Мэта маёй работы – даследаванне паэм Якуба Коласа з боку выкарыстання ў іх слоў са значэннем колера. Дасягненню мэты даследавання будзе садзейнічаць рэалізацыя наступных задач




Дата канвертавання02.01.2017
Памер190.41 Kb.


Уступ

Так адбылося, што на выбар тэмы даследавання паўплывала маё захапленне жывапісам падчас заняткаў у дзіцячай школе мастацтваў. Праца з колеравай палітрай, сузіранне мастацкіх твораў заўсёды выклікала шэраг пытанняў. Чаму мастак абірае тое ці іншае адценне? Што ўплывае на яго выбар? Як ён выкарыстоўвае магчымасці колеравай гамы? Знаёмства з творчасцю Я. Коласа на ўроках беларускай літаратуры наштурхнула на думку аб разнастайнасці выкарыстання слоў са значэннем колера ў паэмах гэтага аўтара. Акрамя гэтага, на выбар тэмы даследавання паўплывала праблема зніжэння цікавасці моладзі да вершаваных твораў буйных памераў і да чытання класікі ўвогуле. А між тым працэс работы над тэмай прывёў да высновы, што знаёмы тэкст мастацкага твору можа хаваць у сабе безліч неразгаданых таямніц.



Мэта маёй работы – даследаванне паэм Якуба Коласа з боку выкарыстання ў іх слоў са значэннем колера. Дасягненню мэты даследавання будзе садзейнічаць рэалізацыя наступных задач:

  • вывучэнне гісторыі стварэння паэм Якуба Коласа “Новая зямля і

“Сымон-музыка”;

  • выяўленне падабенства і адрозненння ў словах – колеравызначэннях, якія сустракаюцца ў тэкстах паэм.

Прадмет даследавання – тэксты коласаўскіх паэм.

Метады даследавання:

Гіпотэза : выбар творцам пэўных слоў са значэннем колера залежыць ад жыццёвых абставін і псіхалагічнага стану.

У асноўнай частцы разглядаюцца наступныя пытанні:



  1. Класіка нашай літаратуры.

  2. Асаблівасці выкарыстання слоў са значэннем колера ў паэме “Новая зямля”

  3. Асаблівасці выкарыстання слоў са значэннем колера ў паэме “Сымон-музыка”

У заключэнні прыведзены вывады і рэкамендацыі аб практычным прымяненні вынікаў даследавання.

Работа змяшчае дадаткі , а таксама спіс выкарыстанай літаратуры.



Колеравая палітра паэм Якуба Коласа
Новая зямля” і Сымон-музыка”


  1. Класіка нашай літаратуры

Паэмы Якуба Коласа “Новая зямля” і “Сымон-музыка” — творы ў роўнай меры эпахальныя для развіцця беларускай літаратуры. Гэта тая класічная аснова, на якой грунтуюцца дзве розныя, але ўзаемазалежныя і ўзаемадапаўняльныя тэндэнцыі развіцця нашай паэзіі:

- рэалістычна-апавядальная, з яе канкрэтна-пачуццёвай вобразнасцю,

- рамантычна-ўмоўная, насычаная сімволікай, складанымі асацыятыўна-падтэкставымі сувязямі.

Напісаныя прыкладна ў адзін час паэмы “Новая зямля” i “Сымон-музыка” настолькі непадобныя па характары паэтычнага светабачання, творчай манеры мастака, фармальных прыкметах, што вытлумачыць гэтае адрозненне можна толькі шматграннасцю асобы паэта і геніяльнасцю яго мастакоўскага дару. У абодвух творах з надзвычайнай гармоніяй і цэласнасцю паядналіся вечная экзістэнцыяльная ідэя чалавечага лёсу і сэнсу жыцця і арганічная, глыбока народная форма яе ўвасаблення. Але калі ў “Новай зямлі” гуманістычнае імкненне адкрыць свету глыбіню і ўнутраную суладнасць духоўнага вобліку беларуса натуральна спалучаецца з багаццем знешніх праяў сялянскага жыцця, паэтызацыяй працы і прыроды, то ў “Сымоне-музыку” драматычны канфлікт героя і асяроддзя выяўляецца праз кантраст вобразаў-сімвалаў, праз “барацьбу” інтанацый, рытмаў, разнастайнасць архітэктонікі.

Агульная паэтычная звышзадача — ідэалізацыя духоўнага свету героя, узвышэнне да высокай гармоніі з сусветам ва ўсіх яго праявах: матэрыяльных і ідэальных, усвядомленых і ірацыянальных, зямных і касмічных — дасягаецца ў паэмах самымі разнастайнымі эстэтычнымі сродкамі, у тым ліку і надзвычай каларытнай колеравай палітрай твораў, якая адпавядае і агульначалавечым уяўленням аб прыгожым, і народным беларускім традыцыям, замацаваным гісторыяй.

Заканамерна, што і “Новая зямля”, і “Сымон-музыка” знайшлі належнае месца ў школьных праграмах па літаратуры, бо поўнае ўяўленне пра асобу Якуба Коласа і яго ролю ў станаўленні беларускай паэзіі немагчымае без параўнання і супастаўлення гэтых твораў. Пры вывучэнні гэтых твораў можна знайсці розныя шляхі і формы падачы матэрыялу настаўнікам: ўрокі- параўнанні “Праблема чалавечага лёсу і сэнсу жыцця ў паэмах Якуба Коласа”, “Народны талент у паэмах “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, “Аўтарская пазіцыя паэта і сродкі яе ўвасаблення”, “Сутнасць рэалістычнага і рамантычнага канфлікту”, “Спецыфіка вобразнай сістэмы паэм”, супастаўляльныя характарыстыкі (вусныя і пісьмовыя) герояў паэм, паралельнае прачытанне і аналіз малюнкаў прыроды і іх сімвалічнага значэння (поры года, дзень, ноч і г. д.).

Вырашэнню прынцыпова важнай задачы літаратурнага навучання — паглыбленню эстэтычнага патэнцыялу школьнага аналізу паэзіі, узмацненню ў ім культуралагічнага аспекту — дапаможа і больш пільная ўвага да колеравай палітры паэм. Назіранні за колерам у творы дадуць магчымасць зрабіць больш натуральнымі і плённымі міжпрадметныя сувязі з выяўленчым мастацтвам на ўроку літаратуры, далучаць вучняў да псіхалогіі творчасці і будуць развіваць эстэтычны ўзровень успрымання рэчаіснасці.





  1. Асаблівасці выкарыстання слоў са значэннем колера ў паэме “Новая зямля”

Вынікі назіранняў за колераабазначэннем у паэмах Якуба Коласа адлюстраваны ў наступных табліцах (Дадатак 1).



Белы колер
Прыступаючы да канкрэтнага аналізу слоў са значэннем колеру (улічваліся не толькі прыметнікі, але і іншыя часціны мовы, напрыклад, белы, бель, бяліць, бел і г. д.), лагічна было б чакаць, што ў “Новай зямлі”, якую справядліва называюць гімнам беларускай прыродзе, будзе пераважаць зялёны колер. Пра гэта сведчаць і ілюстрацыі на “Новай зямлі “ розных аўтараў – мастакоў (Дадатак 4). Аднак бясспрэчную перавагу Якуб Колас аддае ахраматычнаму беламу колеру (49 слоў, для параўнання: зялёны — 23 словы).

Белы колер у індаеўрапейскай сімволіцы атаясамліваецца з найвышэйшай святасцю, гэта сімвал чысціні, гармоніі, традыцыі, законнасці, агульнапрынятасці. Гэта колер жыцця і мацярынскай сілы (малако), міру, веры, ачышчальнай вады. Такое значэнне — агульнае для еўрапейскіх народаў і заходнееўрапейскай царквы. У казках народаў свету, у тым ліку і славянскіх, белы колер — сімвал цнатлівасці, духоўнай чысціні.


Чырвоны колер. Белы-чырвоны. Ружовы
Перавага белага колеравага коду ў паэме “Новая зямля” робіць відавочнай код-апазіцыю “белае-чырвонае”. Гэта і пацвярджаецца фактычнымі данымі — 30 слоў з чыстым колераабазначэннем “чырвоны”. Як і белы, чырвоны колер спрадвеку быў асноўным для славян і лічыўся сімвалам агню і вечнага жыцця. Славяне лічылі белыя і чырвоныя фарбы святымі і выкарыстоўвалі іх у адзенні, дэкаратыўным мастацтве, дойлідстве. У хрысціянскай традыцыі код-апазіцыя “белае-чырвонае” — знак Хрыстовай пакуты, пралітай за чалавецтва крыві. Калі дадаць да слоў з белым колераабазначэннем роднасныя ахраматычныя “светлы”, “ясны”, “бледны” (29 слоў) і “срэбра” (7 слоў), а да колера-кода “чырвоны” — роднасныя храматычныя “агонь”, “руды”, “румяны” (адпаведна — 34 словы, 3 і 2), то можна зрабіць вывад, што Якуб Колас аддае перавагу замацаванай у народнай псіхалогіі, гісторыі і эстэтыцы кода-апазіцыі “белы- чырвоны”. Якуб Колас часта называе гэтыя колеры побач:

у хустках белых і чырвоных”,

пампушка... чырвона зверху... ніз бялюткі (1; 215),

убраны хораша, бы ў свята:

Чырвоны колер, белы...” (1; 210).

Пры тым, што ўвогуле непасрэдныя колеравыя кантрасты “Новай зямлі” амаль не ўласцівыя (Якуб Колас звычайна ўжывае чысты, ізаляваны колер). Магчыма, у часы, калі пісаўся твор, паэт, падсвядома ці наўмысна, імкнуўся эстэтызаваць колеры нацыянальнага сцяга, які з пачатку XX ст. (ды і раней, з часоў К. Каліноўскага) да сярэдзіны 20-х гг. актыўна ўжываўся беларускай грамадскасцю.

Заснавальнік тэорыі колераў, нямецкі паэт і вучоны I. В. Гётэ, які абгрунтаваў пачуццёва-эмацыянальнае і эстэтычнае ўздзеянне колераў і іх спалучэнняў, лічыў самы актыўны — чырвоны — колерам “сур’ёзнасні і годнасці” і разам з тым “невыноснага гвалту”. Відавочна, чырвоныя фарбы падкрэсліваюць драматычны, напружаны падтэкст “Новай зямлі”.

Што датычыць псіхалагічнага абгрунтавання такога колеравыбару, то, у адпаведнасци з тэстам вядомага швейцарскага вучонага М. Люшэра, для людзей, якія аддаюць перавагу чырвонаму, уласцівы сіла волі, імкненне да барацьбы, перамогі, лідэрства, агрэсіўнасць, аўтаномнасць, энергетычнасць.

Варта адзначыць, што паводле псіхалагічных вопытаў, якія шырока праводзяцца з XIX ст., чырвоны колер – не тыпова прыярытэтны. Цікавыя дадзеныя па пераважным выбары колераў


мужчынамі і жанчынамі даюць доследы англійскага вучонага У. Уінча (заўважым, што ў падобных доследах, акрамя тэста М. Люшэра, колер звычайна не дэманструецца, а называецца, гэта значыць, высвятляюцца адносіны да “ідэі колеру”, як і ў літаратурным творы):
Мужчыны Жанчыны

зялёны сіні

сіні зялёны

чырвоны белы

белы чырвоны

жоўты жоўты

чорны чорны
Медыкі лічаць, што чырвоны колер— цёплы і раздражняльны, ён
стымулюе мозг, эфектыўны для лячэння меланхоліі. Лагічна дапусціць, што прыярытэтны выбар чырвонага колеру адпавядаў унутранаму псіхалагічнаму стану Якуба Коласа — актыўнаму і дзейснаму.

Ружовы колер называецца ў паэме 5 разоў. Гэты колер уяўляе з сябе спалучэнне чырвонага і белага і, па Гётэ, абазначае прывабнасць, пекнату, чароўнасць.


Агонь” (аранжавы), жоўты, залаты колер

Блізкі да чырвонага колеравы код “агонь”, які ўяўляе сабой спалучэнне чырвонага і жоўтага : “счырван-жоўты блеск” агоньчыка” (1; 51).Гэты колер, які Гётэ называў магутным і найцудоўным, выклікае адчуванне цяпла і “пачуццё асалоды”.
Колеравы код агню сустракаецца ў “Новай зямлі” часта, 34 разы, і ў гэтым бачыцца народная, паганская традыцыя.

Нездарма жоўты і чырвоны — колеры мары Міхала пра сваю хату:



А гэта хата вось якая:

Перш-наперш, выгляд добры мае;

Стаіць пры рэчцы ці крыніцы,

На ей дзве дымніцы-блізніцы

3 чырвонай цэглы і фарсісты.

У хаце ёсць пакойчык чысты,

А вокны светлы і панадны,

I броўны ў сценах вельмі ладны:

Шырокі, роўны, без прыточак,

I жоўценькі, як той жаўточак. (1; 147)

Думаецца, Якуб Колас выкарыстоўвае фарбы свядома, бо мара пра сваю хату — тое, што сагравае Міхала ў сцюдзёным зімовым лесе нават тады, калі змрочна і холадна на душы. Для ўзмацнення ўражання ад колеру паэт нават ужывае таўталагічнае параўнанне (прыём, які нярэдка сустракаецца ў паэме).

Медыкі лічаць, што колер агню (аранжавы) стымулюе адчуванні, павялічвае пульсацыю крыві, стварае адчуванне весялосці і дабрабыту, але стамляе.

Колеравы код золата сустракаецца ў “Новай зямлі” 29 разоў і таксама сведчыць пра схільнасць Якуба Коласа да актыўных колераў. Чыста жоўты колер называецца рэдка, 8 разоў. Паводле тэста М. Люшэра, “нелюбоў” да чыстага светла-жоўтага колеру сведчыць пра расчараванне, трывогу, песімізм. Жоўтае, па

сведчанні медыкаў, стымулюе дзейнасць мозгу.
Зялёны колер
Зялёны колер называецца ў “Новай зямлі” 23 разы. Па словах Гётэ, ён абазначае “рэальнае задавальненне”. Гэта колер, які ў хрысціянскай традыцыі сімвалізуе надзею на несмяротнасць душы, а ў фальклоры — надзею ўвогуле (па асацыятыўнай сувязі — маладосць, рост). Псіхолагі лічаць, што зялёнае суцішае боль, гіпнатызуе, супакойвае, зніжае крывяны ціск, дапамагае пры бяссонніцы, нервовай раздражнёнасці. У адпаведнасці з тэстам М. Люшэра, значэнне гэтага колеру — канцэнтрычнасць, мэтанакіраванасць, цвёрдасць, сіла волі, эгацэнтрычнасць, катэгарычнасць. Відаць, ёсць заканамернасць, што ў раздзелах, напісаных у менскім астрозе, Якуб Колас найчасцей называе зялёны колер (16 разоў, у параўнанні з тым, што белы — 5 разоў, чырвоны — 6 разоў). У гэтым – прага псіхалагічнай устойлівасці, жаданне дзейнічаць настойліва і мэтанакіравана, нягледзячы на супраціўленне (паводле М. Люшэра). Імкненне да псіхалагічнай раўнавагі пацвярджаецца вядомым выказваннем самога Якуба Коласа пра тое, што ў астрозе перад вачамі часта паўставалі малюнкі маленства, лесніковай пасады. Натуральна, гэтыя вобразныя бачанні былі “афарбаваны” пераважна ў зялёнае. Затое код актыўных колераў у “астрожных” раздзелах ужываецца значна радзей (чырвоны — 6, агонь — 11, золата — 7, жоўты — 2 разы).

Прыхільнасць Коласа да зялёнага колеру падкрэсліваецца і тым, што адпаведныя прыметнікі часта маюць памяншальна-ласкальныя суфіксы (“зелянюсенькія шаты”, “галоўкі зеляненькай” і г. д.). Колер спакою і раўнавагі быў жаданы і псіхалагічна неабходны для Якуба Коласа ў зняволенні.



Сіні колер
Сіні колер упамінаецца ў “Новай зямлі” 10 разоў, блакітны — 2. Сіні колер мае сімвалічнае значэнне смутку, холаду і разам з тым спакою. Па тэорыі Гётэ, гэта асноўны з пасіўных па эмацыянальным уздзеянні колераў, які выклікае пяшчотнае, але неспакойнае і тужлівае пачуццё. Ён “не наступае, а адыходзіць”. Сіняе асацыіруецца з цемрай, ценем. Па назіраннях медыкаў, сіні колер добра рыхтуе да болю, зніжае ціск, дапамагае пры бяссонніцы, а блакітны мае антысептычны эфект, здымае пачуццёвае напружанне, але прыгнятае і стамляе. У адпаведнасці з тэстам М. Люшэра, сіні колер абазначае пасіўнасць, патрэбу ў бесканфліктных адносінах, гетэраномнасць. “Нелюбоў” да сіняга сведчыць пра незадаволенасць сітуацыяй, раздражняльнасць, неспакой, імкненне схаваць сваю ранімасць.
Шэры колер
Шэры колер не адносіцца да прыярытэтных у “Новай зямлі” (8 разоў, сівы — 14 разоў). Паводле тэста М. Люшэра, гэты колер нейтральны, ён не мае стымулюючых тэндэнцый, гэта нібы раздзел паміж “кантрастуючымі зонамі”. Няўвага да шэрага абазначае спробу пазбегнуць канфліктаў і трывог, прыняць на сябе адказнасць за бліжніх.

Чорны колер
Чорны колер ужываецца Якубам Коласам ў “Новай зямлі” даволі часта, 18 разоў (колеравьі код “цемра, змрок” — 49 разоў). Гэта традыцыйны колер бяды, гора, цяжару. Чорны колер, паводле М. Люшэра, перадае ідэю небыцця, знікнення. Часты выбар чорнага сведчыць, паводле дадзеных псіхолагаў, пра наяўнасць канфлікту, перашкод, незадаволенасць нечым.

Большасць людзей інтуітыўна пазбягае гэтага колеру. Рэдка ўжываў чорныя фарбы ў сваіх паэмах Янка Купала. Што датычыць параўнальна частага ўжывання чорнага колеру Якубам Коласам, то гэта тлумачыцца па-першае, ідэйна-мастацкай устаноўкай паэмы “Новая зямля” (трагедыя лёсу, смерць Міхала), па-другое, гарманічным, роўным светаўспрыманнем паэта, які адзначае і светлае, і цёмнае аднолькава ахвотна.

Такім чынам, колеравая палітра “Новай зямлі” вельмі багатая і разнастайная, для яе ўласціва прапарцыянальнае выкарыстанне актыўных і пасіўных, светлых і цёмных колераў (“бліскучы каларыт”, па тэорыі Гётэ), што сведчыць пра гарманічны духоўны свет аўтара і яго герояў. Разам з тым прыярытэтны выбар колеру сведчыць пра актыўны, але трывожны псіхалагічны стан Якуба Коласа ў час напісання паэмы, прагу да псіхалагічнай устойлівасці ў час зняволення.


  1. Асаблівасці выкарыстання слоў са значэннем колера ў паэме “Сымон-музыка”

Якуб Колас мае выразную схільнасць да “чыстых” колераў, рэдка іх змешвае. Гэта поўнасцю адпавядае патрабаванням класічнай эстэтыкі аб прыгажосці чыстага колеру (Гегель, Кант, Гётэ). Больш таго, для колераўжывання Якуба Коласа характэрна падкрэсленае “нагнятанне” колеру, калі адзін і той жа код называецца побач некалькі разоў, што нават парушае прынцып разумнай дастатковасці, затое стварае моцнае ўражанне чыстага колеру і адпаведны настрой:


А сетка белая гусцее

I бліжай, бліжай снегам сее.

I вось над хатай, над гуменцам

Сняжынкі жвавыя гуляюць,

Садок і дворык засцілаюць

Бялюткім, чыстым палаценцам.

I тут у хаце не ўтрываеш:

Кажух на плечы накідаеш,

Бяжыш на двор, як той шалёны,

Крычыш, гукаеш здавалёны,

Зямлі не чуеш пад сабою

I ловіш белы пух рукою

І ўсюды чыста, бель такая,



Што проста вочы адбірае. (1; 153)

Падобная гіперфункцыя колеру ўласцівая для ўжывання ўсіх колеравых кодаў, нават рэдкі ружовы з 5-ці разоў двойчы ўжываецца побач (1; 211— 212, 215). Імкненне да частага паўтарэння колеравага коду, да моцнай зададзенасці “чыстага” колеру ўласціва як для “Новай зямлі”, так і для паэмы “Сымон-музыка”, у чым можна бачыць арганічную ўласцівасць творчай манеры Я. Коласа і яго асабовай псіхалагічнай арганізацыі.

Пры параўнанні колераабазначэння ў паэмах “Новая зямля” і “Сымон-музыка” можна вызначыць шэраг цікавых заканамернасцяў. Напрыклад, прыярытэтны выбар слоў са значэннем колеру ў паэмах значна адрозніваецца. Паводле тэста М. Люшэра, змены ў выбары колеру сведчаць аб “гнуткасці светапогляду”, пачуццёвым багацці і адсутнасці эмацыяныльнай рэгіднасці. Са звычайных, “бытавых” колераў у паэме “Сымон-музыка” яўная перавага аддаецца чорнаму і сіняму, што абсалютна неўласціва для “Новай зямлі”. Калі ўспомніць, што гэта колеры смутку і холаду, трывогі, то зразумела, што больш трагічны, песімістычны настрой паэмы “Сымон-музыка” ствараецца ў немалой ступені перавагай чорна-сіняга колеравага кода (для больш аптымістычнай па тоне “Новай зямлі” тыповы код “белае – чырвонае”). Паэма “Новая зямля “ — твор рэалістычны па характары паэтычнага светабачання. “Сымон- музыка” выразна рамантычны, у ім моцная ідэя разладу з рэчаіснасцю. Таму заканамерна, што ў “Новай зямлі” больш “рэальных” колераў, а ў паэме “Сымон-музыка” значна больш слоў са значэннем “бляск”, “агонь”, “золата”, “срэбра” (“Сымон-музыка” — адпаведна — 55, 46, 30 і 18 слоў, “Новая зямля” — 35,34, 29 і 7 слоў). Такія рамантычныя, умоўныя колераабазначэнні ствараюць таямнічы, загадкавы, магічны каларыт паэмы “Сымон-музыка”. Мацней выражана ў паэме “Сымон-музыка” тыповая для рамантыкаў апазіцыя “цёмны” — “светлы” (76 і 63 словы, у той час як у “Новай зямлі” адпаведна 49 і 29 слоў). Зялёны, белы, чырвоны колеры называюцца ў паэме “Сымон-музыка” значна радзей, чым у “Новай зямлі”. Рамантычная колеравая палітра паэмы “Сымон-музыка” – з блікаў, ззяння, няясных адценняў колеру; рэалістычныя колеры “Новай зямлі” – чыстыя, “бытавыя”, моцныя. Звяртае на сябе ўвагу і той факт, што ў меншай па аб’ёме амаль на 100 старонак паэме “Сымон-музыка” слоў са значэннем колеру нават больш, чым у паэме “Новая зямля”. Відавочна, тлумачыцца гэта тым, што ў “Новай зямлі” з яе “культам пачуццёвых радасцяў жыцця”( ежа, выпіўка і г.д.) больш слоў са значэннем паху, гуку, гэта значыць, пачуццёва-эмацыянальная гама больш багатая і ствараецца не толькі пры дапамозе колераабазначэнняў.


Заключэнне

Выбар паэтам прыярытэтных колераў — надзвычай складаны творчы акт, у якім маюць значэнне наступныя, усвядомленыя і падсвядомыя, фактары:



  • уласцівыя беларускаму менталітэту спадчынныя гістарычныя колеравыя сімвалы;

  • задума, змест і ідэя твора;

  • адметнасць паэтычнага светабачання мастака, яго эстэтычныя густы і схільнасці;

  • псіхалагічны і нават фізічны стан аўтара;

  • канкрэтная жыццёвая сітуацыя, у якой пісаўся твор.

Улік гэтых фактараў у сукупнасці і параўнанне колераабазначэння ў “Новай зямлі” і ў паэме “Сымон- музыка” даюць магчымасць зрабіць некаторыя вывады аб спецыфіцы рэалістычнага і рамантычнага светаўспрымання, аб унутраным душэўным стане аўтара і ідэйна-мастацкай гармоніі коласаўскіх паэм.

Характар колераабазначэнняў у паэмах “Новая зямля” і “Сымон-музыка” дае магчымасць гаварыць пра псіхалагічную мабільнасць таленту Якуба Коласа, разнастайнасць яго эмацыянальнага жыцця і разам з тым пра тое, што ў час напісання канчатковага варыянту “Сымона-музыкі” псіхалагічны стан паэта характарызаваўся большым узроўнем трывожнасці і песімізму.

Такім чынам, пацвярджаецца гіпотэза: выбар творцам пэўных слоў са значэннем колера залежыць ад жыццёвых абставін і псіхалагічнага стану.

Багацце, сімвалічная насычанасць, псіхалагічная абгрунтаванасць колеравай гамы паэм “Новая зямля” і “Сымон-музыка” і яе ўнутраная глыбокая адпаведнасць ідэйна-мастацкай задачы аўтара і характару светабачання (рэалістычнаму або рамантычнаму) робяць паэмы Якуба Коласа высокаэстэтычнымі тварэннямі мастацкай думкі, якія годна ўпісваюцца ў агульнасусветную культуру.



Дадзеная работа можа быць выкарыстана на ўроках беларускай літаратуры, на факультатыўных занятках, у пазаўрочнай дзейнасці.

Літаратура:

  1. Якуб Колас. Збор твораў у 14-ці тамах. — Мн., 1974 г. Т. 6.

  2. Арнхейм Р. Искусство и визуальное восприятие. — М.,

1974.

  1. Беларуская міфалогія: Энцыклапед. слоўн./ С. Санько, Т. Валодзіна, У. Васілевіч і інш. – Мн.: Беларусь, 2004.

  2. Гёте И.-В. Об искусстве.— М., 1975.

  3. Дерибере М. Цвет в деятельности человека. — М., 1964.

  4. Зайцев А. Наука о цвете и живописи. — М., 1986.

  5. Кант И. Критика способности суждения. Соч. в 6-ти т.— М.,— Т. 5.— 1966.

  6. Лихтенштадт В. О Гёте.— Пг., 1920.

  7. Luscher М. The Luscher Color Test.— London, 1970.

  8. Пшыркоў Ю. С. Летапісец свайго народа: Жыццёвы і творчы шлях Якуба Коласа. – Мн.: Навука і тэхніка, 1982

  9. Цойгнер Г. Учение о цвете.— М., 1971.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка