Памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, Ўдзірванелы курган векавечны




Дата канвертавання14.02.2017
Памер325.58 Kb.
ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ НАШАГА КРАЮ
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,

На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,

Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, -

Ўдзірванелы курган векавечны.

Янка Купала (“Курган”)

УВОДЗІНЫ

Мы валодаем вялікім скарбам – роднай зямлёй, з яе лясамі, палямі, рэкамі, прыгожай прыродай і людзьмі. У нас багатая духоўная спадчына – на зайздрасць многім! Яна была вялікай крыніцай натхнення не толькі для паэтаў. Сама наша зямелька, палітая потам і крывёю многіх пакаленняў, натхняла продкаў на змаганне за свабоду і стварэнне прыгожага, на само годнае жыццё. І ў гэтым вялікі сэнс. І цяпер, калі па розных прычынах парушыліся повязь пакаленняў і многія маральныя арыентыры, мы можам выхоўваць новыя пакаленні беларусаў менавіта на гэтай нашай спадчыне праз любоў да родных мясцінаў, праз захапленне прыродай і людзьмі, якія жылі і жывуць на нашай зямлі, духоўнай спадчынай і традыцыямі. Раней як было: старэйшыя з пакалення ў пакаленне перадавалі сваім моладзі легенды і паданні роду і зямлі, вучылі жыць і быць ня горшымі за сваіх продкаў, працаўнікамі, гаспадарамі, прыстойнымі людзьмі. Цяпер далёка не заўсёды мы можам ўсё гэта назіраць. Адным з выйсцяў для нас бачу, пачаць “збіраць зярно к зярняці, былое ў думках уваскрашаць, каб быт на новы лад пачаці і сеўбу новую пачаць!”. І пачала збіраць, сталі дапамагаць аднакласнікі, сябры, настаўнік. Рэдакцыя раённнай газеты стала змяшчаць нашы матэрыялы на старонках тэматычнай паласы “Краязнаўчая крынічка”.

Адкуль паходзяць назвы нашых вёсак? Хто пахаваны ў курганах? (Ці сапраўды там знайшлі свой спачын волаты?) Дзе дзелася залатое кола з карэты, на якой некалі праязджала Кацярына ІІ праз нашыя мясціны? Хто такія радзімцы? (Чаму іх так баяліся? Чаму імі пужалі дзяцей?) Больш за тое, дзіву даешся, як у народзе на народным узроўні (з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны) захавалася нават тое невялікае, што вядома па скупых летапісных радках (напрыклад, пра тых жа нашых продкаў – радзімічаў). На гэтыя і іншыя пытанні мы і паспрабавалі адказаць.

Неабходна адкрыць духоўнае багацце нашага краю, захаваць яго для нашчадкаў але і адраджаць мясцовыя традыцыі і каларыт, усё тое, чым могуць ганарыцца людзі, што напоўніць духоўным сэнсам і зместам жыццё нашых землякоў.

Даследуючы праблему, намі выкарыстоўваліся наступныя групы крыніц: творы вуснай народнай творчасці (легенды, паданні, павер’і і г. д.); дадзеныя этнаграфіі (фальклорныя і іншыя); зборнікі вуснай народнай творрчасці і творы этнографаў [5,19,22,23,26]; манаграфіі [1,25,13,15]; энцыклапедычныя выданні, вучэбныя дапаможнікі, слоўнікі [6,16]; газетныя і часопісныя публікацыі [7 – 11, 21, 23].

Важнейшай часткай нашай працы стаў пошук ў розных крыніцах легендаў і паданняў, іх запіс у насельніцтва, абагульненне і аналіз. Але гэтага нельга зрабіць без вывучэння гісторыі пытання і навуковага падмурку. Вялікую дапамогу тут аказала творчая і навуковая спадчына беларускіх этнографаў А. Сержпутоўскага [22], П. Шэйна [26] і інш. У навуковай літаратуры характарыстыку неказачных твораў вуснай народнай творчасці даецца В.Я.Гусевым [15], Т.В. Зуевым [16], Б.П. Кірдан, С.М. Азбелевым [1], К.П.Кабашнікавым [19], М.Я.Грынблатам [13,24] і інш. Гэта дапамагло стварыць аснову, на якой і праводзілася наша даследванне. Бо без разумення галоўных рысаў неказачнай фальклорнай спадчыны, без вызначэння асноўных накірункаў яе даследвання навукоўцамі нельга сістэматызаваць і даследваць фактычны матэрыял свайго рэгіёну. Асновай жа працы над тэмай стаў збор паданняў і легенд свайго рэгіёну, назапашванне фактычнага матэрыялу, яго апрацоўка, сістэматыхзацыя, аналіз і, як вынік, стварэнне даследчай работы. Таму былі выкарыстаны легенды і паданні, сабраныя вучнямі школы, матэрыял, які захоўваецца ў школьным музеі, напрацоўкі настаўніка гісторыі Варганава В. В., публікацыі ў СМІ, галоўным чынам, у раённай газеце “Зара над Сожам” (гл. спіс крыніц і выкарыстанай літаратуры). Сярод іх публікацыі вучняў нашай школы і настаўніка гісторыі Варганава В. В.[7,8,9,10,11], які і з’яўляецца навуковым кіраўніком нашага даследчага праекту.

Прадстаўленая работа – гэта толькі аснова для працягу больш шырокіх і глыбокіх даследванняў у гэтым накірунку. Яна можа быць цікавая не толькі вучням і педагогам, работнікам устаноў культуры, але і ўсім тым, хто цікавіцца духоўнай спадчынай нашага краю, а таксама бацькам у якасці матэрыялу, на якім можна выхоўваць дзяцей.


  1. МЕСЦА ЛЕГЕНДАЎ І ПАДАННЯЎ У НАРОДНАЙ ДУХОЎНАЙ СПАДЧЫНЕ

1.1.Што такое легенды? Легенды – празаічны жанр беларускага народнага фальклору, творы якога займаюць прамежкавае становішча паміж жанрамі казкі і паданняў. З аднаго боку, мы назіраем наяўнасць мастацкай (фантастычнай) выдумкі, з другога – легенда, які і паданне, пэўным чынам тлумачыць паходжанне чаго-небудзь, альбо каго-небудзь.

У навуковым асяроддзі няма адзінай класіфікацыі легенд і адзіных крытэрыяў таго, які твор можа аднесці да гэтага жанру. Безумоўна, легенда набліжана да міфу. Магчыма, з цягам часу, пасля напластавання эпох, старажытныя міфы аб паходжанні сусвету, зямлі, зорак, чалавека, жывёльнага і расліннага свету і г. д. трансфармаваліся ў легенды. І культурна-гістарычныя напластаванні эпох пакідаюць пэўны адбітак на змесце легенд. Гэтая паступовая эвалюцыя адбываецца пад уздзеяннем змены ўмоваў жыцця, побыту, народнай культуры. Асаблівасцю легенды з’яўляецца таксама яе пазнавальна-аналітычны характар. Другая рыса – канкрэтнасць, скіраванасць на які-небудзь аб’ект.

Што ж такое легенды? Да іх М. Я. Грынблат адносіў “апавяданні, у якіх адлюстроўваліся даўнія ўяўленні аб паходжанні свету, асобных з’яў жывой і нежывой прыроды, з’яў сацыяльнага характару, а таксама апавяданні з персанажамі царкоўна-рэлігійнага круга, пераважна пра Бога, Багародзіцу, святых і персаніфікаваныя святы” [20:20]. Легенды з пакалення ў пакаленне ўспрымаліся як апавяданні аб сапраўдных падзеях. К. П. Кабашнікаў [18:365] да легенд адносіць “трывала замацаваныя ў фальклорнай традыцыі вусныя апавядальныя творы, у аснове якіх ляжыць фантастычны ці паэтазаваны вобраз або ўяўленне, якія ўспрымаюцца як меўшыя месца ў жыцці”. Паводле ж М. Я Грынблата, “легенды падзяляюцца па тэматыцы на касмаганічныя, этнагенічныя, заагенічныя, тапанімічныя, гістарычныя, апакрыфічныя [13:215].

1.2. Ідэйна тэматычныя асаблівасці легенд. Тэматычны абсяг народных легенд даволі шырокі. У гэтых творах распавядаецца пра узнікненне сусвету, зямлі і зорак, тлумачыцца паходжанне, чалавека, жывёл, раслін; узнікненне балот, сушы, гор; даецца пэўнае тлумачэнне таму, як уладкаваны свет. Зямлю стварыў Бог. Але як? Часцей, у выніку сяўбы. Раней была толькі вада і зямлю для Бога даставаў чорт. Пры гэтым чорт крыху схаваў зямлі ў сваім роце. І калі пасеяная зямля пачала расці, то пачала расці і зямля, схаваная ў чортавым роце. Тады чорт яе выплёўвае, у выніку з’яўляюцца, непрыдатныя для жыцця чалавека, балоты. Як бачым, нават стварэнне зямлі ў легендзе звязваецца з важнейшым працоўным заняткам нашых продкаў.

Свет трохмерны: наверсе - Бог і анёлы, на зямлі – людзі, жывёлы, расліны, пад зямлёй – нячыстая сіла (д’ядал, чэрці і г. д.).



1.3.Беларускія народныя паданні. Паданне – адзін з няказачных жанраў вуснай народнай творчасці. Узнікненне паданняў адбылося ў далёкай старажытнасці і мела ўталітарны, практычны характар. З’явілася неабходнасць перадачы з пакаленне ў пакаленне разнастайных звестак, уменняў, вопыту,ведаў. Дарэчы, само слова “паданне” звязана са словам “перадаваць”. В.Я. Гусеў дзеліць паданні на віды: "эпанімічныя (аб паходжанні рода, племені, народа), тапанімічныя (аб паходжанні геаграфічных назваў, звязаных з дзейнасцю сапраўдных або выдуманых гістарычных асоб), уласна гістарычныя (аб памятных падзеях у жыцці народа - перасяленнях, войнах, паўстаннях, стыхійных бедах, эпідэміях і г.д.), гераічныя (аб дзейнасці гістарычных асоб, народных герояў і г.д.)". [15:123]. С.М. Азбелеў лічыць найбольш распаўсюджанымі гістарычныя паданні і мясцовыя, паданні аб скарбах, легендарныя, міфалагічныя, этыялагічныя (аб паходжанні жывёл, раслін), культуралагічныя (аб дасягненнях культуры, рамёстваў, гаспадарскіх навыках і інш.). [1:275]. Па словах К.П.Кабашнікава, "найбольш распаўсюджаныя паданні гістарычныя - пра мінулыя войны, паўстанні, і частку тапанімічных паданняў, звязаных з гістарычнымі падзеямі” [18:370]. Гістарычныя паданні займаюць значнае месца ў томе "Легенды і паданні“ [13] серыі "Беларуская народная творчасць". У іх апавядаецца пра князёў, татар, вайну са шведамі, французамі, “адзівілаў” і інш.

Асноўныя тыпы паданняў: летапісныя паданні; на міфалагічнай аснове; паданні з тапанімічнымі матывамі; паданні на гістарычнай аснове і інш.

У паданняў з тапанімічнымі матывамі прысутнічае як тлумачэнне паходжання той ці іншай назвы, так і гэтая самая назва выконвае функцыю арыентыра на мясцовасці [17:458]. Паданні на гістарычнай аснове даюць уяўленне аб асэнсаванні гістарычнага мінулага ў падзеях, асобах і фактах. З імі звязана фарміраванне гістарычнай свядомасці чалавека і ўсёй супольнасці людзей. Тая ці іншая падзея, асоба ў ланцугу гістарычнай памяці выконваюць ролю сваеасаблівага “пункту адліку”, мяжы, якая дзеліць гісторыю дадзенай мясцовасці на “да” і “пасля”. Таму гэтая падзея з’яўляецца дамінуючай. Важнейшай рысай такіх апавяданняў з’яўляецца іх “аказінальнасць” (ад слова “аказія”, г. зн. “выпадак”). Летапісныя паданні, захаваліся больш у летапісных крыніцах. Але іх уплыў таксама відавочны на вусную народную творчасць. У «Аповесцi» дастаткова падрабязна i яскрава апiсваюцца паганскiя звычаi радзімічаў, прычым летапiсец спрабуе паказаць iх дзiкунства ў параўнаннi з хрысцiянскiмi звычаямi. Бо на землі нашых продкаў хрысціянства прыйшло некалькі пазней, чым у сам Кіеў. Таму радзімічамі пужалі, абвінавачвючы іх у сувязі з цёмнымі сіламі. Таму лагічна, што, на думку некаторых вучоных, назва “радзімец” паходзіць таксама ад імені радзімічаў і азанчае нават хваробу, якую людзі тлумачылі ўваходжаннем ў цела чалавека цёмных сіл. Вось як тлумачаць паходжанне хваробы нашы продкі. У дадатковай літаратуры [25]: “Радзімец – гэта падучка, эпiлепсiя, хвароба, а таксама дэман, якi, трапiўшы ў чалавека, «кiдаў» яго на зям лю i прыносіў невыносныя пакуты…”

Паданні на міфалагічнай аснове, часцей за ўсё, звязаны з нашымі рэкамі, азёрамі, камянямі, балотамі, святымі крыніцамі і г. д.

Легенды, якія бытуюць ці бытавалі на тэрыторыі нашай мясцовасці, можна падзяліць на агульныя (уласцівыя ўсёй тэрыторыі краіны), рэгіянальныя і мясцовыя (лакальныя). Паданні ж часцей рэгіянальныя, але яшчэ больш – лакальныя. Да агульных (хоць і са сваімі асаблівасцямі) больш можам аднесці легенды аб паходжанні зямлі, свету, жывёл, раслін, чалавека, беларусаў; да рэгіянальных – аб находжанні ракі Сож і інш. Далей разгледзім мясцовыя асаблівасці легендаў і паданняў.




  1. ЛЕГЕНДЫ І ПАДАННІ КАРМЯНШЧЫНЫ

2.1. Гістарычныя легенды і паданні. Прыкладамі сталі: пра паходжанне беларусаў, рэк Сож і Дняпро, аб радзімічах (гл. дадатак 1). Рака Сож для нашых продкаў – гэта не проста рака. Яна была звязуючай “воссю”, натуральнай транспартнай артэрыяй. На ёй ішло засяленне нашай зямлі насельніцтвам. Гэта была і сувязь са знешнім светам. Па рацэ траплялі ў Дняпро і далей па вядомым гандлёвым шляху “З варагаў у грэкі”. Па рацэ “траплялі ў свет, у людзі”. Рака звязвала наш рэгіён у адно цэлае. Таму цікава якое значэнне надавалі рацэ нашы продкі, а таксама з якой любоўю і прыгажосцю апісаны паходжанне. Дарэчы, з Сажом звязана таксама паданне пра тое, што дзесьці пад сасновым крыжам даўно былі разбітыя шведы, якія праходзілі праз нашу зямлю, пахавалі свой скарб – нарабаванае золата і срэбра. У розных яго варыянтах такое паданне зафіксавана ў 80-я гг. ХХ – пачатку ХХІ стст. у многіх вёсках.

Хто ж жыў раней на нашай зямлі? Нашы продкі ведалі адказ на гэтае пытанне. Быццам, даўным-даўно тут жылі волаты. (гл. дадатак2). Ды больш бліжэйшымі нашымі продкамі былі радзімічы. Згадкі пра іх засталіся ў прыказках і прымаўках, што даволі шырока распаўсюджаны ў нашай мясцовасці: “Радзімцы (радзімічы) воўчага хваста пужаліся (спужаліся)”, “Радзімічы воўчага хваста бегаюць”,“Радзімец (радзіміч) цябе бяры (пабяры)!” За тлумачэннем усяго гэтага звяртаемся да летапісных паданняў. Рассяленне радзімічаў у Пасожжы было не зусім мірным на што ўказваюць прыказкі: “Радзімец цябе бяры”, “Каб цябе радзімец узяў”, якія бытуюць у нас на Кармяншчыне, Чачэршчыне і суседняй Магілёўшчыне. Вучоныя мяркуюць, што продкі радзімічаў і вяцічаў на самой справе да “вялікага перасялення народаў”, а дакладней да ІІІ ст. н.э. жылі па сярэднім цячэнні Віслы і па ніжнім Бугу і Нараве, гэта значыць на частцы тэрыторый сучаснай Рэспублікі Польшча. Пасля ж доўгіх вандровак яны прыйшлі на Сож. Пішчанцы ж - частка племенi радзімічаў, што жыла на рацэ Пiшчане. Воўчы Хвост - ваявода кiеўскага князя Уладзiмiра Святаславiча, які нанёс паражэнне радзмічам і далучыў іх землі да Старажытнарускай дзяржавы ў Х ст. Барацьба кіеўскага князя за землі радзімічаў, на думку беларускага даследчыка Міколы Ермаловіча, звязана з барацьбой за радовішчы жалеза і за мясціны багатыя на жалезную руду і зручныя для яе здабычы. А наша мясцоваць акурат гэтым і славілася. Пра што сведчыць распаўлюданне, у тым ліку і ў нашай мясцовасці, вёсак з назвай “Рудня”.



2.2. Тапанімічныя паданні - аповяды аб паходжанні назваў населеных пунктаў, вёсак і г. д., якія можна аднесці і, часткова, да гістарычных. Сярод іх паданне пра Грэнск. (гл. дадатак 2 ) Быццам бы, па нашай мясцовасці праязжала руская імператрыца Кацярына ІІ, ехала праз балота на залатой карэце і завязла там. Калі карэту выцягнулі, то залатое кола засталося ў балотнай багне. З тых часоў мясцовыя жыхары перакапалі ўсё навокал, што толькі можна, у пошуках скарбу аж да 20 – х гг. ХХ ст., а золата так і не знайшлі. Пра гэта даведаўся вядомы беларускі археолаг Палікарповіч, які даследваў археалагічныя помнікі нашага рэгіёну ў 1926 г. Так была адкрыта вядомая мезалітычная стаянка. З інспектарскай паездкай па новадалучаным землям Кацярыны ІІ звязана таксама і адна з версій паходжання назвы нашага раённага цэнтру – Кармы. Быццам бы, Кацярына ІІ тут спынілася, кам пакарміць коней.

Паданне паходжанне назвы вёскі Енцы (гл. дадатак 2) звязвае з параненымі шведамі ў часы Паўночнай вайны, што засталіся у нашых мясцінах пасля разгрому пад Лясной. “Ім было так больна, што яны моцна енчылі. Гэты енк быў чуцен у наваколлі.” Паданне адносіцца як да тапанімічных, так і гістарычных бо, у той альбо іншай меры, у ім знайшлі сваё адлюстраванне рэальныя гістарычныя падзеі. І, магчыма, гэтыя падзеі і адбіліся ў памяці мясцовых жыхароў. Але сама вёска была заснавана раней і ўпершыню ў пісьмовых крыніцах згадваецца ў 1704 г. як баярскае паселішча ў Чачэрскім старостве.

У асяроддзі мясцовых жыхароў захоўваюцца наступныя версіі паходжання назвы вёскі Ворнаўка: 1). З двароў мясцовых жыхароў часта ўводзілі коней і кароў. А каб замесці і заблытаць сляды, скрадзены скот “абувалі ў лапці”. Ад “вароў”, “вараўства” (крадзяжу) і сталі называць гэтае месца “Варанаўшчызна”, “Варанаўшызна”, “Ворнаўка”. 2). Некалі на шляху падарожнікаў тут, у нашай мясцовасці стаяла старое, вялікае, разгалістае дрэва. Яго было добра відаць здаля. Там было шмат гнёздаў і жыло шмат варон, якія і сустракалі людзей, што праязджалі паўз гэтую мясціну, сваім гучным і шматгалосым карканнем. Паступова вакол сталі сяліцца людзі, затым з’явілася і паселішча “Варанаўшчызна”. Так і казалі: “Дык гэта там, дзе Варанаўшчызна!”. 3). Некалі даўным даўно тут жыў чалавек па прозвішчу ці імені Воран. Землі, якімі ці то валодаў, ці якія апрацоўваў ён і яго дзеці, нашчадкі пазней сталі называць “Варанаўшчынай”. 4). У даўнія часы тут былі непраходныя і густыя лясы, дзе сталі сяліцца і апрацоўваць, араць зямлю людзі. А калі ішлі падарожныя, то ім адкрываўся від ворыва, ворнай зямлі (зямлі, вызваленай з-пад лесу пад ворыва). 5). Ворнаўка – узвышанае месца, звязанае з пакланеннем духам і культам памерлых ці міфалагічным персанажам свету пмерлых. Паводле Рогалева, “вор” – узвышанае месца каля вады, “наўе” – духі памерлых”. Падобна Ворнаўцы, узнікла назва вёскі Лядцы. У сэнсе “месца сярод лесу”, ляда, вызваленага пад ворыва.

2.3.Легенды і паданні на міфалагічнай аснове. Легендарныя версіі паходжання Кармы. Шмат народных легенд і паданняў звязана з вобразамі вады і воднай стыхіі. Нягледзячы на многія стагоддзі панавання хрысціянства і дзесяцігоддзі ваяўнічага атэізму, нашы людзі засталіся язычнікамі. Здаўна абагаўляліся стыхіі і сілы прыроды, камяні, крынічкі, дрэвы і г. д. Гэта знайшло сваё адлюстраванне ў народным фальклоры, ва ўяўленнях аб свеце і Сусвеце, паходжанні зямлі, чалавека, нават нашых населеных пунктаў. Тут неверагодным чынам пераплятаюцца як паганскія, так і біблейскія матывы. Вось вам прыклад, адна з версій паходжання Кармы: “…На месцы, дзе цяпер Карма некалі адбылася катастрофа. Зямля разверзлася і пачаўся вялікі патоп. Хутка ўсё патанула, утварылася вялікае возера, берагоў якога было невідаць. Пасярод вады віднелася (тырчала з вады) карма карабля. Калі вада сышла і тут зноў сталі сяліцца людзі, насельнікі сталі гэтую мясцовасць называць “Карма”. У адным месцы засталося толькі балота, якое называюць Карабельным…”. Дарэчы, мясцовыя назвы “Караблішча”, “Карабельнае балота” сустракаюцца практычна ва (ці каля) усіх населеных пунктаў паўднёва-усходняй і ўсходняй Беларусі з назвай “Карма”, якіх, толькі існуючых цяпер, налічваецца больш за 10. Тут праглядаюцца легендарныя матывы (водгукі) Біблейскага патопу. А вобраз карабля ці кармы карабля – гэта вобраз Ноевага Каўчэгу.

Сярод насельніцтва ходзяць самыя розныя версіі: 1) тут спыніўся на ноч Афанасій Нікіцін, робячы сваё “хаджэнне” за тры мора; 2) назва звязана з караблебудаваннем, каля в.Струмень ёсць Карабельнае балота, у якім знойдзены рэшткі славянскай ладдзі; 3) тут быў пункт прыпынку і кармлення коней і падарожнікаў, якія рабілі прыпынак на адпачынак; 4) ад сістэмы “кармленняў”.

Легенды і паданні тлумачаць паходжанне шматлікіх узгоркаў, рэчак, святых крынічак, урочышчаў, каменных крыжоў і камянёў. Так, побач з вёскай Міхалёўка ёсцьвозера Дзявіцы, дзе “некалі патанула дзяўчына. З тых часоў тут і дна нябачна, і купацца нельга бо вада моцна халодная…” Па поўдзень ад Халапаўкі знаходзіцца Дзявочы Роў, дзе “ у час нападзення на мясцовых жыхароў татараў ад іх уцякала адна дзяўчына. Татары гналіся за ёй, усё больш і больш насцігаючы яе. Калі хцівыя ворагі вось-вось ужо маглі б дагнаць дзяўчыну, яна стала маліцца Богу, просячы Госпада, каб разверглася Зямля і праглынула яе – лепш так, толькі б не патрапіць у рукі брудных чужынцаў. І тут нечакана зямля разверглася, з’явіўся роў, ён напоўніўся вадоў і паглынуў дзяўчыну. Так узнікла рака, якая называецца: “Дзявочы роў”. А Праскоўя Булабчыкава з вёскі Зяцькавічы, калі была дзяўчынкай і хадзіла са сваёй маці на жніво, то каля крыніцы “…сустрэла дзяўчыну з цёмнай да долу касой, белым вышыты сарафан, на выгляд, гадоў 18-ці, босая, бледная. Яна ўсміхнулася, падыйшла і спытала: “Табе падабаецца мой сарафан?” – “Вельмі прыгожы”. Дзяўчынка села на траву… Некалькі хвілін яна маўчала, а потым сказала: “Мне таксама ён вельмі падабаецца, але вось няма ў мяне вышыванай хустачкі, і свой вянок я згубіла недзе…”. Затым дзяўчына знікла. Хто гэтая фея крыніц і азёр?

Цікава, што каля вёскі Багданавічы ў лесе пад назвай Чыстая Лужа таксама бачылі дзяўчыну, постаць якой свяцілася і блукала ўначы. А мо гэта багіня-апякунка возера? Паводле сведчанняў мясцовых жыхароў, прывід жыве ў курганах, якія і знаходзяцца паблізу Чыстай Лужы. А возера, некалі глыбокае і паўнаводнае, лічы, знікла. А вось яго дземан-дух, як непрыкаянная душа, усё блукае і блукае, шукаючы той чыстай крынічкі, што біла з-пад зямлі. Дарэчы, наконт святых крынічак. Спаканвечна гэтыя мясціны лічыліся свяшчэннымі і ніхто не павінен быў парушаць пакой іх духаў, а таксама першазданнасць краявіду. “Калі жыхар Зяцькавічаў сёк дрэвы каля Святой крыніцы на дровы. На наступны дзень яго спаралізавала. Людзі ўпэўнены, што ён гэтымі дзеяннямі ўкрыўдзіў дух Дзяўчыны.” Святыя крыніцы, Дявочыя і Чыстыя лужы (калюгі) ёсць ці былі каля многіх паселішчаў Кармяншчыны, ды і не толькі. Назвы многіх маленькіх рэчачак, ручаёў, урочышчаў сустракаюцца са словам “Дзеўка”. У традыцыйнай індаеўрапейскай міфалогіі духі водных аб’ектаў выступалі ў дзявочым абліччы. У шэрагу моваў словы “вада” і “дзяўчына” часта ідэнтычныя.

Шмат твораў звязана з камянямі (якія часта называюць дзічкамі, следавікамі – з умяцінамі, падобнымі на сляды, лічылася, што гэта сляды Госпада ці Маці Божай, якія хадзілі па нашай зямлі), каменнымі крыжамі і г. д. Даволі пашыраныя паданні, звязаныя са скарбамі, якія некалі былі схаваныя і якія мясцовыя жыхары яшчэ да нядаўняга часу шукалі на поўным сур’ёзе. Але, бывала, што легенды станавіліся быллю. Так, у 1963 г. паверхня адной з лясных дарог нашага раёна, размытай моцным дажджом, была літаральна засцелена арабскімі манетамі IX стагоддзя. А паданне пра Залатаміно апавядае, быццам бы, за кіламетар ад вёскі, у балоце, некалі быў схаваны залаты скарб (“залатая міна”). Знойдзена старажытнае гарадзішча VІ – VІІІ стст., насельнікі якога займаліся выплаўкай жалеза (“зялеза”, “залеза”).

Аб вялікім, нават у нечым сакральным, значэнні жывёл і раслін у жыцці нашых продкаў гаворыць паходжанне назваў многіх вёсак: Барсукі (барсук), Бярозаўка (бяроза), Асінаўка (асіна), Дубавіца (дубы), Задуб’е (за дубамі), Малянік (маліна), Лебядзёўка (лебяда), Дубравіна (дубрава), Жабін, паводле адной з версій, ад слова “жаба”), Лазовіца (лаза) і інш.

Увесь навакольны свет нашымі прашчурамі ўяўляўся населеным рознымі добрымі і злымі істотамі, жывымі лічыліся камяні, дрэвы і травы, крыніцы і азёры. Вось чаму ўсё мела вялікі сэнс і часта насіла сакральны характар. Узяць, хаця б, расліны, дрэвы. Як сведчаць спецыялісты, назвы населеных пунктаў ад іх пайшлі не проста так. Дуб - свяшчэннае дрэва. У язычніцкія часы ў свяшчэнныя дубравы і заходзіць было забаронена. Узгадаем вёскі Дубавіца, Дубравіна і Задуб’е. Дуб - агромістае дрэва пасярэдзіне зямлі (здавалася, і з краю), вершаліна якога ўпіралася ў нябёсы, а карані дасягалі апраметнай. Паводле паданняў, па дубе можна было трапіць у іншыя светы, па ім падымаліся і спускаліся багі. Ён - стрыжань і апора, на якой трымаецца свет. Людзей, якія адважваліся сарваць нават лісток са свяшчэннага дрэва, садраць кару ці зрабіць што-та іншае, чакала суровая кара.

Творы аб Папараць - кветцы (гл. дадатак2 ), у якіх адлюстравалася векавая мара нашых продкаў аб дабрабыце і шчасці. Гэтая мiфiчная кветка iснавала ў фантазii нашых продкаў. Паводле народных уяўленняў, чалавек, якi здабыў кветку папарацi, набываў незвычайныя якасцi, ён ра зумеў мову жывёл i раслiн, яму ад крывалiся месцы захаваных скарбаў i розныя iншыя таямнiцы. Кветка адмыкае і зноў замыкае замкі. Яе ўладальнік можа браць што хоча і адкуль хоча. Цікавае паданне аб Папараць-кветцы запісалі вучні нашай школы (гл. дадатак). Уратавацца ад злых духаў пры пошуках Папараць – кветкі можна было з дапамогай грамнічнай свечкі (гл. дадатак 2).

Чалавек лічыў сябе часткай агульнага свету, мог разумець мову не толькі раслін і жывёл, але і станавіцца імі. Многія жывёлы лічыліся свяшчэннымі (татэмнымі), асабліва воўк. Чалавек мог «перавярнуцца» ў ваўка (ваўкалака): “…можна як па ўласнай ахвоце, каб штосьці атрымаць ці каму-та адпомсціць, пакараць, так і праз закляцце. Каб стаць пярэваратнем па ўласнай волі неабходна перакуліцца праз уторкнутыя вастрыём уверх у зямлю нажы. Другі спосаб – перакуліцца ці пераляцець, спатыкнуўшыся, праз асінавы пень» (в. Ворнаўка, 2001 г.). Моцны чараўнік можа ператварыць у ваўкалака цэлае вяселле (12 асоб): «Чараўнік бярэ гарошыну са струка, дзе было 12 гарошын, прамовіць закляцце і людзі тады пабягуць ваўкамі…».У паданні (2003 г., в. Высокая) раскрываюцца іншыя спосабы ператварэння ў ваўкалакаў (гл. дадатак2).

Многія паданні адлюстроўваюць побытавыя дэталі жыцця і заняткаў людзей, але яны пераплятаюцца з міфічнымі і казачна-чароўнымі рысамі. У іх удзельнічаюць нашы землякі-сяляне, жывёлы, ваўкалакі і іншыя істоты, нават апостал Юрый, які ў народным уяўленні быў апекуном свойскай гавяды, розныя чараўніцы і калдуны. Апошнія як дапамагалі людзям, так і шкодзілі ім, будучы пасярэднікамі паміж рознымі светамі і ўдзельнікамі гэтых паданняў. У адрозненне ад казак, людзі ўяўлялі ўсе гэтыя апавяданні як сапраўдныя. Неяк радзей, але сустракаюцца водгукі паданняў аб ператварэнні людзей у птушак, паўзуноў, казюркаў, лісаў, мядзьведзяў, тхароў, ласак, нават, свойскіх жывёлаў.



«Горы» сімвалізуюць Сусветнага дрэва як мадэль свету, у якой адлюстраваны ўсе асноўныя элементы і параметры космасу. Гара-трохузроўневая: на вяршыні жывуць багі, у ніжэйшай частцы - злыя духі, на зямлі - чалавечы род. Курганы былі месцам пакланення памерлым продкам, сімвалізавалі ўзвышэнне на ўзровень да неба,куды ў вырай адлятала душа памерлага, (назвы вёсак Курганіца і Курганне). Курганы называюць “капцамі” і “французскімі ці шведскімі магіламі”. Ды там пахаваны нашы продкі – радзімічы з’яўляецца ўшанаванне памяці “дзядоў”, што ідзець ад далёкіх часоў. Узгоркі ўзніклі так: іх назбіралі легендарныя волаты ды асілкі. Водгаласам біблейнага падання пра сусветны патоп выступаюцьвыступае легенда, дзе“горы і долы на нашай зямлі ўтварыліся, калі вада пасля патопу сцякла ў мора”. У нашай вёсцы ёсць свая “гара”, дзе стаяла спачатку драўляная праваслаўная царква, потым каталіцкая каплічка. “Горы” мелі дачыненне і да нячыстай сілы, “таму і аблыселі”. Аднак “лысы” - гэта і “голы”, без раслін і дрэў; ясны, светлы. На такіх узгорках некалі стаялі паганскія свяцілішчы. “Белыя горы” ёсць паміж вёскамі Рудня і Ліцвінавічы. Паданне апавядае пра падзеі Паўночнай вайны: “Кажуць, закапалі швяды пад сасновым крыжам сваё злота і срэбра... Было гэта тады, як разбілі іх пад Лясной. ад тае пары людзі пайшла назва «Белая Гара».У народзе кажуць таксама “Святая гара”.

Як бачым, наша зямля тоіць ў сябе шмат загадак і таямніцаў, цікавых і прыгожых апавяданняў у кожнай вёсачцы.Толькі дакраніся, і нашы продкі дапамогуць адкрыць гэтыя скарбы дзеля будучых пакаленняў... Будзе таксама пра што расказаць сваім дзецям і ўнукам.
ЗАКЛЮЧЭННЕ

Праца над тэмай пераканала наколькі гэта вялікая і глыбокая праблема. Пры гэтым што нам удалося зрабіць? Намі сабраны багаты фактычны матэрыял у выглядзе легендаў і паданняў, які сам па сабе ўжо з’яўляецца цікавым і каштоўнай культурна-духоўнай спадчынай, якую важна данесці да нашых землякоў і наступных пакаленняў. Мы сістэматызавалі, абагульнілі атрыманую інфармацыю, прааналізаваць яе з дапамогай навуковых і практычных распрацовак вядучых беларускіх вучоных, этнографаў, фалькларыстаў. Пры гэтым быў набыты багаты ўласны вопыт выкарыстання метадаў вуснай гісторыі і запісу, апрацоўкі мясцовага фальклору. У час працы над тэмай выкарыстоўваліся розныя метады і крыніцы, а атрыманыя напрацоўкі рэгулярна друкаваліся ў раённай газеце “Зара над Сожам”. Атрыманы матэрыял і зробленая работа – добрая аснова для стварэння зборніка легендаў і паданняў Кармяншчыны, а таксама для працягу, пашырэнню і паглыбленню даследванняў.

Многія легенды і паданні прасякнутыя каштоўнасцямі і народнымі традыцыямі: любові да роднай зямлі, да яе прыроды; сувяззю чалавека і прыроды, якія, паводле ўяўленняў нашых продкаў, складалі адно цэлае; рака Сож пры гэтым уяўлялася “божым шляхам”, “шляхам у свет”; працалюбства, сумленная праца; сямейныя каштоўнасці; сумленнасць і пачуццё справядлівасці; шанаванне Бога (багоў), продкаў, старэйшых; абарона нямоглых, дзяцей, старых.

Пры распрацоўцы тэмы легендаў і паданняў прыйшлі да высновы аб тым, што наша духоўная спадчына вельмі багатая, разнастайная, цікавая. Яна – важны падмурак і адзін са сродкаў далучэння жыхароў Кармяншчыны да нацыяльна-культурных каштоўнасцяў, дапамагае адрадзіць духоўныя традыцыі, перадаць самае лепшае, што стварылі нашы продкі, нашчадкам.



Не менш важна, што ёсць магчымасць зацікавіць гэтым вялікім духоўным скарбам людзей розных пакаленняў. Праз СМІ, а таксама ўстановы культуры і адукацыі. Таму мы лічым, што наша праца будзе карысная вучням школ, настаўнікам, работнікам культуры, а таксама ўсім, хто цікавіцца гісторыяй і культурай нашага краю.
СПІС КРЫНІЦ І ЛІТАРАТУРЫ

  1. Азбелев С. И. Предание// Восточнославянский фольклор: Словарь научной и народной терминалогии. Мн., 1993.

  2. Беларуская фалькларыстыка: Збіранне і даслед. нар. творчасці ў 60-х гадах XIX — пачатку XX ст. / Г.А. Пятроўская, I.К. Цішчанка, У.А. Васілевіч і інш. — Мн.: «Навука і тэхніка», 1989. — 333 с.

  3. Беларускі эпас / Склад. С.І. Васілёнак, М.Я. Грынблат, К.П. Кабашнікаў. Пад рэд. акад. АН БССР П.Ф. Глебкі і члена-кар. АН БССР I.В. Гутарава. — Мн.: Выдавецтва АН БССР, 1959. — 318 с.

  4. Беларусы. Т. 7. Вусна-паэтычная творчасць / Г.А. Баргашэвіч, Т.В. Валодзіна, А.I. Гурскі і інш.: Рэдкал. В.М. Бялявіна і інш.; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. — Мн.: «Беларуская навука», 2004. — 586 с.

  5. Бяздоннае багацце: Легенды, паданні, сказы / Склад. А.I. Гурскі. — Мн.: «Мастацкая літаратура», 1990. — 255 с.

  6. Восточнославянский фольклор. Словарь научной и народной терминалогии. Мн., 1993.

  7. Варганаў Валерый. Краязнаўчая крынічка. Легенды і паданні нашага краю. / Зара над Сожам. №52, - 13. 07. 2013.

  8. Варганаў Валерый. Методыка вывучэння вуснай гісторыі: з вопыту работы Ворнаўскай сярэдняй школы. /Беларускі гістарычны часопіс. 2013, №7. С. 41 – 50.

  9. Варганаў Валерый. Краязнаўчая крынічка. Паданні аб паходжанні назваў нашых вёсак./ Зара над Сожам. №57, - 17. 08. 2013.

  10. Варганаў Валерый. Краязнаўчая крынічка. Паданні на міфалагічнай аснове./ Зара над Сожам. № 61, - 14. 09. 2013.

  11. Варганаў Валерый. Краязнаўчая крынічка. Паданні на міфалагічнай аснове./ Зара над Сожам. № 65, - 12. 10. 2013.

  12. Гомельшчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паланняў / Склад., запіс, апрац. А.М. Ненадаўца. — Мн.: «Беларусь», 2001. — 415с: іл. — (Мой родны кут).

  13. Гринблат МЛ. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. — Мн.: «Наука и техника», 1968. — 288 с.

  14. Гурская Г. Паданне аб паходжанні вёскі Енцы. / Зара над Сожам. №57, - 17. 08. 2013.

  15. Гусев В. Е. Эстетіка фольклора. Л., 1967.

  16. Зуева Т. В., Б. П. Русский фольклор.

  17. Кабашнікаў К. П. Народная пароза/ К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік, А. В. Цітавец; Навук. Рэд. А. С. Ліс. – Мн., Бел. Навука, 2002. – 517 с. (Беларускі фальклор: жанры, віды, паэтыка; кн. 4).

  18. Кабашнікаў К.П. Малыя жанры фальклору ў славянскім кантэксце / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мн.: «Беларуская навука». 1998. — 188 с.

  19. Казкі і легенды роднага краю / Складальнік К.П. Кабашнікаў.—Мн., 1960.

  20. Легенды і паданні / [Склад. М.Я. Грынблат і А.I. Гурскі; Рэд. тома А.С. Фядосік. — Мн.: «Навука і тэхніка», 1983. — 544 с.

  21. Назаранка М. Паданне аб волатах. / Зара над Сожам. №52, 13. 07. 2013, №52.

  22. Сержпутоўскі А. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930.

  23. Сувалава М. Сож і Дняпро. Легенда. / Зара над Сожам. - 13. 07. 2013, №52.

  24. Легенды і паданні / Склад. М. Я. Грынблат і А. С. Гурскі. Мн., 1983.

  25. Міфалогія беларусаў. Энцыклапедычны слоўнік./ Склад. І. Клімковіч і інш.; навук рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. – Мн. : Беларусь, 2011. – 607 с.

  26. Шейн П. В. Материалы для быта и языка русского населения Северо-Западного края. Спб. 1893 - . Т. 2. – с. 438.


ДАДАТКІ

  1. ЛЕГЕНДЫ НАШАГА КРАЮ

З легенды аб стварэнні Богам свету, жывёл, чалавека. Бог зрабіў для чалавека шмат чаго карыснага: раўніну, даў жыта, лекавыя травы, карысных жывёл, д’ябал жа – стварыў горы, сарнякі, шкодных жывёл, розных гадаў… Бог удухнуў у чалавека добрую душу, а чорт – злую. З тых пор чалавек можа рабіць як дабро іншым, так і тварыць ліхое… Зрабіўны ўсё гэта, Бог, з выгляду як добры стары, ходзіць па свеце, робіць дабро добрым людзям і карае злых. Але не ўсе пазнаюць Бога, не ўсе аказваюць яму паслугі, дапамогу, увагу… Таму адных Бог караў, жыццё другіх рабіў ўдачным і шчаслівым…”. (Запісана вучаніцай 9 класа Гурскай Галінай, в. Ворнаўка, 2012 г.).

Легенда аб рацэ Сож. Было гэта даўненька, калі яшчэ божыя святые (у нас іх імёны не называюцца, а вось на Веткаўшчыне, напрыклад, гэта – Кузьма і Дзем’ян) працавалі каля аднаго возера кавалямі. Калі змей зноў прыйшоў за чалавечай ахвярай, яны пайшлі на хітрасць: папрасілі змея высунуць язык, каб пасадзіць туды чалавека. Даверлівая, але глупая, істота выканала просьбу, а тыя ўхапілі змяіны язык кавальскімі, раскаленымі да чырвані, шчыпцамі. Ад болю гад стаў скавытаць, брыкацца, але пасля таго, як на яго накінулі хамут, які, аказалася немагчыма скінуць. Святыя кавалі запрэглі змяюку ў плуг. Так змей пацягнуў гэты плуг і пракапаў вялікую і шырокую баразну. Возера не вытрымала і лопнула, адкуль і нацякло вады ў гэты роў… Так з’явіўся наш Сож. (Паволе аповяда Шутовай Марфы Калінаўны, ураджэнкі в. Струмень, 1921 г. н., Варганавым Валерыем у 1994 г.).

Легенда пра месяц. Месяцу Бог загадаў свяціць людзям уначы, покуль сонейка адпачывае. Толькі Месяц вельмі гультаяваты, ён кепска свеціць, затое Бог загадаў, каб ён кожный чатыры нядзелі перараджаўся. Вось затым ён адну нядзелю малады, другую расце аж да поўна, трэцюю поўны, а чацвёртую зусім прападае".(Запісала Назаранка Марыя, цяпер вучаніца 9 класа. В. Ворнаўка, 2012).

Легенда пра паходжанне каня. Даўней, кажуць, баранаваў чалавек, цягнуў на сабе барану, а вось чорт прыйшоў, дый сеў на барану і чалавек не змог пацягнуць бараны. Убачыў гэта Бог і тагды сказаў на чорта, каб ён быў канем, - і чорт стаў канём, і з тых пор сталі на свеці коні". (Запісаў Варганаў Валерый ад Шутовай Марфы Калінаўны, 1921 г. н. В. Сырск, 1994 г.).

Адкуль узяўся мядзведзь (легенда). Мядзведзь перш быў такі жа самы мужык, як і ўсе мы, гарапашнікі. Даўно тое здарылася. Людзей тады было мала. Гэта цяпер так народу намножылася, што ледзь зямля іх падымае. А даўней людзі жылі сям-там па лесе, лавілі звера, птушак, а ў азёрах ды рэках — рыбу. Улетку збіралі ягады або капалі карэнне, рабілі запасы на зіму. Больш за ўсё запасалі арэхаў і мёду.

Пчол тады было багата. Яны самі вадзіліся ў дуплах і ў земляных норах. Па лесе і цяпер яшчэ ёсць пчолы ў дуплах. Дык вось людзі і шукалі такіх пчол, і хто першы знаходзіў, таго і былі тыя пчолы. Ён абвязваў дрэва, на якім вяліся пчолы, лічылася, што гэтыя пчолы ягоныя, а таму ніхто не мог іх чапаць.

Але жыў сярод людзей адзін гультаяваты мужык. Яму не хацелася самому шукаць пчол, дык ён прымудрыўся выдзіраць чужыя. Толькі цяжка яму было ўзлазіць на дрэва. I пачаў ён шукаць ведзьмара.

За сямю лясамі ды за сямю балатамі меўся такі вядзьмар. Вось і пайшоў гультаяваты мужык да яго. Ідзе ён ды ідзе лясамі, бачыць — ліпа абвязана; думае — пчолы. Падышоў бліжэй, зірнуў, аж дупло зусім нізка, а ў дупле — мёд. Выдраў гультай пчол і пайшоў далей. Бачыць — другое дрэва абвязана. Выдраў ён і тут пчол. Сыты і задаволены, падыходзіць гультаяваты мужык да вядзьмаравае зямлянкі.

Таго якраз не здарылася дома. Глядзіць мужык, аж тут пры самай зямлянцы ў дрэве пчолы. Давай гэта ён і тых пчол выдзіраць.

Але тут вядзьмар з'явіўся. Зірнуў на чужога чалавека і кажа:

— Раз паквапіўся на чужое, дык з гэтае пары і ты, і твае дзеці, і ўсё тваё кодла будзеце толькі пчол драць!

Абярнуў вядзьмар таго гультаяватага мужыка ў мядзведзя.

Дык вось адкуль узяўся мядзведзь.” (Запісаў ад Шутовай Марфы Калінаўны, 1921 г. н., Варганаў Валерый. В. Сырск, 1994 г.)


  1. ПАДАННІ НАШАГА КРАЮ

Паданне аб волатах. Калі не было яшчэ на нашай зямлі нас, нашых дзядоў, і прадзедаў, даўно-даўно, на нашай зямлі жылі волаты. Гэта былі вельмі вялікія, высокія і моцныя істоты. Дзякуючы сваёй сіле, праца давалася ім не так цяжка, як звычайным людзям. Мы ня ведаем, а чаму зніклі, паўміралі волаты. Толькі апошні свой спачын яны знайшлі ў курганах... Гэта іх магілы, што валатоўкамі яшчэ называюць. Яны вялікія таму бо былі вялікімі і самі волаты. Кажуць яшчэ, што некалі волаты баранілі наш край ад ліхіх ворагаў. І калі зноў будзе патрэбна, яны падымуцца са сваіх магілаў… А як прыйшлі сюды нашы продкі, то ўбачылі гэтыя курганы і вырашылі не турбаваць пакой волатаў. Няхай спяць спакойна. Так з тых часоў так і павялося…

Паданне аб асілках. Некалі на зямлі жылі асілкі. Яны былі людзі здаравенныя, росту ў касы сажэнь, у плячах — аршыны з два, а голас мелі, як звон нямалы, бывала, калі крыкне каторы на ўвесь голас ды свісне, дык якое б дзерава ні было вялікае, а зваліцца. Вось якія былі яны людзі, тыя асілкі. I жонкі іхнія былі па іх: вялікага росту, дужыя і раджалі кожны раз па двое, а то і па трое дзяцей.

І вось гэтыя вялікія людзі не ведалі куды дзяваць свае сілы. Гэта яны сталі капаць і панавыкопвалі рэкі, а зямлю панасыпалі, атрымаліся горкі, ды яшчэ параскідвалі вакол каменне. Калі вы знойдзеце вялікі камень дзесьці ў полі ці ў лесе, то ведайце – гэта камень кінулі гэтыя асілкі. Бывала, панабяруць яны камення, бы нейкія валы, ды… як кінуць далёка-далёка… Гахнуць так, што гэтае аж каменне ву-у-а-х … - і схаваецца з вачэй унебе, а недзе ж тады і ўпадзе… А як толькі пойдуць дужацца, спрачаючыся, хто мацнейшы, дык аж дубы ірвуць, імі і б’юцца, ды так, што сама зямля стогне…” (Запісаў Варганаў Валерый.. В. Струмень, 1986)



Паданне аб урочышчы Грэнск. Гэта было вельмі даўно, яшчэ тады, калі нашымі землямі завалодала Расія. Правіла тады імператрыца Кацярына ІІ Вялікая.

Атрымаўшы нашы землі і шмат новых падданых, імператрыца пажадала агледзіць новыя свае ўладанні. Адправілася ў сваё падарожжа ўладарка на багатай і прыгожай залатой карэце. Ехала яна праз Карму, дзе вырашыла спыніцца, каб адпачыць і пакарміць коней. Делей рушыла праз нашу Ворнаўку ў напрамку на Чачэрск. А ехала па Старому Шляху (так у народзе называюць старую грунтовую дарогу, якая вядзе ў напрамку Чачэрска). Цяпер жа, калі пабудавалі новую шашу, па Старым Шляху ходзяць толькі мясцовыя жыхары.

Дык вось, ехала Кацярына, было цёмна, ішоў дождж, дарогу размыла, імператрыца са ваёй світай і заблукала. Патрапіла яна на Грэнск, дзе было балота, моцна гразка. Карэта і загразла. А калі яе штурхалі і цягнулі з балота, ад карэты залатое кола і адвалілася. Неўзабаве яно патанула.

Адным словам, намаялася Кацярына тады. Неўзабаве адправілася далей. А памяць пасля сябе пакінула. Тое залатое кола. Яно стала надзеяй на жыццё ў дастатку многіх нашых людзей. Колькі яго не шукалі, усё навокал, што можна толькі было, перакапалі, а кола так і не знайшлі.



Паданне аб паходжанні вёскі Енцы. Гэта было ў часы вайны са шведамі. Рускія войскі на чале з царом Пятром І разбілі корпус шведаў у бітве пад Лясной, што на Прапойшчыне (сучасны Слаўгарадскі раён). Шведскі камандуючы аддаў загад адступаць астаткам корпусу, прабірацца на злучэнне да караля Карла ХІІ на Украіну. Адыходзілі яны ўздоўж ракі Сож, акурат па нашай мясцовасці, па якой праходзіла старая дарога. Але рускія хутка маглі нагнаць уцекачоў. І тады было вырашана пакінуць параненых воінаў, пакуль тыя залечуць свае раны, а астатнім рухацца далей. Так параненыя шведы засталіся у нашых мясцінах. Ім было так больна, што яны моцна енчылі. Гэты енк быў чуцен у наваколлі. З тых часоў мясціны, дзе быў чуцен енк і заставаліся параненыя шведы, сталі называць Енцы.

З падання аб паходнні назвы “Белая Гара”. Кажуць, закапалі швяды пад сасновым крыжам сваё злота і срэбра... Было гэта тады, як разбілі іх пад Лясной. Кінуліся яны ўцякаць праз Прапойск (сённяшні Слаўгарад . - аўт. ), а тут перавознікі спалілі паром на Сажы. Пакуль швяды на левым беразе думалі-гадалі, што рабіць, што чыніць, дык у Краснаполле заявіліся казакі. Сталі на перашкодзе і не далі перабрацца на той бераг, пагналі швядоў на Рудню. Ну й пакідалі яны рыштунак, зброю ў балота ды разбегліся па лясох. А ад шведскага злота-срэбра зямля на гары зрабілася зусім белай. От ад тае пары людзі й кажуць так: «Белая Гара» .

З падання аб паходжанні назвы “Карма”…На месцы, дзе цяпер Карма некалі адбылася катастрофа. Зямля разверзлася і пачаўся вялікі патоп. Хутка ўсё патанула, утварылася вялікае возера, берагоў якога было невідаць. Пасярод вады віднелася (тырчала з вады) карма карабля. Калі вада сышла і тут зноў сталі сяліцца людзі, насельнікі сталі гэтую мясцовасць называць “Карма”. У адным месцы засталося толькі балота, якое называюць Карабельным…

Адкуль пайшоў Гомель (Гомля)… (паданне). Раней, калі не было дарог, а лясы былі з непраходнымі балотамі і кішэлі рознымі гадамі, каб трапіць у іншыя землі людзі плавалі па рэках. Купцы вазілі свае тавары, воіныплавалі, адпраўляючыся ў ваенныя паходы… Ну дык вось, там дзе цяпер Гомля, пасярод ракі Сож, цячэннем за многія гады нанесла шмат пяску. А каб караблі і плыты не трапілі на мель, на беразе каля гэтага месца заўсёды стаялі спецыяльныя людзі і крыкам папярэджвалі: Го – го – го-о-о… ме-е-ель…!” Вось і пайшоў Гомель…» (Запісала Сувалава Марыя, цяпер вучаніца 9 класа. Ворнаўка, 2012 г.).

З падання аб грамнічнай свечцы і Папараць – кветцы. Аднаму чалавеку пашчасціла выпадкова знайсці Папараць-кветку. Гэта было так…

Жыў бедны селянін, і быў у яго сын, які пасвіў у багатых кароў. Адзін раз перад Купалам пасвіў ён каровы ў лесе. Лёг хлапец адпачыць пад кустом і заснуў. Калі прачнуўся, то ўсе каровы разбрыліся па лесе. Спалохаўся хлопец. Пайшоў ён шукаць кароў. Наступіла ноч. Ходзіць ён па лесе і нічога не помніць, дзе ён, як і што. Але роўна ў дванаццаць гадзін ночы ён убачыў, што нешта ўдалечыні блішчыць. Ён пайшоў на гэты бляск і ўбачыў кветачкі, — гэта цвіла Папараць. Калі ён дакрануўся рукой да Папараці, то ўсе кветкі паападалі, а некалькі кветак аказалася ў лапцях. I ў гэты час ён стаў адчуваць сябе свабодна, яму стала ўсё зразумела, ногі перасталі балець. Праз некаторы час пастух знайшоў сваіх кароў і пагнаў іх дамоў. Прыйшоўшы дамоў, ён разуўся, і ўсе кветкі з лапцей павыкідаліся. Пасля гэтага ён зноў пра ўсё забыўся.

Пайшоў адзін гаспадар на Купалу ў лес шукаць карову, а за ім пабеглі яго два сабакі. Ішоў гаспадар лесам, учапілася яму ў лапаць Папараць-кветка — і вось ужо чуе ён, як сабакі гавораць між сабою. Адзін кажа:

— Ляці дахаты, там злодзей хоча ў хату залезці, а я астануся карову шукаць.

Згаварыліся і разляцеліся ў розныя бакі. Чуе гаспадар, пра што птушкі і букашкі гавораць, знайшоў ён карову, а каля дому зноў тыя сабакі падбягаюць да яго і гавораць між сабою:

— Ну, як, прагнаў таго злодзея?

— Прагнаў.

— А ці пакарміла цябе гаспадыня?

— Дала таго бліна, што дзіця абцерла.

Тут гаспадар стаў тупаць ды чысціць свае лапці, кветка вылецела з лапця, і гаворка сабачая перайшла ў брэх. Больш ён ад іх нічога не пачуў, толькі адно зразумеў: сабак трэба карміць, трэба аддзячыць ім.



З паданняў аб цмоках. Жыла ў нас у вёсцы адна дзяўчына, якая, нягледзячы на забарону ісці ў лес на Звіжанне (Здвігі), у восень, пайшла туды, калі змеі збіраюцца разам, выпаўзаюць і спялтаюцца ў клубкі. Зразумела, больш яе ніхто не бачыў. Але раптам, ужо вясной, яна вяртаецца да роднага парога. Усе сталі яе распытваць як ды што, дзе была… Аказваецца яна правалілася ў яміну, у якой была кішэтня слізкіх змяюкаў. І выбрацца ніяк нельга было. Ды й каб не памерці з голаду прыйшлося разам з гэтымі гадамі лізаць камень, які ляжаў на дне яміны. З наступленнем жа вясны вужы палезлі ўверх, з імі і дзяўчына.» (Запісана Гурскай Галінай, вучаніцай 9 класа. В. Ворнаўка, 2012 г.).

…лятучы змей, прыносіў аднаму чалавеку, якога ён упадабаў, ці чалавек яго як-та прычараваў, хлеб і мед, і «выпівон». Прычым браў змей дабро не абы дзе, а толькі з дзяржаўных засекаў. Не крыўдзіў простых людзей – «рабацяг». І прыносіў ён не толькі харчы, але і грошы. (Запісаў у г. п. Карма Валерый Варганаў. 2001 г.)

…некалі ў адной жанчыны памёр ейны муж, праз некаторы час яна сама моцна захварэла і памерла. Але нечакана да труны з жанчынай падпоўз вуж, прыцягнуўшы «жывую травіцу», ад якой жанчына ажыла. Колькі яна не жыла, то ўсім казала, што быццам да яе ратаваць прыйшоў ейны муж, які пасля смерці абярнуўся ў вужа. (З падання, запісанага ў в. Барсукі, 1998 г.).

З паданняў аб тым, як Бог і святыя хадзілі па зямлі

… Ішоў Бог па дарозе і ўбачыў кабету (“бабу”). Яна жыта жала. Бог папрасіў бабу паказаць яму дарогу. Але тая адмовілася, сказала, што ёй патрэбна яшчэ ўправіцца, ды і некалі…За гэта Бог зрабіў так што мы, бабы, ніколі не можам управіцца са сваёй работай. Далей Бог сустрэў мужыка з сахой. Пагутарылі і мужык той нават пачаставаў Бога тытунём, а затым паказаў дарогу… І Бог зрабіў так, што мужыкі заўсёды могуць упраўляцца са сваёй работай, а для гэтага Гасподзі надзяліў іх вялікай фізічнай сілай, каб толькі не ленаваліся… З тых пор бабы працуюць – працуюць і ніяк не ўправяцца, а мужыкі, колькі чаго толькі не зробяць па гаспадарцы, а затым глядзіш – і ўправіліся…” (Запісаў ад Шутовай Марфы Калінаўны, 1921 г. н., Варганаў Валерый. В. Сырск, 1994 г.).



Паданні аб заклятых скарбах У нас у лесе, на беразе ракі, людзі часта знаходзяць скарбы з залатымі і сярэбранымі грашамі. Вось ідзець чалавек па лесе ўноччы, бачыць белыя і чырвоныя агеньчыкі. Кажуць, гэта дае пра сябе знаць зачараваны («загавораны») скарб. Быў у нас, значыць, такі выпадак. Аднойчы ўлетку хлопцы прыгналі сюды на начлег коней. Пад раніцу, калі ўжо зусім дагарэла вогнішча, да іх невядома адкуль падышла прыгожая дзяўчына з грабеньчыкам у руцэ і стала прасіць:

— Расчашыце мяне!..



Але начлежнікі так перапалохаліся, што ўсе да аднаго паўцякалі ад прыгажуні. Бывалыя людзі пасля казалі, што гэта ім, дурням, зачараваны скарб сам прасіўся ў рукі, але яны адмовіліся ад вялікага багацця.» (Запісаў Варганаў Валерый.. в. Струмень, 1986 г.)

З паданняў аб ваўкалаках. …ператварыць у ваўкоў вяселле чараўнік, які валодае вялікай сілай, можа з дапамогай заклятай ніткі, працягнутай праз дарогу, хамута і іншых рэчаў…Чалавек можа перавярнуцца ў ваўка, ненарокам трапіўшы ў заклятае месца… Быў у нас у вёсцы выпадак, калі адзін чалавек, пачаўшы будаваць хлеў, секануў тры разы па парозе і сказаў закляцце: «Хто пераступіць гэтае месца, той ваўком няхай скінецца на ўсё жыццё!». Так гэты чалавек хацеў засцерагчыся аб злодзея ці рабаўніка. Аднак, праз некаторы час, ён сам забыўся на сваё закляцце і сам ступіў на тое месца… Больш яго ніхто ня бачыў. Бачылі толькі вялікага ваўка, які ўсё прыходзіў і прыходзіў да жылля гэтага чалавека і моцна жаласліва выў. …ваўкалакі не ядуць, як звычайныя ваўкі, сырога мяса, , падлу і нячыстых жывёлаў. А як жаласліва выюць! Нібыта плачуць, ці стогнуць, паварочваючыся на ўсход сонца ці ў напрамку сваіх вёсак. Гэта іх малітва. (Запісана у 2003 г. ў в. Высокая).

З паданняў аб міфалагічных істотах. Вадзянік … гэта нячысты дух. Ён жыве ў вадзе і гаспадарыць там. Пахож на вялікага старыка з зялёнымі валасамі і з барадою з водараслей. Вадзянік топіць тых, хто далёка заплывае. І калі патопіць хлопца, ён стане вадзяніком, дзяўчыну – стане русалкай. (в. Лужок ад Гапеенка Марыі Яўменаўны, 1934 г.н., 2004 г.)

Ведзьма - гэта нячысты дух. Ведзьма – злая калдунья, жанчына, якая здзеквуецца з нас, з людзей, шкодзіць. Ані могуць загаварыць – і не будзе ўраджаю, стане балець скот, стане плоха чалавеку. Зараз ведзьмаў не чуваць. А раней, калі я маладой была, іх была многа. Мне матка мая расказвала. Пашла ана ўтрам карову даіць, а вакруг каровы ходзіць кот. Прыгожы такі. Хацела маці яго пагладзіць, аж ён зашыпеў і проч пабег. З та¬го дня малака ў нашай каровы не стала, а маці тыдзень хварэла. Ляжала ў пасцелі і маялася, гаварыла, што не кот гэта, а ведзьма была. Ведзьмы могуць і ў катоў, і ў сабак, і ў каней, і ў вужак ператварацца. … Адзінае, чаго баяцца ведзьмы, – царква, малітвы і царкоўныя свечы. Каб засцерагчы жывёлу ад ведзьмы, вешалі над хлявом крапіву, у хляву палілі свечкі і аблівалі жывёл святой вадой.” (в. Лужок ад Гапеенка Марыі Яўменаўны, 1934 г.н., 2004 г.).

Дамавік. Мы ішлі на танцы. Ета была перад Івана Купала. Уперадзе з аднаго боку і з другога боку – бальшэнныя кусты, два. Ну мы ідзём, трохі ж пяём. І тут з куста выязжае на кані, белым, бальшым, бальшы мужчына ў белым, жырны такі. Конь як нада ідзе. А мужчына эты сядзеў ліцом к нам, а к каню спіной. У яго была бальшая белая барада, а сам ён малады. Ета быў дамавы, а такі красівы. Мы ж, дзеўкі, перапугаліся і началі хрысціцца. І як началі хрысціцца, дык ён сразу ж паскакаў у саседнія кусты. Мы пабеглі… (в. Кароцькі ад Маскаленка Іны Іванаўны, 1935 г.н.)

Мара - …міфічная істота. Вельмі бальшая, чорная, на кароткіх лапах з жалезнымі капцюрамі. Прыходзіць мара да тых, хто плахое зрабіў. Ходзіць за такім чалавекам і мучае яго, пакуль той не сазнаецца людзям. Мара можа прыйсці ва сне і задушыць. Можа ператварацца. (Запісана ў в. Лужок ад Гапеенка Марыі Яўменаўны, 1934 г.н., 2004 г.)

Русалкі. …Русалкамі станавіліся дзяўчыны, якія памерлі нехрышчонымі або якіх патапіў вадзянік. Русалкі – вельмі прыгожыя дзяўчыны з доўгімі валасамі, голымі грудзямі, а замест ног у іх хвост. Твары ў русалак злыя, а сваімі вялікімі галубымі глазамі могуць загіпназаваць чалавека, і ён ідзе і топіцца. Ноччу русалкі песні спяваюць. … калі заплывеш далёка, русалка схопіць за нагу – і ў ваду. У нас так адна дзяўчына патапілася, хоць і плавала вельмі добра.” (Запісана ў в. Лужок ад Гапеенка Марыі Яўменаўны, 1934 г.н., 2004 г.)

Хлеўнік – гэта чалавечык, які жыве ў хлеве, ён сільна плахі. Дык калі нешта западозраць, што ён у сараі пасяліўся і шкодзіць скаціне, то яго ўсімі сіламі выганялі адтуда. А вось, калі ў гаспадароў былі ў сараі конь ды кароўка, тады хлеўніка не баяліся, бо казалі, што ён спрыяў кароўке і коніку. І нават было, што раніцамі яны чыстыя-прачыстыя. Казалі, што гэта хлеўнік іх так вычысціў уночы ... (Запісана ў в.Сырск ад Зайцавай Марыі Ягораўны, 1921 г.н., 2006)

Чорт… гэта злы дух, ён звязаны з нячыстай сілай. Чорт пахож на чалавека, толькі з рагамі на галаве і з капытамі замест рук і ног. Я сама чарта не відзела, а вот саседка гаварыла, што відзела. Чорта можна ўвідзець у вобліке ката ці яшчэ якой-небудзь жывёлы... Чорта Бог прагнаў з неба і ён пачаў жыць у балотах, шкодзіць людзям...Чорт душы чалавечыя сабірае. Чым больш душ у яго, тым ён сільнее. А душы ў яго п’яніц, бандытаў і самагубцаў.” (Запісана ў в. Лужок ад Гапеенка Марыі Яўменаўны, 1934 г.н., 2004 г.)




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка