Прэфіксоіды іншамоўнага паходжання ў сучаснай беларускай мове




Дата канвертавання24.02.2017
Памер135.53 Kb.

ПРЭФІКСОІДЫ ІНШАМОЎНАГА ПАХОДЖАННЯ Ў СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ


Янушкевіч В.М.

В статье представлена семантическая и формальная характеристика производных с некоторыми префиксоидными компонентами (арт-, аўдыё-, вэб-) в современном белорусском языке: раскрыта семантика каждого исследуемого компонента и каждой исследуемой производной лексической единицы, содержащей данный компонент в своей структуре, исчислен индекс «аффиксоидности» данных компонентов и сделана попытка уточнить их статус в системе морфем современного белорусского языка. Представленные результаты исследования свидетельствуют о том, что в языке-рецепиенте заимстованные слова могут модифицировать свое лексическое значение в сторону его абстрагирования и приобретать статус морфем переходного типа.

Ключевые слова: префиксоид, лексема, лексическая единица, компонент.

The article touches upon the problems of classification and description of prefixoids of foreign origin in modern Belarusian language. The author investigates compounds of with parts ‘арт-, аўдыё-, вэб- and their peculiarities.

Key words: prefixoid, lexeme, lexical unit, component.
Адной з актуальных і папулярных праблем сучаснай беларускай дэрываталогіі з’яўляецца праблема вывучэння афіксоідаў як марфем пераходнага тыпу, а іменна, стварэнне іх тыпалогіі, даследаванне структуры і семантыкі, а таксама вызначэнне тэарэтычных падстаў для размежавання афіксоідаў, з аднаго боку, і каранёвых і афіксальных марфем, з другога боку [1, c. 100 - 106]. Значнасць дадзенай праблемы для лінгвістычнага прадстаўлення сучаснай беларускай мовы абгрунтоўваецца, у першую чаргу, тым фактам, што ў лексічным складзе беларускай мовы істотнае месца займаюць словы іншамоўнага паходжання, у структуры якіх назіраюцца паўтаральныя сегменты, што сумяшчаюць у сабе прыметы каранёвых і афіксальных марфем, – і гэта ў значнай ступені абцяжарвае лексікаграфічную апрацоўку такіх слоў [2, c. 131 - 141]. У дадзеным артыкуле прапануюцца некаторыя вынікі семантычнага даследавання іншамоўных слоў сучаснай беларускай мовы, у складзе якіх выдзяляюцца прэфіксоіды, або афіксоіды, што знаходзяцця ў прэпазіцыі адносна каранёвай марфемы [3, 114 - 125]. Мэта даследавання заключалася, па-першае, у выяўленні прэфіксоідаў іншамоўнага паходжання ў марфемным складзе сучаснай беларускай мове, па-другое, у вызначэнні колькаснай прадстаўленасці лексем з іншамоўнымі прэфіксоіднымі кампанентамі ў слоўнікавым складзе беларускай мовы, па-трэцяе, у спробе семантызацыі гэтых кампанентаў і вызначэння лексіка-семантычных груп вытворных слоў з дадзенымі кампанентамі.

Кампанент арт

Дадзены кампанент з’яўляецца запазычаннем з англійскай мовы, у якой слова art мае значэнні: ‘мастацтва, выяўленчае мастацтва’[4, c. 27]. У “Слоўніку іншамоўных слоў” [5, с. 48–53] сучаснай беларускай мове арт- кваліфікуецца як першая частка складаных слоў са значэннем “мастацкі”.

Усяго намі выяўлена 19 лексічных адзінак, сярод якіх вылучаюцца наступныя лексіка-семантычныя групы вытворных слоў:

1. Назоўнікі з агульным значэннем ‘мерапрыемства’: арт-акцыя ‘мастацкая акцыя, відовішча, прадстаўленне’; арт-сесія ‘конкурсная выстаўка візуальных мастацтваў’; арт-шоу ‘яркае артыстычнае прадстаўленне’.

2. Назоўнікі з агульным значэннем ‘памяшканне’, ‘месца сустрэчы’: арт-бар ‘бар, у якім адбываюцца выстаўкі мастацкіх твораў’; арт-галерэяартгалерэя) ‘мастацкая галерэя; музей, памяшканне для выстаўкі карцін, скульптур і іншых твораў мастацтва’; арт-клуб ‘месца сустрэч аматараў мастацтва’; арт-салон ‘мастацкі салон, у якім можна набыць прадметы мастацтва, а таксама тавары для заняткаў рознымі відамі мастацтва’; арт-цэнтрартцэнтр) ‘цэнтр, у якім праводзяцца мастацкія выстаўкі і сустрэчы аматараў мастацтва’.

3. Назоўнікі з агульным значэннем ‘напрамак у мастацтве’: арт-брут ‘напрамак у сучасным мастацтве, які выкарыстоўвае натуральную фактуру матэрыялаў, тым самым адлюстроўваючы грубую адчувальнасць мастацкіх формаў’; арт-рок ‘стылістычны сінтэтычны музычны напрамак, які ўзнік у выніку асіміляцыі рок-музыкай элементаў класічнай і народнай заходнееўрапейскай музыкі, а таксама джаза’; арт-хаусарт-хаўс) ‘малабюджэтнае элітарнае кіно’.

4. Назоўнікі з агульным значэннем ‘асоба’: арт-дырэктар ‘мастацкі дырэктар’; арт-педагогартпедагог) ‘асоба, якая ў настаўніцкай і выхаваўчай рабоце выкарыстоўвае сродкі мастацтва’; арт-тэрапеўт арттэрапеўт) ‘урач, спецыяліст па лячэнню нервовых і псіхічных захворванняў сродкамі мастацтва і самавыяўлення ў ім’.

5. Назоўнікі з агульным значэннем ‘аб’яднанне людзей’: арт-клуб ‘аб'яднанне аматараў мастацтва’; арт-студыя ‘студыя мастацкай творчасці’; арт-суполка ‘аматары мастацтва, якія падтрымліваюць нефармальныя адносіны’.

6. Назоўнікі з агульным значэннем ‘сфера дзейнасці’, ‘пасада’: арт-бізнэс ‘бізнэс у галіне мастацтва, пакупка і продаж твораў мастацтва’; арт-дырэктар ‘адміністрацыйная пасада, звязаная з арганізацыяй і правядзеннем культурна-забаўляльных мерапрыемстваў’.

7. Назоўнік з агульным значэннем ‘метад’: арт-метад ‘метад, які прымяняецца пры арт-тэрапіі’; арт-тэрапіяарттэрапія) ‘метад лячэння нервовых і псіхічных захворванняў сродкамі мастацтва і самавыяўлення ў мастацтве.’

8. Назоўнік з агульным значэннем ‘від мастацкай творчасці’: бодзі-арт ‘від мастацкай творчасці, дзе галоўным аб’ектам з’яўляецца цела самога мастака (або статыста), а змест раскрываецца з дапамогай позы, жэстаў, знакаў, малюнкаў на целе’.

Як бачым, ў большасці прыведзеных лексічных адзінак кампанент арт- выяўляе абстрактнае словаўтваральнае значэнне ‘такі, які мае адносіны да мастацтва’. Асобных каментарыяў патрабуюць словы арт-брут і арт-хаус. Значэнне гэтых слоў у сучаснай беларускай мове не выводзіцца са значэння кампанентаў, што уваходзяць у іх структуру, таму гэтыя словы нельга, на нашу думку, разглядаць як вытворныя.

Вызначым ступень “прэфіксоіднасці” кампанента арт-. Для гэтага неабходна параўнаць дадзены кампанент з каранёвымі і афіксальнымі марфемамі паводле пэўных прымет і прымяніць мадэль ступені “афіксоіднасці”, прапанаваную Э. Грыгаранам [6, c. 11-13]. Адрозненне кампанента арт- ад каранёвых марфем праяўляецца ў наступным: 1) дадзены кампаненты звязаны, інакш кажучы, у сучаснай беларускай мове ён не можа выступаць у якасці самастойнага слова (1 бал); 2) кампанент арт- мае ў структуры слова нефіксаванаую пазіцыю – можа ўжывацца як ў пачатку слова перад наступнай марфемай, так і ў канцы слова (0 бал); 3) значэнне кампанента арт- зацемнена ў словах арт-брут і арт-хаус (1 бал); 4) дадзены кампанент не мае сінанімічных афіксальных марфем і афіксоідаў (0 балаў). Адрозненне кампанента арт- ад афіксальных марфем праяўляецца ў наступным: 1) дадзены кампаненты звязаны (0 балаў); 2) кампанент арт- мае ў структуры слова нефіксаванаую пазіцыю (1 балаў); 3) у некаторых словах захоўвае лексічнае значэнне, напрыклад: арт-бізнэс (1 бал); 4) мае менш за 150 вытворных слоў (1 бал). Такім чынам, індэкс афіксоіднасці кампанента арт-: 1 + 0 + 1 + 0 + 0 + 1 + 1 + 1 = 5. Індэкс “афіксоіднасці”, роўны 5, сведчыць аб тым, што ў структуры беларускага слова кампанент арт- варта разглядаць не як першую частку складанага слова [1, с. 48–50], а як прэфіксоід.

Кампанет аўдыё

Дадзены кампанент з’яўляецца запазычаннем з англійскай мовы, у якой слова audio мае значэннe: ‘гук’[4, c. 32]. У “Слоўніку іншамоўных слоў” [5, с. 48–53] сучаснай беларускай мове аўдыё- кваліфікуецца як першая частка складаных слоў са значэннем ‘які адносіцца да ўзнаўлення і запісу гуку’.

Усяго намі выяўлена 12 лексічных адзінак, сярод якіх вылучаюцца наступныя лексіка-семантычныя групы вытворных слоў:

1. Назоўнікі з агульным значэннем ‘рэч’: аўдыёальбом ‘некалькі музычных твораў, аб’яднаных музыкантам або музычным калектывам у адзінае цэлае на храналагічнай ці канцэптуальнай аснове, запісаныя на пласцінцы, аўдыёкасеце, кампакт-дыску’; аўдыёвідэасістэма ‘камплект апаратуры, прызначаны для ўзнаўлення гуку і прагляду відэазапісаў’; аўдыёзапіс ‘плёнка з запісанай на ёй гукавой інфармацыяй, а таксама сама гэтая інфармацыя’; аўдыёкалекцыя ‘сістэматызаваны набор аўдыёзапісаў або аўдыёкасет; сукупнасць аўдыёкасет’; аўдыёкасета ‘магнітафонная касета для запісу і ўзнаўлення гуку’, аўдыёплэер ‘кампактны пераносны аппарат для ўзнаўлення гуку з магнітнага запісу’.

2. Назоўнік з агульным значэннем ‘характарыстыка’: аўдыёвізуальны ‘заснаваны на адначасовым успрыняцці зрокам і слыхам’.

3. Назоўнікі з агульным значэннем ‘з’ява’: аўдыётрэк ‘тое, што і трэк’; аўдыётэкст ‘тэкст, запісаны на магнітную плёнку’.

4. Назоўнік з агульным значэннем ‘асоба’: аўдыёпірат ‘той, хто займаецца незаконным тыражаваннем, продажам або пракатам аўдыёпрадукцыі’.

5. Назоўнік з агульным значэннем ‘прыстасаванне’: аўдыёплэер ‘кампактны пераносны аппарат для ўзнаўлення гуку з магнітнага запісу’.

Як бачым, ў большасці прыведзеных лексічных адзінак кампанент аўдыё- выяўляе абстрактнае словаўтваральнае значэнне ‘такі, які мае адносіны да гука’. Асобных каментарыяў патрабуюць словы аўдыётрэк і аўдыёплэер. Значэнне гэтых слоў у сучаснай беларускай мове не выводзіцца са значэння кампанентаў, што уваходзяць у іх структуру, таму гэтыя словы нельга, на нашу думку, разглядаць як вытворныя.

Вызначым ступень “прэфіксоіднасці” кампанента аўдыё-. Для гэтага неабходна параўнаць дадзены кампанент з каранёвымі і афіксальнымі марфемамі паводле пэўных прымет і прымяніць мадэль ступені “афіксоіднасці”, прапанаваную Э. Грыгаранам [6, c. 11-13]. Адрозненне кампанента аўдыё- ад каранёвых марфем праяўляецца ў наступным: 1) дадзены кампаненты звязаны, інакш кажучы, у сучаснай беларускай мове ён не можа выступаць у якасці самастойнага слова (1 бал); 2) кампанент аўдыё- мае ў структуры слова фіксаванаую пазіцыю – можа ўжывацца толькі ў пачатку слова перад наступнай марфемай (1 бал); 3) значэнне кампанента аўдыёт- зацемнена ў словах аўдыётрэк і аўдыёплэер (1 бал); 4) дадзены кампанент не мае сінанімічных афіксальных марфем і афіксоідаў (0 балаў). Адрозненне кампанента аўдыё- ад афіксальных марфем праяўляецца ў наступным: 1) дадзены кампаненты звязаны (0 балаў); 2) кампанент аўдыё- мае ў структуры слова фіксаванаую пазіцыю (0 балаў); 3) у некаторых словах захоўвае лексічнае значэнне, напрыклад: аўдыёпрадукцыя (1 бал); 4) мае менш за 150 вытворных слоў (1 бал). Такім чынам, індэкс афіксоіднасці кампанента аўдыё-: 1 + 1 + 1 + 0 + 0 + 0 + 1 + 1 = 5. Індэкс “афіксоіднасці”, роўны 5, сведчыць аб тым, што ў структуры беларускага слова кампанент аўдыё- варта разглядаць не як першую частку складанага слова [1, с. 48–50], а як прэфіксоід.



Кампанет вэб

Дадзены кампанент з’яўляецца запазычаннем з англійскай мовы, у якой слова web мае значэннe: ‘павуціна’[4, c. 518]. У “Слоўніку іншамоўных слоў” [5, с. 48–53] сучаснай беларускай мове вэб- кваліфікуецца як першая частка складаных слоў са значэннем ‘які мае адносіны да сеткі Інтэрнэт’.

Усяго намі выяўлена 13 лексічных адзінак, сярод якіх вылучаюцца наступныя лексіка-семантычныя групы вытворных слоў:

1. Назоўнікі з агульным значэннем ‘асоба’: вэб-дызайнер ‘той, хто займаецца стварэннем сайтаў’; вэб-майстра і вэбмайстра ‘спецыяліст па стварэнню сайтаў у сетцы Інтэрнэт’; вэб-райтар ‘той, хто займаецца літаратурнай дзейнасцю і змяшчае свае творы ў сетцы Інтэрнэт’; вэб-распрацоўшчык ‘тое, што і вэб-дызайнер’; вэб-рыдар ‘чытач мастацкіх твораў у сетцы Інтэрнэт, які дасылае на сайт вэбрайтара свае заўвагі, часта падчас стварэння твора’.

2. Назоўнікі з агульным значэннем ‘з’ява’: вэб-браўзер ‘тое, што і браўзер’; вэб-інтэрфэйс і вэб-інтэрфейс ‘сукупнасць сродкаў , якія у сетцы Інтэрнэт забяспечваюць узаемадзеянне ўстройстваў вылічальнай сістэмы, праграм, а таксама сувязь камп’ютэра з карыстальнікам’; вэб-кантэнт ‘тое ж, што і кантэнт новага пакалення мабільны, інтэрактыўны і лёгка інтэгруецца з самымі рознымі сістэмамі’; вэб-старонка ‘частка вэб-сайта, прысвечаная пэўнаму пытанню’.

3. Назоўнікі з агульным значэннем ‘рэч’: вэб-выданне ‘электронны сродак масавай інфармацыі’; вэб-камера ‘відэакамера, падключаная да сеткі Інтэрнэт’.

4. Назоўнік з агульным значэннем ‘дзеянне’: вэб-дызайн ‘мастацкае канструяванне, афармленне ў сетцы Інтэрнэт’.

5. Назоўнік з агульным значэннем ‘месца’: вэб-сайт ‘месца ў сістэме сеткі Інтэрнэт для размяшчэння матэрыялу аб кім- або чым-небудзь (уладальнікамі такіх сайтаў выступаюць як арганізацыі, установы, так і пэўныя асобы)’.

Як бачым, ў большасці прыведзеных лексічных адзінак кампанент вэб- выяўляе абстрактнае словаўтваральнае значэнне ‘які мае адносіны да сеткі Інтэрнэт’. Асобных каментарыяў патрабуюць словы вэб-дызайнер, вэб-райтар, вэб-рыдар, вэб-браўзер, вэб-інтэрфэйс і вэб-інтэрфейс, вэб-кантэнт. Значэнне гэтых слоў у сучаснай беларускай мове не выводзіцца са значэння кампанентаў, што уваходзяць у іх структуру, таму гэтыя словы нельга, на нашу думку, разглядаць як вытворныя.

Вызначым ступень “прэфіксоіднасці” кампанента вэб-. Для гэтага неабходна параўнаць дадзены кампанент з каранёвымі і афіксальнымі марфемамі паводле пэўных прымет і прымяніць мадэль ступені “афіксоіднасці”, прапанаваную Э. Грыгаранам [6, c. 11-13]. Адрозненне кампанента вэб- ад каранёвых марфем праяўляецца ў наступным: 1) дадзены кампаненты звязаны, інакш кажучы, у сучаснай беларускай мове ён не можа выступаць у якасці самастойнага слова (1 бал); 2) кампанент вэб- мае ў структуры слова фіксаванаую пазіцыю – можа ўжывацца толькі ў пачатку слова перад наступнай марфемай (1 бал); 3) значэнне кампанента вэб- зацемнена ў словах вэб-райтар, вэб-рыдар, вэб-браўзер, вэб-інтэрфэйс і вэб-інтэрфейс, вэб-кантэнт, вэб-дызайн і вэб-сайт (1 бал); 4) дадзены кампанент не мае сінанімічных афіксальных марфем і афіксоідаў (0 балаў). Адрозненне кампанента вэб- ад афіксальных марфем праяўляецца ў наступным: 1) дадзены кампаненты звязаны (0 балаў); 2) кампанент вэб- мае ў структуры слова фіксаванаую пазіцыю (0 балаў); 3) у некаторых словах захоўвае лексічнае значэнне, напрыклад: вэб-дызайнер (1 бал); 4) мае менш за 150 вытворных слоў (1 бал). Такім чынам, індэкс афіксоіднасці кампанента вэб-: 1 + 1 + 1 + 0 + 0 + 0 + 1 + 1 = 5. Індэкс “афіксоіднасці”, роўны 5, сведчыць аб тым, што ў структуры беларускага слова кампанент вэб- варта разглядаць не як першую частку складанага слова [1, с. 48–50], а як прэфіксоід.

Праведзены аналіз паказвае, што кампаненты арт-, аўдыё-, вэб-, якія ў сучаснай англійскай мове з’яўляюцца асобнымі словамі, у сучаснай беларускай мове выступаюць як сродак словаўтварэння. Паводле марфемнага статусу гэтыя кампаненты з’яўляюцца прэфіксоідамі, інакш кажучы, такімі марфемамі, якія выяўляюць падабенства як з каранёвымі, так і з афіксальнымі марфемамі – прэфіксамі. Словаўтваральныя тыпы, у якіх задзейнічаны дадзеныя кампаненты як сродкі словаўтварэння, з’яўляюцца непрадуктыўнымі. У структуры асобных запазычаных слоў дадзеныя кампаненты ўвогуле не могуць быць выдзелены, паколькі значэнні гэтых слоў не выводзяцца са значэння іх частак. Такім чынам, можна канстатаваць, што словы з кампанентамі арт-, аўдыё-, вэб- выяўляюць розную ступень адаптацыі беларускай мовай.

Літаратура

1. Юшкевіч, В. С. Суфіксоіды іншамоўнага паходжання ў сістэме сродкаў беларускага словаўтварэння / В. С. Юшкевіч // Весці НАН Беларусі. Сер. гуманітарных навук. – Мінск, 2008. – Вып. 2. – С. 100 – 106.

2. Зеленин, А. В. [Рецензия] / А. В. Зеленин // Вопр. языкознания – 2012 - №1. С. 131 – 141. Рец. на кн.: Козулина, Н. А. Аффиксоиды русского языка. Опыт словаря-справочника. / Н. А. Козулина, Е. А. Левашов, Е. Н. Шагалова; отв. ред. Е. А. Левашов. - СПб.: Нестор-История, 2009 - 288 с.

3. Шакун, Л. М. Карані роднай мовы: выбр. працы па гісторыі бел. мовы / Л. М. Шакун. – Мінск: Бел. гос. ун-т, 2001. - 205 с.

4. Сиротина, Т. А. Современный англо-русский словарь / Т. А. Сиротина. – Москва: БАО-ПРЕСС, 1998. – 991с.

5. Булыка, А. М. Слоўнік іншамоўных слоў: у 2т. / А. М. Булыка. – Мінск: БелЭн, 1993. – 2т. 1472 c.



6. Григорян, Э. А. Суффиксоиды в системе современного русского языка (на материале сложений со вторым глагольным компонентом): автореф. … дис. канд. филол. наук / Э. А. Григорян. – М., 1981. – 25с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка