Навошта ўжываць чужое для нас слова сэндвіч, калі ў нас ёсць такое цудоўнае сваё бутэрброд …




Дата канвертавання08.04.2017
Памер35.3 Kb.
Германізмы ў беларускай мове

“Навошта ўжываць чужое для нас слова сэндвіч, калі ў нас ёсць такое цудоўнае сваё бутэрброд…”

Германізмы – запазычанні з нямецкай мовы. Іх колькасць у сучаснай беларускай мове, паводле, спецыялістаў, не меней за тысячу. Асаблівасць германізмаў у тым, што гэта пераважна старыя запазычанні, якія адаптаваліся нашай мовай і маюць вялікія словаўтваральныя гнёзды: шкода – шкодны, шкодна, шкодзіць, перашкодзіць, пашкодзіць і г.д. Менавіта таму мы часта іх у прынцыпе не ўспрымаем як запазычанні, а разглядаем як уласна беларускія словы.

Германізмы трапляюць у беларускую мову, пачынаючы ўжо з ХІІІ-ХІV стагоддзяў. Гэта перыяд, калі развіваліся актыўныя гандлёвыя стасункі паміж паўночнымі гарадамі Беларусі і насельніцтвам Рыгі і Гоцкага берага. Словы гэтага перыяду, што хутчэй за ўсё патрапілі ў беларускую непасрэдна з нямецкай, сталі вядомыя нам з грамат і іншых дакументаў: вага, шалі, рэшта, цаль, дах, цэх і інш. Найбольшая колькасць германізмаў да ХV-ХІХ стагоддзя прыходзіць да нас праз пасярэдніцтва польскай мовы, часам ужо ў адаптаваным польскай выглядзе: малюнак, ланцуг, жабрак, ліхтар, абцас, махляр і інш. З ХV стагоддзя германізмы таксама пачынаюць у невялікай колькасці прыходзіць у нашу мову праз пасярэдніцтва ідыш (верхненямецкі дыялект). Гэты працэс быў не самым актыўным, паколькі габрэі вельмі хутка вывучалі беларускую мову і з мясцовым насельніцтвам размаўлялі пераважна на ёй. Акрамя таго, цяжка спраўдзіць, слова наўпрост патрапіла з нямецкай у беларуску ці праз ідыш. Таму больш-менш спраўджанымі ідышызмамі з’яўляюцца словы гандаль, рахунак, кахля (кафля), лотр (злодзей), разынкі, труна, хабар. У савецкі час новыя запазычанні з нямецкай мовы прыходзілі да нас перадусім праз рускую (цэнтрыфуга, ландшафт, бухгалтар, акрэдэтыў, рэнтген). Аднак ёсць шэраг словаў, якія засталіся ў спадчыну ад І і ІІ Сусветных войнаў і трапілі ў мову без пасярэднікаў (фельдкамендатура, зондэркаманда, гаўляйтар, а таксама гутарковыя алес, капут, аўсвайс).

Фанетычныя і марфалагічныя асаблівасці германізмаў:


  • Спалучэнні шт, шп пераважна ў пачатку слова (радзей шн, шм): штандар, штанга, шпіль, шпалеры, шнапс, шніцаль.

  • Спалучэнне хт у сярэдіне слова (вахта, шахта).

  • Суфікс –унак (-unk) у нямецкіх запазычаннях, адаптаваных польскай мовай (малюнак, гатунак).

  • Суфікс –ар/-яр/-ер (рыцар, муляр, канцлер)

  • Канцавая частка –майстар (гросмайстар, хормайстар).

Часта нямецкія запазычанні траплялі ў нашу мову без аніякіх зменаў (пуд, шпат, шнур, абшлаг). Аднак значная частка была адаптаваная мовай як фанетычна, так і семантычна. Напрыклад, слова андарак, якое ў нашай мове мае значэнне ‘саматканая паласатая або клятчастая спадніца, якую даўней насілі жанчыны ў Беларусі’ ўтварылася ад нямецкага Underrock – ‘ніжняя спадніца’. Слова герб прыйшло з нямецкай Erbe (‘спадчына’) праз польскую мову. Слова талерка ўтварылася ад Teller (‘металёвая пліта ў друкарскай машыне’). Наша слова цягнік, як ні дзіўна, гэта калька з нямецкага Zug. Дарэчы, само слова цуг у беларускай ужываецца ў значэнні ‘доўгі шэраг, чарада жывёл, машын і г.д., якая рухаюцца адна за адной’.

Лексіка-тэматычныя групы германізмаў:



  1. Бытавая лексіка: куфаль (куфель, кухаль), гонта, фарба, цвік, цэгла, ядваб (шоўк), шнур.

  2. Назвы пабудоваў і іх частак: дах, гмах, кухня, шпіталь.

  3. Назвы асобаў: фурман, шляхта, гетман, бурмістр.

  4. Лексіка са сферы гандлю: кірмаш, кошт, шалі, вага, рэшта, цэнтнер.

  5. Вайсковыя тэрміны: варта, шыхт, пляц, штурм, куля.

  6. Абстрактная лексіка: лёс, смак, гвалт, жарт, шкода.

Заданне

Назавіце слова нямецкага паходжання, якія адпавядаюць гэтым азначэнням:

  1. Выкапнёвая акамянелая празрыстая смала хвойных дрэваў жоўтага або карычневага колеру – бурштын

  2. Набор прадметаў, прыстасаванняў, прыладаў, неабходных для якой-небудзь працы – рыштунак

  3. Гусіны тлушч – шмалец

  4. Выраб з металу ў выглядзе тоўстай гнуткай ніці – дрот

  5. Часовае збудаванне з дошак уздоўж сценаў будынка для правядзення будаўнічых або рамонтных работ – рыштаванне

  6. Скрынка стала, камода, шафы – шуфляда, шуфлядка

  7. Вымашчаная камянямі вуліца – брук

  8. Спецыяльная стужка/ вяроўка ў свечцы ці газавай лямпе для гарэння – кнот

  9. Услон, пераносная лавачка на ножка – зэдаль, зэдлік

  10. Вялікая драўляная дзежка з накрыўкай для захоўвання прадуктаў і рэчаў – кубел

  11. Шкло, устаўленае ў аконную раму – шыба

  12. Накладная рамка вакол праёма акна або дзвярэй – ліштва

  13. Сталярны інструмент для стругання дошак – гэбель, гэблік

  14. Той, хто займаецца апрацоўкай і вырабам шкур – гарбар

  15. Пакладзеная слаямі адзін на адзін прадметы (кнігі, напр.) – стос

  16. Цвёрдасць, трываласць, якую набывае метал пасля моцнага награвання і хуткага ахаладжэння; стойкасць, якая набываецца ў барацьбе з цяжкасцямі – гарт

  17. Неабсяжная прастора, разлегласць – абшар

  18. Распіска, квітанцыя, квіток, цэннік – цэтлік

  19. Землякоп – грабар

  20. Той, хто дае грошы ў рост - ліхвяр


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка