Пар. Дз 2, 42 Чатыры элементы еднасці




Дата канвертавання31.12.2016
Памер372.02 Kb.
Праграма Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў

18–25 студзеня 2011 г.


Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам

(пар. Дз 2, 42)

 

Чатыры элементы еднасці

Матэрыялы Тыдня малітваў аб адзінстве хрысціянаў былі падрыхтаваны хрысціянамі ў Іерусаліме, якія галоўнай тэмай выбралі фрагмент з Дзеяў Апосталаў: «Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42). Гэты фрагмент з’яўляецца заклікам да пошуку натхнення і аднаўлення, а таксама да вяртання да асноў веры першапачатковага Касцёла ў Ерузалеме. З’яўляецца, урэшце, заклікам, каб прыпомніць сабе час, калі Касцёл быў не падзелены.

У межах гэтай тэмы былі прадстаўлены чатыры элементы, якія з’яўляюцца знакамі першай хрысціянскай супольнасці, істотнымі і для сённяшняй хрысціянскай супольнасці — ва ўсіх яе праяўленнях і месцах.

Па-першае, слова Божае было перададзена праз Апосталаў. Па-другое, супольнасць (koinonia) была важным знакам першых вызнаўцаў Хрыста. Трэцім знакам першапачатковага Касцёла была цэлебрацыя Эўхарыстыі (ламанне хлеба) на ўспамін Новага Запавету, якую Езус устанавіў праз сваю муку, смерць і змёртвыхпаўстанне. Чацвёрты аспект — гэта заклік да нястомнай малітвы. Гэтыя чатыры элементы з’яўляюцца слупамі жыцця Касцёла і яго адзінства.
Тэмы васьмі дзён

Дзень 1: Касцёл у Іерусаліме.

Дзень 2: Шмат членаў у адным Целе.

Дзень 3: Яднае нас трыванне ў вучэнні Апосталаў.

Дзень 4: Дзяліцца — выражэнне нашага адзінства.

Дзень 5: Ламаць хлеб у надзеі.

Дзень 6: Умацаваныя да дзеяння праз малітву.

Дзень 7: Жыць вераю ў змёртвыхпаўстанне.



Дзень 8: Пакліканыя да служэння паяднанню.

Дзень 1 нагадвае мінулае Касцёла-Маці ў Ерузалеме, указваючы адначасова на яго трыванне ў Касцёле сённяшніх часоў ва ўсім свеце і ва ўсіх яго праяўленнях. Ён нагадвае нам пра адвагу першапачатковага Касцёла, які смела сведчыў праўду, а таксама пра неабходнасць нашых намаганняў з мэтай будавання справядлівасці ў Ерузалеме і ва ўсім свеце.

Дзень 2 нагадвае, што так, як першая супольнасць, з’яднаная праз спасланне Духа Святога, збірала людзей рознага паходжання, таксама сёння Касцёл у Іерусаліме прадстаўляе багатую разнастайнасць хрысціянскай традыцыі. Наш заклік на сёння — гэта дасягненне яшчэ больш бачнага адзінства, з пакорным прыняццем неаднолькавасці ў нашых традыцыях.

Дзень 3 скіроўвае позірк на першы істотны элемент адзінства — слова Божае, якое пазнаецца праз навучанне апосталаў. Касцёл у Іерусаліме нагадвае нам, што, нягледзячы на падзелы паміж намі, апостальскае навучанне прыспешвае нас прысвяціць сябе любові да іншых і вернасці Касцёлу, які з’яўляецца адным целам.

Дзень 4 акцэнтуе ўвагу на дзяленні — як чарговым выражэнні адзінства. У першых хрысціянаў усё было супольнае, такім чынам, Касцёл іерусалімскі заклікае ўсіх Сясцёр і Братоў дзяліцца ўсімі дарамі з радасным і шчодрым сэрцам, каб ніхто не застаўся ў патрэбе.

Дзень 5 выражае трэці элемент адзінства — ламанне хлеба — які яднае нас у надзеі. Нашае адзінства выходзіць па-за святую Камунію; яно павінна ўтрымліваць адпаведнае настаўленне да этычнага жыцця чалавека і супольнасці як цэласнасці. Аднак Касцёл Іерусаліма прыспешвае хрысціянаў з’яднацца ў тым ламанні хлеба ўжо сёння, бо падзелены Касцёл не можа з дастатковым аўтарытэтам і моцаю выказвацца ў справах міру і справядлівасці.

Дзень 6 прадстаўляе чацвёрты знак адзінства — разам з Касцёлам Іерусаліма мы атрымліваем сілу, якая вынікае з малітвы. Асабліва Малітва Панская заклікае ўсіх у Іерусаліме і ва ўсім свеце, слабых і моцных, працаваць разам на карысць справядлівасці, супакою і еднасці, набліжаючы надыход Божага валадарства.

Дзень 7 вядзе нас за межы чатырох элементаў, якія мы ўзгадвалі да гэтага, бо Касцёл у Ерузалеме радасна абвяшчае змёртвыхпаўстанне нават тады, калі мусіць зносіць боль Хрыстовага крыжа. Змёртвыхпаўстанне Езуса з’яўляецца для хрысціянаў у Іерусаліме надзеяй і сілай, якая робіць магчымым іх сведчанне праз працу на карысць свабоды і міру — у Месцы Супакою.

Дзень 8 завяршае нашае падарожжа заклікам да Касцёлаў Іерусаліма больш шырока служыць паяднанню. Нават калі хрысціяне дасягаюць адзінства паміж сабою, іх праца не завершана, бо мусяць паяднацца таксама з іншымі. Для Іерусаліма гэта палестынцы і ізраільцяне; у іншых супольнасцях хрысціяне пакліканы да таго, каб шукаць справядлівасці і паяднання ва ўласным атачэнні.





Уводзіны да набажэнства
«Яны заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам» (пар. Дз 2, 42)
Парадак набажэнства
Набажэнства падзяляецца на наступныя часткі:
1. уступная літургія;
2. літургія Божага слова;
3. малітва перапрашэння і малітва аб супакоі;
4. літанія аб еднасці хрысціянаў;
5. благаслаўленне і рассыланне народа.


1) Уступная літургія

Гучыць гімн. Пасля прывітальнага слова душпастыра, які ўзначальвае набажэнства, слова прадастаўляецца прадстаўнікам іншых рэлігій і веравызнанняў. Усе запрашаюцца на малітву.



2) Літургія Божага слова

Чытанні ўзяты з Дзеяў Апосталаў. Хрысціяне Іерусаліма, якія займаліся падрыхтоўкай Тыдня малітваў, выбіраючы тэксты, імкнуліся падкрэсліць ідэі вернасці навучанню апосталаў і хрысціянскага адзінства. На аснове гэтых тэм могуць будавацца і гаміліі. Пасля гаміліі можа быць час на разважанне або хвіліна цішыні ці ў музычным суправаджэнні.



3) Малітва перапрашэння і малітва аб супакоі

Гэтая малітва можа суправаджацца сімвалічнымі дзеяннямі.



Варыянт 1: Запаленыя свечкі, прынесеныя ў працэсіі перад распачаццем набажэнства, гасяцца па чарзе пасля кожнага закліку малітвы перапрашэння. На заканчэнне запаленым застаецца толькі пасхал. На знак міру ўдзельнікам раздаюцца свечкі. У паўзмроку прамаўляецца Сімвал веры (апостальскі або іншы). Адна са свечак запальваецца ад пасхала, затым пасля кожнага малітоўнага закліку аб супакоі агонь перадаецца іншым.

Варыянт 2: Загадзя падрыхтаваная мазаіка выявы святыні, крыжа, Хрыстовага аблічча або іншага сімвала, складваецца прадстаўнікамі розных рэлігій і веравызнанняў пасля кожнага малітоўнага закліку (кожны прадстаўнік мае частку малюнка). Сабраная выява будзе сімвалізаваць адзінства ўсіх у адзіным Целе Хрыстовым, нягледзячы на адрозненні, якія з’яўляюцца дарам Бога для Касцёла.

Варыянт 3: Пасля кожнага малітоўнага закліку аб перапрашэнні ўдзельнікамі набажэнства можа запальвацца кадзіла. Гэты жэст будзе сімвалізаваць гатоўнасць сабраных вызнаць свой грэх і адкрыцца на Божую міласэрнасць.

4) Літанія аб адзінстве хрысціян

Малітоўныя заклікі, падрыхтаваныя хрысціянамі Іерусаліма, могуць быць заменены іншымі, найбольш адпавядаючымі мясцовай сітуацыі. Гэта будзе дэманстраваць, як кожны імкнецца да пераадолення падзелаў. Літанію вядзе святар, на заклікі адказвае лектар.



5) Благаслаўленне і рассыланне народа

Удзельнікам набажэнства ўдзяляецца благаслаўленне. Гучыць гімн. Можна зрабіць падсумаванне сустрэчы.



Экуменічнае набажэнства
С. — святар
Н. — народ (усе прысутныя)
Л.
— лектар


Песня на ўваход


У гэты час духавенства і служба алтара могуць увайсці ў працэсіі. Можна ўнесці Святое Пісанне або іншы адпаведны сімвал.
Уступныя абрады
С.: У імя Айца і Сына, і Духа Святога.
Н.: Амэн.

С.: Ад усіх хрысціянаў Іерусаліма, сабраным тут верным у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце; ласка вам і супакой (пар. 1 Тэс 1, 1).
Н.: Дзякуем Пану Богу.
Прывітальнае слова
Пасля прывітання або прадстаўлення прысутных можна зрабіць кароткі ўступ да ідэі набажэнства і ўсяго Тыдня.
Чын праслаўлення і просьбы

С.: Падрыхтуем нашыя сэрцы да малітвы, каб з пакораю праслаўлялі веліч Бога і пачулі Яго слова.
Хвіліна цішыні.

С.: Божа міласэрнасці і любові, Ты стварыў нас на свой вобраз. Праслаўляем Цябе і дзякуем Табе. Збіраемся ў Тваё імя, каб маліць Цябе аб аднаўленні адзінства ўсіх, хто вызнае Сына Твайго Езуса Хрыста Панам і Збавіцелем усяго чалавецтва. Умацуй нас сваім Духам. О Божа наш, выслухай нас і змілуйся над намі. Пане, просім Цябе.
Н.: Kyrie, kyrie eleison.
С.: Божа ласкі, Ты абяцаў праз сваіх прарокаў учыніць Ерузалем домам для мноства людзей і маці для вялікай колькасці народаў. Выслухай нашыя малітвы, каб Іерусалім, месца, якое Ты наведаў, было месцам, дзе ўсе могуць жыць з Табою і сустракацца ў супакоі. Пане, просім Цябе.
Н.: Kyrie, kyrie eleison.

С.: Божа міласэрнасці, няхай Твой жыццядайны Дух узрушыць кожнае людское сэрца, каб былі зламаны бар’еры падзелу, знікла падазронасць, спынілася нянавісць і каб Твой народ, аздароўлены са сваіх падзелаў, мог жыць у справядлівасці і супакою. Пане, просім Цябе.
Н.: Kyrie, kyrie eleison.

С.: Божа любові, выслухай нашыя малітвы за Святую Зямлю, за Іерусалім. Пакладзі канец яе цярпенням, каб жыла ў адзінстве. Учыні, каб нанава стала Тваім домам, месцам супакою і святла для ўсіх народаў. Падтрымлівай згоду ў Святой Зямлі і паміж усімі яе жыхарамі. Пане, просім Цябе.
Н.: Kyrie, kyrie eleison.

С.: А зараз адкрый нашыя вушы і нашыя сэрцы, каб мы слухалі Тваё слова, і дапамажы нам з большай вернасцю жыць ім ва ўсім, што чынім і гаворым, дзеля хвалы Твайго імя і распаўсюджвання Твайго валадарства, о Найсвяцейшая Тройца, Айцец, Сын і Дух Святы.
Н.: Амэн.

2. Літургія Божага слова
Дзень 1 — 18 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Касцёл у Іерусаліме.
С.: Мудрасць. Будзем уважлівымі!
Першае чытанне

Іс 58, 6–10

Дзяліцца з галодным хлебам
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан:

Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў: разарваць кайданы беззаконня, развязаць путы ярма, адпусціць на свабоду прыгнечаных і разбіць усялякае ярмо? Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў; каб апрануць голага, калі ўбачыш, і ад роднага свайго не хавацца?

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць — і Пан выслухае, папросіш дапамогі – і Ён адкажа: Вось я.

Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць несправядліва, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень.

Гэта слова Божае.
Рэспансарыйны псальм

Пс 96 (95), 1–6

Рэфрэн: Абвяшчайце між народамі спакой Пана.
1. Спявайце Пану новую песню, *

спявай Пану, уся зямля.

2. Спявайце Пану, слаўце Ягонае імя, *

абвяшчайце з дня ў дзень Яго збаўленне.


Рэфрэн:
3. Апавядайце між плямёнамі *

пра славу Яго,

паміж усімі народамі *

пра цуды Ягоныя.


Рэфрэн:
4. Бо вялікі Пан і вельмі праслаўлены, *

Ён грозны па-над усімі багамі.

5. Бо ўсе багі народаў — ідалы, *

а Пан стварыў нябёсы.


Рэфрэн:
6. Хвала і веліч перад Яго абліччам,

моц і прыгажосць *

у Ягонай святыні.
Рэфрэн:
Другое чытанне

Дз 2, 42–47

Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Браты заставаліся вернымі вучэнню Апосталаў і супольнасці, ламанню хлеба і малітвам. І быў страх у кожнай душы; і шмат цудаў і знакаў чынілі Апосталы. Усе ж вернікі былі разам, і ўсё ў іх было супольнае; і прадавалі набытак свой і маёмасць, і дзялілі паміж усімі, хто меў патрэбу. Штодня былі разам у святыні, і ламаючы дома хлеб, яны спажывалі ежу ў радасці і прастаце сэрца, праслаўляючы Бога і маючы прыхільнасць усяго народа. А Пан штодня далучаў да іх тых, хто збаўляўся.

Гэта слова Божае.


Евангелле

Мц 5, 21–26

Кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Езус сказаў сваім вучням: Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд. Хто ж скажа брату свайму «рака», падпадае пад Высокую раду, а хто скажа «неразумны», падпадае пад геену вогненную.

Таму, калі ты прынясеш дар свой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мае нешта супраць цябе, пакінь там дар свой перад ахвярнікам і ідзі спачатку памірыся з братам сваім, і тады прыйдзі і прынясі дар свой.

Мірыся з праціўнікам тваім хутка, пакуль ты з ім яшчэ ў дарозе, каб праціўнік не аддаў цябе суддзі, а суддзя не аддаў цябе слузе, і не ўкінулі цябе ў вязніцу. Сапраўды кажу табе: не выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошні грош.

Гэта слова Пана.


Гамілія (выступаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій)

Пасля гаміліі рэкамендуецца хвіліна цішыні або ў музычным суправаджэнні.


Дзень 2 — 19 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Шмат членаў у адным Целе.
С.: Мудрасць. Будзем уважлівымі!
Першае чытанне

Ёэл 3, 1–5

На слугаў і слуг маіх у тыя дні спашлю Духа Майго
Чытанне кнігі прарока Ёэля.
Так кажа Пан:

Спашлю Духа Майго на ўсякае цела, і будуць прарочыць сыны вашыя і дочкі вашыя; старцам вашым будуць сніцца сны, і юнакі вашыя будуць бачыць аб’яўленні. Таксама на слугаў і слуг маіх у тыя дні спашлю Духа Майго.

І ўчыню цуды на небе і на зямлі: кроў і агонь, і слупы дыму. Сонца абернецца ў цемру, а месяц — у кроў, перш чым настане дзень Пана, вялікі і страшны. І кожны, хто пакліча імя Пана, збавіцца, бо на Сіёнскай гары і ў Ерузалеме будзе збаўленне, як сказаў Пан, і сярод ацалелых будуць тыя, каго пакліча Пан.

Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм

Пс 46 (45), 2–9 (Р.: пар. 8)

Рэфрэн: Пан Бог Магуццяў — наша цвярдыня.
2. Бог — наша прыстанішча і сіла, *

надзейная дапамога ў нядолі.

3. Таму не будзем баяцца, †

калі б нават затрэслася зямля *

і горы ўпалі ў сярэдзіну мора.

4. Няхай шумяць і бурляць яго воды ,

а горы дрыжаць ад яго хвалявання.
Рэфрэн:
5. Патокі рачныя весяляць горад Божы, *

святыя шатры Найвышэйшага.

6. Бог пасярод яго, і ён не пахіснецца, *

Бог дапаможа яму, калі прыйдзе світанак.

7. Зашумелі народы, усхваляваліся каралеўствы,

Ягоны голас загучаў — і растапілася зямля.


Рэфрэн:
8. Пан Магуццяў з намі, *

цвярдыня наша — Бог Якуба.

9. Прыйдзіце і ўбачце справы Пана, *

якія ўчыніў Ён на зямлі.


Рэфрэн:
Другое чытанне

Дз 2, 1–11

Напоўніліся ўсе Духам Святым і пачалі гаварыць на іншых мовах
Чытанне кнігі Дзеяў Апосталаў.
Калі настаў дзень Пяцідзесятніцы, усе былі разам на адным месцы. І раптам узняўся шум з неба, нібы павеў моцнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе сядзелі яны. І з’явіліся ім языкі падзеленыя, быццам ад агня, і затрымаліся на кожным з іх. І напоўніліся ўсе Духам Святым, і пачалі гаварыць на іншых мовах, як Дух даваў ім прамаўляць.

Былі ў Ерузалеме юдэі, людзі пабожныя сярод усякага народу пад небам. Калі ўзняўся шум гэты, сабралася мноства людзей і захвалявалася, бо кожны чуў іх, што яны гавораць на ягонай мове. (7-11) І бянтэжыліся і дзівавалі, кажучы: Ці ж усе тыя, хто гаворыць, не галілейцы? Як жа мы чуем кожны сваю мову, у якой нарадзіліся. Парфяне і мідзяне, і эламіты, і жыхары Месапатаміі, Юдэі і Кападокіі, Понта і Азіі, Фрыгіі і Памфіліі, Егіпта і частак Лівіі, сумежных з Кірынеяй, ды прыезджыя рымляне, юдэі і празеліты, крыцяне і арабы, – мы чуем, што яны гавораць нашымі мовамі пра вялікія справы Божыя?

Гэта слова Божае.
Евангелле

Ян 14, 15–21

Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшальніка.

Дух праўды будзе з вамі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Калі любіце Мяне, будзеце захоўваць Мае запаведзі. І Я папрашу Айца, і дасць вам іншага Суцяшальніка, каб быў з вамі навекі, Духа праўды, якога свет не можа прыняць, таму што не бачыць Яго і не ведае. А вы Яго ведаеце, бо Ён з вамі ёсць і ў вас будзе.

Не пакіну вас сіротамі, прыйду да вас. Яшчэ крыху і свет ужо не ўбачыць Мяне. Вы ж бачыце Мяне, бо Я жыву, і вы жыць будзеце. У той дзень спазнаеце, што Я ў Айцу Маім і вы ўва Мне, і Я ў вас.

Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго і аб’яўлюся яму.

Гэта слова Пана.
Гамілія (выступаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій)

Пасля гаміліі рэкамендуецца хвіліна цішыні або ў музычным суправаджэнні.


Дзень 3 — 20 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Яднае нас трыванне ў вучэнні Апосталаў.
С.: Мудрасць. Будзем уважлівымі!
Першае чытанне

Іс 55, 1–4

Прыйдзіце да Мяне, і жыць будзе душа ваша. І дам вам запавет вечны
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Сасмаглыя, усе ідзіце да водаў.

І вы, якія не маеце срэбра, ідзіце.

Ідзіце, купляйце без срэбра

і без платы за віно і малако.

Навошта вы адважваеце срэбра за тое,

што не ёсць хлебам,

а працу сваю за тое, чым нельга насыціцца?

Слухайце ўважліва Мяне і спажывайце дабро,

і няхай душа вашая нацешыцца тукам.

Схіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне,

паслухайце — і жыць будзе душа ваша.

Я дам вам запавет вечны — нязменныя ласкі для Давіда.

Вось я ўчыніў яго для народаў сведкам,

правадыром і настаўнікам для народаў.


Гэта слова Божае.
Рэспансарыйны псальм

Пс 85 (84), 8–14 (Р.: 8а)

Рэфрэн: Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць.
8. Пакажы нам, Пане, сваю міласэрнасць

і дай нам сваё збаўленне.

9. Паслухаю, што гаворыць Пан Бог. *

Ён спакой абвяшчае народу і святым сваім,

няхай не вяртаюцца да шаленства.
Рэфрэн:
10. Сапраўды, Яго збаўленне блізкае †

для тых, хто баіцца Яго, *

і слава Божая будзе жыць на нашай зямлі.
Рэфрэн:
11. Міласэрнасць і вернасць сустрэнуцца, *

справядлівасць і спакой пацалуюцца.

12. Вернасць вырасце з зямлі, *

а справядлівасць будзе пазіраць з нябёсаў.


Рэфрэн:
13. Пан адорыць нас шчасцем, *

а зямля наша дасць свой плён.

14. Справядлівасць пойдзе перад Ім *

і паставіць на шлях крокі свае.


Рэфрэн:
Другое чытанне

1 Кар 12, 12–27

Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — часткі
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.
Браты:

Як цела адно, але мае многа частак, якія, хоць іх шмат, складаюць адно цела, так і Хрыстус.

Бо ўсе мы адным Духам ахрышчаныя ў адно цела, юдэі ці грэкі, нявольнікі ці свабодныя, і ўсе напоены адным Духам.

Цела — гэта не адна частка, але шмат. Калi скажа нага: «Я не рука, таму не належу да цела», — то цi ж яна не належыць да цела? Калi скажа вуха: «Я не вока, таму не належу да цела», — то ці ж яно не належыць да цела? Калi ўсё цела — гэта вока, то дзе ж слых? Калi ўсё — слых, то дзе нюх? Цяпер жа Бог змясціў часткі, кожную паасобку ў целе, як захацеў. А калi б усе былi адной часткай, то дзе цела? Цяпер жа частак шмат, але цела адно. Не можа вока сказаць руцэ: «Ты мне не патрэбна», — цi таксама галава — нагам: «Вы мне не патрэбныя». Але ж часткі цела, якiя здаюцца найслабейшымi, нашмат больш патрэбныя. Тыя ж, якiя нам здаюцца больш непачэснымі ў целе, мы больш ушаноўваем, і нашыя непрыстойныя маюць больш прыстойны выгляд, бо нашым прыстойным гэтага не трэба. Але Бог сфармаваў цела, даючы ніжэйшым большую пашану, каб не было падзелу ў целе, але каб усе часткі рупiлiся адна аб адной. Таму, калi церпiць адна частка, церпяць з ёй усе часткі; калi праслаўляецца адна частка, з ёй радуюцца ўсе часткі. Вы ж — цела Хрыстовае, а паасобку — часткі.

Гэта слова Божае.
Евангелле

Ян 15, 1–13

Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:

Езус сказаў сваім вучням: Я — сапраўдная вінаградная лаза, а Айцец Мой — вінаградар. Кожную галінку ўва Мне, якая не прыносіць плоду, Ён адразае, і кожную, якая дае плод, ён ачышчае, каб давала яшчэ больш пладоў. Вы ўжо чыстыя дзякуючы слову, якое Я сказаў вам. Заставайцеся ўва Мне, а Я ў вас. Як галінка не можа прынесці плоду сама з сябе, калі не застанецца ў вінаграднай лазе, так і вы, калі не будзеце ўва Мне.

Я — вінаградная лаза, вы — галіны. Хто застаецца ўва Мне, а Я ў ім, той прыносіць багаты плён, бо без Мяне нічога не можаце зрабіць. Хто не застаецца ўва Мне, будзе выкінуты вон, як галіна, і засохне. І збіраюць іх, і кідаюць у агонь, і яна згарае. Калі будзеце ўва Мне і словы Мае ў вас будуць, прасіце, чаго захочаце, і станецца вам. Гэтым уславіцца Айцец Мой, калі вы прынясеце багаты плён і станеце Маімі вучнямі.

У той час: Езус сказаў сваім вучням: Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас. Заставайцеся ў Маёй любові. Калі будзеце захоўваць Мае запаведзі, застанецеся ў любові Маёй, як і Я захаваў запаведзі Айца Майго і застаюся ў Ягонай любові.

Гэта Я сказаў вам, каб Мая радасць была ў вас, і каб радасць вашая была поўнай. Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас. Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх.

Гэта слова Пана.


Гамілія (выступаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій)

Пасля гаміліі рэкамендуецца хвіліна цішыні або ў музычным суправаджэнні.

Дзень 4 — 21 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Дзяліцца — выражэнне нашага адзінства.
С.: Мудрасць. Будзем уважлівымі!
Першае чытанне

Іс 51, 4–8

Кніга прарока Ісаі
Так кажа Пан:

Прыслухайся да Мяне, народ Мой, схілі да Мяне сваё вуха, люд Мой. Бо ад Мяне выйдзе закон і правасуддзе Маё стане святлом для народаў. Блізка Мая справядлівасць, узыходзіць Маё збаўленне. Мая рука будзе судзіць народы. Астравы будуць ускладаць надзею на Мяне і спадзявацца на Маю руку.

Падыміце вочы ў нябёсы і паглядзіце ўніз на зямлю, бо нябёсы рассеюцца, як дым, а зямля распадзецца, як шаты, і яе жыхары загінуць, быццам мухі. Але Маё збаўленне будзе трываць вечна і не аслабне Мая справядлівасць. Слухайце Мяне вы, што ведаеце справядлівасць, народ, у сэрцы якога Мой закон: Не бойцеся людской ганьбы і не палохайцеся іхніх блюзнерстваў. Як вопратку, іх паточыць моль, і, як воўну, пажрэ іх чарвяк. Але Мая праўда будзе трываць навекі, а Маё збаўленне — ва ўсе пакаленні.

Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм

Пс 119, 105–112

Рэфрэн: Вось запаведзь Мая, каб вы любілі адзін аднаго (Ян 15, 12)
105. Слова Тваё — светач для маёй нагі *

і святло на маёй сцежцы.

106. Я даў клятву і пастанавіў*

захоўваць Твае справядлівыя прысуды.


Рэфрэн:
107. Я вельмі прыгнечаны, Пане, *

ажыві мяне паводле свайго слова.

108. Хай жа будзе прыемнай Табе, Пане, ахвяра вуснаў маіх, *

навучы мяне Тваім пастановам.


Рэфрэн:
109. Маё жыццё ўсцяж у небяспецы, *

але Закону Твайго я не забываю.

110. Грэшнікі паставілі пастку на мяне, *

але я не адступіўся ад Тваіх наказаў.


Рэфрэн:
111. Твае сведчанні — мая спадчына навекі, *

бо яны — радасць майго сэрца.

112. Я схіляю сваё сэрца, каб заўсёды выконваць Твае наказы, *

аж да самага канца.


Рэфрэн:
Другое чытанне

Рым 1, 16–17

Калі людзі пазналі Бога, не як Бога праслаўлялі Яго
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:

Я не саромеюся Евангелля, бо гэта моц Божая, дадзеная для збаўлення кожнаму, хто верыць, спярша юдэю, а потым і грэку. Бо ў Ім адкрываецца справядлівасць Божая з веры для веры, як напісана: Праведны жыць будзе вераю.

Гэта слова Божае.
Евангелле

Ян 17, 6–19

Ойча, услаў Сына свайго
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
Я абвясціў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне са свету. Яны былі Тваімі і Ты даў Мне іх, і яны захавалі слова Тваё. Цяпер яны пазналі, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе паходзіць. Бо словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне.

Я за іх прашу. Не за ўвесь свет прашу, але за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае. І ўсё Маё — гэта Тваё, і Тваё — гэта Маё, і Я ўславіўся ў іх. Я ўжо не ў свеце, але яны яшчэ ў свеце, а Я іду да Цябе.

Езус узняў вочы свае да неба і маліўся такімі словамі: Ойча святы, захавай іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне, каб яны былі адно, як і Мы. Калі Я быў з імі, Я захоўваў іх у імені Тваім, якое Ты даў Мне. Я збярог, і ніхто з іх не загінуў, апроч сына пагібелі, каб збылося Пісанне.

А цяпер іду да Цябе і кажу гэта ў свеце, каб яны мелі ў сабе поўную Маю радасць. Я даў ім слова Тваё, і свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету. Не прашу, каб Ты ўзяў іх са свету, але каб захаваў іх ад злога. Яны не са свету, як і Я не са свету.

Асвяці іх у праўдзе. Слова Тваё — гэта праўда. Як Ты паслаў Мяне ў свет, так і Я паслаў іх у свет. І за іх Я пасвячаю сябе, каб і яны былі асвячаныя ў праўдзе.

Гэта слова Пана.


Гамілія (выступаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій)

Пасля гаміліі рэкамендуецца хвіліна цішыні або ў музычным суправаджэнні.

Дзень 5 — 22 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Ламаць хлеб у надзеі.
С.: Мудрасць. Будзем уважлівымі!
Першае чытанне

Зых 16, 13–18

Я пралью на вас хлеб з неба
Чытанне кнігі Зыходу.
Калі ж раса знікла, на паверхні пустыні з’явілася нешта дробнае і зярністае, нібы іней на зямлі. Убачыўшы гэта, сыны Ізраэля казалі адзін аднаму: Што гэта? Бо яны не ведалі, што гэта. Тады Майсей сказаў ім: Гэта хлеб, які Пан даў вам для спажытку.

Вось тое, што наказаў Пан: Няхай кожны збірае, колькі неабходна для ежы; гамэр на чалавека, паводле колькасці асоб, якія належаць да яго шатра, будзеце збіраць.

І зрабілі так сыны Ізраэля, і збіралі; адзін больш, другі менш. І мералі паводле меркі гамэра, і хто сабраў больш, не меў лішку, а хто менш, не меў недахопу – кожны назбіраў столькі, колькі мог з’есці.

Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм

Пс 116B (115), 1214. 1618

(Р.: 12)

Рэфрэн: Чым аддзячу Пану за ўсе Яго дабрадзействы?
12. Чым аддзячу я Пану *

за ўсе Яго дабрадзействы для мяне?

13. Келіх збаўлення ўзніму *

і буду заклікаць імя Пана.


Рэфрэн:
14. Выканаю абяцанні свае, дадзеныя Пану, *

перад усім народам Яго.

16. Пане, я Твой слуга,

Я слуга Твой, сын слугі Тваёй, *

Ты разарваў мае кайданы.
Рэфрэн:
17. Я прынясу Табе ахвяру хвалы *

і буду заклікаць імя Пана.

18. Выканаю свае абяцанні для Пана *

перад усім Яго народам.


Рэфрэн:
Другое чытанне

1 Кар 11, 17–18. 23–26

Кожны раз, калі будзеце есці і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Браты:


Даючы гэтыя настаўленні, я не хвалю таго, што вы збіраецеся разам не на карысць, але на шкоду. Бо, перш за ўсё, я чую, што, калі вы збіраецеся разам у касцёле, сярод вас паўстае разлад. І ў гэта я ў пэўнай ступені веру.

Я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, калі быў выданы, узяў хлеб, падзякаваў, паламаў і сказаў: «Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць». Таксама ўзяў пасля вячэры келіх і сказаў: «Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць.

Кожны раз, калі будзеце есці гэты хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе».

Гэта слова Божае.


Евангелле

Ян 6, 5358

Цела Маё праўдзівы спажытак, а кроў Мая праўдзівы напой

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Езус сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: калі не будзеце есці цела Сына Чалавечага і піць крыві Ягонай, не будзеце мець у сабе жыцця. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, мае жыццё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень.

Бо цела Маё — праўдзівы спажытак, а кроў Мая — праўдзівы напой. Хто есць Маё цела і п’е Маю кроў, ува Мне ёсць, а Я — у ім.

Як паслаў Мяне жывы Айцец, і Я жыву Айцом, так і той, хто есць Мяне, будзе жыць Мною. Гэта той хлеб, які сышоў з неба, а не той, які елі айцы вашыя і памерлі. Хто есць хлеб гэты, будзе жыць навекі.

Гэта слова Пана.
Гамілія (выступаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій)

Пасля гаміліі рэкамендуецца хвіліна цішыні або ў музычным суправаджэнні.


Дзень 6 — 23 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Умацаваныя да дзеяння праз малітву.
С.: Мудрасць. Будзем уважлівымі!
Першае чытанне

Іс 58, 6–10

Аддасі галоднаму свой хлеб
Чытанне Кнігі прарока Ісаі.
Так кажа Пан:

Ці ж не такі ёсць пост, які Я выбраў: разарваць кайданы беззаконня, развязаць путы ярма, адпусціць на свабоду прыгнечаных і разбіць усялякае ярмо? Ці ж гэта не тое, каб дзяліцца з галодным хлебам сваім, пускаць у дом бедных вандроўнікаў. Калі ўбачыш голага, каб апрануць яго і ад роднага свайго не хавацца?

Тады заззяе, як золак, святло тваё, і хутка з’явіцца тваё аздараўленне. Справядлівасць твая пойдзе перад табою, а слава Пана будзе суправаджаць цябе. Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось Я.

Калі ты скінеш з сябе ярмо, перастанеш пагражаць пальцам і гаварыць беззаконне, калі аддасі галоднаму свой хлеб і душу гаротніка насыціш, тады заззяе ў цемры тваё святло, і змрок твой будзе, як поўдзень.

Гэта слова Божае.
Рэспансарыйны псальм

Пс 37 (36), 1–6

Рэфрэн: Няхай справядлівыя радуюцца ў Пану.
1. Не абурайся на злачынцаў

і не зайздросці несправядлівым.

2. Бо яны, як трава, будуць хутка скошаны,

і завянуць, як маладая зеляніна.


Рэфрэн:
3. Спадзявайся на Пана і чыні дабро; *

жыві на зямлі і захоўвай вернасць.

4. Радуйся ў Пану, *

і Ён споўніць жаданні твайго сэрца.


Рэфрэн:
5. Даручы Пану шлях свой, *

спадзявайся на Яго, і Ён сам будзе дзейнічаць.

6. Ён выведзе, як святло, тваю справядлівасць, *

і праўду тваю, як поўдзень.


Рэфрэн:
Другое чытанне

Дз 4, 32–37

Адзіныя сэрцам і душою
Чытанне Кнігі Дзеяў Апосталаў.

Усе тыя, хто паверыў, былі адзіныя сэрцам і душою, і ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае. Апосталы з вялікай моцаю давалі сведчанне пра ўваскрасенне Пана Езуса, і ўсе яны мелі вялікую ласку.

Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. І раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай.

Юзаф жа, якога Апосталы называлі Барнабай, што азначае «сын суцяшэння», левіт, родам з Кіпру, прадаў зямлю, якую меў, прынёс грошы і паклаў да ног Апосталаў.

Гэта слова Божае.
Евангелле

Мц 6, 25–34

Не клапаціцеся аб заўтрашнім дні
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Езус сказаў сваім вучням:

Кажу вам: Не клапаціцеся аб жыцці вашым, што есці і што піць, ні аб целе вашым, у што апрануцца. Ці ж душа не большая за ежу, а цела — за вопратку? Паглядзіце на птушак нябесных: яны ні сеюць, ні жнуць, ні збіраюць у засекі, і Айцец ваш Нябесны корміць іх. Ці ж вы не нашмат лепшыя за іх? Ды і хто з вас, клапоцячыся, можа дадаць сабе росту хоць на адзін локаць? І пра вопратку навошта клапоціцеся? Паглядзіце на лілеі палявыя, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Але кажу вам, што і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, наколькі ж больш вас, малаверныя! Таму не клапаціцеся і не кажыце: Што нам есці? — або: Што піць? — або: У што апрануцца? Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам. Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца. Хопіць кожнаму дню свайго клопату.

Гэта слова Пана.
Гамілія (выступаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій)

Пасля гаміліі рэкамендуецца хвіліна цішыні або ў музычным суправаджэнні.

Дзень 7 — 24 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Жыць вераю ў змёртвыхпаўстанне.
С.: Мудрасць. Будзем уважлівымі!
Першае чытанне

Ён 2, 1–3. 4. 5. 8
Чытанне Кнігі прарока Ёны
Пан загадаў вялікай рыбе праглынуць Ёну. І быў Ёна ўнутры гэтай рыбы тры дні і тры ночы. З нутра рыбы Ёна маліўся да Пана свайго Бога і казаў: Да Пана ўсклікаў я ва ўціску маім, і Ён пачуў мяне; з глыбіні бездані я крычаў аб дапамозе, і Ты пачуў мой голас. Ты кінуў мяне ў глыбіню, у сэрца мора, і паток мяне акружыў, усе віры Твае і хвалі Твае праходзілі нада мною. І я сказаў: Я адкінуты ад вачэй Тваіх, аднак я зноў убачу Тваю святыню святую. Калі знемагла ўва мне душа мая, я ўспомніў пра Пана, і малітва мая дайшла да Цябе, да Тваёй святыні святой.

Гэта слова Божае.


Рэспансарыйны псальм

Пс 67(66), 2–7 (Р.: пар. 4)

Рэфрэн: Няхай усе народы славяць Цябе, Божа.
2. Няхай Бог змілуецца над намі і благаславіць нас, *

няхай заззяе аблічча Яго над намі,

3. каб на зямлі мы спазналі Ягоную дарогу, *

між усімі народамі Яго збаўленне.

4. Няхай славяць Цябе народы, Божа, *

няхай славяць Цябе народы ўсе.


Рэфрэн:
5. Няхай весяляцца *

і радуюцца ўсе плямёны,

бо Ты судзіш народы паводле праўды *

і плямёнамі на зямлі кіруеш.


Рэфрэн:
6. Няхай славяць Цябе народы, Божа, *

няхай славяць Цябе народы ўсе.

7. Зямля прынесла свой плён; *

няхай Бог, наш Бог нас благаслаўляе.


Рэфрэн:
Другое чытанне

1 Цім 2, 1–8

Каб за ўсіх людзей узносіліся малітвы да Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены
Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.
Умілаваны:

Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей, за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці. Гэта добра і прыемна ў вачах Збаўцы нашага, Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды.

Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі: Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, абвешчанае ў адпаведную пару, дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам (кажу праўду і не хлушу), настаўнікам для язычнікаў у веры і праўдзе.

Гэта слова Божае.


Евангелле

Мц 6, 7–15

Таму так маліцеся
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Езус сказаў сваім вучням:

Калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.

Калі моліцеся, не гаварыце шмат, як язычнікі, бо яны думаюць, што ў мнагаслоўі сваім пачутыя будуць. Не будзьце ж падобнымі да іх, бо ведае Айцец ваш, у чым вы маеце патрэбу, раней, чым вы папросіце ў Яго. Таму так маліцеся: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся імя Тваё, прыйдзі Валадарства Тваё, будзь воля Твая, як у небе, так і на зямлі; хлеба нашага штодзённага дай нам сёння; і даруй нам правіны нашыя, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Калі вы будзеце дараваць людзям правіны іхнія, то Айцец ваш Нябесны даруе і вам. А калі не будзеце дараваць людзям, то і Айцец ваш не даруе вам правінаў вашых.

Гэта слова Пана.

Гамілія (выступаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій)

Пасля гаміліі рэкамендуецца хвіліна цішыні або ў музычным суправаджэнні.


Дзень 8 — 25 студзеня 2011 г.
Тэма дня: Пакліканыя да служэння паяднанню.
С.: Мудрасць. Будзем уважлівымі!
Першае чытанне

Іс 60, 1-3. 18–22

Слава Пана ўзышла над табою
Чытанне кнігі прарока Ісаі.
Устань, свяціся, Ерузалем,

бо прыйшло тваё святло,

і слава Пана ўзышла над табою.

Бо вось цемра пакрые зямлю,

і змрок — народы,

а Пан узыдзе над табою,

і слава Ягоная з’явіцца над табою.

І пойдуць народы да твайго святла,

і каралі да бляску твайго ўсходу.

Больш не будзе чутна пра беззаконне ў тваім краі, пра спусташэнне і згубу ў межах тваіх. І ты назваеш свае муры збаўленнем, а свае брамы — славай.

І сонца ўжо не будзе для цябе дзённым святлом, і святло месяца не будзе асвятляць цябе, але Пан стане тваім вечным святлом, і Бог твой — славай тваёй.

Тваё сонца больш не зойдзе, і не зменшыцца поўня, бо Пан стане для цябе вечным святлом і закончацца дні тваёй жалобы.

Народ жа твой — гэта ўсе справядлівыя, яны авалодаюць зямлёй навекі, гэта пасрастак, пасаджаны Мной, справа Маіх рук, учыненая дзеля Майго праслаўлення.

Найменшы ператворыцца ў тысячу, а найслабейшы — у магутны народ. Я, Пан, хутка зраблю гэта ў адпаведны час.

Гэта слова Божае.
Рэспансарыйны псальм

Пс 118 (117), 1. 5–7 (Р.: 26а)

Рэфрэн: Благаслаўлёны, хто ідзе ў імя Пана.
1. Хваліце Пана, бо Ён добры, *

бо навекі Яго міласэрнасць.

5. З уціску я паклікаў Пана, *

Пан выслухаў і вызваліў мяне.


Рэфрэн:
6. Пан са мною, *

я не буду баяцца, што можа мне зрабіць чалавек?

7. Пан са мною, Ён мая дапамога, *

я буду глядзець з пагардаю на ворагаў маіх.


Рэфрэн:
Другое чытанне

Рым 6, 3–11

Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае
Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Рымлянаў.
Браты:

Ці ж не ведаеце, што ўсе мы, ахрышчаныя ў Езуса Хрыста, у смерць Ягоную ахрысціліся? Дык вось, мы пахаваныя разам з Ім хрышчэннем у смерць, каб, як Хрыстус уваскрос з мёртвых дзеля славы Айца, так і нам хадзіць у абноўленым жыцці. Бо калі мы паяднаныя з Ім падабенствам смерці Ягонай, то павінны быць паяднаныя і падабенствам уваскрасення, ведаючы, што былы наш чалавек укрыжаваны з Ім для таго, каб было знішчана грэшнае цела, каб нам не быць ужо нявольнікамі граху; бо той, хто памёр, вызваліўся ад граху.

Калі ж мы памерлі з Хрыстом, то верым, што і жыць будзем з Ім, ведаючы, што Хрыстус, уваскросшы з мёртвых, ужо не памірае, смерць ужо не мае над Ім улады. Бо тое, што Ён памёр, дык памёр раз і назаўсёды для граху, а што жыве, дык жыве дзеля Бога. Так і вы лічыце сябе мёртвымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысце Езусе.

Гэта слова Божае.


Евангелле

Мц 28, 1–10

Ён уваскрос з мёртвых і вось апярэджвае вас у Галілеі
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі мінула субота, на світанні першага дня тыдня, прыйшла Марыя Магдалена і другая Марыя паглядзець магілу. І вось стаўся вялікі землятрус, бо Анёл Пана, які сышоў з неба, падышоў, адсунуў камень і сеў на ім. Выгляд жа ягоны быў, як маланка, і адзенне ягонае было белае, як снег.

Ад страху перад ім задрыжэлі вартаўнікі і сталі, як мёртвыя. Анёл жа, прамаўляючы да жанчын, сказаў: Не бойцеся, бо ведаю, што вы шукаеце Езуса ўкрыжаванага. Няма Яго тут, Ён уваскрос, як сказаў. Падыдзіце, паглядзіце на месца, дзе быў пакладзены, ды ідзіце хутчэй, скажыце вучням Ягоным, што Ён уваскрос з мёртвых і вось апярэджвае вас у Галілеі. Там Яго ўбачыце. Гэта я сказаў вам.

І, хутка адышоўшы ад магілы, са страхам і вялікай радасцю пабеглі паведаміць вучням Ягоным. І вось Езус, выйшаўшы ім насустрач, сказаў: Вітайце. Яны ж, падышоўшы, абнялі ногі Ягоныя і пакланіліся Яму. Тады кажа ім Езус: Не бойцеся. Ідзіце, паведаміце братам Маім, каб ішлі ў Галілею, там Мяне ўбачаць.

Гэта слова Пана.


Гамілія (выступаюць прадстаўнікі ўсіх канфесій)

Пасля гаміліі рэкамендуецца хвіліна цішыні або ў музычным суправаджэнні.
3) Малітва перапрашэння і малітва аб супакоі
С.: Узнясём да Пана малітву, поўную скрухі, каб адарыў нас сваёю літасцю.

Н.: Пане, змілуйся над намі (альбо: Kyrie eleison).
Пасля кожнага закліку — як сімвалічны жэст — дасыпаецца кадзіла ў кадзільніцу.
С.: Разам з хрысціянамі Іерусаліма молім Пана. Памятаючы, што веруючыя трывалі ў навучанні апосталаў і ў братэрскай супольнасці, вызнаем недахоп нашай вернасці і братэрства.

Пане, змілуйся над намі.



Н.: Пане, змілуйся над намі.
С.: Разам з хрысціянамі Іерусаліма молім Пана. Аддаючыся ўспамінам аб іх пабожнасці, іх сведчанні шматлікіх цудаў і знакаў, вызнаём нашую слепату і мізэрнасць сэрца, якія перашкаджаюць нам адкрываць хвалу Тваіх спраў сярод нас.

Пане, змілуйся над намі.



Н.: Пане, змілуйся над намі.
С.: Разам з хрысціянамі Іерусаліма молім Пана. Памятаючы, што ў веруючых усё было супольнае і яны падтрымлівалі тых, хто быў у патрэбе, вызнаём нашую прывязанасць да дабра, што нясе шкоду ўбогім.

Пане, змілуйся над намі.



Н.: Пане, змілуйся над намі.
С.: Разам з хрысціянамі Іерусаліма молім Пана. Памятаючы, што веруючыя трывалі ў малітве і дзяліліся хлебам у радасці і прастаце сэрца, вызнаём недахоп у нас любові і шчодрасці.

Пане, змілуйся над намі.



Н.: Пане, змілуйся над намі.
Абвяшчэнне Божага прабачэння

С.: Прарок Ёэль прадказаў: У апошнія дні, кажа Пан, спашле Духа свайго на кожнае цела… Кожны, хто пакліча імя Пана, будзе збаўлены. Мы, якія чакаем прыйсця Пана, упэўнены, што ў Хрысце знойдзем прабачэнне, аднаўленне і паяднанне.

Н.: Амэн.
Знак супакою

С.: Хрыстус з’яўляецца нашым супакоем. Ён паяднаў нас з Богам у адным целе праз крыж; збіраемся ў Яго імя і прымаем удзел у Яго супакоі. Супакой Пана няхай заўсёды будзе з вамі.

Н.: І з духам тваім.

С.: Перадайце бліжняму знак супакою.
Вызнанне веры

(Апостальскі сімвал веры або іншая формула)
Клс 1, 12–20
Мы дзякуем Богу і Айцу, які паклікаў нас да ўдзелу ў спадчыне святых у святле, які вызваліў нас з-пад улады цемры і прывёў у Валадарства ўмілаванага Сына свайго, у якім мы маем адкупленне і адпушчэнне грахоў. Ён з’яўляецца вобразам нябачнага Бога, першародным сярод усякага стварэння. Бо ў Ім было створана ўсё, што на нябёсах і на зямлі, бачнае і нябачнае: ці троны, ці панаванні, ці начальствы, ці ўлады — усё праз Яго і для Яго створана. Ён ёсць раней за ўсё, і ўсё трымаецца ў Ім. Ён — Галава Цела, гэта значыць Касцёла. Ён — пачатак, першародны з мёртвых, каб Ён ва ўсім меў першынство. Бо спадабалася Айцу, каб у Ім жыла ўся паўната і каб праз Яго прымірыць з сабою ўсё, і зямное, і нябеснае, усталяваўшы мір праз Кроў Ягонага крыжа.
Песня

4) Літанія аб адзінстве хрысціян
С.: У Хрысце Бог паяднаў свет з сабою і нам даручыў паслугу паяднання. Як паслы Хрыстовай справы паяднання, скіруем да Бога нашыя просьбы.
Пасля кожнага закліку — як сімвалічны жэст — удзельнікамі запальваюцца свечкі ад пасхала.

(Л.: Пасля кожнага закліку будзем адказваць: Учыні, каб нашае адзінства стала бачным, і дай свету аздараўленне).



Л.: Калі мы молімся разам у разнароднасці нашых традыцый, Адзіны Святы, які нас яднаеш:

Н.: Учыні, каб нашае адзінства стала бачным, і дай свету аздараўленне.
Л.: Калі мы разам чытаем Святое Пісанне ў разнароднасці нашых моў і нашых жыццёвых сітуацый, о Адзіны, які Аб’яўляешся і нас яднаеш:

Н.: Учыні, каб нашае адзінства стала бачным, і дай свету аздараўленне.
Л.: Калі прагнем жыць у супакоі сярод яўрэяў, хрысціянаў, мусульманаў, калі пераадольваем муры абыякавасці і нянавісці, о Адзіны Міласэрны, які нас яднаеш:

Н.: Учыні, каб нашае адзінства стала бачным, і дай свету аздараўленне.
Л.: Калі працуем дзеля справядлівасці і салідарнасці, калі пераходзім ад страху да даверу, о Адзіны, які нас Умацоўваеш і яднаеш:

Н.: Учыні, каб нашае адзінства стала бачным, і дай свету аздараўленне.
Л.: Паўсюль, дзе людзі церпяць з прычыны вайны і насілля, несправядлівасці і няроўнасці, хваробаў і прадузятасці, бедаў і адсутнасці надзеі, прыцягваючы нас да крыжа Хрыста і да сябе таксама, Ты, які зведаў раны і які нас яднаеш:

Н.: Учыні, каб нашае адзінства стала бачным, і дай свету аздараўленне.
Л.: Разам з хрысціянамі Святой Зямлі мы сведчым аб нараджэнні Езуса Хрыста ў Бэтлееме, аб Яго служэнні ў Галілеі, аб Яго смерці і змёртвыхпаўстанні і аб сашэсці Духа Святога ў Ерузалеме; просім аб супакоі і справядлівасці для ўсіх у надзеі прыйсця Твайго валадарства, Божа, у Тройцы Адзіны, які нас яднаеш:

Н.: Учыні, каб нашае адзінства стала бачным, і дай свету аздараўленне.
Малітва Панская

С.: Божым настаўленнем навучаныя і паслухмяныя Яго словам, асмельваемся казаць:

Н.: Ойча наш, каторы ёсць у небе, свяціся iмя Тваё, прыйдзi Валадарства Тваё, будзь воля Твая як у небе, так i на зямлi. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёння, і адпусцi нам правіны нашы, як i мы адпускаем вiнаватым нашым, і не ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога. Амэн.
Малітва

Божа надзеі, праслаўляем Цябе за Твой дар Вячэры Пана, падчас якой у Духу Святым сустракаем Твайго Сына, Езуса Хрыста, жывы хлеб з неба. Прабач нам, што мы не з’яўляемся годнымі гэтага дару, бо жывём у спрэчках, прымаем несправядлівасць, у самазадаволенасці згаджаемся з падзелам. Пане, просім Цябе, каб прыспешыў дзень, у які ўвесь Твой Касцёл будзе супольна ламаць хлеб. Дапамажы нам у чаканні гэтага дня яшчэ больш клапаціцца аб тым, каб быць народам, які праз Эўхарыстыю фармуецца для служэння свету. Просім аб гэтым у імя Езуса. Амэн.


Аб’явы на заканчэнне і словы падзякі.

5) Благаслаўленне і рассыланне народа
Благаслаўленне можа быць удзелена некалькімі душпастырамі.
С.: Пан з вамі.

Н.: І з духам тваім.
Першая формула

С.: Няхай Бог Айцец, верны сваім абяцанням і заўсёды шчодры на дапамогу, падтрымае вас у змаганнях за справядлівасць і прадухіленне падзелаў.

Н.: Амэн.
С.: Няхай Сын Божы, які асвяціў Святую Зямлю праз сваё нараджэнне, сваё служэнне, смерць і змёртвыхпаўстанне, прынясе вам адкупленне, паяднанне і супакой.

Н.: Амэн.
С.: Няхай Дух Святы, які сабраў у еднасці першых хрысціянаў у Ерузалеме, з’яднае вас у вернасці навучанню апосталаў і ў братэрскай камуніі, у ламанні хлеба і ў малітвах, і ўмацуе вас у абвяшчэнні Евангелля і ў жыцці паводле яго рэкамендацый.

Н.: Амэн.
С.: Няхай адзіны Бог, Айцец, Сын і Дух Святы, благаслаўляе вас і сцеражэ, каб ішлі абвяшчаць Добрую Навіну ўсяму свету.

Н.: Амэн.
Альбо другая формула

С.: Няхай вас суправаджае благаслаўленне Бога супакою і справядлівасці.

Няхай благаслаўленне Сына, які выцірае слёзы цярпенняў свету, будзе з вамі.



Няхай благаслаўленне Духа, які пабуджае нас да паяднання і надзеі, сыдзе на вас цяпер і на векі.

Н.: Амэн.
Рассыланне народа:

С.: Ідзіце ў супакоі Хрыста.

Н.: Дзякуем Пану Богу.
Песня на заканчэнне.

Падчас песні на заканчэнне міністранты выносяць на падносе хлеб, ад якога адломяць прадстаўнікі розных веравызнанняў.





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка