План-канспект урока беларускай літаратуры (7 кл.)




Дата канвертавання18.11.2017
Памер76.19 Kb.
ПЛАН-КАНСПЕКТ УРОКА БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ (7 кл.)

Настаўнік: Піскун Ірына Сяргееўна

Дата: 08.04.2011

Тэма: “Філасофскае абагульненне ў свабодным вершы Максіма Танка “Дрэвы паміраюць””

Адукацыйная мэта: мяркуецца, што ў выніку дзейнасці вучні будуць

ведаць: жанравую адметнасць філасофскай лірыкі (свабодны верш), вобразныя сродкі паэзіі.

умець: знаходзіць вобразна-выяўленчыя сродкі ў вершы, заўважаць філасофскі падтэкст у творы.

выхоўваць: культуру ўзаемадзеяння і самастойнага суджэння.

Задачы асабістага развіцця:

1) садзейнічаць развіццю ў вучняў уменняў параўноўваць, аналізаваць, выказваць уласныя меркаванні, абагульняць, рабіць вывады;

2) стварыць умовы для развіцця ў вучняў навыкаў сама- і ўзаемакантролю, рэфлексійнай дзейнасці, камунікатыўнай культуры праз індывідуальную работу, работу ў групах.

3) фарміраваць аптымістычную і ўстойлівую жыццёвую пазіцыю, заснаваную на гуманістычных каштоўнасцях.


Прагнозны вынік урока: мяркуецца, што ў канцы ўрока вучні будуць фармуляваць паняцце свабоднага верша (верлібра) з улікам яго адметнасцей, разумець асноўную думку верша “Дрэвы паміраюць” – “Сутнасць жыцця прыроды і чалавека – у вечным руху, у здольнасці мяняцца, захапляцца і здзіўляцца”.

Тып урока: камбінаваны.

Гласарый

  • Кропля

  • Свабодны верш (верлібр)

  • Вобразна-выяўленчыя сродкі

  • Кластар

  • Філасофскі падтэкст

  • Хоку

Абсталяванне: мультымедыйны праектар, экран, камп’ютар.

Дыдактычнае забеспячэнне ўрока: выявы кроплі, дрэва сухога, дрэва зялёнага; ліст дзейнасці на ўроку, верш Анатоля Вярцінскага «Дзівак чалавек», табліца “Шкала набраных балаў”.

Ход урока

1. Арганізацыйны момант.

  • Добры дзень. Сядайце, калі ласка. Давайце знаёміцца! Мяне завуць Ірына Сяргееўна. А зараз давайце знаёміцца з Вамі. А зробім мы гэта наступным чынам: у Вас на сталах ляжаць кропелькі. Напішыце на іх, калі ласка, адно слова, якое найбольш поўна характарызуе Вас як асобу. У Вас на гэта паўхвіліны.

  • А зараз звярніце ўвагу на гэтае дрэва. Вы бачыце, што на ім няма лісця. А каб з’явіліся лісцікі, дрэва трэба паліваць. Таму, калі ласка, давайце прымацуем свае кропелькі над нашым дрэвам, толькі па аднаму, называючы пры гэтым сваё слова.

  • Дзякуй за знаёмства. Я нездарма пачала сённяшнюю размову з паняцця “дрэва”, бо яно ўвасабляе сабой спрадвечны філасофскі сімвал жыцця, аб гэтым і сведчыць тэма нашага ўрока. Зачытай, калі ласка, .... (імя вучня) - Філасофскае абагульненне ў свабодным вершы Максіма Танка “Дрэвы паміраюць””. Давайце яе запішам у свае сшыткі.

2. Праверка дамашняга задання. (Метад “Кластар”).

Задача:

-праз метад “кластар” актывізаваць і сістэматызаваць веды вучняў па папярэдне пройдзенаму матэрыялу;

-развіваць лагічнае мысленне, уменне рабіць высновы.

Вучням прапануецца кластар “Свабодны верш”, які неабходна запоўніць, сыходзячы з дамашняга задання.


  • Звярніце ўвагу на слайд. (Слайд 1). Ітак, перад вамі кластар, у які неабходна ўпісаць, згодна з яго гронкамі, характэрныя адметнасці свабоднага верша. Упішыце, калі ласка, гэтыя адметнасці на вашых лістах дзейнасці 2хв.

  • Час выйшаў. Самаправерка. (Слайд 2). У вас на сталах ляжаць лісты кантролю. Пазначце туды, калі ласка, сваю колькасць набраных балаў, у залежнасці ад правільных адказаў. Максімальны бал – 4.

Падвядзенне вынікаў.

  • Ітак, што мы з вамі паўтарылі пра свабодны верш?

Вынік: СВ – гэта невялікі па аб’ёме верш, які характарызуецца кароткімі адрэзкамі-радкамі, без строгага рытму і рыфмы.

3. Матывацыя і мэтавызначэнне.

  • Але гэта не ўсе адметнасці. Як мы бачым, на кластары ў нас 3 вольныя кругі. Наша задача на ўроку паступова запоўніць і іх і атрымаць цэласнае ўяўленне пра свабодны верш.

  • Я Вам прапаную зноў звярнуцца да тэмы і падумаць пра мэты сваёй работы на ўроку.

-Напэўна, мы будзем чытаць і аналізаваць свабодны верш на прыкладзе верша Максіма Танка “Дрэвы паміраюць...”

-Дазнаемся яшчэ пра некаторыя рысы верлібра.



Падвядзенне вынікаў.

  • Правільна. Бо тэорыя без практыкі, як тое дрэва без каранёў. Так і свабоднаму вершу патрэбен філасофскі падтэкст. Як вы разумееце паняцце “філасофскі”.

- спакойны, разважлівы, удумлівы. Твор, у аснову якога пакладзена глыбокая ідэя. Раскрываць якую мы будзем сёння.

4. Работа над творам Максіма Танка “Дрэвы паміраюць...”

Інтэрактыўны метад “акварыум”

Задачы:

  1. захаваць цікавасць да тэмы пры непасрэднай рабоце з новай інфармацыяй;

  2. асэнсаваць новую інфармацыю;

  3. суаднесці яе з ужо вядомымі тэарэтычнымі звесткамі.

  • Зараз прагучыць верш Максіма Танка “Дрэвы паміраюць”. І я папрашу Вас заплюшчыць вочкі і падумаць, якія пачуцці радкі твора ў Вас выклікаюць. (Настаўнік чытае верш “Дрэвы паміраюць” пад музыку). (Слайд 3)

Дрэвы паміраюць,

Калі перастаюць пазнаваць

Змены года

І не адгукаюцца рэхам;

Вада – калі забывае,

Куды ёй плыць,

І нікому не спатольвае смагі;

Зямля – калі перастае

Радзіць хлеб

І быць калыскай песняў;

Чалавек – калі страчвае здольнасць



Здзіўляцца і захапляцца

Жыццём.

  • Запомніце пачуцці, адгарніце, калі ласка, падручнік на старонцы 218 і прачытайце яго самастойна.

Тлумачэнне ўмоў работы на ўроку.

  • Звярніце, калі ласка, увагу на тыя таблічкі, якія стаяць на вашых сталах. Так, гэта Экспертная група і Дзеючыя асобы. Задача экспертных груп пазначыць адказы на пытанні, якія будуць задавацца дзеючым асобам, пры дапамозе алоўкаў, фламастараў у выглядзе схем, малюнкаў. 1 экспертная група адказвае на пытанне “Філасофскі падтэкст у вершы Максіма Танка “Дрэвы паміраюць” на прыкладзе дрэваў, 2 – вады, 3-зямлі, 4-чалавека.

  • А мы пераходзім да дзеючых асоб. Толькі адна ўмова – трэба выказвацца ўсім па ланцужку. Калі адказу няма, значыць гаворыце “Адпачну”.

  • Пытанні (знаходзяцца на дошцы, прыкрытыя паперай):

  • №1. Якія думкі выклікае ў кожнага з вас гэты верш, пачуцці?

  • №2. Звярніце ўвагу на слайд. Там знаходзяцца вобразна-выяўленчыя сродкі. Размяжуйце іх, калі ласка, згодна з азначэннем.

Узаемаправерка правільнасці запаўнення табліцы. (Слайд5) Максімальны бал – 6.1,5хв.

  • Так, гэтае заданне дапамагло нам узгадаць вобразна-выяўленчыя сродкі. Адсюль пытанне: “Пры дапамозе якіх сродкаў аўтар перадае свае думкі?” (метафара, увасабленне, афарызм). Дадатковае пытанне на плюс-бал – колькі сказаў ужыта ў вершы? (адзін)

Вывад: Метафара (чалавек (памірае) – калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём), увасабленне (дрэвы паміраюць і не адгукаюцца рэхам; зямля перастае радзіць хлеб, вада не спатольвае смагі) надаюць мове выразнасць і афарыстычнасць. Таму першыя нашы пытальнікі ў кластары мы пазначым як выразнасць мовы, афарызмы.
Фізкультхвілінка.

(Давайце ўявім сябе дрэвам, вось павеяў ветрык, галінкі закалыхаліся, пад дрэвам працякае рэчанька, хвалі якой шумяць, а пад самым карэннем дрэва з’явіўся маленькі расток, які праз пэўны час стане таксама магутным і моцным асілкам-дубам, які будзе нагадваць шчаслівага чалавека, які рухаецца, ідзе па жыцці).

  • №3. Які падтэкст вы бачыце ў наступных радках? (Слайды 6-8)

- Здольнасць мяняцца.

  • А зараз я папрашу Вас памяняцца месцамі з экспертамі згодна свайго колеру. У каго ружовы колер – да ружовага, зялёны – да зялёнага і г.д.

  • Ідзем далей. Пытанне №4. Які падтэкст вы бачыце ў наступным чатырохрадкоўі? (Зачытвае настаўнік)

- Вада не павінна стаяць, рух – гэта жыццё.

  • Пытанне №5. Які падтэкст вы бачыце ў наступным чатырохрадкоўі? (слайды 9-11)

-Зямля дае ўсім нам жыццё.

  • Пытанне №6. Каб лешп зразумець сэнс радка: «Чалавек (памірае) - калі страчвае здольнасць здзіўляцца і захапляцца жыццём», праслухаем твор Анатоля Вярцінскага пра вечнае імкненне чалавека да пазнання свету - верш «Дзівак чалавек». (Чытае вучаніца). Вы праслухалі, а зараз патлумачце сэнс радка.

Падвядзенне вынікаў.

Задачы:

  1. даць практычнае заданне на падставе вывучанай інфармацыі і зрабіць яго самааналіз;

  2. зрабіць творчую прэзентацыю атрыманых ведаў праз праект “Філасофскае абагульненне”

    • Такім чынам, у нас засталося апошняе пытанне “Які ж агульны падтэкст верша? Яго філасофскае абагульненне?” Я папрашу нашы экспертныя групы прэзентаваць свае праекты. У кожнага з вас 1 хв.

Вывад: Сутнасць жыцця прыроды і чалавека – у вечным руху, у здольнасці мяняцца, захапляцца і здзіўляцца. Давайце адзначым на нашым кластары “Філасофскі падтэкст”.

  • Такім чынам, мы запоўнілі кластар тымі ведамі, якія сёння набылі па азначэнню верлібру. Давайце зачытаем поўнасцю, у чым жа адметнасць свабоднага верша. (Слайд 12)

  • Скажыце, калі ласка, усе згодны з тым, што верш “Дрэвы паміраюць...” – гэта верлібр.

  • Падлік балаў, выстаўленне выніковых адзнак (Слайд 23).

Дамашняе заданне.

  1. Стар.219-220, чытаць верш, адказваць на пытанні пасля твора.

  2. Параўнаць верш А. Разанава “У парку…” з вершам М. Танка “ Дрэвы паміраюць”. У чым яны падобныя?


Рэфлексія

Метад “Хоку”

5-7-5 складоў


  • На кропельках, якія ляжаць на Вашых сталах, неабходна напісаць выснову “Філасофскае абагульненне свабоднага верша” цікавым метадам “Хоку”, які складаецца.

    1. 5 складоў (галосных)

    2. 7 складоў

    3. 5 складоў

Напрыклад,

Лёс чалавека

Здольнасць захапляцца

Свабода і рух





  • Прымацуйце, калі ласка, свае кропелькі на наша дрэва. І ў выніку, дзякуючы нашым кропелькам, клопату нашаму, мы вырасцілі прыгожае дрэва.

  • Скажыце, Вы атрымалі сёння задавальненне ад сваёй працы. Значыць, Вы не страцілі здольнасць захапляцца і здзіўляцца, а гэта і ёсць жыццё!

Дзякуй за ўрок.



Дадатак 5

Шкала набраных балаў

Балы

Адзнака

13 і больш

10

12 балаў

9

10-11 балаў

8

9 балаў

7

7-8 балаў

6

6 балаў

5

5 балаў

4

4 балы

3

2-3 балы

2

1 бал

1







База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка