Публіцыстычны стыль мовы
Гэта кніжны стыль мовы, прадстаўлены ў пісьмовай (друкаваныя сродкі масавай інфармацыі, эсэістыка) і ў вуснай форме (радыё- і тэлежурналістыка, аратарскае майстэрства). Асноўная задача публіцыстычнага стылю – не толькі даць нейкую інфармацыю, але і прапанаваць яе інтэрпрэтацыю, аказаць эмацыйнае ўздзеянне на чытача (у адрозненненапрыклад, ад навуковага і афіцыйна-справавога стыляў). У сувязі з гэтым творы публіцыстычнага стылю часта закліканыя быць магутным сродкам прапаганды, таму невыпадкова ў савецкі час пяро прыроўнівалі да штыка.
Пры тым, што лексічнае ядро публіцыстычнага, як і любога іншага стылю складае канкрэтная лексіка, на лексічным узроўні можна вылучыць шэраг асаблівасцяў:
-
Абстрактная лексіка (аб’ект, інсінуацыя, рэфлексія, асацыяцыя).
-
Ацэначная лексіка (патрыятызм - нацыяналізм, шпіён - разведчык, крывадушны - сумленны, змагар, распад – развал (СССР)).
-
Грамадска-палітычныя тэрміны (дактрына, грамадзянская супольнасць, абарона правоў чалавека, прававая дзяржава, інфармацыйнае грамадства).
-
Словы, ужытыя ў пераносным значэнні (гарэць (ідэяй), ватнік, жоўтая (прэса), перыфразы (агульнаеўрапейскі дом, крышталёвы сасуд, зялёныя чалавечкі, аксамітная рэвалюцыя).
-
Эўфемізмы (чалавек без пэўнага месца жыхарства замест бяздомны, клінінг-менеджар замест уборшчыца, менеджар па лагістыцы замест грузчык)ю
-
Штампы і клішэ, у якія пры частым паўтарэнні ператвараюцца вобразныя выразы, закліканыя павысіць пафаснасць тэксту (доблесная праца, невычарпальная крыніца натхнення, бессмяротны подзвіг, малая радзіма). Многія са штампаў савецкага часу мы і дасюль памятаем і лёгка пазнаём: светлая будучыня, пакарэнне космасу, рашэнні партыі, акулы імперыялізму, гонка ўзбраенняў, гнойныя язвы капіталізму.
-
Інтэрнацыянальная лексіка (урбаністыка, кангламерат, абструкцыя, дыскрымінацыя).
-
Царкоўнаславянізмы, якія трапляюць перадусім у мову афіцыйнай прэсы пад уплывам рускай, дзе яны з’яўляюцца кампанентам так званага высокага стылю (вяшчаць, вузы (братэрства), ісціна, прах, скрыжалі, уладыка, цвярдыня).
На словаўтваральным і марфалагічным узроўнях:
-
Вялікая колькасць складаных і складанаскарочаных словаў (самаідэнтыфікацыя, першавобраз, светаўспрыманне, дзяржзаказ).
-
Словы з інтэрнацыянальнымі часткамі / прыстаўкамі (экаежа, квазінавуковы, архіважны, псеўдагістарычны, паназіяцкі).
-
Аддзеяслоўныя назоўнікі (выкарыстанне, паглыбленне, пашырэнне, узаемадзеянне, атрыманне).
-
Словы з суфіксамі –аж (метраж, сабатаж, ажыятаж), -цыj (прафанацыя, рацыя, ізаляцыя), -ізм (гераізм, паразітызм, глабалізм, сексізм).
-
Дзеясловы загаднага ладу (спрабуйма, рабі/ рабіце, чытайце/ чытайма).
На сінтаксічным узроўні:
-
Апісальныя канструкцыі, у якіх значэнне дзеяслова-выказніка перадаецца праз апісальнае словазлучэнне “дзеяслоў + назоўнік” (рабіць акцэнт замест акцэнтаваць, аказваць уплыў замест уплываць, ажыццяўляць кантроль замест кантраляваць, прымаць удзел замест удзельнічаць).
-
Рытарычныя пытанні (Хто не любіць Радзіму?! Хто не ганарыцца сваімі продкамі?!).
-
Намінатыўныя сказы (Час Х. Маргіналы. Людзі навукі.).
У публіцыстычных тэкстах часта выкарыстоўваюцца як лацінскія прыказкі, прымаўкі і афарызмы, так і іх калькі або народныя адпаведнікі:
Novus rex, nova lex. – Новы цар – новы закон; Новы поп, новае і маўленне; Новая мятла чыста мяце.
Homo homini lupus est. – Чалавек чалавеку воўк. Быка бойся спераду, а чалавека з усіх бакоў.
Aut Caesar, aut nihil. – Альбо Цэзар, альбо нішто. Альбо повен двор, альбо корань вон. Альбо грай, альбо грошы аддай.
Manus manum lavat. – Рука руку мые. Рука руку мые, нага нагу падпірае. Хвалі мяне сёння, а я цябе заўтра.
Festina lente. – Спяшайся павольна. Цішэй едзеш – далей будзеш. Ціхім крокам далей зойдзеш. Ідзі ціха, абмінеш ліха.
Адной з цікавых асабівасцяў публіцыстычнай мовы пачатку ХХІ ст. з’яўляецца ўплыў постмадэрнізму, пашыранага ў сучаснай мастацкай літаратуры. Гэты ўплыў можа праяўляцца праз так званы інтэртэкст, які праз частковае абыгрыванне вядомых цытат, крылатых выразаў, прымавак далучае чытача да нейкіх культурных набыткаў мінулага і сучаснасці, уносячы кампанент гульні і іроніі. “Добрушскі сіндром” адсылае нас да стакгольмскага сіндрому; 50 адценняў шэрага пра колер менскага снегу, праграма “50 адценняў. Бялова” на НТВ і нават назва артыкула “93 адценні прафанацыі” ў “Белгазеце” – гэта алюзія да скандальна вядомага эратычнага рамана Э.Л. Джэймс, а таксама фільма “50 адценняў шэрага”. Можна прывесці такія загалоўкі артыкулаў: “Любіш вучыцца – любі і грошы плаціць”, “Глядзець ці не глядзець?”, “Піць або не піць?”. Постмадэрнісцкі кампанент разам з вялікай колькасцю інтэрнацыянальнай лексікі прыводзіць да значнай інтэлектуалізацыі сучаснага публіцыстычнага стылю.
Заданне:
Да якіх выслоўяў, цытат, афарызмаў, прыказак і прымавак адсылаюць чытача гэтыя газетныя загалоўкі?
“Нобель раздору” – яблык раздору (ст.-грэчаскі фразеалагізм).
“Нобель наш!” – Вільня наша!
“НЗ турэмнага маштабу” – НЗ раённага маштабу.
“Палзком за двума зайцамі”, “Пагоня за трыма зайцамі“– За двума зайцамі пагонішся – ніводнага не спаймаеш (прымаўка).
“Калі заўтра кірдык” – радок з песні “Если завтра война, если завтра в поход”.
“Купляй сваё, плаці сваім”, “Грамадзяне бандыты, прадавайце беларускае!” – рэкламны лозунг “Купляйце беларускае!”
“Жалезам па навуцы” – назва прапагандысцкага фільма “Плошча. Железом по стеклу”.
“Ён сказаў “Праехалі!” – цытата з Гагарына “Поехалі!”
“Маечка Пандоры” – скрынка Пандоры (ст.-грэчаскі фразеалагізм).
“Марудней! Ніжэй! Слабей!” - алімпійскі дэвіз “Citius, Altius, Fortius!”, што даслоўна азначае “Хутчэй, вышэй, мацней!”
“Не страляйце ў бармена” – Не страляйце ў піяніста – ён іграе як умее (“Please do not shoot the pianist. He is doing his best“- фраза, нібыта падгледжаная Оскарам Уайльдам у амерыканским салуне).
“Братэрства пустой каністры” - “Братэрства пярсцёнка” (“The Fellowship of the Ring”) – першая кніга трылогіі “Уладар пярсцёнкаў” Дж. Толкіна.
“Наш чалавек у Вільні” – раман Грэма Грына “Наш чалавек у Гаване” (“Our Man in Havana”).
“У сям’і з адным вырадкам” – У сям’і не без вырадка (прымаўка).
“Рыхтуй школьную форму летам” – Рыхтуй сані летам, а калёсы – зімой (прымаўка).
“Карова качцы не таварыш”, “Флікер флікеру не таварыш” – Гусь свінні не таварыш (прымаўка).
“Час плаціць падаткі”, “Час скарачаць падаткі” – “Час раскідваць камяні, і час збіраць камяні” (з Еклезіяста). |