Псіхалагічныя фактары працэсу спараджэння І ўспрымання маўлення




Дата канвертавання31.12.2016
Памер68.82 Kb.

Л. М. Гамеза, В. А. Нямірская (Мінск)




ПСІХАЛАГІЧНЫЯ ФАКТАРЫ

ПРАЦЭСУ СПАРАДЖЭННЯ І ЎСПРЫМАННЯ МАЎЛЕННЯ

Для паспяховай рэалізацыі сістэмна-функцыянальнага, камунікатыўна-дзейнаснага падыходаў у працэсе навучання школьнаму курсу беларускай мовы неабходным з'яўляецца псіхалагічны аналіз структуры маўленчага акта, вылучэнне ў ім семантычнага сегмента, што абгрунтоўвае мэтазгоднасць і важнасць работы па ўзбагачэнні слоўнікавага запасу вучня, выяўляе псіхалагічныя асновы работы над семантыкай слова.

Матыў, маўленчая інтэнцыя (думка), знешняе маўленне – абавязковыя і неабходныя фактары спараджэння выказвання. Унутраны этап спараджэння выказвання, у сваю чаргу, уключае апасродкаваныя ўнутраным маўленнем этапы пераходу ад думкі да знешняга маўлення: унутранае праграмаванне, лексічнае разгортванне, граматычнае канструяванне (малюнак 1), а таксама маторную рэалізацыю маўленчага акта. Механізмы, што кіруюць лексічным разгортваннем і граматычным канструяваннем, дзейнічаюць адначасова ці паралельна.

Маўленчая інтэнцыя





лексічнае разгортванне

граматычнае

канструяванне

Унутранае праграмаванне

Малюнак 1

Асобныя асноўныя этапы ў спараджэнні выказвання
Унутранае праграмаванне маўлення спараджае ў памяці прамоўцы толькі агульную будову выказвання, яго схему і асноўныя сэнсавыя кампаненты на ўзроўні суб'екта, аб'екта, прэдыката, якія суадносяцца з вобразамі ўспрымання і з'яўляюцца зыходнымі для пабудовы выказвання.

Лексічнае разгортванне забяспечваюць як мінімум два механізмы маўлення: механізм выбару слоў і механізм канструявання выказвання. 3 дапамогай механізму выбару слоў ажыццяўляецца пошук патрэбнага слова ў памяці прамоўцы. Пры гэтым пошук заснаваны на семантычных і граматычных характарыстыках слова, яго фанетычным абліччы і частотнасці ўжывання слоў у маўленні. На аснове пералічаных параметраў маўленчы механізм ажыццяўляе пошук слова шляхам паслядоўнага аналізу слоўніка носьбіта мовы, пачынаючы з члянення слоўніка на часціны мовы (выбар сярод часцін мовы вызначаецца граматычнай характарыстыкай неабходнага слова: калі яно іграе ў сказе ролю суб'екта, то пошук вядзецца сярод назоўнікаў або займеннікаў, калі ролю прэдыката, – то сярод дзеясловаў і г.д.), а затым унутры слоў кожнай часціны мовы сярод семантычных і тэматычных груп, сінанімічных радоў і інш.

Выбар неабходнага слова з невялікіх лексічных груп заснаваны на ступені ўстойлівасці сувязі слоў з паняццем, якое яны выражаюць. У сваю чаргу ступень устойлівасці вызначаецца частатой ужывання слова ў мове ці маўленні. Этап пошуку слоў аб'ектывуецца ў знешнім маўленні наяўнасцю ў ім паўз, з дапамогай якіх прамоўца знаходзіць час для пошуку слоў.

Адначасова з механізмам выбару слоў дзейнічаюць механізмы канструявання выказвання, пры якіх словы граматычна актуалізуюцца. У выніку актуалізаванае слова прагназуе ўзнікненне побач другога слова, сінтагматычна і семантычна звязанага з першым. Механізмы канструявання выказвання звязаны з аператыўнай памяццю чалавека, асаблівасць якой у тым, што яна адначасова можа ўлічваць толькі 7 + 2 элементы [1]. Працэс спараджэння маўлення на дадзеным этапе адбываецца па "ланцужковых" заканамернасцях: кожнае выбранае слова выказвання абмяжоўвае выбар колькасці наступных слоў у дадзеным выказванні. Напрыклад, актуалізаванае слова карыя вызначае з'яўленне толькі слова вочы.

Наступныя этапы спараджэння маўлення звязаны з агучваннем. Гэтую работу, паводле канцэпцыі М. І. Жынкіна [2], абслугоўваюць статычны, ці артыкуляцыйны, механізм, які забяспечвае розніцу гукавога аблічча слоў з дапамогай фанем, і дынамічны, ці складаўтваральны, механізм, які фарміруе сінтагматычную гукавую структуру слова. Дзейнасць гэтых механізмаў звязана з работай маўленчага апарату, які ўпраўляецца маторнай зонай кары галаўнога мозга.

Механізмы ўнутранага праграмавання, якія "адказваюць" за агульную сэнсавую схему выказвання і яго граматычную будову, а таксама акустыка-артыкуляцыйную арганізацыю маўлення, размешчаны ў пярэдняй маўленчай зоне кары галаўнога мозга. Маўленчыя механізмы пярэдняй зоны выконваюць аперацыі камбінавання элементаў сэнсавага, граматычнага, акустыка-артыкуляцыйнага ўзроўняў у сінтагматычныя адносіны. Пры паражэнні пярэдніх маўленчых зон мозга (пры эферэнтнай афазіі) чалавек губляе здольнасць спараджаць граматычна правільныя выказванні, будаваць словы з гукаў.

Аперацыям пабудовы сэнсавых схем выказвання, граматычнага канструявання, акустыка-артыкуляцыйнага афармлення выказвання адпавядаюць адначасовыя аферэнтныя (ажыццяўляемыя задняй карой мозга) аперацыі выбару семантычных адзінак, граматычна аформленых лексічных адзінак, гукаў. Аферэнтнымі механізмамі задняй часткі кары галаўнога мозга забяспечваюцца парадыгматычныя сувязі паміж адзінкамі кожнага з узроўняў спараджэння маўленчага выказвання. Пашкоджанне задніх зон мозга прыводзіць да дысфункцыі маўлення, якая выяўляецца ў бессэнсоўным, але граматычна і акустычна правільным выказванні.

Вельмі верагодна, што чалавек на этапе ўспрымання "праходзіць" зваротны шлях ад успрымання маўлення да разумення і засваення яго сэнсу. Пры ўспрыманні гукі артыкуляцыйна імітуюцца слухачамі і тым самым матэрыяльна замацоўваюцца ў памяці чалавека для іх аператыўнай апрацоўкі. Іншымі словамі, слухач не пасіўны, а такі ж, як і прамоўца, актыўны ўдзельнік маўлення.

Сінтэзаваныя з гукаў словы адшукваюцца ў памяці па акустычных прыметах і з улікам кантэксту (сітуацыі маўлення). Калі пошук слова пры спараджэнні маўлення адбываецца шляхам выбару слова, адэкватнага паняццю, то выяўленне слоў ідзе праз супастаўленне сінтэзаваных з гукаў слоў на ўваходзе з тым, што ёсць у памяці слухача. Паколькі адны і тыя ж паведамленні могуць перадавацца ад прамоўцы да слухача рознымі словамі і рознымі па будове сказамі, то можна меркаваць, што змест маўлення і форма яго захоўваюцца ў памяці чалавека незалежна, прычым успрыманне зместу маўлення больш устойлівае, трывалае і працяглае ў параўнанні з формай выражэння.

Вялікую ролю ў працэсе ўспрымання паведамленняў адыгрывае граматычная будова сказаў, з дапамогай якіх гэтае паведамленне перадаецца. Лягчэй успрымаюцца і запамінаюцца сказы, у якіх паміж словамі ёсць непасрэдная семантычная сувязь. Сказы з больш простай граматычнай будовай запамінаюцца лягчэй, чым са складанай, нават калі гэтыя простыя сказы маюць большую колькасць слоў [3, с. 125]. Зыходная форма сказа, з дапамогай якой перадаецца інфармацыя, хутка забываецца, а ў памяці звычайна застаецца толькі той змест, які заключаны ў ім.

Успрыманне граматычнай будовы сказа, такім чынам, адбываецца як мінімум на двух узроўнях: павярхоўным, звязаным з фанетычным абліччам сказа і яго граматычнай будовай, і глыбінным, звязаным з семантычным зместам сказа. Дрэннае запамінанне павярхоўных структур сказа (яго формы) тлумачыцца тым, што ўспрыманне паведамлення ажыццяўляецца кароткачасовай памяццю, якая апрацоўвае сказы ў жорсткіх часавых межах. Да таго ж абмежаваны аб'ём кароткачасовай памяці прымушае яе хутка ўладкоўваць і ўвесь час "знішчаць" форму ўспрынятых элементаў паведамлення з мэтай вызвалення месца для новых адзінак паведамлення.

У доўгачасовай памяці, дзе захоўваецца змест паведамленняў, часовы фактар не адыгрывае значнай ролі, і ён (змест) арганізуецца там у больш складаныя структуры.

У выніку праведзеных спецыялістамі псіхалагічных эксперыментаў і даследавання афазіі [4, с. 158] выяўлена, што для разумення адмоўных сказаў трэба больш часу, чым для разумення сцвярджальных.

Сказы тыпу Хлопчык большы за дзяўчынку цяжэй запомніць, чым сказ Гігант большы за хлопца, паколькі першы сказ дапускае і адваротную канструкцыю Дзяўчынка большая за хлопчыка, а другі не.



Такім чынам, на працэс спараджэння і ўспрымання маўлення ўплываюць сэнс паведамлення, яго граматычная будова і канкрэтная маўленчая сітуацыя.


Літаратура


  1. Миллер, Дж. Магическое число семь, плюс или минус два: о некоторых пределах нашей способности перерабатывать информацию // Инженерная психология / Дж. Миллер. – М.: Прогресс, 1964. – С. 192 – 225.

  2. ЖинкинН. И. Речь как проводник информации / Н.И. Жинкин. – М.: Наука, 1982. – 159 с.

  3. Леонтьев, А. А. Психология общения / А.А. Леонтьев. – 2-е изд., испр. и доп. – М.: Смысл, 1997. – 365 с.

  4. Лурия, А. Р. Язык и сознание / А.Р. Лурия. – М.: Изд-во Моск. ун-та, 1979. – 320 с.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка