МIКАЛАЙ МАТУКОЎСКI
Беларускi драматург, журналiст Miкaлай Ягоравiч Матукоўскi нарадзiўся 12.9. 1929 г. у в. Калюцiна Расонскага раёна.Бацька - Ягор Miкaлaeвiч - з пачатку калектывiзацыi працаваў намеснiкам старшынi калгаса iмя Блюхера. У 1933 г. у вынiку паклёпу быў асуджаны i высланы ў Мурманскую вобласць, дзе i памёр. Рэабiлiтаваны ў 1963 г. Мацi, сястра i два браты таксама працавалi ў калгасе. У 1935 г. сям'я пераехала ў в. Лобава Расонскага раёна. Напярададнi вайны М. Матукоўскi скончыў 4 класы школы ў в. Матылёва. З пачатку вайны браты i сястра ваявалi на фронце. У лiстападзе 1943 г. разам з партызанамi Матукоўскi выйшаў з акупiраванай тэрыторыi ў тыл праз “вароты”, зробленыя савецкiмi войскамi ў раёне Невеля. Да вызвалення Расоншчыны жыў у г. Заходняя Дзвiна, працаваў на мясцовай МТС. У 1945 г. паехаў да брата ў г. Кiшынёў, вучыўся ў сямiгодцы, праз 2 гады вярнуўся ў в. Лобава, у 1950 г. скончыў Тродавiцкую сяраднюю школу, пасля чаго працаваў некаторы час загадчыкам аддзела кадраў i аргработы Расонскага РК ЛКСМБ. У 1950-52 гг. Матукоўскi - супрацоўнiк рэдакцыi газеты “Сацыялiстычная праца», у 1952 г.прапагандыст Расонскага райкома партыi. У 1956 г. скончыў аддзяленне журналiстыкi фiлфака БДУ. Працаваў у рэдакцыi газеты “3вязда”, з 1960 г. на Беларускiм радыё, з 1964 г, галоўны радактар рэпертуарна-рэдакцыйнай кaлeгii Miнiстэрства культуры БССР, з 1966 г. уласны карэспандэнт, з 1970 г. загадчык Беларускага аддзялення газеты “Известия”, з 1993 г, аглядальнiк газеты “Рэспублiка”.
М.Я.Матукоўскi.
Друкуецца з 1950 г. Першая п'еса - камедыя вадэвiльнага плана “Мужчына, будзь мужчынам!” (напiсана ў 1965 г., пастаўлена Беларускiм рэспублiканскiм тэатрам юнага гледача ў 1966 г.). Драмы “Тры днi i тры ночы” (напiсана ў 1966 г., пастаўлена Магiлёўскiм абласным драмтэатрам у 1967 г.), “Апошняя iнстанцыя” (надрукавана ў 1975 г.; пастаўлена Дзяржаўным рускiм драмтэатрам Беларусi ў 1974 г.), “Наследны прынц» (надрукавана ў 1976 г., пастаўлена Брэсцкiм рускiм драмтэатрам Беларусi ў 1976 г. пад назвай “Наследнiк”), “Паядынак» (надрукавана ў 1985 г., пастаўлена Беларускiм тэатрам iмя Я. Коласа ў 1984 г.). Вядомасць атрымалi сатырычныя камедыi “Амнiстыя” (надрукавана ў 1971 г., пастаўлена Беларускiм тэатрам iмя Я. Купалы ў 1970 г., зняты аднайменны кiнафiльм у 1982 г.) i “Мудрамер» (напiсана ў 1986 г., пастаўлена Беларускiм тэатрам iмя Я. Купалы ў 1987 г.). П'есы М. Матукоўскага вылучаюцца дынамiчнасцю i займальнасцю сюжэта, праўдзiвасцю i глыбiнёй пранiкнення ў чалавечыя характары, у ix раскрываюцца надзённыя маральна-этычныя праблемы, асуджаюцца праявы бюракратызму, безадказнасцi, абыякавасцi, даследуюцца пытаннi выхавання моладзi, узаемаадносiн людзей у сям'i i на працы. Па сцэнарыях М. Матукоўскага пастаўлены дакументальныя фiльмы “Мiнск - горад-герой» (1974), “Iмгненне перамогi» (1975), мастацкiя фiльмы “Сын старшынi, “Траянскi конь» (1980).
Заслужаны работнiк культуры Рэспублiкi Беларусь. Член праўленняў Саюза пiсьменнiкаў i Саюза журналiстаў Белаpyci, вiцэ-прэзiдэнт Беларускага таварыства дружбы i культурных сувязей з замежнымi краiнамi. У 1957, 1962, 1979 гг. узнагароджаны Ганаровымi граматамi Вярхоўнага Савета БССР, у 1986 г.- ордэнам Дружбы народаў.
Л. С. Caвiк. |