Мова народа яго святыня Свята роднай мовы



Дата канвертавання05.12.2018
Памер129.35 Kb.
#23795
Мова народа - яго святыня

Свята роднай мовы
Складальнікі:

Ятчанка Н. В., бібліятэкар 1 катэгорыі,

Мястоўская С.І., бібліятэкар 2 катэгорыі

гарадской бібліятэкі імя В. З. Харужай г. Мазыра

Чытацкае прызначэнне : навучэнцы сярэдніх класаў.

Мэта: прывіць любоў да роднай мовы; раскрыць прыгажосць роднага слова; наблізіць беларускую кнігу на роднай мове да чытача.

Афармленне: кніжная выстава “Сузор’е беларускіх кніг”.

c:\users\user\desktop\линии\08c837ee406cd86fbde3a5ee5af7e77d.png

ВЯДУЧЫ 1:

Сто гадоў шукай другой красы,

А тым больш, што свет зусім не вузкі.

Ды калі ты не бязродны сын,

Гавары са мной па-беларуску.

Я. Янішчыц

ВЯДУЧЫ 2:

Бедны той, хто не мае скарбаў вечных – скарбаў душы. Такі скарб, які ніхто і ніколі адабраць ад нас не здолее - гэта любоў да бацькаўшчыны, да свайго народа, да роднай мовы (Цётка).


ВЯДУЧЫ 1:

У календары ёсць такое свята - Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца штогод 21 лютага. 3 ініцыятывай увесці такі дзень выступіла краіна Бангладэш: 21 лютага 1957 г., адстойваючы права вучыцца на роднай мове, там загінулі пяць студэнтаў.


ВЯДУЧЫ 2: Больш за шэсць тысяч моў налічваецца ў нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце. Палова з іх пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання ЮНЕСКА і абвясціла Дзень роднай мовы, каб хоць аднойчы на год на іх загаварылі, пра іх успомнілі.

ВЯДУЧЫ 1: Так, гаварыць сёння мы будзем пра родную мову, бо яна ўвайшла ў наша жыццё з вуснаў маці. На працягу стагоддзяў прыгожае гучанне роднага слова беларус пачынаў успрымаць з матчыных песень, цудоўных беларускіх казак, легенд, паданняў. Мова- душа народа, плён працы многіх пакаленняў, люстэрка духоўнага жыцця народа, наш галоўны нацыянальны скарб.
Родная мова, цудоўная мова!

Ты нашых думак уток і аснова!

Матчын дарунак ад самай калыскі,

Ты самацветаў яскравая нізка…



У. Дубоўка

ВЯДУЧЫ 2:

З легендаў і казак былых пакаленняў,

З калосся цяжкога жытоў і пшаніц,

З сузор’яў і сонечных цёплых праменняў,

З грымучага ззяння бурлівых крыніц,

З птушынага шчэбету, шуму дубровы,

І з гора, і з радасці, і з усяго

Таго, што лягло назаўсёды ў аснову

Святыні народа, бясмерцця яго, -

Ты выткана, дзіўная родная мова.


Няма на зямлi таго шчасця i гора,

Якога б ты нам перадаць не магла.

Няма такiх нетраў, глыбокага мора

I гор, праз якiя б ты не правяла

Мяне на радзiму, туды, дзе сягоння

Стаiць акрываўлены вораг з пятлёй

Над спаленай хатай, над родным загонам,

Над будучыняй і песняй маёй –

Над тым, што было i што век будзе вольным.

Народ пранясе цябе, родная мова,

Святлом незгасальным у сэрцы сваiм

Праз цемру і годы змаганняў суровых.

Калi ж ападзе і развеецца дым

I нiвы васкросшыя закаласяцца, –

Iзноў прашумiш ты вясновым дажджом,

Iзноў зазвiнiш ты ў кожнай у хаце,

Цымбалам дасi iх сарэбраны гром

I вусны расквецiш усмешкай дзiцяцi.

М. Танк



ВЯДУЧЫ 1: Але, здаецца, гэта нагода для нас яшчэ раз задумацца пра лёс той, адзінай, якую завём матчынай. Сёння яна - абароненая заканадаўствам, але няма гарантыі, што ўжо заўтра яна не трапіць у спіс тых трох тысяч, што знаходзяцца на парозе знікнення. I сёння мы яшчэ раз узгадаем гістарычны шлях нашай мовы, паслухаем вершы.
ВЯДУЧЫ 2: Беларуская мова, як руская і ўкраінская, пачала складвацца яшчэ ў 13 стагоддзі. А ў Вялікім княстве Літоўскім беларуская мова была дзяржаўнай, была мовай справаводства і судаводства, на ёй вялася дыпламатычная перапіска (паказваем Статут ВКЛ 1588 года).
ВЯДУЧЫ 1: Пасля аб’яднання Польшчы і Літвы ў Рэч Паспалітую (1569 год) беларуская мова выцясняецца з афіцыйнага ўжытку, а дзяржаўнай мовай становіцца польская. У 17 стагоддзі ідзе барацьба за нацыяныльнае існаванне беларусаў у складзе Рэчы Паспалітай.

Жыць цяжка на крэсах усходніх,


Марнуецца дарма народ.
Гудзіць Навагрудак, Гародня,
Пад Вільню ідзе карагод.
За ўціскі тутэйшага слова.
За крыўду бяспраўных дзяцей,
Якіх праз чужацкую мову
З-пад родных зрываюць грудзей.

(М. Грамыка)



ВЯДУЧЫ 2: Аднак народ гаварыў на роднай мове, ствараў цудоўныя казкі, паданні, легенды, прыказкі, загадкі, у якіх праўдзіва паказвалася жыццё народа.

ВЯДУЧЫ 1: У канцы 18 стагоддзя Беларусь далучана да Расіі. Але ад гэтага лёс роднай мовы не палепшыўся. У школах яна не вывучалася, друкаваць на ёй не дазвалялася, яна лічылася “хамская, мужыцкая”.

Кажуць, мова мая аджывае


Век свой ціхі: ёй знікнуць пара.
Для мяне ж яна вечна жывая,
Як раса, як сляза, як зара.
Гэта ластавак шчабятанне,
Звон світальны палескіх крыніц,
Сінь чабору, і барвы зарніц,
І буслінае шчабятанне.
Калі ж хто загадае: “Не трэба!” –
Адрачэцца ад мовы народ, -
Папрашу я і сонца, і неба:
Мне не трэба ні славы, ні хлеба,
Асудзіце на безліч нягод.
Толькі месяцаў назвы пакіньце,
Назвы родныя роднай зямлі,
Пра якія з маленства ў блакіце
Бор шуміць і пяюць жураўлі.

(П. Панчанка)

ВЯДУЧЫ 2: Але слова роднае прабівала сабе дарогу праз палымяную дзейнасць лепшых сыноў нашай зямлі. Максім Танк казаў: “Нашу беларускую мову не раз спрабавалі знішчыць, але ж данеслі яе да нас продкі. Няма ніводнага вобраза, з’явы, пачуцця, якіх не змагла б перадаць нам наша мова. Яна самая звонкая, пявучая, жывая, непаўторная, ласкавая і самая дарагая для кожнага беларуса...”.

Дык дзякуй, мой любімы край,

Што і ў мяне ёсць спадчына, -

Зялёны стогалосы май

I гэта мова матчына.

Яна мяне ў свет вядзе –

Ці ў вырай я, ці з выраю.

На гэтай мове - добры дзень! –

Сяброў вітаю шчыра я.

Мне дзіўны чуецца матыў

На роднай мове матчынай

I ў шолаху жытнёвых ніў,

I ў шуме соснаў мачтавых.

Хай бель на скроні - нібы сон,

Яе ж, маю харошую,

Мне шанаваць да скону дзён,

Любіць да дня апошняга...

А ты, мой краю, перадай

Маім сынам у спадчыну

Для песень новых - светлы май

I сілу мовы матчынай.

(М. Мятліцкі)
ВЯДУЧЫ 1: Прыгажосць беларускага слова вельмі яскрава падмечана ў вусна-паэтычнай творчасці. Песні, легенды, паданні, прыказкі і загадкі – колькі ў іх глыбокай мудрасці і высокай паэзіі, колькі жыццёвай сілы і хараства.

Значэнне роднай мовы, роднага слова для чалавека падкрэсліваецца ў шмат якіх творах беларускіх пісьменнікаў.

Слова наша роднае, хапала

На стагоддзі даўнія цябе,

Багдановіч, Колас і Купала

Прыпадалі да цябе ў журбе.

Адкідалі кпіну і абразу,-

Навучылі усё ж цябе цаніць,

Вымытае ў гулкіх навальніцах,

Нам як запавет перадалі,

Каб пілі і не маглі напіцца

І ўзнялі на ўздзіў усёй зямлі.

Матчына нявыцвілае слова,

Даўжнікі мы вечныя твае…

Так нам не хапае Куляшова,

Мележа так горка не стае.

Нам цяпер цябе на раздарожжах

Берагчы за іх і за сябе,

Даражыць пявучым гукам кожным,

Як зярняткам чыстым на сяўбе.

Каб не адляцела, як салоўка,

Не аглухла ў гуле бальшакоў…

Строга з нас вачэй не зводзіць Броўка,

Стоена ўзіраецца Лынькоў…

Мова продкаў і нашчадкаў –

Шэпт дубровы і пчаліны звон –

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён,

Па чужых краях не пабірацца,

Не аддаць сябе на забыццё,

Наша невычэрпнае багацце,

Наша несмяротнае жыццё.

(Г. Бураўкін)

ВЯДУЧЫ 2:

Над намі словы ўладараць.


Мы чуем і гаворым іх.
Яны то здружаць, то пасвараць

Сяброў і ворагаў маіх.

Бо словы розныя бываюць.

Адны – агню стрымаюць шквал,


Другія словы забіваюць
Усё жывое напавал.
Ад слова сэрца халадзее,
Праходзіць сон і забыццё,
Ад слова рушацца надзеі,
Ад слова свеціца жыццё.

Ад слова вырастаюць крылы,


А ў сэрцы стукае любоў,
Ад слова прыбываюць сілы.
Дык не шкадуйце шчырых слоў! (С. Грахоўскі)

ВЯДУЧЫ 1: Калісьці Яўхім Карскі, чалавек, які шмат зрабіў для развіцця культурнай і моўнай самасвядомасці нашага народа, у артыкуле “Да пытання аб мяжы беларускіх гаворак” адзначыў здольнасць беларусаў да ўспрымання ўсяго новага, да зменаў, якіх патрабуе жыццё. Але пры гэтым ён падкрэсліў: “… Што больш упарта захоўваецца ў беларусаў, гэта іх мова”. Будзем спадзявацца, што ён быў празарліўцам і яшчэ стагоддзі над намі будзе ўладарыць беларускае слова.

Я скарбы слоў, з душы народнай літых,

Без тонкасці налётнай і чужой,

Збіраю па дарогах прагавіта,

Змываю пыл расчуленай слязой.

Малітвенна ўздымаю сэрцам слова

3 пяску вякоў да зорнай вышыні.

Высокай пробы звон радзімай мовы,

Вякамі гартаванай на агні.

У горне сэрцаў Скарыны, Купалы

Апалены той залаты метал.

На гэтай мове маці мне пяяла

Над зыбкаю пра наш народны жаль.

Радзімаю наканавана жыць мне,

Крывёю сэрца новы спеў пісаць.

Купалавай, Скарынавай, мужыцкай,

На роднай мове доўг святы аддаць.

(Л. Геніюш)

ВЯДУЧЫ 2: А зараз прапануем вам паўдзельнічаць у конкурсе “Пазнай твор па яго пачатку”.
Конкурс “Пазнай твор па яго пачатку”

1. Каб любіць Беларусь нашу мілую,

Трэба ў розных краях пабываць.

Разумею цяпер, чаму з выраю

Жураўлі на Палессе ляцяць.

(“Жураўлі на Палессе ляцяць”, Алесь Ставер)

2. Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,

Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, -

Удзірванелы курган векавечны.

(“Курган”, Янка Купала)

3. Па-над белым пухам вішняў,

Быццам сіні аганёк,

Б’ецца, уецца шпаркі, лёгкі

Сінякрылы матылёк.

(“Маёвая песня”, Максім Багдановіч).


4. Трэба дома бываць часцей,

Трэба дома бываць не госцем,

Каб душою не ачарствець,

Каб не страціць святое штосьці.

(“Трэба дома бываць часцей”, Рыгор Барадулін)
ВЯДУЧЫ 1: Калі ты чуеш яе - ці то літаратурную, ці змешаную “трасянку”, ці мясцовую дыялектную - ведай, што гэта ўсё яна - наша беларуская мова. Не адварочвайся, а прымі яе, бо яе месца ў тваёй краіне. I не падчарка яна тут, а спрадвечная гаспадыня на сваёй зямлі. Нашы бацькі, дзяды і прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнана роўнай сярод іншых моў свету. Бо калі наша мова і культура знікнуць, дык хто мы такія будзем, з чым пойдзем у свет?
ВЯДУЧЫ 2: Будзьце і вы разам з тымі, хто думае пра будучыню роднай мовы. Размаўляйце па-беларуску, бо заўтра наша мова вам, вашым дзецям і ўнукам стане неабходнай. Размаўляйце па-нашаму, размаўляйце з прыветнай усмешкай, з пяшчотай на вуснах - і нашай мовай захочуць гаварыць іншыя. I не саромцеся недасканалай гаворкі. Мова - жывая тканка, прырастае там, дзе крынічыць людское жаданне. Ведай: учора ты яшчэ не гаварыў па-беларуску, сёння размаўляеш на “трасянцы”, а заўтра будзеш гаварыць на чыстай літаратурнай мове.

… Нібы маці, берагчы

Працаўніцу нашу - мову,

Бо яна - жыцця зачын

I пачатак песні новай.

За народ ісці на бой,

Помніць, правячыся боем,

Што стагоддзі за табой



I стагоддзі - прад табою... (Я. Сіпакоў)
ВЯДУЧЫ 2: Для таго, каб ведаць яшчэ больш пра гістарычны шлях роднай мовы, чытаць творы на беларускай мове, мы прапануем вам пазнаёміцца з выставай кніг “Багата, родная ты мова...”, і запрашаем часцей наведваць нашу бібліятэку.
Выкарыстанная літаратура:

  1. Алесавец, Г. “Багата, родная ты мова…” : літаратурная вечарына / Г. Алесавец, Г. Гунько // Роднае слова. - 2014. - № 1. - С. 70-72.

  2. Макарчук, В. Адвечны голас радзімы : мерапрыемствы да Дня роднай мовы / В. Макарчук // Бібліятэка прапануе. - 2014. - № 2. -
    С. 23-26.

  3. Юрэвіч, У. Слова, жывое, роднае, гаваркое… : дапаможнік для настаўнікаў / У. Юрэвіч. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1998. – 282 с.

  4. Дзень роднай мовы. Сцэнар мерапрыемства – мультиурок [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://multiurok.ru/files/ dzien-rodnai-movy-stsenar-mierapryiemstva.html. – Загаловак з экрана.

  5. План правядзення Міжнароднага дня роднай мовы [Электронны рэсурс]. – Рэжым доступу : https://pribolovichi.schools.by/pages/plan-pravjadzennja-mzhnarodnaga-dnja-rodnaj-movy. – Загаловак з экрана.



Каталог: data
data -> Алімпіяда па беларускай мове і літаратурнаму чытанню, 3 клас
data -> Змаганне полацкай І іншых зямель за незалежнаст
data -> Каб любіць Беларусь нашу мілую
data -> Г. Гродна 2016г. Абласная вучэбна-практычная канферэнцыя вучэбна-практычнай канферэнцыі
data -> Урок ведаў "Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны." 1 верасня Нам дырэктара па вр
data -> Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь
data -> Анатоль бензярук касцюшкі сяхновіцкія гісторыя старадаўняга роду
data -> “ Пісьменнік Рыгор Няхай – ураджэнец вёскі Сяліба” Клімовіч Анастасія Сяргееўна, вучаніца VIII класа
data -> Тэма: Правапіс у, ў Мэты і задачы ўрока


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал