Праграма беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі




Дата канвертавання01.01.2017
Памер332.77 Kb.
Свабода, справядлівасць, салідарнасць, незалежнасць


ПРАГРАМА


БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ

(ГРАМАДЫ)

Мінск, 2008




ПРАГРАМА


БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ

(ГРАМАДЫ)
Прынята на Аб’яднаўчым з’ездзе БСДП 29 чэрвеня 1996 года

(са зменамі і дапаўненнямі, прынятымі на VIII З’ездзе
БСДП(НГ) 26 чэрвеня 2004 г.)



ПРЫРОДА САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫІ
Сацыял-дэмакратыя вырасла з адвечнай мары людзей аб свабодзе, справядлівасці і салідарнасці. За мінулыя два стагоддзі чалавечы розум распрацаваў розныя праекты грамадскіх пераўтварэнняў дзеля дасягнення гэтых ідэалаў. Не ўсе яны вытрымалі праверку часам і практыкай. Перспектыўным як вучэнне і палітычны рух паказаў сябе толькі дэмакратычны сацыялізм.

Дэмакратычны сацыялізм грунтуецца на адкрытай філасофскай сістэме. Дэмакратычнаму сацыялізму ўласцівыя павага да гуманістычных традыцый народаў свету, цярпімасць, адносіны да чалавека як да мэты, імкненне да сацыяльнай справядлівасці, прававой дзяржавы, да ўсталявання паміж людзьмі салідарных адносін.

Сацыял-дэмакраты карыстаюцца крытычным метадам у падыходзе да грамадска-палітычных з’яў.

Беларускія дэмакратычныя сацыялісты пацвердзілі адданасць ідэалам сусветнай сацыял-дэмакратыі сваім змаганнем за эканамічнае, сацыяльнае і палітычнае вызваленне людзей працы, за ажыццяўленне права беларускага народа на самавызначэнне. Гэтае змаганне паслядоўна вялі Беларуская Рэвалюцыйная Грамада, Беларуская Сацыялістычная Грамада, Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Работніцкая Група і Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя.

Абвяшчаючы 9 сакавіка 1918 года Беларускую Народную Рэспубліку, а 25 сакавіка 1918 года – яе незалежнасць, нашы ідэйныя папярэднікі хацелі бачыць Беларускую дзяржаву дэмакратычнай Рэспублікай, у якой уводзіцца ўсеагульнае, роўнае і прамое выбарчае права з тайным галасаваннем, гарантуецца свабода думкі, слова, партый, прафесійных арганізацый, забастовак, сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля, тайна перапіскі, нацыянальна-персанальная аўтаномія.

Жаданне пачынальнікаў беларускай сацыял-дэмакратыі бачыць у грамадстве «роўнае багацце, а не роўную беднасць» пераклікаецца з нашымі сённяшнімі клопатамі і спадзяваннямі.

У канцы 80-х гадоў выявілася, што ў нашай краіне ёсць людзі, якія выказваюць гатоўнасць аднавіць традыцыі беларускай сацыял-дэмакратыі. Так паўстала Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Грамада (сакавік 1991) – палітычная арганізацыя, якая ў сваёй назве ўшанавала БСГ і БСДП.

Сацыял-дэмакратычная арыентацыя ўзнікла ў камуністычнай партыі Беларусі. Аднак прыхільнікі дэмакратычнага сацыялізму не здолелі пераканаць большасць КПБ. Таму вясною 1992 г. яны заявілі аб стварэнні новай палітычнай арганізацыі – Партыі народнай згоды.

У далейшым каштоўнасці дэмакратычнага сацыялізму былі прынятыя Усебеларускай Партыяй Адзінства і Згоды, некаторымі іншымі палітычнымі арганізацыямі, многімі дзяржаўнымі і грамадскімі дзеячамі.

На аснове ідэйнай блізкасці БСДГ, ПНЗ і ПУАЗ стала магчымае падпісанне 25 ліпеня Пагаднення паміж імі аб утварэнні і прынцыпах блоку «Сацыял-Дэмакратычны Саюз». У выніку супрацоўніцтва паміж партыямі — удзельніцамі СДС у Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь створана сацыял-дэмакратычная фракцыя «Саюз працы», у якую ўвайшлі таксама прадстаўнікі Беларускай партыі працы і беспартыйныя прыхільнікі ідэалаў дэмакратычнага сацыялізму.

Развіваючы супрацоўніцтва, БСДГ і ПНЗ палічылі неабходным аб’яднацца ў адзіную партыю і прыняць гэтую праграму, якая павінна служыіць далейшаму ідэйнаму і арганізацыйнаму збліжэнню партый сацыял-дэмакратычнай арыентацыі, прыцягненню на бок дэмакратычнага сацыялізму большай колькасці грамадзян Беларусі.
ДЭМАКРАТЫЧНЫ САЦЫЯЛІЗМ
I ІНШЫЯ ПАЛІТЫЧНЫЯ ПЛЫНІ
Мы, сацыял-дэмакраты, прызнаем, што лозунгі свабоды, роўнасці і братэрства, прынцыпы прававой дзяржавы і дэмакратыі былі распрацаваныя лібераламі. Аднак трэба ўказаць на тое, што адрознівае сацыял-дэмакратыю ад лібералізму.

Галоўнаю мэтаю гаспадарчай дзейнасці паводле ліберальнай мадэлі з’яўляецца прыбытак, у той час як мэта сацыяльна арыентаванай эканомікі задавальненне патрэб грамадзян. Рухаючымі сіламі ліберальнай мадэлі з’яўляецца эканамічная і палітычная эліта. Рухаючымі сіламі сацыяльнай мадэлі з’яўляюцца інтэлектуальныя слаі грамадства, кваліфікаваныя работнікі, дробныя і сярэднія прадпрымальнікі.

Ліберальная мадэль аддае перавагу прыватнай уласнасці. Сацыяльная эканоміка немагчымая без спалучэння такіх формаў уласнасці, якія б забяспечвалі высокую эфектыўнасць грамадскай вытворчасці і ўдзел грамадзян у размеркаванні вынікаў сваёй працы.

Ліберальная эканоміка патрабуе мінімізацыі ролі дзяржавы ў гаспадарчым жыцці, мінімальных падаткаў на прыбытак, абсалютнай свабоды прадпрымальніцтва. Сацыяльная эканоміка – гэта прагрэсіўная сістэма падаткаабкладання, гнуткая сістэма кватавання і ліцэнзавання, актыўная антыманапольная палітыка, распрацоўка мэтавых дзяржаўных праграм стратэгічнай накіраванасці.

У аснову грамадскага развіцця ліберальная мадэль кладзе індывідуалізм і імкненне да гранічнай карыснасці. У аснове сацыяльнай мадэлі –справядлівасць і салідарнасць грамадзян.

Лібералізм не мог не ўлічваць імкненне шырокіх слаёў грамадства палепшыць умовы жыцця, дасягнуць сацыяльнай справядлівасці, пашырыць свае грамадзянскія правы. Класічны капіталізм перажыў глыбокую гуманістычную трансфармацыю ў бок эканамічнай і сацыяльнай дэмакратыі. З’явілася палітычная плынь сацыял-лібералізму. Узніклі новыя мадэлі грамадскага жыцця (французская сістэма планіфікацыі, скандынаўская мадэль «умеранага», або «функцыянальнага», сацыялізму), была створана сістэма сацыяльных гарантый для наёмных работнікаў і беспрацоўных, жанчын і моладзі.

Мы, сацыял-дэмакраты, лічым неабходным акцэнтаваць таксама ўвагу на фундаментальных адрозненнях паміж нашымі ўяўленнямі аб сацыялізме і тэорыяй і практыкай камуністаў, якія заявілі ў свой час аб пабудове «рэальнага» і нават «развітага» сацыялізму.

Карыстаючыся крытычным метадам, мы не прызнаем неабвержных ісцін. Мы адмаўляем тэорыю аб класавым паходжанні і класавым характары кожнай дзяржавы, аб дыктатуры пралетарыяту. У партыйным жыцці мы адмаўляем «дэмакратычны цэнтралізм», які вядзе да алігархіі. Партыя, не дэмакратычная ўнутры, не можа спрыяць пабудове дэмакратычнага грамадства.

Мы лічым натуральным права грамадзян крытыкаваць урад, адстойваць свае інтарэсы і правы. Ідэалу сацыялізму адпавядае як мага больш дэмакратычнае грамадства, што азначае і грамадскі кантроль за дзейнасцю органаў улады.

Камуністы разглядаюць сацыялізм як першую фазу камунізму. Мы, дэмакратычныя сацыялісты, ставімся да ідэі камунізму як да ўтопіі.

Мы лічым, што сам сацыялізм з’яўляецца мэтанакіраваным рухам, метадам вырашэння сацыяльных праблем грамадства.

Практыка паказала, што «рэальны» сацыялізм быў і з’яўляецца бюракратычным казармавым сацыялізмам, магчымасць якога прадбачылі ў XIX ст. «Рэальны» сацыялізм справядліва атаясамліваецца з дзяржаўным капіталізмам, якому ўласцівыя высокі узровень эксплуатацыі наёмных работнікаў і немагчымасць для працоўных абараніць свае інтарэсы.



Дэмакратычны сацыялізм – гэта грамадскі кантроль над прыватнай і дзяржаўнай уласнасцю, які рэалізуецца праз удзел наёмных работнікаў у кіраванні вытворчасцю і размеркаванні прадуктаў працы і прыбыткаў, гэта магчымасць дабівацца няўхільнага паляпшэння якасці жыцця.

Камунізм —- гэта ідэалогія, якая лічыць. што дзеля дасягнення сацыяльнай справядлівасці апраўданым з’яўлясцца абмежаванне або адмаўленне правоў чалавека і дэмакратыі. Гісторыя засведчыла цесную сувязь камунізму і таталітарызму.

Мы, сацыял-дэмакраты, лічым, што сацыяльны прагрэс сацыяльная справядлівасць, разняволенне чалавека немагчымыя без дэмакратыі.

Да ўстанаўлення таталітарнага рэжыму вядзе і фашысцкая ідэалогія. Праціўнікі таталітарызму, мы з’яўляемся праціўнікамі і фашызму.



ЧАГО МЫ ХОЧАМ?

Нашымі мэтамі з’яўляюцца:

– сцвярджэнне правоў і свабод чалавека, абарона інтарэсаў і правоў людзей наёмнай працы;

– пабудова салідарнага грамадства на прынцыпах свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці, дэмакратыі і прыярытэту права;

– пабудова незалежнай дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай Беларускай дзяржавы — раўнапраўнага суб’екта еўрапейскай і сусветнай супольнасці.

Паколькі эканоміка «рэальнага» сацыялізму і посткамуністычнага аўтарытарызму паказала ўсю сваю неэфектыўнасць і згубнасць для людзей наёмнай працы, прыхільнікі сацыяльнай дэмакратыі выступаюць за шматукладную сацыяльную і экалагічную рынкавую эканоміку.

Мы выказваем пажаданне, каб Беларусь заняла дастойнае месца сярод краін Еўропы і свету;

каб была адроджана нацыянальная самасвядомасць беларускага народа;

каб беларуская культура і мова як адны з дзяржаваўтваральных чыннікаў занялі дастойнае месца ў Беларусі;

каб былі створаны ўмовы для развіцця культур усіх нацыянальных груп у Беларусі;

каб усе нацыянальныя групы Беларусі жылі ў згодзе;

каб у нашай краіне панаваў грамадзянскі мір;

каб Беларусь жыла ў міры з іншымі дзяржавамі;

каб у нашай краіне моладзь з аптымізмам глядзела ў будучыню;

каб старэйшае пакаленне было акружана павагаю і жыло ў матэрыяльным дастатку;

каб жанчыны былі сапраўды роўныя ў сваіх правах з мужчынамі;

каб да інвалідаў ставіліся як да паўнацэнных і паўнапраўных членаў грамадства;

каб клопат аб здароўі прыроды і чалавека стаў у цэнтр інтарэсаў грамадства;

каб навукова-тэхнічны прагрэс служыў паляпшэнню якасці жыцця народа;

каб памнажаліся дасягненні нашай навукі, культуры, мастацтва;

каб недавер, страх, жорсткасць, агрэсіўнасць, нецярпімасць зніклі з нашага жыцця;

каб грамадства адчужанасці ператварылася ў грамадства салідарнасці асобных людзей, сацыяльных і нацыянальных груп.

Дэмакратычны сацыялізм — левая палітычная плынь.

Мы адмаўляем гвалтоўныя метады вырашэння сацыяльных, палітычных, эканамічных ды іншых праблем. Наш метад — дыялог, пошук кампрамісу.

Мы выказваемся за грамадскі, эканамічны і палітычны плюралізм.

Кіруючыся сваімі прынцыпамі, мы выбіраем сярод палітычных партый саюзнікаў. Мы гатовы супрацоўнічаць з тымі партыямі і рухамі, якія выступаюць за незалежнасць Беларусі, за дэмакратыю, прызнаюць міжнародныя акты аб правах чалавека.

Мы будзем лічыць саюзнікамі тых, чыя дзейнасць накіравана на абарону правоў чалавека, на абарону сацыяльных правоў і гарантый найменш забяспечаных катэгорый насельніцтва, на экалагічнае абнаўленне і ахову здароўя народа, на захаванне і прапаганду культурных каштоўнасцей.

Мы стаім за гарантыі правоў прафсаюзаў на ўсіх прадпрыемствах, ва ўсіх арганізацыях і ўстановах пры любых формах уласнасці.

Мы выказваемся за незалежнасць прафсаюзаў, за тое, каб яны былі раўнапраўнымі партнёрамі дзяржавы і прадпрымальнікаў пры вырашэнні сацыяльных і эканамічных пытанняў на агульнанацыянальным, рэгіянальным і лакальным узроўнях. Мы прыхільнікі адзінства дзеянняў прафсаюзнага руху.

Мы супрацоўнічаем з прафсаюзамі дзеля забеспячэння правоў наёмных работнікаў.

Мы – прыхільнікі свабоды сумлення і верацярпімасці. Мы лічым, што ўсе рэлігійныя аб’яднанні павінны быць раўнапраўныя і лаяльныя ў дачыненні да дзяржавы. Мы гатовыя абмяркоўваць з рэлігійнымі аб’яднаннямі пытанні грамадска-палітычнага жыцця і дасягаць з імі ўзаемаразумення.

НАШЫ ПРЫНЦЫПЫ

Пабудаваць незалежную дэмакратычную прававую і сацыяльную дзяржаву, дасягнуць эканамічнага і сацыяльнага прагрэсу можна кіруючыся пэўнымі прынцыпамі, якія адначасова з’яўляюцца нашымі каштоўнасцямі і ідэаламі.

На першае месца мы вылучаем прынцып свабоды.

Свабоду мы разумеем як права чалавека быць вольным у вызначэнні свайго лёсу, вольным у выбары, вольным ад палітычнага, адміністрацыйнага і эканамічнага прымусу.

Свабоду мы разумеем як права грамадзянскай супольнасці вырашаць свой лёс.

Свабода патрабуе вызвалення чалавека ад зняважлівай залежнасці, ад жабрацтва, нястачы і страху, яна азначае таксама магчымасць развіваць індывідуальныя здольнасці, адказна ўдзельнічаць у грамадскім і палітычным жыцці.

Свабоду мы разумеем як права нацыянальных груп карыстацца сваімі мовамі, мець свае культурна-асветныя ўстановы і арганізацыі, браць удзел у агульнаграмадскіх справах.

Свабоду мы разумеем як павагу да думкі і правоў меншасці — нацыянальнай, сацыяльнай, палітычнай, рэлігійнай.

Свабоду мы разумеем як упарадкаваную волю. Грамадзяне і групы грамадзян павінны суадносіць сваю волю і інтарэсы з воляй і інтарэсамі іншых грамадзян. Свабода адных людзей не павінна абмяжоўваць свабоду іншых.

Мы імкнемся да стварэння салідарнага грамадства.

У салідарнасці, узаемадзеянні паміж грамадзянамі і грамадскімі групамі мы бачым заруку дасягнення агульнага дабрабыту і дабрабыту кожнага чалавека. Вось чаму мы выступаем за пошук кампрамісу паміж інтарэсамі розных сацыяльных, нацыянальных, палітычных, рэлігійных груп грамадзян, за грамадзянскі мір і нацыянальную згоду.

Салідарнасць мы разумеем як выяўленне ўзаемасувязі людзей, як асноўную ўмову выжывання чалавечага роду. Спагада, спачуванне, узаемная павага складаюць аснову салідарнасці. Адносіны грамадства да слабых і хворых з’яўляюцца паказчыкамі яго гуманнасці.

Толькі ў салідарным грамадстве можа быць ажыццёўлены прынцып сацыяльнай справядлівасці і дасягнутая роўнасць людзей.

Роўнасць мы разумеем не толькі як роўнасць грамадзян перад законам. Кожны мае права на годныя чалавека ўмовы жыцця. Незалежна ад паходжання, сацыяльнай, этнічнай, рэлігійнай, партыйнай і полавай прыналежнасці людзі павінна мець роўныя магчымасці для раскрыцця сваёй індывідуальнасці, самарэалізацыі.

Ажыццяўленне ідэалаў свабоды, салідарнасці, сацыяльнай справядлівасці і роўнасці немагчымае без дэмакратыі.

Дэмакратыю мы разумеем як права народа ў межах свабодных і справядлівых выбараў вызначаць палітычны лад сваёй дзяржавы, як права народа выбіраць паміж палітычнымі партыямі і асобнымі палітыкамі.

Дэмакратыю мы разумеем як права грамадзян кантраляваць органы ўлады і выказваць ім давер або недавер на выбарах.

Дэмакратыю мы разумеем як павагу да правоў чалавека і да правоў меншасці.

У дэмакратычным грамадстве дзейнічае механізм узгаднення розных, у тым ліку альтэрнатыўных, інтарэсаў шляхам перагавораў, пошуку кампрамісу. Прадстаўнікі тых ці іншых інтарэсаў не могуць навязваць сваю волю гвалтоўна. У сваіх дзеяннях яны і асобныя грамадзяне кіруюцца законам і падпарадкоўваюцца закону.

Прыярытэт права — яшчэ адзін наш прынцып, наша каштоўнасць.

Мы лічым, што законы могуць выдаваць толькі абраныя на ўсеагульных, роўных і прамых выбарах з тайным галасаваннем на альтэрнатыўнай аснове прадстаўнікі народа.

Мы разглядаем права не як волю нейкай партыі або нейкага класа, узведзеную ў закон, а як адлюстраванне агульнаграмадскіх інтарэсаў у законах, якія служаць дабрабыту грамадзян і грамадства.

Праватворчасць мае на ўвазе баланс інтарэсаў, грамадзянскі мір, стабільнасць грамадскага жыцця, правы чалавека.



ДЭМАКРАТЫЧНАЯ ПРАВАВАЯ ДЗЯРЖАВА

Мы хочам бачыць Беларусь сапраўды незалежнай дэмакратычнай сацыяльнай і прававой дзяржавай.

Ставячы на першае месца правы асобы, мы будзем настойваць, каб былі гарантаваныя правы і свабоды, абвешчаныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, каб у законах і ў практычнай дзейнасці ўладаў нашай краіны ўлічваліся палажэнні міжнародных актаў аб правах чалавека, якія падпісала і ратыфікавала Рэспубліка Беларусь.

Мы будзем настойваць на гарантыях свабоды асацыяцый, свабоды слова, друку, мірных сходаў, мітынгаў, дэманстрацый, шэсцяў і пікетаў, на безумоўным праве чалавека на атрыманне і распаўсюджванне інфармацыі незалежна ад дзяржаўных граніц.

Мы выступаем за дэманапалізацыю сродкаў масавай інфармацыі, за тое, каб сродкі масавай інфармацыі, якія застаюцца ў дзяржаўнай уласнасці, не выкарыстоўваліся ў выключных інтарэсах асобных груп грамадзян, нейкай партыі ці арганізацыі.

Мы лічым, што існуючая выбарчая сістэма ў нашай краіне не з’яўляецца дэмакратычнай. Мы будзем настойваць на тым, каб была ўведзена мажарытарна-прапарцыянальная выбарчая сістэма.

Пагрозай для дэмакратыі з’яўляецца празмерная канцэнтрацыя ўлады ў руках адной асобы або ў адной з галін дзяржаўнай улады. Мы выказваемся за рэальны падзел улады на заканадаўчую, выканаўчую і судовую, за дакладнае вызначэнне кампетэнцыі кожнай і галіны ўлады.

Мы лічым, што Беларусь павінна быць парламенцкай дзяржавай з урадам, адказным перад Вярхоўным Саветам.

Мы з’яўляемся прыхільнікамі прававой дзяржавы. Закон, нават кепскі, ёсць закон. Змяніць яго можа толькі законным шляхам абраны парламент.

Канстытуцыйны Суд Рэспублікі можа і павінен стаць гарантам захавання прававых нормаў у жыцці дзяржавы. Мы выказваемся за тое, каб гэты і ўсе іншыя суды ў Рэспубліцы сталі цалкам незалежнымі ад выканаўчай улады.

Мы выказваемся за самакіраванне насельніцтва ў месцах свайго пражывання і падтрымліваем прынцыпы Еўрапейскай хартыі самакіравання.

Мы настойваем на ўдасканаленні закона аб дзяржаўнай службе, паводле якога вызначаюцца агульныя правы і абавязкі ўрадоўцаў, а таксама іх адказнасць за некампетэнтныя рашэнні і злоўжыванні. Мы настойваем на прынцыпе публічнасці ў дзяржаўным жыцці, паводле якога кожны ўрадовец і кожны дэпутат пры ўступленні на пасаду і па сканчэнні тэрміну сваіх паўнамоцтваў аб’яўляе дэкларацыю аб даходах.

Мы лічым, што трэба прыняць закон аб органах дзяржаўнай бяспекі і ўдасканаліць закон аб міліцыі.

Мы будзем дамагацца далейшай гуманізацьіі крымінальнага, крымінальна-працэсуальнага, папраўча-працоўнага заканадаўства, рэформы пенітэнцыярнай сістэмы.



САЦЫЯЛЬНАЯ РЫНКАВАЯ ЭКАНОМІКА

Мы, дэмакратычныя сацыялісты, выказваемся як супраць усеагульнай прыватызацыі, так і супраць усеагульнай дзяржаўнай уласнасці на сродкі вытворчасці. Наш ідэал — шматукладная (змешаная) рынкавая сацыяльная і экалагічная эканоміка, у якой свабоднае прадпрымальніцтва спалучаецца з пэўным (у межах нацыянальнай неабходнасці) дзяржаўным рэгуляваннем на макраўзроўні, а таксама дзейнасці натуральна склаўшыхся манаполій.

Мы не адмаўляем ролі плану ў развіцці эканомікі. Наш прынцып: свабода — наколькі магчыма, планаванне — наколькі неабходна.

Выказваючыся за раздзяржаўленне сродкаў вытоврчасці, мы робім агаворку: раздзяржаўленне, прыватызацыя павінны весціся на аснове адпаведных законаў Рэспублікі Беларусь і з улікам інтарэсаў наёмных работнікаў.

Выказваючыся за розныя формы прыватнай уласнасці, мы лічым, што пэўная частка сродкаў вытворчасці павінна заставацца ў агульнадзяржаўнай і камунальнай уласнасці.

Мы выступаем у абарону інтарэсаў спажыўцоў. Канкурэнцыя прадпрыемстваў з рознымі формамі ўласнасці неабходная дзеля таго, каб праз дзеянне рынкавых механізмаў стымуляваўся тэхнічны і тэхналагічны прагрэс, каб паляпшалася якасць тавараў.

Мы добра ўсведамляем, што бескантрольнае развіццё рынкавых адносін з непазбежнасцю вядзе да манапалізацыі вытворчасці і гандлю. Рынкавыя адносіны трэба рэгуляваць не адміністрацыйна, а эканамічна як на першасным, так і на дзяржаўным узроўнях у пэўных межах і перш за ўсё дзеля таго, каб прадухіліць узнікненне новых манаполій, а таксама дзеля падтрымання прапарцыянальнага развіцця эканомікі. Пры гэтым эканамічныя метады рэгулявання вытворчасці павінны грунтавацца толькі на сацыяльных крытэрыях, адпавядаць патрэбам грамадства. Падаткавай і крэдытнай палітыкай дзяржава можа стымуляваць вытворчасць тавараў народнага спажывання, найперш – тавараў для дзяцей, інвалідаў, пажылых людзей.

Узнікненне праз прыватызацыю станаў уласнікаў мы разглядаем як станоўчы факт. Нашым ідэалам з’яўляецца павелічэнне колькасці ўласнікаў.

Адначасова мы хочам бачыць сацыяльна адказных уласнікаў і вытворцаў.

Як прыхільнікі эканамічнай дэмакратыі, мы выказваемся за шырокі ўдзел наёмных работнікаў у кіраванні і валоданні прадпрыемствамі розных тыпаў. Мы выступаем за кантроль з боку працоўных калектываў за дзейнасцю адміністрацыі дзяржаўных прадпрыемстваў.

Рэканструкцыя прамысловасці патрабуе значных выдаткаў, прыцягнення замежных інвестыцый. Таму мы выказваемся за тое, каб праблемы перапрафілявання прамысловых прадпрыемстваў вырашаліся публічна і пад кантролем грамадства. Дзяржава павінна даваць гарантыі пад крэдыты толькі тым праектам, ажыццяўленне якіх будзе садзейнічаць напаўненню ўнутранага рынку спажывецкімі таварамі і павышэнню канкурэнтаздольнасці айчынных вырабаў на знешнім рынку.

Неабходна ствараць спрыяльныя ўмовы і гарантыі інвестарам, а не набіраць крэдыты і такім чынам ператвараць наступныя пакаленні грамадзян Беларусі ў даўжнікоў.

Непасрэдныя дзяржаўныя інвестыцыі, як форма рэгулявання эканомікі, павінны ствараць рабочыя месцы, паляпшаць інфраструктуру, экалогію, спрыяць паляпшэнню якасці жыцця.

Дзяржава павінна прымаць меры дзеля абароны сельскай гаспадаркі ад уздзеяння інфляцыі, а таксама ад канкурэнцыі замежных вытворцаў. Дзяржаўныя інвестыцыі трэба накіраваць на паляпшэнне інфраструктуры, стварэнне сеткі невялікіх перапрацоўчых прадпрыемстваў, аб’ектаў сацыяльнага і культурнага прызначэння.

Неабходна стварыць эфектыўную сістэму выкарыстання зямлі. У калгасах мы бачым не толькі калектыўныя гаспадаркі, але і калектывы гаспадароў.

Эканамічныя сувязі з былымі рэспублікамі СССР павінны грунтавацца на прынцыпе ўзаемнай выгады. Інтэграцыя народнай гаспадаркі Беларусі ў сусветную эканоміку павінна адбывацца з улікам нацыянальных інтарэсаў Рэспублікі.

ІІаступовая інтэграцыя народнай гаспадаркі Беларусі ў сусветную эканоміку вядзе да таго, што наша краіна становіцца арэнай дзейнасці замежных і міжнародных манаполій. Нацыянальныя інтарэсы Рэспублікі патрабуюць, каб дзейнасць транснацыянальных карпарацый знаходзілася пад дэмакратычным кантролем.

Стварэнне шматукладнай сацыяльнай і экалагічнай рынкавай эканомікі – працяглы працэс. Ажыццяўленне эканамічных рэформаў немагчымае без добрае волі ўдзельнікаў гэтага працэсу, без дыялогу прадпрыемцаў, дзяржавы і прафсаюзаў, без кампрамісаў. Карпаратыўны эгаізм заўсёды разбуральны, вядзе да сацыяльных канфліктаў і антаганізмаў. Задача стварэння самастойнага народнагаспадарчага комплексу Рэспублікі Беларусь, інтэграванага ў сусветнагаспадарчыя сувязі, патрабуе ад усіх сацыяльных і палітычных груп, каб яны выявілі салідарнасць і ўзаемаразуменне ды скіравалі супольныя намаганні менавіта ў гэтым напрамку.



НАВУКА, НАВУКОВА-ТЭХНІЧНЫ ПРАГРЭС I ГРАМАДСТВА

У дэмакратычным грамадстве з сацыяльнай эканомікай навука і навукова-тэхнічны прагрэс арыентаваныя на патрэбы чалавека, служаць паляпшэнню якасці яго жыцця.

Эканамічны крызіс і скарачэнне заказаў на ваенныя распрацоўкі выклікалі праблему занятасці вучоных. Скарачэнне штатаў адбываецца практычна ва ўсіх навуковых і навукова-даследчых інстытутах, у канструктарскіх і тэхналагічных бюро, на доследных вытворчасцях.

Мы назіраем эміграцыю інтэлекту з Рэспублікі, пераход высокакваліфікаваных спецыялістаў у структуры, дзе іх веды могуць не спатрэбіцца, што не адпавядае нацыянальным інтарэсам.

Дзяржава не павінна дапусціць спаду якасці нашай навукі і даследаванняў. Неабходна стымуляваць канверсію навукова-даследчых устаноў.

Непасрэдная апека дзяржавы патрэбна фундаментальным навукам.

Аднак трэба заахвочваць і тых прыватных асоб, хто сваімі капіталамі падтрымлівае фундаментальныя даследаванні.

Неабходна прыняць шэраг эканамічных і сацыяльных мер дзеля змяншэння і спынення эміграцыі інтэлекту. Разам з тым мы выказваемся за паездкі беларускіх вучоных за мяжу для стажыроўкі, абмену вопытам, чытання лекцый, правядзення даследаванняў. Гэтак жа мы павінны вітаць запрашэнне ў нашы навуковыя і навучальныя ўстановы замежных вучоных.

Неабходнасць распрацаваць законы аб аўтарскім праве і патэнтах. Мы павінны шанаваць інтэлектуальную ўласнасць.

Прызнаючы свабоду навуковай творчасці, мы тым не мешн лічым, што навука павінна знаходзіцца пад кантролем грамадства, што законам неабходна забараніць некаторыя метады і спосабы правядзення даследчых работ, асабліва калі гэтыя даследаванні закранаюць правы чалавека і не адпавядаюць этычнаму пункту гледжання.

Мы хочам, каб развіццё навукі і тэхнікі адпавядала патрэбам чалавека, паляпшэнню якасці жыцця. Меркаванні павышэння прадукцыйнасці працы, канкурэнтаздольнасці, выгады неабходна спалучыць з мэтамі экалагічнага абнаўлення, гуманізацыі працы і скарачэння працоўнага часу. Мы ўлічваем пры гэтым, што скарачэнне рабочага часу ёсць адна з умоў стварэння новых рабочых месцаў, а таксама ўмова для ўсебаковага развіцця чалавека.

Мы лічым, што новая тэхніка і тэхналогіі павінны праходзіць сацыяльную і экалагічную экспертызу. Рашэнні аб прыярытэтах эканамічнага развіцця і звязанага з ім развіцця тэхнічнага належыць прымаць з удзелам прафсаюзаў, іншых грамадскіх арганізацый, а таксама прадстаўнікоў навукі.



САЦЫЯЛЬНАЯ ДЗЯРЖАВА


Мы, сацыял-дэмакраты, заяўляем: у пераходны перыяд, які перажывае Беларусь, не павінны звужацца сацыяльныя правы наёмных работнікаў, усіх грамадзян.

Годнасць і самапавага чалавека вынікае з разумення патрэбнасці ягонай працы блізкім і грамадству. Грамадства сведчыць сваю павагу да чалавека працы тым, што дбае аб належным узнагароджанні яго працоўных высілкаў, аб забеспячэнні спакойнай старасці тых, хто спыніў працоўную дзейнасць.

Права на працу з’яўляецца асноўным сацыяльным правам чалавека.

Наша разуменне працы шырокае. Мы не проціпастаўляем фізічную і разумовую працу, працу рамесніка і працу рабочага на дзяржаўным прадпрыемстве, працу дырэктара фабрыкі і ўладальніка крамы. Як сацыял-дэмакраты, мы ў першую чаргу выражаем інтарэсы наёмных работнікаў на дзяржаўных і прыватных прадпрыемствах, установах і арганізацыях.

Мы перакананыя, што сацыяльныя канфлікты не ў інтарэсах працадаўцаў і наёмных работнікаў, што сацыяльны мір найбольш адпавядае інтарэсам грамадства. Мы выказваемся за тое, каб шляхам дыялогу і сацыяльнага кампрамісу наладжвалася сацыяльнае партнёрства – першая ўмова салідарнага грамадства.

У дэмакратычнай сацыяльнай прававай дзяржаве не павінна быць працоўных адносін, якія не рэгулююцца законам.

Баронячы правы наёмных работнікаў, мы выступаем за паляпшэнне Кодэксу законаў аб працы, законаў аб калектыўных пагадненнях і аб калектыўных працоўных спрэчках, якія павінны адпавядаць міжнародным стандартам, не абмяжоўваць правы работнікаў і прафсаюзаў.

Мы выступаем за стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь сістэмы сацыяльных гарантый, за правядзеные гуманнай палітыкі ў дачыненні да ўсіх груп насельніцтва.

Сацыяльнае забеспячэнне павінна быць надзейным. Дзеля гэтага эканамічная, фінансавая і сацыяльная палітыка мусяць быць паміж сабой узгоднены такім чынам, каб уся палітыка арыентавалася на выкананне патрабаванняў сацыяльнай дзяржавы.

Патрабуе ўдасканалення дзяржаўная сістэма перакваліфікацыі і ўладкавання на працу работнікаў, якія страцілі ці могуць страціць работу, сістэма выплат па беспрацоўи. Мы выступаем супраць усеагульнага ўвядзення кантрактнай сістэмы найма замест калектыўных дагавораў.

Мы выступаем за аздараўленне ўмоў працы, асабліва працы жанчын, моладзі і інвалідаў. Мы будзем настойваць на ўдасканаленні заканадаўства аб ахове працы.

Мы патрабуем энергічнай жыллёвай палітыкі. Кожная сям’я мае права на ўласны дах над галавой. Дзяржава павінна ствараць гуманныя і справядлівыя ўмовы атрымання жылля. Галоўны накірунак вырашэння праблемы – дзяржаўнае будаўніцтва і прадастаўленне кватэр у крэдыт на 20–30 гадоў.

Сацыяльная дзяржава і грамадзяне лічаць абавязкам забяспечыць дастойныя ўмовы жыцця пенсіянераў і інвалідаў.

Мы лічым, што пенсіі павінны налічвацца ў адпаведнасці з працоўным укладам кожнага чалавека.

Мы лічым, што выкарыстанне Пенсійнага фонду павінна знаходзіцца пад кантролем грамадства.

Мы салідарныя з падрастаючым пакаленнем. Незалежна ад матэрыяльнага стану бацькоў дзецям і моладзі трэба гарантаваць атрыманне бясплатнай сярэдняй адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі.

Шматдзетныя сем’і павінны знаходзіцца пад сталай апекай грамадства.

Мы выступаем за тое, каб хатняя праца бацькоў была прызнана такой жа карыснай, як і праца на прадпрыемстве, у арганізацыі і ўстанове. Жанчыны і мужчыны маюць права выбіраць паміж хатняй працай (выхаванне дзяцей) і працай на прадпрыемстве, у арганізацыі, установе.

Мы лічым, што грамадства павінна захаваць і падтрымліваць дзіцячыя яслі, садкі, а таксама групы і школы падоўжанага дня.

Мы хочам, каб утрыманне дзіцяці ў яслях і садку было пад сілу кожнаму. Мы хочам таксама, каб выдаткі на школьныя абеды былі не так адчувальныя для бюджэту сям’і.

Неабходна прыняць шэраг эканамічных і сацыяльных мер, каб вызваліць жанчын ад цяжкой фізічнай працы і працы ў начную змену.

Мы лічым, што інстытут надомнай працы варты ўсялякай падтрымкі. Ён дапамагае ўцягваць у больш шырокія грамадскія адносіны людзей, якія даглядаюць дзяцей, інвалідаў, дае магчымасць мець дадатковую крыніцу даходаў.

Мы салідарныя з інвалідамі, з людзьмі, якія церпяць ад хвароб. Мы салідарныя з адзінокімі пажылымі людзьмі. Таму мы хочам, каб грамадства звярнула ўвагу на дамы-ітэрнаты для інвалідаў і пажылых людзей. Не выклікае сумнення, што сістэма сацыяльнай апекі патрабуе ўдасканалення.

У нашай краіне шмат дзяцей без бацькоў, апекуноў і папячыцеляў. Мы думаем, што грамадства павінна звярнуць увагу на дамы дзіцяці, дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты і прыняць захады дзеля паляпшэння якасці выхавання і навучання дзяцей у гэтых установах.

Мы хочам, каб выхаванцы дзіцячых дамоў і школ-інтэрнатаў выходзілі ў самастойнае жыццё падрыхтаванымі да яго. Мы хочам, каб гэтыя дзяўчаты і юнакі мелі пэўныя льготы.

Неабходна забяспечыць грамадскае прызнанне тым прадпрыемствам, арганізацыям, установам і грамадзянам, якія выдаткоўваюць свае сродкі на дапамогу дзецям, малазабяспечаным і шматдзетным сем’ям, пенсіянерам і інвалідам. Мы будзем настойваць на дадатковых ільготах такім прадпрыемствам, арганізацыям, установам і грамадзянам, на прыняцці законаў аб дабрачыннасці і дабрачынных фондах.

Незалежная дэмакратычная і прававая Беларуская дзяржава павінна стаць і сацыяльнай дзяржавай, дзяржавай дабрабыту.

Заможнасць дзяржавы грунтуецца на заможнасці яе грамадзян.

Пераход да шматукладнай рынкавай эканомікі ёсць адна з перадумоў росту нацыянальнага багацця. Другая перадумова – сацыяльная палітыка, якая грунтуецца на прынцыпе салідарнасці. Правядзенне такой палітыкі немагчымае без добрай волі і згоды органаў дзяржаўнай улады, прадпрыемцаў і прадстаўнікоў наёмнай працы. Мы, дэмакратычныя сацыялісты, з’яўляемся прыхільнікамі пастаяннага дыялогу паміж прафесійнымі саюзамі, дзелавымі коламі і дзяржавай у імя паляпшэння якасці жыцця нашага народа.



ЗА ВЫЖЫВАННЕ I ЭКАЛАГІЧНАЕ АБНАЎЛЕННЕ

Мы выступаем за адказнае гаспадаранне. Мы перакананы, што шматукладная рынкавая эканоміка будзе сапраўды сацыяльнай, калі яна адначасова будзе і экалагічнай.

Беларусь з’яўляецца краінай з цяжкай экалагічнай сітуацыяй.

Бескантрольнае будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых комплексаў, неразумная асушка балотаў і пераўвільготненых земляў, празмернае выкарыстанне штучных і мінеральных угнаенняў, гербіцыдаў і пестыцыдаў у земляробстве істотна парушылі экалагічную раўнавагу ў нашай краіне. Катастрофа на Чарнобыльскай АЭС з’яўляецца самым буйным экалагічным злачынствам таталітарнага рэжыму супраць нашага народа.

Ад усяго народа патрабуюцца салідарныя высілкі дзеля выжывання экалагічнага абнаўлення.

Стратэгія выжывання мае на ўвазе змяншэнне (аслабленне) уздзеяння на здароўе людзей наступстваў чарнобыльскай катастрофы і шкодных вытворчых магутнасцей.

Стратэгіі экалагічнага абнаўлення павінна быць падпарадкавана ўся вытворчая дзейнасць у Беларусі.

Рэканструкцыю старых і будаўніцтва новых прадпрыемстваў належыць весці пад грамадскім кантролем. Грамадзяне, іх арганізацыі, органы мясцовай улады маюць права сачыць за ходам рэканструкцыі і будаўніцтва прадпрыемстваў.

Падатковая палітыка можа служыць экалагічнаму абнаўленню.

На нашу думку, належыць часткова ці поўнасцю вызваляць ад падаткаў будаўнічыя арганізацыі, занятыя на ўзвядзенні прыродаахоўных аб’ектаў, а таксама вытворцаў экалагічна чыстай прадукцыі.

Мы лічым, што неабходна павышаць падаткі з прадпрыемстваў, якія чыняць шкоду навакольнаму асяроддзю і выпускаюць прадукцыю, што не адпавядае санітарным кандыцыям. Неэкалагічная вытворчасць павінна стаць нявыгаднаю.

Санітарным умовам жыцця пагражае забруджанасць нашых гарадоў і мястэчак прамысловымі і бытавымі адходамі. Грамадства стаіць перадвострай патрэбай іх паўторнага выкарыстання. Трэба знайсці надзейныя спосабы захоўвання непазбежных адходаў. Мы лічым, што трэба заахвочваць прадпрыемцаў, якія бяруцца вырашаць гэтую праблему і належным чынам спраўляюцца з ёй.

Раней ці пазней у Рэспубіцы пачнецца распрацоўка яшчэ не асвоеных радовішчаў карысных выкапняў. Важна, каб і тут улічваліся сацыяльна-экалагічныя фактары.

Мы не павінны дапускаць памылак у прыродакарыстанні.

АХОВА ЗДАРОЎЯ, ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА I СПОРТ
У Беларусі скарачаецца колькасць насельніцтва. Шмат дзяцей з’яўляецца на свет з сур’ёзнымі фізічнымі і псіхічнымі адхіленнямі ад нормы, высокая дзіцячая смяротнасць. Прычынамі гэтага з’яўляюцца Чарнобыльская катастрофа, экагічныя праблемы, безадказнае гаспадаранне, невысокая санітарная культура людзей.

Медыцына, якая ўвесь час фінансуецца паводле астаткавага прынцыпу, апынулася ў цяжкім становішчы. Гэтае становішча ўскладняецца тым, што фармацэўтычная прамысловасць у Рэспубліцы няразвітая і часам бракуе самых элементарных лекавых сродкаў.

Аздараўлення народа нельга дасягнуць без аздараўлення навакольнага асяроддзя, умоў працы, без экалагізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці.

Актуальнай застаецца санітарная асвета насельнітва.

Кіраўнікі дзяржаўных і прыватных прадпрыемтваў, арганізацый і ўстаноў маюць магчымасць заахвочваць здаровы лад жыцця, дапамагаць людзям пазбаўляцца ад шкодных для здароўя звычак.

Першачарговая задача грамадства — захаваць існуючую сетку ўстаноў аховы здароўя.

Вітаючы дзейнасць айчынных ды замежных устаноў і арганізацый, якія дапамагаюць пацярпеўшым ад чарнобыльскай катастрофы, мы лічым, што больш рацыянальна было б выкарыстоўваць сродкі на абсталяванне дзейных і будаўніцтва новых аздараўленчых устаноў на тэрыторыі Беларусі.

Мы выказваемся за паляпшэнне медыцынскага абслугоўвання шляхам гарманічнага развіцця дзяржаўнай і страхавой медыцыны. Пераход на прынцыпы страхавой медыцыны належыць ажыццяўляць паступова.

Мы хочам, каб інтарэсы людзей, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, пераважалі над інтарэсамі медыцынскіх работнікаў і фармацэўтычнай прамысловасці.

Мы будзем выступаць за прыняццё закона аб псіхіятрычнай дапамозе.

У справе падтрымання здароўя і аздараўлення людзей выключную ролю адыгрываюць фізічныя культура і спорт. Здароўе нацыі немагчыма палепшыць без клопату кожнага чалавека аб падтрыманні свайго здароўя.

Мы ўлічваем, што спорт з’яўляецца істотнай складовай часткай культуры і спрыяе якасці жыцця. Таму мы надаем важнае значэнне масаваму фізкультурнаму руху, фізічнаму выхаванню ў дзіцячых садках, школах, іншых навучальных установах, захаванню і развіццю традыцый рабочага (прафсаюзнага) фізкультурнага і спартыўнага руху, падтрымліваем спартыўны рух інвалідаў.

Выказваючыся за масавы фізкультурны і спартыўны рух, мы падтрымліваем таксама і прафесійны спорт, аснову якога павінны складаць эканамічна самастойныя спартыўныя клубы і федэрацыі. Мы хочам, каб прафесійным спартсменам былі прадастаўленыя сацыяльныя правы і гарантыі, як і людзям іншых прафесій.
СЯМ’Я. ЖАНЧЫНЫ I МУЖЧЫНЫ.

САЛІДАРНАСЦЬ ПАКАЛЕННЯЎ
Сям’я – асноўная суполка грамадства, важная маральная і сацыяльная каштоўнасць. Яе праблемы і інтарэсы заўсёды павінны быць у цэнтры ўвагі сацыяльнай дзяржавы.

Мы павінны прызнаць, што ў нашым грамадстве жанчыны пакуль яшчэ знаходзяцца ў нераўнапраўных адносінах з мужчынамі. Мы хочам змяніць грамадства, у якім прэстыжная вытворчая дзейнасць прызначана, як правіла, толькі для мужчын, а непрэстыжная хатняя праца ўскладзена на жанчын.

Мы за тое, каб расло прадстаўніцтва жанчын ў органах улады, у кіраўніцтве грамадскіх арганічацый. Шырокае жаночае прадстаўніцтва станоўча ўплывае на гуманізацыю рашэнняў, усяго грамадскага жыцця.

Сацыяльная дзяржава не можа перакладваць на плечы сям’і тыя праблемы, якія яна можа вырашыць сама. Нават з агульнаэканамічнага пункту гледжання неабходна захаваць і пашыраць сетку дашкольных дзіцячых устаноў, груп і школ падоўжанага дня.

Неабходна пераадолець старыя стэрэатыпы ў паглядах на ролю жанчыны і мужчыны ў сям’і. Мужчына гэтак, як і жанчына, з’яўляецца выхавацелем дзяцей. Жонка і муж маюць роўныя правы быць вызваленымі ад працы дзеля догляду малых і хворых дзяцей.

Грамадства павінна падтрымліваць сем’і, у якіх гадуюцца дзеці-інваліды. Такая ж падтрымка патрэбна і сем’ям, у якіх ёсць дарослыя інваліды.

Клопат грамадства і сацыяльнай дзяржавы распаўсюджваецца таксама на адзінокіх бацькоў.

Свабоды бацькоў не павінны пярэчыць правам дзіцяці на паўнацэннае жыццё. Мы хочам, каб дзеці былі самастойнымі суб’ектамі права і каб іхнія інтарэсы і запатрабаванні ў большай, чым да гэтага часу, ступені ўлічваліся пры прыняцці дзяржаўных рашэнняў.

Мы хочам, каб наша грамадства салідарызавалася з пажылымі людзьмі, каб рабілася ўсё ад яго залежнае дзеля падтрымання працаздольнасці пажылых людзей, для заахвочвання працы пенсіянераў.

Мы хочам, каб пажылыя людзі былі акружаныя павагай і клопатамі. каб іх старасць была спакойная. Не канкурэнцыя і непаразуменне, а абмен вопытам і салідарнасць павінны вызначаць адносіны паміж пакаленнямі.

Мы, дэмакратычныя сацыялісты, супрацьстаім спробам выхоўваць моладзь у духу індывідуалізму, непавагі да агульначалавечых маральных каштоўнасцей.

Ва ўмовах беспрацоўя выпускнікам школ і маладым спецыялістам цяжка ўладкавацца на працу. Мы будзем настойваць на тым, каб мінімальнае страхаванне распаўсюджвалася на маладых людзей, якія не маюць працы. Грамадства павінна заахвочваць прадпрыемцаў, якія адкрываіоць новыя рабочыя месцы для моладзі.

Важна захаваць і пашырыць сетку дзяржаўных і грамадскіх маладзёжных цэнтраў, устаноў культуры, дзе моладзь магла б паўнацэнна праводзіць вольны час. Неабходна як мага больш уцягваць моладзь у фізкультурны і спартыўны рух.

Мы, сацыял-дэмакраты, супраць выхавання апалітычнага маладога пакалення. Мы лічым, што палітычную асвету і выхаванне трэба скіраваць на тое, каб маладыя людзі пранікліся павагай да правоў чалавека, пачуццямі гуманізму і салідарнасці, адказнасці за сябе, за блізкіх, за лёс свайго народа і Бацькаўшчыны.



АДУКАЦЫЯ, ВЫХАВАННЕ, КУЛЬТУРА

Мы за дэпартызаванае і свецкае дашкольнае і школьнае навучанне і выхаванне ў дзяржаўных навучальных установах.

Бацькі і дзеці павінны мець права выбару паміж рознымі формамі і тыпамі школ. Мы лічым, што агульнаадукацыйныя школы, ліцэі, прафесійныя вучылішчы, тэхнікумы і вышэйшыя навучальныя ўстановы могуць засноўваць як дзяржава, так і грамадскія арганізацыі, асобныя людзі.

Мы лічым, што ў дашкольных і навучальных установах незалежна ад іх прыналежнасці неабходна выхоўваць любоў да Бацькаўшчыны, павагу да іншых народаў, іх культурных каштоўнасцей, гуманнае стаўленне да чалавека.

Навучанне школьнікаў і студэнтаў рэлігіі канфесійныя аб’яднанні могуць праводзіць па жаданні бацькоў і дзяцей ў пазаўрочны час у сваіх навучальных установах.

Вышэйшая адукацыя павінна быць даступная для ўсіх, хто выявіў здольнасці да вывучэння тых ці іншых навук, у той ці іншай галіне дзейнасці. Грамадству трэба падтрымліваць такіх людзей, дапамагаць ім матэрыяльна, у тым ліку праз крэдытаванне.

Мы выступаем за тое, каб выхаванне і навучанне ў дашкольных установах і школах усіх тыпаў і ўзроўняў паступова пераводзілася на беларускую мову. Нацыянальныя меншасці ў месцах кампактнага пражывання павінны мець права на культурную аўтаномію і нацыянальныя школы. У нацыянальных школах вывучэнне беларускай мовы павінна быць абавязковым.

Мы супраць усеагульнай камерцыялізацыі адукацыі, культуры, мастацтва, навукі. Мы выступаем за тое, каб дзяржава падатковымі льготамі падтрымлівала мастацкую і навуковую дзейнасць і тых, хто ўкладвае свае сродкі ў развіццё культуры, мастацтва і навукі, у захаванне помнікаў гісторыі і культуры.

Мы, дэмакратычныя сацыялісты, кіруемся ідэаламі свабоды і роўнасці і таму не аддаем перавагі якому-небудзь стылю, напрамку ці школе ў літаратуры і мастацтве.

Мы выступаем за тое, каб усе людзі мелі доступ да мастацкіх каштоўнасцей. Мы выказваемся за тое, каб людзі маглі выявіць свае здольнасці ў прафесійнай ці аматарскай дзейнасці.

Мы надаем важнае значэнне захаванню духоўных і культурных каштоўнасцей беларускага народа, розных рэгіёнаў Беларусі. Нацыянальная культура ёсць гарант дзяржаўнага суверэнітэту і дабрабыту грамадзян.

Мы выказваемся за гаратаванне права іншых нацыянальных груп вучыць дзяцей на роднай мове, за захаванне і ўзбагачэнне іх культурных традыцый, за салідарнасць культур усіх нацыянальных груп Беларусі.

Гуманітарныя і грамадазнаўчыя навукі дапамагаюць нам лепш пазнаваць свет, чалавека і яго месца ў свеце, мінуўшчыну і сучаснасць. Мы выказваемся за свабоду і роўнасць розных школ у гэтых навуках, за іх спаборнасць, права вучоных ствараць таварыствы, асацыяцыі і г.д. Мы выступаем супраць цэнзуры ў галіне гуманітарна-грамадазнаўчых навук.

БЕЛАРУСЬ У ЕЎРОПЕ I СВЕЦЕ

Мы жадаем, каб Беларусь стала паўнапраўным і паважаным суб’ектам Еўрапейскага Саюзу. Мы лічым, што ўваход Беларусі ў вялікую еўрапейскую сям’ю, дзе канцэнтруюцца інтэлектуальныя, эканамічныя, фінансавыя, тэхналагічныя рэсурсы, дзе захоўваюцца і абараняюцца культурныя асаблівасці кожнай нацыі, дзе забяспечваюцца высокія стандарты ва ўсіх сферах чалавечага жыцця, адпавядае глыбінным інтарэсам беларускага народа.

Мы разумеем, што юрыдычнае прызнанне незалежнасці Беларусі яшчэ не азначае, што наша краіна належным чынам упісалася ў еўрапейскую і сусветную сям’ю народаў. Для таго, каб Беларусь стала паважаным членам гэтай сям’і, патрабуюцца рэформы ў эканоміцы, культурным жыцці, у галіне аховы правоў чалавека.

Мір з’яўляецца вышэйшай каштоўнасцю для беларускага народа.

Сацыял-дэмакраты традыцыйна з’яўляюцца прыхільнікамі міру. Мы будзем падтрымліваць усе міратворчыя арганізацыі, усе ініцыятывы, накіраваныя на дасягненне і ўмацаванне ўсеагульнага міру і ўсеагульнай бяспекі. Мы будзем браць актыўны ўдзел у міратворчай дзейнасці як самастойна, гэтак і праз удзел у грамадскіх арганізацыях, у органах дзяржаўнай улады і кіравання, разам з іншымі партыямі ўнутры краіны і на міжнароднай арэне.

Мы хочам, каб наша краіна не вырабляла, не ўвозіла і не захоўвала ядзерную, біялагічную і хімічную зброю.

Мы не хочам, каб грамадзяне Рэспублікі пралівалі кроў і гінулі ў барацьбе за чужыя інтарэсы.

Наш ідэал — нейтральная Беларусь.

Выключна важнымі для Беларусі з’яўляюцца адносіны з Расійскай Федэрацыяй, якія мы бачым у форме стратэгічнага партнёрства паміж дзвюмя незалежнымі дзяржавамі. Беларусь павінна ўсебакова садзейнічаць руху Расіі, Украіны і Малдовы ў Еўрапейскі саюз.

Улічваючы геапалітычныя рэальнасці, мы дапускаем як часовую з’яву знаходжанне расійскіх войскаў на беларускай зямлі на дагаворнай аснове.

Краіна, войскі якой часова размяшчаюцца ў Беларусі, аплачвае арэнду зямлі, будынкаў, камунікацый, а таксама пакрывае страты, звязаныя з іх знаходжаннем на беларускай зямлі, у тым ліку і экалагічнае забруджанне.

Наш нейтралітэт павінен быць узброеным. Мы за Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь, якія былі б здольныя бараніць краіну, але структурна былі б няздольныя да нападу на іншыя краіны. Мы хочам, каб абарончая ваенная дактрына Рэспублікі заставалася нязменнаю.

Салдаты, якія носяць уніформу, застаюцца грамадзянамі краіны, і мы выступаем за сацыяльныя гарантыі вайскоўцам, за тое, каб паміж салдатамі і афіцэрамі ўсталяваліся паважлівыя салідарныя адносіны.

Мы за хутчэйшае стварэнне прафесійнага войска на добраахвотных умовах.

Мы хочам, каб войска заўсёды было па-за палітыкай.

Мы хочам, каб былі захаваны правы беларускай нацыянальнай меншасці ў іншых краінах, і самі выступаем за захаванне правоў нацыянальных меншасцяў у Беларусі.

Мы хочам, каб Беларусь актыўна працавала ў ААН і яе спецыялізаваных органах, у Арганізацыі бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе, каб яна стала сябрам Савета Еўропы і іншых рэгіянальных арганізацый.

Мы лічым, што нашы салдаты і афіцэры – добраахвотнікі могуць служыць у міратворчых сілах пад сцягам Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Мы хочам мірных, салідарных адносін Беларусі з усімі краінамі на прынцыпах агульнай бяспекі і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў розных галінах.

Як незалежная дзяржава, Беларусь павінна ўсвядоміць адказнасць за свае паводзіны. Мы не можам дапусціць, каб гаспадарчая дзейнасць у Беларусі стварала пагрозу для экалогіі ў суседніх краінах.

Мы выступаем за культурны абмен з рознымі краінамі свету, за абагачэнне нашай культуры культурнымі каштоўнасцямі іншых народаў.
* * *
Праграма БСДП (Грамада) вызначае асноўныя накірункі дзейнасці партыі.

Гэтая Праграма з’яўляецца вынікам абмену думкамі паміж партыямі, якія ўвайшлі ў БСДП, вывучэння Дэкларацыі прынцыпаў Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу, вопыту сусветнага і айчыннага сацыялістычнага руху, асэнсавання гістарычнага вопыту Беларусі з пазіцый дэмакратычнага сацыялізму.



Праграма з’яўляецца асновай для выпрацоўкі канкрэтных праграм дзеянняў БСДП у розных сферах грамадскага жыцця.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка