Паэзія Н. Гілевіча ў кантэксце народнай смехавой культуры



Дата канвертавання24.02.2017
Памер40.71 Kb.
#4245


С. Ю. Хораў (БДУ, г. Мінск)

Паэзія Н. Гілевіча ў кантэксце народнай смехавой культуры
У нашым народзе здаўна высмейваліся чалавечыя недахопы і слабасці: глупства, няўклюднасць, пахвальба ці баязлівасць. Для таго каб гэтыя недахопы пачалі выклікаць смех, неабходна падаць іх у смешным выглядзе, бо самі па сабе яны не заўсёды смешныя. Беларус заўсёды ўмеў адрэагаваць на адмоўнае ці штосьці недарэчнае досціпам, жартам, калючым слоўцам. Смехавы пачатак жыве, можна сказаць, не толькі ў характары, але і самой свядомасці нашага народа, і на гэтую акалічнасць у свой час дакладна звярнуў увагу яшчэ М. Гарэцкі.

Гумарыстычны дар у творчай натуры Н. Гілевіча праявіўся ярка, тады, калі яшчэ нават ніхто не ведаў пра яго як паэта. Пра паэтычныя здольнасці маладога аўтара даведаліся ў Мінскім педвучылішчы, дзе ён вучыўся ў першыя пасляваенныя гады. Уся навучальная ўстанова літаральна грымела ад гучнага і вясёлага рогату… Ужо тады, у 1950 годзе, ён праславіўся сярод студэнцкай моладзі не як паэт-лірык, а як гумарыст і сатырык. І гэты поспех быў невыпадковы, бо Н. Гілевіч мовай мастацкага смеху адлюстроўваў рэальныя з’явы студэнцкага жыцця [4, с. 20–21].

Васіль Быкаў у прадмове да кнігі Н. Гілевіча «Святлынь» адзначае, што «ў паэзіі Ніла Гілевіча ў вельмі выразнай форме знайшлі выяўленне грамадзянскасць, скандэнсаваная сацыяльнасць, аб чым сведчаць яго шматлікія лірычныя і лірычна-эпічныя творы, і асабліва ягоныя сатыра і гумар, у якіх паэт мае свой непаўторны голас, свой характэрны смех і сваю іронію» [1, с. 9–10]. Сіла і моц сатыры Н. Гілевіча – у яе сацыяльнай вастрыні, у трапнасці вобразных характарыстык, а нярэдка і ў непрымірымай бескампраміснасці.

Тэарэтыкі адзначаюць, што пры ўспрыманні камізму вельмі важны фактар нечаканасці, выкарыстанне каларытных моўных элементаў з мэтай іх крэатыўнай актуалізацыі. Разуменню гумарыстычнага, камічнага ў творы шмат у чым дапамагае чуйнасць да смеху, адпаведны эмацыянальны настрой, жывая рэакцыя на раптоўную змену фокусу ўвагі, а часам інтэлектуальная вытанчанасць. Жарты і кпіны дапамагалі народу ва ўсе часы жыць, пераадольваць цяжкасці. Беларус прызвычаіўся бачыць нават сур’ёзнае праз досціп, усмешку, іронію. У гэтым красамоўна пераконваюць кнігі гумару і сатыры Н. Гілевіча «Да новых венікаў», «Ці грэх, ці два», «Кантора». Творы ў гэтых кнігах вызначаюцца дасціпнасцю, камізмам створаных сітуацый, вобразнай трапнасцю характарыстык, натуральнасцю дзеяння (а ўсё гэта стала, на жаль, ужо рэдкасцю ў прадстаўнікоў так званага сатырычнага цэха). Як правіла, крытыкі і даследчыкі, аналізуючы паэзію Н. Гілевіча, мімаходзь згадваюць ягоныя гумар і сатыру. Між тым, адна з галоўных іпастасей Гілевіча-паэта праяўляецца перш за ўсё ў гумарыстычным і сатырычным плане. Мноства негатыўных тыпаў намаляваў паэт, але з асаблівай палымянасцю ён выкрываў прыстасаванцаў і рэнегатаў рознага калібру, кар’ерыстаў, двурушнікаў, падхалімаў, дэмагогаў і пустазвонаў.

У гумарыстычных вершах Н. Гілевіч увесь у пошуку – сюжэтна- тэматычным, жанравым, слоўна-вобразным. Адштурхоўваючыся ад народных узораў, ён стварыў прытчы і байкі. У святле фальклорнай традыцыі несумненную цікавасць уяўляюць і яго «сучасныя замовы-загаворы» [2, с. 5–6].

Традыцыйная магія замоў была цесна спалучана з усёй сістэмай міфалогіі, народнай сімволікі, яна вызначаецца сваёй выразнай функцыянальнай скіраванасцю, прагматычнасцю і мае на мэце вырашэнне розных жыццёва-чалавечых праблем. Замовы паходжаннем сваім абавязаны найперш творчасці неардынарных вясковых людзей, дакладней – знахарак, варажбітоў і варажбітак. Як ні дзіўна, але попыт на гэты досвед засведчаны і ў гарадах, ён прывабліваў амаль усе слаі насельніцтва. Тлумачыцца гэта агульначалавечым характарам зместу замоў, універсальнасцю іх прызначэння [3, с. 295]. Галоўнай прычынай даўгавечнасці замоў, якія ад язычніцкай даўніны нашага народа дажылі да новага часу, прычым актыўным жыццём – у іх прыкладным характары. Н. Гілевіч вырашыў прадоўжыць народную традыцыю, стварыўшы «сучасныя замовы-загаворы» (раздзел у зборніку «Да новых венікаў»). Такім чынам, паэт надаў старому жанру новае дыханне, новае жыццё. Замоўную «тэхналогію» ён выкарыстоўвае ў сатырычных мэтах. Прызначэнне гэтага жанру на новым этапе служыць маральнаму, сацыяльнаму і эстэтычнаму выхаванню праз высмейванне чалавечых заганаў і хібаў. Больш за тое, паэт скіроўвае сваю сатыру на сучаснасць і грамадства ў цэлым. Назвы замоў Н. Гілевіча ўжо гавораць самі за сябе, яны адлюстроўваюць цэлы спектр сацыяльна значных праблем: «Замова ад тупасці, каб не страціць пасаду», «Замова ад раўнадушша і бюракратызму», «Замова п’яніцы», «Замова ад хваробы рук у крытыка-аглабельшчыка», «Замова ад хабарніцтва». Сатыра тут вострая, нават едкая і пякучая, смех дасціпны, трапны, можна сказаць, буйнакаліберны. Здзіўляе арыгінальны ход думкі аўтара, яго назіральнасць і слоўная вынаходлівасць. Паводле знаёмага жанравага канона ён стварае яркія ўзоры замоў ад чыноўніцкага бюракратызму, абыякавасці, духоўнага рэнегацтва, хабарніцтва, пляткарства, падхалімства, прыпісак, самахвальства, тупасці, аглабельнай крытыкі і іншых заганаў, якія, бы іржа ці язва, разбураюць грамадскае жыццё, міжчалавечыя стасункі.



Такім чынам, на прыкладзе паэтычных замоў Н. Гілевіча мы можам пераканацца ў прадуктыўнасці і плённасці выкарыстання фальклорных жанраў. Камічнае і сатырычнае ў гэтых творах скіравана на выкрыццё недахопаў грамадства, актуалізацыю і вырашэнне жыццёва значных праблем. Замовы Н. Гілевіча з’яўляюцца сведчаннем высокай развітасці гумару і сатыры ў нашай нацыянальнай паэзіі ХХ стагоддзя, вытокі якой, як адзначалася, у народнай смехавой культуры беларусаў.
Літаратура

  1. Быкаў, В Высакароднасць погляду на свет і жыццё / В. Быкаў // Гілевіч, Н. Святлынь: кн. васьмірадкоўяў. – Мінск: Маст. літ., 1984. – С. 9–12.

  2. Гілевіч, Н. Кантора: сатыра і гумар / Н. Гілевіч. – Мінск: Маст. літ., 1989. – 165 с.

  3. Гілевіч, Н. Мой белы дзень: кн. пра фальклор і мову нашай Бацькаўшчыны / Н. Гілевіч. – Мінск: Юнацтва, 1992. – 333 с.

  4. Стасевіч, Я. Хто ты, Вядзьмак-Лысагорскі? / Я. Стасевіч. – Мінск: Беларус. кнігазбор, 2004. – 72 с.




Каталог: bitstream -> 123456789 -> 40814
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал