Мілы сэрцу куток




Дата канвертавання26.05.2018
Памер30.35 Kb.



МІЛЫ СЭРЦУ КУТОК

Жыццё, бывае, закідвае нас далёка ад таго месца, дзе мы нарадзіліся. Але немагчыма знайсці чалавека, які б адмовіўся ад сустрэчы з той зямлёй, якую ўбачыў першаю, на якую ступіў маленькаю дзіцячай ножкай. Лаздуны – месца майго нараджэння і жыцця. Тут мае карані, тут мае бацькі, продкі.

Слаўную і цікавую гісторыю мае наша малая радзіма. Такую назву вёска атрымала, бо тут расло шмат лазы. Яе і цяпер у ваколіцах нямала. Упершыню Лаздуны згадваюцца ў XVI стагоддзі як валоданне Радзівілаў, якія пасля перадалі іх у заклад іншым асобам. Да адмены крапаснога права мястэчкам валодаў памешчык Воўк, які, дарэчы, упамінаецца ў паэме Адама Міцкевіча “Пан Тадэвуш”. Затым уладанні перайшлі да Корвін-Мілеўскіх. Гаспадарка ў Лаздунах вялася на той час на высокім узроўні. Меўся млын для размолу касцей, паравая малацілка. Працавалі хлебазапасны магазін, школа граматы. Дзейнічалі касцёл, вінакурня, карчма. Разводзілі пародзістых коней і буйную рагатую жывёлу, прадукцыю адпраўлялі ў асноўным у Вільню.

Сведкам таго часу з’яўляецца парк, які быў закладзены ў другой палове ХІХ стагоддзя. Здаецца, што векавыя дрэвы з магутнымі кронамі размаўляюць з аблокамі. Тут захаваліся асобныя дрэвы лістоўніцы еўрапейскай, аксаміта амурскага, таполі канадскай. Калісьці ў парку размяшчаўся маёнтак Корвін-Мілеўскіх. На жаль, ён не захаваўся да нашых дзён. Цяпер на тэрыторыі парку знаходзіцца Дом культуры.

Візітнай карткай нашага аграгарадка з’яўляецца касцёл, вежы якога відаць з усіх навакольных вёсак. Храм здзіўляе вяскоўцаў і гасцей сваімі архітэктурнымі формамі. Не разбурылі дажджы яго каменныя сцены, кладку з чырвонай цэглы, не сапсавала сырасць драўляныя перакрыцці.

Існуе легенда, што многа гадоў назад у вёсцы Лаздуны-2 стаяла капліца. Была яна невялікая, драўляная. Аднойчы бура зруйнавала будынак, а страху ветрам перанесла ў вёску Лаздуны-1, якую ў той час людзі называлі Дваром, і кінула на невялічкі ўзгорак. Вернікі палічылі гэта Божым знакам і на тым месцы вырашылі пабудаваць новы храм. Тысяча дзевяцьсот дзясяты год лічыцца годам нараджэння новага каменнага касцёла. І сёння, як і сто гадоў назад, ён такі ж прыгожы. Сустракае прыхаджан, гасцінна расчыніўшы белакаменныя вароты. Яшчэ не адно пакаленне будзе мець магчымасць на ўласныя вочы пабачыць прыгажосць працы чалавечых рук.

Любімае месца адпачынку маіх аднавяскоўцаў – Лаздунскае вадасховішча. Яно было створана на рацэ Гарача для арашэння і рыбалоўства. Круглы год тут можна ўбачыць людзей. Дарослыя і дзеці з задавальненнем бавяць час у летнюю спёку: купаюцца, загараюць, гуляюць у пляжны валейбол, ходзяць на байдарках. А рыбакоў сустрэнеш нават і зімой, бо вадасховішча багатае рыбай. А якіх тут толькі птушак няма! Шэрая чапля, камышоўка, лысуха, некалькі відаў дзікіх качак, балтыйскія чайкі, лебедзі... Мы спадзяёмся захаваць непаўторную прыгажосць і чысціню вадасховішча для будучых пакаленняў.

Прыемна прайсціся па родных вуліцах: Маладзёжная, Меліяратараў, Кірава, Гагарына, Міра… Прыгожыя домікі, дагледжаныя двары. У народзе гавораць, што калі бусел звіў гняздо каля чыёй-небудзь хаты, то гаспадарам наканавана быць шчаслівымі ў жыцці. І калі верыць гэтай прыкмеце, лаздунцы павінны жыць вельмі шчасліва, таму што буслянак у нашай вёсцы з кожным годам становіцца ўсё больш і больш. Асабліва аблюбавалі гэтыя прыгожыя птушкі нашу цэнтральную вуліцу. Яны будуюць свае гнёзды на электрычных слупах абапал яе. І не палохае іх шум машын і сельскагаспадарчай тэхнікі. А ўсё таму, што жывуць у нас добрыя, шчырыя, працавітыя людзі, дзякуючы якім Лаздуны – перспектыўная, дагледжаная вёска, якая на сённяшні дзень мае статус аграгарадка.



Спадзяюся, што мой родны кут заўсёды будзе вабіць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, гісторыяй і людзьмі, якія яе ствараюць. Будзь благаславёна, бацькоўская зямля! Я памятаю тваё мінулае, цаню дзень сённяшні і спадзяюся на тваю будучыню!
c:\users\aab\downloads\лаздунскі касцёл.jpg
c:\users\aab\downloads\лаздунскае возера.jpg

Мусік Паліна, 8 клас навучальна-педагагічнага комплекса


Бобравіцкі дзіцячы сад – сярэдняя школа



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка