Пасланне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з нагоды Перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай у Віцебскай дыяцэзіі




Дата канвертавання25.05.2018
Памер21.51 Kb.
Пасланне біскупа Віцебскага Алега Буткевіча з нагоды Перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай

у Віцебскай дыяцэзіі

Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, дарагія дыяцэзіяне!


Сёлета Каталіцкі Касцёл адзначае 100-годдзе аб’яўленняў Божай Маці ў Фаціме. Як перадае гісторыя, у перыяд з 13 мая па 13 кастрычніка 1917 года, у невялікай мясцовасці Cova da Iria, што каля двух кіламетраў ад Фацімы, раз у месяц, Найсвяцейшая Дзева аб’яўлялася тром партугальскім дзецям- Луцыі, Францішку і Жасінце. Падчас гэтых візіяў Багародзіца папярэджвала свет аб наступствах бязбожнага жыцця і заахвочвала да малітвы, пакаяння і навяртання, каб гэтых наступстваў пазбегнуць.
Сёння, праз сто год пасля тых падзей, мы можам сцвердзіць, на колькі важным было гэтае пасланне для свету, і на колькі важным яно застаецца па сённяшні дзень. Бо і сёння актуальным з’яўляецца заклік да малітвы і пакаяння, дзеля таго, каб пазбегнуць пакарання, якое можа сцягнуць на сябе сучасны свет праз людскі грэх і трываючыя злачынствы.
Мы, як веруючыя людзі, не можам заставацца ў баку ад заклікаў Багародзіцы, сэнс якіх у тым, каб нашае жыццё адпавядала веры, якую вызнаем, у выкананні Божага Слова, перададзенага нам у Евангеллі. Бо па словах Маці Божай Ружанцовай, як Яна сябе называла падчас аб’яўленняў фацімскім дзецям, нашае асабістае навяртанне, нашая частая малітва, асабліва на ружанцы, нашая еднасць з Богам- гэта той сродак, які сёння ратуе свет, вызваляе людскія душы ад вечнага пакарання і з’яўляецца ўзнагародай за грахі і знявагі, якімі сучасны свет абражае Бога і Беззаганнае Сэрца Марыі.
Свядомыя існуючай сітуацыі ў свеце і паслухмяныя закліку Найсвяцейшай Дзевы, прагнем далучыцца да гэтай выратавальнай для нас асабіста і для ўсяго свету справы праз набажэнствы, звязаныя з перэгрынацыяй фігуры Маці Божай Фацімскай, якая распачалася пасля Урачыстасці, прысвечанай 100-годдзю Фацімскіх аб’яўленняў у Шуміліне ўчора, 13 мая. Гэтая перэгрынацыя ахопіць усе парафіі нашай дыяцэзіі і закончыцца 13 кастрычніка бягучага года ў Браслаўскім санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў. Трэба зазначыць, што фігура Маці Божай, якая наведае нашыя парафіі, калісьці была падараваная Віцебскай дыяцэзіі святой памяці Кардыналам Казімірам Свёнтэкам, і з’яўляецца ў пэўным сэнсе рэліквіяй, якая спадарожнічае нашай дыяцэзіі ад пачатку яе існавання.
Заахвочваю усіх вас, дарагія браты і сёстры, да як мага больш актыўнага ўдзелу ў набажэнствах, звязаных з перэгрынацыяй, каб такім чынам ушанаваць і праславіць Усемагутнага Бога, які не пакідае сваіх дзяцей, але няспынна клапоціцца пра нас праз апеку Найсвяцейшай Маці Свайго Сына. Няхай супольная малітва ў парафіяльных касцёлах і капліцах праз наведванне Фацімскай фігуры Багародзіцы абудзіць нашу веру і сапраўды стане сродкам, які дапаможа змяніць нашае жыццё, а для свету выпрасіць шматлікія Божыя ласкі.
На час Юбілейнага святкавання і звязанай з ім перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай ад усяго сэрца благаслаўляю!

+Аег Буткевіч



Біскуп Віцебскі


(Прашу святароў прачытаць гэтае пасланне падчас кожнай кожнай Святой Імшы ў V Велікодную нядзелю 14 мая, ва ўсіх парафіях Віцебскай дыяцэзіі.)


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка