Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі




Дата канвертавання26.12.2016
Памер37 Kb.
Кардубан Ю.М.

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт,

Рэспубліка Беларусь
АБРЭВІЯЦЫЯ ЯК СРОДАК ЭЎФЕМІЗАЦЫІ

(НА МАТЭРЫЯЛЕ АНГЛІЙСКАЙ І БЕЛАРУСКАЙ МОЎ)
Дзеянне працэсаў эўфемізацыі грунтуецца на існаванні прагматычнай патрэбнасці да ўжывання эмацыянальна нейтральных слоў, сінанімічных такім лексічным адзінкам, якія ўяўляюцца непрыстойнымі, грубымі або нетактоўнымі. На нашу думку, магчымасці абрэвіятурнага словаўтварэння замяніць пэўную разгорнутую форму асобнымі літарамі або гукамі найлепшым чынам дазваляюць выкарыстоўваць скарочаныя словы ў эўфемістычнай функцыі для замяшчэння рэзкіх або непрымальных выразаў. Мяркуем, што эўфемізацыя ў выніку абрэвіяцыі заснавана на ўласцівасці абрэвіятур пераходзіць ад матываванага наймення ў разрад дэматываваных.

Для таго, каб пазбегнуць няёмкасці падчас гаворкі на такія далікатныя тэмы, як смерць, хвароба, фізіялогія чалавека, фізічныя і разумовыя недахопы, звычайна ўжываюцца менавіта сродкі эўфемізацыі. Што датычыцца абрэвіятур, прыналежных да дадзенай тэматыкі, то прыярытэт прынцыпу эўфемізацыі падчас утварэння такіх адзінак не з’яўляецца бясспрэчным. Эўфемізацыя ў такіх выпадках суправаджае вядучы прынцып эканоміі моўных сродкаў. Так, форма тэрміналагічных медыцынскіх абрэвіятур перш за ўсё накіравана на зручнасць выкарыстання, а эўфемістычнасць такія адзінкі набываюць дзякуючы свайму “абліччу”. Сапраўды, скарочаныя варыянты назваў шматлікіх хвароб і дыягназаў часта застаюцца незразумелымі для пацыента і такім чынам яны быццам скрываюць сваё сапраўднае значэнне. Напрыклад, severe acute respiratory syndrome, трансфармаванае ў SARS, сваёй новай формай дапамагае пазбегнуць празмернага страху грамадства перад атыповай пнеўманіяй. Аналагічны прагматычны эфект набываюць і беларускія абрэвіятуры ХНН (< хранічная ныркавая недастатковасць); КЭ (< клешчавы энцэфаліт); ХНЗЛ (< хранічнае неспецыфічнае захворванне лёгкіх); ПНР (< прыроджаныя недахопы развіцця). У англійскай мове абрэвіятура BSE (< bovine spongiform encephalopathy) здаецца не такой жахлівай як сінанімічнае словазлучэнне mad cow disease. Пазбегнуць ужывання табуіраванай лексікі (напрыклад, не гаварыць адкрыта пра смерць) дазваляе англійскае складанаскарочанае слова cremains (< cremated remains).

У разрад эўфемізмаў можна аднесці таксама скарочаныя адзінкі, што належаць да сферы фізіялогіі чалавека, напрыклад: PMT (< premenstrual tension); BO (< body odour); BM (< bowel movement). Пад уплывам прынцыпу тактоўнасці ўтвораны і такія эўфемістычныя абрэвіятуры, што падымаюць статус прафесіі, занятку, напрыклад: сантэхнік (< санітарны тэхнік); G-man (< garbage man). Прагматычнай устаноўкай скрыць негатыўную сутнасць з’явы характарызуюцца некаторыя скарочаныя лексічныя адзінкі ваенна-палітычнай сферы: KIA (< killed in action); IBM (< intercontinental ballistic missile); КАБ (< кіруемая авіяцыйная бомба); РДД (< ракета дальняга дзеяння).

У групу абрэвіятур, якія ўжываюцца замест лаянкавых і абразлівых зваротаў, у англійскай мове трапляюць такія адзінкі, як BS (< bullshit); B.F. (< bloody fool); T & A (< tits and ass); NBG (< no bloody good) і інш. На фоне непрыстойных, нават адыёзных карэлятаў падобныя лексічныя адзінкі, дзякуючы некаторай крыптычнасці іх абноўленай формы, успрымаюцца як менш зневажальныя і рэзкія. Аб гэтым сведчаць лексікаграфічныя крыніцы, у прыватнасці, тлумачальныя слоўнікі англійскай мовы. Так, згаданая вышэй абрэвіятура BS апісваецца ў слоўніку як эўфемізм адпаведнай утваральнай асновы [1], а скарачэнні NBG, B.F. суправаджаюцца нейтральнай паметай informal [2]. Не лічыцца лаянкавым і скарачэнне p.o.'d (< pissed off) ‘выйшаўшы з сябе, раззлаваны’.

Нарэшце, абрэвіятурная форма дазваляе завуаліраваць адмоўны характар пэўных з’яў сацыяльна-бытавой сферы, садзейнічае стварэнню этычна прымальнага, псіхалагічна “прывабнага” слова, напрыклад: ГМП (< генетычна мадыфікаваны прадукт); ППЛ (< папраўча-працоўны лагер); DP (< displaced person); demirep (< demi-reputable woman); OAP (< old age pensioner).

Такім чынам, абрэвіятурнае словаўтварэнне ў англійскай і беларускай мовах характарызуецца не толькі магчымасцю кампрэсіі моўных сродкаў, але і здольнасцю да выканання прагматычнай функцыі эўфемізацыі, звязанай у першую чаргу з пэўнай уласцівасцю абрэвіятур: пераходам ад матываванага наймення ў разрад дэматываваных.



Літаратура:

1. New Oxford American Dictionary. – Oxford, N. Y.: OUP, 2005.



2. Oxford Dictionary of English. – Oxford, N. Y.: OUP, 2003.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка