Нягледзячы на тое, што Міжнародны тэатральны фестываль "Панарама" праходзіць у беларускай сталіцы чацвёрты раз, пакуль нельга сказаць, што ён сфарміраваў сваё пэўнае мастацкае аблічча




Дата канвертавання11.04.2017
Памер29.31 Kb.
Нягледзячы на тое, што Міжнародны тэатральны фестываль “Панарама” праходзіць у беларускай сталіцы чацвёрты раз, пакуль нельга сказаць, што ён сфарміраваў сваё пэўнае мастацкае аблічча. Адзіным творчым праектам, які існуе ў праграме гэтага фестывалю ад самага яго нараджэння і кожны раз прыцягвае пільную ўвагу тэатральнай грамадскасці, з’яўляецца Тэатр Online, у якім на суд гледачоў прапануецца адразу некалькі мініпрэм’ер, створаных “у рэжыме рэальнага часу” (чытай: на працягу фестывалю) маладымі рэжысёрамі і драматургамі. Сёлетні On-line падвоіў інтрыгу — і не толькі з прычыны таго, што стала існуючая ў беларускай сталіцы “тэатральная альтэрнатыва” ў выглядзе камерцыйных праектаў улілася ў агульную беларускую праграму, але і таму, што гэтым разам у рэалізацыі праекта былі задзейнічаны выключна беларускія маладыя творцы.

Чым жа так вабіць фестывальны On-line тэатралаў "са стажам"? Найперш - верай у тое, што маладое пакаленне ў пошуках "новых форм" прапануе нам, гледачам, сапраўды свежыя, альтэрнатыўныя ідэі, смелыя і, можа, нават крыху хуліганскія, адпаведна свайму маладому ўзросту і адсутнасці важкага "тэатральнага багажу" за плячыма. А яшчэ - магчымасцю на фоне гэткай легалізаванай тэатральнай "уседазволенасці" прыгледзець сабе тых драматургаў ці рэжысёраў, якіх у далейшым можна запрасіць у тэатр ужо на больш сур'ёзную, поўнамаштабную працу. На жаль, сёлетні On-line літаральна "прыдушыў" маладых творцаў адчуваннем важнасці і вялікай адказнасці за ўласныя сцэнічныя выказванні, нібыта ад іх патрабавалі "абараняць гонар" усяго свайго творчага пакалення. І падвох аказаўся зусім не ў тым, што зададзеная тэма "Хто я?" аказалася надзвычай філасафічна-расплыўчатай, з-за чаго прапанаваць драматургічна ўцямныя замалёўкі на яе змаглі толькі некаторыя з аўтараў. Галоўны сакрэт выявіўся ў сферы прафесійных навыкаў: аказалася, што атрымліваючы "ў рукі" персанажаў у зададзенай сцэнічнай сітуацыі, якіх прыдумалі і падкінулі драматургі, маладыя рэжысёры папросту... не ведалі, што з гэтымі героямі рабіць, як "расправіцца" з сітуацыяй і вывесці сцэнічную дзею да лагічнага, заканамернага для дадзенай гісторыі, фіналу.

 У выніку 20-хвілінны фармат сцэнічных паказаў удалося вытрымаць хіба што двум рэжысёрам: Васілю Дранько-Майсюку з "Гусляром" Ігара Скрыпкі ды Багдану Арлоўскаму з "Сакратам.09" Алены Баландзіной. Астатнім жа для ўласнага выказвання патрабавалася амаль удвая больш часу, так што сем "міні-работ" расцягнуліся ажно на... чатыры гадзіны сцэнічнага часу. Акрамя таго, аказалася, што літаральна ўсе без выключэння маладыя рэжысёры, нягледзячы на свой узрост, ужо "хранічна" абцяжараны грузам тэатральных прыёмаў і штампаў, што надзвычай актыўна эксплуатуюцца ў сучасным беларускім тэатры. І гэтае старанне паказаць уласнае ўменне быць такімі, як "сапраўдныя рэжысёры", сыграла з імі злы жарт: яны загразлі ў выяўленчай архаіцы, так і не здолеўшы нават пакаштаваць, адчуць той "драйв сцэнічнай свабоды", дзеля чаго ў свой час і задумваўся On-line.

    Аднак нават у гэтых "цернях" прабліснула работа, якая дала падставы для размоў пра тое, што пошукі сучаснага тэатральнага мыслення ў нашай прасторы ўсё ж не бессэнсоўныя: "Дажыць да прэм'еры" Мікалая Рудкоўскага ў рэжысуры Паўла Харланчука-Южакова. Драматург не першы раз бярэ ўдзел у Тэатры On-line, і многія да гэтага часу ўзгадваюць яго "Інфляцыю пачуццяў" на мінулай "Панараме", створаную разам з рэжысёрам Ігарам Пятровым і актрысай Купалаўскага Зінаідай Зубковай.



 Цяпер жа ён прапанаваў паразважаць на такую актуальную тэму, як сучаснае асэнсаванне ў тэатры тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Што і казаць, пытанне для сучаснага мастацтва - гіперактуальнае, і не толькі ў сувязі з набліжэннем такой знамянальнай даты, як 65-годдзе Вялікай Перамогі, але і таму, што беларускі тэатр, звяртаючыся да гэтай тэмы, патрабуе якасна новай мовы, "адаптаванай" спецыяльна для сучаснага гледача. Дык як жа сёння ў тэатры захаваць такую дарагую і надзвычай важную для мастацтва праўду перажыванняў і не скаціцца пры гэтым у "-ізмы"? Як у кароткім кавалку сцэнічнага часу адчуць і пражыць тое, што адчувалі і перажывалі ў часы ваеннага ліхалецця нашы продкі, але застацца пры гэтым сучасным чалавекам? Пра гэта з жывым гумарам, пэўнай іроніяй у адносінах да "кухні" акцёрскай прафесіі, але, адначасова, глыбока і шчыра прапанаваў задумацца нам драматург разам з рэжысёрам. І галоўным пафасам паказу сталася тое, што нам не прапанавалі гатовага "рэцэпту". Пацвярджаючы, што ў творчасці, як і ў жыцці, нельга "вынайсці" адну-адзіную "схему-мадэль", адданае служэнне і прытрымліванне якой можа пазбавіць ад неабходнасці кожны раз пагружацца ў глыбіні творчага працэсу, пачынаючы кожны раз "з нуля", з чыстага ліста, і перш-наперш уключаць у работу... уласную душу.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка