Пясняр зямлі пад белымі крыламі 75 год з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча




Дата канвертавання05.01.2017
Памер82.03 Kb.
ПЯСНЯР ЗЯМЛІ ПАД БЕЛЫМІ КРЫЛАМІ

75 год з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча

Уладзімір Караткевіч... Пісьменнік, драматург, паэт, публіцыст, казачнік, які многа зрабіў для вяртання беларускаму народу гістарычнай памяці. Ён імкнуўся ўсёй палітрай слоўных фарбаў стварыць цэласны вобраз беларускага чалавека, паказаць яго адметнасць. Кузьма Чорны пісаў, што перад беларускімі пісьменнікамі стаіць важная задача: гаварыць "усяму свету аб вялікасці і благароднасці беларускага народа, аб яго справядлівай, чулай душы, аб яго высокай вартасці ў чалавецтве".

Даследаванне нацыянальнага характару беларуса стала філасофскай сутнасцю творчасці Уладзіміра Караткевіча, пісьменніка унікальнага ў беларускай літаратуры, які, па словах Алеся Адамовіча, зрабіў "прарыў у гісторыю свайго народа" не толькі для таго, каб абудзіць нашы нацыянальныя пачуцці, але і зразумець дух народа, яго характар і данесці свае думкі да чытачоў.

Вельмі хочацца, каб непаўторны свет творчасці Уладзіміра Караткевіча стаў блізкі нашым дзецям, каб яны прачыталі шчырае слова аб Радзіме — кнігу "Зямля пад белымі крыламі". Да чытачоў пісьменнік звяртаецца даверліва, размаўляе з імі паважліва і добразычліва: "Здарылася так, што я пачаў па-сапраўднаму пазнаваць Беларусь толькі ў вашым узросце. Яна была "да вайны", і за час вайны моцна забылася... Любоў да Беларусі нараджалася ў самыя галодныя, халодныя і цяжкія часы. I, магчыма, таму стала асабліва моцная... Уся розніца паміж мною і вамі ў тым, што я на нейкія трыццаць год старэйшы за вас і таму крыху болей бачыў Дажывяце да майго — можа, будзеце куды больш бывалыя. А пакуль што я хачу трошкі памагчы вам у вашых першых кроках, даць вам ключ ад нашага дома, каб далей вы ўжо асвойваліся ў ім самі".

Было б хораша, каб кніга "Зямля пад белымі кры-ламі" стала настольнай кнігай настаўніка, які імкнецца выхаваць у сваіх вучняў нацыянальную свядомасць.

У станаўленні асобы чалавека існуе няпісаны маральны закон: гэтак жа, як натуральна для чалавека дыхаць, спаць і есці, павінна быць натуральным і тое, каб дзіця пачынала гаварыць на мове роднай зямлі, усведамляла сябе прадстаўніком сваёй нацыі.

Як сапраўдны патрыёт беларускай зямлі, Уладзімір Караткевіч не толькі праз падзеі мінулых дзён імкнуўся зразумець душу свайго народа, ён абышоў і аб'ездзіў усю Беларусь. "Няшмат засталося нават глухіх куткоў, дзе я не пабываў бы. Таму я насмельваюся сказаць, што ведаю сваю краіну і яе людзей. I менавіта таму, дарагія дзяўчаты і хлопцы, я стану гаварыць з вамі толькі аб тым, што сам бачыў і чуў. Гэта будзе кніга, напісаная сведкам, які многае (што датычыць сучаснасці) бачыў на ўласныя вочы. I я дужа хацеў бы, каб вы мне верылі, нават калі я стану вам расказваць самыя незвычайныя рэчы. Таму што жыццё багацейшае, чым мы яго ўяўляем. Жыццё часам бывае настолькі падобнае на казку, што нельга не ўскрыкнуць: "Ды не можа гэтага быць!".

Вы можаце спытаць, нашто гэта вам, калі вы самі жывяце тут і шмат чаго бачыце "на свае вочы". Ну, па-першае, Беларусь вельмі розная. Розняцца людзі, будоўлі, пейзажы. Калі вы жывяце на вёсцы недзе пад Столінам, вы можаце не ведаць, як жывуць вашы браты і равеснікі недзе на Віцебшчыне. Па-другое, калі вы — дзіця вялікага горада, вы можаце ўвогуле не мець уяўлення пра першабытныя лясы недзе над Бярозай-ракой. Па-трэцяе, не тая ўжо і веска. Людзі носяць не тыя ўборы, глядзяць замест батлейкі тэлевізары. I мне хочацца расказачь вам аб тым, што знікае і чаму я быў сведкам, каб добра ведалі свае месца ў гэтым жыцці і вы.

Мне патрэбна будзе расказачь і пра гісторыю. I тут вы, вядома, можаче злавіць мяне на слове, сказаўшы, што не мог я, скажам, бьць сведкам барацьбы майго народа з крыжакамі. Ваша праўда. Але я ў гэтых выпадках, ведайце, браў кнігі людзей найбольш вартых даверу, кнігі таксама сведкаў, кнігі сумленныя і цікава напісаныя.

То пойдзем у наша падарожжа.

У дарогу, сябры!"

Уладзімір Караткевіч вядзе сваіх юных чытачоў па зямлі, якая для яго даражэйшая за ўсё, самы ўтульны і чароўны кут. Якая яна, яго зямля? Гэта залатыя палі збажыны з сінімі вочкамі васількоў, светлыя ад бяроз гаі, што аглухлі ад птушынага звону, і пушчы, дзе горда нясуць свае кроны алені. Гэта бясконцыя жылы рэк, у якіх плешчуцца бабры і рыба на захадзе сонца, і гэта амаль адзінаццаць тысяч азёр, чыстых, як усмешка дзіцяці.

Аўтарская задума выправіцца з чытачамі ў падарожжа па роднай старонцы выдатна рэалізавана ў "Зямлі пад белымі крыламі". Кніга ўтрымлівае цудоўны матэрыял для работы з малодшымі школьнікамі. Напісана яна жыва і займальна. Кожная думка аўтара падарожжа па краіне беларусаў сагрэта гуманістычным пачуццём, чулай душой адданага сына Зямлі пад белымі крыламі, удумлівага даследчыка і мысліцеля. Дзеці адначасова атрымліваюць урок гісторыі і ўрок грамадзянскасці, вучацца ашчадна ставіцца да прыродных багаццяў краіны.

Неабходна звярнуць увагу вучняў на тое, што "Зямля пад белымі крыламі" — своеасаблівая мастацкая энцыклапедыя Беларусі, у якой пісьменнік аналізуе гісторыю і сучаснасць, этнаграфію і фальклор, літаратуру і мову, раслінны і жывёльны свет, расказвае пра традыцыі вёскі, апісвае хатняе убранства (лава, стол, абразы, ручнікі), вясковую ежу (хлеб пшанічны і хлеб чорны, праснакі, боршч, мачанка з грыбамі, мяса, рыба, ракі). Дапаўненне матэрыялу старажытнымі легендамі і паданнямі, казкамі і песнямі ў спалучэнні з мяккім гумарам робіць кнігу захапляючай і эмацыянальна яркай.

"Зямля пад белымі крыламі" — гэта яшчэ і своеасаблівы ключ, які дазваляе адкрыць таямніцы Бацькаўшчыны, зазірнуць у мінулае Беларусі, каб лепш зразумець яе сённяшні дзень, Уладзімір Караткевіч паўстае вялікім эрудытам і патрыётам. Многія звесткі пра Беларусь пададзены з вычарпальнай навуковай аб'ектыўнасцю. У кнізе "стрымана выказаны высакародны запавет пакаленням, якія толькі ўваходзяць у жьццё... Запавет любові і надзеі"(Васіль Быкаў).

Пачачь гаворку з вучнямі пра "Зямлю пад белымi крыламі" можна, працытаваўшы радкі:

"Над усёй нашай краінай, наставіўшы белыя ветразі крылаў, планіруюць буслы... Да пэўнай ступені бусел — сімвал Беларусі. Ёсць, вядома, дацкія буслы, апетыя Андэрсенам, ёсць буслы і ў іншых заходніх краінах. Ёсць яны і на поўдні. Але на ўсход ад Беларусі, калі не лічыць Сярэднюю Азію, яны ўжо амаль не водзяцца. Так што нават цікава, а хто там прыносіць у дом дзяцей.

Вось так і планіруюць, планіруюць буслы. Ветразі іхнія раскрылены над дрэвамі, пушысты хвост, як веерам, накрыў выцягнутыя ногі. А мне пад іхні палёт асабліва добра думаецца пра Беларусь, нашу з вамі Радзіму".

Настаўнік можа сказачь, што пра бусла ў нас яшчэ кажуць: бацян, гайстар, чарнагуз, гарус, буська, лялька. Hi ў якой іншай птушкі няма столькі назваў. А гэта значьць, што бусел — найдаражэйшая для беларусаў птушка. Таму хоць назва "Зямля пад белымі крыламі" і ўмоўная, але вельмі яскравая і пяшчотная.

Добра, што наша Беларусь атрымала такую прывабную назву. Ёсць у свеце Краіна узыходзячага сонча — Японія, Імглісты Альбіён — Англія, Краіна кляновага ліста — Канада, Краіна цюльпанаў — Галандыя. Назвы гэтыя мы не сустрэнем на карце, але яны гавораць пра любоў людзей да свайго краю.

Наша краіна носіць назву Беларусь, Белая Русь. Магчыма, таму, што беларусы былі беласкурымі і светлавалосымі. У кнізе "Зямля пад белымі крыламі" можна прачытаць такое тлумачэнне аўтара: "Па-першае, чаму "Беларусь"? Ёсць некалькі варыянтаў паходжання гэтай назвы. Прывяду два з іх.

Першы: белыя адзенні даўніх вясковых людзей, белыя іхнія валасы, белы колер скуры.

Другі. А ён аніяк не супярэчыць з першым. Калі на нашы старажытныя славянскія землі прыйшлі татара-манголы — здолелі адбіцца ад іх амаль адны толькі мы. Паў Уладзімір, Разань, Кіеў. Да Ноўгарада захопнікі не дайшлі толькі таму, што пачаліся дажджы.

Мы — адбіліся. I менавіта таму мы "белая", "чыстая ад нашэсця татараў" Русь. А гэта да шмат чаго абавязвае. I вы заўсёды памятайце гэта".

Жыхары Зямлі пад белымі крыламі вельмі шануюць белы колер — колер дабра і чысціні. У пакоях беларусаў было шмат белага: белыя сцены, столь, фіранкі на вокнах, белы абрус на стале. I апранацца яны здаўна любілі ў выбеленыя льняныя кашулі з чырвоным арнаментам. Нездарма ёсць легенда, што белакуры бусел у чырвоных ботах, які крочыць па нашых палетках, — гэта зачараваны беларус. Пра яго складзены загадкі і вершы:

Праз горы, даліны,

Праз тысячы сёл

3 далёкай краіны

Вярнуўся пасол.

Спаважны, чыноўны,

Ён стаў на страсе,

У ботах чырвоных,

Каб бачылі ўсе.

Н. Гілевіч.

Над Белай Русею — белы бусел

Калі


Над Белай Русею белы бусел

Крыляе ў чыстай сіняве нябёс

Наканаваны, значыць,

Белай Русі

Наступны светлы дзень

I шчасны лёс.



В. Лукша.

Няхай нашы дзеці будуць ведаць, як коласаўскае "Мой родны кут...", паэтычнае і метафарычнае вызначэнне Беларусі як Зямлі пад белымі крыламі.

А колькі скарбаў маюць іншыя творы Уладзіміра Караткевіча, прыдатныя для актыўнага знаёмства з імі малодшых школьнікаў, для таго, каб урыўкі з іх прагучалі са сцэны ў выкананні вучняў.

Блізкая да легенды казка "Лебядзіны скіт" вяртае чытачоў у тыя часіны, калі чорным вараннём "рознаплямённыя орды ўладара Батыя пайшлі навалай на рускую зямлю... Наперадзе яны сустракалі зялёныя палі, хаты ў садах і стракатыя гарады, а ззаду пакідалі толькі чорную пустэчу па якой, як жадаў хадзіў вецер, узнімаючы сталбы попелу. I болей нічога не заставалася на калісьці зялёнай зямлі". Захопнікі ўсё вынішчылі датла. Толькі цудам захаваўся "на беразе возера скіт, змётаны з шэрых бярвенняў ля якога завіхаўся нейкі старац". Стары быў згодны загінуць, калі хан Батый пакіне ў жывых столькі людзей, узятых у палон, колькі ўвойдзе ў скіт (скіт — невялікая пабудова ў глухой мясцовасці для манахаў-пустэльнікаў аддаленая ад чалавечага паселішча). I тут адбыўся цуд: людзі ішлі, а скіт не напаўняўся, яны ператвараліся ў белых лебёдзяў і ўзнімаліся ў паветра. У гэтай казцы Уладзімір Караткевіч даў тлумачэнне паходжання назвы Белая Русь: "калі захопнікі пакідалі няскораную зямлю, прызыўна трубілі лебедзі, кружлялі, падалі на ваду, і ў крыках іх гучала радасць... Кажуць, з таго часу Белая Русь і празываецца "белай". Ад лебядзінага апярэння стала белай вопратка ў яе людзей... А кажуць і другое: быццам таму яна "белая", што пад татарамі не пабыла".

3 любоўю да Беларусі напісаны казкі, у аснову якіх пакладзены легенды: "Кацёл з каменьчыкамі", "Чортаў скарб", "Верабей, сава і птушыны суд", "Рыбін цар", "Вужыная каралева". Іх вызначае тон даверлівай размовы з дзецьмі.

Казка "Кацёл з каменьчыкамі" пачынаецца так: "Давай з табой сядзем і пагаворым. Ты што, спаць збіраешся ці хворы? Тады заставайся ў цёплым ложку. А калі ты здаровы і ты здаровая, то давайце сядзем на пашчапаныя бырвенні, ля прызбы, на лаўкі, а каму зручна — той і проста на падлозе. I ўявім мы, што памчалі мы на нашым дыване-самалёце ў вясёлкавы наш з табой край, у сівую нашу з табой даўніну...

Дык вось было гэта даўно, вельмі даўно, так даўно, што ў нашай з табой краіне не было бульбы".

Але галоўнае для Уладзіміра Караткевіча не толькі расказаць дзецям, адкуль у Беларусі з'явілася бульба. Найперш пісьменніка непакоіць той "самы страшны, самы подлы грэх, імя якому — Несправядлівасць".

Не абмяжоўваючыся зваротам да легенды пра паходжанне бульбы, ён паглыбіў выхаваўчую ідэю, жорстка асуджаючы несправядлівасць. У казцы "Нямоглы бацька" Караткевіч раіць дзецям: "Шануйце дабрыню, хай і слабую. Шануйце мудрасць, хай сабе нямоглую".

Чароўны кут, стары казачны край — гэта наша Беларусь. У зачыне казкі "Чортаў скарб" гаворыцца: "У нейкім прыгожым краі, трошкі бліжэй Сонца і трошкі далей ад Месяца, у краі, багатым залатымі нівамі, празрыстымі рэкамі, сінімі азёрамі ды цёмнымі пушчамі... Словам, у тым краі, дзе мы з табою жывём, стаяла, а можа, і цяпер стаіць, адна хата". Гэты казачны зачын далёкі ад традыцыйнага, але ён сведчыць пра еднасць апавядальніка і дзяцей, пра вялікую любоў пісьменніка да Беларусі.

Васіль Быкаў зазначыў: "Нямала стварыў Уладзімір Караткевіч за чвэрць стагоддзя літаратурнай працы... Лепшыя з яго твораў безумоўна, надоўга застануцца ў скарбонцы роднай літаратуры, бо на ягоныя тэмы можна, напэўна, напісаць горш, а магчыма, і лепш, але напісаць так, як гэта зрабіў ён, не зможа ніхто. Мастакі з такім выразна адметным талентам, з такім своеасаблівым бачаннем свету нараджаюцца не часта".

В. Б. НЕСЦЯР0ВІЧ,



кандыдат філалагічных навук.

г. Мінск.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка