Праваслаўнае краязнаўства для пазнання малой радзімы




Дата канвертавання01.11.2018
Памер54.87 Kb.
Праваслаўнае краязнаўства для пазнання малой радзімы
Як вядома, Беларускай Праваслаўнай Царквой і Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь зацверджана Праграма супрацоўніцтва на 2015—2020 гады ў рамках “Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой” ад 12 чэрвеня 2003 года. Краязнаўчая работа садзейнічае развіццю духоўнага свету вучня, яго ідэйна-маральных перакананняў, фарміраванню ўсвядомленага гуманнага стаўлення да культуры беларускага народа, выхаванню патрыятычных пачуццяў. Новыя магчымасці гэтая дзейнасць атрымала пасля Указаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі аб абвяшчэнні 2018-2020 гг Годам малой радзімы.

Змест работы ў галіне праваслаўнага краязнаўства можа выконвацца па наступных напрамках:

* знаёмства з гісторыяй стварэння старажытных (у тым ліку зніклых) і сучасных праваслаўных храмаў, манастыроў, капліц, гістарычных архітэктурных помнікаў; даследаванне назвы аб’екта, які вывучаецца (разам з гэтым азнаямленне з евангельскай падзеяй, жыццяпісам святога, ушанаваным абразом, з якім звязана паходжанне назвы); вывучэнне архітэктурнага стылю збудавання; даследаванне дабрачыннай дзейнасці храмаў, манастыроў; пошук і вывучэнне архіваў цэркваў, манастыроў і епархіяльных устаноў, помнікаў царкоўнай даўніны;

* збор матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці асветнікаў, праваслаўных падзвіжнікаў і святых, з якімі непарыўна звязана гісторыя станаўлення беларускай культуры; вывучэнне дзейнасці епархіяльнага духавенства і вернікаў, якая адлюстравана ў розных сферах грамадска-рэлігійнага жыцця Беларусі; знаёмства з хрысціянскім подзвігам новамучанікаў і спавядальнікаў зямлі беларускай;

* знаёмства з праваслаўнымі святынямі Беларусі, абразамі і рэліквіямі беларускай нацыі, якія ўшаноўваюцца на беларускай зямлі;

* азнаямленне з праваслаўнымі святамі, прысвечанымі памяці беларускіх святых і знамянальнымі датамі ў царкоўным жыцці Беларусі; з беларускімі праваслаўнымі традыцыямі і мясцовымі рэлігійнымі звычаямі;

* вывучэнне рэдкіх прадметаў культу, старадаўніх царкоўных рэчаў, іх прызначэння;

* збор інфармацыі пра цудоўныя з’явы, вылечванні, якія адбываюцца ў Праваслаўнай Царкве, аб з’яўленні святых гаючых крыніц, а таксама вывучэнне багаслоўскіх і навуковых праблем, звязаных з іх апісаннем.

Вывучэнне гісторыі праваслаўя ў Беларусі, дае магчымасць пазнаеміць школьнікаў з фундаментальнымі раздзеламі праваслаўнага веравучэння, сучасным табарах і практычнымі аспектамі жыцця канфесіі.

Пры вывучэнні праваслаўных гістарычных помнікаў мэтазгодна раскрываць як іх культурную, так і духоўную значнасць, ролю і месца ў жыцці нашай краіны. Трэба каб навучэнцы набывалі не толькі навыкі збору інфармацыі, але і вопыт яе абагульнення і сістэматызацыі.Займаючыся вывучэннем свят у гонар святых, дадаткова можна азнаёміцца з багаслоўска-кананічнымі падставамі кананізацыі святых, а даследуючы мясцовыя рэлігійныя традыцыі пазнаёміцца з богаслужэбнымі звычаямі, якія склаліся ў пэўным рэгіёне, традыцыямі царкоўных спеваў і званоў, рэгіянальнымі асаблівасцямі іканаграфіі.

Асаблівае значэнне для развіцця высокіх маральных якасцей асобы вучня мае знаёмства з хрысціянскім подзвігам новамучанікаў а прыклады жыццяпісу святых роднага краю будуць садзейнічаць фарміраванню ў вучняў ўласнага светапогляду.

Пры правядзенні заняткаў па праваслаўным краязнаўстве неабходна выкарыстоўваць розныя формы, метады і прыёмы навучання:

* работа з краязнаўчай літаратурай, наведванне бібліятэк;

* работа з архіўнымі матэрыяламі;

* апытанне насельніцтва;

* правядзенне лекцый, гутарак, семінараў, круглых сталоў, чытанняў з удзелам царкоўнаслужыцеляў, студэнтаў багаслоўскіх навучальных устаноў;

* правядзенне алімпіяд, фестываляў;

* падрабязнае апісанне ўсіх царкоўных помнікаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі епархій Беларускай Праваслаўнай Царквы;

* работа па захаванні і аднаўленні помнікаў гісторыі і культуры;

* выяўленне і аднаўленне святынь роднага краю;

* арганізацыя экскурсій у музеі і гістарычныя мясціны роднага горада і краю;

* правядзенне паходаў, экспедыцый, паломніцкіх паездак па святых мясцінах;

* арганізацыя краязнаўчых лагераў разам з Беларускай Праваслаўнай Царквой.

Вялікае значэнне для навуковых даследаванняў мае работа ў архівах. Можна выкарыстоўваць матэрыялы не толькі Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, але і дакументы епархіяльных устаноў. Вывучэнне архіўных дакументаў дазваляе даследаваць пытанні эканамічнага, сацыяльна-псіхалагічнага, маральнага, этнаграфічнага і бытавога плана.У епархіянальных архівах можна знайсці звесткі аб генеалогіі духавенства, пра гісторыю падзвіжніцтва, дабрачыннасці, народнай адукацыі, праваслаўнай архітэктуры, тапаніміцы, этнаграфіі, лінгвістыцы, гістарычнай дэмаграфіі, а таксама пра сучаснае жыццё епархіі. Тут знаходзіцца дакументацыя прыходаў — распараджэнні архірэяў, рапарты ў епархіяльнае ўпраўленне, інвентарныя вопісы маёмасці цэркваў, гадавыя справаздачы і г.д. Фотаздымкі, якія захоўваюцца ў царкоўных архівах, могуць даць уяўленне аб знешнім выглядзе дзеючых і неіснуючых храмаў.Некаторую інфармацыю можна атрымаць, даследуючы пашпарты на помнікі архітэктуры (цэрквы, капліцы, сядзібныя комплексы), складзеныя архітэктарамі.

Таксама важнай гістарычнай крыніцай для даследаванняў, якія праводзяцца ў галіне праваслаўя, з’яўляецца мемуарная літаратура (успаміны, дзённікі). Найбольшую цікавасць маюць дакументы, напісаныя свяшчэннаслужыцелямі. У якасці дадатку да асноўных крыніц даследчык можа выкарыстоўваць таксама матэрыялы асабістых архіваў, як сабраных ім самім, так і іншымі краязнаўцамі (перапіска са свяшчэннаслужыцелямі, успаміны старажылаў, фотаздымкі і іншыя матэрыялы).

Такім чынам, выкарыстоўваючы для вывучэння гісторыі нашага краю фактычны матэрыял, які захоўваецца ў архівах, мы ўваскрашаем багатыя духоўна-маральныя традыцыі нашых продкаў і, вывучыўшы іх, можам выкарыстоўваць лепшыя з іх і ў нашым жыцці.

Вынікам праведзенай работы можа быць:

* арганізацыя конкурсаў даследчых работ, навукова-практычных канферэнцый, (фота)выстаў;

* стварэнне мультымедыйных прэзентацый, праектаў па даследаванай тэме, фільмаў, фотаздымкаў;

* выданне буклетаў, навуковых даследаванняў па праваслаўнай царкоўнай гісторыі краю;

* публікацыя матэрыялаў сваіх даследаванняў у СМІ і епархіяльных выданнях;

* стварэнне царкоўных летапісаў прыходаў і храмаў;

* стварэнне слоўнікаў, а таксама краязнаўчага інфармацыйнага даведніка “Праваслаўная духоўная спадчына Беларусі”, у якім вучні могуць сабраць звесткі аб мясцовых святынях і г.д.;

* стварэнне таварыстваў праваслаўных краязнаўцаў пры епархіяльных упраўленнях.

Установы адукацыi могуць рэалізаваць адзін або некалькі напрамкаў краязнаўчай дзейнасці ў галіне праваслаўя ў залежнасці ад пастаўленых задач. Канкрэтная адукацыйная ўстанова можа самастойна распрацаваць камплект адукацыйных праграм па праваслаўным краязнаўстве і выкарыстоўваць іх для работы ў гуртку або на факультатыве.

Атрыманыя вынікі даследаванняў могуць быць запатрабаваны як у царкоўна-гістарычнай навуцы, так і ў педагагічнай дзейнасці пры вывучэнні прадметаў краязнаўчага кампанента ў навучальных установах, а таксама дапамагчы паломнікам і турыстам, якія наведваюць святыя мясціны беларускай зямлі.

Варта адзначыць, што з чэрвеня 2006 года ў краіне праводзіцца абвешчаная Міністэрствам адукацыі доўгатэрміновая рэспубліканская акцыя навучэнскай моладзі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”, конкурсы якой далучаюць моладзь да ўсебаковага вывучэння сваёй малой радзімы, адраджэння рэгіянальных культурных традыцый і абрадаў, захавання гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны сваёй малой радзімы і краіны.Неабходна ўлічыць, што царкоўная гісторыя Беларусі раскрыта недастаткова і таму ўяўляе сабой шырокае поле для даследчыкаў-краязнаўцаў, а адпаведна даследаванні па праваслаўным краязнаўстве ў рамках акцыі будуць садзейнічаць комплекснаму вывучэнню роднага краю.

Пры арганізацыі сумеснай работы Беларускай Праваслаўнай Царквы з ўстановамі адукацыі неабходна звярнуць увагу на тое, што парадак, умовы, змест і формы ўзаемадзеяння сIстэмы адукацыI з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў вызначаны ў Палажэнні аб парадку, умовах, змесце і формах узаемадзеяння ўстаноў адукацыі з рэлігійнымі арганізацыямі ў пытаннях выхавання навучэнцаў (зацверджана пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 24 чэрвеня 2011 года № 838).У рабоце можна таксама выкарыстоўваць Метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі з Беларускай Праваслаўнай Царквой, прынятыя ў 2011 годзе.


Таццяна ЗАХАРАНКА,

метадыст вышэйшай катэгорыі

Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства

Аляксандр Куляеу



Метадыст АРАiК


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка