Псышчаніца Марыя Уладзіміраўна Опальская сярэдняя агульнаадукацыйная школа




Дата канвертавання24.11.2017
Памер74.09 Kb.
Псышчаніца Марыя Уладзіміраўна

Опальская сярэдняя агульнаадукацыйная школа

5 клас
Беларуская літаратура

Тэма ўрока: Г. Марчук “ Чужое багацце”

Характарыстыка класа
Паспяховасць вучэбнай дзейнасці вучняў залежыць ад іх умення запамінаць, разумець і тлумачыць вучэбны матэрыял.

Вучні 5 класа вельмі эмацыянальныя і ўражлівыя. Яны хутка ўключаюцца ў тыя сітуацыі, пра якія чытаюць у кнізе, бурна рэагуюць, перажываюць за любімага героя.

Эмацыянальная спагадлівасць і рухомасць гэтых вучняў ствараюць спрыяльную аснову для глыбокага ўспрымання літаратурнага твора. Аднак узровень вучэбнай дзейнасці ў вучняў розны. У класе 4 вучні знаходзіцца на II узроўні, 4 - на III узроўні, 6 вучняў на – на IV і V узроўнях. Рэйтынг вучэбных дасягненняў па беларускай літаратуры за II чвэрць склаў 6,1 балаў. Таму мэтазгодна выкарыстанне на ўроках дыферэнцыраваных заданняў.

На вывучэнне казкі Г. Марчука адводзіцца 1 гадзіна. Аб’ём тэксту вялікі. Вучні атрымліваюць апераджальнае заданне: прачытаць тэкст дома і падрыхтаваць выразнае чытанне ўрыўкаў. Мэтазгодна выкарыстоўваць на ўроку педтэхналогію “Развіццё крытычнага мыслення”. Яна накіравана на тое, каб навучыць дзіця думаць і разважаць самастойна, выказваць свой пункт гледжання і аргументавана яго даказваць, сістэматызаваць веды, аналізаваць, выкарыстоўваючы прыёмы, якім яго навучыць на ўроках настаўнік.



Тэма ўрока: Георгій Марчук. Казка “Чужое багацце”.

Мэта:

  • Адкрыць вучням новае літаратурнае імя, паглыбіць веды пра асаблівасці будовы казкі;

  • Актывізаваць пазнавальную дзейнасць вучняў праз дыферэнцыяцыю навучання;

  • Развіваць уменне характарызаваць герояў на падставе іх учынкаў і абгрунтавана выказваць свае погляды на падзеі і пазіцыю герояў;

  • Выхоўваць у вучняў чалавечнасць, любоў да ўсяго, што іх акружае; непрыманне жорсткасці; адказнасць за свае ўчынкі і паводзіны.

Тып урока: вывучэнне новага матэрыялу.

Абсталяванне і афармленне: партрэт Георгія Марчука, зборнікі яго твораў, выстава малюнкаў да казкі “Чужое багацце”, кластэры для абмеркавання зместу твора, карткі з дыферэнцыраванымі заданнямі.

Асноўны метад работы: праблемна- пошукавы.

Педтэхналогіі: выкарыстанне прыёмаў тэхналогіі “Развіццё крытычнага мыслення”.
Эпіграф:
Горкім бывае часам нашае жыццё, але хто не спадзяецца на Бога – Бог злітуецца і ўсё пераменіць на лепшае. Бяда таму, хто, прагнучы багацця, прадае сваю душу пеклу.

Я.Баршчэўскі. “Шляхціц Завальня”.

Ход урока.

І. Арганізацыйны момант.

Настаўнік паведамляе тэму і мэту ўрока, фармулюе праблемнае пытанне.
ІІ. Стадыя выкліку.

Матчына слова, матчына песня, матчына казка…

Усе яны бяруць свой пачатак у далёкім-далёкім нашым дзяцінстве, калі мы толькі пачынаем пазнаваць голас маці. Матчына слова знаёміць нас з дзівосамі свету, непаўторнай прыгажосцю роднай прыроды. Матчына песня ўскалыхвае самыя патаемныя куточкі нашай душы. А народная казка, якую апавядае мама ціхім голасам у вечаровы час, вучыць дабрыні, спагадлівасці, шанаванню мудрасці і вопыту бацькоў, уважлівасці і міласэрнасці да іх, узбагачае нас духоўна.

На папярэдніх уроках вы пазнаёміліся з народнымі казкамі “Разумная дачка” і “Залаты птах”. А зараз мы працягнем гэтае цікавае падарожжа ў чарадзейную краіну знаёмствам з казкай Георгія Марчука “Чужое багацце”. Але спачатку давайце ўспомнім тое, што мы ведаем пра казку.


ІІІ. Актуалізацыя ведаў вучняў.

Настаўнік.

Падзелімся на групы і выканаем заданні на картках.

( Клас дзеліцца на 3 групы з улікам узроўню падрыхтоўкі вучняў).

І узровень

1. Які твор фальклору называецца казкай? Выкарыстайце запісы ў сшытку.

2. Хто стварыў народныя казкі?

ІІ узровень


  1. Якія віды казак вы ведаеце? Прывядзіце прыклады казак кожнага віду.

  2. Што ўслаўляецца ў казках? Што асуджаецца?

ІІІ узровень

  1. Чым адрозніваецца народная казка ад літаратурнай?

  2. Чым падабаюцца вам казкі? Сваю думку абгрунтуйце.

ІV. Стадыя асэнсавання.


Настаўнік.

У многіх беларускіх пісьменнікаў цікавасць і любоў да казкі ідзе ад успамінаў дзяцінства.



  • Казкі якіх пісьменнікаў вы чыталі?

(Вучні называюць казкі У. Дубоўкі, Я.Коласа, П. Сіняўскага,

А Федарэнкі, Х.К. Андэрсена і іншых.)



Настаўнік.

Любіў казкі і Георгій Марчук. Нарадзіўся ён у адным з самых прыгожых куточкаў Палесся – Давыд-Гарадку. Лёс пісьменніка склаўся так, што дзяцінства і раннія юнацкія гады ён правёў у сям’і дзядулі і бабулі, бо бацькі памерлі вельмі рана. Пасля заканчэння СШ № 2 у Давыд-Гарадку хлопец спрабаваў паступіць ва Усесаюзны інстытут кінематаграфіі, бо ўсё жыццё марыў здымаць кіно. Спроба не ўдалася. Пазней завочна закончыў Беларускі тэатральны інстытут і Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве.

Першыя гумарэскі, апавяданні Г.Марчука пачалі з’яўляцца на старонках столінскай раённай газеты “Навіны Палесся” ў 1966 годе. Яго цікавілі цудоўныя працавітыя людзі, радавалі самабытныя краявіды, не абыходзіў ён увагай мінулае, культуру Палесся, рэлігійныя ўяўленні, звычаі палешукоў.

З-пад пяра Г.Марчука выйшла нямала твораў для дзяцей і юнацтва, у тым ліку і казак.Шырокаму колу чытачоў добра вядомы яго п’есы-казкі “Чаканні сабакі Тэафіла”, “Загадка каралеўства Аварыі”, “Тушканчык і чароўны чамаданчык”, “Жылі-былі дзед Васільчык і баба Кацярына”.У 1996 годзе выйшла яшчэ адна кніга “Казкі”, а праз два гады - “Чужое багацце”.

У наш імклівы і супярэчлівы час мы, людзі, пераступілі шмат якія жыццесцвярджальныя духоўныя запаветы. Многія забыліся, што такое сумленне, добранадзейнасць, страх перад Богам, людзьмі. Казка “Чужое багацце” Георгія Марчука застаўляе нас яшчэ раз ацаніць свае магчымасці, сваё месца на гэтай зямлі.

Эпіграфам сённяшняга ўрока сталі словы Я.Баршчэўскага “Горкім бывае часам нашае жыццё, але хто спадзяецца на Бога – Бог злітуецца і усё пераменіць на лепшае. Бяда таму, хто , прагнучы багацця, прадае сваю душу пеклу”.



  • Як вы разумееце гэтае выказванне?

Вучні:

  • У жыцці чалавека часта падсцерагае бяда, але калі звяртацца да Бога, ісці ў царкву, то адразу становіцца лягчэй.

  • Есць выпадкі, калі па малітвах людзі вылечваліся.

  • Бог – гэта дабро, а ў казках Георгія Марчука заўсёды добрыя сілы перамагаюць зло.

  • Ганначка ў казцы “ Чужое багацце” заўсёды паўтарала словы малітвы, якую перадала ёй маці, таму ўсе нягоды яна перамагла.

Настаўнік.

Усё гэта так, дзеці. І зараз, працуючы з тэкстам казкі, мы пастараемся гэта даказаць. А дапаможа нам у гэтай рабоце кластэр і заданні на картках.

( Дзеці мала карысталіся такім прыёмам аналізу тэксту, таму настаўнік прапануе гатовы кластэр)

Фізкультхвілінка.
І узровень

1.Зачытайце пачатак казкі. Скажыце, каму аўтар адрасуе сваю казку?

2.Назавіце дзеючых герояў казкі. Хто з іх дапамагаў Ганначцы, а хто стараўся прынесці шкоду?

3.Чым займаўся Майданскі?

4. Якая мара была ў свавольнай Русалкі?

5.Як планаваў сваю будучыню Пачварнік?

ІІ узровень

1.Якімі словамі заканчвала заўсёды ранішнюю малітву Ганначка?

2. Які запавет пакінула маці сваёй дачушцы?

3.Карыстаючыся тэкстам, пакажыце, што Ганначка свята выконвала запавет сваіх бацькоў.

4.Па якой прычыне Майданскі, Пачварнік і Русалка ўгаворвалі Ганначку не сеяць лён, жыта, каноплі?

ІІІ узровень

1.У творах Георгія Марчука арганічна пераплятаецца мінулае і сучаснае. Новыя героі з’яўляюцца прадаўжальнікамі фальклорнай традыцыі і ў той жа час застаюцца сучаснымі.

- Знайдзіце ў тэксце казкі “Чужое багацце” тыя элементы, якія паказваюць, што дзеянне адбываецца ў наш час.

2.Паразважайце, чаму злыя сілы існуюць на зямлі?

3.Любоў і дабро – самыя злыя ворагі Кадука і яго паслугачоў. Дакажыце гэта.



Настаўнік

Кадук, пан Майданскі, аднавухі Пачварнік, касавокая Русалка ў творы з’яўляюцца ўвасабленнем зла, усяго негатыўнага, што сустракаецца ў свеце. Яны ахвотна згаджаюцца быць памагатымі самога Люцыпара. Яны нагадваюць нам тых нашых сучаснікаў, што прывыклі хораша жыць, але не працаваць, для каго заморскае жыццё – суцэльны рай. Што хочуць, тое і робяць, і ўсё было ім ні па чым, вось толькі дабро і любоў былі самымі злымі іх ворагамі.

Ганначка ж добрая, працавітая. На ўсё жыццё яна запамятала запавет бацькоў, які строга загадваў не кідаць роднай зямлі, вырошчваць лён, жыта, каноплі, трымаць калодзеж з жывой вадой чыстым. Шчыра кахае і цярпліва чакае яна свайго Іванку. Гэта яе чыстая малітва прывяла юнака да парога роднай хаты. Прыгожая, разумная, Боская птушка – Бусел аберагае гаспадыню хутара. Жаўрук і Сонейка падтрымліваюць яе ў цяжкую хвіліну, а мацярынская малітва ахінала Божым крылом яе заўсёды. Ніякія пагрозы Майданскага не запалохалі Ганначку і Іванку.

Малітвай роднай зямлі, дабру, справядлівасці прагучалі словы Іванкі:

- Мы дзяцей сваіх навучым лён, жыта, каноплі садзіць, калодзеж, родную зямлю шанаваць, адно аднаму дапамагаць!

V. Абагульненне

1.Дома вы рыхтавалі ілюстрацыі да казкі “Чужое багацце”. Прадэманструйце свае работы. Скажыце, што вам хацелася паказаць на сваіх малюнках і чаму?

2. У пачатку ўрока мы працавалі з эпіграфам. Ці змянілася ваша разуменне гэтых слоў?

(Адказы вучняў)

Настаўнік:

За ўсё ў жыцці прыйдзецца плаціць. За злачынствы, непрыстойныя ўчынкі, за сувязь з нячыстай сілай. Сваім жыццём расплаціліся за ўсё Пачварнік, Русалка, Майданскі.

Чалавек стане годным уладаром зямных скарбаў, калі навучыцца пазнаваць і любіць дабро, спагадаць няшчаснаму, дапамагаць слабейшаму.
Настаўні:.

У мяне ёсць сонейка. Мы ведаем, што яно яркае, светлае, цёплае.



  • Хто ў нашай казцы быў такім сонейкам?

  • Ганначка!

  • А зараз на сонечных праменьчыках напішыце словы, якімі вы ахарактарызуеце гэтую гераіню.

  • Працалюбівая.Добрая.Набожная.Верная.Клапатлівая.Смелая.Добразычлі-вая.Спагадлівая.

VІ Рэфлексія.

  • Ці зацікавіла вас казка?

  • Якія формы работы на ўроку спадабаліся вам больш за ўсё?

  • Чаму навучыла вас казка?


VIІ.Дамашняе заданне

  1. Падрыхтаваць вуснае выказванне на тэму: “Што ўхваляе і што асуджае пісьменнік у казцы “Чужое багацце” ?

  2. Прачытаць казку А.Якімовіча “Воўчае лыка”

Падрыхтаваць выразнае чытанне найбольш цікавых урыўкаў.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка