Нібы святло далёкіх зорак да дня беларускага письменства І друку




Дата канвертавання24.02.2017
Памер46.48 Kb.
НІБЫ СВЯТЛО ДАЛЁКІХ ЗОРАК
Да дня беларускага письменства і друку
Славяне — адносна маладая этнічная супольнасць, якая ўзнікла ў пачатку нашай эры. У антычных вучоных сустракаюцца звесткі пра венедаў, неўраў, антаў, што насялялі калісьці нашы землі і лічацца зараз продкамі славян. Але адносна паходжання і першапачатковага рассялення славян маюцца толькі гіпотэзы, версіі, здагадкі — цяжка ўзнавіць гісторыю народаў, якія не мелі свайго пісьменства.
Як і калі ўзнікла пісьменства ў славян?
"Каб процістаяць германізацыі свайго народа, мараўскі князь Расціслаў у 862— 863 гг. запрасіў з Грэцыі асветнікаў Кірыла і Мяфодзія, братоў, верагодна славян па паходжанні". Яны стварылі азбуку, якой мы карыстаемся і сёння. Па імені старэйшага з братоў яна атрымала назву кірыліца. Сучасныя балгарскія даследчыкі лічаць, што ў назвах кірылічных літар зашыфраваны пэўны сэнс. Напрыклад, назвы першых літар "аз, букі, ведзі, глаголь, дабро" яны перакладаюць як "я літары ведаю, каб сцвярджаць дабро".
На тэрыторыю сённяшняй Беларусі славяне (крывічы, дрыгавічы, радзімічы) прыйшлі ў VI ст. Тут раней жылі розныя балцкія і фіна-ўгорскія плямёны, якія былі паступова асіміляваны славянамі і ўрэшце ўтварылі з імі адзін беларускі народ.
Пісьменства з'явілася на Беларусі адначасова з прыняццем хрысціянства. Археолагі сцвярджаюць, што першыя надпісы, знойдзеныя пры раскопках, адносяцца да X ст. Самая старажытная кніга, якая захавалася, — Тураўскае Евангелле XI ст. Яно напісана на пергаміне, упрыгожаннем яго служаць ініцыялы (вялікія літары), размаляваныя перапісчыкам у тры колеры: сіні, зялёны і чырвоны.
У Тураве ў XII ст. жыў і працаваў архіепіскап Кірыла, вядомы сваімі прыпавесцямі, казаннямі, "Словамі" на царкоўныя святы і іншымі творамі, якія сведчаць аб незвычайным красамоўстве і эрудыцыі аўтара. Гэтыя творы носяць у асноўным кампілятыўны характар. Акадэмік В. П. Вінаградаў называў кампіляцыі Кірылы Тураўскага мастацкай мазаікай. "Тут асобныя элементы як каштоўныя камяні, узятыя гатовымі з розных крыніц, — пісаў ён. — Адтуль жа бярэцца і сам план, канва, паводле якой размяшчаюцца гэтыя цудоўныя ідэйныя і слоўныя перлы... Выбар іх, узаемаспалучэнне, урэшце, зліццё іх з канвою новага плана — усё гэта выканана самастойна і высокамастацкім чынам".
У беларускіх літаратуразнаўцаў маецца цікавая гіпотэза, што менавіта Кірыла Тураўскі (аўтар шматлікіх "Слоў") напісаў "Слова аб палку Ігаравым", але, як духоўная асоба, мусіў захоўваць ананімнасць.

Наступная яркая зорка на небасхіле беларускага асветніцтва — легендарная Ефрасіння (Прадслава) Полацкая, унучка Усяслава Чарадзея. Яшчэ калі яна была зусім юнай, слава аб яе прыгажосці і мудрасці разышлася па свеце і да яе бацькі князя Святаслава пачалі ездзіць сваты з блізкіх і далёкіх земляў. Але Прадслава вырашыла пайсці ў манастыр. Не пад прымусам (бацькі былі супраць яе выбару),

не для таго, каб адгарадзіцца ад свету з яго турботамі, а для актыўнай грамадскай асветніцкай дзейнасці. Ефрасіння будавала цэрквы, стварала манастыры і школы. На многіх палітычных падзеях таго часу адчуваецца яе міратворчы ўплыў.
Заснаваныя ёю два манастыры (жаночы і мужчынскі) былі асяродкам перапіскі кніг. I сама Ефрасіння, як сведчыць яе "Жыціё", "нача книгы писати своими руками".
У тыя часы не хапала цэлага жыцця, каб перапісаць адну кнігу. Загалоўныя лісты ўпрыгожваліся застаўкамі, размаляванымі каляровай фарбай, срэбрам і золатам. Пераплётам служылі драўляныя дошчачкі, абцягнутыя тонкай скурай.
Вось як вобразна ўяўляў сабе Максім Багдановіч працу старажытнага перапісчыка кніг:
На чыстым аркушы, прад вузенькім акном,

Прыгожа літары выводзіць ён пяром,

Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі

Чырвоную страку; усякімі цвятамі,

Рознакалёрнымі галоўкамі звяроў

I птах нявіданых, спляценнем завіткоў

Ён пакрашае скрозь — даволі ёсць знароўкі —

Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі

I загалоўкі ўсе — няма куды спяшыць!

Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць

Пяро гусінае, і гляне: светла сонца

Стаўпамі падае праз вузкае аконца,

I круціцца у іх прыгожы лёгкі пыл...
Аўтар "Жыція" Ефрасінні Полацкай расказвае, што яна прадавала кнігі, перапісаныя ў манастырах, і грошы раздавала бедным. Зразумела, купіць кнігі ў тыя часы маглі толькі самыя заможныя і радавітыя людзі. Так было да ўзнікнення кнігадрукавання (1517 г.). Нездарма наш вялікі асветнік, вучоны, першадрукар Францыск Скарына пісаў, што ён выдае кнігі "Богу ко чти и людемъ посполитымъ к доброму научению". Кніга стала даступнай простаму чалавеку.
Пачынаючы з 50-х гг. XVI ст. друкарні ўзнікаюць у Беларусі адна за адной: у Вільні, Брэсце, Нясвіжы, Цяпіне, Заблудаве, Лоску, Слуцку і інш. Усяго к канцу стагоддзя іх было больш за шэсцьдзесят. Ад нас кнігадрукаванне пашырылася на Украіну і Расію.

Беларускія кнігі вылучаліся разнастайнасцю тэматыкі. Акрамя царкоўнай, выдаваліся свецкая і палемічная літаратура, творы антычных аўтараў, падручнікі, календары, апісанні падарожжаў, юрыдычна-заканадаўчыя акты. Усё гэта садзейнічала асвеце і прагрэсу нашай радзімы.


Потым наступіў цяжкі для беларускага пісьменства перыяд, абумоўлены спачатку паланізацыяй, а потым русіфікацыяй нашага народа. I ўсё ж у XIX ст. дамбу царскай цэнзуры прарвала хваля беларускага Адраджэння — "Мужыцкая праўда" Кастуся Каліноўскага, творы Дуніна-Марцінкевіча і Багушэвіча. А ў пачатку XX ст. узнялася яшчэ больш магутная хваля — творы Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Цёткі, Змітрака Бядулі і іншых карыфеяў беларускай літаратуры.
Але гэта ўжо не такая далёкая, больш вядомая нам гісторыя. Нашу невялікую нататку хочацца скончыць словамі літаратуразнаўцы Уладзіміра Конана:
"Ёсць у Сусвеце звышдалёкія зоркі. Гледзячы на іх, мы сутыкаемся з вечнасцю. Святло прыроднае нараджае жыццё; святло духоўнае надае яму мэту і сэнс... Да святла духоўнасці спрычыніліся нашы асветнікі ад Кірылы Тураўскага, Ефрасінні Полацкай да Янкі Купалы і Якуба Коласа. Першыя ніколі не забудуцца, таму што ў іх — пачатак, вытокі, зараджэнне..."
Святлана КЛІМКОВІЧ


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка