Мікола Мікалаевіч Арочка




Дата канвертавання23.01.2018
Памер337.83 Kb.




Мікола Мікалаевіч Арочка супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Я.Купалы АН БССР, доктар філалагічных навук, паэт.

Нарадзіўся на Слонімшчыне, скончыў Азярніцкую СШ, філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсігэта. Працаваў у часопісе «Сельская гаспадарка Бела­русі»і, газеце «Літаратура і мастацтва». У 1966г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я. Купалы АН БССР і застаўся на працы ў гэтым інстытуце. Аўтар дзесяці паэтычных кніг («Не ўсе лугі пакошаны», «Ветраломная паласа», «Крылатае семя», «Кветкі бяссмертніка», «Матчына жыта», «Колас на ржышчы», «Курганне. Крэва», «Падземныя замкі» і інш.), а таксама крытыка-літаратуразнаўчых прац («Валянцін Таўлай», «Галоўная служба паэзіі», «Беларуская савецкая паэма», «Саюз часу і майстэрства», «Максім Танк», «Поэ­зия и война»), многіх раздзелаў «Гісторыі беларускай літаратуры», выдадзенай на бе­ларускай і рускай мовах.

АБАРОНЦА ПРАЎДЫ I КРАСЫ



АДЗІН ДЗЕНЬ 3 УЛАДЗІМІРАМ ДУБОЎКАМ

эсэ
Паэзія Уладзіміра Дубоўкі для мяне неадлучная ад хвалюючага ўспаміну пра той лютаўскі дзень 1976 г., які з ранку да цямна выпала правесці ў размове з вядомым паэтам, старэйшынам нашай літаратуры, за сталом яго маскоўскай кватэры ў Новых Чаромушках. Праз той дзень мне бачыцца ярка высвечаная постаць Дубоўкі. А ўспамін шчымліва-балючы: ці мог думаць я ў тую часіну сустрэчы, што ў запасе гэтага неўтаймаванага жыццялюба засталося ўсяго некалькі тыдняў жыцця? I з Беларусі ці я не апошні наведаўся да яго?

Памятаю, як ледзь пераадолеў сваю нерашучасць — пазваніў Уладзіміру Мікалаевічу і папрасіў дазволу на адведзіны. Я ведаў, што на такія аўдыенцыі ён у апошні час згаджаўся неахвотна («Мы людзі старыя... Самі разумееце... Але калі ўжо такая патрэба...»). У Маскве я быў тады праездам: як навуковец ехаў у Казань на святочныя мерапрыемствы з выпадку 70-годдзя Мусы Джаліля. У Казані аселі некаторыя з былых рэпрэсіраваных, блізкіх таварышаў Уладзі­міра Мікалаевіча па катаржанскіх шляхах. I паэту, як я потым зразумеў, карцела дазнацца: можа, там што чуў пра іх? Цяпер з нялёгкім уздыхам прыгадвяю тую заснежаную сцяжыну паміж дамоў у Чаромушках, па якой Уладзімір Мікалаевіч некалькі разоў на тыдні хадзіў у аптэку па лекавыя кроплі для вачэй сваёй жыццёвай сяброўкі, паплечніцы ўсіх нягод Марылі Пятроўны. Вось жа і тады, перад маім прыходам, гаспадар на часінку адлучыўся, кіруючы ў аптэку, і наклікаў немалую трывогу сваей затрымкай: пад'ехаў, аказваецца, аўтобусам у аптэ­ку цэнтральную, трохі далей, абы набыць там мікстуру больш свежую. Пом­ню, як Марыля Пятроўна, прыціснуўшыся да сцяны, выглядала наўскос, з кухоннага акна, ці не з'явіцца ў далёкай прасветліне паміж двух дамоў родная постаць. Трывога была невыпадковай, нядобра прадвяшчальнай. На тым жа зваротным слізготным шляху праз некалькі тыдняў, несучы лекі, гаспадар спатыкнуўся і з трэшчынай у бядры трапіў у бальніцу... Праз колькі віхураў і лютых нягод ён прайшоў, з рачных ільдзінаў зрываўся, на павале пад таежнымі соснамі падаў, ды ўтрымаўся, выстаяў, а тут...

Уладзімір Дубоўка быў са мной у той дзень шчыра-адкрыты, спавядальны. Проста не верыцца, калі яго таварышы сёння прыгадваюць, якім асцярожным, недаверлівым, прыгнечаным ад загнанага ў нутро постраху быў ён у свае астатнія гады; на сваім 70-годдзі за сталом рэзка перапыняў тосты і ўслаўленні на свой адрас, а схіляў адрасацыю пахвальных прамоў у бок высокіх улад. Ці не таіўся ў такой пераадрасацыі гаркамысны сэнс?

Я ж магу засведчыць зусім іншае: незвычайную паўнату даверу, без ніякага насцярожанага прамежку ці за­слоны, куды б наш шаноўны старэйшына не дазваляў ступіць ці вокам цікаўным зазірнуць. Можа, гэта ад прадчування ўласнай блізкай трагедыі? Той дзень быў, нібы нейкі падрахунак. Перагляд па памяці розных жыццёвых і творчых гісторый, спрэчак, віхурных пакутных дарог, воблікаў блізкіх сяброў, тыповых рэалій часу — усяго, што так ці іначай падсвечвала самабытную натуру паэта, вяршынныя ўзлёты яго творчага духу.

Шчыра кажучы, гаворка кружыла найболей вакол яго праніклівай лірыкі і паэм 20-х гг., асабліва тых твораў, што былі напісаны паўвека назад, ва «ўзвышанскі» перыяд яго творчасці, гвалтоўна абарванай улетку 1930 г. Перапыненай сталінскімі рэпрэсіямі на 28 гадоў! Падсечаны быў пад корань буйны нацыянальны талент, што ўвабраўся ў самую спелую сілу, уступіў у свой зорны час.

Таленту Дубоўкі, здаецца, аднолькава паслухмяныя былі задушэўна-прачулая лірыка і напружана-драматычны паэмны эпас. У свае паэмы («Кругі», «I пурпуровых ветразяў узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!») паэт уклаў столькі наватарскіх шуканняў, адзнак буйной эпічнай натуры, асабістага лёсу на крутых рубяжах часу, што, па маім перакананні, гэты этап у развіцці нашага паэтычнага эпасу з поўным правам можна назваць «дубоўкаўскім ».

Прыроду мастацкага таленту немагчыма да канца вытлумачыць. Гэта, як кажуць, боскі дар. Трэба мець прыроджанае лірычнае светаадчуванне, каб так, як Дубоўка, усцешана і пяшчотна захапляцца красой прыроды, усім прыгожым у свеце. Сумаваць па страце адабранай красы. Перажываць ро­стань з ёю.

Уладзімір Мікалаевіч сядзеў злева за круглым сталом, амаль упрытык са мной, грузна паварочваўся, калі нешта нечаканае прыгадваў, углядаўся ў мяне ўнутраным, праймальным зрокам. I я дзівіўся: якія ж у белабародага мудраца-чарадзейніка блакітна-ясныя вочы! Анічуць не выцвілыя, з юначай просінню, яны ўражвалі нейкай строгай і цёплай лагодай, той прыязнай цікаўнасцю, што пабуджае на давер. Чамусьці падумалася, што вочы паэта таму не страцілі колеру глыбокага, прамыта-вясенняга неба ці спаважнай азёрнай чысціні, што ў іх заўсёды люстраваліся ідэалы хараства. Усюды, у любой акаляючай рэчаіснасці, у суровых выпрабаваннях яго паплечніцай была краса.

Залатая асенняя раніца!

Хараством ты на свеце адна.

Сонца ў пушчы глыбокай купаецца

I ніяк не дастане да дна.

Залатая, асенняя раніца...

Радкі гэтыя з ранняга верша, напісанага ў 1922 г., калі ў спазнанні са­мой сутнасці жыцця, яго глыбінь, яго красы сапраўды яшчэ не бачна было дна. Вілейшчына, азёрная Мядзельшчына, наваколлі Нарачы і Мястра ўвайшлі сваім хараством у душу з самага маленства, з пастуховых год, з часоў пачатковай вучобы. Адсюль адзін з самых прачулых вытокаў дубоўкаўскага лірызму. Паэт, які спазнаў шмат на вяку, пра гэта кажа: «Хараство беларускай прыроды, нашых краявідаў, каляровая паўтоннасць усё гэ­та ізноў-такі на ўсё жыццё засталося ў сэрцы... Прыгожая, дарэчы, і далёкаўсходняя тайга, у якой мне давялося пабыць нямала... Тым не менш, супроць беларускае пушчы яна бяднейшая, бяднейшая нават праз сваю маўклівасць. Нашы пушчы, лясы звіняць ад птушыных спеваў, а там тайга маўчыць. Дзе-нідзе стукне дзяцел, каўзане «папаўзень», падасць свой голас удод — і ўсё...» («Пяцьдзесят чатыры дарогі»).

Паэт упершыню спазнаў ростань з родным светам прыроды і людзей, пагнаны на ўсход імперыялістычнай вайной, як і многія тысячы бежанцаў. У 1918 г. пашчасціла паступіць на гісторыка-філалагічны факультэт Маскоўскага ўніверсігэта, ды прыйшлося, на жаль, неўзабаве пакінуць вучобу і пайсці настаўнічаць на Тулышчыну, каб ратаваць ад голаду бацькоў. Ростань з роднай зямлёй, з магчымасцямі вучобы ішла ў пары з непазбежным сумам, ад якога не проста адхіснуцца. Але тужлівасць ростані — гэта і ўзбуджальнік лірыкі. Мы бачым, як малады паэт настойліва спрабуе адпрэчыць наплывы сумотнасці:

Не жальбую пра мінулы час я,

адкаснецца ад мяне сумота.

Пашукаю і знайду акрасу,

што да новых прывядзе узлётаў.

Не жальбую пра мінулы час я...

Аўтар не дазваляе страту — што бы­ла б найгоршай — першароднасці адчування красы. У любых умовах яна ёсць, яе трэба адшукаць. Без гэтага быў бы немажлівы ўзыход духоўнасці, немажліва нараджэнне самой паэзіі. Але што зробіш, калі нахлынае ўсё ж, супроць жадання і волі, «асенні на­строй» : «А верасень сэрца калечыць пальцамі жоўтых кляновых лістоў» («Асенні настрой», 1923)

Роздумны сум па дарагім не здымаў прыроджанай напорыстасці самой на­туры маладога Дубоўкі. Тут варта прыгадаць дзеля абазначэння новай танальнасці палемічны ранні верш «Ты мне гаворыш», які сваім настроем сугучны і з нашым часам:



Годзе і годзе, таварыш пакорны!

Так жа было, але гэтак не будзе!

Нас недарэмна малолі ў жорнах,

3 кожнай пакруткай мацнелі ўсё людзі.

Выдзьме ўвесь попел, як ворага,вецер,

Выжане рабскую кроў і пакору.

Зойме айчына пасад свой на свеце,

Заўтране будзе падобна на ўчора.

Тут — гордая пастава з прыкметнай вывучкай у Купалы, нібыта водгалас яго высакароднай размовы з «ворагамі Беларушчыны». Гэту публіцыстычную, па-мастацку аснашчаную і ўдарную танальнасць нельга было б недаацаніць у паэзіі Дубоўкі, бо менавіта яна ў арганічным паяднанні з лірыкай паэта паспрыяла яму стаць аўтарам такога шэдэўра, як верш «О Бе­ларусь, мая ш ы п ш ы н а» (1925):



О Беларусь, мая шыпшына,

зялёны ліст, чырвоны цвет!

У ветры дзікім не загінеш,

чарнобыллем не зарасцеш.

Пялёсткамі тваімі стану,

на дзіды сэрца накалю.

Тваіх вачэй, пад колер сталі,

праменне яснае люблю.

Наша крытыка ўжо адзначала, што ў вобразе Беларусі-шыпшыны з яе зялёным лістам, чырвоным цветам паэтам быў прадугаданы наш сучасны нацыянальны сцяг. Магчыма, і так. Хоць сёння ўжо трывожна і няўцешна прачытваюцца, выступаючы на першы план, два наступныя радкі — пра дзікі вецер ды пра «чарнобыль». Яны балюча асацыіруюцца з Чарнобылем, што пішацца з вялікай літары. У гэтых радках ужо тады, калі яны нараджаліся, ці не таілася прадвесце нашай грамаднай нацыянальнай бяды, нашай трагедыі, самай вялікай пасля Вялікай Айчыннай вайны? Паэт верыць у жывучыя сілы роднай зямлі, што апынулася пад дзікімі вятрамі нейкага чарнобыльскага наслання. Каб прадухіліць бяду, аўтар уздымаецца да рамантычнага парывання — і нам робіцца балюча за скрываўленае сэрца, наколатае на дзіды Беларусі-шыпшыны. Хоць, зрэшты, та­кая рамантыка павярнулася для аўтара цяжкой рэальнасцю, якая вырвала з яго жыцця дваццаць восем гадоў!

Цікава, што вобраз «чарнобылля» і крывавай дзіды не адпускае творчае ўяўленне паэта. Ён не без гаркоты піша пра час, які ўжо качае яго ў тым вусцішным «чарнобыллі». Той час няўцешны ўжо таму, што, паводле слоў паэта, на дзіды «ці сэрца ці дух мой узбілі». Хацеў у рамантычным пары-ванні сам, ды вось ужо апярэдзілі — узбілі! I гэта гаворыцца ў 1925 г., калі так шырока разгарнулася беларусізацыя ў нашым родным краі. Нешта ж моцна пярэчыла свабодалюбнаму духу Дубоўкі, калі ён сябе і свой пратэст мужна ўпісаў у радкі: «Не хоча Уладзімір Дубоўка спяваць пад зазубраны лёскат». Паэт ведае, чым рызыкуе, робячы гэты выклік: «Загіну няхай і загіну, мне гімнамі будуць завеі». Зноў-такі — якія вешчыя радкі! Або ў вершы «Паляжам мы» — тое ж дакладнае веданне наперад:

Паляжам мы, і вецер нашы косці паточыць,

пылам над лясамі разнясе.

А ўсё ж такі мы шукаем прыгажосці,

штодзённа кленчым мы сваей красе.

Далейшыя радкі верша здзіўляюць той жа далека не рамантычнай няўступнасцю ў прадраканні: «Загіну з гукамі у тумане сінім, а не схілю ні галаву, ні скроні». Аднак мяне не менш дзівіць, што на гэтым грамадзянска-публіцыстычным вітку, здавалася б, досыць змрочных прадчуванняў паэт з відавоку не выпускае мэту служэння — пошукі красы, абарону хараства, што дорыць родная зямля — прыродзе і людзям. Няцяжка заўважыць, што да паняцця хараства Уладзімір Дубоўка падыходзіў, як і да ўсяго ў жыцці, філасафічна і мудра. Паняцце гэтае жыло ў свядомасці паэта як спрадвечная непатольная прага гармоніі. Мала — красой захапляцца, яе трэба па-грамадзянску мужна і творча сцвярджаць, трэба няўступна і зацята змагацца за яе. Паэт ужо ў 20-я г. быў унутрана падрыхтаваны да такой барацьбы за яе, што на грані ахвярнасці. Многія радкі кранаюць непрыхаваным драматызмам: «Нашто ўкарочваць спатканні з красой...» («Ці снег, ці завея»).

Краса паэта была гордай красой. Гордая краса — гэта дубоўкаўскі эпітэт. Яна паказвае на вядучую асаблівасць светабачання паэта. Эстэтычнага сцвярджэння варта толькі тое, што сапраўды прыгожа, з-за чаго варта ахвяраваць нават уласным жыццём: «Жыццё аддам я хараству...», «Вядзі мяне, як і вяло ты, сэрца». За такімі словамі стаяла цэлая праграма грамадзянскага і эстэтычнага служэння, актыўнага дзеяння, пацверджаных асабістым лёсам.

Вось сведчанне вялікага жыццялюба, напісанае ў 1966 г.,— з удумным позіркам на пройдзеныя шляхі самых пакутных выпрабаванняў. Можна здагадвацца, менавіта якая прыроджаная якасць і якую ролю спрыяльна сыгра­ла ў тым пакручастым лесе, што



Вадзіў праз горныя хрыбты,

цераз Байкал і за Байкалам.

А хараства, а пекнаты

аж цераз самы край бывала.

Жыві хоць лішніх сто гадоў

красу праславіць немагчыма.

Патрэбна сотня мастакоў,

ды усе каб з яснымі вачыма.

Нам некалі са смуткам знацца

Ясныя вочы — гэта вялікі прыродны дар паэта, які з першых да апошніх дзён захаваў бязмежную ўлюбёнасць у прыгожы свет лавека, у свет ачышчальнай працы, у свет прыроды. Гэтая якасць натуры паэта ратавала яго ў нягодах, гартавала супроцьстаянне яго духу. Паэт шчыра кажа: «Дзе б я ні быў, на якой бы працы ні стаяў, я ўсюды знаходзіў шмат прыгожага, шмат цікавага, сустракаў вельмі доб­рых людзей». Гэта быў сапраўдны дар — у самых змрочных акалічнасцях, за калючымі дратамі «лагпунктаў» душою не згаснуць, да канца не азмрочыцца, ні на хвілю роспачна не захмарыць блакіту вачэй. Усё творчае жыццё паэта аказалася як бы ў залатой «апаясцы» красы, той высокай красы, што з'яўляецца сінонімам духоўнасці чалавека.

Можна запярэчыць, што ў сістэме поглядаў У. Дубоўкі, апрача эстэтычнага, было і паняцце ўтылітарнага. Так. Аднак гэтыя паняцці мелі тую асаблівасць, што, бадай, ніколі ў яго творчасці не існавалі паасобку. Праўда, свядома падвышаўся кошт эстэтычнага. Нават буйны маладнякоўскі за­пал ужо крытычна правяраўся на першым парозе сталасці: «Хоць і добра быў вышыты шляк для будзённага ўсе ж ткі адзення». Інакш: творы маладнякоўцаў выконвалі ўсё ж будзённа-ўтылітарную службу. Невыпадкова ж гэтыя палемічныя, установачныя радкі сталі запеўнымі ў адной з лепшых дубоўкаўскіх паэм «Кругі». Новая канцэпцыя, вядома, не азначала, што паэт вырашыў «будзённае» адзенне цалкам змяніць на святочнае. Будзённае адмаўлялася ў значэнні голай публіцыстычнай дэкларатыўнасці, агульнай закліковасці, якая ў вяршынных паэмах Дубоўкі стала аб'ектам асмяяння — у размове аб надзвычай актуальнай праблеме духоўнасці, што стукалася ў дзверы мастацтва і новага грамадства.

Аднак ці не несла вострая палемічнасць гэтых паэм, іх прыкаванасць да надзённасці таксама пэўны адбітак утылітарных патрэб? Не зусім так. У сваім спасціжэнні складаных з'яў на балючым зрэзе часу паэт усё ж заставаўся сапраўдным мастаком, натхнёным прапаведнікам ідэалаў хараства. Крэда мастака:

Гартуйце рады



і гартуйце вы дух свой упарты!

Не зракаючыся хараства...

Кругі

Паэт адкрываў перад сабою свет не толькі стазвонны, шматгалосы, шматфарбны, але і шматмерна-іншасказальны ў праявах той жа красы. Вось характэрнае пераасэнсаванне марознага ўзорнага роспісу на шыбах («Кру­гі»). Дзівосныя малюнкі разглядаюцца вачыма казачнага персанажа Цікаўнага, з-за постаці якога пазіраюць удумныя вочы самога паэта:



Дзяўчаты слуцкія тады,

ды ўсе дзяўчаты у краіне,

узораў дзіўныя рады

кладуць на белыя тканіны,
на ручнікі, на паясы,

на дарунковыя кашулі,

каб не зракаліся красы,

да самай глыбіні адчулі...
Узоры знак даюць людзям,

што згіне сцюжа ўсё ж на свеце...
Праз прыгожае іншасказанне тут зноў прагучаў наказ: «каб не зракалі­ся красы!». Падтэкст разумеўся шыро­ка — як клопат аб усечалавечай «незасцюжанай» будучыні.

Уся істота паэта поўнілася дзівоснай музыкай. Музыка рэвалюцыі, якую ўзрушана пачуў яшчэ Блок, разлілася ў той час па кантынентах многіх літаратур, запаланіла характар светаадчування многіх буйных паэтаў. Гэтай музыкай былі пранізаны грымотна-трыбунны, басавіты голас вершаў і паэм Маякоўскага, і музычна-срэбныя празрыстыя пералівы «Сонечных кларнетаў» Тычыны, і раскавана-нястрымнае шэсце новых рытмаў у «Босых на вогнішчы» Чарота, і невыказна пяшчотны розгалас «Безназоўнага» Ку­палы.

У адным з артыкулаў пра Дубоўку таленавіты, шырока дасведчаны крытык Адам Бабарэка цытуе словы Ты­чыны, які пісаў, што сацыялізм без музыкі ніякімі гарматамі не ўстанавіць. Тут музыка выступае своеасаблівым сінонімам духоўнасці — гэтак жа, як і краса ў Дубоўкі. Дубоўка таксама жыў гэтым усвядомленым светаадчуваннем. Ён увесь быў заслуханы ў разводдзе новых рытмаў жыцця. Музыку, па яго ж прызнанні, ён «піў нагбом». Некаторыя з ранніх паэм ён невыпадкова называў «мелодыямі» («Наля»), а крытыкі — «дзеяпеснямі» (вызначэнне А. Бабарэкі). Тонкім слыхам паэт чуў, як многія сусветна вядомыя творы «барвуюцца пералівамі беларускіх народных крыніц. Гэта было ў вышэйшай меры павучальна для станаўлення нацыянальнага мастацтва:
Творцаў даўніх музыка

пульсацый

паўстае,

праносіцца,

чаруе.

Кругі


* * *

За бяседным і гасцінным сталом Уладзіміра Мікалаевіча зайшла размова — на многія гадзіны! — і яшчэ пра адзін вялікі і мудры свет красы — пра народную творчасць. Успомніліся словы паэта: «Замілаванне да народнай творчасці было ў мяне ад малых гадоў і ідзе са мной усе жыццё. Яе нельга не любіць» («Пяцьдзесят чатыры дарогі»). I гаспадар дастаў з кніжнай паліцы толькі што выдадзеную тады кнігу апрацаваных і асабіста складзеных казак «Залатыя зярняты».

Сёння я чытаю зычлівы аўтограф падпісанай мне кнігі і міжволі пера-воджу позірк на памятную дату: «10/02.76». Углядаюся ў кнігу казак, як у кащтоўную скарбонку з залатымі рэчамі і дарагімі камянямі ў ювелірнай апрацоўцы. На вокладцы: чатыры пеўні — на чатыры кірункі свету. Пра што вы гарланіце, залатога ціснення певуны? У разгалосым крыку — ці то боль па нечуванай страце гаспадара, які вам не падсыпле больш залатых зярнят мудрасці? Ці то вестка — ва ўсе бакі свету — пра багацці творчага набытку, дбайна пералітага паэтам з россыпаў народных скарбаў?

Але ці толькі пад вокладкай гэтай тоіцца залаты россып творча выкарыстанай народнай мудрасці? Адгарніце вокладкі ўсіх Дубоўкавых кніг — і вы ўбачыце там, нібы пад векам каштоўных скарбонак, незлічоныя буйныя крупінкі і зліткі народнай казачна-прытчавай мудрас­ці, перакладзенай рукой майстра на мову паэзіі.

Вялікі і нястомны шукальнік но­вых шляхоў і сродкаў абнаўлення па­эзіі, У.Дубоўка смела і падчас рызыкоўна пачаў уводзіць у задумы і кантэкст сваіх буйных паэтычных твораў казачны эпас. Я выказаў здагадку: ці не абышлося тут без уплыву і твор­чага наказу Максіма Багдановіча? Пераемнасць яго вопыту і шуканняў выразна праглядваецца ў паэзіі Дубоўкі. Сустракаюцца нават відавочныя пераклічкі вобразаў: «плысці супроць плыні магчыма» («Ведаю, што я памру, як і ўсе...») — гэта як падхопленае сцвярджэнне крылатага багдановічаўскага выслоўя: «Проці цячэння вады зможа толькі жывое паплыць...» («Рушымся, брацця, хутчэй...»). Але галоўная творчая пераемнасць выявілася ў самой ідэі выкарыстання здабыткаў нацыянальнага фальклору.

Уладзімір Мікалаевіч прыгадваў, што яго і сапраўды моцна захапіла тады ідэя — уласнай творчасцю пацвердзіць усю жыццёвасць шырока за­думанай Багдановічам праграмы: «зрабіць нашу паэзію не толькі мовай, але і духам, і складам твораў шчыра беларускай..!». Якім жа чынам? Багдановіч падказваў некалькі спосабаў: «Мы можам жыўцом браць з на­родных песняў скарбы... браць і ўстаўляць у свае вершы»; альбо: «мы мо­жам вучыцца ў народа, навыкаць да яго творчых падыходаў»1.

Зразумела, У. Дубоўка не збіраўся «жыўцом браць» і «ўстаўляць» — у літаральным сэнсе. На мэце было менавіта мастацкае развіццё вуснай народ­най творчасці. У сваіх казках, арганічна ўведзеных у паэмы, паэт жыў паўнакроўным творчым жыццём: захапляўся, засяроджваўся ў мудрым роздуме, высмейваў, падколваў, іранізаваў. Вось прыклады з вандроўкі таго ж дапытлівага шукальніка Цікаўнага:

Ідзе далей і бачыць там

яшчэ дзіўнейшую падзею:

сядзіць якісьці важны пан

і піша, мабыць, эпапею.

Кругі


Перад намі — своеасаблівая мадэрнізацыя казачнасці. На шляху героя трапляюцца асучасненыя дзівосы: «Перад сабой паставіў пан люстэрка у жалезнай (!) раме. Ён піша, хваліць сам сябе...» Або далей: «Варону нашу не пазнаць у крэпдэшынавым убранні» і г. д.

У. Дубоўку ўсё больш абуралі марнатраўныя адносіны да народных са-мабытных скарбаў: «Грэшна і смешна было б плюнуць на гэта ўсё багацце, пакінуць яго гібець дзе-небудзь у палескіх балотах ці ў архіўных сутарэннях... Сапраўды,якая глыбіня, якая матэрыялістычная аснова закладзена ў большасці народных казак»2. I паэт, дзякуючы сваёй наватарскай практыцы ў паэзіі, не даваў прапасці гэтаму невымернаму багаццю фальк­лору. Выкарыстоўваючы яго, ён прымусіў засвяціцца глыбінна-новым сэнсам даўнія дыяменты народнай творчасці. Спашлёмся на мастацкае пераасэнсаванне сімвалічна-таемнага вобразу Мілавіцы — у яго ўкладзена штось вельмі дарагое паэту («яна, чаканая, прыйшла, каб наканованае здзейсніць»). У размове з Уладзімірам Мікалаевічам я, можа, не зусім тактоўна пацікавіўся, які алегарычны сэнс укладаў ён у гэты вобраз. Паэт як бы здзівіўся такому пытанню, ён не спяшаўся з адказам. Нічога не заставалася, як выкладваць свае здагадкі: каханне?.. сумленне?.. праўда?.. бацькоўская зямля?.. Радзіма?

«Ах, крытыкі, ім абавязкова патрэбна нейкае канкрэтнае вытлумачэнне! Ці не траціцца ад гэтага абагульняючая сіла і прывабнасць вобраза?» — словы гэтыя я нібыта чытаў у блакіце задумліва-ўсмешлівых вачэй паэта. На хвіліну ён перавёў позірк у шыр акна і ўважна засяродзіўся. Якія згадкі і асацыятыўныя ўвасабленні бачыліся яму ў глыбіні перажытага?

Аднак, вяртаючыся да размовы, Уладзімір Мікалаевіч іскрыстую кроплю ўсё ж прыгубіў — за ўсе наўздагад выказаныя мной абазначэнні: «За Мілавіцу!»

Я перачытваю гэтыя радкі. Ідзе прысяга па самых высокіх узорах рамантычнага служэння, мальбы, высокай гатоўнасці самаахвяравання — у імя сцвярджэння высокіх гуманістычных ідэалаў на зямлі, праўды:

Цяжары не страшаць мяне,



Мілавіца!

Бо сцюжа на сэрцы міне,

Мілавіца!..

3 табою адзінай у далі-аддалі

пайду я ў сваей старане,

Мілавіца!..

Надзею нядужым, натхненне для

моцных

з табой пранясём, бы у сне,

Мілавіца!..

Жыццё дам краіне, аддам табе

сэрца,

як сцюжа на сэрцы міне

Мілавіца!

Кругі


Хто прамаўляе ў паэме гэты страсны, асвечаны высокімі ідэаламі мана-лог? Казачны персанаж Цікаўны? Ці яго вуснамі — паэт? Казка непрыкметна заходзіць у суровую рэчаіснасць, а парыванні казачнага героя — у абвострана душэўны стан самога аўтара.

Нельга сказаць, што да паэм Дубоўкі беларускі паэтычны эпас цураўся мастацкага выкарыстання міфатворчасці. Прыгадаем драматычныя паэмы Купалы «Адвечная песня» і «Сон на кургане» ці коласаўскага «Сымона-музыку». У. Дубоўка праз алегорыю казкі, уведзенай у паэму, таксама, як і яго папярэднікі, імкнуўся да актуальнай асучасненай іншасказальнасці. Напрыклад, у паэме «Кругі» была шырока ўжыта форма асабіста аўтарскай інтэрпрэтацыі казачнасці, а гэта дало розным вульгарызатарам магчымасць адвольных вытлумачэнняў і скажэнняў, якія чыніліся дзеля таго, каб павесіць на аўта­ра нядобры ярлык. Давялося адмовіцца ад непасрэднага аўтарскага звароту да павучальных прыкладаў фальклору.

У паэмах «I пурпуровых ветразей узвівы», «Штурмуйце будучыні аванпосты!», якія з'яўляюцца своеасаблівым працягам паэмы «Кругі», усю складанасць роздуму аб часе паэт даверыў аб'ектыўным персанажам твораў. У тым ліку даверыў ім і свае казкі. Каб не ўзнікла недарэчных закідаў і вульгарных нападкаў, ён рашыў на гэты раз прынцыпова адмежавацца ад розных крайнасцяў у гарачых спрэчках сваіх герояў («Мірыць? Не, буду лепш займацца, а то мае ўласныя героі мяне са­мога ў нечым звінавацяць»).

I прыйшла ў драматычныя паэмы Дубоўкі надзвычай абвостраная драматычная форма дыялогаў і маналогаў, укладзеных у вусны рэзка размежаваных апанентаў: Лірыка і Матэматыка («I пурпуровых ветразей узвівы»), Пасажыра і Кандуктара («Штурмуйце будучыні аванпосты!»). Паэтам выкарыстаны ёмісты ўмоўна-мастацкі прыём, па-майстэрску распрацавана драматычна-напружаная форма, дужа прыдатная, каб умяшацца ў востра дыскусійнае абгаварэнне кардынальных праблем духоўнага і сацыяльнага жыцця, у тым ліку праблем калектывізацыі. Паэт сродкамі паэзіі вырашыў як бы «паклікаць на спрэчку думнае грамадства», наблізіцца да прасвятлення ісціны.

Такая ўжо была натура У. Дубоўкі, што ён не мог ухіляцца ні ад ярасных палемік, ні ад страснай пропаведзі сваіх перакананняў, ідэй. У той час А. Бабарэка адзначаў некаторыя цікавыя рысы – як бы да творчага партрэта паэта: «Часамі, збоку, ён можа паказацца чуць-чуць «забіякам», «задзіраю». Часамі ён проста дурэе. Аловак укладваўся ў пальцы моцна, выгодна». Гэтыя асабістыя якасці натуры шчасліва спалучаліся з грамадзянскім тэмпераментам страснага прапаведніка, эрудыта, праўдалюба: «Паэты, пісьменнікі не могуць, не павінны заставацца пасіўнымі суглядальнікамі»,— сцвярджаў Дубоўка, разумеючы ўсе цяжкасці сумленнага творчага служэння. Іх, гэтыя цяжкасці, трэба разумець і не спяшацца з прышпільваннем ярлыкоў: «Няхай у гэтай працы будуць памылкі, няхай у ей будуць «зрывы», але няхай яна не будзе цалкам шкодная, варожая, няхай скрынка не будзе прададзена чорту, як кажа народная казка» («Штурмуйце будучыні аванпосты!»).

Тут якраз да месца будзе звярнуцца да алегарычна-філасофскага зместу гэтай даўняй народнай прытчы, якая ўводзіцца аўтарам у адну з паэм — з немалым падтэкстам — пад такой назвай: «Народнае апавяданне пра музыку і пра тое, як ён прадаваў чорту сваю скрыпку». Пытанне інтрыгуючае: прадаў ці не?

Уладзімір Мікалаевіч расказвае, як ён свядома адыходзіў ад варыянта на­роднай казкі, паводле якой усё ж торг адбыўся! Уся натура паэта пратэставала супроць такога нялёгкага для мастацтва зыходу. Таму ён творча пераасэнсаваў кульмінацыйны момант каз­кі. Усё вырашыла нават не скрыпка, што ашуканствам і д'яблавай хітрасцю была адабрана ў музыкі. А «душа» скрыпкі, гэты чуйны, тонка прыладжаны ў сярэдзіне «дубовы, колік». Падчас валтузні чорта з музыкам «душа» была вытрасена са скрыпкі. I адразу радкі пачынаюць набываць пераносны сэнс: «Скрыпка ж чорту не здабытак, без душы багата скрыпак». Душа — вось тая невымерная каштоўнасць, што была заўсёды ў асяродку фальклорнай творчасці многіх народаў. Душа, як мы ведаем, стала аб'ектам «згавору» Фаўста з Мефістофелем, своеасаблівай дамінантай унутранага драматызму геніяльнага твора Гётэ. А прыгадайце «Сымона-музыку» Я. Коласа — душа скрыпкі там у цэнтры ўсіх перыпетый і пакутных кругоў вандроўкі героя. Або тое, як «злыя і сільныя людзі» хацелі заўладаць скрыпкай музыкі, пра якога расказвае Багдановіч («Музыка»).

Уявіце цяпер, які «канцэрт» атрымаўся ў тых чарцей, што ў пекле распачалі гранне на адабранай скрыпцы чарадзейніка-музыкі, пра якога з муд­рым усмехам апавядае У. Дубоўка:



Для чарцей усіх пакута.

Трэба слухаць, бо няёмка.

I кульгавы вылез з кута,

з ім спірытусу даёнка...

Два балбесы, стаўшы ракам,

на спіне трымалі ноты...

3 бляскам выпісаны алегарычныя ўвасабленні і д'яблавай збродні, партрэтныя накіды іх выкананы настолькі рэальнымі штрыхамі і адзнакамі, што асобы гэтыя ў свой час, бясспрэчна, легка распазнаваліся:



Нейкі гадзіч хударлявы

поўзаў, віўся ля абцасаў,

ляскаў вухам па халявах,

языком брыду ўсё мацаў.

Бруха ён свае адпоўзаў,

Падкавалі бруха цынам.

Стаў падлейшы ён ад поўзаў,

Хоць хваліла афіцыйна...

Штурмуйце будучыні аванпосты!

На апошнім слове Уладзімір Міка­лаевіч нечакана прыпыніў мяне: ка-рэктары не зразумелі — не «афіцый­на», а хваліла «афіцына», г. зн. кан­тора, для якой герой гэты выжыльваўся. Я ведаў перасцярогу, якую паэт выказаў у прадмове да паэмы: «Некаторыя пачнуць шукаць: «А хто такі пасажыр? А хто такі чорт? А хто та­кі...» Будуць прышпіляць мне тое, пра што я не думаў, зробяць мяне вінаватым за пасажыра, за чорта, за д`ябла». I ўсё ж мне карцела запытацца, ці ёсць канкрэтнае дастасаванне ў гэтага алегарычнага падтэксту. Уладзі­мір Мікалаевіч не ўтойваў.

Перш чым звярнуцца да некаторых сведчанняў паэта, мушу адзначыць такую акалічнасць: спадзеючыся на сустрэчу з Дубоўкам, я прыхапіў у дарогу два томікі выбраных твораў паэта, падараваных мне роўна дзесяць гадоў назад. 3 дазволу аўтара я тут жа, на палях кнігі, супроць твораў, пра якія заходзіла размова, алоўкам рабіў беглыя занатоўкі, паметы, кароткія (для памяці!) запісы гісторый з «нагоды». Уладзімір Мікалаевіч даставаў з пісьмовага стала, з шафы рукапісы, машынапісныя копіі, старыя часопісы — мы звяралі строфы, рабілі ўстаўкі. Поле кніжных старонак густа засейвалася запісамі, якія мне сёння дужа дарагія як жывая памяць сустрэчы, як крыніца.

Каго ж мела на ўвазе вышэй згаданая сатырычная абмалёўка? Перад намі ў непрыглядным святле Алесь Гародня, сын былога гродзенскага віцэ-губернатара, памешчыка, барона Функа. Функ-малодшы з'явіўся ў Мінск з пухлым празаічным рукапісам. Празаік з яго выйшаў страшэнна пасрэдны, але ці толькі ў тым справа. Дубоў­ка адхіліў яго рукапіс ад друкавання ва «Узвышшы» і, дарэчы, параіў яму паказваць свае творы ў рэдакцыі з аўтарскім подпісам не Функа, а хаця б Гародні. Яго асоба невыпадкова выклікала з'едлівую алегарычнасць — такога высмейвання ён варты быў, як і некаторыя іншыя «дзеячы» літаратуры. I ўсе яны, вядома, адразу ж сябе распазналі ў сатырычных увасабленнях. Не толькі Гародня, але і, скажам, А.Сянкевіч (казачны персанаж Глухога), і А.Дудар, ды і іншыя «дударцы»...

Уладзімір Мікалаевіч заглядае ў падтэкст паэмы, у гісторыю стварэння алегарычных вобразаў ужо без асаблівай зласлівасці, хоць у прынцыпе нічуць не рэабілітуе нягоднасці іх тагачасных паводзін і ўчынкаў. Падседж-ванні, нагаворы на блізкіх таварышаў, паклёпы... Не! Чалавек заўсёды мае магчымасці, бадай, у любых умовах, захаваць элементарную чалавечую год-наець, каб не апусціцца да жывёліны, а то і горш. Дубоўка з горыччу кру-ціць галавой. Не, далека не ўсё можна апраўдаць абставінамі, маўляў, такі быў час. I алегорыя перадачы д'яблу чароўнай скрыпкі з яе душой мае таму незвычайна балючы падтэкст. На шчасце, народны музыка знайшоў вытрасеную са скрыпкі «душу». Гэта было галоўнае. Калі ж чэрці, намучыўшы скрыпку, зацягнулі музы­ку ў пекла весяліць іх, то ён, вяр-нуўшы цішком скрыпцы «душу», зайграў так, што са струн грымнулі перу­ны:



А музыка грае, грае,

перуны усе склікае.

А яны бесперастання

б`юць пякельнае шайтанне.

Паэт хоць нярэдка і адмяжоўваўся ад сваіх герояў, аднак не мог і сапраў-ды заставацца пабочным гледачом іх занятых сутыкненняў. Хіба Лірык у спрэчцы з Матэматыкам не трымае моцна пазіцыю самога аўтара — у абароне «самацветаў народнай душы»? Лірык узнёсла сцвярджае: «Цудоўны скарб у творчасці народнай для нас сабраны мудрымі дзядамі», ён адстой-вае гістарычныя скарбы назапашанай культуры, імкнецца ўратаваць іх ад няўвагі і бяздумнага забыцця. Яго ж апанент Матэматык агаляе сябе, пера-сыпаючы свае павучанні іранічным гучнаслоўем: «Табе даволі поркацца ў старызне! У нашы дні руін, і будаўніцтва, і электрычнасці, і фізкультуры...» («I пурпуровых ветразей узвівы...»). Зрок гэтага персанажа проста не здольны бачыць тое «зіхценне перлаў, праменне самацветаў незлічоных», што выяўляюць глыбіню душы народ­най. Лірыку за яго пранікнёнае ясна-бачанне інкрымінуецца не менш як «ліквідатарства» і « смутнаглядства» («Ты адыходзіш ад жыцця, змагання, ты хутка станеш ворагам працоўных»). Насоўвалася няўмольна жахлівасць самых дзікіх і бязглуздых інкрыміна-цый. Аднак Лірык пакуль што не дужа палохаецца падобных «упікаў», ён свята верыць у правамоцную мудрасць народа: «Затым мяне і не трывожаць дужа твае ўпікі і твае асуды. Народ наш ведае даўно пра гэта, і свайго сына ён не занядбае». Вось дзе трагізм рамантычнай чыстай веры! Прававая паўнамоцнасць была ўжо адабрана сталіншчынай — у народа, у грамадства. Але ў такім выпадку, як жа сябе тады паводзіць, калі не спадзявацца на народнае заступніцтва? Свайго героя (а ў ім жа таілася ўвасабленне і асобы аўтара!) паэт проста не мог уявіць у брыдотным атачэнні розных гадзічаў і поўзалаў.

Дубоўка да канца нязрушна стаяў на пазіцыі выхавання высокай духоў-насці ў чалавеку новага грамадства — гэта праблема стала, калі казаць азна-чэннем паэта, «акавітай» усяго сэнсу яго творчага жыцця, яго палемік, не-ўтаймаванага бушавання, усёй грамадзянскай і паэтычнай дзейнасці. 3 го­рыччу сказаліся дужа надзённыя і для нашага часу радкі:

А дух трымаем на галоднай

норме,

а дух скарынкай эпігоннай сыты.

Яго суседзі, мабыць, не

накормяць,

затым патрэбна духу акавіта

I пурпуровых ветразёй узвівы..

Дарэчы, у слове «акавіта» люструецца таксама народна-крынічны выток, «жывая вада», «вада жыцця», тоячы ў сабе глыбокі сэнс. Духоўнасць разу-мелася паэтам шырока. Апрача фальклорнага вытоку, Дубоўка бачыў бяз-мерны абсяг самай высокай сусветнай творчай культуры, што магутна ўздымалася і грунтавалася на аснове народнай творчасці. Невыпадкова ж дзеля паўнаты арыентацый паэт уводзіў у свае паэмы ўрыўкі ўласных пе-ракладаў з твораў Пушкіна, Байрана, ды і многія высокія сведчанні свайго захаплення спадчынным набыткам усечалавечай культуры.

У свае няпоўныя трыццаць год, у той час, калі пісалася апошняя з паэм та-го перыяду, У. Дубоўка ўжо валодаў здзіўляючым, усебакова развітым інтэлектам. За яго плячыма ўжо былі — Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя Брусава, лектарская практыка ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду, аўтарытэтная праца рэдактара беларускага тэксту Збору законаў Саюза ССР. А таксама — асабістыя знаёмствы і сустрэчы з Маякоўскім, Ясеніным, Каменскім, Асеевым, Тычынам, Рыльскім, Сасюрам... Творчасць Дубоўкі была насцеж адкрыта для ўдумнага спасціжэння і засваення ўсяго лепшага, чаго дасягнула чалавечая культура.

За бяседным сталом паэта таксама ўсплыла закранутая ім тэма калекты-візацыі («Штурмуйце будучы­ні аванпосты!»). Нельга не падзівіцца сапраўднай мужнасці і рызыкоўнай смеласці паэта на поўны голас загаварыць аб крутых і паспешлівых мерах і спосабах вырашэння гэтай най-вастрэйшай у той час праблемы. Асэнсаванне вядзецца праз аб'ектывізава-ную спрэчку Кандуктара з Пасажырам. Дасціпна ўкліняецца ў іх вострыя дыялогі казачнае іншасказанне пра тое, як аднойчы, трапіўшы на Палессе на паляванне, міфічны Салімон «пажадаў знішчыць усё ліха адным ма­хам». Аднак ужо старажытны вопыт падказвае: не так проста — «адным махам»! Пасажыр слушна разважае, ахоплены прыкметнай скрухай:

Здалёку даваць парады,

бадай, і не дужа цяжка.

I праўда здаецца, як казна,

і казка здаецца, як праўда.

Бліжэй падыдзі, чалавеча,

да гэтай вясковай сядзібы...

За радкамі чуюцца ноткі глыбокага аўтарскага разумення становішча селяніна, спачуванне яму, заклапочаны роздум аб шляхах і сродках крутога, аўральнага «пералому». Паэт эмацыянальна ўкладвае сваю душэўную далучанасць у кожную рэпліку, дасціпны ўсмех і ўнутраны рух Пасажыра: цямноты і нядолі ў сялянскім жыцці хапала — і хіба яе адстойвае селянін? Пасажыр не такі ўжо несвядомы, каб неразумна чапляцца за старыя ўзмежкі спрадвечнай нядолі ды непасільнага выдаткавання сябе самога. Неаб-ходнасць культурнага абнаўлення гаспадарання ён добра разумее. Але ж хі­ба спосабам крутых і марнатраўных ломак? Жорсткая крутасць у такой справе не можа не паласнуць па самым дарагім, тым, «што ў стагоддзях збі-рана»! А было «збірана» мы ведаем што: гаспадарская турбота да коленага загона і кожнай раслінкі на ім, дбайная і цягавітая працавітасць, сумленнасць і маральнае адзінства з роднай зямлёй. Не слепа да ўсяго гэтага душа. «Не выганіш гэтага клінам, бо будуць няўгойныя раны» — вось тыя залатыя словы, да якіх глухаватым аказаўся слых розных «кандуктараў». Яны былі схільны толькі на пустыя рытарычныя заклікі і павучэнні ды на крутыя загады {«Ты рыеш, як крот, сваю норку», «узыйдзі і з узгорку пабачыш яснейшую мэту», «стань вольны» і г, д.) («I пурпуро­вых ветразей узвівы...»).

Вульгарызатары і аглабельшчыкі вышуквалі адзнакі: за каго ж аўтар — за Пасажыра ці за Кандуктара? Паэт спрабаваў ухіліцца ад наскокаў, пака-зваючы на аб'ектывізаванасць сваіх герояў. Аднак пазіцыю яго няцяжка было ўчуць — у ёй крычма крычаў голас праўдалюбца! Паэта неўзабаве ў Маскве выклікалі ў «асобы» аддзел для растлумачэнняў. Разгарнулі паэму, тыцкалі ў радкі:

Ты уважаеш, што культура

ходзіць

у портках ката слаўнае Камуны

Парыжскае, у портках Галіфэ?

Або у марынарцы ходзіць

Фрэнча,

другого, ката, ката нашых дзён?

I пурпуровых ветразей узвівы...

Дапытваліся пра апошні радок — каго ж ён мае на ўвазе? Выразную асацыяцыю з крывавым дэспатам, што хаваўся пад маскай «бацькі народаў», паэту не маглі дараваць. «Што было далей са мною, пачынаючы ад 20 ліпе-ня 1930 года да 1958 года, я казаць не буду, бо гэта заняло б многа папе-ры»,— напісаў У. Дубоўка ў «Маім жыццяпісе», уключаным у кнігу пісьменніцкіх аўтабіяграфій «Пяцьдзесят чатыры дарогі» (1963). I гэтая поў-ная горычы адгаворка («заняло б мно­га паперы»!) тоіць у сабе невымерныя пакутныя выпрабаванні. Паэту не суджана было дачакацца сапраўды спрыяльных умоў, якія б дазволілі перанесці ўсё трагічна спазнанае на паперу. Толькі лічаным з нашых рэпрэсіраваных пісьменнікаў выпала да-жыць да нашых дзён і данесці да нас жывыя жахлівыя сведчанні ў сваіх творах — С. Грахоўскаму, А. Звонаку, П. Пруднікаву, С. Шушкевічу... 3 іх балючых споведзяў можна сёння ўявіць тыя шляхі, якімі разам з імі, поплеч, часам праз тыя ж «лагпункты» і завейныя драты, давялося ісці і У. Дубоўку.

Вось чаму трэба мець на ўвазе, што многія дубоўкаўскія нізкі вершаў, якія з'явіліся пасля рэабілітацыі паэта, не маглі змяшчаць у сабе ўсю праўду («Чакае ля берагу човен мяне», «Пасля вандравання»). У «Таёжнай нізцы» ў паасобных радках праступае, як кроў праз бінты, праўда суровых сведчанняў: «усё адбывалася ў тую пару, якую ніхто не згадае дабром: за тым, за апошнім кры­вавым царом...». Ва ўспаміны ўрываецца мінорная танальнасць, і таму няхай не ўводзіць у зман як бы агульны мажорны лад, на які знарок настройваецца паэт, адпаведна вымогам часу.

Ёсць у мажорнай настроенасці паэта вартыя ўвагі і нават захаплення дзве рэчы. Адна з іх ужо закраналася: прыроджаная здольнасць да ўспрымання красы. Другая ж у моцнай повязі з ёй: жыццядайная моц працоўнай загартоўкі, якая засвойвалася яшчэ з маленства, перадавалася ад бацькі, ста-ляра, вопытнага інструментальшчыка. Уладзімір Мікалаевіч пацвярджаў, што вытрымаць неверагодныя фізічныя нагрузкі і напасці жыцця і «застацца працаздольным да сённяшняга дня мне дапамагло працоўнае выхаванне, гартоўка, якую я атрымаў у сваёй сям’і ў малыя гады» («Пяцьдзесят чатыры дарогі»). I як потым ратавала бацькава вывучка, прыроджаная цягавітасць, калі на будоўлях Сібіры і ў «пасёлках лясных» (так паэт называе лагеры зняволеных) яму давялося авалодаць многімі спецыяльнасцямі. «Але найбольш доўгі час працаваў тынкавальшчыкам, мулярам, маляром, сталяром. На апошняй спецыяльнасці, сталярнай гадоў дзесяць»,— пацвярджае Уладзімір Мікалаевіч тую пагудку пра дубоўкаўскае майстэрства ў вырабе бочак... Дамо слова мажорнаму ўспамі-ну, пераведзенаму на мову паэзіі:

Трывалыя рукі адводзяць, вядуць

надзейны, слухмяны фуганак.

За дзень з ім багата я метраў

прайду,

а колькі ж брускоў зрыхтавана!

Прытуліцца шчыльна брусок да

бруска,

правушкі сашчэпяць абоймы.

I вокны паставіць на месца рука,

і дзверы навесім з табой мы.

Пасля абыду, перагледжу ізноў

работу сваю у задуменні.

Самому не верыцца: гэта ж было

спачатку звычайным бярвеннем.

Усё як належыць спрадвеку для зім...

Я шкадую, што падчас сустрэчы ма­ла і недастаткова настойліва выпытваў і распытваў у Уладзіміра Мікалаевіча пра той перажыты час невымерных вы-прабаванняў. Старэйшына паэтычнага і будаўнічага цэху, здаецца, нічога не таіў ад мяне. Нават рэчаў прыкрых, ад якіх скаланаешся. Аднойчы, скажам, ён адмовіў крымінальнікам, прадчуваючы штось нядобрае, якія прапанавалі яму, трэцяму, сумесныя ўцёкі. Потым адзін з іх зласліва кінуў: я б тваё сырое сцягно на кавалкі рэзаў і жэр бы, а ты б карміў нас... Не лягчэйшым быў і паўторны арышт, калі паэта кінулі ў Краснаярскі край амаль на дзесятак год (1949—1958), зведаны былі зыбкія ледзяныя крыгі Аны-Біру-сы, зноў дымныя кастры лесапавалаў, абрывіста-крутая скалістасць узбярэжнага Пачэта, лагерныя вахты. Але ж і ў тых умовах прагла раскаванасці, як кажа паэт, «творчая думка», яна не дасягала да паперы, яна жыла ў душы як сімвалічнае ўвасабленне:

Узлётаў яе не стрымалі кастры

і самыя моцныя краты,

калі над народам сядзелі цары,

сядзеў з бізуном прыганяты...

А я, пераплыўшы Ану-Бірусу,..

Калі б мне і ўдалося занатаваць тое, што з нагоды, з уздыхам і пахмурнай засяроджанасцю распавядаў Ула­дзімір Мікалаевіч, гэта была кропля ў моры, моры спазнаных пакут, усяго перажытага. Пра ўсё тое ён мог толькі напісаць сам, калі б крыху больш спагадныя акалічнасці ды здароўе.

Напаўзала сутонне. Уладзімір Міка­лаевіч святла не запальваў: пры самым стале на канапе, закалыханая нашымі размовамі, у чуйным забыцці адпачы-вала Марыля Пятроўна, нязменная сяброўка яго жыццёва-трывожных ванд-раванняў, яго нястомных шуканняў праўды і красы. Яна — жывая памяць. Кожны раз яна чуйна прахоплівалася, калі патрэбна была нейкая «пад-казка», дапаўненне з жыццёвых успамінаў паэта. Яна знае ўсё. Гасцінная і ўважлівая, яна ні разу і знаку не падала, што «госць», магчыма, заседзеўся...

А ў нас з Уладзімірам Мікалаевічам — ледзь не дэбаты ўсё яшчэ пра сутнасць сапраўдных наватарскіх шуканняў. Дзе творчасць, мастацкая прак-тыка, а дзе яшчэ толькі эксперымент? Ёсць жа эксперыменты формы, выпра-баванні розных жанравых мадыфікацый на працаёмкасць. Нават выпраба-ванні самога слова, першаснага інструмента вобраза. Бясспрэчна, тут дужа патрэбны моўныя вышукі, словатворчасць, ды не ў меншай меры — і ад-чуванне стыхіі роднай мовы, каларыту народнага слоўца, кідкага, сакаўнога, рэчыўна-густога і звонкага, сцішанага і мілагучнага. Зрэшты, адчуваць кра­су роднай мовы — гэта тое ж, што кра­су ў прыродзе і ў чалавеку. Тут як бы ў адным фокусе ўся праграма эстэтычнага.

Уладзімір Мікалаевіч кажа, што некаторыя дзівяцца: «Вы ніколі не вучыліся ў беларускіх школах, пражылі бадай усё жыццё за межамі Беларусь, а мову ведаеце». Як жа яе не ведаць, калі яна родная! Як жа яе не любіць, калі яе стваралі на працягу вякоў твае продкі, гаварылі на ёй, перадалі табе ў спадчыну, як самы вялікі скарб свой...» (3 прадмовы да паэмы «Штурмуйце будучыні аванпосты!»).

Такая пажыццёвая ўлюбёнасць у родную мову, нягледзячы на неспагад-насць жыццёвых акалічнасцяў, у нечым, ці не праўда, збліжае Уладзіміра Дубоўку з Максімам Багдановічам. I мы пачынаем разумець, чаму — на падзіўленне такая густая, каларытная фактура Дубоўкавай паэтычнай мовы. Тут люструюцца ва ўзаемных падсветах наватворы і народныя выслоўі, уратаваныя ад забыцця моўныя дыяменты: «акавіта», «вадаваданіца», «сукрыстасць кужалю», «каб шкадункі не ўразілі», «ушчамлёткі сэрца пача-ло сціскацца», «дэсань», «узрочыста», «зелле-непатрэб'е», «шуміць шыгаллём і лістамі», «лятуць пад ногі пахаджанам», «бадзяцца нейкім дзеньдзівірам», «кунегай апавіты», «выстарчыць слоў» і безліч іншых.

Многія ж з крытыкаў бачаць у паэзіі У. Дубоўкі, асабліва ў яго паэмах канца 20-х гг., ледзь не засілле эксперыментальнасці. Але ж смелыя твор-чыя шуканні хіба могуць абысціся без пэўнага элементу эксперыментальнас-ці — той долі рызыкі наватарскага новаўвядзення, якія трэба творча праве-рыць, вынесці на суд грамадскасці, замацаваць у эстэтычнай свядомасці чытачоў?

Напрыклад, спрэчкі пра Дубоўкава жанравае абазначэнне — паэма кам-байн. Гаворачы пра такую жанравую разнавіднасць, наша крытыка звычайна абмяжоўваецца характарыстыкай, щто дадзена самім паэтам: «Камбайнгэта замежнае слова, узятае мною ў англійскай мове, азначае у дакладным перакладзе камбінаваць, суладжваць, спалучаць, змешваць». Пры гэтым чамусьці асабліва акцэнтуецца тая ж эксперыментальнасць жанравага новаўвядзення.

Аднак творчы эксперымент Уладзіміра Дубоўкі хіба можна ўяўляць як апрабацыю нечага звышскладанага, перспектыўнасць якога — пад вялікім пытальнікам? Аб сваім «камбайне» паэт пісаў: «Форма гэтага твора... не з`яўляецца якой-небудзь нечаканай ці асабліва складанай. Яна падначалена пэўнаму кампазіцыйнаму адзінству, яна суладжана ва ўсіх сваіх частках, але яна выбіваецца з вядомых жанравых рамак» (з прадмовы да паэмы «Штурмуйце будучыні аванпосты!»).

Новыя структурныя ўвядзенні — казак, нататкаў, лістоў, перакладаў і г.д. дэфармавалі строга эпічны жанр і канон паэмы. Аднак гэтыя разнародныя, на першы погляд, кампаненты ў кампазіцыйнае адзінства твора ўваходзілі надзіва суладжана! Яны ўнутрана падпарадкаваны задуме буй­ных твораў, вядучай іх ідэі і ствараюць разам з іншымі вобразамі і сродкамі трывалую эпічную фактуру, вызначаюць яе змястоўнасць.

Сёння можна сказаць, што У. Дубоўка таленавіта прадугадаў нараджэнне асобнай жанравай разнавіднасці паэ­мы — камбінаваную будову («кам-байн»!). Няхай жанравае вызначэнне «камбайн» і не прыжылося ў нашай паэзіі. Затое ж мы сёння маем структур­ны тып камбінаванай паэзіі — і непа-збежнасць яе ўзнікнення была дакладна ўлоўлена Дубоўкам. Паэтам была адкрыта і яскрава сцверджана досыць перспектыўная тэндэнцыя ў жанравым руху паэтычнага радка эпасу. Жанравы варыянт камбінаванай паэ­мы не без поспеху распрацоўваюць сёння А. Вазнясенскі, Я. Еўтушэнка, I. Драч, А.Вярцінскі, Р. Барадулін... Так што словы «не прыжылося» ўжываць трэба з агаворкамі.

ІПчыра кажучы, калі я крануўся гэтага пытання, то таксама неасцярожна, у прысутнасці Уладзіміра Мікалаевіча, вымавіў гэтае «не прыжылося», хоць меў на ўвазе не сутнасць адкрытай формы, а сам тэрмін. Але і гэта не задаволіла паэта — ён перапыніў мяне: «Прыжыўся б і тэрмін». I столькі ўпэўненай сілы пачулася ў яго голасе, у грузнаватым павароце ўсёй постаці, у жэсце рукі, што падумалася: талент Дубоўкі здужаў бы многае і змог бы давесці яшчэ столькі важкага, самабытнага ў сцвярджэнні на­шай паэтычнай культуры, у яе наватарскім падвышэнні.

Варыянту сучаснай камбінаванай паэмы часта сёння не хапае таго, чым выдатна і па-майстэрску валодаў Дубоўка,— прадуманай суразмернасці, гарманічнай суладжанасці кампанентаў. У Дубоўкі наконт гэтага было, я б сказаў, нейкае архітэктурнае чуццё. Паэт адкрываў не проста камбінаваны, а менавіта архітэктурны прынцып структурнага ўзвядзення твора.

Я не думаў, што ў сваіх развагах наконт архітэктурнасці закрану нечакана штось важна-балючае для Ула­дзіміра Мікалаевіча. Дазволю сабе «расшыфроўку» бегла запісаных у след за паэтам слоў: «Помню, пра архітэк­турны прынцып гаварыў яшчэ Адам Бабарэка, калі пісаў пра маю паэму «Штурмуйце будучыні аванпосты!», хоць вы і не маглі ведаць пра той яго артыкул, які, мусіць, недзе так і загінуў ненадрукаваны...»

Набрыняла-жылістая рука са збітым чорным пазногцем на вялікім пальцы ледзь прыкметна варухнулася на стале. Счакаўшы, паэт дадаў: «Як загубілася, мусіць, і другая частка гэтай паэмы, забраная пры арышце на так званае перазаванне...»

На ростані Уладзімір Мікалаевіч папрасіў: можа б, я, вярнуўшыся ў Мінск, зазірнуў у некаторыя архівы?.. У паэта цеплілася ўсё яшчэ надзея, што там недзе, магчыма, засталася машынапісная копія другой часткі паэ­мы «Штурмуйце будучыні аванпос­ты!». Можа, у справе Стаха Будзенскага, можа... Уладзіміру Мікалаевічу дужа шкода было адной народнай казкі-прытчы, алегарычна апрацаванай і ўведзенай у тую другую, канфіскаваную, частку паэмы. Гэта шматзначнае народнае казанне пра чалавечае вока. Значна пазней, амаль праз дваццаць гадоў, пасля вайны ўжо, па народных матывах казкі напісаў А. Куляшоў сваю «Баладу пра вока», прысвечаную памяці Ю. Фучыка.

Дубоўкава інтэрпрэтацыя вызначалася, па сведчанні аўтара, вялікай на-бліжанасцю да народнай крыніцы, захавала ўсю прывабнасць эпасу казач-най вандроўкі аднаго ўсходняга ўладара-правіцеля, які нібыта сам зажадаў праверыць: ці ёсць у яго краіне людзі, якія цалкам задаволены тым, што маюць? Сыну свайму перадаў ён уладу, сам абуў лапці і рушыў у дарогу. Ды дзе толькі ні хадзіў, чуў адны нараканні, стогны. Людскія вочы бачылі закаранелыя і нязводныя няпраўды ў свеце. Пагрозна нарастала незадаволе-насць. Стаптаўшы апошнія лапці, выйшаў гэты ўладарны дзівак-вандроўнік да мора. Ажио бачыць: стаяць там на пясчаным беразе шалі, і дзеці на іх стараюцца нешта як бы ўзважыць. На адной чашы — быццам нічога, а на другую — кладуць камяні, пясок, усялякі друз, смецце, ды першая — а ні скранецца! Прыгледзеўся вандроўнік бліжэй: ажно на той, першай, ляжыць — вока! Дзіва ўзяло: як многа важыць чалавечае вока!.. Нішто яго не перацягне, бо ў ім люструюцца — і пясок, і мора, і цэлы свет... Ды раптам нечая рука сыпнула на вока жменю пяску. Чаша з вокам нарэшце хіснула-ся. Вандроўны Уладар здагадліва ўсміхнуўся і рушыў у зваротную дарогу. Ен ведаў, што рабіць.

Аднак Уладзімір Мікалаевіч, мудры, вопытны майстар-казачнік, і тут


цалкам не пайшоў за варыянтам на­роднай прытчы. Як і ў апавяданні пра
чарадзейніка-музыку, што нібыта ўсё ж прадаў сваю скрыпку чорту, паэт і ў
мудрай казцы пра чалавечае вока адшукаў жыццесцвярджальны паварот,
падказаны страснай марай паэта-праўдашукальніка. Народнае відушчае во­ка мудрасці, праўды нельга ўсё ж зацярушыць, закідаць жвірам, замутніць ілгарствам, брудам намоваў, змоваў, яго нельга нічым пераважыць. Жыц-
цёвыя патрэбы гуманістычных перамен і перабудоў павінны ўсё ж калі-небудзь развеяць пясчаныя буры і нягоды, развеяць навалач градавых хмар, каб яно, гэтае ўсенароднае вока яснабачання, праўдалюбства, заўсёды блакітнела чысцінёй родных нябёс, нашых дум, нашых высакародных дэмакратычных і гуманістычных мэт.

Гэтак і Дубоўкава відушча-блакітнае вока, вока вялікага мастака, не змогуць засыпаць халодны жвір і по­пел небыцця. Яно будзе яснець для нас вялікай мудрасцю праўдалюбст­вам і хараством бачання роднай зямлі.



  1. Багдановіч М. Збор твораў: У 2-х т. – Мн., 1968. Т. 2 – С. 169.

  2. З прадмовы да паэм “Штурмуйце будучыні аванпосты!”.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка