паўловіч. У падарунак ён прывёз кнігу вядомага заходнебеларускага паэта Міхася Машары. Кніга знаходзілася ў бібліятэцы дзеяча беларускага нацыянальна –вызваленчага руху ў Латвіі Міколы Талеркі. Краязнаўца і фатограф з Краславы Віктар Калніш у сваім выступленні пазнаёміў прысутных са сваімі распрацоўкамі краязнаўчых маршрутаў па Латгаліі. З цікавасцю пазнаёміліся прысутныя з гіпотэзай краязнаўцы з Браслаўшчыны Віктара Бунто аб магчымым існаванні ў сярэднявеччы аднаго шляху з Дзінабурга па рэках і пратоках да рэк Дзісна і далей у Заходняю Дзвіну на Полацк і Віцебск. Краязнаўца з Полацка Ніна Сабітнюк распавяла аб новых даследаваннях паганскага свяцілішча ля возера Янова, Рыгор Шарыпкін з Глыбоцкага раёна падзяліўся з прысутнымі даследаваннем і сваёй апошняй знаходкай невядомага беларускага верша часоў паўстання Каліноўскага. Вітаўт Ермалёнак з Мёраў выступіў з дакладам, у якім распавёў аб новых пошуках і знаходках археолага –краязнаўчага гуртка “ Арганаўты мінулага”. Выступоўца прэзентаваў новае краязнаўчае выданне “Мёрскую даўніну “ і запрасіў краязнаўцаў да супрацоўніцтва. Самы малады з прысутных краязнаўцаў Аляксей Коц з Полацкага ўніверсітэта азнаёміў прысутных з даследаваннем археалагічных помнікаў у басейне ракі Дзісна. Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч з Мінска падзяліўся думкамі аб цяжкасцях пры спробах знайсці сродкі для аднаўлення архітэктурнай спадчыны мястэчка Лужкі. У канферэнцыі прынялі ўдзел шмат іншых краязнаўцаў: Сяргей Васільеў (Мёры), Ігар Пракаповіч (Паставы), Клімент Кожан (Германавічы), Уладзімір Ляскоўскі (Шаркаўшчына), Эдмунд Гірын (Гарадзец ) і шмат інш. Алесь Марачкін прачытаў верш, прысвечаны арганізатару чытанняў Адзе Райчонак. На канферэнцыю завіталі і вядомыя выканаўцы бардаўскіх песень Таццяна Беланогая і Зміцер Барптосік з Мінску, якія сваімі творамі зачаравалі усіх прысутных. Для ўдзельнікаў канферэнцыі прачытала свае творы маладая пісьменніца са сталіцы Анна Упала. Дзякуючы намаганням аргкамітэту матэрыялы канферэнцыі ў двух зборніках ужо надрукаваны і стануць сапраўднай скарбніцай для даследчыкаў мінуўчыны Дзісеншчыны.

В. А. Ермалёнак











Сакральная геаграфія Беларусі”

У 2011 годзе з мінскай рэдакцыйна – выдавецкай установы “Літаратура і мастацтва” выйшла кніга пад назвай “Сакральная геаграфія Беларусі”. Яе аўтарамі з’яўляюцца Людміла Уладзіміраўна Дучыц і Ірына Яўгенаўна Клімковіч, якія вандравалі па Беларусі ў пошуках матэрыялаў для “Сакральнай геаграфіі” з 2000 года. Але, хутчэй за ўсё, аўтарамі выкарыстаны і ранейшыя даследаванні ў галінах археалогіі і этнаграфіі. Кніга ўтрымлівае 384 старонкі, на якіх размешчана вялікая колькасць фотаздымкаў, што надаюць, нягледзячы на тое, што яны з’яўляюцца чорна – белымі, “Сакральнай геаграфіі” найбольшую дакладнасць і маляўнічасць. З дапамогай фотаздымкаў краязнаўцам і проста зацікаўленым людзям будзе прасцей адшукаць апісаныя ў кнізе сакральныя аб’екты. Надрукавана “Сакральная геаграфія Беларусі” даволі невялікім тыражом у 1100 экземпляр, але для краязнаўчага выдання, яно з’яўляецца даволі буйным. Прэзентацыя кнігі, разлічанай для шырокага кола чытачоў (навукова – папулярнага выдання), адбылася ў сталічным (мінскім) “Кніжным салоне” 7 красавіка. Людміла Уладзіміраўна Дучыц – археолаг, даўняя сяброўка археолага – краязнаўчага гуртка “Арганаўты мінулага”, які дапамагаў ёй у раскопках ля Махіроўкі, Снегаў, Вяты, Чамяроў і інш. Зараз яна знаходзіцца на пенсіі, але, нягледзячы на гэта, усё яшчэ цікавіцца гісторыяй нашай краіны. А другая аўтарка Ірына Яўгенаўна Клімковіч раней увогуле была інжынерам, а потым ужо стала цікавіцца краязнаўствам. Нядаўна Людміла Уладзіміраўна прыслала ў падарунак сваю кнігу кіраўніку нашага гуртка Ермалёнку В. А. з подпісам: “Шаноўнаму Вітольду Антонавічу з вялікай павагай і найлепшымі пажаданнямі”. Людміла Дучыц заўважыла, што кніга краязнаўцаў асабліва не здзівіць, бо яны маюць грунтоўныя веды па сваім рэгіёне, але ж выданне разлічана менавіта больш на пачаткоўцаў, аматараў і на тых чыноўнікаў, якія не цэняць яшчэ нашу спадчыну.

“Сакральная геаграфія” складаецца з дванаццаці раздзелаў. Першы мае назву “Узгоркі” і расказвае пра святыя горы, сляды язычніцкіх капішчаў, міфічных персанажаў ды інш. У ім успамінаюцца ўзгоркі і з нашай мясцовасці. Гэта вёскі Воўкаўшчына (с. 11) і Мазурына (с. 16). Пра Воўкаўшчыну дадзена паданне аб царкве ці касцёле, якія праваліліся і ляжаць пад гэтым ўзгоркам. Гара, якая знаходзіцца ля Мазурына, называецца “Белай Гарой”. “Азёры і рэкі” – гэта назва другога раздзела, які прысвечаны паселішчам і храмам, што праваліліся; легендарным астравам; затопленым скарбам і інш. У ім, з нашага Мёрскага раёна, адзначаны горад Дзісна (с. 50, 54), каля якога ёсць Нароўскія парогі і Марынкіны парожкі. Паданне пра востраў насупраць самага маленькага горада Беларусі звязана з каралём Стэфанам Баторыем. Трэці раздзел пад назвай “Крыніцы” расказвае пра з’яўленне цудадзейных абразоў; крынічныя фэсты і кірмашы; павер’і, звязаныя з крыніцамі ды інш. Гентава (с. 80, 85) і Язна (с.68) – гэта вёскі нашай мясцовасці, якія згадваюцца ў тэксце раздзела. Крыніца Святога Яна (Янаўская крыніца) ўшаноўваецца ля вёскі Гентава як праваслаўнымі, так і католікамі. У дзень святога, якому прысвечана крыніца, у вёсцы адбываўся фэст, пад час якога павялося кідаць у ваду манеты. Пра крыніцу ля вёскі Язна існуе паданне, што раней на яе месцы нібыта стаяла раней царква, якая потым правалілася. Аб паданнях пра паходжанне балот, народных назвах балот і выспаў, заклятых балотах і інш. паведамляе чацвёрты раздзел пад назвай “Балоты”. У ім з населеных пунктаў Мёрскага раёна ўзгадваецца Дзісна (с. 104). Існуе паданне, што Каралеўскае балота ёсць у былым Дзісенскім павеце. А з яго выцякае ручай і ўпадае ў возера Красіцкае, што каля вёскі Сталіца ў Шаркаўшчынскім раёне. Пяты раздзел мае назву “Камяні” і апавядае пра камяні – следавікі, каменныя крыжы, камяні – краўцы і камяні – шаўцы ды інш. Ён вылучае з нашай мясцовасці ажно пяць вёсак. Гэта Воўкаўшчына (с. 131, 132, 136); Дзісна (с. 132); Наўгароды (с. 122); Стары Пагост (с. 127, 128, 134); Язна (с. 131). Існуе паданне, што ля вёскі Воўкаўшчына (ва ўрочышчы Бертаўшчына) ляжыць Васькаў камень, або Чортаў Камень, каля якога адзначалі свята збору ўраджаю. На ім нібыта танцавала ды спявала моладзь. Таксама ля вёскі Воўкаўшчына ёсць Карны Камень, дзе быццам бы каралі яўрэяў, і яшчэ Святы Камень з міскападобным паглыбленнем, які адносяць да следавікоў. Знаходзіцца Святы Камень непадалёк ад Чортавага Каменя, ва ўрочышчы Бертаўшчына каля Чорнага возера. Дажджавая вада з паглыбленняў гэтага каменя лічыцца лекавай і дапамагае ад хвароб вачэй. На Купалле тут заўсёды збіралася моладзь і танцавала. І зноў жа, людзі кажуць, на ім магло змясціцца дванаццаць пар (дарэчы, у паданнях аб камянях найчасцей сустракаюцца сакральныя лічбы – 6 або 12). Таксама захавалася легенда, што на вялікім камені каля вёскі Воўкаўшчына ў 1812 годзе абедалі французы. Трэці, чацвёрты і пяты шырокавядомыя Барысавы камяні з высечанымі на іх крыжамі і надпісамі ХІІ ст. тыпу: “Господи помози рабу своему Борису…”, якія адносяць да былых язычніцкіх святынь, знаходзяцца ля горада Дзісна. Каля вёскі Наўгароды некалі ляжаў камень, паводле адных звестак, са следам мядзведзя, паводле другіх – са следам Чорта. Яшчэ ў 80 – я гады ХХ ст. мясцовыя старажыхары захоўвалі паданне, паводле якога а 12 гадзіне ночы каля каменя адбываліся цуды, з’яўляліся чэрці, а людзі, якія праходзілі побач, збіваліся са шляху. Гэты самы камень са следам быў выяўлены ў зарасніках хмызняку, вывучаны, адчышчаны ад моху і зафатаграфаваны сябрамі гуртка “Арганаўты мінулага” непадалёк ад вёскі Наўгароды (ля будынку закінутай школы), пад час велавандроўкі ў Стары Пагост. Яшчэ ў раздзеле згадваецца і камень кравец (нібыта шыў адзенне), што знаходзіцца ля Старога Пагоста, у паданні пра якога за краўца выступае чорт. Гэты камень таксама ў жніўні гэтага года адшукалі і зафатаграфавалі нястомныя “Арганаўты”. У даўнія часы Купалле адзначалі каля Чортава каменя на лузе, што побач з вёскай Стары Пагост. А ў вёсцы Язна сцвярджаюць, што на мясцовым камені снедаў сам Напалеон, а паводле іншага варыянта царыца Кацярына. Пра дубы – асілкі; гаі і лясы; забабоны, звязаныя з дрэвамі і інш. можна даведацца з шостага раздзела пад назвай “Дрэвы”. Тут з нашай мясцовасці ўзгадваюцца Мёры (с. 181) і Дзянісы (с. 159). Старадаўняе паданне расказвае аб тым, што недзе на Мёршчыне ўва ўрочышчы Залаты Бор французы закапалі карэту з грашыма, залатымі і срэбнымі рэчамі. Цікавай з’яўляецца легенда, аб тым што ля вёскі Дзянісы пад мясцовай сасной у час шведскай вайны быў схаваны скарб. Сёмы раздзел мае назву “Гарадзішчы і селішчы”. Ён расказвае аб рэштках старых умацаваных паселішчаў у светапоглядзе беларусаў, замках і замчышчах, слядах селішчаў ды інш. Сярод вёсак Мёршчыны аўтарамі вылучаны Пруднікі (с. 197), Стары Пагост (с. 207) ды Цвеціна (с. 196). З селішчам ля вёскі Пруднікі звязана паданне аб праваліўшымся касцёле. А каля вёскі Цвеціна на гарадзішчы нібыта правалілася царква. У вёсцы Стары Пагост бытуюць старадаўнія паданні пра горад Багоцк, які раней стаяў на месцы іхняй вёскі. Расказваюць, што гэты горад некалі праваліўся пад зямлю і толькі ў пэўныя дні выходзіць на паверхню. Але ўбачыць яго могуць не ўсе, а толькі бязгрэшныя і добрыя людзі. У іншых версіях падання фігуруе яшчэ жанчына ў белым адзенні. Завецца яна Белая Пані. Восьмы раздзел, прысвечаны курганным могільнікам і народным ўяўленням пра іх утварэнне; Татарскім, Шведскім, Французскім і іншым магілам; разнастайнасці паданняў і інш. Мёрскі раён згадваецца ва ўсіх раздзелах кнігі, акрамя восьмага раздзела, які мае назву “Курганы”. На маю думку, складальнікамі кнігі гэтая тэма недастаткова распрацавана, бо ў нашым раёне налічваецца вялікая колькасць курганных могільнікаў (Леснае, Снегі, Кублішчына і гэтак далей), якія даследаваліся навукоўцамі і з’яўляюцца дастаткова цікавымі для краязнаўцаў. Дзевяты раздзел пад назвай “Старыя могільнікі” паведамляе пра народныя назвы, скарбы і здані, памінанне продкаў ды інш. Тут з нашай мясцовасці ўзгадваюцца Дзісна (с. 252) і Чамяры (с. 232). У Чамярах старыя магілы называюць Панскі могільнік і расказваюць, быццам там пахаваны кароль з сваёй дружынай. Пра падзямеллі і падземныя хады, паданні і павер’і пра пячоры і лёхі, лагчыны, валы і інш. расказвае дзесяты раздзел, які мае назву “Пячоры, падзямеллі, яры…”. З нашага раёна ў гэтым раздзеле вылучаны Стары Пагост (с. 263). Існуе паданне, што недзе пад Старым Пагостам ёсць падзямелле, а ў ім прысутнічае нейкая дзяўчына, што сядзіць на куфры з багаццем і ахоўвае яго, а каля ног у яе ляжаць дзве або чатыры сабакі на ланцугах. Адзінаццаты раздзел мае назву “Дарогі” і прысвечаны грэблям Княжым, Шведскім, Французскім і іншым; мастам, пераправам і брадам; калонам ды інш. З нашай мясцовасці тут фігуруюць вёска Авечкі (былая вёска, с. 289), каля якой захаваўся прыдарожны каменны крыж і Лявонпаль (с. 290). Шырока вядомую калону каля вёскі Лявонпаль і сёння называюць Французскі помнік і звязваюць яе з вайной 1812 года. А насамрэч, як сведчаць архівы, яе ўзвялі ў канцы ХVІІІ ст. у гонар Канстытуцыі (першай у Еўропе і другой у свеце) 3 мая 1791 года – асноўнага закона Рэчы Паспалітай. Апошні раздзел, які размешчаны пад лічбай дванаццаць апавядае аб князях, героях і простых людзях; міфалагічных асобах, Вітаўце і Баторыі; Карле ХІІ і Пятры І, Напалеоне І Банапарце і інш. А назва яго “Міфалогія і гісторыя ў мікратапанімічных назвах і паданнях” цалкам адпавядае зместу. Сярод населеных пунктаў Мёршчыны ў раздзеле згадваецца Воўкаўшчына (с. 305), Дзісна (с. 311), Снегі (с. 320) ды Язна (с. 318, 320, 321). Каля Воўкаўшчыны ёсць вышэйзгаданая ў раздзеле “Узгоркі” гара, якая мае назву Французскі Касцёл, там касцёл нібыта і праваліўся. На Заходняй Дзвіне каля горада Дзісны існуе выспа Баторыя (названая ўва імя караля Рэчы Паспалітай). Каля вёскі Снегі, на перашыйку паміж азёрамі Укля і Абстэрна на мяжы Браслаўскага і Мёрскага раёнаў ляжыць вялікая колькасць валуноў рознага памеру. Згодна з паданнем, на самым вялікім з іх “адпачываў” сам Напалеон. Існуе паданне, што на Язненскім гарадзішчы “адпачывала” царыца Кацярына. А таксама на талеркавым камені ля вёскі Язна, паводле легенды, абедаў Напалеон. З усіх фотаздымкаў, якія змешчаны ў кнізе, нашаму раёну прысвечаны толькі адзін, на якім размешчаны Язненскі талеркавы камень.

У канцы кожнага з раздзелаў аўтарамі кнігі змешчаны спіс выкарыстанай імі літаратуры, якую можа знайсці ў бібліятэцы зацікаўлены чытач і больш змястоўна пазнаёміцца з тымі тэмамі, якія, на яго думку, патрабуюць больш глыбокага вывучэння. А ў заключэнні “Сакральнай геаграфіі Беларусі”, якое налічвае 12 абзацаў, адпавядаючых раздзелам, змешчана скарочанае падагульненне да ўсяго тэкста кнігі, прачытаўшы якое краязнаўцы і іншыя чытачы могуць правесці для сябе сістэматызацыю вывучанага матэрыяла. Таксама ў канцы кнігі размешчаны дадатак пад назвай “Народныя назвы археалагічных і сакральных ландшафтных аб’ектаў Беларусі”, які налічвае 13 старонак. У дадатку апавядаецца аб адзінкавых назвах гарадзішчаў, стаянках каменнага і бронзавага вякоў, найбольш распаўсюджаных назвах курганных могільнікаў, пячорах ды шматлікім іншым. Геаграфічны паказнік, які займае 32 старонкі, значна спрашчае пошук у тэксце кнігі сакральных аб’ектаў сваёй мясцовасці, для краязнаўцаў і проста зацікаўленых людзей.



Ігар Кандратовіч


З ГІСТОРЫІ НОВАПАГОСЦКІХ ВАКОЛІЦ

Запруддзе, Забор’е і ўсе акаляючыя вёскі і засценкі здаўна належалі да Новапагосцкага двара. А гэты двор, разам з Германавічамі, Лужкамі, Ёдамі, у сярэднявеччы падпарадкаваліся вялізнаму маёнтку Іказнь. З канца 15 стагоддзя Іказнь належала Сапегам. У 1509 годзе Ян Сапега запісаў фундацыю на касцёл у Іказні, дзе частка прыбытку з Пагоста прызначаецца Іказненскаму касцёлу. У канцы 16 стагоддзя тут гаспадарыць знакаміты канцлер Леў Сапега, які ў 1593 годзе перадае свой Пагосцкі двор ва ўласнасць пабудаванаму тут касцёлу. Нашчадкі Льва Сапегі страчваюць тут свае ўладанні. Пагост прададзены ў 1711 годзе. У 1756 годзе ў Пагосце гаспадарыць Смаленскі кашталян Станіслаў Бужынскі, а з 1766 года—Тадэвуш Бужынскі. Але яшчэ ў 1744 годзе частка былога Пагосцкага двара- фальваркі Камарова і Нізіна- належаць панам Дзекцееўскім. У гэтыя фальваркі ўваходзілі вёскі: Камароўшчына, Сынадворцы, Дварышча, а таксама вядомыя нам Пілаты, Каўшэлева, Бардзенцы, Астраўкі, Забор’е, Запруддзе і іншыя ваколіцы. У канцы 18 стагоддзя гэтыя фальваркі на кароткі час пераходзяць ва ўласнасць Яна Нікодэма Лапацінскага, уласніка Шаркоўшчыны і Лявонпаля. Але ў 1801 годзе фальваркі Камарова з 11 вёскамі і Нізіну з 2 вёскамі купляе ў Лапацінскіх каморнік Браслаўскага павету, ротмістр Францішак Канаплянскі разам з сынамі Янам (Іванам) і Якавам. У 1824 годзе Якаў становіцца гаспадаром маёнтка Камарова і будуе свой двор у Забор’і, будуе тут драўляную капліцу. У 1838 годзе па спіску маёнткаў за Якавам Канаплянскім лічацца вёскі: Камароўшчына (мужчын 46, жанчын 57), Запруддзе (м.6, ж.7), Забор’е (м.12, ж.19), Астраўкі (м.9, ж.11), Барадзінцы (м.37, ж.42), Каўшэлеўшчына (Каўшэлева),(м.17, ж.25), Богаўшчына (м.11, ж.13), Зарэчча (м.9, ж.11), Дальняя Борць (Старая Борць)(м.11, ж.14), Гелендэркі (Ляндэрня)(м.10, ж.13), Сынадворцы (м.15, ж.20).

Па спіску дваран першага разраду за 1840 год адзначана: Канаплянскі Якаў Францавіч, 50 гадоў, сыны: Генрых, 18 гадоў, Флёрэнці, 16 гадоў, Францішак, 15 гадоў (будучы ўдзельнік паўстання 1863 года), Іван, 11 гадоў, Юльян, 8 гадоў, Аляксандр, 7 гадоў, Тэадор, 5 гадоў, Эдвард, 4 гады. З жонкай Юзэфай Брэшкоўскай, 40 гадоў, Якаў меў дачок: Катарыну, 20 гадоў, Канстанцыю, 17 гадоў, Моніку, 13 гадоў, Марту, 9 гадоў – 12 дзяцей. (Гродна, гістарычны архіў, фонд 1626, вопіс 1, справа 1).

Звесткі пра сыноў Якава Канаплянскага: Генрых Якаўлевіч, штабс – капітан войск Расійскіх, дэпутат Дзісенскага павету з 1853 года. Флёрэнты Якаўлевіч (дзедзіч Камарова) з Зофіяй з Фёдаравічаў меў сыноў Генрыха і Тэадора. Францішак Якаўлевіч з Эміліяй Шэдуўнай меў сыноў Баляслава і Жэлеслава. Юльян Якаўлевіч, генерал войск Расійскіх, з Барбарай з Шэбуеўскіх меў сына Якуба. Тэадор Якаўлевіч, генерал войск Расійскіх, з Марыяй Якевічаўнай мелі сына Канстанціна. Эдуард Якаўлевіч, палкоўнік войск Расійскіх, з Нінай Зубатавых меў сыноў Вільгельма і Уладзіслава.

Жыхары в. Сынадворцы Катовічы Андрэй і Міхаіл, сыны Марцьяна, Лаўрэнці і Андрэй, сыны Захара, Андрэй, сын Грыгорыя судзяцца з Канаплянскімі ў 1841 – 1843 гадах, імкнучыся вызваліцца ад прыгону, спасылаючыся на тое, што іх дзяды быццам належалі да Пагосцкага касцёлу. Канаплянскі Якаў канфіскуе ў бунтароў 13 кароў, 4 свіней і будынкі. Памірыліся на той умове, што Катовічы не будуць больш бунтаваць, канфіскат ім вернуты. (Мінск, НГА, ф.299, в.2, спр.1637.).

Якаў Канаплянскі займае пасаду адміністратара дваранскай апекі Дзісенскага павета, апякуецца над маёнткам Аўласы, што канфіскаваны ў Францішка Юндзілы за ўдзел у паўстанні 1831 года. (Юндзіла ўцёк ад пакарання ў Швейцарыю). Сын Якава Францішак (1814 – 1864 гг.), адстаўны паручык, з 1859 года займае пасаду засядацеля ад дваранства ў Віленскай палаце грамадзянскага суда. У 1863 годзе Кастусь Каліноўскі прызначае яго паўстанцкім грамадзянскім начальнікам Віленскага ваяводства. Францішак выконваў адказную работу па арганізацыі і матэрыяльнаму забеспячэнню паўстання. Па ўспамінах старажыхароў нашай мясцовасці, пасля паўстання пан Канаплянскі хаваўся ад уладаў у сябе на радзіме. Сяляне выдалі яго ўладам. Асуджаны на катаржныя работы, памёр па дарозе на катаргу. (Двухтомнік АН, стар.163). Пахаваны на могілках у Забор’і. Яго надмагільная цагляная каплічка зруйнавана ў пасляваенны час пад спартыўную пляцоўку мясцовай школы. На рускіх і польскіх картах мясцовасці яна пазначана. (Не блытаць з драўлянай капліцай у Забор’і, скасаванай рускімі ўладамі ў 1867 годзе).

Маёнтак Францішка Канаплянскага канфіскаваны. У 1876 годзе вёску Забор’е (526 дзесяцін) і Бардзецы (435 дзесяцін) разам з засценкамі купіў з публічных таргоў у Вільні адстаўны штабс – капітан Расійскіх войск Маслаў Пётр Мікалаевіч. Высекшы і распрадаўшы Рыжскім яўрэям лес з 55 га, Маслаў у 1881 годзе ўсю зямлю кавалкамі распрадаў сялянам:


  1. Шэўчыку Восіпу Вікенцьевічу 55 дзесяцін за 200 рублёў срэбрам,

  2. Рынкевічу Францу Антонавічу 65 дзесяцін за 2500 руб. срэбрам,

  3. Шэўчыку Адаму Вікенцьевічу 55 дзесяцін за 200 руб. срэбрам,

  4. Шэўчыку Луке Вікенцьевічу 55 дзесяцін за 200 руб. срэбрам,

  5. Ляскоўскаму Аляксандру Міхайлавічу, селяніну вёскі Грыбоўшчына

зямлі і лесу засценка Запруддзе і ўрочышча Вілы ворнай 9,2 дзесяціны, сядзіба 1,3 дзесяціны, сенакоса 7,7 дзесяціны, кустарніка 1875 сажэн і лесу 38 дзесяцін 1600 сажэн за 1975 руб. срэбрам.

У той час сем’і былі вялікія. Прайшло 45 гадоў з часу куплі зямлі і ў Запруддзі ўчастак Ляскоўскіх ужо насялялі 4 сям’і. У Забор’і пражывала ўжо 7 сямей Шэўчыкаў, 3 сям’і Вайніловічаў, 1 сям’я Закрэўскіх і 1 сям’я Трубілаў. Усяго ў Запруддзі пражываў 41 чалавек, у Забор’і – 65 чалавек. І гэта нягледзячы на страты ў час Першай Сусветнай і грамадзянскай вайны. Тады толькі з Ляскоўскіх загінулі Аляксандр Пятровіч, 1896 г.н. і Якаў Пятровіч, 1898 г.н.

Яшчэ да гэтага ў Запруддзі жыла сям’я Зуевых, атрымаўшая надзел 21 га. За гэты надзел трэба было штогод уносіць плату ў царскую казну. І тут выйшаў казус: калі ў 1919 годзе наш край занялі бальшавікі, што “вызвалілі народ ад цара”, яны ў банку знайшлі, што Зуевы не паспелі выплаціць цару за зямлю і даслалі Зуевым патрабаванне тэрмінова аплаціць доўг за 1917 і 1918 гады. Такія ж патрабаванні выкупных плацяжоў за зямлю дасланыя ў Запруддзі Яфімавым і мужыкам Зарэчча і Старай Борці. (Мінск. Нацыянальны архіў. Фонд 765, вопіс 1, справа 2, ліст 39).
Выкарыстаны матэрыялы:


  1. Нацыянальнага гістарычнага архіва, г. Мінск, Крапоткіна, 55;

  2. Нацыянальнага архіва Беларусі, г. Мінск, в. Карла Маркса;

  3. Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, г. Гродна;

  4. Абласнога архіва ў г. Маладзечна;

  5. Міжраённага архіва г. Глыбокае.

Падрыхтаваў Уладзімір Ляскоўскі, г.п. Шаркоўшчына.


ТУРЫСТЫЧНА-КРАЯЗНАЎЧЫ МАРШРУТ “ ДЗІСНЕНСКІ ПЯРСЦЁНАК”

Е




  1. Упершыню сістэматызаваць і распрацаваць матэрыялы па адным з цікавейшых, але мала вядомых маршрутаў Дзісненшчыны.

  2. Прыцягнуць увагу грамадскасці да захавання, аховы, рэстаўрацыі нашай спадчыны.

  3. Увесці ў навуковае карыстанне новых фактаў, звестак, імёнаў, крыніц.

  4. Удакладніць матэрыялы папярэдніх даследчыкаў рэгіёну.

  5. Аказаць дапамогу ў правядзенні экскурсій, вандровак, паходаў настаўнікам і вучням раёна, турыстам з Беларусі і замежжа.

  6. Папулярызацыя маршрута вандроўкі ў сродках масавай інфармацыі.

  7. Садзейнічаць вывучэнню і ўшанаванню гістарычных месцаў, звязаных з імёнамі нашых славутых землякоў: В.Ластоўскага, Я.Драздовіча, Г.Цітовіча, Б.Туронка, Я.Томка, Яна Гушчы, Пятра Мятлы і інш.

  8. Распрацаваць гісторыю шляхецкіх родаў імёны якіх звязаны з мясцовасцю па якіх праходзіць наш маршрут: Сапегаў, Клёттаў, Шырынаў, Канаплянскіх, Плятэраў, Корсакаў і інш.

  9. Садзейнічаць аднаўленню паркаў і сядзібаў у Клётавым Двары, Востраве, рэстаўрацыі архітэктурнай спадчыны г.Дзісны і інш.

  10. Матэрыялы праекта выкарыстаць у падрыхтоўцы рэкламнага праспекта.

  11. Пад час вандровак па маршруту папоўніць экспанатамі фонды гістарычнага музея СШ №3 г.Міёры, раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.

  12. Прасачыць захаванне археалагічных помнікаў: селішчаў, гарадзішчаў, курганоў.

  13. Адкрыць новыя помнікі археалогіі і гісторыі.




У
Маршруты паходаў на карце 1800 г.
папярэднія гады мы паспяхова стварылі краязнаўчыя маршруты “Сярэбраны пярсцёнак Міёршчыны”,”Бронзавы пярсцёнак Мёршчыны“, “Малы залаты пярсцёнак Мёршчыны”. Па іх наш гурток паспяхова здзейсніў вандроўкі, вынікі якіх атрымалі высокую адзнаку ў вобласці і краіне. Але папярэднія маршруты праходзілі толькі па Мёршчыне, зараз мы упершыню выйшлі за межы раёна і звязалі ў адну нітку частку суседняга Шаркоўшчынскага раёна, таму што гэты маршрут аб’ядноўвае, як гісторыя, так і прырода. Маршрут праходзіць практычна вакол знакамітага балота –заказніка
“Ельня“. Для удзела ў велапаходзе па маршруту была і падрыхтавана старэйшая група гуртка “Арганаўты мінулага“, якія ўжо мелі багаты вопыт папярэдніх вандровак. Назва “пярсцёнак” выбрана не выпадкова, бо сапраўднай перлінай для турыстаў і гісторыкаў-краязнаўцаў з’яўляецца горад Дзісна, тым больш да рэвалюцыі тэрыторыя маршрута ўваходзіла ў Дзісенскі павет.




Пад час стварэння праекта гурткоўцы старанна вывучылі матэрыялы, звязаныя з рэгіёнам, напрацоўкі папярэдніх паходаў і вандровак, якія налічваюць 30-гадовую гісторыю нашага гуртка. Пад час падрыхтоўчай працы былі вывучаны шматлікія карты мясцовасці, у фондах музея знойдзены старажытныя здымкі і дакументы, матэрыялы пра нашых славутых землякоў. На аснове картаграфічнага матэрыялу была складзена карта маршрута. На працягу1999-2007 гадоў былі здзейснены шматлікія вандроўкі па асноўных гістарычных аб’ектах: Мёры – Стары Пагост, Мёры –Язна, Мёры –Цвеціна, Мёры – Павянужка і інш. Дзісенскі пярсцёнак часткова спалучаецца і з Бронзавым і малым залатым пярсцёнкам Мёршчыны. Але частка маршрута, асабліва тая, якая праходзіла па Шаркоўшчынскаму раёну была цалкам не вывучана гурткоўцамі.

Пад час папярэдніх вандровак сябры гуртка правяралі захаванасць археалагічных і гістарычных помнікаў, запісвалі новыя паданні і легенды, збіралі фальклорны і этнаграфічны матэрыял. Гурткоўцы зрабілі шматлікія замалёўкі помнікаў прыроды і архітэктуры, археалагічных знаходак. Назапашаны “арганаўтамі” матэрыял дазволіў добра падрыхтавацца тэарэтычна для праходжання краязнаўчага маршрута “Дзісенскі пярсцёнак”.




АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА МАРШРУТУ. НЕПАЎТОРНАЕ АБЛІЧЧА ПРЫРОДЫ.
Агульная працягласць маршруту вандроўкі 190 к м. Асноўны шлях пачынаецца з г.Міёры і праходзіць па тэрыторыі Новапагосцкага, Германавіцкага, Язненскага, Мёрскага сельсаветаў; пралягае па ўскрайку Полацкай нізіны, якая часткова перакрываецца Наўгародскім узвышшам. Большая частка вандроўкі праходзіць уздоўж ракі Дзісна і паабапал балота Ельня. Найбольш значныя азёры—гэта Старапагосцкае, Красноўскае і Язненскае.

Турыстаў, асабліва рыбаловаў, прывабяць багацце рэчак і азёр рыбай, тут багата і шчупакоў, сазаноў, ляшчоў, карасёў, акунёў і інш рыбы, якой больш, чым у якіх-небудзь іншых вадаёмах краіны. Побач з дарогай, паміж азёрамі, растуць лясы. Пераважаюць сасна, елка. На ўскрайках расце бяроза, ляшчына. Можна ўбачыць лася, казулю, не гаворачы пра зайцоў, або лісаў. Яшчэ ў лясах блукаюць дзікі, алені і інш жывёла.

Багаты лясы і ягадамі, грыбамі. Пачынаючы з чэрвеня, на волкаўшчынскіх пагорках шмат суніц. Да позняй восені турыст можа па жаданню падсілкавацца і чарніцамі, і п’яніцамі, брусніцамі і журавінамі. Асабліва багата ягадамі балота Ельня, якое знаходзіцца на ўскрайку нашага маршруту. Пачынаючы са жніўня, у лясах з’яўляюцца грыбы. Пры гэтым турысту не трэба шмат блукаць, каб сабраць багатыя дары нашай зямлі. Дастаткова саступіць некалькі крокаў з асфальту - і незлічоныя скарбы прыроды будуць прама перад вамі.
Кароткае апісанне веласіпеднай вандроўкі 31 –ліпеня 2 жніўня 2008 год.

Выязджаем з Мёраў у 7-00 раніцы. Дарога асфальтаваная. Праходзіць у напрамку вёскі Нов Пагост.


ВЁСКА ДУБАШЫНСКІ ДВОР

А
Арганаўты мінулага” ля Дубашынскага двара, 2001 год.
длегласць ад Міёр 3 кіламетры. Былая назва Мёры. Яны належалі Дубашынскім. Турысты ўбачаць рэшткі панскага парку, ставок. Тут знаходзіцца і паселішча старажытнага чалавека эпохі неаліту. “Арганаўты мінулага” даследуюць гэтыя мясціны звыш 20 год. Знойдзена шмат керамікі, кафлі, старажытных рэчаў, якія дазваляюць аднавіць гісторыю сядзібы, пачынаючы з ХVI стагоддзя. Насупраць вёскі Дубашынскі Двор сучасныя гарадскія могілкі з капліцай, пабудаванай ў 1990 годзе.

З асфальтаванай дарогі, па якой мы імчым, добра бачна панарама кацілаўскага возера. Пад час шматлікіх папярэдніх вандровак, “арганаўты” знайшлі шматлікія аскенкі крэмня, якія сведчаць аб існаванні тут паселішча эпохі неаліту.
Бераг Кацілаўскага возера. Па гравійнай дарозе мы зварочваем у бок былой вёскі Мазалёва, каб пабачыць цікавы валун.

Бераг кацілаўскага возера
Вялізны камень размешчаны за 1,5 км на паўночны ўсход ад Мілеек і за 100м на поўдзень ад дарогі Цілеўцы-Мілейкі на тэрыторыі СПК “Любінова”. Абсалютная адзнака над узроўнем мора 152,5м. Знаходзіцца за 9,5км на паўднёвы захад ад Міёр.

Даўжыня 4м, шырыня 3,1м, вышыня 1,4м, абвод 11,35м, аб’ем 9,2куб.м, вага 24,4т. Прынесены 18-20 тыс.гадоў таму з паўднева-ўсходняй Фінляндыі ў часы паазёрскага зледзянення. Гэта ружова-шэры граніт рапаківі, які ўтрымлівае крышталі каліевага палявога шпату ў выглядзе авоідаў памерам да 5см і асобныя таблічкі па 1,5х3см, крышталі малочна-шэрага кварцу ў выглядзе зерняў 0,5-1,5см, крышталі біятыту і іншых цёмна колерных мінералаў. Форма цэглападобная. Зарос імхамі і лішайнікамі.



ВЁСКА КЛЁТАЎ ДВОР

А
Возера Варона


длегласць ад Міёр 7 кіламетраў. Ад Дубашынскага Двара – 4 кіламетры. Раней таксама называліся Мёры. Ад 16 ст. да 1939 г. належалі славутаму роду Клёттаў. Сядзіба была размешчана на беразе прыгожага возера Варона. Да нашага часу захаваліся рэшткі парку, падмуркі гаспадарчых пабудоў. Мы змаглі з дапамогай старых жыхароў рэканструяваць знешні выгляд сядзібы. Пад час вывучэння мясцовасці быў знойдзены шматлікі гістарычны матэрыял з гісторыі роду Клёттаў: здымкі, дакументы, рэчавы матэрыял, які папоўніў фонды музеяў. Тут мы пачынаем аповед аб Клёттах, якія валодалі, акрамя Мёраў, яшчэ Снегамі, Навалакай і інш.
БЫЛАЯ ВЁСКА ЛЯВОНАЎЦЫ

Адлегласць 2 км на паўднёвы захад ад Клётава двара. Тут у 1935 годзе нарадзіўся Герой Савецкага Саюза Томка Ягор Андрэевіч. У 1953 годзе скончыў Міёрскую сярэднюю школу, паступіў у Вышэйшае ваенна-марское вучылішча ў Архангельску. Пазней закончыў ваенна-марскую акадэмію імя Жукава ў Ленінградзе. Аддаў марской службе 30 год, з іх 8 год знаходзіўся пад вадой. Удзельнічаў у групавым паходзе падводных лодак пад ільдамі Паўночнага Полюса ў якасці камандзіра атамнай лодкі. Пад час паходу, дзякуючы яго асабістым ведам, мужнасці і вопыту, выратаваў падлодку, якая трапіла ў аварыю і яе экіпаж. Званне Героя Савецкага Саюза прысвоена 4 лістапада 1978 г. Прысвоена званне віцэ-адмірала ў 1981 годзе. Узначальваў Ленінградскае Вышэйшае ваеннае вучылішча падводнага плавання, жыў ў Санкт-Пецярбургу, працаваў пасля адстаўкі ў праектным інстытуце. Памёр у 2008 годзе. У г. Мёры у гонар героя названа новая вуліца. На месце былой хаты, дзе нарадзіўся і прайшлі дзіцячыя гады героя-падводніка, засталося толькі дрэва.
ВЁСКА ГАРАНЕ

Знаходзіцца на адлегласці 3 км ад Клётава двара, 5 км ад Лявонаўцаў на ўсход па гравійнай дарозе.

Асноўныя аб’екты маршруту: Гаранская града – знаходзіцца ва ўгоддзях СПК ”Любінова” у Новапагосцкім сельсавеце. Вакол вескі Гаране, Барсучына, Масцішча, Кацілава, Маласць. Абсалютная адзнака над узроўнем мора 161,9м, бачная вышыня 32м, даўжыня 1,4км, шырыня 1км, арыентавана з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход. Плошча 1кв.км.

Утварылася 14-15 тыс. гадоў таму назад, ў часы браслаўскай стадыі паазёрскага зледзянення, ў выніку дзейнасці ледавіковага покрыва і яго расталых водаў. Гэта канцова-марэннае ўтварэнне. Адклады-супескі, суглінкі, розназярністыя і дробназярністыя пяскі. Мясцовая назва “Косы і Шнуры”.



Гарадзішча жалезнага веку днепра-дзвінскай культуры “Булачка”. Адкрыта гуртком “Арганаўты мінулага” у 1987 годзе, знаходзіцца 1,5 км на ўсход ад шашы Міёры – Новы Пагост. Вышыня схілаў 6 м. Плошча пляцоўкі круглай формы 1 га. Пад час разведкі гурткоўцамі знойдзены рэшткі керамікі 1 тыс.да н.э. Раскопкі вучонымі не праводзіліся.


У далечыні гарадзішча “Булачка”


Рэшткі былой сядзібы Фелікса Мірскага. Захаваўся напаўразбураны дом, частка парку, ставы. Пасля вайны тут размяшчаўся дзіцячы дом. Дырэктарам працавала жонка удзельніка абароны Брэсцкай крэпасці, камандзіра разведбатальёна Венедзіктава В.Я., які геройскі загінуў пры прарыве з крэпасці. Гурткоўцы сустрэліся ў гэтым годзе з яго дачкой, якая 11-гадовай дзяўчынкай зведала жахі вайны, знаходзячыся ў Брэсцкай крэпасці. Яна перадала цікавыя дакументы і ўспаміны аб сваёй сям’і.


На беразе Кацілаўскага возера знаходзіцца селішча 3-4 тыс.да н.э. Адкрыта “арганаўтамі” у 1987 годзе. Знойдзены скрабкі, разцы. Культурны пласт слаба прасочаны. Раскопкі не праводзіліся. Знаходзіцца на беразе Кацілаўскага возера, 0,5 км ад дарогі Міёры – Новы Пагост. Пасля даследавання сядзібы ў Гаранях ізноў выязджаем на дарогу Мёры-Новы Пагост.


В
Сядзіба Ф. Мірскага. Рэшткі парку.
. А. Ермалёнак



Мёрская даўніна” Выданне Рады музеяў УА “Міёрская ДАСШ №3”

гуртка “Арганаўты мінулага” ДДТ г. Міёры

Над нумарам працавалі: Ермалёнак В А., Ермалёнак А.В, Варона Д. А., Кандратовіч І.

Наклад100 асобнікаў, выдаецца на ахвяраванні.




автофигура 1



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка