Паэтыка «гукасэнсу»: вершаказы ў творчасцi алеся разанава



Дата канвертавання25.02.2017
Памер82.9 Kb.
#4368
ПАЭТЫКА «ГУКАСЭНСУ»: ВЕРШАКАЗЫ Ў ТВОРЧАСЦI АЛЕСЯ РАЗАНАВА

Вераб'ёва А. М.

Вершаказы – апошні па часе з’яўлення ў паэтычных зборніках і фармальна найбольш празаізаваны аўтарскі жанр А. Разанава. Упершыню яны з’явіліся ў кнізе «У горадзе валадарыць Рагвалод» (1992), змест якой амаль цалкам і склалі. На думку Е. Лявонавай, гэта самая арыгінальная эксперыментальная форма паэта, яго творчая візітоўка. Ў дадзеным выпадку мы маем справу з мастацкім феноменам «гукаадлюстравання», – суадгукання на фанетычным узроўні, што з’яўляецца таксама тэкстастваральнай рысай квантэм. Сам паэт абазначае вобласць, у якой працуе, «сферай гукасэнсу», якая вырастае з «гульні на гуках» у квантэмах да нечага больш канцэптуальнага, таго, што складае рытміка-інтанацыйны падмурак яго паэтыкі: «...менавіта з увагі да гуку, з патрэбы гуку стаць сэнсам, відаць, і ўзніклі такія мае аўтарскія жанры, як квантэмы і вершаказы... Унутры вызначаных рытмаў, а мы ведаем са школьных яшчэ гадоў: ямб, харэй, дактыль, амфібрахій, анапест – існуюць больш тонкія рытмы. І гэтыя рытмы спалучаны якраз з чалавечым голасам, з чалавечай інтанацыяй... У вершы важны не сам па сабе рытм, а якраз інтанацыя рытму, колер рытму... Вершы, мабыць, і ўзнікаюць як патрэба гэтай інтанацыі прабіцца, выявіцца, сказаць пра сябе» [5, с. 6]. Аўтар называе свой падыход да паэтычнай матэрыі новым станам мыслення, праз які выяўляецца «пачуццё, якое думае, разумее». Нярэдка вобразы, запачаткаваныя ў квантэмах, выступаюць як творчы матэрыял для далейшых вершаказаў. Гэта добра ілюструецца, напрыклад, праз супастаўленне квантэмы («руіны запарушваюцца / рунь / уваскрашае руны / неба блізка» і страфы з ранняга вершаказу пад назвай «Рунь»: «Рунь – руны зямлі, карункі грунту. / Яна зялёная, але ў яе «турме» ляжыць залатое руно» [6, с. 20] .На прыкладзе гэтага ж твора добра відаць, што вершаказы маюць структуру, блізкую да іншай разанаўскай формы – версэта: тая ж падзеленасць на строфы, версэйная арганізацыя тэксту, наяўнасць сказу-выніку. У вершаказе «Рунь» сказ-вынік завязаны на дзеяслоўным аказіяналізме «рунлівее». Для тлумачэння яго этымалогіі прывядзем усю заключную страфу твора: «Аб ёй рупіцца Ярыла. / Яе жагнае вогненым заклёнам Пярун. / І чалавек, пазіраючы на яе, рунлівее норавам» [6, с. 20]. Гукаспалучэнне «рунь», якое абыгрываецца ў творы, і дзеяслоў «рупіцца» складаюць новае, кантэкстуальна абумоўленае паняцце. Падобны прыём рэгулярна скарыстоўваецца ў вершаказах.

Спынімся падрабязней на прыёмах, звязаных з алітэрацыяй і асанансам. Так, сярод найбольш характэрных спосабаў гукапісу ў вершаказах умоўна можна вылучыць наступныя: «просты», «адваротны», «анаграмны». Сутнасць самага распаўсюджанага, «простага», спосабу гукапісу ў скарыстанні кораня ключавога слова вершаказа ў нязменным выглядзе. Ключавое слова, якое сам аўтар называе «дамінантнай рыфмай» [5, с. 7] , заўжды вынесена ў загаловак і з’яўляецца аб’ектам апісання-асэнсавання, яно «задае адпаведную інтанацыю, вызначае гучанне твора ў цэлым… яно валадарыць, пануе, сцягвае, збірае вакол сябе ўсе астатнія словы» [2, с. 34]. Словы, што «суадгукаюцца» з дамінантнай рыфмай, не з’яўляюцца аднакарэннымі – іх карані на цяперашні момант аманімічныя. Прадэманструем гэта на прыкладзе такіх слоў з вершаказу «Рунь»: «Грунвальд, руны, карункі грунту, руно, Пярун». Слова, якое «рыфмуецца» простым спосабам, не абавязкова цалкам паўтарае корань ключавога і можа ўтрымліваць чаргаванне зычных і галосных. Чаргаванне зычных пры простым спосабе часта не звязана з прынцыпамі глухасці – звонкасці, шыпячасці – свісцячасці і да т.п.: «дуб» – «дужы», «парог» – «дарога». Не абавязковае і паўтарэнне ўсіх гукаў ключавога слова: алітэрацыя можа выяўляцца ужо праз адзін склад :«жалеза» – «іржа», «пачатак» – «час», «нашча», «роспач»; «ступа» – «пуп» і інш. Рэалізуецца таксама рыфмаванне, дзе галосны чаргуецца ў пазіцыі паміж двух паўтаральных зычных: «дым» – «эдэм», «дыядэма», і інш. Другі спосаб («адваротны») заснаваны на перастаноўцы гукаў, што складаюць дамінантную рыфму, у адваротным парадку. Тут, гэтак жа сама, як і пры простым рыфмаванні, дакладная перадача гукавога складу дамінантнай рыфмы не абавязковая: «дым» – «мытня» (чаргаванне па глухасці – звонкасці [т]/[д]); «горад» – «дарога», «дарагі»; «дуб» – «буда», «буду», «будуецца», «будучы» і інш.

У межах аднаго вершаказу ўсялякая сістэмнасць разбураецца, чытач становіцца сведкам бліскучай імправізацыі, гульні з гукам, што адкрывае нечаканыя сэнсавыя адценні слоў і паняццяў. Тут і далей першае слова ў шэрагах чаргаванняў – ключавое.

Ніжэй прапануецца размежаванне трох тыпаў вершаказаў. Так, вершаказы першага тыпу створаны пераважна на матэрыяле слоў беларускай мовы і паводле страфічнай пабудовы набліжаюцца да версэту. У творах другога тыпу ў якасці дамінантнай рыфмы, поруч з беларускімі, выступаюць лексемы іншых моў. У гэтых творах паэт больш лаканічны: страфа заўжды адпавядае аднаму сказу. Вершаказы з разнамоўем хаця і вызначаюцца большай структурнай замкнёнасцю параўнальна з першым тыпам адкрываюць для гэтай аўтарскай формы шырокія абсягі для выяўлення нечаканых семантычных адценняў у «сферы гукасэнсу». У вершаказах трэцяга тыпу ў якасці ключавых выступаюць альбо семантычна блізкароднасныя пары слоў, альбо пары слоў з амбівалентнымі значэннямі. Прадэманструем гэта на прыкладах.

У самых першых вершаказавых формах можна заўважыць, што «суадгуканне» слоў не заўсёды падпарадкавана дамінантнай рыфме. Пэўныя лексемы ўнутры тэксту могуць рыфмавацца памiж сабой. Такую рыфму знаходзім у выніковым сказе вершаказу «Камень»:



«І кожны раз, калі жыццё распачынаецца нанова, яно распачынаецца не ab ovo (з яйка), а з каменя» [6, с. 24]. . Акрамя самастойнасці рыфмы «нанова – ab ovo», звернем увагу на тое, што праз увядзенне лацінскага выразу гукапісальны эксперымент А. Разанава выходзіць за межы вузкамоўнага кола праблематыкі. У тым жа творы маецца абыгрыванне гукавых адценняў слоў з яшчэ дзвюх старажытных – індыйскай (санскрыту) і габрэйскай – моваў: «У камені спіць імя абсалюту – аум, альбо, паводле іншай транскрыпцыі, амін» [6, с. 24]. Як бачым, у адным сказе праз асэнсаванне архетыповых прымет ключавога слова адбываецца прыцягненне дыскурсу адразу трох рэлігійных ведаў – будысцкай («аум»), хрысціянскай («амін») і язычніцкай («камень»).

У звязку з толькі што працытаваным варта правесці наступную паралель. Як вядома, у розных рэлігійных практыках надзвычай вялікая нагрузка прыпадае на вербальны складнік – на тое, што называецца сілай слова (у малітве, мантры, замове і г.д.) ці транс -цэндэнтнымі гукамі. Напрыклад, адэпты вучэнняў, што арыентуюцца на традыцыі старажытнай індыйскай кнігі «Веды», падчас медытацыі прамаўляюць пэўныя ведычныя вершы, у якіх, як лічыцца, заключаны нейкі боскі код («імя абсалюту»), што валодае цудадзейнымі ўласцівасцямі. Можна сказаць, што творчасць А. Разанава (хаця і без прывязкі да пэўнай рэлігіі) таксама скіраваная да пошуку вербальных кодаў, першасных значэнняў слоў, што сціраюцца-дэвальвуюцца ў працэсе іх камунікатыўнага развіцця. Пры гэтым, калі гаварыць пра тэкстастваральныя прынцыпы, паэтава даследаванне архетыпаў праз вершаказы не валодае медытатыўнасцю а, хутчэй, дасягае навуковага (а не інтуітыўнага) спосабу спазнання рэчаіснасці.Але вернемся да нашай класіфікацыі. Ужо ў першай кнізе вершаказаў «У горадзе валадарыць Рагвалод», апрача асобных унутрытэкставых іншамоўных «укропванняў» («Год», «Серп»), маецца некалькі твораў («Воўк», «Сонца», «Брат»), якія выводзяць гэтую эксперыментальную форму на якасны іншы ўзровень і ўтвараюць другі тып вершаказу, які атрымае свой працяг у творах зборнікаў «Паляванне ў райскай даліне» і «Рэчаіснасць».

Другі тып вершаказу, гэтак жа, як і першы, сканцэнтраваны вакол ключавога слова-аб’екта, але апісвае яго праз пасрэдніцтва іншых моў. Даследуючы пэўнае паняцце ў іншамоўных кантэкстах (пераважна аўтар прыцягвае для кантэксту словы з роднасных моў), А. Разанаў абавязкова падае і беларускі варыянт (як правіла, ва ўступнай ці канцавой строфах). Як піша Е. Лявонава, «у гэтым выпадку з’яўляецца выключная магчымасць прасачыць, як у адных і тых жа словах, але з розных моваў праяўляюцца назапашаныя гэтымі словамі клопаты народа, яго лёс, гісторыя і перспектывы, яго, нарэшце, менталітэт» [2, с. 34]. Тут прымяняецца той жа шырокі арсенал прыёмаў гукапісу, што і ў адверсэтавых творах. Кожная страфа пачынаецца з ключавога слова і ўказання мовы, да якой яно адносіцца (у межах аднаго твора скарыстоўваецца да дванаццаці моўных адпаведнікаў). З мэтай увядзення адпаведнага кантэксту часта тут выкарыстоўвацца тапонімы, а таксама іншыя словы той ці іншай мовы: «Рускі в о л к «волокаецца» ад Валакаламска да Валачаеўкі і Ваўкавыска; ён вялікі, як вол, лоўкі, нібы іголка, і ўвасабляе трыадзінства «воли», «алкности» і «лукавства» [6, с. 23].

Праз працу з гукам паэт абнечаканьвае глыбінёй сэнсаў і алюзіяў, адкрывае новую семантыку, «паэтычную этымалогію» шырокаўжывальных слоў.

А. Разанаў на фанетычным узроўні актыўна скарыстоўвае міжмоўную гульню. Калі ў папярэднім прыкладзе супастаўляліся пары слоў з блізкай семантыкай, то ў наступным творы адбываецца проціпастаўленне. У межах адной страфы можа проціпастаўляцца і група слоў, і дзве сінтаксічныя канструкцыі: «Будзень – удзельнік, свята – сведка, будзень – маладзік, свята – ветах, будзень – дзейнік, свята – выказнік, будзень абяцае: усё, што трэба, збудзецца, свята вясткуе: усё, што трэба, збылося» («Будзень і свята» [7, с. 118].

У вершаказах трэцяга тыпу, як адзначалася, адбываецца гульня з семантычна блізкароднаснымі ці амбівалентнымі парамі ключавых слоў. Запачаткаваны ў творах кнігі «Паляванне ў райскай даліне» – «Голад і холад», «Срэбра і золата», «Будзень і свята», – гэты тып арганізацыі тэксту мае свой працяг і ў недалёкіх па часе творах зборніка «Рэчаіснасць» (датуюцца 1994 – 1996 гг.) – «Аладка і блін», «Ключ і замок», «Здароўе і хвароба» і інш.

Галоўным прыёмам гэтых твораў з’яўляецца проціпастаўленне. Але, проціпастаўляючы пэўныя паняцці, паэт «прымушае» суадгукацца словы, што падпарадкаваны дамінантнай рыфме. Гэтыя вершаказы раздзеленыя на два планы і, адпаведна, іх страфічная арганізацыя таксама дуалістычная. Так, у межах страфы могуць проціпастаўляцца як сказы, што апісваюць той ці іншы аб’ект: «Голад глытае ўсе наедкі, якія гадаваў год, холад захутвае ва ўсе халаміды, якія назапашвала хата», гэтак і непасрэдна амбівалентныя пар слоў: «Холад – дрыготка, голад – сутарга, холад – душахват, голад – жываглот, холад тоіцца ў лёхах, голад – у логаве, голад – ляда, холад – лёд» («Голад і холад») [7, с. 105]. . Як бачым, у другім прыкладзе суадгуканне адбываецца паміж залежнымі лексемамі розных ключавых слоў.

Звернем увагу на тое, што, хаця форма (г. зн. гукапіс) у вершаказах шмат у чым і абумоўлівае змест твора (ад пачатку зададзены падпарадкавальныя адносіны), але мы не знойдзем «прахадных» супастаўленняў, слоў, што аказаліся поруч выпадкова, толькі праз фанетычнае падабенства. Змест, які адкрываецца праз вершаказы, магчыма, разыходзіцца са звыклым разуменнем гэтага паняцця. Можна сказаць, што ў іх мадэлюецца метазмест, звышсэнс. Вось, як пра гэты феномен, затоеныя ў словах інтэртэкстуальныя і міжмоўныя мажлівасці, разважае сам паэт: «У слове заўсёды прысутнічае таямніца. У ім закадзіравана нешта вельмі істотнае, цэлы пласт рэчаіснасці. Вершаказы па меры магчымасці расшыфроўваюць гэты код, дазваляюць слову, каб яно расказала, з кім яно сябруе, як яно адчувае іншыя словы... Часам вершаказы выходзяць на такія памежжы, дзе пачынаюць адгукацца блізкія словы з іншых моў... Гэта пэўным чынам як родзічы, як сваякі, якія апынуліся ў розных краях, ужыліся ў свае абставіны, краявіды, у сваё наваколле, але, аднак жа, яны адзін аднаго пазнаюць здалёк» [5, с. 7]..

Такім чынам, вершаказ – аўтарскі жанр, які скандэнсаваў у сабе шырокі спектр творчых набыткаў А. Разанава і мае вялікі патэнцыял як спецыфiчны прыём i ўзор для iншых творцаў.

Спіс літаратурных крыніц

1. Лявонава, Е., «Палову жыцця падаюся ў свет, палову – варочаюся

са свету…». Алесь Разанаў і філасофска-эстэтычныя пошукі ў еўрапейскай літаратуры / Е. Лявонава // Роднае слова. – 1997. – № 12. – С. 32 – 42.

2. Лявонава, Е. «Гук – «электрон» верша»: Гукатворчасць Алеся Разанаваі еўрапейская літаратурная традыцыя / Е. Лявонава // Роднае слова. – 1998. –№ 4. – С. 29 – 36. № 4. – С. 29 – 36.

3. Лявонава, Е. «Паэзія не хлеб надзённы, але – наддзённы». Алесь

Разанаў і постмадэрнізм / Е. Лявонава // Роднае слова. – 1998. – № 6. –

С. 39 – 49.

4. Лявонава, Е. Крок за крокам тут збліжаюцца мовы / Е. Лявонава //

ЛіМ. – 29 лістапада 2002. – С. 6.

5. Шаблінская, Г. «Я – той, хто шлях, і хто па ім ідзе...»: Гутарка з Алесем Разанавым / Г. Шаблінская // ЛіМ. – 1995. – 14 кастр. – С.6 –

6. Разанаў, А.С. У горадзе валадарыць Рагвалод: Вершаказы і пункціры / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1992. – 144 с.

7. Разанаў, А.С. Паляванне ў райскай даліне: Версэты. Паэмы.

Пункціры. Вершаказы. З Вяліміра Хлебнікава. Зномы / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1995. – 288 с.

8. Разанаў, А.С. Адраджэнне / А.С. Разанаў. − Мiнск: Беларусь, 1970. − 48 с.

9. Разанаў, А.С. Вастрыё стралы / А.С. Разанаў. – Мінск: Мастацкая

літаратура, 1988. – 160 с.




Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал