Мне Загібелька лепш Парыжа




Дата канвертавання09.10.2017
Памер137.83 Kb.
Тэма: “Мне Загібелька лепш Парыжа ...”

(Класная гадзіна для вучняў 5-7 класаў

пра жыццё Якуба Коласа на Пухавіччыне)
Мэты: 1. Пазнаёміць з жыццём Якуба Коласа ў нашым краі.

2. Развіваць уменні выразна чытаць вершы, пераказваць тэксты, выдзяляючы галоўнае, ставіць пытанні да тэкста, рабіць выcновы.

3. Выхоўваць любоў да роднага краю, гонар за яго гісторыю, прыгажосць роднай прыроды.

Абсталяванне: 1.Магнітафон, дыск ансамбля “Песняры” з песняй “Мой родны кут”.

2. Раздрукоўка словаў гэтай песні для раздачы вучням і развучвання на занятку.

3. Фотавыстава “Велапаход на Загібельку і возера Грымячае”, які быў ажыццёўлены нядаўна.

4. Клейкія паперкі (post-it)

Расстаноўка мэблі: “Кола”.

Ход урока


  1. Аргмомант

  2. Паведамленне тэмы і мэтаў заняткаў. Пастаноўка праблемы.

Жыццё класіка нашай літаратуры Якуба Коласа звязанае з нашай мясцовасцю. Якім чынам?

( Жыў з сям’ёй у Тальцы і Загібельцы).

Сёння мы пазнаёмімся з гэтай старонкай у гісторыі нашай вёскі, з гэтым фактам у біяграфіі паэта. Мы прачытаем некаторыя вершы класіка пра нашу вёску.

Мяне заўсёды цікавіла такое пытанне – чаму славуты паэт выбраў для адпачынку менавіта нашу мясцовасць? Павінна ж быць нейкае рацыянальнае тлумачэнне гэтаму факту. Мы жывем у Тальцы - такіх населеных пунктаў у Беларусі сотні, а можа і тысяча. Што мы думаем пра наша мястэчка – чым яно адметнае – чаму паэт некалькі гадоў на лета прыязджаў сюды? Чаму ён сказаў : “Мне Загібелька лепш Парыжа”? Давайце паспрабуем адказаць на гэта пытанне зараз.

Дзеці выказваюць свае меркаванні на прапанаванае пытанне.

Пасля гэтага настаўнік прапануе вярнуцца да гэтага пытання напрыканцы ўрока, пасля таго, як пазнаёмімся з інфармацыяй пра жыццё Якуба Коласа ў Тальцы, прачытаем яго вершы.



  1. Вывучэнне тэкстаў пра жыццё Якуба Коласа ў Тальцы.

Можна зрабіць гэта проста на ўроку у групах. Для гэтага клас падзяляем на групы – у залежнасці ад колькасці вучняў у класе і ад сэнсавых кавалкаў тэкста: 3-5 груп. Тэкст – гэта артыкул “Якуб Колас у нашым краі” з кнігі “Талька і наваколлі”, с. 41-45 (Дадатак 1). Сэнсавыя часткі тэкста:

1) Успаміны Таццяны Аляксандраўны Ждановіч пра Коласа. С. 41.

2) Успаміны Таццяны Антонаўны Кандрацьевай. С. 41-42.

3) Апісанне талькаўскіх мясцін і людзей у паэме “Міхасёвы прыгоды”. С. 42.

4) Успаміны Вольгі Сцяпанаўны Бранавіцкай пра жыццё паэта ў стражы і Загібельцы. С. 43.



  1. Пра возера Грымячае. С. 44.

Кожная з груп атрымлівае адзін з пяці кавалкаў артыкула, на працягу 7-10 хвілін вучні (кожны самастойна) чытаюць свой тэкст, вылучаюць галоўнае, абмяркоўваюць яго ў сваёй групе, каб потым прэзентаваць тое, што яны даведаліся, для ўсіх.


  1. Прэзентацыя прачытанай інфармацыі групамі.

Кожная з груп расказвае, што яны даведаліся пра паэта ў Тальцы і Загібельцы. Перад гэтым настаўнік прапануе усім, хто слухае, прыдумаць па гэтых аповядах пытанні віктарыны “Якуб Колас у Тальцы”. Для таго, каб напісаць свае прыдуманыя пытанні, ўсім выдаюцца клейкія паперкі.



Варыянт. Калі няма магчымасці раздрукаваць столькі тэкстаў для кожнага вучня, можна даць папярэдне заданні 4-5 вучням, каб яны дома падрыхтаваліся па кніжцы “Талька і наваколлі” і расказалі на класнай гадзіне для ўсіх, якія цікавыя факты пра Коласа ў Тальцы яны даведаліся.

Пытанні настаўніка для абмеркавання аповядаў груп.



  • Што вас здзівіла у расказах пра жыццё паэта ў Тальцы?

  • Як характарызуе паэта выпадак, што расказала Т. А. Кандрацьева?




  1. Вершы Якуба Коласа пра Тальку чытаюць вучні.

Вершы былі раздадзеныя загадзя, вітаецца чытанне выразнае, на памяць. Настаўнік прапануе вызначыць, хто з чытальнікаў прачытае лепш за ўсіх. Можна ўзяць не ўсе вершы цалкам, а ўрыўкі з іх. Тэксты вершаў – дадатак 2. Пытанні для класа пасля чытання вершаў:

- Які з вершаў паэта пра наш край вам спадабаўся больш? Чаму?

- Хто з чытальнікаў прыгажэй прачытаў ?



6. Развучванне песні “Мой родны кут”, словы Якуба Коласа, музыка Ігара Лучанка.
Гэты верш паэт напісаў не пра Тальку, а пра сваю радзіму – Стаўбцоўшчыну, але ў тым, напэўна, і заключаецца талент творцы – ён здолеў выказаць пачуцці кожнага, хто любіць свой край. Здаецца, гэта пра мой родны кут спяваюць “Песняры”. Дарэчы, мелодыю гэтай песні стварыў наш зямляк Ігар Лучанок, які нарадзіўся ў Мар’інай Горцы. Спачатку слухаем песню ў выкананні ансамбля “Песняры”, потым спяваем самі. Словы песні “Мой родны кут” раздаем кожнаму. (Дадатак 3).


  1. Падвядзенне вынікаў заняткаў.

Якія пытанні віктарыны “Якуб Колас у Тальцы” вы прыдумалі? Кожны напісаў сваё пытанне на клейкай паперцы, выходзіць да дошкі, гаворыць прыдуманае пытанне і прымацоўвае паперку на дошку. Класу прапануецца адказаць на кожнае з пытанняў.



Пытанні віктарыны “Якуб Колас у Тальцы, прыдуманыя вучнямі:

    1. Якія хаты, месцы ў Тальцы звязаныя з жыццём Я. Коласа?

    2. З кім з талькаўцаў паэт пасябраваў?

    3. Хто з сяброў Канстанціна Міхайлавіча прыязджаў да яго ў Тальку?

    4. Якія творы былі напісаныя класікам у нашай мясцовасці?

    5. Якія мясціны, урочышчы ў нашым краі апеў Колас?

    6. Якая сям’я ў паэта?

    7. Як сам Колас напісаў пра тое, чаму ён прыехаў у Тальку ўпершыню ў 1933 годзе?

    8. Як у Тальцы ўвекавечаная памяць пра паэта?

    9. Дзе знаходзілася вёска Загібелька ?

    10. Чаму возера называецца Грымячае?

Пасля правядзення віктарыны настаўнік прапануе вярнуцца да таго пытання, якое было пастаўлена ў пачатку заняткаў:

Чаму Якуб Колас выбраў для адпачынку ў 1933 – 1935 нашу Тальку? Што ў ёй такое асаблівае, чым яна “лепш Парыжа”?

Адказы на гэтае пытанне дзеці накідваюць ў форме мазгавога штурма, настаўнік занатоўвае іх на дошцы.

Адказы на гэтае пытанне былі наступныя:


  • У нашай Тальцы вельмі прыгожая прырода – рэкі Таль, Свіслач, лясы, балоты, возера Грымячае.

  • Тут багаты край – шмат грыбоў, ягад, у рэках можна лавіць рыбу.

  • У нашай вёсцы жывуць харошыя людзі – добрыя, працавітыя, разумныя, з якімі паэт пасябраваў на ўсё жыццё.

  • Родны кут Якуба Коласа ў 1920-30-ыя гады апынуўся ў Польшчы, таму туды ездзіць у адпачынак паэт не мог. Вось ён і знайшоў на Пухавіччыне месца, падобнае на яго родную Стаўбцоўшчыну.

  • Бацька паэта быў ляснік, дзяцінства Кастуся прайшло ў лесе, у леснічоўках, таму і для адпачынку з сям’ёй Канстанцін Міхайлавіч знайшоў такі ж лясны край – нашу Тальку, жыў у стражы ў лясніка Бранавіцкага, у хаце у Яўсейчыка, які працаваў памочнікам ляснічага.

Пасля гэтага настаўнік можа спытаць вучняў: “Які з адказаў вам падаецца найбольш пераканаўчым?”




  1. Рэфлексія.

Настаўнік прапануе кожнаму з вучняў адказаць на адно з гэтых пытанняў.

- Што цікавае вы даведаліся на сённяшніх занятках?

- Як сябе адчувалі на ўроку?

- Што спадабалася?

- Што не спадабалася?



Дадатак 1. Урывак з кнігі “Талька і наваколлі” Н. Ільініч, с. 41-45.

Якуб Колас у нашым краі

Летам 1933 і 1934 г. Якуб Колас жыў у Тальцы ў хаце памочніка ляснічага Цэльскага лясніцтва Аляксандра Іванавіча Яўсейчыка. Хата гэта захавалася і да сённяшняга дня. Доўгі час у ёй жыла дачка Аляксандра Іванавіча Таццяна Аляксандраўна Ждановіч. Яна ўспамінала: «У Тальку Колас прыязджаў разам з жонкай Марыяй Дзмітрыеўнай і трыма сынамі — Юркам, Данілам і малым Міхасём. Жонка Якуба Коласа была настаўніцай. Юра загінуў на фронце ў час Вялікай Айчынай вайны. Даніла доўгі час працаваў дырэктарам Коласаўскага музея ў Мінску. А Міхась стаў вучоным, доктарам фізіка-матэматычных навук. У Тальцы Якуб Колас напісаў «Міхасёвы прыгоды» і «Дрыгву». Жывучы ў нас, часта хадзіў у лес, на рэчку. Цёмна яшчэ, а дзядзька Кастусь бярэ мяне і мы ідзём у грыбы. Пакуль дойдзем — развіднее, можна ўжо збіраць. Любіў ён таксама вудзіць рыбу.

У Тальку да Я. Коласа прыязджалі З. Бядуля, П. Броўка, П. Глебка і іншыя вядомыя людзі. Асабліва запомнілася шчырасць, дабрыня Канстанціна Міхайлавіча ў адносінах да дзяцей». Таццяна Яўсейчык пасля заканчэння Талькаўскай школы вучылася на рабфаку, потым закончыла медыцынскі інстытут, стала заслужанным урачом Беларусі. Шмат гадоў працавала галоўным урачом талькаўскай бальніцы. Усе талькаўцы добрым словам успамінаюць гэтую жанчыну.

Расказвае Таццяна Антонаўна Кандрацьева (з дому Хахлуноў), 1920 года нараджэння: «Малая я пасвіла цялят слабодскіх — штук 50 — па беразе Талі. На яме (глыбокая маясціна на Талі) Якуб Колас лавіў рыбу. Здалёк ён пазваў мяне і папытаў, чаму мяне такую маленькую матуля паслала пасвіць цялят. Я адказала, што мама мяне не пасылала, бо памерла, я сірата. Дзядзька ўзяў мяне на рукі, пагладзіў па галаве і спытаў, ці люблю я цукеркі. Я цукерак тады яшчэ не ела, толькі бачыла каляровыя паперкі ля чыгункі і, бывала, збірала іх. Іх выкідалі людзі, што праязджалі на цягніку міма нашай будкі. Будка — гэта хатка, у якой мы жылі з бацькам ля чыгункі, ён працаваў абходчыкам. Так я і сказала гэтаму чалавеку. «Прыганяй заўтра сюды цялят, добра?» — прапанаваў мне незнаёмец. Назаўтра Якуб Колас (мне сказалі большыя дзеці, што купаліся на Талі непадалёку, што я размаўляла з вельмі славутым пісьменнікам — Якубам Коласам) прынёс мне цэлы кілаграм цукерак».

Вось такую гісторыю пра паэта расказала нам Таццяна Антонаўна ў 2003 г.

У паэме «Міхасёвы прыгоды» мы пазнаём апісанні нашых талькаўскіх мясцін і людзей. Вось расказваецца пра яму на Талі, дзе вельмі добра ловіцца рыба:

Не адзін Міхась на яме:
Тут, па ўзберагу ракі,
На спаборніцтва з яршамі
Селі чуйна рыбакі.
Лёнька тут са стражы —
Хлопчык нехлямяжы,
Тут і Ванька з будкі,
Дасціпны і гнуткі,
І Яўсейчык Мішка,
Паўлік, Цішка, Грышка.
Хоць сабе малыя,
Але удалыя.

Гэтыя дзеці зараз ужо сталыя людзі, помняць, як вудзілі рыбу на яме з дзяцькам Кастусём. А вось яшчэ адно месца, знаёмае слыху талькаўцаў, — Ласіныя ямы. Гэта паляна ў лесе, багатая на ягады. Пра яе таксама піша Якуб Колас у «Міхасёвых прыгодах»:

Пранеслася чутка
Па калгасных хатах,
Што суніц у лесе
Нарасло багата,
Што зямля ад ягад
У чырвоных плямах,
Што іх дужа многа
У Ласіных ямах.
Што гэта за ямы?
І чаму Ласіны?
Сам сябе пытае
Розум той дзяціны.

Улетку 1935 г. паэт з сям’ёй жыў у лесніка Волеся Ануфрыевіча і Вольгі Сцяпанаўны Бранавіцкіх у Загібельцы. Знаходзілася Загібелька на процілеглым беразе Талі, за руднянскім мостам направа. Цяпер гэтай вёскі няма.

Успамінае В. С. Бранавіцкая: «Жылі мы ў стражы — хаце-леснічоўцы, трошкі зводдаль ад Загібелькі, злева ад дарогі. Цяпер там за­сталася толькі паляна сярод лесу і камяні на ёй. Але ж во не зарастае месца лесам. Раніцай Канстанцін Міхайлавіч ідзе ў грыбы, а я распальваю печ, мы з Марыяй Дзмітрыеўнай гатуем снеданне. Не паспее яшчэ і раса падняцца, наш грыбнік ужо тут, з поўным кошыкам. Грыбы ён вельмі любіў збіраць і ўмеў. Перабіраў сам, раскладваў у копы (капа — 60 штук) па велічыні — капа вялікіх, капа сярэдніх, капа маленькіх. Грыбы варылі, смажылі, сушылі рэшту ў печы на зіму. Хадзілі ўсёй сям’ёй у ягады — суніцы, чарніцы, маліны. На Талі, недалёка ад чыгуначнага маста было вельмі глыбокае месца — яма. Тут Колас з талькаўскімі дзецьмі лавіў рыбу. Цяпер ямы няма, бо Таль памялела з-за асушэння балот».

Вольга Сцяпанаўна паказала нам месца, дзе была стража і вёска Загібелька. Ніякіх слядоў чалавечага жытла там не засталося. Цяжка паверыць, што можа вось так знікнуць вёска, і гэта адбылося на працягу аднаго чалавечага жыцця.

Вышлі на поле
Каля Загібелькі,
Рэдка пабачыш
Гэткай зямелькі:
Суха і чыста,
Вымецена нібы,
Вёска на горцы,
Дрэвы ўскрай сядзібы
Важна стаяць там,
Дзядзькі-азяроды
Дбала вартуюць
Гумны, гароды.
Буслы на хвоях
Маюць свой будынак.
Вуллі-калоды
Там знайшлі прыпынак.

Так у паэме «Міхасёвы прыгоды» паэт апісаў выгляд Загібелькі. Улетку 1935 г. Якуб Колас ездіў на Сусветны кангрэс міру ў Парыж. Пра гэта К. Крапіва напісаў эпіграму:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе,
То ў Загібельцы, браце, лепш —
Грыбоў няма ў Булонскім лесе,
А ў Сене — хоць бы адзін лешч.

Якуб Колас адказаў яму:

Калі агледзіш хвайнякі
І гэты кут пазнаеш бліжэй,
Збіраючы баравікі, —
То вывад я раблю такі:
Мне Загібелька лепш Парыжа.

Я. Колас хадзіў вудзіць рыбу на возера Грымячае. Гэтая таямнічая мясціна знаходзіцца на поўдзень ад Рудні ў лесе на адлегласці 7-8 кіламетраў. Нялёгкі быў шлях да яго. Мы з дзецьмі нават заблукалі на лясных сцежках і, мабыць, не знайшлі б гэтае возера, калі б нам не дапамог Павел Ільіч Малькоў, жыхар Талькі. Ён правёў нас да жаданай мэты. І вось нарэшце мы маглі закрычаць словамі паэта:

А вось і возера-акно,
Якога мала дзе пабачыш,
Такое дзікае яно,
Сярод балоцішча адно, —
Завуць яго чамусь Грымячым.

Сапраўды — адкуль такая назва? Дзед Павел патлумачыў нам, што так назвалі гэтае возера з-за таго, што яно знаходзіцца ў балоце, пад ім пласты торфу, ідзе працэс торфаўтварэння. Пры гэтым выдзяляюцца бурбалкі сярністага газу. Вось вам і гром. Яшчэ пра Грымячае расказваюць такую легенду.

У Руднянскім лесе ёсць балота, а пасярод яго возера. Падысці да яго немагчыма — берагі вагаюцца. Кажуць старыя людзі, што раней на гэтым месцы замак стаяў. У замку тым жыў багаты і дужа ганарлівы шляхціц. Нядобрая слава ішла ў наваколлі пра гэтага чалавека — быў ён жорсткі і скнарлівы. У пана таго была прыгажуня дачка, якую ён вельмі любіў.

Аднойчы разгулялася непагадзь — холад, вецер, дождж. Прыйшоў да замка нейкі здарожаны чалавек і папрасіўся пераначаваць. Жыў той прышлы ў замку два дні і дзве ночы. За гэты час ён заўважыў, як пан здзекуецца над сваімі слугамі. Тады падарожны заступіўся за слуг пана. Пану гэта не спадабалася, і ён прагнаў прышлага. Адыходзячы, вандроўнік сказаў шляхціцу: «Калі твая дачка будзе гатаваць ежу і ў яе выпадзе з рук і разаб’ецца яйка, тады твой замак праваліцца пад зямлю».

Праз тры дні так і адбылося. Дачка ўпусціла яйка, і яно разбілася. У той жа час-момант загрымеў гром, пачаўся страшэнны лівень. Апоўначы замак праваліўся — утварылася возера. Часам яно грыміць, калі прыслухацца. Нібыта злуецца, гырчыць той жорсткі пан. Ад таго возера і завуць Грымячым.
У наступныя гады Якуб Колас усе леты праводзіў на Пухавіччыне. Ён жыў у вёсках Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка. Шмат вершаў было напісана ім пра Пухавіцкую зямлю і яе людзей.

У лістападзе 1997 г. у Тальцы, на будынку чыгуначнага вакзала, была ўстаноўлена памятная дошка. На ёй напісана: «На Пухавіччыне (Талька, Загібелька, Падбярэжжа, Вусце, Беразянка, Балачанка) у 1933—40, 1946—56 гадах адпачываў і працаваў народны паэт Беларусі Якуб Колас (К. М. Міцкевіч)». На свята ў школу з гэтай нагоды прыязджалі госці: Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч — малодшы сын паэта, Генрых Далідовіч — пісьменнік, зямляк Я. Коласа, Алесь Карлюкевіч — журналіст, краязнаўца Пухавіцкай зямлі. Госці гаварылі пра паэта і Пухавіччыну. Міхась Канстанцінавіч расказваў пра свае дзіцячыя ўражанні, што засталіся ад талькаўскіх людзей, мясцін. Вучні прачыталі вершы Я. Коласа пра Тальку, Загібельку, возера Грымячае.


Дадатак 2.

Вершы Якуба Коласа пра Тальку.

Урыўкі з паэмы “Міхасёвы прыгоды”


1

Талька – слаўная рачушка,

Грунт яе пясчаны,

Бераг мяккі, як падушка,

Дзірваном засланы.

Луг квяцісты на ўзбярэжжы,

А трава, як лава.

Па грудах дубы, як вежы,

Паглядзець цікава.

А буслоў тых і не злічыш –

Цэлыя брыгады!

І такія іх абліччы,

Бы вядуць нарады.

Тут і чаплі, гусі, качкі,

І сіваваронкі,

Колькі шуму і гарачкі,

Спеву і гамонкі!

А звярніце вашы вочы

Вось у гэту Тальку:

Зачаруе каго хочаш –

Лёню і Натальку.

2

Выйшлі на поле Каля Загібелькі



Рэдка пабачыш Гэткай зямелькі:
Суха і чыста,
Вымецена нібы,
Вёска на горцы,
Дрэвы ўскрай сядзібы
Важна стаяць там,
Дзядзькі-азяроды
Дбала вартуюць
Гумны, гароды.
Буслы на хвоях
Маюць свой будынак.

Вуллі-калоды


Там знайшлі прыпынак.

Хвойнік навокал,

Ды густы, як шчотка,

Бор і пралесак

Між ім, як бародка.



Загібелька

Быць можа я крыху дзівак,



Але люблю я Загібельку:

Там кожны хвойнік мне сваяк,

Там ясным днём надрэчны гак

Мне суліць мяккую пасцельку.

Хадзіў я там, вітаў усход

І першыя праменні сонца

Штодзень выводзяць у паход,

А з ім і хмарак карагод,

Замлеўшы смехам на сасонцы.

Запыніш крок. Спакой і ціш –

Былінка нават не схіснецца,

А ты разважліва стаіш,

Бы нейкі сон дзівосны сніш,

І песня нейкая снуецца.

Зірнеш на дол – убогі ён,

Адзін пясок, сухі, нішчымны,

Ды колькі тут наткаў красён

Чаборык, мох, зязюльчын лён

І верасок агніста-дымны!

І колькі мілых красак тут

Разлівам чырвані палае!

Над імі звон, музычны гуд –

На пустцы сонца творыць цуд

І радасць шчодра пасылае.

Ідзеш у свой абход адзін,

Мінаеш сотні паваротак.

Ускрай баркоў шатры хваін

Стаяць у постацях жанчын, -

Вітаеш іх, як родных цётак.

Ідзеш кілометр, два і тры,

Праходзіш пусткі, пералескі,

І песні сыплюцца згары,

Ды так што слухаюць бары,

Надзеўшы вычварныя фескі.

А вось і возера – акно,

Якога мала дзе пабачыш,

Такое дзікае яно

Сярод балоцішча адно, -

Завуць яго чамусь Грымячым.

Само ж балота – шыр і гмах,

Панурай немасцю акута.

Глядзіш, і горне цябе страх.

А хвоек там мільён папах,

Дзесяткі тысяч парашутаў.

На філасофскі часам лад

Настроіш думкі ты ў самоце.

Што ні кажы, наш край багат!

Балотам зробім шах і мат,

І будуць нівы на балоце.

Калі агледзіш хвайнякі

І гэты кут пазнаеш бліжай,

Збіраючы баравікі, -

То вывад я раблю такі:

Мне Загібелька лепш Парыжа.

4 чэрвеня 1935г.

Верш “Загібелька з’яўляецца адказам на эпіграму Кандрата Крапівы і сяброўскі шарж В. Волкава:

Быў я ў Парыжы на кангрэсе, -

То ў Загібельцы, браце, лепш:

Грыбоў няма ў Булонскім лесе,

А ў Сене – хоць бы адзін лешч.



Над Свіслаччу

............................................................................

Усходзіць сонца з-за Блужскага Бору

І сцеле на ўзгоркі парчу залатую,

Развешвае чырвань на хвою вунь тую,

Што туліць, як маці, сям’ю маладую

Хваінак, паросшых па касагору.

.............................................................................................

Выходжу на луг, на Свіслач шыбую –

Ды з вудамі, з хлебам, з чарвямі і босы.

Мне ногі змываюць крыштальныя росы.

Я моўчкі вітаю дзень многагалосы,

Дубоў грамаду, красу лугавую.

..............................................................................................

Гляджу я на іх, нібы на знаёмых,

Ды далей мкну хутка па мяккаму груду.

Прыходжу на Свіслач, раскручваю вуду

На злосць і на зайздрасць рыбацкаму люду –

Рыбак рыбака ня любіць, вядома.
А Свіслач жыве , бяжыць неўгамонна,

Разлёгшыся ў травах, у выспах пясчаных.

А колер – то цёмны, то светла-румяны –

Ад яснага неба, ад чыстай паляны,

Ад дрэў і кустоў, ад ценяў бяздонных.
Насупраць – кручок, куток маляўнічы,

Там буйна буяюць кусты зеляніны

Абапал заглухлай старой азярыны,

Дзе раніцай голас звініць салаўіны,

Дзе многа звяркоў і рознае дзічы.
Мне ўсё тут знаёма: і Балачанка, -

Яна тут у Свіслач якраз упадае, -

І зарасляў хмызу града маладая,

І блужскае поле, і пустка глухая,

І тыя груды, і тая палянка.
Я чую – з Вусця даносяцца гукі,

Пявун заспявае, адлічыць часінкі,

І смех бестурботны дзятвы ля адрынкі,

І крык распачлівы плаксівай дзяўчынкі,

Рып студні, сякеры мерныя стукі.
Успомню любоўна ўбогія хаткі,

І груд мой вусцянскі, і бераг зялёны,

Дзе гнуткія лозы б’юць рэчцы паклоны.

Я знаю вусцянцаў і ўсе іх імёны, -

Язэп Рымашэўскі, Жук і тры Дзяткі.

..................................................................................................

Я рады і лету і людзям калгасным,

Прыгоству і чарам мне родных мясцінак,

І тысячам кветак, мільёнам былінак,

Што нам аздабляюць жыццё, адпачынак.

Няхай жа ім вечна дзень свеціць ясны!

13 чэрвеня 1939 г.







База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка