Правілы скарочанага напісання словаў




Дата канвертавання14.08.2017
Памер27.94 Kb.
Правілы скарочанага напісання словаў

Існуюць агульнапрынятыя скарачэнні, якія ўжываюцца ў любым пісьмовым тэксце і не патрабуюць расшыфроўкі. Ёсць таксама скарачэнні ўмоўныя, што сустракаюцца ў спецыяльных тэкстах – іх звычайна можна расшыфраваць пры дапамозе слоўнічка/ спісу скарочаных напісанняў , што даецца ў тэксце. У адрозненнi ад абрэвiятур графiчныя скарачэннi заўсёды чытаюцца цалкам.

Да агульнапрынятых адносяць скарачэннi, якiя ўжываюцца:

1) пасля лічбавых абазначэнняў: г. – год, гг. – гады, ст. – стагоддзе, стст. – стагоддзі, н. э. – нашай эры, с. – старонка, руб. – рубель; кг – кілаграм;

2) пры спасылках: гл. – глядзi, параўн. – параўнай, напр. – напрыклад, т. – том, арт. – артыкул;

3) пасля пералiчэння: i г. д. – i гэтак далей, i iнш. – i iншае, і пад. – і падобнае, i да т.п. - i да таго падобнае, г. зн. – гэта значыць;

4) пры геаграфічных назвах у якасці агульнага назоўніка: г. – горад, в. – вёска, р. – рака, вул. – вуліца, пл. – плошча;

5) у iншых выпадках устойлівых ужыванняў, напрыклад, у назвах асобаў паводле пасады, звання, а таксама для абазначэння розных выданняў: праф. - прафесар, дац. – дацэнт, заг. – загадчык, зб. – зборнiк, кн. – кніга.



Асноўныя правілы напісання скарачэнняў:

  • нельга скарачаць на галосную лiтару, на ь, на й i на ў;

  • пры спалучэннi дзвюх аднолькавых зычных скарачэнне робiцца пасля першай зычнай: насен. фонд, мяк. зычны;

  • пры збегу дзвюх або некалькiх зычных скарачэнне робiцца на апошнюю зычную: зычн. гукі, народн. творчасць;

  • калi iмя або iмя па бацьку пачынаецца з дыграфа Дз, то iнiцыялам выступае толькi лiтара Д: Д.Д. - Дзмiтрый Дзмiтрыевiч;

  • пры графiчных скарачэннях ставiцца кропка i захоўваюцца тыя ж знакi i пачатковыя лiтары, якiя ўласцiвы поўнаму напiсанню: В.-Д. к. - Волга-Данскi канал, с.-д. Партыя - сацыял-дэмакратычная партыя, чл.-кар. - член-карэспандэнт;

  • калі пакідаюцца толькі першыя і апошнія літары слова, то паміж імі пішацца злучок: ун-т – універсітэт, пр-т – праспект, в-аў – востраў, К-с - Колас;

  • ёсць шэраг скарочаных словаў, што складаюцца з першай і апошняй літары слова або з усіх зычных слова, у якіх традыцыйна не ставіцца злучок і кропка: др - доктар, млн - мільён, млрд – мільярд;

  • стандартныя скарочаныя абазначэннi метрычных мер пiшуцца без кропак: га - гектар, см - сантыметр, кг - кiлаграм, км - кiламетр i iнш.

  • Скарачэнні фізічных адзінак вымярэння, абазначаных у сучасных ДАСТах, пішуцца з вялікай літары: В - вольт, А - ампер, Дж - джоўль;

  • ёсць скарачэнні, што пішуцца праз слэш: г/п – гарадскі пасёлак, п/п – па парадку.

Сёння спіс скаротаў папоўніўся дзякуючы смс – кароткім тэлефонным паведамленням, якія яшчэ зусім нядаўна мелі абмежаваную колькасць знакаў. Таму карыстальнікі імкнуліся розным чынам скарачаць словы, каб уціснуць у тэкст як мага болей інфармацыі. Адсюль з’явіліся скарачэнні кшталту дзяк (дзякуй), прывіт (прывітанне), кл (калі ласка). Шэраг такіх скарочаныз словаў з мовы смс патрапіў у моладзевы слэнг.

Заданне:

Расшыфруйце скарачэнні:

б. - былы

в.а. - выконваючы абавязкi

в-аў - востраў

воз. - возера

гр. - грамадзянiн

н.ст. - новы стыль

п-аў - паўвостраў

сс. - старонкi

с/с - сельскi савет

ст.ст. - стары стыль

тт. - тамы

Д.-Б. к. – Днепра-Бугскi канал

Запішыце скарочаную форму:

2 тысячы год да нашай эры - 2 тыс. г. да н.э.

Кандыдат фізіка-матэматычных навук - к.ф.-м.н.

Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - В.Д.-М.

Лінгвістыка - лінгв.

Спадарыня - сп-ня

Інстытут – ін-т

Збор твораў – зб.тв.

Прафесійна-тэхнічная лексіка – праф.-тэхн. лекс.

Сельскі - сел.



Мільярд - млрд

Насценнае мацаванне – наст. мацав. (ан.)


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка