Пагранічныя заставы




Дата канвертавання08.11.2017
Памер92.88 Kb.
Пагранічныя заставы
I яшчэ да адной важнай старонкі нашай гісторыі далучылася Прусінава, як і ўся Уздзеншчына, Міншчына. 17 гадоў паўз яго праходзіла Дзяржаўная граніца СССР і Польшчы. Своеасаблівы прыгранічны побыт адлюстраваўся і ў звычках простых мясцовых людзей. Тут, у шасці кіламетрах ад Магільна, рака робіць паварот налева і стварае вялікую дугу, звернутую сваёй вяршыняй на поўнач, агінаючы ўзвышша, некалі званае Магільнянскім. Менавіта з гэтага месца на дваццаці з лішкам кіламетрах рака была натуральнай граніцай Савецкага Саюза, а яшчэ раней — мяжой паміж Ігуменскім І Мінскім паветамі.

У выніку савецка-польскай вайны 1920 года і Рыжскага мірнага дагавору ад 18 сакавіка 1921 года Заходняя Беларусь перайшла пад уладу Польшчы. Падзел з Польшчай праходзіў як раз па заходняй граніцы Уздзеншчыны на працягу 38 кіламетраў. Уздзенскі адрэзак граніцы на поўначы пачынаўся ад перасячэння з чыгуначнай дарогай Мінск — Брэст усходней станцыі Коласава, якая адносілася ўжо да польскай тэрыторыі, і ішоў амаль на поўдзень праз лес да Прусінава, пакуль не ўпіраўся ў Нёман (каля 10 км). Далей граніца працягвалася па рацэ на адлегласці каля 26 кіламетраў. Непадалёк ад Русаковічаў насупраць вёскі Язвіны паварочвала на поўдзень і праз два кіламетры пераходзіла на Капыльшчыну, становячыся яе заходняю мяжою. Як відаць, у межах Уздзеншчыны дзве трэці дзяржаўнай граніцы прыпадала на натуральную мяжу — раку Нёман.

На пагранічнай карце гэта .былі адзнакі: на поўначы — 780 км, на поўдні — 818 км.

Адпаведна на абодвух баках былі абсталяваны пагранічныя ахоўныя пункты: з нашага боку — заставы, а з польскага — стражніцы. Пераліку нашых застаў адшукаць не ўдалося, а стражніцы мясціліся з поўначы на поўдзень у такім парадку: у Смалярні, Сафонаве, Лугавой, Ілаве, Паласнянскім лесе...

Што ж можна было ўбачыць і адчуць, наблізіўшыся да граніцы? 3 нашага боку стаялі дзяржаўныя паласатыя чырвона-зялёныя пагранічныя слупы. На чыгунных дошчачках быў выяўлены герб з сярпом і молатам і чатырма буквамі "Б.С.С.Р". 3 польскага боку слупы былі з малінава-белымі палосамі і выявай белага арла з надпісам "Rzecz Pospolita Polska".

Прамежак зямлі паміж процілеглымі слупамі складаў роўна тры метры.

Адпаведна на нашым баку паставыя насілі ахоўнага колеру палявую ваенную форму з зялёнымі пятліцамі і з зялёным верхам шапкі-фуражкі. Зімой — кажухі, валёнкі, калі трэба было — лыжі. I знакамітыя трохлінейкі ў руках ці карабіны, калі былі на конях.

На тым баку шэра-зялёная уніформа, канфедэраткі.


Да граніцы прывыкалі, складваўся своеасаблівы прыгранічны вобраз жыцця. Усё часцей граніцу сталі зваць на польскі лад "кардонам". Шырока выкарыстоўваўся характэрны выраз тых часоў "пайсці на кардон", "пайсці за кардон"

Некалькі слоў пра сістэму і структуру пагранічнай аховы, якая была ўвесь час у развіцці.

Спачатку ахова дзяржаўнай граніцы на Беларусі была ўскладзена на войскі Заходняга фронту, затым з 1924 года — на Заходнюю ваенную акругу. 3 1922 года службу тут неслі 5-ы і 163-і стралковыя палкі. Яны сталі асновай для першага пагранічнага палка. 3 яго выдзеліўся потым асобны батальён, які ахоўваў участак у раёне Магільна—Коласава—Лучыцы—Заслаўе—Радашковічы.

У Прусінаве, якое стаяла на самай граніцы, захаваліся сведкі таго прыгранічнага часу — каменныя слупы і сляды фундамента на заходняй ускраіне вёскі, непадалеку ад былой сядзібы Чапскага і цяперашніх майстэрань. Гэта рэшткі былога будынка пагранічнай заставы. А наперадзе, на тым баку, была польская стражніца — "белы дом". Цяпер гэта толькі груд, мірны, трохі закінуты куток, апошні след тых не вельмі далёкіх часоў, і заўважыць яго можа ўжо не кожны...

Толькі ўздоўж граніцы тады былі расстаўлены пагранічныя слупы. Калі хто пераходзіў на наш бераг, то ажывалі бліжэйшыя хмызнякі, адсякаўся шлях назад, парушальнік затрымліваўся. Але ў любым выпадку наша вінтоўка павінна была быць скіравана ствалом на ўсход, каб выпадковая куля не трапіла на чужы бок.

Пагранічныя заставы і пасты былі заўсёды фарпостамі, яны стрымлівалі ворага, прымалі на сябе першыя ўдары. Але граніца стаяла "на замку". Пагранічнікі выконвалі свае абавязкі, гарантавалі жыццё і мір краіне. Яны жылі адзінымі думкамі і пачуццямі з тымі, хто мацаваў тыл. Вайны не баяліся, але ж і не хацелі яе. "Чужой земли мы не хотим ни пяди, но и своей вершка не отдадим!" — гэта былі не толькі словы.

У верасні 1922 года было прынята рашэнне стварыць Асобы пагранічны корпус, які перадаваўся ў поўнае падпарадкаванне ГПУ, і пастанова аб узмацненні барацьбы з кантрабандай, бо яе паток значна вырас.

У лютым 1924 года ствараецца пагранічная Заходняя акруга, перайменаваная пазней у Беларускую.

У Беларусі, як сведчыць даследчык М. Акаловіч, мясцілася 7 пагранічных атрадаў: 12-ы Бігосаўскі, 13-ы Полацкі, 14-ы Плегачаніцкі, 15-ы Заслаўскі, 16-ы Койданаўскі, 17-ы Цімкавіцкі і 18-ы Жыткавіцкі.

Структурнае падпарадкаванне ішло ад акругі на атрады (палкі), далей на камендатуры і на заставы. Камендатура кантралявала і тылавую тэрыторыю на глыбіню прыкладна дзесяці кіламетраў і рэгулявала на ёй прыгранічны рэжым. Для гэтага меліся пры штабах камендатур мабільныя групы.


На атрад прыходзілася каля 150—170 кіламетраў граніцы. Пад Магільна, дзе размяшчалася камендатура, быў сутык з суседнім Цімкавіцкім атрадам, на які прыходзілася 154 м граніцы, 4 камендатуры, 19 застаў. Нумары пагранічных слупоў адпаведна былі ад 832-га да 1063-га.

У пачатку 1925 года асобны батальён Беларускага пагранічнага атрада пераўтварылі ў 16-ы пагранічны атрад. Месцам яго дыслакацыі было вызначана Койданава. Пасля перайменавання ў 1932 годзе Койданава ў Дзяржынск адпаведна атрад атрымаў назву Дзяржынскага.

У 30-ых гадах у прыгранічных акругах часта праводзіліся буйныя ваенныя вучэнні і манеўры.

Рэжым аховы станавіўся ўсё болей жорсткім. Манеўраныя групы ператварыліся ў баявы рэзерв пагранічных атрадаў. Узніклі гэтак званыя кантрольна-следавыя палосы (КСП). Як гэта пачыналася?

Дакументы сведчаць, што восенню 1931 года ваенфельчар пагранатрада Дзярко і баец Гараднічы ішлі берагам Нёмана. На флангу адной з застаў сяла Луніна Уздзенскага раёна калгаснікі разаралі берагавы прынёманскі луг пад канюшыну. Зрабіўшы каля дзесяці баразён, яны работу спынілі, і засталася на беразе вузкая паласа свежай зямлі.

Гараднічы заўважыў як раз на ёй сляды. Ваенфельчар заўважыў такія ж сляды і каля вады. Яны пачалі праследаваць парушальніка і затрымалі яго на ўскрайку лесу.

Ўзнікла думка: а ці нельга такую паласу ўзараць і на другім флангу заставы? Іх прыкладу паследавалі і суседзі. Потым узараная паласа працягнулася ўздоўж усяго ўчастка камендатуры. Хутка яна ахапіла ўсю заходнюю граніцу. Ля Прусінава (7-ая застава) паласа ішла па цяперашняй дарозе-лінаванцы на Коласава.

Далей да ўпадзення ў Нёман яе перахоплівала першародная крынічная рачулка Мутвіца. Гэта ўжо 1935 год...

Спачатку да 1927—1928 гадоў праз граніцу ў Польшчу і назад хадзілі даволі свабодна. Пад націскам заходніх дзяржаў польская дыфензыва ўзмацняла засылку сваіх агентаў. Адначасова пашыраўся кантрабандызм.

Толькі ў 1925—1926 гадах заходнія пагранічнікі затрымалі 32 160 кантрабандыстаў і адабралі тавараў на суму 5805 тыс. рублсў.

Сумсена з камандзірамі, парторганамі, мясцовымі арганізацыямі камандаванне пагранічных войск займалася ўмацаваннем, як тады казалі, "баз садзеяння", у якія ўключаліся лепшыя прадстаўнікі рабочых, калгаснікаў і інтэлігенцыі. 3 імі вялася арганізатарская і выхаваўчая работа.
"Ахова граніцы, яе непарушнасць — агульная справа ўсіх",— так разумелася пагранічная сітуацыя на Уздзеншчыне. Граніца паміж Захадам і Усходам была і яркім палітычным процістаяннем, што асабліва падкрэслівалася нашым бокам.

Асабліва ўрачыста праводзіліся сустрэчы прыбываўшых з захаду вядомых людзсй на першай чыгуначнай станцыі ў Негарэлым. У 1928 годзе М. Горкі пры вяртанні з Італіі быў да глыбіні душы крануты сардэчнай сустрэчай, аказанай яму пагранічнікамі. У 1931 годзе М. Горкага зноў сустракаў ганаровы каравул. Пісьменнік гутарыў з пагранічнікамі. Усяго ён праязджаў праз Негарэлае чатыры разы. Дарэчы, у Негарэлым упершыню быў запісаны на грампласцінку голас М. Горкага.

Праязджалі тут і Ф. Шаляпін, I. Бунін, А. Купрын, А. Талстой, А. Фадзесў, В. Вішнеўскі, Ю. Фучык, Ф. Дзяржынскі, 0. Шмідт, Ф. Нансен, Р. Ралан, А. Барбюс, летчыкі В. Чкалаў, Г. Байдукоў і А. Белякоў і інш. Больш гадзіны перад сустракаючымі выступаў у 1935 годзс амерыканскі спявак Поль Робсан.

Праз Негарэлае ў 1936 годзе прайшлі саставы з экспанатамі на сусветную выстаўку ў Парыжы. На адной з платформ была копія скульптурнай групы В. Мухінай "Рабочы і калгасніца".

Замежныя паязды фарміраваліся ў Парыжы. Па дарозе да іх далучаліся вагоны на Далёкі Усход. Прыбыцця парыжскага саставу ў Негарэлым ужо чакаў цягнік кур'ерскага да станцыі "Манчжурыя" на тэрыторыі Кітая.

Першым 7-ую Прусінаўскую пагранзаставу ўзначальваў А. В. Пякарскі, палітруком заставы быў 3. В. Блюмін. Нашчадак апошняга, Г. Блюмін, карэспандэнт часопіса "Огонек", разам з шэфамі вёскі — Беларускім аптычна-механічным аб'яднаннем імя С. Вавілава — стварыў у Прусінаве Музей былой пагранзаставы і гісторыі вёскі. У ім прадстаўлены матэрыялы пра вядомых ураджэнцаў вёскі.

Служба на граніцы была ў значнай ступені небяспечнай. Нарады, якія складаліся, як правіла, з двух байцоў, хадзілі ўздоўж граніцы па ім толькі вядомых сцяжынках у лесе, праз балоты, па мастках, кладках, арыентуючыся па буграх, незвычайных асобных дрэвах, закінутых хутарах, леснічоўках, смалярнях. Найбольшая пільнасць і ўвага была на золку, самым прыдатным часе для парушальнікаў.

Здаралася, у час сутычак былі і параненыя, і загінуўшыя.


На ўчастак Цімкавіцкага пагранатрада прыходзілася найбольш здарэнняў. Так, уначы 4 жніўня 1933 года адбылася жорсткая схватка з парушальнікамі граніцы. За мужнасць, праяўленую ў баі 30 кастрычніка 1938 года, Ф. Найдзёнаў і Р. Кафанаў атрымалі ўзнагароды. Пазней, 17 верасня 1939 года, Р. Кафанаў загінуў ад рук дыверсантаў. Ён пахаваны ў Цімкавічах. Яго імя насіла 5-ая пагранзастава.
Значная дыверсія адбылася 23 чэрвеня 1939 года. Дыверсанты прарваліся праз граніцу і дабраліся да вёскі Шыбіна, уварваліся ў хату Паўла Баня і забілі яго. Сын яго Мікола Бань выклікаў пагранічнікаў. Ужо ў час вайны партызан М. Бань упусціў у ваду пры пераправе праз раку ўзнагароду за гэты ўчынак — ордэн "Знак Пашаны". Як сведчыць А. I. Махнач, пасля вайны гэты ордэн мужнаму юнаку Міколу Баню быў узноўлены.
Асабісты састаў пагранзастаў прымаў актыўны ўдзел у мясцовым жыцці. Камандзіры агітавалі сялян у калгасы, займаліся хлебанарыхтоўкамі. Як раз у пачатку 30-ых наступіла рэзкае абвастрэнне абставін. Камандзіры і байцы выязджалі на сходкі ў вёскі, дзе тлумачылі палітычную лінію. Можа таму калектывізацыя ў прыграніччы прайшла ў адносна кароткі тэрмін.

Затым пагранічнікі бралі шэфства над калгасамі: яны ўдзельнічалі ў сельскагаспадарчых работах, дапамагалі ў рамонце сельскага інвентару. Пагранічныя гаспадаркі былі, як правіла, лепшыя. Гэта не выпадкова. Трэба было паказваць прыклад польскаму селяніну, які ўважліва сачыў за пераменамі ў нашым жыцці.

Масіраваная і ўсё ўзрастаючая прапаганда, бесперапыннае паднясенне насельніцтву вобраза ворага мелі і свой адмоўны бок. Чалавек мог быць лёгка западозраны толькі за тое, што прайшоў, не павітаўшыся (хоць уздзенцы пасля вайны яшчэ, сустрэўшы незнаёмага чалавека, здароўкаліся, як правіла, першыя: такім быў адвечны звычай). Але тут у бязмежнай усеагульнай падазронасці небяспека перабольшвалася. На жаль, неабходныя перасцярогі ў адносінах да перабежчыкаў, шпіёнаў, кантрабандыстаў непамерна доўга заставаліся ў свядомасці мясцовых сялян, а мясцовыя ўлады мала рабілі для таго, каб развеяць гэты недавер у наступныя пяцьдзесят гадоў. З успамінаў У.Кісялёва,даводзілася ўжо ў 80-ых, фатаграфуючы ці пытаючыся ў старэйшых, як праехаць ці прайсці, чуць зусім сур'ёзнае контрзапытанне: "А вы часам не шпіён?"

Абавязковы элемент пагранзастаў — бібліятэкі, клубы, кінаўстаноўкі. У чырвоных кутках гаварылі першыя радыёпрыёмнікі. Выяўляліся таленты, раслі музыканты, паэты, мастакі, спевакі. Спартыўныя мерапрыемствы займалі ці не галоўнае месца. Уздзенскія заставы ўдзельнічалі ў прабегу на айчынных веласіпедах уздоўж граніц краіны. Праводзіліся зорныя прабегі з беларускіх застаў у Мінск.

У Прусінаўскай карчме пагранічнікі арганізавалі Народны дом, на сцэне якога ставіліся спектаклі для мясцовых сялян.

Але так ці інакш уся работа падпарадкавалася баявому рэжыму заставы. Тыя ж жонкі камандзіраў выдатна стралялі. Калі па трывозе іншы раз і повар спяшаўся з вінтоўкай на здарэнне, стравы даварвалі жанчыны з вінтоўкамі каля печы.


Так вось і жыло Уздзенскае прыгранічча ў 20—30-ых гадах. На жаль, мы заўчасна адракліся ад павагі да гэтых часоў. Нічога дзіўнага: да 1939 года гэта граніца лічылася несправядлівай, таму належала як мага хутчэй гэту несправядлівасць адкінуць.

17 верасня 1939 года перад пагранічнікамі была пастаўлена задача расчысціць шлях для савецкіх войск, заняць масты, пераправы, стражніцы. У 4.00 раніцы на ўсім савецка-польскім адрэзку ўдарныя групы пагранічных войск прыступілі да выканання задання: займалі будынкі стражніц, раззбройвалі польскіх салдат.

У Мікалаеўшчыне нашых пагранічнікаў на местачковай плошчы сустракала каля тысячы жыхароў. У гонар вызваліцеляў была ўзведзена трыумфальная арка.

3 гэтага часу Уздзенскі раён перастаў быць пагранічным. Аднак пагранатрад у Дзяржынску заставаўся. А. Аляксееў пісаў: "Хоць 16-ы пагранічны атрад стаяў на старой граніцы, па лініі зоны пагранічнай загароды Радашковічы—Заслаўе—Негарэлае—Цімкавічы—Чырвоная Слабада, хаця да граніцы было болей -за 400 км, вайна пачалася для нас таксама 22 чэрвеня".

Суседні 15-ы пагранатрад, які быў у Заслаўі, перабраўся на захад, а яго участак аховы перадалі 16-му палку. Штаб гэтага атрада заставаўся ў Дзяржынску. У мястэчку Радашковічы была камендатура.

У Маскве ёсць, можна сказаць, адзіны Музей пагранічных войск. Напэўна, там знаходзіцца нешта цікавае і пра нашу Уздзеншчыну.

Усё гэта было, гэты час нельга адкінуць, тым болей выкрэсліць. Сведкамі тых часоў і цяпер стаяць на Уздзеншчыне на берагах Нёмана, па лясах панурыя шэрыя бетонныя монстры — артылерыйска-кулямётныя казематы. Ды і не толькі на Уздзеншчыне..

Каля вёскі Луніна мы і ўбачым на ўзбярэжжы грозныя контуры. Казематы сваёй непрыступнасцю і страшнай велічнасцю выклікаюць у кожнага натуральны і зразумелы інтарэс: а ці можа наогул адолець іх чалавек? Так сталася, што менавіта гэтыя збудаванні ніхто і ніколі не выкарыстоўваў . Гэтыя пачвары стаяць і павінны і надалей стаяць як помнікі нашай нялёгкай гісторыі. Іх налічваецца ў розных месцах Уздзеншчыны не меней шасці. Асобныя з іх закрыў, схаваў ад людскога вока лес, ён падняўся за гэтыя паўстагоддзя наўкола.


Дырэктар музея Т.П.Лухверчык






База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка