Праграма краязнаўчага курса




Дата канвертавання18.11.2017
Памер143.88 Kb.

ПРАГРАМА

КРАЯЗНАЎЧАГА КУРСА

СПАДЧЫНА “


для 6 класа агульнаадукацыйных школ

і краязнаўчых гурткоў


у аб’ёме 35 гадзін (1 гадзіна ў тыдзень)


Аўтар: Пракаповіч Ігар Міхайлавіч,

настаўнік геаграфіі

вышэйшай катэгорыі

сярэдняй школы № 1

г. Паставы
Паставы
ПРАГРАМА

курса “Спадчына”

для 6 класаў агульнаадукацыйных школ

(35 гадзін, 1 гадзіна ў тыдзень)


ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Курс “Спадчына” для 6 класа агульнаадукацыйнай школы ставіць сваёй мэтай дапамагчы вучням асэнсаваць саміх сябе, сваё месца ў часе і прасторы, на зямлі і ў гісторыі.

Структурна курс павінен заняць нішу, якая штучна ўтварылася ў праграмных прадметах школы. Навучанне вядзецца ў асноўным з пазіцый неабходнасці засваення вучнямі асноў пэўных вузкіх навук і арыентуецца на вывучэнне вялікіх тэрыторый і вялікіх адрэзкаў часу, што асабліва характэрна для гісторыі, геаграфіі, грамадазнаўства. Але чалавек пазнае навакольны свет сінтэтычна, у адзінстве, і адбываецца гэта ад уласнага “Я” да ўсё большых аб’ёмаў прасторы і часу.

Курс “Спадчына” ўлічвае гэту асаблівасць і будуецца па прынцыпе хвалі, якая разыходзіцца на вадзе ад месца, дзе падае камень. Схематычна курс выглядае так: “я” – “сям’я” – “род” – “хата” – “вуліца” – “горад” – “раён” . Асабістае, сямейнае, радавое разглядаецца праз месца ў прасторы (на пэўнай тэрыторыі), якая развіваецца ў часе (мае гісторыю). Такі падыход павышае эмацыянальнасць успрымання матэрыялу, узрастае цікавасць і, як вынік, адбываецца трывалае засваенне інфармацыі, фармуюцца пэўныя погляды, пачуццёвыя асацыяцыі. Такім чынам, курс выконвае ролю трампліна, які дае апору для далейшага пашырэння свядомасці вучняў.

Улічваючы ўзроставыя асаблівасці навучэнцаў, праграма прапануе разнастайныя віды дзейнасці на занятках: маляванне, аплікацыі, апавяданні, гутаркі, пошукавую работу, экскурсіі, працу з табліцамі, схемамі, фотаздымкамі, літаратурай. Прапануюцца рознаварыянтныя хатнія заданні, і вучні могуць выбраць той від дзейнасці, які ім падабаецца.

Безумоўна, рэалізацыя гэтага курса патрабуе напружанай працы настаўніка, бо вымагае ад яго не толькі добрага ведання гісторыі, геаграфіі, краязнаўчых матэрыялаў, але і ставіць перад неабходнасцю самастойнага стварэння метадычнага забеспячэння заняткаў (каталогі, схемы, табліцы, фотаздымкі, малюнкі і інш., якія адносяцца да пэўнай мясцовасці і патрабуюць дадатковай пошукавай працы).

Сетка гадзін па курсе “Спадчына” з’яўляецца прыблізнай, і, зыходзячы з іх агульнай колькасці (35 гадзін, 1 гадзіна ў тыдзень), настаўнік мае магчымасць скарачаць або павялічваць час на вывучэнне асобных раздзелаў і тэм.

Для вясковых школ ІV раздзел “Мой горад” замяняецца на аналагічны – “Мая вёска” з разглядам тых пытанняў, якія падаюцца ў праграме.

Праграма павінна ўнесці значны ўклад у фармаванне асобы навучэнца, абуджае гонар за сваю малую радзіму, выхоўвае любоў да роднага краю і пачуццё адказнасці за яго лёс. Праграма “Спадчына” мае вялікую пазнавальную каштоўнасць, служыць асновай культурнага і маральнага ўдасканалення, дапамагае грамадзянскаму станаўленню малодшага пакалення.



Задачы курса:


  1. Даць вучням асноўныя веды аб родным краі, яго агульных асаблівасцях і адметнасцях у гісторыі, геаграфіі, культуры.

  2. Прабуджаць і развіваць пазнавальную цікавасць да сябе як асобы, да родных і блізкіх людзей, да гістарычнай і культурнай спадчыны родных мясцін.

  3. Развіваць уменні аналізаваць і параўноўваць атрыманую інфармацыю.

  4. Садзейнічаць выхаванню патрыятызму, павагі да гістарычных і культурных каштоўнасцяў, імкненню захоўваць і памнажаць дасягненні роднага краю.


Пасля вывучэння курса “Спадчына” вучні павінны ўмець:


  1. Рабіць элементарны аналіз і абагульненне праграмнага матэрыяла, фармуляваць вывады; мець уяўленне аб сваім месцы ў часе і прасторы;

  2. Працаваць з геаграфічнымі і гістарычнымі картамі і схемамі;

  3. Выкарыстоўваць розныя крыніцы інфармацыі для атрымання ведаў;

  4. Складаць звязныя апавяданні па вызначаных тэмах;

  5. Выяўляць атрыманыя веды ў розных формах (вуснае паведамленне, малюнак, кампазіцыя, пісьмовая справаздача і інш.)

ТЭМАТЫЧНЫ ПЛАН




№ п/п

Раздзел, тэма


Колькасць гадзін

І

ІІ

2. 1



2. 2

2. 3


2. 4

2. 5


2. 6

2. 7
ІІІ

3. 1

3. 2
ІV



4. 1

4. 2


4. 3

4. 4


4. 5

4. 6


4. 7

4. 8


4. 9

4. 10
V

5. 1

5. 2


5. 3

5. 4


5. 5

5. 6


5. 7

5. 8


5. 9

5. 10


5. 11

5. 12


5. 13

5. 14




Уводзіны. Змест курса “Спадчына”

Ты і твая сям’я

Тваё уласнае “Я”

Твая анкета

Сям’я


Твой род

Твой радавод

Геральдыка

Твой герб


Твая сядзіба і вуліца

Твая сядзіба і хата

Твая вуліца
Твой горад

Месцазнаходжанне. Назва. Герб

План горада

Геаграфія горада і ваколіц

Назвы гарадскіх аб’ектаў

Старажытная гісторыя горада

Горад у ХІХ стагоддзі

Горад у ХХ стагоддзі

Гістарычныя і культурныя мясціны горада

Вядомыя людзі горада

Экскурсія ў музей
Твой раён

Месцазнаходжанне раёна. Схема

Геаграфія раёна: геалогія, рэльеф, карысныя выкапні

Геаграфія раёна: клімат, воды

Геаграфія раёна: глебы, расліннасць, жывёльны свет

Гісторыя раёна: старажытныя часы і сярэднявечча

Гісторыя раёна ў ХІХ ст

Гісторыя раёна ў ХХ ст

Насельніцтва раёна

Геаграфічныя назвы раёна

Гістарычныя і культурныя мясціны раёна

Вядомыя людзі раёна

Народныя традыцыі

Ахова прыроды і ўмовы для адпачынку

Экскурсія па горадзе (раёне)
Заключэнне. Падвядзенне вынікаў заняткаў


1

7

2


10


14

1



УСЯГО: 35 гадзін

Змест праграмы



І. Што вывучае “Спадчына” (1 гадзіна)

Што такое спадчына. Месца чалавека ў прасторы і часе. Сэнс жыцця – самаўдасканаленне і гармонія з наваколлем. Пазнаць самаго сябе. Ведаць свой край. Краязнаўства.


ІІ. Ты і твая сям’я (7 гадзін)

2. 1. Тваё ўласнае “Я”

Тэорыя: твае адметныя прыкметы і ролі. Таямніцы твайго імя і прозвішча. Твой тэмперамент. Твае антрапаметрычныя паказчыкі (рост, вага, пульс, крывяны ціск, колер валасоў, колер вачэй, форма твару, форма носа, памер адзення і абутку)

Практыка: у сшытак наклеіць фотакартку або намаляваць аўтапартрэт, падпісаць прозвішча, імя, імя па бацьку, дату і месца нараджэння. Запісаць антрапаметрычныя паказчыкі.

Абсталяванне: сшытак агульны, люстэрка, лінейка, гадзіннік з секунднай стрэлкай.

Хатняе заданне: запісаць сваю вагу; радзімыя плямкі.
2. 2. Твая анкета

Тэорыя: анкета: знак задыяка, стыхія, камень, дрэва. Твае захапленні. Твае ўменні. Твае біярытмы.

Практыка: запаўненне анкеты, складанне графікаў біярытмаў.

Абсталяванне: сшытак, калькулятар.

Хатняе заданне: намаляваць (закончыць) графікі біярытмаў; распытаць дома пра бацькоў і радню.
2. 3. Сям’я

Тэорыя: сямейны побыт; сямейныя святы і абрады. Твае бацькі.

Практыка: у сшытку наклеіць фотаздымкі сваіх бацькоў. Апісаць іх жыццёвы шлях.

Абсталяванне: клей, сшытак, фотакарткі.

Хатняе заданне: закончыць запісы.
2. 4. Твой род

Тэорыя: Што такое род. Родзічы і сваякі. Ступені роднасці.

Практыка: запісаць у сшытак пра бліжэйшых родзічаў і сваякоў; наклеіць іх фотаздымкі.

Абсталяванне: сшытак, алоўкі, клей.

Хатняе заданне: сабраць звесткі пра радню і сваякоў, вызначыць ступені сваяцтва.
2. 5. Твой радавод

Тэорыя: што такое радавод. Як скласці свой радавод.

Практыка: складанне радаводу.

Абсталяванне: сшытак, лінейка, аловак, схема радаводу (дэманстрацыя).
2. 6. Геральдыка. Гербы.

Тэорыя: чым займаецца геральдыка. Асноўныя правілы геральдыкі. Гербы і традыцыі іх складання.

Практыка: маляванне асноўных элементаў гербаў.

Абсталяванне: сшытак, каляровыя алоўкі, выявы гербаў.

Хатняе заданне: падрыхтавацца да складання свайго герба, абмеркаваць яго з бацькамі, роднымі.
2. 7. Твой герб.

Практыка: маляванне ўласнага герба.

Абсталяванне: выявы гербаў.

Хатняе заданне: распытацца ў бацькоў пра ўласную хату, прынесці фотаздымкі або малюнкі сваёй хаты.
ІІІ. Твая сядзіба і вуліца (2 гадзіны)

3. 1. Твая сядзіба і хата.

Тэорыя: тыпы пабудоў на Беларусі, стылі, будаўнічыя элементы. Народныя звычаі, звязаныя з пабудовай хаты.

Практыка: наклеіць у сшытак фотаздымак сваёй хаты, запісаць гісторыю сваёй хаты.

Абсталяванне: малюнкі з выявамі тыпаў пабудоў на Беларусі, будаўнічых элементаў.

Хатняе заданне: даведацца пра сваю вуліцу.
3. 2. Твая вуліца.

Тэорыя: вуліцы старажытных і сучасных гарадоў; вуліцы роднага населенага пункта.

Практыка: намаляваць у сшытку схему сваёй вуліцы, напісаць нумары хат і прозвішчы жыхароў. Зрабіць апісанне бліжэйшых суседзяў. Растлумачыць назву вуліцы.

Хатняе заданне: распытаць суседзяў пра іх захапленні; скончыць запісы.
ІV. Твой горад (10 гадзін)

4. 1. Геаграфічнае становішча горада.

Тэорыя: геаграфічнае становішча, тлумачэнне паходжання назвы. Гарадская сімволіка (герб, сцяг). Дата заснавання горада.

Практыка: намаляваць герб горада, запісаць назву і дату заснавання ў сшытку.

Абсталяванне: выява гарадскога герба, геаграфічныя і тапаграфічныя карты, глобус.
4. 2. План горада.

Тэорыя: тыпы гарадскіх забудоў. Гістарычныя і сучасныя планы горада.

Практыка: намаляваць у сшытку сучасны план горада (або ўклеіць, калі ён выдадзены)

Абсталяванне: план горада (дэманстрацыя)

Хатняе заданне: выдзеліць каляровымі алоўкамі на плане сваю вуліцу і пазначыць месцазнаходжанне сваёй хаты.
4. 3. Геаграфія горада і ваколіц.

Тэорыя: геалагічная будова, рэльеф, клімат, воды, глебы, расліннасць, жывёльны свет (больш падрабязна – характарыстыка ўзгоркаў і далін, паркаў і навакольных лясоў, рэчак і азёр); адметныя асаблівасці прыроды ў горадзе і ваколіцах; буйнейшыя прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы.

Практыка: запіс у сшытак асноўных звестак па геаграфіі. Нанясенне на план горада асноўных геаграфічных аб’ектаў, прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў.

Абсталяванне: план горада, энцыклапедыі.

Хатняе заданне: нанесці на план магазіны, або намаляваць у сшытку свой любімы куток (аб’ект) горада.
4. 4. Назвы гарадскіх аб’ектаў.

Тэорыя: утварэнне назваў. Назвы прыродных гарадскіх аб’ектаў. Назвы вуліц, плошчаў, паркаў.

Практыка: тлумачэнне паходжання і сэнсу назваў.

Абсталяванне: сучасны план горада, гістарычны план горада.

Хатняе заданне: растлумачыць сэнс і паходжанне назваў суседніх вуліц і вуліц, на якіх жыве радня.
4. 5. Старажытная гісторыя горада.

Тэорыя: час і абставіны ўзнікнення горада. Горад у складзе старажытнадзяржаўных утварэнняў; горад у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

Практыка: запіс у сшытак асноўных падзей з гісторыі горада.

Абсталяванне: гістарычныя малюнкі і карціны з выявамі падзей тых часоў.

Хатняе заданне: намаляваць “Мой горад у старажытнасці” або напісаць апавяданне пра якую-небудзь падзею, якая звязана з гісторыяй горада.
4. 6. Горад у ХІХ ст.

Тэорыя: гістарычныя падзеі ў горадзе на працягу ХІХ стагоддзя.

Практыка: запіс у сшытак асноўных падзей.

Абсталяванне і хатняе заданне тое ж, што і ў п. 4. 5.
4. 7. Горад у ХХ ст.

Тэорыя: гістарычныя падзеі ў горадзе на працягу ХХ ст.

Практыка: запіс у сшытак асноўных падзей.

Абсталяванне і хатняе заданне тое ж, што і ў п. 4. 5.
4. 8. Гістарычныя і культурныя мясціны горада.

Тэорыя: гістарычныя мясціны. Культурныя каштоўнасці, установы культуры. Мясціны для адпачынку ў горадзе і ваколіцах.

Практыка: нанясенне на план горада гістарычных і культурных мясцін.

Абсталяванне: план горада, фотаздымкі, малюнкі гістарычных і культурных мясцін.
4. 9. Вядомыя людзі горада.

Тэорыя: вядомыя людзі горада і іх заслугі. Біяграфіі.

Практыка: складанне табліцы “Вядомыя людзі горада”.

Абсталяванне: фотаздымкі, малюнкі з выявамі вядомых людзей горада.

Хатняе заданне: падрыхтаваць матэрыял на тэму “Самы вядомы чалавек з маёй радні”.
4. 10. Экскурсія ў музей.
V. Твой раён (14 гадзін)

5. 1. Геаграфічнае становішча раёна.

Тэорыя: геаграфічнае становішча раёна. Час утварэння. Межы. Агульная характарыстыка. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Карта (схема) раёна.

Практыка: маляванне ў сшытку схемы раёна; падрыхтоўка трафарэта-контура раёна.

Абсталяванне: схема раёна, тапаграфічная карта раёна, карта Беларусі, глобус.
5. 2. Будова зямной кары, рэльеф, карысныя выкапні.

Тэорыя: геалагічная будова раёна. Асноўныя формы рэльефа, іх утварэнне і характарыстыка.Карысныя выкапні.

Практыка: маляванне ў сшытку геалагічнай схемы і схемы рэльефа раёна.

Абсталяванне: карціны з выявамі форм рэльефа, дэманстрацыя працэсаў рэльефаўтварэння.

Хатняе заданне: апісаць якую-небудзь форму рэльефа (або намаляваць).
5. 3. Клімат і воды.

Тэорыя: кліматычная характарыстыка раёна. Характарыстыка вод. Буйнейшыя азёры, рэкі, вадасховішчы, каналы, балоты і іх асаблівасці.

Практыка: нанясенне на схему раёна гідраграфіі.

Абсталяванне: схема раёна, тапаграфічная карта, “Блакітная энцыклапедыя Беларусі”.

Хатняе заданне: “Маё любімае возера (рэчка)” (апісаць або намаляваць).
5. 4. Глебы, расліннасць, жывёльны свет.

Тэорыя: агульная характарыстыка глебаў, расліннага покрыва, жывёльнага свету. Вызначэнне вялікіх лясных масіваў, абшараў балот і кустоўя.

Практыка: нанясенне на схему лясных масіваў і балот.

Абсталяванне: схема раёна, тапаграфічная карта, разрэзы глебаў, малюнкі (гербарыі) раслін, малюнкі (чучалы) жывёл.

Хатняе заданне: намаляваць расліны і жывёл, якія часта сустракаюцца ў раёне.
5. 5. Гісторыя раёна: старажытныя часы і сярэднявечча.

Тэорыя: даславянскае насельніцтва раёна. Раён у складзе старажытных дзяржаўных утварэнняў. Лад жыцця. Асноўныя падзеі.

Практыка: запісаць у сшытак галоўныя падзеі з гісторыі раёна.

Абсталяванне: карціны, малюнкі, рэпрадукцыі з адлюстраваннем падзей таго часу.
5. 6. Гісторыя раёна ў ХІХ ст.

Тэорыя: гістарычныя падзеі ў межах раёна на працягу ХІХ ст.

Практыка і абсталяванне тыя ж, што і ў п. 5. 5.
5. 7. Гісторыя раёна ў ХХ ст.

Тэорыя: гістарычныя падзеі ў межах раёна на працягу ХХ ст.

Практыка і абсталяванне тыя ж, што і ў п. 5. 5.
5. 8. Насельніцтва раёна.

Тэорыя: асноўныя характарыстыкі насельніцтва (колькасць, размяшчэнне, этнічны склад, рэлігійны склад).

Практыка: запісаць у сшытак асноўныя звесткі па насельніцтву раёна.

Абсталяванне: тапаграфічная карта раёна; выявы храмаў, капліц.

Хатняе заданне: вызначыць этнічны і рэлігійны склад родзічаў і сваякоў; скласці схему размяшчэння радні на тэрыторыі раёна.
5. 9. Геаграфічныя назвы раёна.

Тэорыя: паходжанне і сэнс назваў; іх класіфікацыя. Назвы водных аб’ектаў. Назвы паселішчаў.

Практыка: запісаць у сшытку класіфікацыю водных аб’ектаў.

Абсталяванне: тапаграфічная карта раёна, каталог назваў водных аб’ектаў.

Хатняе заданне: растлумачыць сэнс назваў любімых рэк і азёр.
5. 10. Гістарычныя і культурныя мясціны раёна.

Тэорыя: гістарычныя і культурныя мясціны раёна, іх характарыстыка.

Практыка: нанясенне на схему раёна гістарычных і культурных мясцін (аб’ектаў); кароткая характарыстыка найбольш значных помнікаў (у сшытку).

Абсталяванне: слайды, фотаздымкі, малюнкі, рэпрадукцыі.

Хатняе заданне: апісаць або намаляваць адну з гістарычных мясцін раёна.
5. 11. Вядомыя людзі раёна.

Тэорыя: вядомыя людзі раёна, іх дасягненні. Біяграфіі.

Практыка: складанне спісу (табліцы) “Вядомыя людзі раёна”.

Абсталяванне: партрэты вядомых людзей.

Хатняе заданне: падрыхтаваць аповед пра аднаго з вядомых людзей раёна.
5. 12. Народныя традыцыі.

Тэорыя: этнаграфічныя асаблівасці раёна ў адзенні, абутку, прыладах працы, жыллі, побыце. Фальклорныя традыцыі; фальклорныя святы і творчыя калектывы. Самадзейная творчасць і яе аўтары.

Практыка: замалёўка ў сшытку адметных этнаграфічных асаблівасцяў раёна; праслухоўванне фальклорных запісаў.

Абсталяванне: магнітафон, касеты з запісамі фальклору, карціны з выявамі этнаграфічных элементаў.

Хатняе заданне: запісаць якую-небудзь даўнейшую гісторыю (традыцыя, абрад; бываліца, песня, казка, верш і да т. п.).
5. 13. Ахова прыроды і ўмовы для адпачынку.

Тэорыя: стан навакольнага асяроддзя ў раёне. Ахоўваемыя тэрыторыі. Найбольш забруджаныя ўчасткі. Прыродаахоўныя арганізацыі і мерапрыемствы. Турызм і адпачынак у раёне.

Практыка: нанясенне на схему раёна ахоўваемых і забруджаных тэрыторый. Складанне Чырвонай кнігі раёна.

Абсталяванне: Чырвоная кніга Беларусі, схема раёна, выявы раслін, жывёл і птушак, якія знаходзяцца пад аховай.

Хатняе заданне: напісаць невялікае сачыненне на тэму “Што я магу зрабіць для аховы прыроды ў раёне”.
5. 14. Экскурсія па горадзе (раёне)
VІ. Заканчэнне. Падвядзенне вынікаў заняткаў (1 гадзіна)
ЛІТАРАТУРА ДЛЯ НАСТАЎНІКАЎ

(АГУЛЬНАЯ)


  1. Археалогія і нумізматыка Беларусі: энцыкл. – Мн.: БелЭн, 1993. – 702 с.

  2. Блакітная кніга Беларусі. – Мн.: БелЭн, 1994. – 415 с.

  3. Гошкевич И. Виленская губерния. Полный список населённых мест со статистическими данными. – Вильно, 1905.

  4. Гурскі Б. М. Як збудаваны і чым багатыя нетры Беларусі. – Мн: Народная асвета, 1992. – 126 с.

  5. Ландшафты Белоруссии./ Под. ред. Г. И. Марцинкевич, Н. К. Клицуновой. – Мн.: Университетское, 1989. – 239 с.

  6. Ляўкоў Э. А. Маўклівыя сведкі мінуўшчыны. – Мн.: Навука і тэхніка, 1992. – 215 с.

  7. Матвеев А. В., Гурский Б. Н., Левицкая Р. И. Рельеф Белоруссии. – Мн.: Университетское, 1988. – 320 с.

  8. Сапунов А., Друцкий-Любецкий В. Материалы по истории и географии Дисненского и Вилейского уездов Виленской губернии. – Витебск, 1896.

  9. Смоліч А. Географія Беларусі. – Мн.: Беларусь, 1993. – 382 с.

  10. Федорук А. Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. – Мн.: Ураджай, 1989. – 247 с.

Цітоў А. Гарадская геральдыка Беларусі. – Мн.: Полымя, 1989. – 207 с.

  1. Чырвоная кніга Беларускай ССР. – Мн.: Беларусь, 1981.

  2. Шкляр А. Х. Календарь природы Белоруссии. – Мн.: Вышэйшая школа, 1979. – 264 с.

  3. Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. – Мн.: БелЭн, 1993 – 2001.

  4. Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т 1 – 5. – Мн.: БелСЭ, 1981 – 86.

  5. Этнаграфія Беларусі: Энцыкл. – Мн.: БелСЭ, 1989. – 575 с.

  6. Якимович Ю. А. Зодчество Белоруссии ХVІ – середине ХVІІ в. – Мн.: Навука і тэхніка, 1991. – 368 с.



ЛІТАРАТУРА ПА ПАСТАЎСКІМ РАЁНЕ


  1. Быхавец І. Лынтупы і наваколле. – Паставы, ТБМ, 1993. – 84 с.

  2. Гарбуль А. Скарбы сівых валуноў. – Паставы: ВІ “Сумежжа”, 2002. – 104 с.

  3. Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць. – Мн.: БелСЭ, 1985. – 496 с.

  4. Зямчонак І. Ваколіцы Парыжа: Старонкі гісторыі Пастаўскага Паазер’я. – Гродна, ГА “Ратуша”, 2000. – 104 с.

  5. Зямчонак І. Мястэчка пры гасцінцы. (Варапаева і ваколіцы). – Мн.: Беларусь–Інфарм-Сэрвіс, 1995. – 132 с.

  6. Зямчонак І. Храмы Залатога пояса Пастаў. – Мн.: Энцыклапедыкс, 2000. – 102 с.

  7. Могильницкий В. Я. Природа Поставского края. – Молодечно: Победа, 2000. – 84 с.

  8. Памяць. Пастаўскі раён. – Мн.: БЕЛТА, 2001. – 688с

  9. Пракаповіч І. М. Адкуль паходзяць назвы: Назвы рэк і азёр Пастаўскага раёна. – Наваполацк, ГА “Усяслаў Чарадзей”, 2000. – 45 с.

  10. Пракаповіч І. М. Крыжы і камяні: Нарысы па гісторыі Пастаўскага краю. – Маладзечна, УП “Друк. “Перамога”, 2003. – 56 с.

  11. Пракаповіч І. М. Насельніцтва Пастаўскага краю. – Паставы, ВІ “Сумежжа”, 2004. – 54

  12. Пракаповіч І. М. Фізічная геаграфія Пастаўскага раёна. – Віцебск, ІУН, 1994. – 50 с.

  13. Пракаповіч І. М., Собаль І. Мястэчка каля пушчы: Груздава і ваколіцы. – Паставы, ВІ “Сумежжа”, 2005. – 60 с.

  14. Пракаповіч І., Вансовіч А., Заяц І. Манькавічы. – Паставы, ВІ “Сумежжа”, 2004. – 60 с.

  15. Януковіч В. Ф. З улікам склаўшайся сітуацыі // Пастаўскі край, 6 студзеня 2004 г. – С. – 1-5.


ЛІТАРАТУРА ДЛЯ ВУЧНЯЎ
1. Пракаповіч І. М. “Спадчына” (вучэбны дапаможнік па курсу “Спадчына” для 6 класа школ і краязнаўчых гурткоў Пастаўскага раёна) (рукапіс)

2. Пракаповіч І. М. Сшытак па курсу “Спадчына” для 6 класа (рукапіс)


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка