Навасёлкаўскі навучальна-педагагічны комплекс дзіцячы сад сярэдняя школа Нясвіжскага раёна




Дата канвертавання08.09.2018
Памер224.02 Kb.
Дзяржаўная ўстанова адукацыі

“Навасёлкаўскі навучальна-педагагічны комплекс

дзіцячы сад – сярэдняя школа Нясвіжскага раёна”

АПІСАННЕ ВОПЫТУ ПЕДАГАГІЧНАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

«РАЗВІЦЦЁ ПАЗНАВАЛЬНАЙ АКТЫЎНАСЦІ ВУЧНЯЎ НА ЎРОКАХ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ НА II СТУПЕНІ НАВУЧАННЯ СРОДКАМІ ВЫКАРЫСТАННЯ МЕТАДАЎ ПРАБЛЕМНАГА НАВУЧАННЯ”

Пазняк Ірына Аляксандраўна,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

8 (029) 854-86-91



e-mail: novosel@nesvizh.edu.by

I. Інфармацыйны блок

Адным з прыярытэтаў сучаснай сістэмы адукацыі з’яўляецца актывізацыя і стымуляванне пошукава-даследчай дзейнасці навучэнцаў, стварэнне ўмоў для развіцця пазнавальных і творчых здольнасцей. У гэтай сувязі асаблівае значэнне набывае навучанне асновам самастойнай працы, фарміраванне досведу навуковай творчасці, авалоданне даследчымі ведамі і навыкамі. Развіццё інтэлектуальнага патэнцыялу, імкненне да самаадукацыі, пошукавай дзейнасці і праца з даведачнай літаратурай з’яўляюцца неабходнай базай для далейшага прафесійнага і культурнага станаўлення і росту асобы [5, с.18].

Садзейнічаць развіццю крэатыўнасці асобы, ствараць умовы для яе найбольш поўнай і выніковай творчай рэалізацыі – адна з галоўных задач сучаснай адукацыі. Такая задача можа быць удала вырашана шляхам стварэння на ўроках беларускай літаратуры праблемных сітуацый, пастаноўкі праблемных пытанняў, якія б стваралі шырокія магчымасці для актывізацыі лагічнага мыслення, развіцця творчых здольнасцей, арганізацыі інтэлектуальна-пазнавальнай дзейнасці навучэнцаў.

Перада мною як настаўнікам паўстала пытанне: “Як арганізаваць працу на ўроках беларускай літаратуры так, каб вучні маглі чытаць і думаць, чытаць і адчуваць, чытаць і разважаць?” Пошук адказу на гэтае пытанне падштурхнуў мяне да неабходнасці мэтанакіравана працаваць над прымяненнем на ўроках літаратуры метадаў праблемнага навучання.



1.1. Тэма вопыту: “Развіццё пазнавальнай актыўнасці вучняў на ўроках беларускай літаратуры на ІІ ступені навучання сродкамі выкарыстання метадаў праблемнага навучання”.

1.2. Актуальнасць вопыту

Як паказвае практыка, беларуская літаратура, як вучэбная дысцыпліна, на жаль, не ва ўсіх вучняў карыстаецца папулярнасцю. Чытанне мастацкіх твораў замяняецца праглядам відэафільмаў і зносінамі ў сацыяльных сетках, якія не нясуць моўнай культуры. Таму вельмі важна, каб навучанне літаратуры было накіравана перш за ўсё на развіццё асобы з самастойным мысленнем, інтэлектам, маральным вопытам, уменнем свядома авалодваць ведамі. На практыцы я ўпэўнілася, што вырашаць дадзеную задачу і зрабіць навучанне эфектыўным можна праз стварэнне на ўроках беларускай літаратуры праблемных сітуацый, пастаноўку вучэбных праблем.

Актуальнасць вопыту вызначаецца наступнымі крытэрыямі:


  • сфарміраванасць станоўчай матывацыі да працэсу навучання;

  • творчая актыўнасць вучняў на ўроку;

  • уменне самастойна здабываць веды і арыентавацца ў інфармацыйнай прасторы;

  • сфарміраванасць уласнага жыццёвага вопыту па ўзаемадзеянні з навакольным светам.

1.3. Мэта вопыту: актывізацыя пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках літаратуры шляхам прымянення метадаў праблемнага навучання.

1.4. Задачы вопыту:

1. Выявіць метадычныя і педагагічныя аспекты эфектыўнасці метадаў праблемнага навучання.

2. Выпрацаваць сістэму прымянення метадаў праблемнага навучання на ўроках літаратуры ў залежнасці ад узросту і магчымасцей навучэнцаў.

3. Ацаніць эфектыўнасць прымянення метадаў праблемнага навучання на ўроках літаратуры.



1.5. Працягласць работы над вопытам: 2013-2016 гады

2. Апісанне тэхналогіі вопыту

2.1. Вядучая ідэя вопыту

Праблемнае навучанне дазваляе развіваць у адзінстве і ўзаемасувязі ўсе кампаненты кампетэнтнасці, забяспечвае сістэмнасць, комплекснасць у навучанні і разам з тым накіравана на індывідуалізацыю ў засваенні і прымяненні ведаў.



2.2. Апісанне сутнасці вопыту

Праблемнае навучанне з’яўляецца адным з эфектыўных сродкаў фарміравання камунікатыўных кампетэнцый навучэнцаў, паколькі накіроўвае на актыўны пошук інфармацыі, інтэграцыю звестак з розных галін ведаў, садзейнічае набыццю вопыту індывідуальнай і калектыўнай пазнавальнай дзейнасці, развівае крэатыўнасць, выхоўвае самастойнасць [3, с.34].

У аснову праблемнага навучання пакладзены ідэі амерыканскага псіхолага, філосафа і педагога Дж.Дзьюі.

Найвялікшыя педагогі мінулага заўсёды шукалі шляхі ператварэння працэсу навучання ў цікавы працэс пазнання, развіцця разумовых сіл і здольнасцей вучняў. У XX стагоддзі ідэя праблемнага навучання атрымала інтэнсіўнае развіццё і пашырэнне ў адукацыйнай практыцы. Значны ўклад у раскрыццё праблемнага навучання ўнеслі Н.А.Менчынская, П.Я.Гальперын, Н.Ф.Талызіна, Ю.К.Бабанскі, М.І.Махмутаў, А.М.Мацюшкін, І.Я.Лернер і іншыя [4, с.279].

У педагагічнай літаратуры існуе шэраг азначэнняў паняцця праблемнага навучання, яго тэарэтычныя асновы добра распрацаваны [1, 2]. Арганізацыя такога тыпу навучання прадугледжвае стварэнне ў свядомасці вучняў пад кіраўніцтвам настаўніка праблемных сітуацый і арганізацыю актыўнай самастойнай дзейнасці вучняў па іх вырашэнні, у выніку чаго і адбываецца творчае авалоданне ведамі, уменнямі, навыкамі і развіццё мысленчых здольнасцей [7, с.61].

Аснову праблемнага навучання складаюць праблемныя сітуацыі і вучэбныя праблемы, якія сістэматычна і мэтанакіравана ствараюцца настаўнікам шляхам пастаноўкі праблемных пытанняў, заданняў.

Праблемнае навучанне можа рэалізоўвацца:


  1. на ўзроўні праблемнага выкладу матэрыялу настаўнікам (настаўнік сам стварае і рашае праблему);

  2. на часткова-пошукавым узроўні (настаўнік стварае праблемную сітуацыю, вучні ўключаюцца ў яе рашэнне на асобных этапах);

  3. на даследчым узроўні (вучні самі фармулююць і рашаюць праблему) [6, с.54].

У час стварэння праблемных сітуацый асабліва вялікае значэнне надаю ўліку індывідуальных асаблівасцей вучняў, улічваю гатоўнасць канкрэтнага класа да ўспрымання праблемнага матэрыялу, агульны ўзровень іх ведаў і падрыхтоўкі, настроенасць на ўрок і іншыя фактары. Я заўважыла, што для адных вучняў чым цяжэй заданне, тым цікавей. Другія хутка страчваюць упэўненасць у сабе, калі заданне здаецца занадта цяжкім. Таму, акрамя аб’ектыўных цяжкасцей, я ўлічваю суб’ектыўную гатоўнасць навучэнцаў да вырашэння гэтага пытання. Вельмі важна першапачаткова так дыдактычна падрыхтаваць сітуацыю, каб вучні ў выніку абавязкова знайшлі вырашэнне праблемы.

На сваіх уроках выкарыстоўваю наступныя спосабы стварэння праблемных сітуацый:



  1. вылучаю актуальную для вучняў праблему твора;

  2. задаю праблемныя пытанні;

  3. прапаную праблемныя, даследчыя заданні;

  4. выкарыстоўваю міжпрадметныя сувязі.

Літаратурныя кампетэнцыі ў вучняў-чытачоў хутка выпрацоўваюцца толькі тады, калі на ўроку створана спрыяльнае адукацыйнае асяроддзе, вучні зацікаўлены, добра валодаюць словам, літаратуразнаўчымі паняццямі, умеюць прымяняць свае веды ў час аналізу праграмных твораў.

Стварэнне праблемных сітуацый пачынаю з 5 класа. У гэтым узросце фарміруецца ў вучняў уяўленне пра літаратуру як чалавеказнаўства і мастацтва слова, якому ўласцівы адметныя спосабы вобразнага адлюстравання жыцця. Галоўным аб’ектам на ўроку літаратуры з’яўляецца мастацкі твор, яго жыццёва-пазнавальныя, мастацка-эстэтычныя, каштоўнасна-ацэначныя якасці. Вучні набываюць прасцейшыя веды, уменні і навыкі, якія неабходныя ў будучым для выканання даследчай пошукавай работы. Я вучу дзяцей арыентавацца ў матэрыяле самастойна, выдзяляць галоўнае, ацэньваць і ставіць пытанні, развіваю навыкі рашэння праблемнай сітуацыі.

На этапе актуалізацыі вучэбнага матэрыялу з вучнямі 5, 6 класаў праводжу гутарку, накіраваную на абагульненне, канкрэтызацыю, логіку разважання. У час гутаркі стаўлю пытанні: “Што вас здзівіла ў творы? Што цікавага заўважылі? Што для вас было новым? Чаму навучыў вас гэты твор? А вы хацелі б быць падобнымі да героя твора? Чаму? Каму вы параілі б прачытаць гэты твор? З якой мэтай?

З вучнямі 5, 6 класаў на этапе замацавання ведаў праводжу гульні (“Прадоўжы сказ”, “Ты мне – я табе”, “Працяг сюжэтнай лініі”, “Сустрэча літаратурных герояў”, “Мікрафон”), у час правядзення якіх дзеці вучацца зносінам, выяўляюць і вырашаюць праблемы, складаюць і расказваюць гісторыі, ажыццяўляюць такія разумовыя аперацыі, як сістэматызацыя і абагульненне. Яны фарміруюць у вучняў уменне выразна фармуляваць і абгрунтоўваць свой пункт гледжання, весці дыскусію.

Пералічаныя прыёмы і метады дапамагаюць вучням набываць вопыт у вырашэнні праблемных сітуацый.

На ўроку ў 5 класе па тэме “Беларускія народныя казкі, іх віды і жанравыя адметнасці” ствараю праблемную сітуацыю праз пастаноўку праблемных пытанняў: “За што мы любім казачных герояў?”, “Якія якасці гэтых герояў зрабілі іх такімі любімымі ў народзе?” (Вучні правільна адказваюць: за тое, што яны добрыя, працалюбівыя, смелыя, дужыя, дапамагаюць усім),“А якія гэта якасці, казачныя ці не?” (Вучні беспамылкова адказваюць, што гэта не казачныя рысы). І мы ўжо разам робім вывад, што ў казачных герояў і сёння можна многаму навучыцца. На этапе інфармацыі пра дамашняе заданне прапаную вучням скласці паведамленне на адну з прапанаваных тэм: “Мой любімы казачны герой”, “Чым падобныя станоўчыя героі чарадзейных казак?”, “Чаму вучаць нас беларускія народныя казкі?”

Для арганізацыі праблемнага навучання на ўроку “Пімен Панчанка. “Сармацкае кадзіла” ў 6 класе прапаную наступныя заданні:

1) Стварыце асацыятыўны рад да слова “прырода” (вучні прэзентуюць свае асацыятыўныя рады, з дапамогай настаўніка вылучаюць агульнае і рознае, абмяркоўваюць, атрымліваюць агульнае ўяўленне аб паняцці).

2) Вызначце, якім чынам можна растлумачыць значэнне слова “прырода” (праца з “Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы”). Параўнайце сваё разуменне з навуковым. У чым розніца?

3) Растлумачце сэнс радкоў Ул. Ягоўдзіка, якія ўзяты ў якасці эпіграфа да ўрока: “Каб смела глядзець у будучыню, мы павінны жыць у суладдзі з прыродай і як найвялікшы скарб шанаваць родную зямлю, кожную яе крынічку і травінку”.

На этапе падвядзення вынікаў урока прапаную наступнае заданне: “На хвіліну ўявіце, што вы працуеце эколагамі. Якія білборды вы паставілі б пры ўваходзе ў лес, на лузе? Складзіце для іх сказы-звароты, заклікі”.

Выкарыстанне метадаў праблемнага навучання на ўроках літаратуры ў 7 класе становіцца больш плённым. Гэта тлумачыцца ўзроставымі асаблівасцямі вучняў і шэрагам праграмных патрабаванняў па фарміраванні адпаведных кампетэнцый. У сямікласнікаў актыўна развіваецца лагічнае мысленне, узбагачаецца слоўнікавы запас, яны станоўча ўспрымаюць заданні, пры выкананні якіх трэба разважаць, спрачацца, апрабоўваць розныя варыянты рашэння праблемы.

Умовы для развіцця творчых здольнасцей вучняў, іх пазнавальнай дзейнасці на ўроку мадэлююцца праз стварэнне праблемнай сітуацыі.

Вывучаючы верш В. Зуёнка “Я са шляхоў далёкіх…”, можна засяродзіць увагу на праблеме доказу альтэрнатыў, якія я сама вызначаю. Вучням неабходна абгрунтаваць свае меркаванні, пры гэтым яны могуць прапанаваць свае альтэрнатывы і іх доказы.

Альтэрнатыва 1. Верш В. Зуёнка “Я са шляхоў далёкіх…” – аповед пра тое, як сын вярнуўся з падарожжа, як ён шчодра “адорваў” падарункамі блізкіх і родных, як ён павітаўся з маці.

Альтэрнатыва 2. Верш В. Зуёнка “Я са шляхоў далёкіх…” – верш пра маці, у якім перададзена пачуццё сыноўняй любові і шчымлівай радасці ад сустрэчы з маці.

Уключыць кожнага вучня ў актыўную дзейнасць на ўроку, давесці ўяўленні па вывучаемай тэме да фарміравання паняццяў, устойлівых навыкаў дапамагаюць схемы, табліцы, якія павышаюць выніковасць самастойнай працы вучняў (прыём алгарытмізацыя).

На ўроку па тэме “З. Бядуля. “На Каляды к сыну”. Трагедыя Тэклі” прапаную вучням пабудаваць лесвіцу шляху Лаўрука ў адвакаты (дадатак 1). Чаму лесвіца вядзе ўніз? Як называецца паступовая страта маральных якасцей?

Яшчэ адным відам работы па гэтай жа тэме можа стаць запаўненне табліцы (дадатак 2).

На этапе падагульнення і сістэматызацыі прапаную вучням у якасці вываду падабраць выслоўе, прыказку, прытчу, якія б адлюстроўвалі разуменне тэмы ўрока.

У 8-9 класах матэрыял ускладняецца. Вучні самастойна шукаюць адказы на праблемныя пытанні, праводзяць даследаванні, выконваюць творчыя заданні.

Для стварэння праблемных сітуацый на ўроках літаратуры ў 8-9 класах прымяняю наступныя метады:



  1. камунікатыўная атака (паведамляю захапляльны для вучняў факт, фармулюю пытанне, прыводжу сітуацыю з асабістага вопыту, урок пачынаю нестандартна, ярка);

  2. мазгавы штурм;

  3. мадэляванне (“Што магло б адбыцца, калі б…”);

  4. дыскусійныя пытанні.

На ўроку літаратуры ў 8 класе па тэме “Васіль Быкаў. “Жураўліны крык”. Чалавек і вайна” запісваю на дошцы слова “вайна” і прапаную вучням стварыць колеравы або слоўны малюнак да гэтага паняцця. Названыя вучнямі словы фіксую на дошцы, запрашаю выказаць уласнае ўяўленне пра вайну. Затым звяртаю ўвагу на эпіграф, словы якога належаць В.Быкаву: “Расказваю пра вайну, бо ненавіджу яе”. Прапаную вучням параўнаць свае выказванні са словамі пісьменніка. Не ўсе вучні змаглі адказаць на пытанне, чаму В.Быкаў ненавідзіць вайну. Яны зразумелі, што іх ведаў недастаткова. Такім чынам ствараецца праблемная сітуацыя, калі “вядомага” недастаткова для разумення “новага”. На ўроку выкарыстоўваю праблемныя заданні на параўнанне твораў розных відаў мастацтва, задаю праблемныя пытанні, якія дазваляюць самастойна сфармуляваць тэму і мэты ўрока.

На ўроку па тэме: “Васіль Быкаў. “Жураўліны крык”. Вытокі подзвігу і здрады герояў аповесці” ствараю праблемную сітуацыю праз дыскусійныя пытанні:



  1. Як вы лічыце, здрада Пшанічнага і Аўсеева заканамерная ці выпадковая?

  2. З якой мэтай В.Быкаў выкарыстаў у творы прыём рэтраспекцыі?

  3. Чаму В.Быкаў паставіў знак роўнасці паміж фашызмам і сталінізмам?

  4. Ці можна было знайсці выйсце ў дадзенай сітуацыі?

Як паказвае практыка, дыскусійныя пытанні стымулююць вучняў выказвацца, не баючыся памыліцца. У ходзе такой гутаркі няма правільных ці няправільных адказаў – проста ёсць розныя пазіцыі, погляды, меркаванні.

Прадуктыўна і з цікавасцю будуць працаваць вучні над аналізам вобразаў у камедыі Я.Купалы “Паўлінка”, калі прапанаваць ім скласці і пракаменціраваць табліцу “Гаворачыя прозвішчы персанажаў”. Змест такой табліцы будзе ўтрымліваць элементы праблемнасці. Дадзеная табліца будзе складацца з чатырох калонак. У першую калонку запісваюцца прозвішчы: Крыніцкі, Пустарэвіч, Сарока, Быкоўскі. У другую вучні запішуць свае характарыстыкі-меркаванні яшчэ да разгляду вобразаў, у трэцюю калонку выпішуць цытаты са зместу п’есы. Запаўненне чацвёртай калонкі стане дыскусійным, таму што не супадуць ацэнкі Крыніцкага і Якіма Сарокі, якія запісалі ў другой калонцы вучні, з тымі, што яны адшукаюць у падручніку. Зыходзячы з гэтага, вучні ўжо самі вылучаць праблемнае пытанне: “Чаму персанажу, які згодна падручніку “выкрывальна высмейваецца”, Я.Купала даў такое светлае прозвішча?”

Гэта і дасць магчымасць вучням зразумець, якія неадназначныя вобразы створаны драматургам.

У вучняў 9 класа пашыраецца кола літаратурных інтарэсаў, вучні цікавяцца складанымі пачуццямі, перажываннямі герояў, стараюцца даць ацэнку падзеям, праблемам, якія ўзняты ў творы. На ўроках літаратуры вельмі часта ствараю праблемную сітуацыю праз выкарыстанне прыёму мадэлявання.

На ўроку па тэме “Якуб Колас. Аповесць “У палескай глушы”. Лабановіч і Ядвіся” мадэлюем наступную сітуацыю: як магло скласціся жыццё Ядвісі і Лабановіча, калі б яны засталіся разам? Прапануйце свае версіі развіцця сюжэта, якія б адрозніваліся ад аўтарскай.

Каб “уключыць” пазнавальную дзейнасць вучняў і накіраваць яе на вырашэнне ўзнікшай праблемы, у ёй павінна быць штосьці вядомае, ужо вызначанае. Дзевяцікласнікі пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Адама Міцкевіча, паэмай “Гражына”. На этапе падагульнення прапаную рад праблемных пытанняў: “Што, на ваш погляд, паслужыла станаўленню А.Міцкевіча як рамантыка?”, “Як магло такое стацца, што Адам Міцкевіч вядомы як польскі паэт, класік польскай літаратуры, хоць сваім паходжаннем ён – беларус, хоць яго жыццё і творчасць звязаны з беларускай зямлёй?” Каб адказаць на пытанне, вучні павінны звярнуцца да гісторыі (міжпрадметныя сувязі).

На кантрольна-дыягнастычным этапе практыкую прыём папярэдняга ўключэння ў вызначэнне перспектыўнага праблемнага пытання, якое будзе вырашацца на наступным уроку. Напярэдадні вывучэння тэмы “Якуб Колас. Паэма “Новая зямля”. Творчая гісторыя. Народны побыт і прырода ў творы” вучні атрымліваюць праблемныя заданні па групах. Ім даецца магчымасць самастойна арганізаваць групы ў залежнасці ад цікавасці да вызначаных заданняў. Выкананне заданняў накіравана на стварэнне ўмоў для разумення асноўнага праблемнага пытання твора, якое будзе разглядацца на ўроку (дадатак 3).

2.3. Рэзультатыўнасць вопыту

Дыягностыка вынікаў вопыту праводзілася на працягу 3 гадоў. Крытэрыямі сталі наступныя параметры:

1) сярэдні бал па прадмеце “Беларуская літаратура” (дадатак 4).

2) выніковасць удзелу ў прадметных алімпіядах, навукова-даследчых канферэнцыях (дадатак 5).

Вынікі паказалі станоўчую дынаміку, назіраецца павелічэнне сярэдняга бала па прадмеце “Беларуская літаратура”.

Акрамя гэтага лічу вопыт рэзультатыўным і таму, што стварэнне праблемных сітуацый і вучэбных праблем стымулюе актыўныя адносіны вучняў да вывучэння матэрыялу, іх інтэлектуальнае развіццё, дапамагае выяўленню творчага патэнцыялу асобы.

У выніку прымянення метадаў праблемнага навучання вучні лягчэй гавораць не толькі па змесце асобнага ўрока, але ў цэлым па ўсёй тэме, умеюць выдзеліць галоўнае, пабудаваць свой адказ у адпаведнасці з тэмай, умеюць спланаваць сваю дзейнасць для праверкі прапанавай гіпотэзы, вырашыць праблему, зрабіць вывад, параўнаўшы свае сцверджанні з тэарытычным матэрыялам.
3. Заключэнне

Падводзячы вынікі сваёй работы, я зрабіла выснову, што сістэматычнае выкарыстанне метадаў праблемнага навучання, накіраваных на фарміраванне пазнавальнай дзейнасці вучняў на ўроках літаратуры, дазволіла павысіць якасць узроўню навучання па прадмеце, павялічыць цікавасць вучняў да твораў мастацкай літаратуры.

Вопыт работы быў прадэманстраваны мной у ходзе дэкадаў адкрытых урокаў, на пасяджэнні школьнага і раённага метадычных аб’яднанняў, на педагагічным савеце. Апісанне вопыту работы размешчана ў школьным метадычным весніку і на сайце ўстановы адукацыі.

Лічу, што прадстаўлены практычны матэрыял можа быць выкарыстаны настаўнікамі на ўроках літаратуры для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. У далейшым планую апрабацыю метадаў праблемнага навучання на ўроках беларускай мовы.


Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Баксанский, О.Е. Проблемное обучение: обоснование и реализация / О.Е. Баксанский, М.В. Чистова // Наука и школа. – 2000. – №1. – С. 19 – 25.

  2. Брушлинский, А.В. Психология мышления и проблемное обучение / А.В. Брушлинский. – М. : Знание, 1983. – 96 с.

  3. Ганжына, В.А. Праблемнае навучанне на ўроках беларускай літаратуры: 5 – 11 клас / В.А. Ганжына. – Мазыр : “Белы вецер”, 2002. – 164 с.

  4. Кулагина, И.В. Использование проблемных ситуаций для развития познавательных способностей учащихся / И.В. Кулагина // Ученые записка. – 2011. – №1. – С. 278 – 282.

  5. Кодекс Республики Беларусь об образовании [Электронный ресурс]. – 2011. – Режим доступа : www.edu.gov.by. Дата доступа : 25.07.2011.

  6. Руцкая, А.В. Літаратурная адукацыя: сучаснае праз прызму будучага / А.В. Руцкая // Беларуская мова і літаратура. – 2010. – №2. – С. 54 – 57.

  7. Селевко, Г.К. Проблемное обучение / Г.К. Селевко // Школьные технологии. – 2006. – №2. – С. 61 – 65.

Дадатак 1

Тэма: З.Бядуля. “На Каляды к сыну”. Трагедыя Тэклі.

Заданне: пабудуйце лесвіцу шляху Лаўрука ў адвакаты. Чаму лесвіца вядзе ўніз?
Шлях Лаўрука ў адвакаты
Дзесяцігадовага Лаўручка пан забірае на выхаванне.
Лаўручок засаромеўся і адсунуўся ад абдымкаў маці.
Бацькам сваім ён ніколі нічога не пісаў.
Дарослы Лаўрук прагнаў родную маці, як “шалёную жабрачку”.
Адкупіўся ад яе трохрублёўкамі.


  1. Як называецца паступовая страта маральных якасцей? (Духоўнае падзенне, дэградацыя).

  2. У якасці вываду падбярыце выслоўе, прыказку або прытчу, якія б адлюстроўвалі ваша разуменне тэмы.


Дадатак 2

Тэма: З.Бядуля. “На Каляды к сыну”. Трагедыя Тэклі.

  1. Знайдзіце і выпішыце з тэксту апавядання словы, якія часта ўжываюцца для характарыстыкі Тэклі і Лаўрука? Зрабіце вывад.

  2. Дапішыце свае меркаванні ў правы слупок табліцы.

Лаўрука 10-гадовым хлопчыкам забраў да сябе пан

Дл Для бацькоў гэта было вялікай радасцю

А для хлопчыка?


Сынок вучыцца на адваката

Шчасцю маці не бало канца

А што гаварыў бацька?


Засаромеўся Лаўрук, калі маці “кінулася абдымаць яго і цалаваць”

Не ад прыроднай сарамлівасці

А чаму?


У апошняй сцэне Лаўрэнцій Кіпрыянавіч пачырванеў, калі ўбачыў Тэклю ў сваёй кухні

Гэта ўжо не хлапечы сорам

А што?


Трохрублёўкі ў акалелых руках Тэклі

Гасцінец ад сына

?


Дадатак 3

Тэма: “Якуб Колас. Паэма “Новая зямля”. Творчая гісторыя. Народны побыт і прырода ў творы”.

Мэта: паглыбіць веды пра творчасць Я.Коласа, стварыць умовы для асэнсавання прачытаных раздзелаў паэмы.

Задачы: пазнаёмiць вучняў з творчай гiсторыяй паэмы, яе аўтабiяграфiчнай асновай; дапамагчы вучням раскрыць прыгажосць карцін народнага побыту, прыроды, вызначыць іх ролю ў творы; развіваць камунікатыўныя і творчыя здольнасці навучэнцаў, уменні разважаць, аналізаваць, абгрунтоўваць уласныя меркаванні; садзейнічаць выхаванню эстэтычнага густу, чуйнасці да прыгожага.

Тып урока: камбінаваны.

Абсталяванне: карткі для групавой работы, запіс песні “Мой родны кут” (сл. Я.Коласа, муз. І.Лучанка), мультымедыйная прэзентацыя, змест паэмы “Новая зямля”.

Ход урока

I. Арганізацыйна-матывацыйны этап.

Настаўнік.

Добры дзень, паважаныя сябры! Я вітаю вас на ўроку беларускай літаратуры. Давайце забудзем усе нягоды, прывітаем сябра па парце цёплай усмешкай. Дазволім гаспадарыць на ўроку чуласці, павазе і дабрыні.

II. Этап праверкі дамашняга задання.

Літаратурны дыктант па тэме “Я.Колас. Жыццёвы і творчы шлях. Лірыка”.



Пачатак сказа

Працяг - адказ

Сапраўднае прозвішча Якуба Коласа…

…Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч

Ён нарадзіўся…лістапада…года ў засценку…каля Стоўбцаў

…3…1882…Акінчыцы


Бацька Я.Коласа служыў… у лясніцтве князя…

…лесніком…Радзівіла

У…гадах вучыўся ў …настаўніцкай семінарыі

…1898-1902…Нясвіжскай

Пачаткам літаратурнай дзейнасці пісьменніка лічыцца…

…1906 год


Першы верш Я.Коласа быў гадрукаваны ў газеце… ў …годзе

… “Наша доля”…1906

Сваю працоўную дзейнасць Я.Колас пачаў… у вёсцы…на…

…настаўнікам…Люсіна…Палессі

Я.Колас быў адным з арганізатараў першага нелегальнага з’езда… ў вёсцы… ў …годзе

беларускіх настаўнікаў

…Мікалаеўшчына…1906



У…годзе сябры, што засталіся на волі, выдалі зборнік яго вершаў…

…1910…. “Песні жальбы”

У вершы … Я.Колас стварае абагульнены вобраз Беларусі

… “Родныя вобразы”

Любасць да прыроды паэт выказаў у вершах…

… “Наш родны край”, “Хмаркі”, “Родныя вобразы”

У вершы…адчуваецца водгук старажытных міфалагічных уяўленняў

… “Не бядуй”


Узаемаправерка літаратурнага дыктанта.

Франтальная праверка работы.

Настаўнік.

Якое заданне выклікала цяжкасці? Чаму?

III. Паведамленне тэмы ўрока. Пастаноўка мэты і задач урока (стварэнне праблемнай сітуацыі праз пастаноўку праблемных пытанняў).

Настаўнік.

Уважліва прачытайце тэму ўрока і паспрабуйце даць тлумачэнне наступным выразам. Як вы іх разумееце?


  1. Творчая гісторыя (гісторыя напісання паэмы, яе аўтабіяграфізм).

  2. Народны побыт (паказ жыцця беларускага сялянства, апісанне яго культуры).

  3. Прырода ў творы (пейзажныя малюнкі, якія ачышчаюць чалавека ад будзёншчыны, прымушаюць задумацца над з’явамі рэчаіснасці).

Якія задачы вы павінны паставіць перад сабой і вырашыць іх у працэсе ўрока, каб у дасканаласці авалодаць тэмай. (Вучні самі ставяць задачы, якія накіроўваюць іх на свядомую дзейнасць).

IV. Знаёмства з новым матэрыялам.

Гучыць запіс песні “Мой родны кут” (сл.Я.Коласа, муз.І.Лучанка).



Вучні працуюць у групах.

Настаўнік.

Якія асацыяцыі ўзніклі ў вас у час праслухоўвання запісу песні? Запішыце ў літаратурныя сшыткі асацыятыўны рад да слова “родны кут”.

Кожная група зачытвае запісанае, потым дапаўняе свой асацыятыўны рад новымі словамі, якія прапанавала другая група. Затым кожная група выбірае адно, самае важнае для яе слова – паняцце. Тлумачыць свой выбар.

Настаўнік.

Падбярыце і запішыце сінонімы да слова “родны кут”.

(Групы агучваюць свае варыянты).

Настаўнік.

Мой родны кут, як ты мне мілы!..

Забыць цябе не маю сілы!

Менавіта гэтымі словамі, якія ідуць з самага сэрца, з самых патаемных куточкаў паэтавай душы і пачынаецца паэма “Новая зямля”. Для паэта яго край сапраўды адзіны, непаўторны, загадкавы. Перад намі разгортваецца цудоўная прырода Наднямоння. Вось разам з аўтарам мы пераступаем па мосціку “крынічкі вузенькае ложа”, бачым дружную сямейку дубоў, маладых буслікаў, якіх “пачынаюць вабіць далі…” Для Я.Коласа родны кут – гэ

та тыя мясціны, дзе прайшло маленства. Любоў да яго ён пранёс праз усё жыццё.

У пачатку 20-ых гадоў XX стагоддзя Я.Колас вярнуўся з Расіі ў Беларусь і закончыў працу над галоўным сваім творам – паэмай “Новая зямля”.

Як жа ўзнікла задума напісаць гэты твор? За ўдзел у настаўніцкім з’ездзе ў Мікалаеўшчыне Колас быў аддадзены пад суд і прыгавораны да зняволення. Седзячы ў Мінскай турме, ён, апантаны ўспамінамі дзяцінства – адзіным псіхалагічным паратункам у сваёй несвабодзе, у 1908г. піша вершаваныя апавяданні аб жыцці ўласнай сям’і ў канцы XIX стагоддзя. Ствараліся асобныя апавяданні, якія потым сталі раздзеламі паэмы.

Спачатку паэт занатаваў найбольш яркія ўражанні маленства, якія трывала захоўваліся ў памяці. Затым ў яго стала выспяваць задума маштабнага твора, прысвечанага найперш бацьку – лесніку на службе ў князёў Радзівілаў. Міхал, працуючы лесніком, жыве на чужых сядзібах, але марыць пра ўласную зямлю.

Міхал з Антосем сумленнай і адданай працай на зямлі, вялікай любоўю і пашанай да яе поўнасцю зацвердзілі свае правы валодання гэтым найкаштоўнейшым з багаццяў, асновай з асноў сялянскага жыцця.

Стварэнне праблемнай сітуацыі (дыскусія). Групам раздаюцца карткі з пытаннямі. Кожная група павінна выказаць сваё меркаванне.


  • Як вы разумееце сэнс назва “Новая зямля?” Чаму “Новая зямля”, а не, скажам, “Свая зямля?”

  • На што спадзяваўся Міхал, маючы намер купіць зямлю?

Фізкультхвілінка.

V. Замацаванне.

1. Справаздача творчых груп (выступленне на аснове даследавання).

(I група – “Сямейная і побытавая культура беларусаў”).

Настаўнік.

Выкажыце свае адносіны да паэтызацыі Я.Коласам працы, яе прылад, да будняў і святаў беларусаў, паказаных у творы. Адзначце, якія з гэтых звычаяў прытрымліваецца ваша сям’я; чым нядзельны дзень у вашай сям’і адрозніваецца ад будзённага, як святкуюцца Каляды і Вялікдзень?

(II група – “Чалавек і свет прыроды ў паэме “Новая зямля”).

Якімі новымі гранямі ў працах В.Ляшук і І.Навуменкі раскрываецца мастацкая функцыя прыроды? (Вучні пазнаёміліся з працамі).

2. Праца ў групах. (Знайсці паэтычныя тропы).


  1. А елкі хмурымі крыжамі

Высока ў небе выдзялялісь.

Таемна з хвоямі шапталісь.

Заўсёды смутныя, бы ўдовы,

Яны найбольш адны стаялі,

І так маркотна пазіралі

Іх задуменныя галовы!..



  1. Ідуць касцы, звіняць іх косы,

Вітаюць іх буйныя росы,

А краскі ніжай гнуць галовы,

Пачуўшы косак звон сталёвы.

Касцы ідуць то грамадою,

То шнурам цягнуць, чарадою,

То паасобку, то па пары;

Ідуць касцы, ідуць, як хмары,

І льецца смех іх разудалы,

Як веснавыя перавалы.

Агучванне вынікаў работы.

VI. Падвядзенне вынікаў урока. Рэфлекія. Каменціраванне адзнак.

Настаўнік.

Ваша памяць – ваш камп’ютар, які змяшчае шмат рознай інфармацыі. Сёння ў вашых камп’ютарах з’явілася новая папка.


  • Якую вы дасце ёй назву?

  • Якія файлы ў ёй з’явіліся? (Вучні ўзнаўляюць ход урока і ўспамінаюць усе выкананыя заданні, дапаўняюць адзін аднаго).

  • Ці вырашылі на ўроку пастаўленвя задачы?

  • Якія новыя веды атрымалі на ўроку?

VII. Дамашняе заданне.

Вывучыць урывак на памяць.

Падрыхтаваць характарыстыку галоўных герояў паэмы.

Дадатак 4

Дадатак 5

Выніковасць удзелу ў прадметных алімпіядах,

навукова-даследчых канферэнцыях

Назва мерапрыемства

2013/2014 н.г.

2014/2015 н.г.

2015/2016 н.г.

Малая раённая алімпіяда па беларускай мове і літаратуры


Дыплом III ступені

Дыплом II

ступені


Дыплом III ступені

Другі этап

рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры




-

-


Удзел

(52,1%)


Навукова-даследчая канферэнцыя


Удзел

Дыплом III

ступені


Дыплом III ступені



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка