Паэтычная старонка «Сэрца маці сонца» Штогод 14 кастычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці




Дата канвертавання14.03.2019
Памер33.74 Kb.
Паэтычная старонка «Сэрца маці - сонца»

Штогод 14 кастычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень маці. Дата гэтай урачыстасці прымеркавана да вялікага праваслаўнага свята – Пакрову Прасвятой Багародзіцы.


Мама – гэта пачатак усіх пачаткаў. Гэта крыніца жыццядайнай энергіі. Гэта – светач любові і дабрыні. Гэта – самае пачэснае званне на Зямлі.

І няхай не змаўкае гімн пашаны і ўдзячнасці матулям!

***

Дарагое імя
Свеціць як сонца,

Ад самай калыскі

Вобраз любімы,

Родны і блізкі.

Маміна імя

Самае лепшае,

Маміна слова

Найдаражэйшае.

Мама! Матуля! –

Чароўнае слова

Песняй ласкавай

Гучыць на ўсіх мовах.



Мікола Хведаровіч
***

Не знаю,


Ці ёсць жыццё

На нейкіх зорках.

Я знаю толькі адну зорку –

Пяцікрылую далонь маці,

На якой выраслі

Мы, наш хлеб, нашы песні.

Святло якой

Вечна струменіць. 



Максім Танк

***


Мама
Так, як маці, на свеце ніхто не ўмее

За дзяцей хвалявацца і перажываць.

Так, як маці, ніхто не ўмее на свеце

Немаўлят сваіх песціць, калыханку спяваць.

Так, як маці, ніхто цябе не разумее,

Яна словам суцешыць заўсёды ў бядзе.

Ад матуліных слоў цэлы свет харашэе,

Не, ніхто не заменіць, матуля, цябе.



Яўген Крупенька
 ***

Мама
Мая мама добрая такая,

Мая мама проста залатая!

А ўжо так мяне матулька любіць!

Кожны раз і песціць, і галубіць,

І да сэрца горне, і мілуе,

І так шчыра-моцна пацалуе,

І прамовіць ласкавае слоўца,

І сама засвеціцца – як сонца.



Ніл Гілевіч
 ***

Вочы твае

Нада мной ўзышлі

Сузор’ямі цішыні,

Сузор’ямі дабрыні,

Покуль ёсць яны –

Мне на зямлі

Светла, мама...



Рыгор Барадулін

 ***


Ты паслухай, як сэрца матулі гамоніць –

Ці крынічкай у лузе, ці званочкам у полі...

Зазірні ў яе вочы, найлепшыя ў свеце –

Незабудак блакіт, што квітнее у леце;

Птушанём у пяшчоту яе акуніся,

Дабрыні і журбоце яе пакланіся,

І малітвам яе, хваляваннем спавітым,

Смачным стравам у ранні, рукам працавітым...

Зацвіце яна яркай півоняю мая

І усмешкаю сонца на вуснах зайграе,

Ты адчуеш, як сэрца матулі спявае.

Алена Дзегцярова
 ***

Маме


Калі б магла вясёлку з неба зняць,

Я падарыла б маме.

Каб з хмарак я магла дыван саткаць.

Я падарыла б маме!

Пралескі ўсіх лясоў і стужкі рэк

Я падарыла б маме.

І ласку, і цяпло на доўгі век

Я падарыла б маме!

Святло бяроз і песеньку малой

Сініцы сінякрылай –

Хачу паднесці ўсё, што мне самой

Матуля падарыла.



Эдзі Агняцвет

 ***


Цалуйце рукі любыя матуль,

Прапахлыя работаю і сонцам.

З душою, прачуленай да донца,

Цалуйце рукі любыя матуль.

Не забывайце, што для іх бясконца

Цяжэе вечных клопатаў хатуль.

Цалуйце рукі любыя матуль,

Прапахлыя работаю і сонцам.



Мікола Пазнякоў


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка