На крылах творчасці




Дата канвертавання01.01.2018
Памер26.38 Kb.
На крылах творчасці

Кажуць, што ў кожнага чалавека ёсць свая зорная гадзіна. Лёс дае шанц, прапануе яго выкарыстаць і даказаць, што ты лепшы. Такі час для настаўніка мастацкіх дысцыплін ДУА “Беларускамоўная гімназія №2 г.Барысава” Меранковай Іны Барысаўны настаў у 2013 годзе, калі яна стала ўладальнікам дыплома III ступені ў конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2013”. З той пары яна стала вядомым настаўнікам на Барысаўшчыне. Пра яе пісалі у мясцовых газетах, здымалі сюжэты тэлекампаніі “Скіф”, ”Свет”, СТВ. Тады здавалася, што гэта яе зорная гадзіна. Але хутка бяжыць час. Дзіцячая мара стаць настаўнікам выяўленчага мастацтва ажыццявілася. І ўжо не магчыма правесці мяжу паміж работай, асабістым жыццём і творчасцю.

Кожны занятак выяўленчай дзейнасці Іны Барысаўны адметны. Скласці з кавалачкаў цэлую карціну, паспрабаваць сябе ў ролі мультыплікатара, адчуць сябе акцёрам у тэатры, зваляць з воўны цацку, маляваць на пяску, ствараць сваімі рукамі лялек для батлейкі – усё гэта магчыма на факультатыўных занятках. А яшчэ ў гэты працэс уцягнуты ўласныя дзеці Мілана і Аліна. Калі цікава дзяўчынкам, то цікава будзе і вучням. Зацікаўленасць - гэта асноўны прынцып работы з дзецьмі.Тады і работа на ўроку будзе плённай, а вынік парадуе ўсіх. Галоўнае для Іны Барысаўны - захаваць інтарэс, у дзяцей не на адзін дзень і месяц, а на гады, навучыць іх не толькі маляваць, а думаць і суперажываць, дапамагчы стаць асобай.

Каб дабіцца гэтай мэты, настаўнік пастаянна самаўдасканальваецца. Новыя формы заняткаў, разнастайныя віды дзейнасці… Яна ў пастаянным пошуку. Вучачы другіх, яна вучыцца сама. Пошук новых форм работы з дзецьмі прывёў яе да авалодання незвычайнай тэхнікай “Пясочная анімацыя”, якой яна з поспехам займаецца з дзецьмі з 2013 года. Маляванне пяском - цікавы і вельмі «жывы» занятак, які захапляе як дзяцей, так і дарослых. Гэта ўнікальны від мастацтва, які аб'ядноўвае гульню, навучанне і выхаванне. Пад кіраўніцтвам таленавітага настаўніка дзеці вучацца ствараць як асобныя карціны, так і сюжэты для ўласных фільмаў. Гэта ў сваю чаргу з’яўляецца стымулам для іх агульнага развіцця і мастацка-эстэтычнага ўспрымання.

Пясочнае шоу дзіцячай студыі «Пясочныя гісторыі» пад кіраўніцтвам Іны Барысаўны - гэта гісторыі з цікавым, як правіла, кранальным сюжэтам. Пры яго стварэнні кожнаму дзіцяці адводзіцца свая роля. Дзеці і настаўнік робяць нумар разам, і гэта іх вельмі аб'ядноўвае. У гэтым відзе мастацтва няма пераможцаў і пераможаных. У працэсе творчасці дзеці раскрываюць сябе.

Удзельнікі студыі разам з настаўнікам удзельнічаюць у мерапрыемствах, конкурсах і фестывалях рознага ўзроўню. Сярод іх міжнародны конкурс дзіцячых малюнкаў “Вялікі шаўковы шлях” у Кітаі (сярэбраны медаль), рэспубліканскі конкурс мастацкай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Калядная зорка” (дыплом III ступені), рэспубліканскі конкурс дзіцячай творчасці “Арх-навацыя-2015” (спецыяльны дыплом), абласны конкурс праектаў “Энергамарафон”(дыплом I ступені), абласны этап рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Дзень добры, свет” (дыплом I ступені).

Выпускныя вечары, святы апошняга званка ці першага верасня, канцэртныя праграмы, прысвечаныя дню Перамогі…. Пясочныя гісторыі непаўторныя, шчырыя і чуллівыя, незабыўныя на многія гады.

Наперадзе ў Іны Барысаўны яшчэ шмат ідэй і нерэалізаваных творчых планаў, якія з’яўляюцца стымулам для далейшай творчай дзейнасці настаўніка.



Намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце

Вольга Мікалаеўна Вафіна


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка