Перадумовы фарміравання буржуазіі І пралетарыяту ў беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст




Дата канвертавання31.01.2017
Памер237.34 Kb.


ПЕРАДУМОВЫ ФАРМІРАВАННЯ БУРЖУАЗІІ І ПРАЛЕТАРЫЯТУ Ў БЕЛАРУСІ

Ў КАНЦЫ XVIII – ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX ст.
Лютая, А. Э. Перадумовы фарміравання пралетарыяту і буржуазіі ў Беларусі ў канцы XVIII – першай палове ХIХ ст. / А. Э. Лютая // Весці БДПУ. Сер. 2. Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія. Эканоміка. Культуралогія. – 2013.  № 2. – С. 3036.

Ключевые слова: буржуазія, капіталізм, генезіс, сацыяльны прагрэс, беларускае сялянства.

Праблема генезісу буржуазіі і пралетарыяту займае ключавое месца ў вывучэнні эвалюцыі сацыяльнай структуры грамадства ў эпоху пераходу ад феадалізму да капіталізму. Нізкія тэмпы генезісу капіталізму ў эканоміцы Беларусі тармазілі і сацыяльныя працэсы, што працякалі ў гэтым рэгіёне. Немалаважнае значэнне меў уплыў капіталістычнага рынку Заходняй Еўропы. Палітыка буржуазіі развітых капіталістычных краін была накіравана на тое, каб пераўтварыць адсталыя ў сваім развіцці краіны ў свае аграрна-сыравінныя прыдаткі, што непазбежна прыводзіла да замаруджвання ў гэтых краінах працэсу генезісу капіталізму. Эканамічны і сацыяльны прагрэс у беларускіх землях тармазіўся палітыкай самаўладдзя, якое імкнулася захаваць сыравінны характар эканомікі гэтага рэгіёну.

Грунтуючыся на канкрэтных даследаваннях працэсу генезісу капіталізму і складвання сацыяльнай структуры ў Беларусі, паспрабуем вызначыць і прааналізаваць тут агульныя заканамернасці і асаблівасці генезісу буржуазіі і пралетарыяту.

К. Маркс у працы «Убогасць філасофіі» выдзяляе дзве фазы ў гісторыі развіцця буржуазіі: «...у першай... яна складваецца ў клас ва ўмовах панавання феадалізму і абсалютнай манархіі; у другой, калі ўжо склаўся клас, яна нізвяргае феадалізм і манархію, каб са старога грамадства стварыць грамадства буржуазнае» [1]. У даследуемы перыяд у Беларусі фактычна можна выдзеліць толькі першую фазу працэсу фарміравання буржуазіі, якая працягваецца і ў першыя дзесяцігоддзі пасля рэформы 1861 г. Гэта адна з асаблівасцей працэсу развіцця тут класа буржуазіі, які адрозніваецца працягласцю, незавершанасцю, супярэчлівасцю і ўзаемапранікненнем сацыяльных праслоек і груп, што адлюстроўвалі ў сацыяльным плане «стракаты хаос пераходных форм» эканамічнай сферы [2, с. 328].

У.I Ленін у працы «Крах II Інтэрнацыяналу» адзначаў: «Чыстых з’яў ні ў прыродзе, ні ў грамадстве няма і быць не можа − аб гэтым вучыць… дыялектыка Маркса, якая паказвае нам, што само паняцце чысціні ёсць некаторая вузкасць, аднабаковасць чалавечага пазнання і не ахоплівае прадмет да канца ва ўсёй яго складанасці. На свеце няма і быць не можа “чыстага” капіталізму, а заўсёды ёсць прымесі то феадалізму, то мяшчанства, то яшчэ чаго-небудзь» [3]. Праўда, неабходна адзначыць, і гэта мы паказалі ў папярэдніх главах, што гэтыя прымесі як у эканоміцы, так і ў сацыяльным жыцці Беларусі ўскладняюць характарыстыку працэсу генезісу каліталізму.

Менавіта таму, што Беларусь уступіла на шлях буржуазнага развіцця са значным спазненнем і стала аб’ектам уздзеяння не толькі еўрапейскага капіталістычнага рынку, але і цэнтральных прамыслова развітых губерняў Расіі, а таксама з-за пераважна аграрнага напрамку ў эканоміцы, гандлёваліхвярская буржуазія, якая і ў заходнееўрапейскіх краінах на пачатковым этапе іх капіталістычнага развіцця складала вялікую праслойку класа буржуазіі, які фарміраваўся тут доўгі час, была самай шматлікай і фактычна адзінай катэгорыяй класа буржуазіі. Адначасова, як гэта адзначаў Ф. Энгельс у сваім аналізе развіцця буржуазіі ў Германіі [4], эканамічная сіла гэтай буржуазіі, у параўнанні з заходнееўрапейскай, была вельмі нязначнай і слаба ўплывала на сацыяльна-эканамічнае жыццё рэгіёну.

Другой асаблівасцю фарміравання буржуазіі ў Беларусі была наяўнасць «мяжы яўрэйскай аседласці» і значны (часам пераважаючы) працэнт яўрэйскага насельніцтва сярод купецтва. Палітыка дыскрымінацыі ў адносінах да яўрэяў тармазіла не толькі развіццё гандлю, але і сам працэс фарміравання буржуазіі, ды і ў цэлым, генезіс капіталізму. Крыніцай камплектавання буржуазіі былі пераважна гарадскія гандляры (купецтва), частка шляхты, часткова рамеснікі [5]. На пачатковым этапе фарміравання буржуазіі найбольш шматлікую частку складала гандлёвая буржуазія, якая разбагацела на экспарце зерня, жывёлы і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Яшчэ адной асаблівасцю буржуазіі, якая фарміравалася ў Беларусі, была колькасная перавага дробнай і драбнейшай як гарадской, так і сельскай буржуазіі, звязанай з дробнай рамеснай вытворчасцю і рознічным гандлем, «Буржуазія ва ўсіх краінах, – указваў Ф. Энгельс, – выйшла з радоў дробнай буржуазіі» [6]. Аднак у Беларусі ў адрозненне ад іншых краін роля і значэнне дробнай буржуазіі захавалася не толькі на пачатковым этапе генезісу капіталізму, але і пасля правядзення буржуазных рэформ. Амаль да другой паловы XIX ст. гэтая буржуазная (дакладней, перадбуржуазная) праслойка ўяўляла сабой нешта сярэдняе паміж гарадскім мяшчанствам феадальнай эпохі і дробнай буржуазіяй эпохі капіталізму, з яе сацыяльнай прыніжанасцю і штодзённымі турботамі аб хлебе надзённым. Яна прадстаўлена ўладальнікамі дробных майстэрняў, дробнымі гандлярамі і рамеснікамі. Дадзены сацыяльны слой адрозніваўся павышанай сацыяльнай няўстойлівасцю. 3 развіццём капіталізму і ростам канкурэнцыі з боку буйной і сярэдняй буржуазіі ўсё больш паглыбляўся працэс яго разлажэння і дыферэнцыяцыі. У той жа час, нягледзячы на разарэнне часткі гарадскіх рамеснікаў, колькасць гэтай сацыяльнай групы не зменшылася, а ўзрасла нават колькасна ў другой палове XIX ст. Рост колькасці рамеснікаў і дробных гандляроў можна растлумачыць ростам гарадоў і колькасці гарадскога насельніцтва, якому была патрэбна прадукцыя дробнай вытворчасці і расшырэнне сферы і аб’ёму бытавых паслуг.

Слабае развіццё капіталістычных форм вытворчасці прадвызначыла і яшчэ адну асаблівасць генезісу буржуазнага класа − доўгае захаванне ў Беларусі ліхвярніцтва як асноўнай формы крэдыту і ліхвяроў − як спецыфічнай буржуазнай праслойкі, цесна звязанай з дакапіталістычнымі формамі адносін.

Характэрнай асаблівасцю буржуазіі Беларусі была яе эканамічная сувязь з дваранствам (арэнда, ліхвярства, падрады, пасрэдніцтва і г. д.). Феадальнае грамадства пераўтваралася ў памешчыцка-буржуазнае вельмі марудна, і, галоўнае, пад знакам няўхільнага захавання эканамічных і палітычных інтарэсаў абсалютысцкай дзяржавы і класа памешчыкаў. Усё гэта стрымлівала працэс фарміравання буржуазіі як класа. Ва ўмовах, калі буржуазія была адносна слабай, яе функцыі ў значнай ступені ажыццяўлялі памешчыкі, якія ў сілу сваіх вузка класавых інтарэсаў не маглі стаць адной з асноўных сацыяльных крыніц фарміравання новага класа. I сцвярджэнне У.I. Леніна аб тым, што ў эпоху пераходу ад феадалізму да капіталізму ў розных краінах буржуазія была прадстаўлена «рознымі слаямі маёмных таваравытворцаў…» [7] дакладна адлюстроўвае характар пераходнай эпохі, аднак, «прадстаўляючы буржуазію», ліберальныя памешчыкі Беларусі заставаліся дваранамі-землеўладальнікамі і іх лібералізм быў асабліва абмежаваны ў сацыяльных адносінах і варожым інтарэсам сялянскіх мас.

Памешчыкаў (буржуазнага тыпу) і гарадскую буржуазію цяжка аднесці да аднаго класа. Ва ўмовах эканамічнай адсталасці і іншанацыянальнага паходжання буржуазія (яўрэі) і польскага паходжання або апалячаныя памешчыкі не маглі мець не толькі агульных мэт і сацыяльных пазіцый, агульных інтарэсаў у галіне эканамічнай дзейнасці, але часцей за ўсё былі варожымі адзін да аднаго і раздзелены вялікай безданню, якая не знікала і ў другой палове XIX ст.

Наступная характэрная рыса працэсу фарміравання буржуазіі ў Беларусі, у адрозненне ад іншых краін і рэгіёнаў, − наяўнасць нізкіх тэмпаў сацыяльнай эвалюцыі грамадства, што можна растлумачыць толькі вельмі нізкімі тэмпамі эканамічнага развіцця рэгіёну. Калі ў гарадах Беларусі сацыяльныя змены былі больш прыкметныя (разлажэнне феадальных саслоўных груп і паступовае фарміраванне перадумоў складвання асноўных класаў капіталістычнага грамадства − буржуазіі і пралетарыяту), то ў вёсцы цяжка ахарактарызаваць не толькі працэс сацыяльнай дыферэнцыяцыі, але і перадумовы гэтага працэсу, паколькі нават у першай палове XIX ст. беларуская вёска заставалася феадальна маналітнай, а маёмасная дыферэнцыяцыя − нязначнай. Буржуазія была сканцэнтравана ў буйных (галоўным чынам губернскіх) гарадах і фарміравалася часцей за ўсё з прадстаўнікоў мясцовага яўрэйскага насельніцтва ў атмасферы нядобразычлівасці і нават варожасці з боку сялянска-памешчыцкага грамадства і феадальнай дзяржавы.

Асаблівасцю працэсу фарміраварня новых класаў буржуазнага грамадства было і тое, што гэты працэс ахапіў толькі мізэрную частку насельніцтва Беларусі і не меў значнага размаху. Калі да сацыяльных крыніц фарміравання буржуазіі аднесці гільдзейскае купецтва, заможных мяшчан, якія займаліся гандлем або мелі рамесныя майстэрні і прамысловыя прадпрыемствы, а таксама частку дваран, якая займалася вытворчасцю прадуктаў на рынак і валодала прамысловымі прадпрыемствамі, то і тады іх колькасць к канцу 50-х гг. XIX ст. складзе не больш за 8 тыс. чал. абодвух полаў, г. зн. 0,25 % насельніцтва Беларусі [8, с. 65], а калі ўлічыць, што не ўсе памешчыкі, якія займаліся прадпрымальніцтвам, папоўнілі ў другой палове XIX ст. рады буржуазіі, то гэты рэзерв буржуазнага класа становіцца яшчэ меншым.

ІІІто да буржуазнай эвалюцыі сялянства, то, на наш погляд, у перыяд пераходу ад феадалізму да капіталізму беларускае сялянства было тыповай з’явай феадальнага грамадства і як адзіны феадальны клас мела фіксаваны юрыдычны статус, які змяняўся толькі ва ўмовах развітога капіталізму. Выдзяленне сельскай буржуазіі − гэта вынік працяглага працэсу сацыяльнай дыферэнцыяцыі, які ў другой палове XVIII − першай палове XIX ст. у Беларусі толькі пачынаўся. Выдзеліць сацыяльную групу, з якой вылучалася пазней сельская буржуазія, вельмі складана, паколькі ў вывучаемы перыяд слой адносна забяспечанага сялянства складаў неад’емную частку ўсяго сялянства і быў вельмі сацыяльна няўстойлівы. Менавіта агульная тэндэнцыя збяднення беларускай вёскі і палітыка дваранства і самадзяржаўя ў адносінах да сялянства прыводзілі хутчэй да нівеліроўкі сялянства, якое ў аднолькавай меры падвяргалася феадальна-прыгонніцкай эксплуатацыі і займала аднолькавае месца ў сістэме грамадскай вытворчасці.

Толькі аграрная буржуазная рэформа 1861 г. і разам з ёю больш шырокае ўцягненне вёскі ў таварна-грашовыя адносіны пераўтварылі працэс маёмаснай дыферэнцыяцыі ў працэс выдзялення слоя сельскай дробнай буржуазіі і перадпралетарыяту, і, відавочна, нельга не пагадзіцца з леніскай ацэнкай сялянства Расіі напярэдадні рэвалюцыі 1905 г.: «Паколькі захоўваюцца яшчэ прыгонніцкія адносіны, − пастолькі “сялянства” працягвае яшчэ быць класам, што значыць, паўтараем, класам не буржуазнага, а прыгоннага грамадства» [9].

Гэта можна растлумачыць тым, што ў Беларусі, як і ў цэлым у Расіі, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы суправаджалася вельмі маруднай, паступовай заменай феадальных прыёмаў эксплуатацыі капіталістычнымі і тут надоўга захаваліся дакапіталістычныя формы залежнасці, а сялянства, нягледзячы на дастаткова далёка зайшоўшы працэс расслаення, працягвала заставацца класам феадальнай грамадска-эканамічнай фармацыі нават у пачатку XX ст. Адной з асноўных прычын вельмі працяглай кансервацыі рыс феадальнай структуры вёскі было слабае развіццё прамысловасці, паколькі беззямельныя і малазямельныя сяляне нават пасля рэформы 1861 г. не маглі канчаткова парваць з вёскай, бо ў гарадах фактычна не патрэбны былі іх рабочыя рукі, г. зн. інтэнсіўнасць і ступень капіталістычнай эвалюцыі сялянства ў перыяд пераходу ад феадалізму да капіталізму была ў прамой сувязі з эканамічным развіццём рэгіёну. У 1866 г. выхадцаў з сялян у гарадах Беларусі налічвалася ўсяго крыху больш за 12 тыс. чалавек, або 3,4 % гарадскога насельніцтва [10].

Працэсы першапачатковага накаплення ў Беларусі і генезіс капіталізму працякалі запаволена і не супадалі храналагічна. На долю першапачатковага накаплення як такога выпала галоўным чынам дэструктыўная праца па жорсткай насільніцкай ломцы феадальных адносін, якія складаліся стагоддзямі. Гэты працэс пазбаўляў дробных вытворцаў іх гарантый існавання, закладзеных у феадальных інстытутах рознага роду. Аднак рэалізацыя магчымасцей капіталістычнага развіцця, якая закладзена ў працэс першапачатковага накаплення, не валодае механізмам аўтаматычнасці. Такім жа чынам ідуць справы і з фарміраваннем буржуазіі. Багатыя – гэта толькі патэнцыяльныя капіталісты. Капіталістамі de facto яны рабіліся толькі тады, калі ўкладалі свае грошы і зямлю ў капіталістычна арганізаваныя прадпрыемствы і гаспадаркі [11, с. 36]. Такіх «багатых» у Беларусі ў дарэформенны перыяд налічвалася толькі некалькі дзесяткаў чалавек. Рады буржуазіі Беларусі ў вывучаемы перыяд папаўняліся галоўным чынам за кошт багатых мяшчан, гільдзейскага купецтва, якія далучаліся да капіталістычных метадаў вытворчасці і гандлю. Радзей колькасць буржуазіі павялічвалася за кошт выхадцаў з іншых класаў і саслоўяў – з дваранства, цэхавых і рамесных элементаў. К. Маркс пісаў: «Без сумнення некаторыя дробныя цэхавыя майстры і яшчэ большая колькасць самастойных дробных рамеснікаў і нават наёмных рабочых пераўтварыліся ў дробных капіталістаў, а потым ... у капіталістаў sanspharase (без агаворак)» [12].

У Беларусі ўдзельная вага цэхавых майстроў у складзе класа буржуазіі, які фарміраваўся, была вельмі невялікай, таму што цэхавае рамяство ўяўляла сабой у асноўным антыпод капіталістычнай вытворчасці, а не этап пераходу эканамічных структур феадальнага грамадства ў капіталістычнае. Развіццё буржуазных адносін базіравалася пераважна на пазакарпаратыўных формах вытворчасці і абмену, а працэсы, якія праходзілі ўнутры цэхаў у гарадах і мястэчках беларускіх губерняў у вывучаемы перыяд, сведчылі хутчэй аб знешнім уплыве працэсу генезісу капіталізму і вялі рамесную вытворчасць не да буржуазных форм, не да прамога перарастання ў капіталістычную мануфактуру, а да кансервацыі феадальных структур дробнай вытворчасці. Таму, закранаючы пытанне аб папаўненні класа буржуазіі за кошт цэхавых майстроў, К. Маркс пісаў, што «такія выпадкі рэдкія па самой прыродзе рэчаў» [13].

Аднак шэраг даследчыкаў гэтыя рэдкія выпадкі ўспрымаюць часам як заканамернасць і прыходзяць да неабгрунтаваных вывадаў. Напрыклад, у манаграфіі В.У. Чапко, прысвечанай эканамічнаму развіццю гарадоў Беларусі ў першай палове XIX ст., прыведзены прыклады пашырэння рамесных майстэрняў і пераўтварэння разбагацеўшых уладальнікаў у капіталістаў, а іх майстэрні − у капіталістычныя мануфактуры [14, с. 38−39]. Гэта дазволіла аўтару манаграфіі зрабіць агульны вывад аб тым, што на працягу першай паловы XIX ст. рамесная вытворчасць спазнала не толькі колькасныя, але і якасныя змяненні: «Усё шырэй выкарыстоўвалася наёмная праца, расло падпарадкаванне рамеснікаў скупшчыку. Асобныя найбольш заможныя майстры станавіліся прадпрымальнікамі, арганізоўвалі вытворчасць на капіталістычных пачатках» [14, с. 32]. Разгледзім больш падрабязна прыведзеныя В.У. Чапко прыклады: «Некаторыя гарбарныя майстэрні Магілёва, што існавалі ў першай палове XIX ст., у канцы 40-х гг. ператвараліся ў мануфактурныя прадпрыемствы, 12 такіх майстэрняў (са 103) мелі па 8−10 рабочых, астатнія − па 1−2» [14, с. 38]. Па-першае, прадпрыемствы з 8−10 рабочымі адносіліся да дробных капіталістычных, а не мануфактурных, а, па-другое, колькасць рабочых на гэтых 12 прадпрыемствах змянялася і толькі ў асобныя гады перавышала 5 чалавек [15], а ў другой палове XIX ст. гэтыя рамесныя майстэрні ўвогуле былі закрыты, дзейнічала толькі адна капіталістычная гарбарная мануфактура з колькасцю рабочых 18 чалавек [16, с. 264]. Ніколі не было рамеснай майстэрняй суконнае прадпрыемства ў мястэчку Бяроза Гродзенскай губерні. Узнікла яно ў 1830 г. адразу як мануфактурнае прадпрыемства і праіснавала да 1860 г. [17]. Падобны малюнак характэрны і для дробных гарбарных прадпрыемстваў г. Пружаны той жа губерні [18]. Пацвярджае тэзіс В.У. Чапко аб перарастанні рамесных майстэрняў у прадпрыемствы мануфактурнага тыпу і пераўтварэнні ўладальнікаў майстэрняў у капіталістаў толькі прыклад па г. Гродне, калі рамесная майстэрня Д. Гейзлера, на якой у канцы XVIII ст. працавалі 2 чалавекі, пераўтварылася ў канцы 20-х гг. XIX ст. у капіталістычную мануфактуру з колькасцю вольнанаёмных рабочых каля 20 чалавек. У 1829 г., акрамя майстра, 3 чаляднікаў і 3 вучняў, тут працавала 2 падстрыгачы, фарбавальшчык і 8 чорнарабочых [19].

Вельмі нязначнай крыніцай папаўнення буржуазных элементаў у Беларусі з’яўлялася дваранства. У вывучаемы перыяд дваранскае прадпрымальніцтва працягвала насіць прыгонны характар. М.I. Паўленка, характарызуючы эвалюцыю дваранства Расіі ў XVII−XVIII стст., адзначае, што, па-першае, дваранін, які займаўся прадпрымальніцтвам, не пераставаў быць дваранінам. Па-другое, няўдачы, звязаныя з прадпрымальніцтвам, сведчылі аб вельмі абмежаваных магчымасцях прыгонніцкай гаспадаркі ў пераходны перыяд ад феадалізму да капіталізму [20, с. 75]. У Беларусі, напрыклад, у 30-х гг. XIX ст., з 46 дваран, што валодалі прамысловымі прадпрыемствамі ў гарадах і мястэчках, г. зн там, дзе была магчымасць выкарыстоўваць свабодныя рабочыя рукі, толькі на 19 прадпрыемствах пераважала праца вольнанаёмных, на астатніх − прыгоннікі аказаліся вернымі традыцыйным формам працы залежных сялян [8, с. 131−143, 149−156]. Абуржуажванне часткі дваранства, якое выражалася ў яго бюракратызацыі і выкарыстанні капіталістычных прыёмаў вядзення гаспадаркі, хутчэй неабходна аднесці да элементаў разлажэння феадальна-прыгонніцкай сістэмы, да прыкладаў прыстасавання дваранства да знешняга ўздзеяння капіталістычнага свету, а не да канструктыўнага працэсу зараджэння буржуазнага ўкладу ў рэгіёне. Вельмі часта скапленне грошай у руках дваран не паскарала развіццё прамысловасці: гэтыя сумы ішлі не на вытворчасць, а на задавальненне бытавых патрэб, г. зн. на захаванне прывілей пануючага класа.

Праўда, былі адзінкавыя прыклады і выкарыстання капіталаў дваран для развіцця прамысловасці. У 1767 г. у Рэчы Паспалітай створана змешаная шляхецка-мяшчанская кампанія шарсцяных мануфактур [21], у 1787 г. − Таварыства айчыннай палатнянай фабрыкі [22]. Аднак дзейнасць гэтых кампаній была кароткачасовай: к канцу XVIII ст. яны распаліся [23]. Узнікалі гандлёва-прамысловыя шляхецка-мяшчанскія і шляхецка-купецкія арганізацыі для абслугоўвання арміі. Кіраўнікі і арганізатары гэтых кампаній хутка абагачаліся, але і хутка сыходзілі са сцэны, вырашыўшы сваю прагматычную задачу. Таму не выпадкова даследчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэчы Паспалітай адзначаюць, што к канцу XVIII ст. у краіне да прадстаўнікоў класа буржуазіі можна аднесці толькі каля 50 чалавек [24, с. 73]. Сярод нешматлікай прамысловай буржуазіі Беларусі, ды і ў цэлым у Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад Расіі зусім не было выхадцаў з гарадскіх нізоў або сялянскага асяроддзя. Часцей, як адзначалася, гэта былі прадстаўнікі купецтва і багатага мяшчанства. У першай палове XIX ст. буйная і сярэдняя буржуазія ў Беларусі з’яўлялася зусім нешматлікай і па-ранейшаму налічвала некалькі дзесяткаў чалавек. Адсутнасць буйных капіталаў і фінансавай падтрымкі з боку ўрада стрымлівалі працэс фарміравання новых класаў − буржуазіі і пралетарыяту. Сацыяльную эвалюцыю тармазілі ўмацаваная стагоддзямі саслоўная структура і сацыяльная псіхалогія, што склалася пад яе ўплывам. Апошні фактар найбольш моцна праяўляўся ва ўмовах Беларусі, дзе ў сацыяльна-псіхалагічнай сферы доўга захоўваліся маральныя каштоўнасці ўжо зжыўшай сябе феадальна-саслоўнай структуры, спадчынай якой з’яўлялася шляхецкая манаполія на ўладу, зямельную ўласнасць і грамадскі прэстыж, а таксама поўнае бяспраўе залежных сялян, мяшчанскага саслоўя і прававая дыскрымінацыя яўрэяў.

У працэсе змешвання саслоўяў і фарміравання новай структуры грамадства важную ролю адыгрывалі гарады. Тут раней былі выяўлены змены і ў сацыяльнай псіхалогіі: крыніцай прэстыжу ў грамадстве ўсё часцей станавіўся не толькі шляхецкі герб, але і адукацыя, грамадскія заслугі, маёмаснае становішча. У гарадах Беларусі назіралася дыферэнцыяцыя гараджан на заможныя вярхі, якія складалі нязначную меншасць гарадскіх жыхароў, і немаёмных гараджан, галоўным чынам мяшчан, якія былі асноўнай сацыяльнай групай беларускіх гарадоў, што з’яўлялася крыніцай фарміравання перадпралетарыяту.

Другой сацыяльнай групай, на аснове якой складваліся кадры рабочых, стала сялянства, што жыло ў гарадах і налічвала ў канцы XVIII − пачатку XIX ст. каля 3,8 % (3737 чал.) ад колькасці гараджан. У 30-х гг. XIX ст. іх было 3911 чал. (2,1 % гарадскога насельніцтва) [8, с. 63], але ў пачатку 60-х гг. XIX ст. іх колькасць узрасла да 12 тыс. чал., што склала 3,4 % гарадскога насельніцтва Беларусі [2, с. 328]. Выходзіць шэраг указаў сената, якія дазвалялі сялянам пераходзіць у іншыя сацыяльныя групы − мяшчан і купцоў [25]. Па маёмасным становішчы гарадскія сяляне падзяляліся на дзве групы: невялікая па колькасці група заможных сялян вяла дробны гандаль, займалася рамяством, а немаёмныя сяляне працавалі сезонна па найме або жылі выпадковым заробкам. Крыніцы канца XVIII − пачатку XIX ст. называюць групу асоб, якія жылі ў гарадах, «і часова былі на розных пасадах, займаліся гандлем і рознымі працамі» [8, с. 64]. Некаторыя, хто «часова працаваў», вярталіся назад у свае вёскі і сёлы, а частка заставалася ў гарадах пастаянна і запісвалася ў мяшчанства.

Архіўныя матэрыялы (справаздачы губернатараў і паліцыі) неаднаразова адзначаюць, што значная колькасць мяшчан, сялян, якія жылі ў гарадах, і шляхты не мелі сродкаў для існавання [26], аднак вызначыць дакладна колькасць немаёмных гараджан няма магчымасці. Колькасць рабочых на мануфактурах і ў рамесных майстэрнях складала ў канцы 50-х гг. XIX ст. каля 6 тыс. чал. (0,19 % усяго насельніцтва) [14, с. 177]. Аднак мяшчане, сяляне і збяднелая шляхта, якія складалі значную большасць насельніцтва гарадоў, былі патэнцыяльным рэзервам, з якога пры спрыяльных умовах (бурным развіцці капіталізму) маглі рэкрутавацца кадры пралетарыяту Беларусі ў другой палове XIX ст. У даследуемы перыяд ішоў працэс масавай паўперызацыі насельніцтва гарадоў. Гарады па-ранейшаму заставаліся цэнтрамі рамяства і гандлю, і працэс расслаення дробных таваравытворцаў і станаўлення буржуазных адносін у іх асяроддзі працякаў вельмі марудна.

Адным з важнейшых пытанняў фарміравання перадумоў генезісу пралетарыяту і буржуазіі з’яўляецца пытанне аб развіцці маёмаснай няроўнасці і сацыяльнага расслаення сялянства, якое складала большасць насельніцтва Беларусі ў вывучаемы перыяд. У параўнанні з другой паловай XVIII ст. у дарэформенны перыяд у асобных гаспадарках адбываецца рэзкае скарачэнне ўдзельнай вагі заможных сялянскіх гаспадарак (з 11,5 % да 3,2 %), што тлумачыцца развіццём паншчыннай сістэмы і ўзмацненнем прыгоннага прыгнёту. Удзельная вага бедных гаспадарак некалькі зменшылася (з 34,2 % да 31,7 %), і значна вырасла ўдзельная вага сярэдніх гаспадарак (з 54,3 % да 65,1 %). Гэта тэндэнцыя пацвярджаецца прыкладамі, якія прыводзіліся адносна першай паловы XIX ст. у працах В.У. Чапко і М.М. Улашчыка [14; 27].

У першай палове XIX ст. ва ўмовах панавання натуральнай і паўнатуральнай сельскай гаспадаркі немагчымым было ўзнікненне буржуазных адносін Фальваркова-паншчынныя адносіны пагаршалі матэрыяльнае становішча ўсіх сялян у цэлым і супрацьстаялі фарміраванню заможных катэгорый. Гэтыя рысы маёмаснай нівеліроўкі даследчыкі адзначаюць амаль паўсюдна. Адбывалася абеззямельванне сялянства ў цэлым пры адначасовай нівеліроўцы матэрыяльнага становішча і зямельных надзелаў, г. зн. адбываўся працэс памяншэння сярэдняга надзелу на сялянскую гаспадарку і павелічэнне памераў паншчыннай ворнай зямлі.

Гэтыя тэндэнцыі назіраюцца і ў парэформенны перыяд, хаця асобныя даследчыкі спрабуюць іх завуаліраваць, а часам і сказіць [28]. Так, В.П. Панюціч, які разглядаў працэс разлажэння сялянства Беларусі ў другой палове XIX ст., прыходзіць да вываду, што гэты працэс зайшоў даволі далека і разам з шырокім выкарыстаннем наёмнай працы сведчыў аб наяўнасці капіталістычнай сістэмы сельскай гаспадаркі, якая ў цэлым быццам склалася тут у 6070-х гг. XIX ст. [28, с. 294].

Разглядаючы працэс пераўтварэння малазямельных сялян у наёмных работнікаў, пераўтварэння агароднікаў у бабылёў, аўтар чамусьці прыводзіць прыклады па Віленскай губерні або робіць «глыбокія» спасылкі на працу М.М. Дружыніна «Дзяржаўныя сяляне і рэформа П.Дз. Кісялёва».

Выдзяленне з асяроддзя сялянства якасна разнастайных сацыяльных слаёў пры наяўнасці феадальных перажыткаў і паўфеадальнай залежнасці сялян не магло прывесці да разлажэння сялянства як класа феадальнага грамадства і ўтварэння новых тыпаў сельскага насельніцтва. Гэтыя тыпы (сельская буржуазія і сельскі пралетарыят, пераважна з надзелам) маглі скласціся толькі ў эпоху панавання таварнай вытворчасці, падпарадкавання селяніна рынку, аднак і ў 6070-х гг. XIX ст. такіх умоў сацыяльных працэсаў у беларускай вёсцы не было. У першыя парэформенныя дзесяцігоддзі працэс разлажэння беларускага сялянства знаходзіўся ў пачатковай стадыі. Як у сялянскай, так і ў памешчыцкай гаспадарцы наём насіў адбітак нядаўняй феадальнай эпохі і ў большасці выпадкаў суправаджаўся кабалой і асабістай залежнасцю ад наймальніка.

Фактычны матэрыял манаграфіі В.П. Панюціча супярэчыць і вываду аўтара аб тым, што «ва ўмовах капіталізму пазбаўленне зямлі як асноўнага сродку вытворчасці, экспрапрыяцыя сялянства адзначалі яго пралетарызацью» [28, с. 296].

Літаральна на наступнай старонцы аўтар адзначае, што к канцу 1867 г. у Беларусі было завершана надзяленне зямлёй беззямельных, г. зн. ішоў працэс скарачэння абеззямеленых двароў, а такім чынам тармазіўся і працэс пралетарызацыі як аднаго з бакоў буржуазнага расслаення ў беларускай вёсцы.

Статыстычныя даныя і размеркаванне сялян па сацыяльных групах у залежнасці ад наяўнасці надзельнай зямлі і жывёлы падабраны тэндэнцыйна, з мэтай даказаць размыванне сярэдняга сялянства і павелічэнне праслоек больш беднага і багатага сялянства [28, с. 250, 318].

Сярэдні надзел у багатых сялян быў роўны ў 1877 г. 26,6 дзес., а надзел серадняка 15−20 дзес., г. зн. асноўная маса заможных была не на многа багацей за сераднякоў, як і частка бяднейшага сялянства была не на многа бядней за тых жа сераднякоў. Калі браць за аснову колькасць жывёлы і дзяліць сялян па прынцыпе В.П. Панюціча (запазычанага ім у У.I. Леніна, які даследаваў працэс расслаення сялянства ў цэлым па Расіі) на тры групы: беднякі (бясконныя і аднаконныя), сераднякі (2−3 кані) і багацеі (чатыры кані і больш), то параўнальныя даныя будуць выглядаць наступным чынам:

Табліца 1*

Групы

Гады


1888 г.

1900 г.

I. Беднякі

55,2 %

60,9 %

II. Сераднякі

35,3 %

32,9 %

III. Багацеі

9,5 %

6,2 %

Калі ж сялян, у гаспадарцы якіх быў адзін конь, аднесці да сераднякоў (пры невялікім складзе сям’і было дастаткова аднаго каня для апрацоўкі зямлі), то карціна рэзка зменіцца, і мы зможам характарызаваць больш аб’ектыўна працэс дыферэнцыяцыі сялянства ў беларускай вёсцы:

Табліца 2**

Групы

Гады


1888 г.

1900 г.

I. Беднякі

18,1 %

18 %

II. Сераднякі

72,4 %

75,8 %

III. Багацеі

9,5 %

6,2 %

Такім жа чынам ідуць справы і з надзельнай зямлёй. Іншымі словамі, у парэформенны перыяд назіралася тая ж тэндэнцыя, што і ў першай палове XIX ст. − ішоў працэс нівеліроўкі, асераднячвання сялянства, пры агульным збядненні большасці з іх

Адсюль і супрацьлегласць сцвярджэння і вывадаў аўтара па гэтым пытанні. На с. 346 ён сцвярджае, што «адмена прыгоннага права, рост гандлёвага, капіталістычнага землеўладання, выцясненне натуральнай сялянскай гаспадаркі таварнаграшовай прывялі да разлажэння сялянства як класа феадальнага грамадства, вымывання яго сярэдніх слаёў, фарміравання класаў капіталістычнага грамадства сельскай буржуазіі (галоўным чынам дробнай) і сельскага пралетарыяту, большай часткай з надзеламі». На с. 279 аўтар робіць зусім супрацьлеглы вывад: «Пры наяўнасці буйных рэшткаў прыгонніцтва ў вёсцы сялянства заставалася класам феадальнага грамадства, класам-саслоўем». У.I. Ленін пісаў аб гэтым у 1902 г.: «Супраць прыгонніцтва, супраць памешчыкаў-прыгоннікаў і дзяржавы, якая ім служыць, сялянства працягвае яшчэ заставацца класам, менавіта класам не капіталістычнага, а прыгонніцкага грамадства, г. зн. класам-саслоўем» [29].

Не заўсёды сведчылі аб буржуазным расслаенні феадальнага сялянства і асобныя выпадкі найму ў сялянскай гаспадарцы. Бывалі выпадкі, калі бедная ўдава брала ў свой дом работніка, бо не магла сама справіцца з гаспадаркай, калі мірам наймалі пастуха. Бывалі выпадкі найму на кароткі тэрмін у жніўную пару [30, с. 51]. У сельскай гаспадарцы развіццё буржуазнага прадпрымальніцтва ішло надзвычай марудна. Капітал пазней за ўсё авалодвае земляробствам, ды і наогул, новыя рысы расслаення сялян назіраюцца раней за ўсё ў раёнах, блізкіх да буйных гандлёва-прамысловых цэнтраў. У перыяд позняга феадалізму яны былі характэрны для часткі перш за ўсё дзяржаўных сялян і ў меншай ступені для сялян, якія належалі буйным царкоўным і свецкім землеўладальнікам.

Нешматлікія выпадкі прымянення прымусовай наёмнай працы ў Беларусі яшчэ не даказваюць яго буржуазнага характару. У параўнанні нават з платай дваровай прыслузе, у фальварках плата работнікам прыкладна ў 10 разоў была меншай [31, с. 45]. Работнік звычайна атрымліваў за сезон ад 5 да 12 руб. [32]. Не абыходзілася без прымусу і пры аддачы сялян на заработкі (будаўнічыя, земляныя, лесанарыхтоўчыя і пагрузачна-разгрузачныя работы). Дзяржаўныя сяляне ў такіх выпадках таксама не з’яўляліся выключэннем. У цэлым напярэдадні рэформы наём не меў шырокіх памераў. На вотчынных, вінакурных, цагляных, вапнавых, лесапільных і мукамольных прадпрыемствах пераважала прымусовая праца. Становішча не мяняла і аддача гэтых прадпрыемстваў у арэнду купцам і мяшчанам. Да канца вывучаемага перыяду ў Беларусі пераважалі вотчынныя прадпрыемствы з прымяненнем працы прыгонных сялян. Слабая інтэнсіўнасць працэсаў капіталістычнага развіцця ў Беларусі кансервавала сацыяльную структуру феадальнага грамадства. Слой малазямельных і беззямельных сялян вельмі доўга не мог пераўтварыцца ў слой сельскагаспадарчых рабочых у сучасным сэнсе гэтага слова, г. зн. слой свабодных наёмных рабочых, звязаных з работадаўцам толькі адносінамі найму і звальнення. Тым не менш, з’яўленне і развіццё гэтага слоя ў вёсцы, яго ўнутраная дынаміка, паступовае, але няўхільнае вызваленне ад феадальных і паўфеадальных форм залежнасці гавораць аб тым, што ў першай палове XIX ст. былі створаны перадумовы для капіталістычнай эвалюцыі сялянства ў парэформенны перыяд. У Беларусі, дзе надоўга захаваліся дакапіталістычныя формы залежнасці, сялянства, нягледзячы на працэс расслаення, працягвала заставацца класам феадальнага грамадства. З’яўленне разбуранай праслойкі бяднейшай гаспадаркі характарызавалася не пралетарызацыяй, г. зн. уцягваннем сялянства, якое разаралася, у сферу капіталістычнай эксплуатацыі, а паўперызацыяй растучым збядненнем бяднейшага сялянства.



Позні пачатак зараджэння і развіцця капіталізму вызначыў і больш маруднае развіццё сацыяльнай структуры, складванне перадумоў фарміравання тут класаў буржуазнага грамадства. У Беларусі захавалася панаванне феадальных адносін і феадальнага класа на працягу значнай часткі XIX ст. Характэрнай рысай рэгіёну ў даследуемы перыяд была выключная стракатасць сацыяльнай структуры. Феадальнае грамадства пераўтваралася ў памешчыцка-буржуазнае марудна і, галоўнае, пад знакам няўхільнага захоўвання эканамічных і палітычных інтарэсаў абсалютысцкай дзяржавы і класа памешчыкаў. Аднак сацыяльныя працэсы, што адбываліся ў горадзе і вёсцы, былі асновай, на якой вырасталі ў далейшым новыя сацыяльныя структуры буржуазнага грамадства, якое нараджалася, − буржуазія, пралетарыят, чыноўніцтва і інтэлігенцыя.

Літаратура і крыніцы

  1. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1959. – Т. 4. – С. 183.

  2. Готина, Г.П. Источники комплектования и генезис буржуазии / Г.П. Готина // Социальная структура общества в XIX в.: Страны Центральной и Юго-Восточной Европы. – М., 1982.

  3. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 26: июль 1914 – август 1915. – С. 241–242.

  4. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1959. – Т. 4. – С. 46–47.

  5. Люты, А.М. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. / А.М. Люты. – Мінск, 2004. – Дадатак 2: Размеркаванне гарадскога насельніцтва па сацыяльных групах у канцы XVIII – пачатку XIX ст. – С. 308–310; Дадатак 3: Размеркаванне гарадскога насельніцтва па сацыяльных групах у 30-х гг. XIX ст. – С. 311–313; Дадатак 4: Размеркаванне гарадскога насельніцтва па сацыяльных групах у 50-х гг. XIX ст. – С. 314–316.

  6. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1959. – Т. 4. – С. 47.

  7. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 26: июль 1914 – август 1915. – С. 144.

  8. Лютый, А.М. Источники пополнения и роста городского населения Белоруссии в конце XVIII – 30-е годы XIX в. / А.М. Лютый // Вопросы истории. – Минск, 1981.

  9. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 6: январь – август 1902. – С. 312.

  10. Панютич, В.П. Миграция белорусского крестьянства в города в 60–90-е годы XIX в. / В.П. Панютич // Взаимосвязи города и деревни в их историческом развитии: материалы XII сессии Всесоюзного симпозиума по изучению проблем аграрной истории. – М., 1989. – С. 61.

  11. Чистозвонов, А.Н. Генезис капитализма: проблемы методологии / А.Н. Чистозвонов. – М., 1985.

  12. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1959. – Т. 23. – С. 759.

  13. Маркс, К. Сочинения: в 30 т. / К. Маркс, Ф. Энгельс. – 2-е изд. – М.: Политиздат, 1959. – Т. 46. – С. 497.

  14. Чепко, В.В. Население городов и местечек Белоруссии в первой половине XIX в. / В.В. Чепко // Проблемы социально-экономического развития Белоруссии. – Минск, 1976.

  15. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 561. – Л. 1−182; Болбас, М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795−1861 гг.) / М.Ф. Болбас. – Минск: Наука и техника, 1966. – С. 249.

  16. Болбас, М.Ф. Промышленность Белоруссии. 1860–1900 / М.Ф. Болбас. – Минск: Изд-во БГУ, 1978. – 312 с.

  17. Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Гродне (НГАБ у Гродне). – Фонд 1. – Воп. 27. – Спр. 486. – Л. 37–38; Болбас, М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795−1861 гг.) / М.Ф. Болбас. – Минск: Наука и техника, 1966. – С. 241.

  18. НГАБ у Гродне. – Фонд 1. – Воп. 20. – Спр. 232. – Л. 4; Болбас, М.Ф. Развитие промышленности в Белоруссии (1795−1861 гг.) / М.Ф. Болбас. – Минск: Наука и техника, 1966. – С. 252.

  19. НГАБ у Гродне. – Фонд 1. – Воп. 3. – Спр. 753. – Л. 1−2.

  20. Павленко Н.И. К вопросу об эволюции дворянства в XVII−XVIII / Н.И. Павленко // Вопросы генезиса капитализма в России. – Л., 1960.

  21. AGAD. Zbior z Museum Narodowego. – Dzial 1. – Sygn. 359. – S. 132.

  22. AGAD. Zbior z Museum Narodowego. – Dzial 1. – Sygn. 495. – S. 14.

  23. AGAD. Zbior z Museum Narodowego. – Dzial 1. – Sygn. 635.

  24. Польша на путях развития и утверждения капитализма. Конец XVIII – 60-е годы XIX в. – М., 1984.

  25. НГАБ. – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 277. – Л. 118.

  26. НГАБ. – Фонд 295. – Воп. 1. – Спр. 70. – Л. 170; Спр. 129. – Л. 131; Фонд 3014. – Воп. 1. – Спр. 58а. – Л. 3.

  27. Улащик, Н.Н. Предпосылки крестьянской реформы 1861 г. в Литве и Западной Белоруссии / Н.Н. Улащик.  М.: Наука, 1965.  479 с.

  28. Панютич, В.П. Социально-экономическое развитие Белорусской деревни в 18611900 гг. / В.П. Панютич. – Минск, 1990.

  29. Ленин, В.И. Полное собрание сочинений: в 50 т. / В.И. Ленин. – 5-е изд. – М.: Политиздат, 1979–1983. – Т. 6: январь – август 1902. – С. 311.

  30. Шапиро, А.Л. Об имущественном неравенстве и социальном расслоении русского крестьянства в эпоху феодализма / А.Л. Шапиро // Вопросы генезиса капитализма в России. – Л., 1960.

  31. Мулявичус, Л. Некоторые вопросы генезиса капитализма в Литве / Л. Мулявичус, М. Ючас. – Вильнюс, 1968.

  32. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў у Санкт-Пецярбурзе (РДГА). – Фонд 716. – Воп. 2. – Спр. 61. – Л. 31, 34,57; Спр. 147. – Л. 151–152, 159; Спр. 149. – Л. 26, 29.


**Табліца складзена па даных: Панютич, В.П. Социально-экономическое развитие Белорусской деревни в 18611900 гг. / В.П. Панютич. – Минск, 1990. – С. 250, 318.

****Табліца складзена па тых жа даных, што табліца 1.



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка