Паўсядзённае жыццё нашых продкаў у ІХ – ХІІІ стст. Гісторыя Беларусі. 6 клас




Дата канвертавання30.04.2017
Памер46.66 Kb.

Паўсядзённае жыццё нашых продкаў у ІХ – ХІІІ стст.

Гісторыя Беларусі. 6 клас.









Успомніце: 1. Як жылі людзі ў сярэдневяковай Заходняй Еўропе? 2. Якія катэгорыі людзей жылі ў сярэдневяковых гарадах? Чым яны займаліся?


1. Усходнеславянскае (старажытнарускае) грамадства. Усходнеславянскае, альбо старажытнарускае грамадства, да якога адносіцца таксама насельніцтва беларускіх зямель у ІХ – ХІІІ стст., не было аднародным.
Аснову тагачаснага грамадства складалі свабодныя абшчыннікі – “людзі”. Значная частка сельскага насельніцтва называлася “смерды”. Гэта былі паўзалежныя людзі, якія неслі на карысць князя павіннасці і плацілі яму даніну. Былі ў гэтыя часы і цалкам залежныя людзі, рабы. Яны зваліся халопамі альбо чэляддзю.
Найбольш уплывовым, пануючым слоем тагачаснага грамадства з’яўляліся князі і блізкія да іх людзі – дружыннікі і “княжыя мужы”. Да вярхушкі княжаскай дружыны адносіліся баяры. У старажытнарускім зводзе законаў “Руская праўда” іх жыццё абаранялася вельмі вялікім штрафам у 80 грыўняў.
З цягам часу баяры ператвараюцца ў землеўласнікаў. З другой паловы XI ст. у Старажытнай Русі, у тым ліку і на беларускіх землях, узнікаюць баярскія вотчыны. Тэрмін “вотчына” паходзіць ад слова “отчына”, што значыць “спадчына бацькі”. Памеры зямельных уладанняў (вотчын) баяр спачатку былі зусім невялікія. Але з іх узнікненнем гісторыкі звязваюць развіццё феадальных адносін.

2. Паселішчы і жыллё. Паселішчы сялян былі пераважна невялікімі. Яны называліся сёламі (вёскамі). У сяле жыло да дзесятка сялянскіх сем’яў.
Сяляне жылі ў невялікіх драўляных аднапакаёвых хатах. Яны былі курнымі і асвятляліся ў цёмны час гарэўшай лучынай. Хаты мелі прамавугольную форму, чатырохсхілую страху (дах), пакрытую саломай або цёсанымі дошкамі. Сцены складваліся з бярвёнаў. Акенцы ў сценах былі вузенькімі і закрываліся засоўкай або зацягваліся бычынымі пузырамі. Для сна выкарыстоўваліся палаці і нары з дошак.
Побач з хацінай размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы: хлеў – для жывёлы і птушкі, і гумно – для збожжа, сена і саломы.
Жыллё простых людзей ІХ – ХІІІ стст. няшмат чым адрознівалася ад пабудоў усходніх славян больш ранняга часу. Аднак у часы Старажытнай Русі вылучаюцца сваімі памерамі, раскошай ўнутранай аздобы харомы знаці. Разам з хатамі халопаў і рамеснікаў, якія тут працавалі, баярскія сядзібы займалі значную тэрыторыю.

3. Адзенне і ежа. Сялянскае адзенне было простым і практычным. Шылі яго з саматканага палатна. Мужчыны насілі доўгія кашулі і порты (штаны). Абуткам служылі лапці з ліпавага лыка, радзей скураныя поршні. У халодны час выкарыстоўваліся суконныя світкі, кажухі, валеныя з воўны або сшытыя з аўчыны шапкі, рукавіцы. Жаночае адзенне было больш разнастайным і прыгожым.
Сяляне харчаваліся пераважна ежай расліннага паходжання. Мясныя дабаўкі ўжываліся часцей за ўсё на рэлігійныя і сямейныя святы. Галоўным прадуктам харчавання быў хлеб. Шырока ўжывалася ў ежу гародніна.

Харчаванне багатых людзей было больш разнастайным. У ім пераважалі мясныя стравы. Да стала знаці падавалі розныя пачастункі і заморскія віны.



4. Сродкі зносін. У часы Старажытнай Русі вялікую ролю адыгрываў водны транспарт – чаўны, ладдзі. Па рэках перавозілі даніну і розныя тавары для гандлю, перамяшчаліся войскі і перасяляліся людзі. На шчасце, Беларусь перасечана мноствам буйных рэк са шматлікімі прытокамі. Праз беларускія землі праходзіла частка гандлёвага шляху “з варагаў у грэкі” і адно з яго адгалінаванняў па Заходняй Дзвіне.
Звычайным транспартам па сухапутных шляхах з’яўляліся розныя павозкі (вазы), а ў зімовы час – сані. Вазы запрагаліся ў коней альбо валоў. Коні часта выкарыстоўваліся для верхавой язды.
Вандраванне па дарогах у той далёкі час было складанай справай. Дарогі часта размываліся і пераўтвараліся ў непралазны бруд. Значныя тэрыторыі займалі лясы і балоты. Цяжка было перайсці праз рэкі. Аднак людзі на балотах уладкоўвалі з бярвёнаў “гаці”, праз рэкі рабілі масты. Добраўпарадкаванне дарог з часам ператварылася ў адну з павіннасцяў насельніцтва.

5. Ваенная справа і зброя. Аснову войска Старажытнарускай дзяржавы складалі княжаскія дружыны. Па меры неабходнасці ў войска набіраліся гараджане і смерды. Яны складалі апалчэнне. Апалчэнцаў называлі воямі. Для буйных ваенных паходаў у войска запрашалі наёмнікаў – варажскія дружыны і атрады качэўнікаў.
Галоўнай зброяй быў меч – найлепшая зброя ў той час. Ужываліся таксама коп’і, баявыя сякеры, больш рэдка – булавы. Як сведчаць крыніцы, вялікага майстэрства дасягнулі ваяры Полацкай зямлі ў стральбе з лука.
На працягу X–XIII стст. удасканальвалася засцерагальная зброя: яна станавілася ўсё больш цяжкай і моцнай. Металічныя кальчугі абаранялі амаль усё цела. Пашыраецца выкарыстанне пласцінкавых панцыраў. Ваяры карысталіся таксама разнастайнымі шлемамі і шчытамі.
Княжаскія дружыннікі звычайна мелі вельмі дарагую і якасную зброю і выступалі ў паход на кані. У той жа час сярод вояў апалчэння прысутнічалі і бедныя ваяры. Яны былі пешымі і іх узбраенне абмяжоўвалася шчытом, сякерай і кап’ём. Некаторыя маглі мець толькі кароткае кідальнае кап’ё – суліцу.
У час бітваў шырока прымяняліся ваенныя хітрасці: завалы дарог, засады, пасткі, падманныя манёўры войска, высочванні праціўніка і шмат іншага. Пісьмовыя крыніцы сведчаць аб тым, што ўсходнія славяне былі выключна мужнымі воінамі. У бітвах яны вызначаліся стойкасцю, вытрымкай, праяўленнем воінскага братэрства.

6. Забавы. Усе важныя падзеі ў жыцці людзей у тыя часы суправаджаліся спевамі, танцамі, музыкай. Музычныя інструменты былі самымі разнастайнымі: духавыя (флейты, сапелкі, нават арганы), шчыпковыя (гуслі, арфы, лютні), смычковыя (гуды) і ударныя (бубны).
Добра мелі граць на розных інструментах старажытнарускія скамарохі. Сваёй музыкай, спевамі і танцамі яны забаўлялі насельніцтва гарадоў і вёсак. Скамарохі таксама былі фокуснікамі, акцёрамі, вадзілі за сабой прыручаных мядзведзяў. Скамарохі пастаянна вандравалі і выступалі на розных святах і таргах.
У час раскопак у Полацку былі выяўлены касцяныя канькі. Знаходка датуецца ХІІ ст. Памеры канькоў сведчаць аб тым, што імі карысталіся дзеці.

Дарослыя бавілі час за гульнёй у шашкі і шахматы. Паўсюдна на тэрыторыі Старажытнай Русі археолагі знаходзяць шахматныя фігуркі, зробленныя з рога, дрэва, каменю. Шмат іх знойдзена і на тэрыторыі Беларусі.


Любімай забавай багатых людзей было паляванне. Палявалі з дапамогай сабак і драпежных птушак – ястрабаў і сокалаў. Князі палявалі нават з гепардамі. У той час іх называлі пардусамі. Пасля палявання яго ўдзельнікі балявалі, частаваліся стравамі з забітай дзячыны.
Такім чынам, у сярэдневякоўі нашыя продкі мелі сваеасаблівае адзенне і жыллё. Шмат часу яны трацілі на здабычу ежы, але знаходзілі час і для розных забаў.

Пытанні і заданні: 1. З якіх катэгорый складалася насельніцтва беларускіх зямель у ІХ – ХІІІ стст.? 2. Як называліся паселішчы сялян? 3. Як выглядалі хаты сялян і баяр? 4. Якое было адзенне ў людзей ІХ – ХІІІ стст.? 5. Чым адрознівалася сялянская ежа ад ежы багатых людзей? 6. Пералічыце ўзбраенне воінаў. 7. Чым бавілі час людзі ў часы Старажытнай Русі?





База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка