Н. В. Еўчык (Мінск) узнаўленне народнага побыту




Дата канвертавання14.02.2017
Памер78.59 Kb.
Н. В. Еўчык (Мінск)
УЗНАЎЛЕННЕ НАРОДНАГА ПОБЫТУ

Ў ПРОЗЕ ІВАНА ПТАШНІКАВА
Творчасць Івана Пташнікава па праву лічыцца адметнай з’явай. Беларускую літаратуру звычайна характарызуюць як літаратуру, у якой надзвычай ярка, востра і заглыблена даследуецца непасрэдная сувязь чалавека са знешнім рэчыўным, прыродным і матэрыяльным светам. З аднаго боку, проза І. Пташнікава цалкам адпавядае ў нацыянальнай традыцыі адлюстравання народнага, пераважна вясковага жыцця і побыту як рэальнага спосабу жыцця, як формы сацыяльных зносін, як сукупнасці канкрэтна-гістарычных звычаяў і нораваў. Выхадзец з сялянскага асяроддзя, Пташнікаў, безумоўна, добра ведае вёску і выяўляе асаблівую схільнасць да даследавання персанажаў, што блізкія яму па духоўным і чалавечым досвеце, біяграфічным вопыце. Аднак проза Пташнікава выдзяляецца з агульнага шэрагу твораў, пабудаваным на традыцыйным “вясковым” матэрыяле. Не толькі дакладнасць апісанняў псіхічнага стану герояў, скрупулёзнасць і праўдзівасць узнаўлення сялянскага, народнага побыту прываблівае і прыцягвае ўвагу чытача да творчасці І. Пташнікава. Напэўна, як ніхто іншы ў сучаснай беларускай літаратуры, ён авалодаў майстэрствам аб’ёмнага апісання: пахі, гукі, колеры, фізічныя адчуванні, рухі змяшчаюцца ў фразе Пташнікава, як і ў рэальным жыцці, натуральна і арганічна. Трэба пагадзіцца са слушнай заўвагай Я. А. Гарадніцкага: “Судакрананне з рэаліямі вонкавага свету адбываецца часцей за ўсё на першасным сэнсавым узроўні. Герой успрымае падрабязнасці і дэталі навакольнай рэчаіснасці з дапамогай усіх сваіх пачуццяў, і найперш тых, якія перадаюць самыя асноўныя, жыццёва неабходныя адчуванні. Слых, зрок, дотык складаюць самыя базавыя, элементарныя і разам з тым экзістэнцыйна і эстэтычна вельмі важныя адчуванні, якія аказваюць даволі часта вызначальнае ўздзеянне на фарміраванне вобразнага ладу літаратурнага твора” [1, с. 41].

У якасці прыкладу можна прывесці апісанне гранаты, што знайшлі дзеці, пазбаўленыя апекі дарослых, у кароўніку, дзе працяглы час стаялі партызаны (апавяданне “Эфка”): «У разгоенай саломе ў першым кароўніку Пашка Жарскі і знайшоў “эфку”. Новенькую, чорненькую, як жук, з бліскучым рычажком і колцам на бліскучым, аж пырскаў на сонцы, шпяньку; з чырвоненькім пахнючым, калі адкруціш, запалам усярэдзіне. “Эфка” была рубцаватая і цяжкая: апусціў за пазуху — выцягнула з-пад дзяжкі кароценькую старую чорную картовую рубашку і грукнула аб зямлю, як камень» [2, с. 254]. Адмысловая пластычнасць, стэрэаскапічнасць зроку, надзвычай вострая, учэпістая памяць на падрабязнасці знешняга свету — напэўна, гэта самыя моцныя грані мастацкага таленту І. Пташнікава. Празаік імкнецца дайсці да самой сутнасці з'явы, прадмета, якія ён апісвае, даць ім дакладнае вызначэнне. Пісьменнік карыстаецца найперш уласным вопытам, узнаўляе тыя здарэнні і адчуванні, што засталіся ў яго памяці. Можна сказаць, успаміны — адзін з вядучых творчых прыёмаў, што дапамагае аўтару адкрыць вытокі сённяшніх калізій і канфліктаў, а яго персанажам ацэньваць тое, што было зроблена, і тое, што яны прамінулі. Адчуваецца аўтабіяграфічная аснова апавядання “Францужанкі”: напэўна, нельга з чужых слоў так канкрэтна, дакладна і па-мастацку пераканаўча апісаць мукі голаду дзяцей і падлеткаў: “За сталом былі яшчэ тры мужчыны, гаманілі, але на іх я нават не зірнуў: вочы мае ўпіліся ў буханку чорнага магазіннага хлеба, пачатую зверху — стаяла старчма, — і ў парэзаную шырокімі, з пядзю, цвёрдымі кавалкамі рыбу траску, ад якой шыбала ў нос густым вострым пахам і гнала сліну...

У мяне паплыло-паплыло ўсё перад вачыма — і стол, і мужчыны за ім, і шафа, але я ўстояў на нагах, утаропіўшыся ў бутэльку, як схапіўся за яе рукамі. У празрыстай, бліскучай ад рускай горкай пачатай бутэльцы я згледзеў буханку чорнага хлеба — зменшаная і скрыўленая, яна адбівалася ў шкле. Пасля я ўбачыў, як буханкі хлеба, адскокваючы адна ад адной, закрылі ўсе шкляныя дзверцы ў шафе... Я адвярнуўся ад стала і стаў глядзець у акно на канюшню. Але канюшні я не ўбачыў: у шыбіне вялікія белыя мужчынскія рукі кроілі адну буханку хлеба, другую...” [2, с. 409 — 410]. Многія пісьменнікі і да Пташнікава, і пасля яго звярталіся да паказу побыту беларускай вёскі, галодных гадоў ваеннага і пасляваеннага дзяцінства, але нямногія зрабілі гэта так, як ён. Прадмет рэальнага свету, убачаны пільным і чуйным позіркам мастака, здольны выпраменьваць непрадметную інфармацыю. Але, перадаўшы гэтую інфармацыю, звесткі, прадмет як пачуццёвая дадзенасць адыходзіць ўбок, у цень, і інфармацыя, адштурхнуўшыся ад яго, развіваецца далей без яго і па-за ім. Дэталі перастаюць быць “прыкметай” побыту, напаўняюцца драматычным сэнсам. Трэба дадаць толькі, што ў гэтым эпізодзе апісана сцэна допыту героя-падлетка энкавэдыстам з раёна капітанам Дувалавым. Адчуванне голаду да такой ступені моцнае, што прымушае хлопца на некаторы час забыць аб тым вялікім страху, што выклікае ў ім допыт і пагрозы хуткай расправы.

Пастаяннае суаднясенне ўнутранага свету асобы з усім знешнім светам з’яўляецца рэальнай асновай для адлюстравання сапраўднага маштабу душы таго ці іншага персанажа. Злавесны воблік капітана Дувалава выклікае ў свядомасці падлетка вобраз драпежнай птушкі: Дувалаў “паправіў пад шырокім рэменем фалды і закурыў. Пацягнуўся, падняўшыся на бліскучыя насочкі ў ботах, і, выставіўшы ўперад рукі, узмахнуў імі раз, другі, трэці... Неяк хутка і ўпарта.

Перад вачыма ў мяне раптам паявіліся ўчарашнія францужанкі, адна і другая — ідуць упобачкі, падымаючыся ад маста на грэблю, а над імі, апусціўшыся зверху, узмахнуў вялікімі растапыранымі крыллямі каршун...” [2, с. 403]

У раслінах, з’явах прыроды, прадметах духоўнае выяўлена так неакрэслена, так няпэўна, што мастак і – праз яго – персанаж мастацкага твора можа “дастаць” ці не любы вобраз і сэнс, магчыма, самы нечаканы. Так, Александрыне (апавяданне “Тры пуды жыта”) у хваравітым стане нервовага напружання галоўкі бабка, які яна косіць, падаюцца то змяінымі галоўкамі, то пагранічнікамі (“галоўкі пачалі падымацца ад зямлі — расці высока, у рост чалавека, і зрабіліся адразу людзьмі: шэрае з чырвоным...” [2, с. 440]), а то і уласаўцамі (“вылазяць уласаўцы, у нашай ваенай форме. Свае ж, нашы... Зганяюць у вайну ў вёсцы ўсіх да Ганулькі — збіраюцца паліць людзей...” [2, с. 441]). Але і ў такога роду асацыяцыях захоўваецца логіка развіцця пачуццяў. Узнаўляючы ўнутраныя счапленні жыцця, пісьменнік часцей за ўсё абапіраецца на ўспаміны саміх героеў. Перад вачыма Александрыны — воблікі тых людзей, якія калісьці парушылі яе жыццё, прынеслі ёй няшчасце і смерць яе мужу. “Столькі гадаўя на зямлі... Як ты іх усіх перарэжаш...” [2, с. 441], — робіць горкую выснову жанчына.

Не баючыся нанесці страты жыццёвай аб’ектыўнасці, аўтар прыёмам ўмоўна-паэтычнага адушаўлення неадушаўлёнага ўзмацняе лірычную энергію прадмета, дэталяў побыту. Свет чалавека размыкаецца, уступае ў своеасаблівы дыялог са светам рэчыўным, прыродным.

Справядліва адзначае С. А. Андраюк, што ў прозе І. Пташнікава апошняга перыяду “нельга ўбачыць адчувальных перападаў” у параўнанні з ранейшымі творамі, а змены носяць эвалюцыйны характар. “Пташнікаў пачаў пісаць яшчэ больш густа, паглыбіў філасофскі змест, давёў ранейшае драматычнае гучанне да па-сапраўднаму трагічнага, пашырыў жанравыя межы апавядання за кошт узбагачэння яго жыццёвым матэрыялам, а таксама за кошт паглыблення вобразнай сістэмы” [3, с. 23].

Хацелася б звярнуць увагу на адну тэндэнцыю, што выяўляецца ўсё больш наглядна і адыгрывае ўсё больш канструктыўную ролю ў творчасці І. Пташнікава. Для сучаснага мастака памяць аб вайне, калектывізацыі ўжо не бясспрэчная: ёсць патрэба адкрыць тую праўду аб нашай цяжкай і крывавай гісторыі, што не была даступнай па розных гістарычных і сацыяльных абставінах. А гэта значыць, ёсць патрэба асэнсаваць сваё жыццё, сваю пазіцыю сёння.

Трагічны плач аб асобным, слабым, жывым чалавеку, які знаходзіцца ў пэўных цяжкіх абставінах, што ад яго не залежаць, чуецца ў апавяданні “Тры пуды жыта”. Перад намі ўспыхваюць на кароткі час невялікія эпізоды з жыцця Александрыны. Часта такія эпізоды ўтрымліваюць толькі адзін-два сказы, але гэтага дастаткова, каб стварыць не толькі жывую і горкую гісторыю яе незайздроснага лёсу, але і адчуць, як пад прэсам войн і рэпрэсій скажалася і нявечылася душа ўсяго народа. І. Пташнікаў абвострана адчувае ўсеагульную плынь жыцця і часу, што аб’ядноўвае “вялікія” вехі жыцця з “малым” побытам, вялікую гісторыю са звычайнымі лёсамі людзей. Напэўна, таму кожны разрыў гэтай жывой сувязі, кожнае адступленне ад здаровай нормы паводзін, ад народнай этыкі і маралі ўспрымаецца ім як катастрофа амаль сусветнага ўзроўню. Так, у прыродзе самой смерці ёсць натуральнасць: гінуць слабыя і старыя істоты. Людзі ператварылі провады нябожчыка ў рытуал. Пахаванне і памінкі збіраюць у хату памерлага людзей, спачуванне і падтрымка якіх дапамагаюць сям’і і блізкім перажыць страту. Аднак Сяльвестра, муж Александрыны, здаровы, малады чалавек, быў рэпрэсаваны і знік, быццам яго і не было ніколі. Ад яго не засталося нават магілы, толькі пісьмо аб рэабілітацыі і “кампенсацыя”-здзек — тры пуды жыта і сена. Адзначым, што зярно, жыта ў нашым уяўленні цесна звязана з жыццём і працягам жыцця пасля смерці — зерне кладзецца ў зямлю (нібы памірае), але ізноў адраджаецца вясной коласам. Толькі праз дваццаць гадоў Александрына атрымала магчымасць хаця б сімвалічна пахаваць свайго мужа: “Яна неяк суцішана сказала сабе: пакуль буду палучаць жыта — буду разам з Сяльвестрам... І пакуль буду касіць Зурэчча — буду разам з ім... Разам... А там — калі вытрымае сэрца...” [2, с. 435]

Дзякуючы агромістасці гістарычных падзей, асоба, што трапіла пад іх уздзеянне, становіцца асабліва прыкметнай, як бы павялічваецца, атрымлівае агульначалавечы сэнс, што выходзіць далёка за межы канкрэтнай сітуацыі.

Паставіўшы ў цэнтр мастацкага спасціжэння, адлюстравання і аналізу цяжкую народную памяць аб перажытым, Пташнікаў апасродкавана ўступае ў палеміку з такой, здавалася б, аксіяматычнай ісцінай аб тым, што перанесеныя пакуты ўзвышаюць дух чалавека, загартоўваюць характар. З аднаго боку, гэтая думка, бясспрэчна, мае права на існаванне і можа быць пацверджана як прыкладамі з жыцця, так і некаторымі літаратурнымі творамі. Часы гістарычных нягод бескампрамісна правяраюць усе ідэйныя, духоўныя, маральныя рэсурсы чалавека. І ад таго, якімі будуць гэтыя рэсурсы, залежыць характар яго ўдзелу ў тым, што адбываецца. Недасканаласць бытавых варункаў, цяжкасці і страты не абумоўліваюць да канца стан, свядомасць чалавека. У такіх апавяданнях як “Эфка”, “Бежанка” паказана, што адбываецца з дзіцячай псіхікай у ваенных абставінах. Але, хаця ўмовы “выхавання” былі аднолькава жорсткімі для ўсіх, дзіцячыя душы па-рознаму на іх рэагуюць: грубым і нахабным робіцца Пеця Жардэцкі (“Бежанка”), становіцца забойцай Вайда Толя (“Эфка”). Але Пашка Жарскі (“Эфка”), такое ж “дзіця вайны”, не здолеў стрэліць у чалавека, хоць і быў упэўнены, што гэта не прынясе другому шкоды... Пташнікаў не выносіць катэгарычны і канчатковы прысуд тым, хто не вытрымаў выпрабаванняў вайной ці рэпрэсіямі. Такой сваёй аўтарскай пазіцыяй ён падкрэслівае прыярытэт народнага вопыту над асабістай чалавечай мудрасцю: праўда, мудрасць не можа нарадзіцца ў адной галаве, увасобіцца ў адным чалавечым існаванні, якім бы працяглым і багатым на вопыт яно не было.

У той перыяд, калі закладваліся асновы беларускай літаратуры, менавіта зварот да бытавога матэрыялу быў важнай умовай паспяховага назапашвання мастацкага вопыту. Аднак беларуская проза і да нашых дзён даволі кансерватыўная ў адлюстраванні сялянскіх побытавых праяў жыцця. Гэтым самым наша літаратура абараняе, сцвярджае нацыянальную празаічную традыцыю, імкнецца ўтрымаць у сваіх абсягах нешта істотна важнае перад шматлікімі прагрозамі яе паспешлівага абнаўлення і рэфармавання. Першапрычына гэтай з’явы, канешне, не ў інертнасці творчага мыслення сучасных беларускіх пісьменнікаў. Важна падкрэсліць, што гісторыя ўсёй беларускай літаратуры — гэта барацьба за захаванне аўтэнтычнасці, нацыянальнай ідэнтычнасці. І “вясковая” проза (разам з прозай “ваеннай”), якая апелявала да народных уяўленняў пра дабро і зло, пра сэнс жыцця і шчасце, скрупулёзна і беражліва працягвае ўзнаўляць і абараняць народны светапогляд, мараль і мову “простага”, “звычайнага” беларуса (часцей за ўсё селяніна і гараджаніна ў першым пакаленні) і акаляючы яго свет.

Сярод магутнай магістральнай плыні проза І. Пташнікава застаецца адметнай і унікальнай тэрыторыяй, якая ў многіх сваіх прадметна-тэматычных і эстэтычных адметнасцях яшчэ чакае ўдумлівага даследчыка.



____________________________

  1. Гарадніцкі Я. А. Мастацкі свет беларускай літаратуры ХХ стагоддзя / Я. А. Гарадніцкі. — Мн.: Беларус. навука, 2005.

  2. Пташнікаў І. Тартак: Аповесці і апавяданні / І. Пташнікаў — Мн.: Маст. літ., 2000.

  3. Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. — Т. 4, кн. 2: 1986 — 2000. — Мн.: Беларус. навука, 2003.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка