Павага і любоў у сям’і першы этап у выхаванні дзяцей




Дата канвертавання15.12.2018
Памер65.65 Kb.
Павага і любоў у сям’і – першы этап у выхаванні дзяцей”
Чалавечая сям’я – гэта востраў духоўнага

жыцця. І калі яна гэтаму не адпавядае,

то яна асуджана на разлажэнне і распад.

І.А.Ільін, рускі філосаф
“Чалавек з’яўляецца на свет і пачынае сваё жыццё ў сям’і...Тут, у сям’і, зараджаюцца асновы яго характару, тут дзіця атрымлівае першыя ўрокі любові, веры, міласэрнасці, тут адкрываюцца ў душы дзіцяці галоўныя крыніцы яго будучага шчасця і няшчасця… Гэта падкрэслівае вялізную адказнасць бацькоў за выхаванне дзяцей. Бацькі павінны не толькі даць жыццё дзіцяці, але адкрыць сваім дзецям шлях да любові…”

“Для кожнага са сваіх членаў сям’я з’яўляецца школай любові як пастаяннай гатоўнасці аддаваць сябе іншым, клапаціцца пра іх, аберагаць іх. На падставе ўзаемнай любові мужа і жонкі нараджаецца бацькоўская любоў, у адказ – любоў дзяцей да бацькоў, бабуль, дзядуляў, братоў і сясцёр. Радасць і гора ў духоўна здаровай сям’і становяцца агульнымі: усе падзеі сямейнага жыцця аб’ядноўваюць, узмацняюць і паглыбляюць пачуццё ўзаемнай любові”

Аб тым, наколькі важная моц сям’і і сямейнага выхавання не толькі для кожнага чалавека, але для дзяржавы і грамадства, свяціцель Філарэт Маскоўскі піша: “Сямейства больш старажытнае, чым дзяржава. Дзяржава ўтварылася з сямействаў. Таму жыццё сямейнае ў адносінах да жыцця дзяржаўнага ёсць некаторым чынам “корань дрэва”. Каб дрэва зелянела, цвіло і прыносіла плод, трэба, каб корань быў моцны і прыносіў дрэву чысты сок. Каб жыццё дзяржаўнае “моцна і правільна” развівалася, квітнела адукаванасцю, прыносіла плод грамадскага дабрабыту, трэба, каб сямейнае жыццё было моцнае “благаславеннай сямейнай любоўю, свяшчэннай бацькоўскай уладай, дзіцячай пачцівасцю і паслушэнствам”, каб з прычыны гэтага з “чыстых стыхій” сямейнага жыцця натуральна вынікалі “такія ж чыстыя пачаткі жыцця дзяржаўнага”, каб з пашанай да бацькоў нарадзілася і расла глыбокая пашана да ўладаў, каб любоў дзіцяці да мацеры была падрыхтоўкай яго любові да Айчыны”

Сучасная дэмаграфічная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь, на жаль, такая, што дастаткова вялікая колькасць сямей аказваецца не ў стане выконваць адны са сваіх асноўных функцый – нараджэнне і выхаванне дзяцей. Адбываецца не толькі павелічэнне разводаў і з’яўленне няпоўных сем’яў, але і скарачэнне дзіцячага насельніцтва ў цэлым, а таксама выцясненне дзяцей з сям’і, ператварэнне іх у сацыяльных сірот. Акрамя таго, у апошнія гады распаўсюджваюцца гэтак званыя “грамадзянскія шлюбы” – сумеснае пражыванне юнака і дзяўчыны без рэгістрацыі шлюбу і вянчання. Прычыны пералічаных трансфармацый крыюцца не толькі ў матэрыяльных і жыллёвых цяжкасцях, але і ў недахопе ў маладых людзей каштоўнасных сэнсаў, ведаў і ўменняў, якія забяспечваюць як свядомыя адносіны да шлюбу, так і гатоўнасць да рашэння штодзённых бытавых праблем.

Сучаснаму чалавеку, які жыве ў тэхнасвеце і які імкнецца да камфорту і задавальненняў, цяжка ўспрымаць сям’ю як каштоўнасць, калі кожны чалавек сканцэнтраваны на сваім уласным “я”. Гэта ўплывае на фарміраванне сістэмы, заснаванай на страце сямейных традыцый і звычаяў, разбурэнні сямейнага ўкладу.

Выйсце з сітуацыі, якая склалася, бачыцца ў спробе сучаснай айчыннай адукацыі ствараць адукацыйныя і выхаваўчыя праекты на аснове каштоўнасцяў традыцыйнай культуры і праваслаўя. Запыт на адраджэнне айчынных духоўных традыцый ў грамадстве ужо дастаткова высокі і пастаянна ўзрастае. Пацвярджэнне гэтаму – правядзенне навукова-практычных канферэнцый, форумаў рознага ўзроўню, прысвечаных духоўна-маральнаму выхаванню.

Задача хрысціянскага выхавання дзяцей далёка не простая ў наш час. З аднаго боку, свет адкрыты сведчанню веры, а з другога, ён жорстка і актыўна супраціўляецца самім сваім існаваннем любому выяўленню Ісціны. Як трэба выхоўваць дзяцей у нашы дні? Як і чаму іх вучыць?

Самая першая крыніца, з якой поім нашых дзетак жывой вадой –Свяшчэннае Пісанне – кодэкс сямейнай педагогікі па духу; па асноўных глыбінных прынцыпах, на якіх будуецца пазнанне і выхаванне; па формах, прыёмах і метадах навучання. І самае галоўнае ў гэтай педагогіцы, аснова асноў – любоў.

У кнізе “Да шчаслівай сям’і разам з Пятром і Фяўроніяй”, выдадзенай у Мінску Брацтвам у гонар святога Архістратыга Міхаіла да Дня сям’і, любові і вернасці чытаем: “Слова “свабода” сваімі англійскімі і нямецкімі каранямі сыходзіць у старажытна-санкрыцкія словы “любіць”, “быць любімым”…Вось так носьбіты зніклай мовы разумелі, што ёсць найбольшая свабода – гэта свабода ад сябе самога – і значыць якраз любоў.

У запісах імператрыцы Аляксандры Феадораўны таксама чытаем: “Абавязкам у сям’і з’яўляецца бескарыснае каханне. Кожны павінен забыць сваё “я”, прысвяціўшы сябе другому... Двое павінны жыць адзін для аднаго, аддаць адзін за аднаго жыццё ... Шлюб – гэта спалучэнне дзвюх палавінак у адзінае цэлае. Два жыцці звязаны разам у такі цесны саюз, што гэта больш ужо не два жыцці, а адно. Кожны да канца свайго жыцця нясе свяшчэнную адказнасць за шчасце і найвышэйшае дабро другога”

У творы С. Ц. Аксакава “Дзіцячыя гады Багрова-ўнука” надзвычай добра апісана, як жыватворна дзейнічае на душу дзіцяці выкананне закону аб паслушэнстве. Герой аповесці Сяргей Багроў так апісвае свой стан, калі ён, паслухаўшы маці, адмовіўся ад рыбнай лоўлі, якая стала яго інтарэсам, што зацьміў усё астатняе: “Мне раптам зрабілася так лёгка, так весела, што, здаецца, я яшчэ не адчуваў такога задавальнення”

У рускай класічнай літаратуры прыклады такога паслушэнства мы сустракаем яшчэ ў Ягора Ільіча Ростанева (Ф. М. Дастаеўскі. “Сяло Сцяпанчыкава і яго насельнікі”), Марыі Балконскай (Л. М. Талстой “Вайна і мір”); у беларускай літаратуры – у апавяданні Івана Чыгрынава “На чацвёртым годзе вайны”, паэме Якуба Коласа “Новая зямля” і многіх, многіх іншых.

Паколькі бацькі любяць сваіх дзяцей і жадаюць ім шчасця, то і даюць ім настаўленні, як правільна жыць. “Мудры сын слухае настаўленне бацькі”

Адзначаем, якую вялікую сацыяльную ролю ў жыцці беларусаў адыгрывалі бацькі і сувязь са сваім родам. Прызначэнне запаведзі “Шануй бацьку твайго і маці...” у беларускай фразеалогіі перадаецца наступным чынам: “Другой маткі не знойдзеш”; “Дарагая не так татава


хата, як сам тата”; “Бацькоў слухаць – гора не знаць”. У прыказках “Шануй бацьку з маткай: другіх не знойдзеш.

У традыцыі сямейнага ўкладу на Вілейшчыне, як і паўсюдна на Беларусі, бацька – галава сям’і, дбайны гаспадар і нястомны працаўнік, мудры дарадца і мужны ахоўнік, клапатлівы і верны муж, строгі і справядлівы выхавальнік. Бацька нясе адказнасць перад Богам за сваю сям’ю, за працяг роду, за годнае выхаванне дзяцей.



Вобраз маці поўны высокародных якасцяў: цнатлівасці і вернасці, малітоўнасці і самаахвярнасці, працавітасці і цярпення, любові і пяшчоты. Пяшчотная любоў маці да сваіх дзяцей – характэрная рыса адносін у сям’і беларусаў. Традыцыйным з’яўляецца ласкавы зварот маці да свайго дзіцяці: “Ах маё сакалянятка”, “Ластавачка мая маленькая”, “Мой ты каласок”, “Птушанятка маё” і інш. Гэта садзейнічала, па-першае, усталяванню цеснага кантакту паміж маці і дзіцём, па-другое, фарміраванню нервовай сістэмы, выхаванню ветлівых, добразычлівых, мяккіх адносін да людзей. Як падкрэслівалася ў вуснай народнай творчасці, любоў маці да дзяцей уласціва жанчыне ў большай ступені ў параўнанні з мужчынам: “Дзеці балуюцца ад матчынага блінца, а разумнеюць ад бацькоўскага дубца”, “Маці сама не з’есць, а дзіця накорміць”, “Як дзіця плача, маткі сэрца з жалю скача”.

Паводзіны маці – узор для пераймання: “Дзеўка маткаю красна”, “Пазірай на матку, а маліся на яе дзіцятку”. Маці не толькі эталон маральнай чысціні, але і сімвал усяго самага дарагога на свеце. Беларускі народ сцвярджае: “Зямля – маці”, “Зямелька – матка наша: і корміць, і носіць, і адзявае нас”. Маці для беларуса – тое ж, што і Радзіма, зямля-карміцелька, самае святое для кожнага чалавека.

З малых гадоў маці імкнецца выхаваць у дзяцей такія высокія маральныя якасці, як сумленнасць і праўдзівасць, падкрэсліваючы гэта ў такіх выслоўях: “Праўдаю найдалей дойдзеш”, “Праўда даражэй за грошы”, “На праўдзе свет стаіць”.

Выхаванне дабрыні – адной з асноўных чалавечых рыс – таксама прэрэгатыва маці. Дабрыня маці, яе адносіны да дзяцей, да навакольнага свету, да членаў сям’і, да старэйшых, увогуле да людзей – традыцыйныя для беларусаў.

Глыбіннай асновай народнай педагогікі была і застаецца праца. “Не той харош, хто прыгож, а той харош, хто для дзела гож”, – навучала маці дачку, а бацька сына. Працоўнае выхаванне пачыналася ледзьве не з калыскі. Дзіця, пачынаючы успрымаць, засвойваць навакольны свет, бачыла, як працуюць бацькі, чула песні, якія суправаджалі іх працу, і разам з малаком маці засвойвала працоўныя традыцыі народа, усведамляла сваё асноўнае месца на зямлі – яно ў працы. Выхавальнікам пры гэтым выступала не толькі маці, але і старэйшыя браты і сёстры, якія атрымлівалі першыя працоўныя навыкі, даглядаючы малога па даручэнні бацькоў, былі яго нянькамі.

         Увогуле, дзяўчынка з ранняга дзяцінства рыхтавалася да ролі маці. Аўтарытэт маці быў настолькі вялікі, што дзяўчынка імкнулася пераймаць яе ва ўсім. І калі прыгледзецца да гульняў дзяўчынкі, то пачуеш і ўбачыш, што ў забавах з лялькай – першай і бадай адзінай яе цацкай – яна паўтарае ўсё тое, што робіць яе маці, пераносячы на яе ўсе жыццёвыя назіранні. Яна гатуе ляльцы ежу, мые сукенку, вядзе гуляць, навучае, выхоўвае, спявае ёй калыханкі, тыя, што ёй і яе братам і сёстрам спявала маці.



         Калыханка маці – гэта першае, з чым сутыкаецца дзіця ў сваім жыцці. Маці, якая па традыцыі ўводзіць сваё дзіця ў родную мову, не толькі спрыяе развіццю моўнага дара і мыслення маленькага чалавека, але і перадае яму элементы народнай маралі, дапамагае зразумець і засвоіць народную псіхалогію, культуру, духоўныя і маральныя каштоўнасці.

Напрыканцы хочацца напомніць пра вялікае значэнне для дасягнення шчасця ў сямейным жыцці малітва бацькоў аб шчасці сям’і.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка