Модуль 1 Мэты. Атмасфера ў класе. Як зацікавіць вучняў




Дата канвертавання13.10.2018
Памер132.63 Kb.



Модуль 1

Мэты.

  1. Атмасфера ў класе. Як зацікавіць вучняў

Перш чым прыступіць да працы, давайце падумаем аб тым, якая атмасфера пануе ў класе і ці будзе яна спрыяць навучанню без суперніцтва. Калі мы прыйдзем да высновы, што ў вучнёўскім калектыве пануе канкурэнцыя, што дзеці прывыклі працаваць за ўзнагароду - ацэнку, пахвалу, значок выдатніка – то задумаемся, як змяніць гэта. Чаму гэта важна? Бо калі ў нас ёсць "лепшыя", то будуць таксама "слабейшыя" ці "горшыя". Яны ў сваю чаргу будуць працаваць, каб пазбегнуць пакарання. Яны таксама будуць баяцца задаваць пытанні і даваць адказы, каб не паставіць сябе ў нязручнае становішча. І не толькі ў вачах настаўніка, але таксама (магчыма, перадусім) у вачах таварышаў. Гэта таксама можа прывесці да таго, што яны будуць байкатаваць ўрок, уводзіць свайго роду моду на невуцтва, прыдзірацца да выдатнікаў.

Неабходна паразмаўляць з вучнямі пра выкарыстанне актыўнай ацэнкі, якая можа дапамагчы кожнаму з іх. Варта спытаць у вучняў, чаму яны ходзяць у школу і чаго яны чакаюць ад школы. Вы таксама павінны паведаміць вучням, што разам з імі Вы будзеце ўводзіць новую методыку навучання і будзеце адкрытымі для іх каментароў на гэтую тэму. Магчыма, спачатку трэба ўвесці новыя прынцыпы супрацоўніцтва, растлумачыць, што навучанне з'яўляецца агульнай задачай усяго класа, што з гэтага моманту вопыт кожнага вучня з'яўляецца важным і карысным для іншых. Сутнасць заключаецца ў тым, каб вучні адчулі, што мы з імі, а не супраць іх.

Вы таксама можаце паведаміць вучням, што АА ўводзіцца ў школе, што Вы маеце намер інфармаваць іншых настаўнікаў аб актыўнай ацэнцы і што Вы разлічваеце на іх дапамогу ў гэтай справе. Было б добра каб навучанне стала агульнай справай настаўнікаў і вучняў, якія тады стануць Вашымі сюзнікамі.

Памятайце, наколькі важная задача стаіць перад настаўнікам. Яго роля заключаецца ў падтрымцы вучняў, а не толькі ў іх ацэньванні і дэманстрацыі таго, як мала яны яшчэ ведаюць.



Пытанне да справаздачы:

Апішыце, якім чынам Вы паінфармавалі вучняў пра выкарыстанне актыўнай ацэнкі? Як вучні адрэагавалі?



Свядомае планаванне мэтаў

У першым модулі мы даведаемся пра важнасць вызначэння мэтаў урока як для настаўніка, так і для вучня.

Прыступаючы да планавання ўрока, задайце сабе пытанне: НАВОШТА Я БУДУ ВУЧЫЦЬ ГЭТАМУ СВАІХ ВУЧНЯЎ?

Цяпер адкажыце на пытанні:

 Што будзе карысным для іх?

 Як дзеці будуць выкарыстоўваць гэта ў будучыні?

 Што яны будуць умець (ведаць) пасля майго ўрока?

 Што яны будуць памятаць з гэтага ўрока некалькі гадоў?

На жаль, сам адказ, што гэтая тэма прадугледжана праграмай, не з'яўляецца дастатковым. Вядома, можа здарыцца, што тэма, якую Вы хочаце "перарабіць" з вучнямі, гэта проста мост да іншай, больш важнай тэмы. Але Вы павінны ведаць, што гэта так, павінны памятаць, што гэту інфармацыю трэба перадаць вучням.

Пытанні да справаздачы:

Запішыце дзве тэмы ўрока:

Для кожнай з вышэйзгаданых тэм напішыце, што вучні ўжо ведалі раней па гэтай тэме і што з гэтага Вы выкарысталі на ўроку.

Вызначэнне мэтаў. Тлумачэнне мэты ўрока вучням

Вашы вучні павінны ведаць, што яны вывучаюць і навошта. Калі яны ведаюць мэту навучання, Вам лягчэй будзе разам ісці да яе дасягнення.

Выкарыстаем такое параўнанне: нейкі чалавек пайшоў на прагулку. Ён мог пайсці па розных сцежках, але не меў мэты сваёй прагулкі. Таму ён прайшоў па ваколіцах, выбіраючы розныя сцежкі, але не пабачыў усіх цікавых месцаў, таму што нават не ведаў аб іх існаванні. У наступны раз чалавек даведаўся, што ў наваколлях ёсць вельмі цікавыя месцы для наведвання, запланаваў сваю вандроўку, распрацаваў маршрут і наведаў усё, што хацеў пабачыць.

Тое ж і з вучнем, які ведае толькі тэму ўрока, але не ведае яго мэту, не ведае, што ён павінен вывучыць і навошта. Калі мы адкрыем яму таямніцу, навошта мы вучымся, ён будзе нашым саюзнікам і яго можна будзе пераканаць паскорыць тэмп навучання або нейкі час засяродзіцца на важным пытанні.



Пытанне да справаздачы:

Прывядзіце мэты ўрока, якія Вы вызначылі для сябе перад урокам для кожнай з прыведзеных тэм.



Разуменне мэтаў урока вучнямі

Калі Вы ўжо вызначылі мэты ўрока, Вашу мэту, паспрабуйце выказаць яе на мове вучняў. Згадайце сабе аднаго з Вашых вучняў, які часта выклікае праблемы, і падумайце, ці сапраўды ён зразумее мэту, якую Вы прадставіце яму.

Каб стаць спецыялістамі ў фармулёцы мэтаў урокаў на мове вучняў, можна патлумачыць мэту ўрока дзецям, а потым папрасіць іх, каб яны ў парах сказалі адно аднаму, што зразумелі і як сфармулявалі б гэтую мэту іншымі словамі. Так Вы пабачыце, ці ўсе вучні добра зразумелі мэту ўрока.

Вось некаторыя прыклады мэтаў урока:

Тэма: Кругазварот вады ў прыродзе.

Мэты ўрока:

1. Вучні прачытаюць і абмяркуюць тэкст "Што больш каштоўнае, чым золата?"

2. Разгледзяць розныя меры па эканоміі вады ў прыродзе;

3. Вучні змогуць растлумачыць цыркуляцыю вады ў прыродзе;

4. Змогуць рашыць простыя і складаныя заданні па тэме.

Мэты на мове вучня:

1. Даведаюся, чаму вада "скарб больш каштоўны, чым золата";

2. Даведаюся, як эканоміць ваду;

3. Растлумачу, як вада цыркулюе ў прыродзе.



Тэма: Параўнанне дробаў

Мэты:

Вучань:


1. Параўноўвае дробы з аднолькавымі і рознымі назоўнікамі;

2. Адрознівае дробы (меншыя за 1, большыя за 1, меншыя за 1/2).



Мэты на мове вучня:

Пасля ўрока я буду ўмець:

1. Паказваць, які дроб большы, а які меншы;

2. Вызначаць, якія з дробаў большыя, а якія меншыя за ½ і 1.



Тэма: "Ich Liebe Dich" / Кахаю цябе

Мэты:

  1. Вучань ужывае ў пісьмовым і вусным маўленні лексіку па тэме;

  2. Можа выкарыстоўваць асабовыя займеннікі ў вінавальным склоне ў адносінах да асоб і да рэчаў.

Мэты на мове вучня:

1. Пасля ўрока я навучуся выкарыстоўваць асабістыя займеннікі ў вінавальным склоне ў адносінах да асоб і да рэчаў. (Буду ведаць, напрыклад, як сказаць: "Я люблю яе / Я люблю яго, шукаю іх, я не магу іх знайсці”);



Тэма: Рэльефная дзейнасць рэк

Мэты:

  1. Вучні азнаёмяцца з рэльефатворчымі працэсамі: эрозіяй, пераносам і назапашваннем;

  2. Навучацца адрозніваць лейкападобнае і дэльтападобнае вусці ракі.

Мэты на мове вучня:

1. Буду ведаць інтэнсіўнасць рэльефатворчых працэсаў - эрозіі, пераносу і назапашвання ў верхняй, сярэдняй і ніжняй частках ракі;

2. Навучуся адрозніваць, ці мае рака лейкападобнае або дэльтавіднае вусце.

Пастаяннае інфармаванне вучняў пра мэты ўрока пераносіць частку адказнасці за навучанне з настаўніка на вучняў. Мэта, да якой мы імкнемся, становіцца агульнай. Дасягненне мэты становіцца не проста задачай настаўніка, але агульным падарожжам вучняў разам з правадніком. Настаўнікі часам думаюць, што калі пакідаюць мэту ўрока невядомай для вучняў, то апошнія разглядаюць іх як людзей, што ведаюць значна больш, чым яны. Але тое, што настаўнік ведае значна больш за вучняў, відавочна і не дапамагае ім вучыцца, не робіць навучанне больш эфектыўным.

А вось тое, што настаўнік дзеліцца з вучнямі сваімі мэтамі, якія ён хоча дасягнуць з імі, уплывае на іх ўцягванне ў працэс дасягнення мэтаў. Раскрыццё таямніцы, мэты ўрока, з’яўляецца частковым адыходам настаўніка ад поўнага кантролю працэсу навучання.

Гэта выклікае пэўны непакой у настаўніка, які дагэтуль меў поўны кантроль над тым, што адбываецца ў класе. Вучні ведалі пра гэта, згаджаліся з гэтым, на гэтым трымалася школа. Калі Вы будзеце інфармаваць вучняў аб Вашых мэтах і заклікаць іх узяць на сябе адказнасць за іх выкананне, Вы можаце сутыкнуцца з супрацівам з боку вучняў. Іх звычкі іншыя, а прыманне на сябе адказнасці за навучанне атаясамліваецца з намаганнямі, якіх яны не хацелі б добраахвотна прыняць. Вы можаце пачуць: “Навошта нам гэта мэта, скажыце лепш самі, што мы павінны вывучыць на класнай рабоце". Вы можаце адчуць сябе збянтэжаным і захацець вярнуцца да сваіх традыцыйных метадаў. Каб пазбегнуць гэтага, трэба прыкласці намаганні, каб інфармаваць вучняў пра тое, чаму вы хочаце падзяліцца з імі сакрэтам, мэтай урока. Вы таксама можаце вызначыць спосаб інфармавання вучняў, а можаце разам з дзецьмі вызначыць мэту ўрока. Вы павінны падумаць, як прадставіць мэту ўрока вучням. Або Вы напішаце іх на дошцы, або прадыктуеце дзецям, або раздасце карткі з мэтамі ўрока, якія трэба будзе ўклеіць у сшыткі?

Арыгінальную ідэю прапанавала настаўніца англійскай мовы ў першым класе пачатковай школы:

"Каб вучням цікава было выконваць мэты ўрока, мы вырашылі, што будзем запісваць іх на мове вучняў на невялікіх лістках кардону, падобных да сярэднявечнай цэглы. З дапамогай гэтых цаглінак, якія ў канцы ўрока мы ацэнім як дасягнутыя мэты, мы будзем будаваць замак на тыльнай сцяне класа. Цагліны можна будзе складаць па-рознаму, а таксама прыбіраць, калі пэўны матэрыял вучань забыў. Тады адтуліна ў сцяне пакажа, наколькі важным з’яўляецца агульнае разуменне матэрыялу.

Паколькі ў класе пастаянная праблема з дысцыплінай, і так здарылася, што гэта клас добрых і гатовых працаваць дзяўчынак і праблемных хлопчыкаў, мы вызначылі, што ўрокі, калі ўсе працуюць, будуць мець прывілей стварэння акна або нават вітража ў замку. З часам замак можа ператварыцца ў асабняк або палац".

Пытанні да справаздачы:

Апішыце метад азнаямлення вучняў з мэтамі ўрока. Пазначце яго перавагі і недахопы.

Запішыце мэты ўрока мовай вучняў.

Падвядзенне вынікаў урока вучнямі

Пасля кожнага ўрока Вы павінны праверыць, ці дасягнулі пастаўленай мэты. У нашым курсе мы рэкамендуем Вам рабіць гэта з дапамогай падсумоўваючых сказаў. Вядома, Вы таксама можаце выкарыстаць іншыя метады так, каб у канцы ўрока вучні ведалі, чаго яны дасягнулі, а чаго не; каб Вы самі даведаліся, ці можаце ўжо перайсці да наступнай тэмы або трэба яшчэ нейкі час прысвяціць дадзенай тэме.

Метад падсумоўваючых сказаў уключае ў сябе заканчэнне вучнямі наступных сказаў:

 я даведаўся сёння, што...

 я зразумеў, што...

 я ўспомніў, што...

 я быў здзіўлены, што...

 сёння я дасягнуў пастаўленай мэты, таму што...

або любы іншы сказ, які Вы палічыце неабходным.

Вучні могуць рабіць гэта самастойна або ў парах. У канцы ўрока Вы можаце папрасіць, каб вучні па чарзе прачыталі свае сказы або здалі лісткі з гэтымі сказамі.

Вельмі карысна прапаноўваць дапісаць падсумоўваючыя сказы ў парах. Вучань пасля размовы з таварышам можа скончыць сказ зусім не так, як зрабіў бы гэта адзін. Важна, каб дзеці абмяняліся думкамі.

Калі навучэнцы ўсведамляюць мэты, яны таксама ведаюць, чаго ім яшчэ трэба дасягнуць, ведаюць недахопы, якія трэба выправіць. Гэта дае падвойную выгаду: яны могуць рацыянальна размяркоўваць свае сілы, а мэта выглядае рэальнай. Нагадванне вучням, што яны павінны працаваць больш, не з’яўляецца добрай ідэяй. Кожны навучэнец павінен мець інфармацыю, што ён ужо даведаўся, чаму навучыўся і як шмат працы яму яшчэ трэба зрабіць.



Пытанне да справаздачы:

Назавіце спосаб праверкі дасягнення мэтаў вучнямі, які Вы прымянілі на сваім уроку, а таксама вывады, якія Вы зрабілі з адказаў вучняў.

Якім чынам дакладная фармулёўка (таксама і мовай вучняў) уплывае на ход урока і яго эфектыўнасць?

З якімі цяжкасцямі Вы сутыкнуліся пры вызначэнні мэтаў урока і тлумачэнні іх вучням? Чым яны былі абумоўлены?

Якія перавагі вы бачыце ў тлумачэнні мэтаў урока вучням?

7. Канспект-дапаможнік у планаванні ўрокаў

Мы рэкамендуем, каб у працы з АА Вы выкарыстоўвалі для падрыхтоўкі ўрока яго план-канспект. У дыдактычным матэрыяле мы размясцілі дакумент “Канспект урока”. Гэта толькі наша прапанова, Вы можаце выкарыстоўваць уласны варыянт плана-канспекта.

У гэтым модулі (на дадзены момант) трэба будзе запоўніць толькі некалькі першых радкоў канспекта: мэта, мэта мовай вучняў, сувязь з папярэднімі ведамі вучняў, спосаб праверкі дасягнення мэтаў ўрока вучнямі. У кожным модулі мы будзем запаўняць іншыя раздзелы плана-канспекта.

Сувязь з папярэднімі ведамі вучняў Вы павінны ўлічваць пры вызначэнні мэтаў урока. Вы павінны ведаць, на чым будуеце свой урок, што вучні ўжо ведаюць і якія веды, уменні і навыкі яны павінны набыць на ўроку. Гэта вельмі важны элемент канструктыўнага навучання. Усё, што вучань можа звязаць з папярэднімі ведамі, значна прасцей для разумення. Новыя веды атаясамліваюцца з нечым ужо вядомым, а разуменне з’яўляецца менавіта працэсам сувязі ранейшых і новых ведаў. Даследаванні працэсу навучання паказваюць, што чалавек, вывучаючы нешта новае, заўсёды імкнецца знайсці ў гэтым ужо вядомае і так зразумець яго. Настаўнік павінен ведаць, што вучні ўжо ведаюць, і так падаваць новую інфармацыю, што дазволіць дзецям не толькі запомніць яе, але і глыбока зразумець. Варта звярнуцца да папярэдніх ведаў у пачатку вывучэння новай тэмы.

Дадатковай справай з’яўляецца такое планаванне ўрока, каб вучні бачылі прымяненне ведаў, перададзеных настаўнікам. Яшчэ лепш, калі навучэнцы самі прыходзяць да ведаў, а настаўнік толькі дапамагае ім, задаючы ключавыя пытанні (чацвёрты модуль прысвечаны ключавым пытанням). Напрыклад, калі нашай мэтай з'яўляецца азнаямленне вучняў з працэсам фотасінтэзу, на пачатку ўрока Вы можаце задаць класу наступнае пытанне: “Калі расліны маюць патрэбу ў сонечным святле для росту, чаму большасць раслін не расце ў пустыні, дзе сонца свеціць ўвесь час?”.

Многія настаўнікі пераканаліся, што веды, атрыманыя вучнямі толькі для таго, каб здаць іспыт, вельмі хутка забываюцца. Толькі калі вучань прымяняе веды, яны сапраўды становяцца "засвоенымі". Часта вучні забываюць даведзеную да іх інфармацыю і памятаюць толькі яе выкарыстанне.

Вучні аднаго з класаў гімназіі атрымалі дамашняе заданне падлічыць кошт залатога заручальнага пярсцёнка сваёй маці. Праз некаторы час дзеці рашалі матэматычныя задачы па разліку працэнтнага ўтрымання сумесі ў растворы. Тады яны спыталі ў настаўніка: «Гэта тое самае, што і разлік кошту золата пэўнай пробы?". Яны добра запомнілі сваё дамашняе заданне і з яго дапамогай рашылі матэматычную задачу.

Мы, настаўнікі, схільны вызначаць даволі шырокія мэты нашых урокаў. Мы пастаянна памятаем перагружаныя вучэбныя праграмы і неабходнасць іх рэалізацыі. Сучасныя тэндэнцыі ў адукацыі накіраваны на адыход ад рэалізацыі праграмы любой цаной. У кнізе „Euriching feedback in the primary classroom” – Shirley Clarke (2003) чытаем: "Адной з найбольшых праблем для настаўнікаў з’яўляецца пытанне, як выканаць усю праграму і адначасова даць вучням магчымасць вывучыць важныя пытанні. [...] І сапраўды, чым больш мы імкнемся выканаць праграму, тым менш глыбокія і трывалыя веды маюць вучні".

Аўтар гэтай кнігі, абапіраючыся таксама на П. Блэка і Д. Уільяма (1998), прапануе настаўнікам найперш арыентавацца на практычнае выкарыстанне ведаў, у працы з вучнямі выбіраць самае істотнае, пастаянна кантраляваць ступень засваення дзецьмі матэрыялу. Таксама трэба памятаць, што дзеці павінны добра засвоіць найбольш важныя пытанні, а не проста разгледзець матэрыял вучэбнай праграмы. Шырлі Кларк упэўнена, што вучні пры засваенні пэўнай тэмы набудуць іншыя ўменні і навыкі, якія могуць быць выкарыстаны ў будучыні. Памятаючы пра гэта, можна палегчыць настаўнікам адказнасць за выкананне ўсёй праграмы.

На адным з семінараў па актыўнай ацэнцы, праведзеным Цэнтрам грамадзянскай адукацыі, мы параілі настаўнікам распрацаваць план-канспект урока па сваім прадмеце. У кожным плане былі мэты ўрока. Было напісана 7 канспектаў, якія адпавядаюць сямі ўрокам аднаго школьнага дня. Мы аб’ядналі толькі мэты ўсіх урокаў і нас вельмі здзівіла тое, што адзін вучань павінен засвоіць за адзін дзень. Мы прызналі, што гэта нельга зрабіць на працягу аднаго дня. Таму пры планаванні ўрокаў і іх мэтаў майце на ўвазе, што адначасова яшчэ шэсць (!) настаўнікаў таксама плануюць свае ўрокі і іх мэты. Паспрабуйце засяродзіцца толькі на тым, што сапраўды важна вывучыць.

У гэтым Вам таксама можа дапамагчы роздум пра тое, што вучні праз некалькі гадоў памятаюць з ведаў, якія Вы давалі ім. Гэта балючы ўспамін. Спытайце любога з выпускнікоў і праверце. Верагодна, высветліцца, што ваш выпускнік даволі паспяховы ў дарослым жыцці, але памятае вельмі мала з таго, што вывучаў у школе. Мы не сцвярджаем, што Вы павінны спыніць спробы навучыць нечаму сваіх вучняў. Вам трэба задумацца, што з таго, чаму Вы вучыце, карыснае і неабходнае.

Ніжэй прыведзены цытаты з кнігі “Як ацэньваць, каб вучыць?” (аўтар П. Блэк і інш.), звязаныя з досведам вызначэння мэтаў урока.

Вучням вельмі цяжка дасягнуць мэты навучання, пакуль яны не зразумеюць яе і не ацэняць, што трэба зрабіць для дасягнення гэтай мэты. Таму самаацэнка мае важнае значэнне для навучання. Многія настаўнікі спрабавалі развіваць у навучэнцаў здольнасць да самаацэнкі і прыйшлі да высновы, што першая і самая складаная задача – гэта перакананне вучняў думаць аб сваёй працы ў плане дасягнення мэтаў. Калі дзеці навучацца гэтаму, яны пачынаюць мець больш агульны погляд на сваю працу, што дазваляе ім кантраляваць сваю дзейнасць і кіраваць ёю.

Адна з настаўніц так вызначыла ролю ключавых пытанняў для гэтага выпадку:“Шмат думала пра тое, як вучні павінны ўзяць на сябе адказнасць за сваё навучанне. Зараз больш увагі надаю таму, каб паказаць вучням, што з'яўляецца мэтай урока і што ім трэба для дасягнення пастаўленай мэты. Такім чынам, яны павінны зразумець, што яны ўжо ведаюць, і ўзяць на сябе большую адказнасць за сваё навучанне”. (Анжэла, Cornbury Estate School)

[...]


Паколькі на выкананне праграмы адводзіцца мала часу, вельмі лёгка сказаць сабе: "Я павінен ісці далей, мне трэба азнаёміць іх і з гэтай, і з іншай тэмай, а калі я не навучу іх гэтаму, то мне не хопіць часу, каб навучыць іншаму". Вельмі лёгка вучыць многім рэчам кепска, можа, не вельмі кепска, але такім чынам, што вывучаецца шмат матэрыялу, але ў гэтым працэсе мала рэальнага навучання. Я лічу, што галоўнае не тое, як шмат Вы пройдзеце матэрыялу, а тое, чаму Вы сапраўды навучыце, ці будзе рэальным і эфектыўным працэс навучання, ці будзеце Вы мець пачуццё, што ўдасканальваеце навыкі вучняў і паглыбляеце іх веды.

(Намеснік дырэктара Two Bishops School)



Прыступіце да выканання задання 1 модуля:

а) заплануйце ўрок са сваім класам, вызначце мэты, беручы пад увагу папярэднія веды вучняў;

б) правядзіце ўрок і прымяніце метад падсумоўваючых сказаў;

в) запоўніце форму справаздачы па першым модулі і размясціце яе на сайце;

г) праз некалькі дзён зайдзіце на сайт і прачытайце каментар Вашага настаўніка (ментара);

д) прачытайце справаздачы іншых удзельнікаў і падзяліцеся сваімі думкамі на гэтую тэму на форуме або пад справаздачай іншага ўдзельніка.



Прапануем Вам выканаць дадатковае заданне:

а) пазнаёмцеся са сцэнаром сустрэчы з настаўнікамі;

б) выканайце некалькі заданняў, звязаных з гэтай сустрэчай:

Заданне А: Стварыце спіс людзей, якія вырашылі прыняць удзел у сустрэчах, арганізаваных Вамі: імя, прозвішча і прадмет. Таксама дадайце імёны і прозвішчы асоб, якія разам з Вамі ўдзельнічаюць у курсе і будуць праводзіць гэтыя сустрэчы. (Калі ў курсе “Актыўная ацэнка” ўдзельнічаюць некалькі асоб з Вашай школы, кожная з іх можа выканаць заданні А-Е. Справаздачы аб выкананні задач могуць быць абмеркаваны разам, але іх змест павінен быць індывідуальным, паколькі кожны ўдзельнік павінен зрабіць уласныя высновы з праведзенай сустрэчы).

Заданне Б: Запішыце, якія класы выбралі ўдзельнікі Вашай сустрэчы. Абгрунтуйце гэты выбар.

Заданне В: Запішыце прынцыпы, якія дапамогуць Вам стварыць спрыяльную для навучання атмасферу.

Заданне Г: Ці выкарыстоўвалі Вы сцэнар, прапанаваны ў курсе? Калі не, то прадстаўце ўласны сцэнар або Ваш варыянт прапанаванага сцэнара.

Заданне Д: Запішыце (з абгрунтаваннем), якія заданні ўдзельнікам сутрэчы здаліся найбольш лёгкімі, а якія падаліся занадта складанымі.



Заданне Е: Запішыце 3 адказы ўдзельнікаў сустрэчы на пытанне: "Што было самым важным для мяне?"

Склала Данута Стэрна


Інтэрнэт-курс „Актыўная ацэнка”, www.dn.aacenka.by

Цэнтр грамадзянскай адукацыі, ТБШ


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка