Нацыянальна-культурны кампанент у беларускіх і англійскіх фразеалагізмах Петрова Надежда Петровна




Дата канвертавання25.12.2016
Памер84.41 Kb.
УДК 818.161.3+811.111

Нацыянальна-культурны кампанент у беларускіх і англійскіх фразеалагізмах
Петрова Надежда Петровна  

старший преподаватель кафедры иностранных языков Могилевского государственного университета имени А.А.Кулешова

(г. Могилев, Беларусь)

hurricain@yandex.by


Ключевые слова: лингвострановедение, преподавание и изучение иностранного языка, национально-культурная семантика фразеологизмов, лексикографическая репрезентация.

Key words: linguistic and cultural study, teaching and learning a foreign language, culturally specific features of phraseological units, lexicographical representation.


Аннотация. В данной статье проводится сравнительный анализ фразеологизмов белорусского и английского языков и способов отражения в них национальной культуры.

Abstract. The article is devoted to the comparative analysis of Belarusian and English phraseological units, the ways of national culture manifestation having been mentioned.


У практыцы выкладання і вывучэння мовы як замежнай вельмі актуальным з’яўляецца лінгвакраіназнаўчы падыход, накіраваны на раскрыццё сувязі моўных адзінак з культурай, гісторыяй, побытам народа-носьбіта мовы, які дапамагае засвоіць асноўныя факты, нормы і каштоўнасці незнаёмай нацыянальнай культуры [1, с. 37]. Асаблівасці гісторыі і культуры народа захоўвае і перадае нацыянальна-культурная семантыка мовы, якая найлепш выяўляецца ў намінатыўных адзінках мовы: словах, фразеалагізмах і моўных афарызмах. Значная частка ўстойлівых спалучэнняў мовы звязана з рознымі гістарычнымі фактамі, рэаліямі побыту, старажытнымі вераваннямі, звычаямі і абрадамі народа-носьбіта гэтай мовы. Фразеалагізмы яскрава адлюстроўваюць асаблівасці нацыянальнай мовы, непаўторнасць дадзенага народа. Вывучэнне мовы як замежнай ва ўзаемасувязі з культурай яго носьбітаў робіць актуальнай праблему прэзентацыі фразеалагічныя матэрыялу, які нясе багатую культуралагічную інфармацыю. Супастаўляльнае вывучэнне фразеалогіі дазваляе не толькі лепш зразумець заканамернасці з'яў іншай мовы, але і паўней асэнсаваць этнічныя асаблівасці сваёй роднай мовы.

Многія фразеалагізмы адлюстроўваюць нацыянальную культуру як цэласныя моўныя знакi (паводле іх плана выяўлення і/або плана зместу) непадзельным спалучэннем усіх сваіх кампанентаў, г. зн. сваімі ідыяматычнымі значэннямі. Напрыклад:

– беларускі фразеалагізм (1) закрываць (закрыць) вочы (каму) са значэннем ‘быць побач з тым, хто памірае, у апошнія хвіліны жыцця’ [3, с. 141] – згадвае старажытны беларускі звычай закрываць вочы нябожчыку. Калі гэтага не зрабіць своечасова, то, паводле павер'я, нябожчык «выглядзіць» сабе ахвяру;

– англійскі фразеалагізм (2) put smb. in the cart са значэннем ‘паставіць каго н. у цяжкае становішча’[2, с. 213] згадвае старажытны англійскі звычай дастаўляць злачынцаў да месца пакарання ў павозцы (cart) або вазіць па горадзе з ганьбай.

Найболей каштоўнымі з лінгвакраіназнаўчага пункту гледжання з’яўляюцца «бэзэквівалентныя фразеалагічныя выразы», у якіх адлюстраваны ўнікальныя ў адносінах да нейкіх іншых этнічных ці нацыянальных культур заканамернасці рэчаіснасці, таму такога кшталту выразы не маюць адпаведнікаў і эквівалентаў у якой-небудзь іншай мове (і могуць быць перакладзены толькі літаральна альбо шляхам прамога фармулявання адпаведнай заканамернасці рэчаіснасці). Параўн., напрыклад, безэквівалентны (у англамоўным дачыненні) беларускі фразеалагізм (3) (клёцкі) з душамі са значэннем ‘начыненыя мясным ці іншым фаршам з прыправамі’ [3, с. 157], дзе назоўнікавы кампанент мае няслоўнікавае значэнне, звязанае са спосабам прыгатавання гэтых клёцак: на тарку дралася бульба, адціскалася праз суравіну – гэтае цеста звалася целам; потым рабіліся душыз крышанага мяса і сала, з грыбоў, адпаведна прысмакі, прыправы. Цела клёцкі мела форму снежкі, і гэтакую форму мела душа; душа магла быць і з кавалачка кілбасы: у цела клалі душу – і кідалі ў вар;

З другога боку, фразеалагічныя адзінкі адлюстроўваюць нацыянальную культуру асобнымі элементамі – адзінкамі свайго лексіка-семантычнага і лексіка-граматычнага складу. Гэта перш за ўсё тычыцца назваў рэалій матэрыяльнай і духоўнай культуры, жывёльнага і расліннага свету, імёнаў людзей, геаграфічных назваў, а таксама асаблівасцей светаўспрымання носьбітаў мовы, іх сацыяльных паводзін. Напрыклад:

– беларускі фразеалагізм (4) у Магілёўскай губерні са значэннем ’у замагільным свеце, сурацьлеглым зямному (апынуцда, аказацца)’ [3, с. 137] – узнік на аснове каламбурнага, народнаэтымалагічнага збліжэння слоў магіла (са значэннем ‘смерць, пагібель’) і Магілёўская (прыметнік ад назвы горада – Магілёў);

– англійскі фразеалагізм (5) carry coals to Newcastle (вазіць вугаль у Ньюкасл) са значэннем ‘вазіць што н. туды, дзе гэтага і так дастаткова’[2, с. 213], дзе Ньюкасл – цэнтр англійскай вугальнай прамысловасці.

І нарэшце, фразеалагізмы адлюстроўваюць нацыянальную культуру сваімі генетычнымі прататыпамі, паколькі з’яўленне і замацаванне ў маўленні зыходных свабодных словазлучэнняў звязана з пэўнымі звычаямі, традыцыямі, своеасаблівасцямі побыту і духоўнага свету носьбітаў мовы, гістарычнымі падзеямі, што ў розныя часы адбываліся на тэрыторыі пэўнай краіны. Напрыклад:

– беларускі фразеалагізм (6) як жару ўхапіўшы са значэннем ‘вельмі хутка, спяшаючыся (бегчы, уцякаць і пад.)’ [3, с. 426-427] – узнікненне выразу абумоўлена некаторымі асаблівасцямі даўнейшага сялянскага быту: людзі бераглі запалкі, эканомілі на запалках і сусед да суседа бегаў узяць агню узяць жару, каб распаліць у печы, на комінку; трэба было хутка бегчы, каб вугольчыкі не згарэлі;

– англійскі фразеалагізм (7) a strange bedfellow са значэннем ‘выпадковы знаёмы’ – частка прыказкі Adversity makes strange bedfellows са значэннем ‘у галечы з кім не павядзешся’ [2, с. 214] – нагадвае, што ў Англіі ў Сярэднявеччы і ў XVI – XVII стст. значная частка насельніцтва жыла ў беднасці, на адным ложку звычайна спалі некалькі чалавек аднаго полу, на асобным ложку маглі спаць толькі заможныя асобы.

Пэўныя словы ў складзе фразеалагізмаў належаць да т. зв. “безэквівалентнай лексікі” – такіх слоў, якія немагчыма перакласці адным словам – патрабуецца словазлучэнне ці нават сказ. Пры перакладзе можна падабраць сінонім (не семантычна тоесны адпаведнік), але нацыянальна-спецыфічныя адценні, звязанныя з адметнымі ўмовамі жыцця народа, асаблівасцямі яго псіхалогіі, светаўспрымання, з культурна-этнаграфічнымі традыцыямі, беззваротна страчваюцца. Такога кшталту словы могуць быць перакладзены толькі літаральна або шляхам прамога фармулявання адпаведнай заканамернасці, рэчаіснасці. Напрыклад:

– беларускі фразеалагізм (8) шарварку адрабляць са значэннем ‘марудна, абыякава, без старання рабіць якую н. справу’ [3, с. 415], дзе ўстарэлы назоўнік шарварка нагадвае пра калішнюю прымусовую грамадскую працоўную павіннасць па будаўніцтве і рамонце дарог, мастоў, грэбляў у Вялікім княстве Літоўскім, Рэчы Паспалітай у XV-XVIII стст., а таксама ў Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг.;

– англійскі назоўнік bedfellow у фразеалагізме a strange bedfellow (гл. прыклад (7)) можна перакласці «сусед па ложку», але такі пераклад не можа растумачыць зыходнае свабоднае словазлучэнне і своеасаблівасці побыту, умоў жыцця англійскага народа.

З’ява безэквівалентнасці фразеалагізмаў адной мовы ў дачыненні да пэўнай іншай мовы неадназначная. Нават пры наяўнасці ў абедзвюх мовах назваў з’яў ці прадметаў успрыманне іх у фразеалагізмах нярэдка выклікае непаразуменні. Гэта звязана з расслаеннем семантычных адценняў, з дэталізацыяй пэўнага паняцця, што адбываецца неаднолькава ў розных мовах. Для носьбітаў розных моў канкрэтная прыкмета якога-небудзь аб’екта рэчаіснасці будзе актуальнай, важнай у рознай ступені. Семантыка пэўных фразеалагізмаў ускладняецца элементамі ацэначнасці, бо кожная культура мае сваю сістэму каштоўнасных арыентацый, свае стэрэатыпныя ацэнкі. Параўнайце, напрыклад:

– беларускі фразеалагізм (9) з ветру вяроўкі віць (звіць) у значэнні ‘гаварыць, сцвярджаць што н. без усякіх падстаў, пляткарыць, выдумваць’ [3, с. 153], дзе назоўнік вяроўкі ў спалучэнні з дзеясловам віць перадае негатыўную канатацыю выразу;

– англійскія фразеалагізмы (10) to know the ropes (у перакладзе «ведаць вяроўкі») са значэннем ‘дасканала ведаць якую н. справу’ і (11) to show smb. the ropes (у перакладзе «паказаць каму н. вяроўкі») са значэннем ‘поўнасцю ўвесці ў курс справы, паведаміць ўсе падрабязнасці’ [5, с. 73], дзе назоўнік вяроўкі перадае станоўчую канатацыю і адсылае нас у часы парусных караблёў, калі маракам даводзілася старанна знаёміцца з усімі падрабязнасцямі аснасткі судоў, з правільнай ідэнтыфікацыяй і выкарыстаннем вяровак, лін, трасоў.

Такім чынам, у беларускай і англійскай мовах існуе цэлы пласт фразеалагізмаў, якія на працягу ўсяго яе развіцця фіксавалі і перадавалі з пакалення ў пакаленне грамадскі вопыт. Такія фразеалагізмы маюць безумоўную лінгвакраіназнаўчую каштоўнасць. Іх лексікаграфічная рэпрэзентацыя з улікам іншамоўнага адрасату ў спецыяльных лінгвакраіназнаўчых слоўніках з’яўляецца адной з актуальных задач сучаснай лінгвістыкі.


Список литературы

1. Верещагин, Е.М. Язык и культура: Лингвострановедение в преподавании русского языка как иностранного / Е.М. Верещагин, В.Г. Костомаров. – 4 е изд., перераб. и доп . – М. : Рус. яз., 1990 . – 246 с.

2. Кунин, А.В. Курс фразеологии современного английского языка : учебное пособие для студентов вузов / А.В. Кунин . – 2-е изд., перераб . – Москва : Дубна : Высш. шк.: Феникс, 1996 . – 381 с.

3. Лепешаў, І.Я. Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў / І.Я. Лепешаў . – Мінск : БелЭн, 2004 . – 448 с.

4. Литвинов, П.П. Англо-русский фразеологический словарь с тематической классификацией : продвинутый английский – через фразеологию / П.П. Литвинов. – Москва : Яхонт, 2000 . – 448 с.

5. Локетт, Б. За строкой словаря (Сборник необычных английских слов и выражений) / Б. Локетт . – Москва : Глосса, 1998 . – 144 с.



6. Словарь идиом / сост. П. Хэндс = Chambers Dictionary of Idioms (compiled by Penny Hands) . – Edinburgh : Chambers, 1999 . – 404 с.

7. Телия, В.Н. Русская фразеология. Семантический, прагматический и лингвокультурологический аспекты / В.Н. Телия . – Москва : Школа «Языки русской культуры», 1996 . – 288 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка