Мінкевіч Галіна Антонаўна дуа “Сярэдняя школа №3 г. Смаргоні”




Дата канвертавання19.11.2017
Памер99.4 Kb.

Мінкевіч Галіна Антонаўна

ДУА “Сярэдняя школа № 3 г.Смаргоні”

Беларуская мова


Тэма: ”Поўна хата экспанатаў..” Дапаўненне. Спосабы яго выражэння і віды.

Мэта: спрыяць паглыбленню паняцця пра дапаўненне, спосабы выражэння і віды

Задачы:

1.Паўтарыць, што называецца дапаўненнем, на якія пытанні адказвае, да якога члена сказа адносіцца; пазнаёміцца са спосабамі выражэння дапаўнення і яго відамі;

2.Удасканальваць уменне знаходзіць дапаўненне ў сказе, вызначаць спосаб яго выражэння і від;

3.Выхоўваць цікавасць да народнай культуры , традыцый народа;



Абсталяванне:

1 Камп’ютар, інтэрактыўная дошка (праграмнае забеспячэнне – комплекс “Notebook”), медыякалонка, відэазапіс, аўдыязапіс.

2 Карткі з індывідуальнымі заданнямі для кожнага вучня.

3 Музейныя экспанаты



Тып урока: музейны урок

Ход урока



1 Арганізацыйны момант.

2 Актуалізацыя апорных ведаў і навыкаў

Гучыць песня “Спадчына” ў выкананні ансамбля “Песняры”(музыка ўключаецца пры дапамозе стыліуса на інтэрактыўнай дошцы на 1 слайдзе)

-Што азначае слова “спадчына” ?

(Вучні даюць тлумачэнне лексічнага значэння слова з дапамогай тлумачальнага слоўніка ).

-Ці трэба нам ведаць, як жылі нашы продкі? Што іх цікавіла, чым жылі, якімі прадметамі карысталіся ?

Вучань чытае верш П. Броўкі “Трэба ведаць –сэрца просіць”

Трэба ведаць – сэрца просіць, –

Як бацькам, дзядам жылося…

Як зямлю смыком аралі,

Як з сявалкі збожжа зерні

Рассявалі чорнай жменяй…

Трэба ведаць, што зазналі,

Як на пана працавалі…

Трэба ведаць і пра тое,

Апраналі што, якое?

Як у святы гасцявалі,

Як з фашыстам ваявалі

На вячорках як спявалі…

Гэта – спадчына святая,

Непрыдуманая, тая,

Што спакон вякоў вялася

Што ў сэрцы засталася.

У сучасным высокатэхналагічным свеце простыя рэчы, якімі карысталіся нашы продкі , становяцца дзівам, якое цяжка зразумець.Калаўрот, кросны, маслабойка - рэчы, якія выйшлі з ужытку, пабачыць іх можна ў музеях, ды дзе-нідзе на вышках старых хат.

Вучань чытае верш Віктара Шведа “Помню дзеда хату”

Помню дзеда хату,

Поўну экспанатаў:

З карэнняў калыска,

Гліняная міска,

Драўляная лыжка,

Двайная гладышка,

Святыя іконы,

Круглы серп зублёны,

Вялікія кросны,

Кадаўбец дзівосны,

Каменныя жорны,

Дзяжа на хлеб чорны,

Стары калаўротак,

Са сноўніцай мотак,

Гладкая качалка,

Крэсіва – запалкі...

У нябыце хата

І ўсе экспанаты

-Не забываць пра мінулае і пра тое, чым карысталіся нашы продкі нам дапамагаюць музеі.

3 Паведамленне тэмы, пастаноўка задач, матывацыя вучэбнай дзейнасці

- Сёння мы з вамі паглыбім веды пра дапаўненне , на якія пытанні адказвае , да якога члена сказа адносіцца, пазнаёмімся са спосабамі выражэння дапаўнення, з яго відамі; будзем удасканальваць уменне знаходзіць дапаўненні ў сказах і вызначаць спосаб іх выражэння і від; пазнаёмімся з прадметамі побыту нашых продкаў, атрымаем этнаграфічныя веды.

-Задачы паставілі, пачынаем іх вырашаць. Запішыце ў сшыткі дату і тэму ўрока.
4. Вывучэнне новага матэрыялу


  • Этнаграфічная хвілінка

-На стале у нас знаходзяцца незвычайныя рэчы, якія мы прынеслі з школьнага музея, магчыма, не ўсе ведаюць іх прызначэнне. Давайце ж пазнаёмімся.

Вучні атрымлівалі апераджальнае заданне : знайсці невялікую інфармацыю пра пэўны музейны экспанат і расказаць пра яго.

А) Калаўротак (калаўрот) – прылада для механізаванага прадзення лёну і воўны ў хатніх умовах. Складаецца з наступных рабочых частак: кола, прыводная педаль(шатун, ківач); уласна прадзільны апарат, які сладаецца, у сваю чаргу, са стрыжня з насаджанай шпулькай і малых колцаў, злучаных шнурамі з галоўным колам.

Вучань чытае верш Л. Геніюш “У маёй бабулі”



У маёй бабулі

Тканая кашуля,

Белая, льняная,

Вышыта ў рагулі.

— Дзе, скажы, бабуля,

Ты яе купляла?

— Не купляла, ўнучка,

Сама сабе ткала.

Сама сабе прала,

Сама вышывала,

Як была дзяўчынай,

Яшчэ пры лучыне...

Як рукі рабілі.

Як вочы свяцілі

— У час жніўны і роены,

У мінулыя вёсны.

Б) Грэбень – інструмент для часання льна : чатырохвугольная дошчачка з перпедыкулярна замацаванымі ў ёй стальнымі зубамі аднолькавага памеру.

В) Збан (гарлач) –ганчарны выраб, гліняная пасудзіна для захавання малака і малочных прадуктаў.

Вучань чытае верш Віктара Шведа “Ганчары”


Ганчары прыехалі, ганчары!
І так стала весела на двары.
- Гладышы купляйце, гладышы! –
І бягуць за возам малышы.

У збанкоў такі журботны звон!


Вабіць да сябе вяскоўцаў ён.
Многа іх, збанкоў і гладышоў,
Панясуць жанкі сабе дамоў!

У збанок пад матчынай рукой


Зацурчыць духмяны сырадой.
Выклікаў натоўп дзіцячых мар
З гладышамі звонкімі ганчар.

Г) Ручнік (Рушнік) “Рушнікі ў нас на Беларусі таксама розныя, па мясцовасці, і дужа разнастайныя. Узоры іншыя, чым ў суседзяў, хаця ёсць і падобныя. Галоўная розніца – менш “раслін і кветак”. Арнамент часцей геаметрычны. Меней чорнага колеру. Пераважае “вясёлка”, жоўты, чырвоны, сіні, блакітны і іншыя колеры” Ул.С. Караткевіч

Д) Маслабойка - бандарны выраб; пасудзiна для збiвання масла. Лакальная назва бiянка. Вызначалася разнастайнасцю форм i канструкцый. Найчасцей- вузкая высокая кадачка з клёпак. У накрыўцы пасярэдзіне адтуліна для калатоўкi (бiла), вepxнi канец якой выходзiў вонкi, а да нiжняга прымацоўвалі кружок з дзiркамi (пашыраны варыянт) цi крыжавiну (ўдарная частка) .

Е) Сіта , Рэшата– гаспадарчая прылада для адсеву адходаў i ачышчэння мукi. У народнай культуры славян рэшата сiмвалiзавала багацце i пладаноснасць,

ачышчэнне, такiя рысы чалавека як сумленне i пранiклiвасць. Рэшата

маглi выкарыстоўваць у самых разнастайных абрадах і рытуалах. Лiчылася, што вада, прапушчаная праз рэшата, набывае магiчныя здольнасцi. Калi дзiця моцна плакала, яго мылi вадой, прапушчанай праз рэшата.

Карову пасля ацёлу, а таксама цяля палiвалi прапушчанай праз рэшата вадой.

Ж) Кораб – ёмістасць для захоўвання і пераноскі сыпучых прадуктаў (збожжа, мукі, круп, гароху і інш.), сплеценая з лубу, саломы, лазы. Лакальныя назвы шыян, карабан, саламянік. Вышыня 40 – 110, дыяметр 35 – 70 см. Круглыя ці авальныя корабы пераважна мелі канфігурацыю збанка, бочкі, гаршка, часта іх рабілі з вечкам; падстаўкай служылі адно ці два саламяныя звёны або лазовы прут. Мелі добрую вентыляцыю, таму ў іх нядрэнна захоўваліся прадукты. Карабы вылучаюцца разнастайнасцю форм, прыроднай прыгажосцю матэрыялу. Пашыраны былі на большай частцы Беларусі.

З)Лапці – традыцыйны сялянскі абутак, плецены з лыка (лазовага, ліпавага), пяньковых або льняных вітушак ці тонкіх вяровак.

Вывад: і сапраўды хата нашых продкаў поўна рознымі прадметамі, якія выклікаюць цікавасць і сёння.



  • Гульня” Хто хутчэй”

Да дзясловаў падбярыце назоўнікі ў пэўнай склонавай форме .Пры гэтым, па магчымасці, выкарыстоўвайце словы з этнаграфічнай хвілінкі. Складзіце сказы з двума словазлучэннямі.

Ехаць на (М.скл.).., накарміць(Р.скл.)…, жаць(В.скл.)…., вышываць (В.скл.)…, біць (В.скл.)…, прасейваць (В.скл.)…,плесці(В.скл.)…,далёка ад(Р.скл.)…. .

Адзін вучань выконвае на інтэрактыўнай дошцы, астатнія ў сшытках.

Вывад: падабраныя словы з’яўляюцца дапаўненнямі, залежаць ад выказніка, могуць залежаць ад іншых членаў сказа.



  • Работа з падручнікам.

Чытанне параграфа і аналіз табліцы “Спосабы выражэння дапаўнення”.

Складанне сказаў з прыкладамі з этнаграфічнай хвілінкі.



5.Фізкульхвілінка

Устаньце, беларусы, усміхніцеся,

Зямлі нашай пакланіцеся

За шчаслівы дзень учарашні.

Усе да сонца падцягніцеся,

Улева, управа пахіліцеся,

Вераценцам пакруціцеся.

Раз прысядзьце, два прысядзьце

І на месца ціха сядзьце.

Якое слова з прадметаў побыту нашых продкаў ужываецца ? Ужыта ў прамым ці пераносным значэнні? (Вераценцам , ужыта ў пераносным значэнні).



6.Самастойная работа

У вучняў на партах індывідуальныя раздрукоўкі з тэкстам “Прытча пра сіта”

Заданне . Прачытаць тэкст, знайсці дапаўненні , вызначыць прамое ці ўскоснае, спосаб выражэння.

Прытча пра сіта

Адзін чалавек запытаў у Сакрата :


- Ведаеш , што мне сказаў пра цябе твой сябар?
- Пачакай , - спыніў яго Сакрат , - прасей спачатку тое, што збіраешся сказаць , праз тры сіты .
- Праз тры сіты ?
- Перш чым што-небудзь казаць , трэба гэта тройчы прасеяць . Спачатку праз сіта праўды. Ты ўпэўнены , што гэта праўда ?
- Не, я толькі чуў гэта .
- Значыць , ты не ведаеш , гэта праўда ці не. Тады прасеем праз другое Асіта - сіта дабрыні. Ты хочаш сказаць пра майго сябра нешта добрае?
- Не, насупраць.
- Значыць, - працягваў Сакрат , - ты збіраешся сказаць пра яго нешта дрэннае , але нават не ўпэўнены ў тым , што гэта праўда. Паспрабуем трэцяе сіта - сіта карысці. Ці так ужо неабходна мне пачуць тое, што ты хочаш распавесці?
- Не, у гэтым няма неабходнасці.
- Такім чынам, - сказаў на заканчэнне Сакрат, - у тым , што ты хочаш сказаць , няма ні праўды , ні дабрыні , ні карысці. Навошта тады казаць ?

Праверка задання са зваротам да інтэрактыўнай дошкі, дзе размешчаны тэкст з правільна падкрэсленымі дапаўненнямі , каментарыі і вывады.



7. Творчая хвілінка

А зараз мы падышлі да творчай работы.Уявіце сябе журналістамі і напішыце невялікае сачыненне або заметку на наступныя тэмы(на выбар):



  1. Пра што мне можа расказаць музей…

  2. Для чаго нам трэба ведаць мінулае ?

  3. Бабулін куфар.Што мне ў ім цікава?

У час працы над сачыненнем уключаецца песня ў выкананні ансамбля “Бяседа” Родная хата”(пры дапамозе стыліуса на інтэрактыўнай дошцы)

8. Фразеалагічная хвілінка

Работа ў парах

Уставіць неабходнае слова , растлумачыць фразеалагізм, вызначыць сінтаксічную ролю прапушчанага слова, калі гэта дапаўненне, вызначыць від і спосаб выражэння.

1.Ваду … таўчы.

2…..па вадзе пісана.

3.Да пары….ваду носіць.

4.За круглым … .

5 Не ў сваёй … .

Словы для даведкі : талерцы, збан, ў ступе, віламі, сталом.
9.Збяры прыказку

1.Бывала варона лапці абувала, ….

2. Каму шанцуе , ….

3. Адзін з сошкай , ….

4. Без начыння і

Словы для даведкі : а сямера з ложкай, той і ўлапцях танцуе, а цяпер грак ходзіць так, лапця не спляцеш.



10. Падвядзенне вынікаў урока

-Што мы даведаліся сёння на ўроку?

-Што такое дапаўненне?

-Якія бываюць дапаўненні?

-Чым выражаюцца дапаўненні?

-Ці могуць нас, сучасных людзей, зацікавіць прадметы мінулага ?

Будзем спадзявацца , што за сённяшні ўрок вы больш даведаліся пра мінулае, атрымалі этнаграфічныя веды, але вакол вас яшчэ столькі цікавых і непазнаных хатніх рэчаў. Хочацца вам пажадаць: часцей азірайцеся , сябры, назад у мінулае, каб не пагасла свечка на покуці - у хаце з матчынаю душою, каб лягчэй было ісці наперад, у будучыню, адчуць самабытнасць культуры нашага народа і ўбачыць, як жылі беларусы раней.

А азірацца ў мінулае нам дапамогуць этнаграфічныя музеі Беларусі. Самыя папулярныя з іх гэта: Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і быту(в.Азярцо), Музейны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналогій “Дудуткі “(прагляд відэароліка, калі дазваляе час), Гісторыка культурны музей запаведнік “Заслаўль”, музей адной хаты нядаўна расчыніў дзверы ў Свіслацкім раёне Гродзенскай вобласці. Таксама наведвайцеся і ў наш школьны музей.



11 Рэфлексія:

- Якія вашы ўражанні ад сённяшняга ўрока? Абгрунтуйце.



12. Дамашняе заданне

Параграф 24, практыкаванне 133 або скласці тэкст “У музеі”





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка