Міжнародны дзень роднай мовы




Дата канвертавання03.09.2018
Памер25.16 Kb.
Міжнародны дзень роднай мовы

21 лютага ўвесь свет адзначае свята – Міжнародны дзень роднай мовы. У нашай школе таксама прайшлі мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце.

У класах былі праведзены ўрокі беларускай мовы, прысвечаныя Дню роднай мовы.

Была арганізавана выстава міні-газет “Багата, родная ты мова!”

У класах была зроблена міні-выстава малюнкаў “Беларуская мова ўнікальная”.
Вучні 9 класа пад кіраўніцтвам настаўніка беларускай мовы і літаратуры Іваненка Н.У. выпусцілі агітацыйную лістоўку “Размаўляй са мной па-беларуску”.

21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён быў абвешчаны ЮНЕСКА. З прапановай увесці такі дзень выступіў Бангладэш, дзе 21 лютага 1957 года, адстойваючы права вучыцца на роднай мове, загінулі пяць студэнтаў. Трэба адзначыць, што сярод 25 суаўтараў рэзалюцыі ЮНЕСКА аб гэтым свяце была і Беларусь.

Сёння у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны Дзень роднай мовы.

Гэта свята – нагода для носьбітаў любой мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.

Няхай сёння родная мова моцная, распаўсюджаная, абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, гатовых знікнуць, сярод якіх, на жаль, знаходзіцца і наша мова.

Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі яна ледзь не знікла. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых моў свету.

У “Атласе моў, што знаходзяцца пад пагрозай знікнення”, складзеным па ініцыятыве ЮНЕСКА, жыццяздольнасць беларускай мовы ў Беларусі абазначаецца тэрмінам vulnerable – “слабая, у небяспецы”. Апошняя версія атласа змяшчае каля 2500 моў.

Будзь жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Размаўляй па-беларуску, бо заўтра наша мова табе, тваім дзецям і ўнукам стане неабходнай. І не саромейся недасканалай гаворкі. Мова – жывая існасць, якая жыве там, дзе ёсць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на «трасянцы», а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове. А дзеля пачатку дастаткова зусім мала – проста паспрабаваць адзіны дзень у год, напрыклад, 21 лютага, з калегамі, сябрамі, роднымі, размаўляць па-беларуску.

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму – на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае - гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць – калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны – гэта родная мова”. Змітрок Бядуля

Сёння беларуская мова – мова культуры, інтэлігенцыі, а таксама мова для кожнага беларуса на ўсе выпадкі жыцця!



Размаўляць па-беларуску – гэта сучасна,

годна і модна!


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка