Педсавет як творчая лабараторыя



Дата канвертавання24.11.2017
Памер116 Kb.
#14152
Педсавет як творчая лабараторыя
Адной з папулярных арганізацыйна-метадычных форм педагагічнага савета ў гімназіі №1 г.Дзяржынска становіцца творчая лабараторыя. Такая форма работы педагогаў дае магчымасць актуалізаваць і візуалізаваць прадмет гаворкі, засяродзіць увагу на найбольш значных аспектах педагагічнай дзейнасці ў пэўным накірунку. Шырокі рэзананс атрымаў педсавет “Імідж гімназіі – аснова паспяховай педагагічнай дзейнасці“. Было арганізавана ўзаеманаведванне фрагментаў урокаў калег групамі педагогаў, якія выконвалі ролю экспертаў. Перад імі была пастаўлена задача -- даць ацэнку эфектыўнасці прыёмаў і метадаў работы настаўніка і вучняў на вызначаных этапах урока. Дзве групы экспертаў з ліку настаўнікаў філалагічнага і прыродазнаўчага накірункаў працавалі па праблеме структурызацыі ўрока паводле тэхналогіі поўнага засваення ведаў, дзве іншыя – настаўнікі замежных моў і пачатковых класаў -- вывучалі магчымасці розных арганізацыйна-метадычных форм на этапах лінгвістычнай размінкі і вуснага ліку.

Вучэбная задача на этапе вуснага ліку ў 4 класе – паўтарыць усё вывучанае пра множанне. Узнавіць у памяці кампаненты множання, дзялення, складання і адымання як матэматычных аперацый дапамагла дыдактычная гульня “Чацвёрты лішні”з выкарыстаннем магчымасцей інфармацыйных тэхналогій, падчас яе патрэбна было устанавіць узаемасувязі і знайсці лішні тэрмін у кожнай групе слоў.

Наступная форма работы – “Карэктар” – засяродзіла ўвагу на словах-падказках, што дапамагаюць правільна выбраць дзеянне.Дзеці атрымалі карткі з матэматычнымі выразамі, у якіх дапушчаны памылкі ў пастаноўцы адпаведнага знака. Уважліва слухаючы тэрміналагічна-апісальнае чытанне выразу настаўніцай Л.У.Балашэвіч, вучні знаходзілі і выпраўлялі памылкі.

Паўтарыўшы правілы множання на “0” і “1”, чацвертакласнікі аказаліся здольнымі да самаацэнкі сфарміраванасці прадметна-аперацыйных кампетэнцый у рамках тэмы. Такім чынам, фрагмент урока як асобны этап завяршыўся кантрольным матэматычным дыктантам з самаправеркай.

Другая навукова-педагагічная серыя ўрокаў акцэнтавала ўвагу на формах кантролю і ацэнкі ўзроўню сфарміраванасці вучэбных кампетэнцый вучняў на этапе праверкі дамашняга задання. І, нарэшце, групы аб’ядналіся для знаёмства з прэзентацыяй эфектыўных прыёмаў і метадаў падвядзення вынікаў урока і правядзення рэфлексіі.

Фрагмент урока хіміі Сечка І.Б. яшчэ раз засведчыў, што дамашняе заданне павінна быць у абавязковым парадку адраснае, дакладнае, пасільнае, арыентаванае на магчымасці вучня, узровень яго навучанасці, на яго адукацыйныя прыярытэты і запыты, на яго пазнавальныя інтарэсы і індывідуальныя асаблівасці. Выкананне дамашняга задання павінна прыносіць задавальненне, садзейнічаць самасцвярджэнню і ўсведамленню паспяховасці. Іна Барысаўна, як вопытны, таленавіты педагог, ведае ўсё пра дзяцей, з якімі супрацоўнічае. І тое, што можа прыемна ўразіць і здзівіць прысутных, для яе звычайная, звыклая справа.

Чацвёра васьмікласнікаў абараняюць свае задачы ля класнай дошкі, адна з вучаніц падрыхтавала і прэзентуе алімпіядную задачу па тэме ўрока. Настаўніца прапануе класу франтальныя формы работы па праверцы дамашняга задання на розных узроўнях: інтэрактыўную гульню, тэст. Адзін з вучняў расказвае аб доследзе як практычна-эксперыментальнай форме замацавання і ўсвядомленага засваення ведаў, уменняў і навыкаў. Абагульненне тэарэтычных звестак, ўдасканаленне адукацыйнай практыкі праз прадуктыўную насычаную дзейнасць, аператыўная карэкцыя як неабходны элемент якаснай адукацыі, пераемнасць зместу адукацыі ў межах адной тэмы, раздзела, прадмета, міжпрадметныя сувязі -- і ўсё пералічанае паяднана працэсам фарміравання логіка-аперацыйнага мыслення і забеспячэннем магчымасцей прымянення засвоеных ведаў у жыццёвых сітуацыях.

Настаўніца рускай мовы і літаратуры В.А. Васільева ўпэўнена, што правяраць якасць выкананага дома задання – абавязак і аснова паспяховай адукацыйнай дзейнасці настаўніка. Самастойная праца вучня, яго намаганні дасягнуць пэўнага ўзроўню навучанасці павінны быць ацэнены і заўважаны, а значнасць гэтай работы абавязкова падкрэслена параўнаннем вучэбных дасягненняў вучня на розных этапах. Бачанне і разуменне дынамікі ў сваім развіцці, прагназаванне паспяховасці дапамагаюць акрэсліць перспектывы, пераадолець цяжкасці пазнання рэчаіснасці, спасціжэння законаў быцця. А найперш -- адказнае стаўленне да выканання дамашняга задання фарміруе характар, патрэбу ў самадысцыпліне і самапавазе – якраз у тым, што з’яўляецца складнікамі чалавечай годнасці.

Фрагмент урока біялогіі прапанаваў увазе экспертнай групы С.К.Яраховіч. Сяргей Канстанцінавіч аб’яднаў два этапы – падвядзенне вынікаў урока і рэфлексія – у адзін. Настаўнік яшчэ раз звярнуўся да спецыяльных тэрмінаў, асноўных паняццяў тэмы. Каркасам кожнай навукі з’яўляецца паняційны апарат. Важна, каб кожнае паняцце было глубока ўсвядомлена вучнямі. Вось тады і азначэнне яго будзе дакладна ўзноўлена ў памяці, ясна і празрыста прамоўлена. Настаўнік звяртае ўвагу вучняў на тое, што азначэнне павінна ўтрымліваць неабходныя структурныя кампаненты, дабіваецца логіка-сэнсавай граматнасці пабудовы фразы, выказвання. Маўленне гімназістаў на ўроку біялогіі адрозніваецца дакладнасцю, правільнасцю, навуковасцю, абгрунтаванасцю сцвярджэння. Культура маўлення ў сваю чаргу – сведчанне культуры мыслення. (У гэтым яшчэ раз пераконваешся, калі наведваеш факультатыўныя заняткі па біялогіі. Дарэчы, яны праволзяцца ў форме эўрыстычнай гутаркі і нагадваюць пасяджэнне клуба інтэлектуалаў. Дзіцячыя разважанні здзіўляюць свежасцю ўспрыняцця рэчаіснасці, глыбінёй пранікнёнасці ў з’явы і працэсы).

Такім чынам, урокі С.К.Яраховіча – узор арганізацыі адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з патрабаваннямі Інструкцыі аб парадку фарміравання культуры вуснай і пісьмовай мовы. Гэта надзвычай актуальна ва ўмовах сучаснай адукацыйнай сітуацыі ў краіне.

На пасяджэнні педсавета быў праслуханы і абмеркаваны даклад “Імідж гімназіі: паняцце і яго зместавае напаўненне”. З гэтага навучальнага года ва ўстанове рэалізуецца педагагічны праект “Укараненне сістэмы інфармацыйна-іміджавай культуры гімназіі ва ўмовах мадэрнізацыі адукацыі”.

Праект узнік не на пустым месцы. Для яго распрацоўкі і рэалізацыі меліся істотныя прадпасылкі. Гімназія №1 г.Дзяржынска – адна з самых паспяховых устаноў адукацыі ў рэгіёне, якая прайшла больш чым векавы шлях ад царкоўна-прыходскай школы да гімназіі. У яе багатыя традыцыі беларускай школы. Яе славутыя выпускнікі ўнеслі значны ўклад у гісторыю развіцця Дзяржыншчыны і Беларусі ў цэлым.

Гімназія №1 г.Дзяржынска – лідэр па інфарматызацыі і фінансава-гаспадарчай дзейнасці сярод устаноў адукацыі вобласці. Функцыянуе гімназічнае тэлебачанне, наладжана выдавецкая дзейнасць, створаны вэб-сайт.Гімназія №1 г.Дзяржынска мае багаты вопыт інавацыйнай дзейнасці.

Слова “імідж” прыйшло ў наша маўленне з англійскай мовы, у сваю чаргу англічане запазычылі яго з лацінскай (imago-імідж) і абазначае “вобраз”.

Імідж – гэта вобраз прадмета, асобы або ўстановы, які мэтанакіравана фарміруецца, каб аказаць эмацыянальна-псіхалагічнае ўздзеянне на каго-небудзь з пэўнай мэтай.

Якасць іміджа ў дачыненні да гімназіі – паняцце важкае і падразумевае значныя педагагічныя інвестыцыі. Перш чым пагаварыць пра іх, вызначым мэту стварэння іміджу. Важна вызначыцца з выбарам: для каго і для чаго фарміруецца вобраз. Для суб’ектаў рэгіянальнай сістэмы адукацыі, для устаноў адукацыі вобласці, рэспублікі з мэтай сцвярджэння каштоўнасці, сацыяльнай значнасці, элітарнасці гімназічнай адукацыі? Для жыхароў горада, школьнага мікрараёна з мэтай рэкламавання адукацыйных паслуг, якія прапануе гімназія, прыцягнення патэнцыяльных іх карыстальнікаў? Для магчымых сацыяльных партнёраў з мэтай атрымання рознага кшталту нвестыцый? Для ўпраўленчага апарату сістэмы адукацыі з мэтай аказаць уплыў на ацэнку дзейнасці ўстановы, фарміравання рэпутацыі яе ў рэгіёне? Для навукова-метадычных устаноў з мэтай абагульнення і папулярызацыі перспектыўнай педагагічнай практыкі, стварэння новых міжрэгіянальных форм метадычнай і навукова-даследчыцкай педагагічнай дзейнасці, пазіцыянавання гімназіі як адной з паспяховых устаноў адукацыі ў вобласці і рэспубліцы, якая забяспечвае якасную адукацыю для кожнага дзіцяці праз розныя формы педагагічнага ўплыву на развіццё і станаўленне сацыяльна паспяховай асобы? Для сродкаў масавай інфармацыі з мэтай супрацоўніцтва ў вобласці інфармацыйнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, рэкламы ? Для навучэнцаў, каб яны маглі праз усё сваё жыццё з гонарам несці адукацыйны брэнд гімназіі №1 г.Дзяржынска “Адукацыя, якая цэніцца”? Безумоўна, для гэтага, апошняга, але яно ўбірае ў сябе ўсё папярэдняе.

Такім чынам, мэта стварэння іміджу -- павышэнне канкурэнтаздольнасці агульнаадукацыйнай установы ў асяроддзі іншых, якія таксама маюць статус гімназіі.

Калі мы гаворым пра імідж як вобраз, то ў асноўным маем на ўвазе тры асноўныя складнікі:

-фарміраванне ўяўленняў пра ўнутраныя якасці,

- лад жыцця,

- знешні выгляд.

У дачыненні да гімназіі пад выразам “фарміраванне ўяўленняў пра ўнутраныя якасці” (натуральныя і спецыяльна набытыя) патрэбна разумець “брэнды”, у іх ролі выступаюць аркестр, тэатр, узорныя танцавальныя калектывы, гімназічнае тэлебачанне, шматтыражная газета “Нам-нам-навіны”, гімназічны конкурс “Вучань года”, экалагічны комплекс, музей роднай прыроды і іншае. Лад жыцця ўвасабляе шматаблічнае гімназічнае жыццё па розных накірунках дзейнасці, ва ўсіх яго праяўленнях з шырокім спектрам якасных адукацыйных паслуг.

Знакавай постаццю гімназіі з’яўляецца настаўнік. Яго воблік, духоўнае багацце і хараство, эрудыцыя, прафесійнае майстэрства, мастацтва педагагічнага ўплыву на развіццё і станаўленне сацыяльна паспяховай асобы вызначаюць якасць гімназічнай адукацыі. У адпаведнасці з гэтым узрастае роля новых сучасных эфектыўных формаў метадычнай работы, якія забяспечваюць неперарыўнасць павышэння кваліфікацыі ў міжкурсавы перыяд.Метадычная работа з настаўнікамі ўключае ў сябе і мерапрыемствы агульнакультурнага зместу, якія спрыяюць узбагачэнню эмацыянальна-духоўнай сферы, спасціжэнню высокага мастацтва. Настаўнік павінен быць цікавы для сябе і сваіх вучняў. Такой новай формай метадычнай работы з’яўляецца клуб педагагічных сустрэч.

Гімназічным брэндам павінен стаць кожны ўрок у гімназіі. Урок кожнага настаўніка. Ён неабавязкова эфектны, але ў высокай ступені эфектыўны, а значыць -- выніковы, урок, які фарміруе, развівае і ўдасканальвае вучэбныя кампетэнцыі, урок, які ўзнімае да сталасці і сацыяльнай паспяховасці. Які ж гэта ўрок? Урок- педагагічная сістэма, у цэнтры якога асоба вучня. Строга вывераная і навукова, метадычна абгрунтаваная і лагічна апраўданая філасофіяй урока, яго месцам і прызначэннем у агульнай тэме, раздзеле структура ў адпаведнасці з трыадзінай мэтай. Забеспячэнне абавязковай рэалізацыі выхаваўчага аспекта урока як неабходнай умовы і асновы якасці адукацыі. Наяўнасць канкрэтнай вучэбнай задачы на кожным этапе, якая прадугледжвае пэўны, зараней прагназуемы прамежкавы адукацыйны прадукт. Падбор формаў работы і відаў дзейнасці непасрэдна пад рэалізацыю вучэбнай задачы. Выніковасць урока прама прапарцыянальная ступені дасягнення мэты. Якасць кантролю і граматная дыферэнцыяцыя ацэнкі ўзроўню сфарміраванасці вучэбных дасягненняў на розных этапах вывучэння асобнай тэмы і прадметнай адукацыі ўвогулле паводле дзесяцібальнай сістэмы.Адпаведнасцьформы зместу, а не наадварот.

Факультатыўныя заняткі – якасна новы этап адукацыйнага працэсу па прадмеце. Яны прызначаны для максімальнага задавальнення адукацыйных запытаў вучняў у адпаведнасці з іх інтарэсамі, здольнасцямі, накірункам адоранасці. Таму і патрабаванні да правядзення факультатыўных заняткаў высокія. Падчас іх правядзення пераважаюць формы работы, скіраваныя на актывізацыю творчай дзейнасці, развіццё асобы вучня сродкамі вучэбнага прадмета, выпрацоўку навыкаў самастойнага пошуку неабходнай інфармацыі, фарміравання індывідуальнага інфармацыйна-камунікатыўнага асяроддзя ў бязмежнасці ўніверсальнай інфармацыйна-камунікатыўнай прасторы як пераходнага этапу да аўтаномнай адукацыі і пастаяннага самаўдасканалення, фарміравання патрэбы ў адукацыі праз жыццё.

Шмат ідэй, якія рэалізуюцца ў гімназіі, падказаны тэарэтычнымі выкладкамі вядомых у Беларусі педагогаў Г.Дабрынеўскай і М.Запрудскага. Менавіта іх метадычная і навуковая кампетэнтнасць у значнай ступені вызначае прыярытэтныя накірункі педагагічнай навукі ў рэспубліцы і знаходзіць удзячных прадаўжальнікаў.

Элітарнасць гімназічнай адукацыі патрабуе валодання нормамі этыкету, высокай культуры жыццядзейнасці, чаго бракуе ўсяму нашаму грамадству, таму што на працягу многіх дзесяцігоддзяў такія нормы і правілы не выступалі на пярэдні план, лічыліся другараднымі ў параўнанні з іншымі сацыяльнымі праблемамі, якія неабходна было вырашаць у першую чаргу. Цяпер – іншая справа: Беларусь паступова становіцца еўрапейскай дзяржавай.Інтэграцыйныя міжкультурныя працэсы вымагаюць сур’ёзнага стаўлення да сябе як асобы, умення пазіцыянаваць сябе. Без гэтага немагчыма сацыяльная паспяховасць,у прыватнасці -- кар’ерны рост, які ўсё часцей маладымі людзьмі ўспрымаецца як неад’емная частка сацыяльнай паспяховасці.Таму ў пералік дадатковых адукацыйных паслуг варта уключыць факультатыўныя заняткі па вывучэнні норм маўленчага, паводзіннага, сталовага этыкету гімназістамі.

Сацыяльная значнасць такой работы падкрэсліваецца зваротам на рэспубліканскім узроўні да правядзення свецкага балю. Напрыклад, класічны баль у зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі напярэдадні святкавання старога Новага года. Праект літаратурнага балю рэалізуецца і ў Дзяржынскім раёне. Ля яго вытокаў – гімназія №1 г.Дзяржынска, настаўніца рускай мовы і літаратуры Дудзянкова Л.Я. Баль павінен стаць не толькі рамантычнай традыцыяй, але і своеасаблівым экзаменам. Варта ўзнавіць практыку навучання майстэрству публічнага выступлення.

Факультатыўныя заняткі, паводле М.Запрудскага, павінны максімальна ўлічваць рэгіянальныя асаблівасці, рэгіянальную філасофію адукацыі і адукацыйную палітыку. Зямля Дзяржыншчыны – слаўная, легендарная, узвышаная самой прыродай. Менавіта тут знаходзіцца вышэйшая кропка Беларусі --гара Дзяржынская, старэйшая назва -- Святая. Ідэя станаўлення асобы заключана ў фразе, якая сама па сабе ўжо з’яўляецца брэндам : “Тут Беларусі вышэй усёй зямля Дзяржыншчыны маёй”. Са сцен гімназіі павінны выходзіць маладыя людзі, якія гатовы прысвяціць “душы прыўкрасныя парывы” сваёй Дзяржыншчыне, працаваць на яе славу і карысць, прыумнажаць яе багацці, усё зрабіць дзеля таго, каб гэтыя словы даказаць справай: Дзяржыншчына сапраўды вышэй усёй Беларусі.

Асаблівая ўвага надаецца пры кампетэнтнасным падыходзе аўтарскім адукацыйным праектам, якія дазваляюць стварыць сістэму прадметнай адукацыі “урок—факультатыўныя заняткі—пазакласная дзейнасць”, максімальна ўлічыць прафесійныя магчымасці і прыярытэты настаўніка і пазнавальныя інтарэсы, магчымасці, прыродныя здольнасці, асобасныя рысы і асаблівасці кожнага дзіцяці, адсачыць дынаміку яго развіцця і станаўлення.

Новай формай арганізацыі адукацыйнага працэсу з’яўляюцца заняткі па індывідуальнай адукацыйнай траекторыі ў рамках вучэбнага прадмета з адоранымі вучнямі, якія дазволяць аптымізаваць адукацыйны працэс і павысіць яго эфектыўнасць, дыферэнцыраваць падыходы да рэалізацыі вучэбнай праграмы.Арганізацыйна-педагагічная сістэма такіх заняткаў – супрацоўніцтва двух розных педагогаў-спецыялістаў пры падрыхтоўцы аднаго вучня.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца фарміраванню культурнага моўнага асяроддзя як часткі адукацыйнай прасторы. Элітарная адукацыя прадугледжвае дасканалае валоданне ў першую чаргу сваёй роднай мовай -- без гэтага нельга стаць патрыётам сваёй Радзімы, пачуваць сябе беларусам, адчуваць еднасць з пакаленнямі продкаў, якія жылі да нас на гэтай зямлі і захавалі яе незалежнасць, яе дзяржаўнасць. Вырашана часцей і стала праводзіць у гімназіі Дні беларускай мовы, арганізоўваць творчыя сустрэчы з дзеячамі літаратуры і мастацтва, усямерна пашыраць сферу ўжытку беларускай мовы.

Гімназія становіцца полікультурнай адукацыйнай установай, таму што сучасны стан грамадства патрабуе ад адукаванага чалавека валодаць хоць бы адной замежнай мовай, каб годна прадстаўляць Беларусь у свеце, наладжваць міжнародныя стасункі, пазнаваць культурна-гістарычныя рэаліі іншых краін, воблік чалавека замежнай дзяржавы, паважаць чужую культуру. Ставіцца задача актывізацыі Інтэрнет-праектнай дзейнасці ў рамках іншамоўнай адукацыі.

Новы статус і адметнасць набываюць традыцыйныя прадметныя тыдніў гімназіі. Яны і своеасаблівая творчая справаздача членаў метадычнага аб’яднання настаўнікаў, і адна з форм абагульнення і папулярызацыі перспектыўнай педагагічнай практыкі, і грамадскі агляд ведаў, дэманстрацыя ўзроўню сфарміраванасці вучэбных кампетэнцый вучняў, і адзін з відаў дзейнасці настаўніка па стварэнні міжступеньчатай адукацыйнай прасторы ў межах прадметнай ці бінарна-прадметнай вобласці, і канцэнтраваная інфармацыйна-камунікатыўная прастора, якая актывізуе працэс адукацыйнага ўзаемадзеяння і адукацыйных стасункаў усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, і сродак рэалізацыі асобаснага патэнцыялу настаўніка і вучня праз публічныя формы творчай дзейнасці, фактар грамадскага прызнання значнасці дасягнутых вынікаў, і адна з форм работы з высокаматываванымі, здольнымі і адоранымі дзецьмі, форма пазакласнай занятасці.

Прадметны тыдзень у гімназіі – і адзін з відаў самакантролю і рэфлексіі, унутрышкольнага кантролю за выкладаннем асобнага прадмета ці прадметнага цыклу, за якасцю адукацыі. Рэфлексіўна-аналітычныя навыкі спрыяюць развіццю якасцей менеджэра ў адукацыі ў асяроддзі кіраўнікоў метадычных аб’яднанняў. І, нарэшце, прадметны тыдзень – адна з форм сумеснай, калектыўнай дзейнасці па фарміраванні іміджу метадычнага аб’яднання, яго рэпутацыі, і не толькі яго, але і гімназіі.

Прадметны тыдзень паступова пераўтвараецца ў грамадскі агляд ведаў у поўным сэнсе гэтага слова. Такі падыход прадугледжвае шырокі ўдзел бацькоў, грамадскасці, работнікаў апарату кіравання сістэмай адукацыі, сацыяльных партнёраў, прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі у найбольш значных мерапрыемствах тыдня, напрыклад, міні-канферэнцыі і інш.



І паняцце “знешні выгляд” уключае афармленне гімназіі (класаў, фае, калідораў, рэкрэацый), а таксама лакальныя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць арганізацыю адукацыйнага працэсу з улікам рэгіянальных асаблівасцей – рэгіянальнай філасофіі адукацыі і адукацыйнай палітыкі (праграмы,праекты, палажэнні і г.д.), гімназічную сімволіку (герб, сцяг, гімн), кодэкс гімназіста, дрэс-код, арганізацыйна-педагагічную мадэль установы, ідэю перспектыўнага развіцця гімназічнай адукацыі, тэрыторыю гімназіі.
Каталог: MetodKabinet -> InternetForum
InternetForum -> Аддзел адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Дзяржаўная установа адукаціі “Сярэдняя школа №4 г. Дзяржынска”
InternetForum -> Аддзел адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Дзяржаўная установа адукаціі “Сярэдняя школа №4 г. Дзяржынска”
InternetForum -> Моделирование идеологически ценностного пространства развития школьника в условиях современного социума
InternetForum -> Беларуская мова” і “Беларуская літаратура” на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці
InternetForum -> Развіццё літаратурна-творчых здольнасцей вучняў сродкамі ўрокаў беларускай мовы і літаратуры і пазакласнай работы па прадмеце
InternetForum -> Гімназія г. Дзяржынска
MetodKabinet -> Інструктыўна-метадычнае пісьмо
MetodKabinet -> З Прэзідыумам Рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Беларусі


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал