Практыкаванне 27 Прачытай верш Ніла Гілевіча “Хаваймася, тата!” і намалюй да яго ілюстрацыю




Дата канвертавання14.02.2019
Памер25.6 Kb.

праверце сябе і знайдзіце процьму цікавай і карыснай інфармацыі тут: http://www.movananova.by/

Практыкаванне 27

  1. Прачытай верш Ніла Гілевіча “Хаваймася, тата!” і намалюй да яго ілюстрацыю

Убачыў аднойчы ў кіно Ігарок,

Як фарбамі твары малююць індзейцы,

І ў бацькі спытаўся (цікаўныя дзеці!):

Навошта яны сябе мажуць знарок?



А бацька ў адказ: — Гэта значыць, яны —

Да бітвы рыхтуюцца, сын, да вайны.

Назаўтра ж уранку, падняўшыся шустра,

Малышык да бацькі ўляцеў у пакой:

Хаваймася! Мама стаіць перад люстрам!



Рыхтуецца йсці на кагосьці вайной!

2.Адгадайце загадкі!

1. І зімой, і летам – белая як снег,

І зімой, і летам –

як надзьмуты мех,

Ходзіць на лапатках,

бегае нягегла,

Рогам есць і п’е, а гергеча гэтак,

Што нікому нельга зразумець яе.


2.Два разы нараджаецца, адзін раз памірае.

3. Лёгка з зямлі паднімаеш, а далей сваёй рукі не кінеш.

4. Без сякеры і цвікоў збудавалі круглы дом.

(загадкі Ніла Гілевіча)





  1. Ніл Сымонавіч Гілевіч шмат пісаў вершаў вясёлых і дасціпных. Прачытай смешныя гісторыі, паспрабуй прыдумаць сваю.

Трэба дык трэба

Зайшоў у хату поп у госці,

Усе вітаюцца з ім цёпла,

Адзін пяцігадовы Косцік

Сядзіць і зіркае спадлоб'я.

Ну, бацьку гэта разгнявіла —

У хаце ж госць надзвычай рэдкі!

— Ідзі скажы айцу Кірылу

"Дзень добры", ёлупень ты гэткі!

Малы сканфузіўся, аднак жа

Саскочыў спрытна з табурэткі,

Падаў руку папу і кажа:

Дзень добры, ёлупень ты гэткі!


Двое роўных

— У Афрыцы спаткаўся я з ільвом,

А стрэльбы не было, брат, пад рукой.

Гляджу: на зэдліку вядро з вадой,

Дык я схапіў і гэнаму ільву

Калі чабэхнуў, брат, на галаву —

Ён так папёр — адно мільгнуў хвастом!

— А-а-а, вось цяпер усё я зразумеў!

І я ж па Афрыцы блукаў тады,

І мне наўрэўся гэны самы леў.

І я магу засведчыць: сапраўды,

Як я пагладзіў між вушэй ільва —

Дык яшчэ грыва мокрая была!


Сучасны тэмп

Да дырэктара заскочыў

Хлопец-зух на перапынку:

— Я прашу вас вельмі: дайце

Дзён пятнаццаць адпачынку!

Справа ў тым, што я жанюся

І мая нявеста хоча —

Каб запомніць гэта свята —

Дзесяць дзён правесці ў Сочы.

— Ну, дык дзесяць! А навошта

Будуць пяць яшчэ глуміцца!

— Як навошта? Пяць мне трэба,

Каб знайсці, на кім жаніцца!


У доктара

— Памажыце, доктар: нешта

З мужам сталася маім.

Захварэў, відаць, нядобра...

— Ну, а што ж такое з ім?

— Ды, бывае, тры гадзіны

Языком я малачу,

А пасля — гляджу і бачу:

Ён ні слова не пачуў!

— І ўсяго? Тады не страшна.

Не памрэ ваш гаспадар.

Гэта, цётка, не хвароба!



Гэта, цётка, божы дар!




Чакаем вас на наступных занятках! Прыходзьце самі, прыводзьце сяброў, не забывайцеся на алоўкі, асадкі і добры настрой! Далучайцеся да нас у ФБ - https://www.facebook.com/movadzetkam?ref=aymt_homepage_panel


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка