Плагіят у беларускіх вну: прычыны, наступствы, спосабы рашэння




старонка1/3
Дата канвертавання02.01.2019
Памер401.15 Kb.
  1   2   3

powerpluswatermarkobject295260510





Плагіят у беларускіх ВНУ:

прычыны, наступствы, спосабы рашэння

Вадзім Мажэйка



Пётр Рудкоўскі

Змест
Падзякі
Рэзюме
1. Метадалагічныя ўводзіны
1.1. Чаго гэтае даследаванне тычыцца і чаго не тычыцца
1.2. Кантэкст адкрыцця vs кантэкст абгрунтавання
1.3. Дэфініцыя і класіфікацыя
2. Эмпірычныя дадзеныя адносна маштабу і формаў плагіяту
2.1. Апытанне BIPI
2.2. Паўструктураваныя інтэрв’ю
2.3. Дадзеныя на базе ўдзельнага назірання
2.4. Што мы даведаліся з прадстаўленых дадзеных
3. Фактары плагіяту
3.1. Фактары названыя студэнтамі
3.2. Фактары названыя выкладчыкамі
3.2.1. Фактары, звязаныя з сітуацыяй студэнтаў
3.2.2. Фактары, звязаныя з сітуацыяй выкладчыкаў
3.2.3. Сістэмныя і культурныя фактары
3.3. Сінапсіс фактараў, названых рэспандэнтамі
4. Чаму беларусы здзяйсняюць плагіят?
4.1. Спагляд здалёк: што кажуць наконт фактараў іншыя даследнікі
4.2. Вяртаючыся да Беларусі: чатыры ключавыя фактары
Рэкамендацыі
Дадатак. Ілюстацыйныя прыклады міжмоўнага плагіяту
Падзякі
Мы выказваем шчырую падзяку ўсім, хто пагадзіўся прыняць удзел у інтэрв'ю і такім чынам спрычыніўся да збору першасных дадзеных для гэтага даследавання.
Мы таксама дзякуем прафесар Ларэце Таўгінене за яе парады і крытычныя заўвагі. Безумоўна, адказнасць за магчымыя недахопы даследавання ляжыць на аўтарах.
Вялікі дзякуй Цэнтру Астрагорскага за давер да нас і падтрымку нашага даследавання.

Рэзюмэ


  • У сучаснай акадэмічнай дыдактыкі, усё большы і большы націск робіцца на пісьмовых заданнях, асабліва даследніцкіх эсэ. Без сумневу, гэта адзін з лепшых спосабаў для студэнтаў, каб азнаёміцца з канкрэтнымі тэмамі і развіваць крытычнае мысленне. З іншага боку, пісьмовыя заданні надзвычай падатлівыя на розныя нядобрасумленныя практыкі, спасярод якіх найбольш яскравым з'яўляецца плагіят.

  • Прынамсі 50% беларускіх студэнтаў займаюцца плагіятам. Яны здзяйсняюць усе віды плагіяту, з якіх кампіляцыя і копіпаст найбольш распаўсюджаныя. Вельмі верагодна, што значная частка беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ва ўніверсітэтах заходняга тыпу, таксама прыбягаюць да плагіяту.

  • У беларускай акадэмічнай сістэме шырока распаўсюджана таларантнае стаўленне да плагіяту. Выкладчыкі вельмі паблажлівыя ў справе пакарання за плагіят.

  • Няма курсаў крытычнага мыслення або/і акадэмічнага пісання, якія б давалі магчымасць студэнтам пазнаёміцца з прынцыпамі пошуку і перапрацоўкі інфармацыі. Існуючая сістэма патрабуе, каб студэнты выконвалі шмат пісьмовых працаў, але не дае ім інструментаў для выканання гэтых прац адпаведным чынам. Гэта — галоўным фактар распаўсюду плагіяту.

  • Іншыя фактары плагіяту: адсутнасць ліцэнзійнага праграмнага забеспячэння “АнтыПлагіят” у распараджэнні выкладчыкаў, перанагрузка студэнтаў і выкладчыкаў, нізкія заробкі выкладчыкаў, а таксама слабасць акадэмічнай этыкі ў Беларусі.

  • Для таго, каб пачаць усур'ёз пераадольваць праблему, ВНУ павінны перадусім вучыць студэнтаў крытычнаму мысленню і напісанню акадэмічных працаў. Важна даць студэнтам інструменты, з дапамогай якіх яны будуць магчы выконваць пісьмовыя заданні. Ніякія іншыя захады не будуць працаваць, калі гэты элемент ігнаруецца.



1. Метадалагічныя ўводзіны
1.1. Чаго гэтае даследаванне тычыцца і чаго не тычыцца
Гэта практыка-арыентаванае даследаванне, якое праводзіцца з улікам пэўнага стратэгічнага бачання. Стратэгічная мэта палягае ў тым, каб зрабіць сістэму беларускай адукацыі прасторай прафесіяналізму, параўнальнай са сваімі аналагамі ў развітых краінах, такіх як Нямеччына, ЗША ці Вялікабрытанія. Неабходнай (але не дастатковай) умовай для дасягнення гэтай мэты з'яўляецца пераадоленне праблемы плагіяту. Кажучы больш рэалістычна, мы хочам ўнесці свой уклад у пераадоленне праблемы, і гэты ўклад можа мець розныя формы: звярнуць увагу на праблему, стварыць супольнасць вакол ідэі барацьбы з плагіятам, распрацаваць практычныя рэкамендацыі для зацікаўленых ігд.
Для таго, каб унесці свой уклад у пераадоленне праблемы плагіяту мы павінны прынамсі прыблізна ацаніць яго абшар і ўстанавіць асноўныя фактары якія яго абумоўліваюць. Кагнітыўны аспект працэсу вырашэння праблемы вельмі важны, паколькі без яго паўстае рызыка марнавання часу, намаганняў і іншыя рэсурсы на рэалізацыю неэфектыўных рашэнняў. З іншага боку, не варта ўспрымаць кагнітыўную частку працы як самамэту. Нам патрэбныя веды, якія будуць перадусім карыснымі для вырашэнння праблемы плагіяту ў беларускай рэальнасці. Можна вывучаць самыя розныя аспекты плагіяту: які адсотак студэнтаў і выкладчыкаў здзяйсняюць плагіят? Які псіхалагічны стан суправаджае працэс стварэння плагіятнай працы? Чаму беларускія студэнты практыкуюць плагіят? Якія існуюць рашэнні праблемы ў беларускіх студэнтаў і выкладчыкаў? Колькі беларускіх грамадзянаў ведае пра існаванне плагіяту ў беларускай вышэйшай адукацыі? Хто быў першым беларусам, які здзейсніў плагіят?
Усе гэтыя пытанні могуць быць самі па сабе цікавымі, але не ўсе яны прыдатныя для нашых мэтаў. Няма сумненняў у тым, што адказ на пытанне аб адсотках дужа прыдатны, бо выбар практычных мер залежаць ад таго, ці праблема зусім маргінальная і з’яўляецца зрэдку, ці яна шырока распаўсюджаная і мае сістэмны характар. Яшчэ больш карысным з'яўляецца адказ на пытанне пра фактары. Як лекар, ведаючы прычыну захворвання, можа паспяхова лячыць хваробу, так і веданне, чаму людзі займаюцца плагіятам, вельмі карыснае ў пошуку эфектыўных інструментаў для пераадолення праблемы. Але веданне, які адсотак беларускага насельніцтва ўсведамляе існаванне плагіяту, у гэтым выпадку мала прыдатнае. Устанаўленне, хто быў першым беларускім плагіятарам, было б выдатным гістарычным адкрыццём, але гэта выканання нашых задач гэта ніякага значэння не мае. Такім чынам, першая рэч, якой наша даследаванне не тычыцца, гэта:

(1) Даследаванне не накіравана на прадстаўленне абсалютных і вычэрпных ведаў аб плагіяце ў беларускай адукацыі.


Лічыцца, што галоўнай вартасцю акадэмічных і экспертных ведаў з'яўляецца іх надзейнасць (reliability). Мы падтрымліваем гэтую тэзу, але з трыма агаворкамі. Па-першае, варта памятаць, што няма чагось такога, як «абсалютная надзейнасць». У выпадку эмпірычных дадзеных «надзейным», як правіла, лічыцца фактуальные цверджанне, якое знаходзіцца «па-за рацыянальным сумненнем». Калі трэба выкарыстоўваць, напрыклад, дадзеныя Gallup Institute альбо Pew Research Center, не абавязкова даказваць іх надзейнасць: дастаткова таго, што няма падставаў сумнявацца ў тым, што гэтыя дадзеныя прынамсі прыблізна адлюстроўваюць рэчаіснасць. Што да выясняльных сцвярджэнняў, то іх надзейнасць грунтуецца на тым, што яны прапануюць лепшае выясненне рэлевантных фактаў, чым любы іншы набор выясняльных цверджанняў.
Па-другое, «надзейны» не абавязкова азначае «колькасна дакладны». Можна, напрыклад, надзейна ведаць, што спадар Х – валасаты (не лысы) і пры гэтым не быць здольным сказаць, колькі валасоў у яго на галаве. Гэтаксама, каб надзейна цвердзіць, што плагіят – гэта не маргінальная з’ява, няма патрэбы ведаць дакладна, які дакладна адсотак студэнтаў здзяйсняе плагіят: 74%, ці 77% ці 72%. Нават калі мы дапускаем даволі шырокае поле пагрэшнасці (напрыклад, ± 15%), то тэза аб немаргінальнасці надалей правамоцная, калі апытанне дае лічбу 74%.
І трэцяе – што асабліва актуальна для полісі-даследаванняў: для распрацоўкі эфектыўных рашэнняў праблемы не заўсёды неабходна здабыць веду найвышэйшай верагоднасці. Часам адносна высокай або нават умеранай верагоднасці можа быць дастаткова. Умераная верагоднасць таго, што будзе дождж, можа быць дастатковай падставай для рэкамендацыі ўзяць парасон. Часам нават малой ведагоднасці здарэння можа быць дастаткова, каб пачаць прымаць прэвентыўныя меры, як тое ёсць у сітуацыях low probability high consequence, якія шырока абмяркоўваюцца ў межах метадалогіі аналізу рызыкаў. Аналагічным чынам, каб рэкамендаваць сістэмныя меры па пераадоленні плагіяту мы не мусім мець абсалютную пэўнасць наконт паўсюднасці гэтай праблемы; адносна высокай або нават умеранай верагоднасці тут дастаткова.
З улікам сказанага вышэй, трэба зазначыць наступнае:

(2) Гэта даследаванне не ставіць мэтай прадстаўленне абсалютна надзейных дадзеных. Большасць дадзеных знаходзіцца «па-за рацыянальным сумневам».


(3) Гэта даследаванне не накіравана на колькасную дакладнасць, паколькі для ацэнкі маштабаў праблемы няма неабходнасці ў такой дакладнасці.

1.2. Кантэкст адкрыцця vs кантэкст абгрунтавання
У папярэдняй частцы мы даводзілі, што надзейнасць даследніцкіх цверджанняў павінна быць рэлятывізавана да задачаў дадзенага даследавання. У гэтай частцы мы закранем больш шырокае пытанне: у чым увогуле палягае надзейнасць?
Існуюць два падыходы адносна таго, як атрымаць надзейныя веды. Некаторыя метадолагі кажуць, што для таго, каб атрымаць такія веды, патрэбны пэўны алгарытм, пакрокавая інструкцыя. Лічыцца, што, калі яе паслядоўна будзем прытрымлівацца, то гэта дасць надзейныя веды. Іншыя кажуць, што спробы знайсці такі алгарытм – гэта пусты занятак і заяўляюць, што для таго, каб веды былі надзейнымі, яны павінны быць інтэрсуб'ектыўна правяральнымі, падчас як шлях іх здабыцця менш важны або ўвогуле няважны. Першы вядомы як «падыход кантэксту адкрыцця», а другі – як «падыход кантэксту абгрунтавання». Наша даследаванне грунтуецца на другім падыходзе.

Адным з важных наступстваў аддачы перавагі кантэксту абгрунтавання ёсць прызнанне, што спосаб здабыцця эмпірычных дадзеных ёсць абшарам крэатыўнасці. Даследчыкі свабодныя ў тым, як, калі і дзе здабываць дадзеныя. Істотна тут тое, наколькі гэтыя дадзеныя рэлевантныя да вырашэння наяўных кагнітыўных праблемаў. Можа здарыцца (і часам здараецца), што армія сацыёлагаў праводзіць дзясяткі лангітудных апытанняў, спажыткоўваюць бюджэты ў сотні тысяч долараў, але іх вынікі нерэлевантныя для вырашэння дадзеных кагнітыўных праблем. Простае незапланаванае назіранне часам можа быць больш рэлевантным, чым лангітуднае апытанне.

У ходзе нашага даследавання стаяць наступныя кагнітыўныя задачы:

а) Упэўніцца, што праблема плагіяту сапраўды існуе.

б) Устанавіць асноўныя формы плагіяту.

в) Ацаніць маштаб праблемы.

г) Устанавіць фактары, якія стаяць за гэтай праблемай.
Каб выканаць (a) і (б) ды (в), мы вывучылі вынікі нядаўняга апытання па цікавячай нас тэме, правялі паўструктураваныя інтэрв'ю і выкарысталі ўласныя назіранні. Каб дасягнуць (г), мы прымянялі абдуктыўнае разумаванне, якое з’яўляецца ўніверсальным спосабам выяўлення фактараў. Канстатацыі аб фактарах з’яўляюцца гіпотэзамі з рознымі ступенямі верагоднасці (як правіла, яны ніколі не з'яўляюцца стоадсоткава пэўнымі). У цэлым, працэс выяўлення фактараў заснаваны на логіцы выяснення.
1.3. Дэфініцыя і класіфікацыя
У гэтым даследаванні пад «плагіятам» будзем разумець свядомае запазычанне з іншых крыніц пазнаўчых элементаў, што не належыць да корпусу агульных ведаў, без інфармавання аб такім запазычанні. Плагіят можна падзяліць паводле пяці крытэраў: аўтарства, тып запазычанага аб'екту, абсяг, спосаб мадыфікацыі ды адносіны да аўтара або папярэдняга ўладальніка1.

A. У аспекце аўтарства можа быць гетэраплагіят, калі тэкст або ідэя запазычаны ў іншай асобы, і аўтаплагіят, калі аўтар перавыдае свой ранейшы тэкст або яго частку, прэзентуючы гэта як нешта новае.


Б. У аспекце запазычанага аб’екту можа быць тэкставы плагіят ды ідэйны плагіят. Першае азначае выкарыстанне тэксту, выразаў, графікаў або формулаў з іншых крыніц без іх указання. Другое азначае выкарыстанне ідэяў з іншых крыніц без іх згадкі, падчас як моўнае або графічнае афармленне паходзіць ад плагіятара.
В. У аспекце абсягу плагіят можа быць2:

- вельмі малы (менш чым 10%);

- малы (ад 10% да 50%);

- вялікі (ад 50% да 75%);

- вельмі вялікі (ад 75% да 99%);

- абсалютны (100%).


Г. У аспекце спосабаў мадыфікацыі (гзн. якім чынам запазычаны тэкст відазменены ў выніковым тэксце):

    • без мадыфікацый (метад «скапіраваць – уставіць»);

    • мадыфікаваны шляхам рэдагавання (калі тэкст перафразаваны);

    • мадыфікаваны праз кампіляцыю (запазычаныя фрагменты паходзяць з розных крыніц);

    • мадыфікаваны праз пераклад (мова крыніцы запазычання іншая, чым мова выніковага тэксту); мы называем такі плагіят «міжмоўным» або «перакладным».

E. У аспекце адносінаў плагіятара да аўтара або папярэдняга ўладальніка:



    • узяты ад іншага аўтара без узаемадзеяння з ім (скрадзены плагіят);

    • замоўлены ў іншага аўтара або ўладальніка (кантрактны плагіят).

У нашай працы мы не будзем займацца праблемай аўтаплагіяту. Праблема ідэйнага плагіяту будзе закранута мімаходзь. Асноўная ўвага будзе засяроджана на тэкставым плагіяце і гетэраплагіяце.


Сутнасную частку даследавання мы выкладзем у наступным парадку. Спачатку прадставім эмпірычныя дадзеныя аб маштабе ды формах плагіяту. Дадзеныя будуць з трох крыніц: а) апытанне BIPI; б) паўструктураваныя інтэрв’ю; в) удзельнае назіранне аднаго з аўтараў даследавання. Пасля гэтага мы абмяркуем фактары выяўленага стану рэчаў, а потым сфармулюем вывады ды практычныя рэкамендацыі.

2. Эмпірычныя дадзеныя адносна маштабу і формаў плагіяту
У гэтай частцы мы паспрабуем ацаніць, наколькі шырока распаўсюджаны плагіят у Беларусі і ў якіх формах ён існуе. Як было сказана ва ўводзінах, мы будзем выкарыстоўваць тры крыніцы эмпірычных дадзеных. Першай крыніцай з'яўляецца апытанне BIPI, што праводзілася ў снежні 2016 – студзені 2017 г. Другой будуць паўструктураваныя інтэрв'ю з беларускімі выкладчыкамі, якія былі праведзены адмыслова для гэтага даследавання ў лістападзе 2018. Трэцяя крыніца – асабісты выкладчыцкі досвед Пятра Рудкоўскага, аднаго з аўтараў гэтага даследавання.
2.1. Апытанне BIPI
Апытанне пад назвай «Ацэнка вынікаў працы міністэрства і праблемы, якія стаяць перад вышэйшай адукацыяй у Рэспубліцы Беларусь з пазіцый студэнтаў і выпускнікоў»3 было праведзена Baltic Internet Policy Initiative (BIPI) у снежні 2016 – cтудзень 2017 г. метадам анлайн-апытання ў фармаце pop-up інтэрнэт-карсытальнікаў, абраных выпадкова. Даследаванне BIPI праводзілася па замове Грамадскага балонскага камітэта і ў асноўным было накіравана на атрыманне інфармацыі аб тым, як Балонскі працэс ўспрымаецца беларускімі студэнтамі, а тэма акадэмічнай сумленнасці была толькі адной з многіх.
Агульная колькасць студэнтаў, што адказвалі на пытанні адносна плагіяту, – 126. 79% адсоткаў з іх на момант апытання атрымлівалі базавую вышэйшую адукацыю, 10% былі магістрантамі, а астатнія 10% трапілі ў катэгорыю «іншыя». 20% з іх навучаліся ў прыватных ВНУ, а 80% – у дзяржаўных. 77% навучаліся ў Мінску, 23% – у іншых гарадах.
Ажно 74% з апытаных прызналі, што здавалі працы, якія былі загружаныя з Інтэрнэту (25% з іх зрабілі гэта толькі аднойчы, 49% некалькі або шмат разоў). 61% прызналіся, што капіравалі тэксты іншых аўтараў без пазначэння крыніцы (25% з іх зрабілі гэта адзін раз, астатнія 38% рабілі гэта шмат разоў). Менш папулярныя, але ўсё-роўна даволі распаўсюджаныя формы плагіяту: здаванне пісьмовай працы, узятай ад іншага студэнта (45%); перакладанне тэксту з замежнай мовы (32%) і набыванне тэксту, напісанага на замову (30%).
2.2. Паўструктураваныя інтэрв’ю
Гэтыя інтэрв’ю былі праведзеныя ў межах гэтага даследавання 14-21 лістапада 2018 года. У інтэрв’ю ўзялі ўдзел 11 выкладчыкаў з розных беларускіх універсітэтаў, у тым ліку Беларускі дзяржаўны універсітэт, Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт, Рэспубліканскі інстытут вышэйшай школы, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны універсітэт культуры і мастацтваў, Беларускі дзяржаўны універсітэт фізічнай культуры.
Удзельнікі інтэрв’ю выкладаюць студэнтам як дзённай, так і завочнай формаў навучання, а таксама на курсах перападрыхтоўкі; маюць досвед кіравання рознымі формамі пісьмовых працаў: курсавыя і дыпломныя, а таксама дысертацыі розных ступеняў. Апроч таго, яны таксама маюць досвед прыёму кантрольных працы і рэфератаў.
Паўструктураваныя экспертныя інтэрв’ю праводзіліся пры асабістай сустрэчы. Выкладчыкі, якія ўдзельнічалі ў інтэрв’ю, адказвалі як на падрыхтаваныя пытанні, агульныя для ўсіх, так і дадавалі меркаванні па тэме ад сябе. Правядзенне інтэрв’ю прадугледжвала гарантыю захавання ананімнасці і выкарыстанне дадзеных толькі ў адрэагаваным выглядзе.
У гэтым раздзеле мы абмяжуемся прадстаўленнем высноў, якія маюць дачыненне толькі да пытання аб маштабе і формаў плагіяту. Гэтыя высновы наступныя:
1) (Прынамсі) некаторыя выкладчыкі схільны не заўважаць некаторых формаў плагіяту. Беларускія выкладчыкі нясхільныя лічыць плагіятамі шэраг эсэ або прэзентацыяў, якія ў прынцыпе павінны быць класіфікаваныя як плагіят. Адзін з суразмоўцаў сказаў, што ён/яна лічыць тэкст плагіятам толькі ў тым выпадку, калі праграма «АнтыПлагіят» паказвае больш за 50% супадзенняў. Гэта азначае, што:

a) малы альбо вельмі малы плагіят (у нашай тэрміналогіі) не лічыцца плагіятам;

b) плагіят, мадыфікаваны з дапамогай рэдактуры альбо перакладу ўвогуле не ўспрымаецца як плагіят, незалежна ад адсотку супадзення;

c) плагіят, які не распазнаны кампутарнай праграмай, не лічыцца плагіятам.


2) Выкладчыкі вельмі паблажлівыя ў справе пакарання за плагіят. Як вынікае з усіх інтэрв’ю, калі ў пісьмовай працы ёсць толькі адзін параграф плагіяту, аўтар не будзе мець ніякіх наступстваў. Калі ўдзельнікаў інтэрв’ю пыталі, які адсотак пісьмовых прац студэнтаў утрымлівае плагіят, то мінімальнай была ў 20%, максімальнай – 90%. Але найбольш распаўсюджаная адзнака – 70-75% пісьмовых прац беларускіх студэнтаў ўтрымліваюць плагіят.
3) Студэнты не маюць патрэбы звяртацца да вытанчаных форм плагіяту. Простыя і танныя спосабы цалкам добра спрацоўваюць. Выкарыстоўваючы нашу класіфікацыю: крадзеныя плагіяты пераважаюць, а кантрактныя з'яўляюцца хутчэй выключэннем. У беларускіх студэнтаў няма патрэбы звяртацца да затратных формаў, паколькі больш простыя і бясплатных спосабы часцяком дастатковыя, каб пісьмовая праца была прынятая.
4) Міжмоўны плагіят і ідэйны плагіят увогуле абмінаюцца. Апытаныя прызнавалі сваю бездапаможнасць у справе выяўлення міжмоўнага і ідэйнага плагіяту.
У кантэксце гэтай праблемы адзін з выкладчыкаў згадаў праблему няправільнага цытавання, калі замест дакладных цытат, аформленых з дапамогай дзвюхкоссяў, даюцца толькі агульныя спасылкі на некаторыя крыніцы, а фрагмент з'яўляецца альбо пераказам без указання аўтарства, або «копіпастам» іншага тэксту.
2.3. Дадзеныя на базе ўдзельнага назірання
Падчас як першы тып дадзеных дазволіў нам усвядоміць праблемы з пісьмовымі працамі ва ўніверсітэтах, размешчаных у Беларусі, назіранні сп. Рудкоўскага даюць зразумець, што адбываецца, калі студэнты з постсавецкіх краін (у тым ліку Беларусі) паступаюць ва ўніверсітэты заходняга тыпу.
З 2012 па 2016 год, сп. Рудкоўскі выкладаў ва Універсітэце Лазарскага (УЛ) у Варшаве, пераважна ў рамках польска-брытанскай магістарскай праграмы. Назіранні, хоць не надзвычай шырокія ў колькасным плане, вартыя ўвагі па некалькіх прычынах. Па-першае, УЛ з'яўляецца адным з рэйтынгавых лідэраў сярод польскіх універсітэтаў і даволі прэстыжны ў рэгіёне. Па-другое, ён надае значна больш увагі, чым іншыя універсітэты ў рэгіёне, навучанню студэнтаў акадэмічнаму пісьму, крытычнаму мысленню і асноўным пранцыпам акадэмічнага этасу. Па-трэцяе, яго палітыка ў сферы акадэмічнай сумленнасці даволі суровая: студэнты, злоўленыя на нядобрасумленных практыках даткліва караюцца. Па-чацвёртае, усе выпадкі нядобрасумленных практык, якія будуць прадстаўлены ніжэй, мелі месца ў межах магістарскіх штудыяў і большасць з іх – у рамках польска-брытанскай праграмы. Разумным будзе меркаваць, што, калі такія праблемы ўзнікаюць у прэстыжнай школе з суровай палітыкай у справе акадэмічнай сумленнасці, то ў менш прэстыжных школах і надаючых менш увагі акадэмічнай сумленнасці такія праблемы будуць і пагатоў.
Факты такія. Спасярод 45 студэнтаў, у якіх сп. Рудкоўскі выкладаў у УЛ, ажно 14 былі злоўлены на плагіяце, што складае каля 30%. Усе плагіяты былі міжмоўнымі, гэта значыць крыніцы былі на іншых мовах (расейскай або польскай, як правіла), падчас як сама пісьмовая праца здавалася на ангельскай. Варта пры гэтым заўважыць, што прадстаўлены вышэй адсотак тычыцца толькі колькасці выяўленых плагіятаў. Рэальны адсотак, хутчэй за ўсё, вышэйшы. Па-першае, сп. Рудкоўскі правяраў не кожную працу на прадмет міжмоўнага плагіяту. Ён пачынаў рабіць гэта толькі тады, калі фразеалогія (англамоўных) працаў аказвалася надзвычай «славянскай». Па-другое, нават правяраючы працу на прадмет міжмоўнага плагіяту, няма ніякай гарантыі, што падман будзе раскрыты. Кампутарная праграма Turnitin не была здольнай выявіць міжмоўны плагіят, дзе крыніцамі з'яўляюцца славянскія мовы, такім чынам, выявіць яго можна было толькі выкарыстоўваючы сваю моўную інтуіцыю, уважлівасць і навыкі ў выкарыстанні пошукавых сістэм. Вядома, такі спосаб, акрамя таго, што з'яўляецца дужа часаёмкім, функцыянуе як выпадковы стрэл: ён у лепшым выпадку дазваляе час ад часу выявіць плагіят. З улікам таго, што не ўсе эсэ правяраліся на прадмет міжмоўнага плагіяту, а спасярод тых, што правяраліся, не ўсе плагіяты маглі быць выкрыты, 30% фактычна выкрытых плагіятаў сапраўды ўражвае.
Да 45 пісьмовых прац, прадстаўленых у рамках уласных курсаў сп. Рудкоўскага варта дадаць яшчэ 10 працаў, напісаных у рамках курсаў іншага выкладчыка, якія трапілі да першага ў сувязі з працэсам постмадэрацыі. Спасярод гэтых дзесяці, чатыры аказаліся міжмоўнымі плагіятамі. Гэта яшчэ больш ўзмацняе пераканананне наконт таго, што такога роду плагіят шырока распаўсюджаны.
Найбольш распаўсюджаная схема такога тыпу плагіяту такая: знаходзіцца адпаведны расейскі тэкст – перакладаецца на ангельскую мову з дапамогай гугл-транслятара – (часам) злёгку рэдагуецца – капіруецца ў «docx» – падбіраюцца англамоўныя тытулы навуковых прац, з якіх кампануецца бібліяграфія (і (псеўда)зноскі) – праца здаецца выкладчыку (для ілюстрацыі гл. Appendix).
Рэлевантнасць дадзеных з асабістага досведу выкладчыка патрабуе тлумачэнняў. У полі назірання былі студэнты з розных краін СНД, не толькі Беларусі. Такім чынам, высновы з гэтых назіранняў павінны тычыцца студэнтаў СНД. Прадбачачы закід лагічнай хібіны пераносу ўласцівасцяў цэлага на частку (division fallacy), мы хацелі б раскрыць дзве перадпасылкі, якія падаюцца цалкам прымальнымі:
(Перадпасылка 1) Існуе высокая верагоднасць, што праблема плагіяту ўласціва беларускай сістэме вышэйшай адукацыі не ў меншай ступені, чым сістэмам вышэйшай адукацыі ў іншых постсавецкіх краінах.
(Перадпасылка 2) Існуе высокая верагоднасць, што падыход беларускіх студэнтаў да пісьмовых працаў ва ўніверсітэтах заходняга тыпу істотна не адрозніваецца ад падоходу студэнтаў з іншых постсавецкіх краін.
Калі гэтыя дзве перадпасылкія прынятыя, то сцвярджэнне, што прадстаўленыя вышэй дадзеныя тычацца беларускіх студэнтаў, не абцяжарана division fallacy.
2.4. Што мы даведваемся з прадстаўленых дадзеных
Усе тры крыніцы дадзеных могуць выклікаць засцярогу што да прымальнасці іх абагульнення: наколькі правамоцны перанос назіранняў у межах дадзеных выбарак на ўсю сукупнасць беларускіх студэнтаў. Выбарка BIPI была даволі малой, да таго ж апытанне праз Інтэрнэт можа весці да звышрэпрэзентацыі частых інтэрнэт-карыстальнікаў (тыя, хто радзей карыстаюцца інтэрнэтам могуць быць недарэпрэзентаваны). Паўструктураваныя інтэрв'ю і ўдзельнае назіранне ў яшчэ меншай ступені прэтэндуюць на рэпрэзентатыўнасць. Нагадаем, аднак, асноўныя пастулаты датычна прагматыкі даследавання, якія былі сфармуляваны ў метадалагічных уводзінах: а) няма неабходнасці ў колькасна дакладных дадзеных; б) адносна высокая або нават умераная верагоднасць дастатковая для патрэб дадзенага даследавання.
На дадзеным этапе асноўнымі задачамі даследавання былі:

а) Упэўніцца, што праблема плагіяту ў беларускай вышэйшай адукацыі рэальная.

б) Выявіць асноўныя формы плагіяту.

в) Прыблізна ацаніць маштабы праблемы.


Прадстаўленыя вышэй дадзеныя цалкам дастатковыя для выканання гэтых задач. Ніжэй – канстатацыі, якія грунтуюцца на нашых дадзеных і рэлевантныя для выканання пастаўленых задач:
(0) Праблема плагіяту ў беларускай вышэйшай адукацыі не маргінальная.
(1) Як мінімум 50% беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі, здзяйсняюць плагіят.
(2) Студэнты, якія вучацца ў Беларусі стасуюць усе віды плагіяту, спасярод якіх кампілятарскі і копі-паст плагіят з'яўляюцца найбольш распаўсюджанымі.
(3) Існуе шырока распаўсюджаная талерантнасць да практыкі плагіяту ў беларускай акадэмічнай прасторы і сістэме вышэйшай адукацыі.
(4) Значная частка беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ва універсітэтах заходняга тыпу здзяйсняюць плагіят.
(5) Студэнты, якія вучацца ва ўніверсітэтах заходняга тыпу здзяйсняюць розныя віды плагіяту, спасярод якіх перакладны плагіят пераважае.
Гэтыя (1) – (5) канстатацыі непасрэдна пацвярджаюцца дадзенымі, а іх эпістэмічны статус не ніжэйшы за статус быцця па-за рацыянальным сумневам. Мы можам, аднак, зрабіць некаторыя ўскосныя высновы, якія явяцца як правамоцныя, пры ўмове, што прыняты дадатковыя перапасылкі:
(6) Прынамсі 50% беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ва ўніверсітэтах іншых постсавецкіх краін, здзяйсняюць плагіят. [Перадпасылка: беларускія студэнты, якія навучаюцца ва універсітэтах іншых краін, кіруюцца тымі ж прынцыпамі ў ходзе здачы экзаменаў, што і студэнты, якія навучаюцца ў Беларусі].
(7) Значны працэнт цяперашніх беларускіх выкладчыкаў здзяйснялі плагіят, калі яны былі студэнтамі. [Перадпасылка: улічваючы невысокі прэстыж выкладчыцкай працы ў Беларусі і невысокія стандарты акадэмічнай этыкі, малаверагодна, што цяперашні выкладчыцкі склад складаецца выключна з меншасці тых, хто ніколі не здзяйсняў плагіяту]
Усе гэтыя канстатацыі могуць быць прадстаўлены ў адпаведнасці з іх эпістэмічных статусам. Паколькі няма выразных размежавальных ліній паміж паасобнымі статусамі (там плаўны пераход), то левая калонка явіцца без лініяў:


Эпістэмалагічны статус

Канстатацыя

Каментары

Відавочнае

Па-за рацыянальным сумневам

Больш праўдападобнае, чым не


Раўнамоцнае




Праблема плагіяту ў беларускай вышэйшай адукацыі не маргінальная.




Як мінімум 50% беларускіх студэнтаў, якія вучацца ў Беларусі, здзяйсняюць плагіят.




Студэнты, якія вучацца ў Беларусі стасуюць усе віды плагіяту, спасярод якіх кампілятарскі і немадыфікаваны плагіят з'яўляюцца найбольш распаўсюджанымі.




Існуе шырока распаўсюджаная талерантнасць да практыкі плагіяту ў беларускай акадэмічнай прасторы.




Значная частка беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ва універсітэтах заходняга тыпу здзяйсняюць плагіят.




Студэнты, якія вучацца ва ўніверсітэтах заходняга тыпу здзяйсняюць розныя віды плагіяту, спасярод якіх перакладны плагіят пераважае.




Прынамсі 50% беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ва ўніверсітэтах іншых постсавецкіх краін, здзяйсняюць плагіят.

Перадпасылка: Беларускія студэнты, якія навучаюцца ва універсітэтах іншых краін, кіруюцца тымі ж прынцыпамі ў ходзе здачы экзаменаў, што і студэнты, якія навучаюцца ў Беларусі.

Значны адсотак цяперашніх беларускіх выкладчыкаў здзяйснялі плагіят, калі яны былі студэнтамі

Перадпасылка: Улічваючы невысокі прэстыж выкладчыцкай працы ў Беларусі і невысокія стандарты акадэмічнай этыкі, малаверагодна, што цяперашні выкладчыцкі склад складаецца выключна з меншасці тых, хто ніколі не здзяйсняў плагіяту


  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка