Рашэтнікава Ніна



Дата канвертавання12.08.2018
Памер99.72 Kb.
#21158
Рашэтнікава Ніна НЕКАТОРЫЯ АСПЕКТЫ ТЫПАЛОГІІ ЧЭШСКАЙ І БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУР: ПАЭТЫКА

СЮЖЭТАЎ


Глыбокае асэнсаванне гісторыі айчыннай літаратуры і працэсаў, што адбываюцца сёння ў прыгожым пісьменстве, магчыма пры звароце да тыпалагічнага шэрагу падобных з'яў, якія і з'яўляюцца феноменам сусветнай літаратуры. Агульнавядома, што рэальна існуе (сінхроніка і дыяхроніка) тыпалагічнае падабенства шматлікіх працэсаў, што знаходзяцца на магістралі сусветнага літаратурнага развіцця. Бясконцае мноства працэсаў укладаецца ў два «рады», адзін з якіх вызначаецца падабенствам сістэмы мастацкага мыслення [1, с. 158] і абумоўлівае цэнтральныя праблемы мастацкага слова. [1, с. 158] У межах гэтага рада паэтыка сюжэтаў, якія з'яўляюцца макракампанентамі мастацкага твора і вызначаюць яго ідэйна-мастацкі змест. «Сюжэты — гэта складаныя схемы, у вобразнасці якіх абагульніліся вядомыя акты чалавечага жыцця і псіхікі ў чаргуючыхся формах побытавай рэчаіснасці.» [2, с. 302]

З абагульненнем непасрэдна звязана і ацэнка рэчаіснасці, станоўчая або адмоўная. На эвалюцыю сюжэтаў уплывалі змены побыту, новыя абставіны жыцця, адсюль і тыпалогія. Падобнае нараджала падобнае. «Але калі адна з ... народна-культурных сфер апярэдзіла іншую ў разуменні жыцця і пастаноўцы ідэалаў і ... выпрацавала новы схематызм паэтычнага выражэння, то ... разам з ідэалагічным зместам засвойвалася і сюжэтнасць, якая яго выразіла.» [2, с. 304]

Лічым неабходным даць вызначэнне матывам і сюжэтам. А.М. Весялоўскі адзначаў: «Пад матывам я разумею самую простую апавядальную адзінку, якая вобразна адказала на самыя розныя патрэбы першабытнага розуму або побытавага назірання... Пад сюжэтам я разумею тэму, у якой змешчаны розныя становішчы-матывы; прыклады:

    1. казкі пра сонца (і яго маці; грэчаская і малайская легенда пра сонца-людаеда);

    2. казкі пра знікненне.

Чым складаней кампазіцыя матываў (як песні — камбінацыя стылістычных матываў), чым яны нелагічней і чым састаўных матываў больш, тым складаней вызначыць пры падабенстве, напрыклад, двух падобных рознаплемянных казак, што яны ўзніклі шляхам псіхалагічнага самазараджэння на глебе аднолькавых уяўленняў і побытавых казак.» [2, с. 305] Менавіта гэтым тлумачыцца жанравае і тэматычнае падабенства твораў.

Шырока вядомыя ў кампаратывістыцы літаратурныя мадэлі, для якіх характэрны тыпалагічны паўтор. Напрыклад, архітыповы сюжэт «спрадвечнага» вяртання, які знайшоў сваё адлюстраванне яшчэ ў старажытнасці ў прыпавесці пра блуднага сына, якая мае мноства варыянтаў у сусветнай літаратуры. У чэшскай літаратуры ХІХ стагоддзя падобны сюжэт з'явіўся асноўным у выдатнай п'есе «Страконіцкі дудар» (1847) Ёзэфа Каетана Тыла, пачынальніка нацыянальнай драматургіі і заснавальніка айчыннага тэатра. Творчасць чэшскага пісьменніка ўвабрала ў сябе рысы эпохі рамантызму і асноўныя складнікі эпохі літаратуры нацыянальнага адраджэння, што па часе вызначаецца канцом ХУІІІ стагоддзя — першай паловай ХІХ стагоддзя. Ідэя твора, на думку Яраслава Махыткі, заключаецца ў тым, што ў «Страконіцкім дудары» ўслаўляецца чэшскі народ, яго непераможнасць, патрыятызм і самаахвярнасць. [3, с. 80] У аснове сюжэта п'есы — дарога ў вялікі і заможны свет, пра які апавядае ў пачатку твора Шаўлічка, служывы на адпачынку, як пра месца, дзе можна зарабіць грошы. А грошы, на яго думку, могуць усё: «Ну, безумоўна, каханне — гэта галдодны страўнік, але, бачыш, мілы дудар, калі б ты нешта ўмеў, то пайшоў бы ў свет і зарабляў грошы — пазней не меў бы з каханнем ніякіх праблем, бо ўсё б зрабілі грошы. Чаму пра гэта не падумаць! Наш брат гэта ведае, бо ўвесь час на вайне!» [3, с. 9] Менавіта з размовы ля шынка і пачынаецца шлях Шванды, дудара са Страконіц, у незнаёмы край, дзе ён імкнецца зарабіць тысячы на вяселле з каханай Дароткай. Герой не знаходзіцца на раздарожжы і адносна лёгка робіць выбар, бо ў дарогу яго падганяе не толькі каханне, але і адсутнасць пачуцця адказнасці за тых, каго ён пакідае на радзіме. «Я як малады варабей, што ў гняздзе доўга курчыўся, пакуль адтуль не вылецеў, а потым — Гэй-ху-ху, мне належыць цэлы свет, усюды клубы, усюды харч, усюды дрыжыкі...» [3, с. 23]

Ніхто не можа спыніць героя — ні каханая дзяўчына, ні верны сябар Калафуна. У небяспечную дарогу Шванда накіроўваецца адзін, але следам за ім ідуць яго маці Росава, Калафуна і Даротка. Асноўныя падзеі, што адбываюцца з героем на чужыне, разгортваюцца ў другой дзеі п'есы, і кожная сустрэча мае для Шванды лёсавызначальнае значэнне.

Першая сустрэча з Панталевонам Воцылкам мае выелючнае значэнне для Шванды таму, што Водылка — касмапаліт і чалавек, для якога абсалютна не зразумела, што такое адказнасць, гонар і годнасць. Ва ўсім ён хоча бачыць толькі карысць для сябе, менавіта беспрынцыпоўнасць і сквапнасць ператвараюць яго ў патэнцыяльнага забойцу. Шванда, у адрозненні ад Водылкі, знаходзіцца паміж дабром і злом. Выбар яму дапамагаюць зрабіць маці Росава, якая ў творы сімвалізуе родную прыроду, і Даротка, яго каханая і будучыня.

Героі пазбягаюць трагічнай развязкі на чужыне таму, што іх ратуюць сілы дабра. Аўтар п'есы свядома звяртаецца да жанру казкі, каб падкрэсліць як магчымую глыбіню маральнага падзення героя, пазбаўленага пачуцця патрыятызму, так і чароўную сілу родных каранёў, роднай прыроды і айчыннага мастацтва, якія робяць цуд і такім чынам ратуюць жыццё Шванды. Як бачым, сюжэт у творы непасрэдна звязаны з характарам галоўнага героя, праз пачуцці і паводзіны якога раскрываецца ідэя п'есы. Маральная метамарфоза героя матывавана яго моцнымі повязямі з айчынай, якая для Шванды ўвасоблена ў народным мастацтве, каханай, сям'і, людзях, родных і блізкіх. У трэцяй дзеі Шванда амаль шчаслівы, бо знаходзіцца сярод тых, хто яго ведае і разумее.

Шванда: «...Я пакінуў свету свет, а вандраваць буду дома. Каму я буду патрэбны, той сам мяне знойдзе, тут з дудамі не параўнаецца ніякая музыка» [2, с. 60]

Але для таго, каб цалкам адмовіцца ад ілюзіі і былога ўяўлення пра жыццёвы поспех, герою прыходзіцца прайсці праз выпрабаванне смерцю. Сюжэт твора зноў набывае казачныя рысы, на сцэне дзейнічаюць міфалагічныя персанажы. Калі ў першай і другой дзеі рэальныя і міфалагічныя персанажы жывуць у розных светах, то ў трэцяй яны сустракаюцца твар у твар.

Цэнтральныя падзеі трэцяй дзеі адбываюцца на паляне ля лесу, дзе лясныя німфы правяць свой баль. Дабро і зло змагаюцца тут за душу і жыццё Шванды. Упершыню ў п'есе на сцэне з'яўляецца селянін Томаш, які выгадаваў Шванду і навучыў яго граць на дудах. Томаш і Даротка, якая вымушана зрабіць выбар паміж гонарам і каханнем, ідуць на дапамогу хлопцу, які не разумее таго, што адбываецца навокал.

Шванда на паляне грае на дудах, седзячы на высокім крэсле, а вакол яго ўтвараюць кола духі, што выходзяць з зямлі. У поўнай цемры падыходзіць час развітання героя з жыццём, але Даротка перарывае кола, хапае Шванду за руку і цягне яго наперад. Духі рассыпаюцца і вакол закаханых утвараецца імгла. Шванда нарэшце разумее, што выратаваны і што побач каханая дзяўчына. У апошняй сцэне побач з героем яго маці Росава, што сімвалізуе ў творы родную прыроду, і Даротка, якая з'яўляецца сімвалам надзеі на будучае шчаслівае жыццё.

Сюжэт п'есы «Страконіцкі дудар» Ёзэфа Каетана Тыла тыпалагічна падобны да сюжэта п'есы «Ідылія» Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Галоўны герой п'есы Кароль Лятальскі, як і Шванда, адрываецца ад родных каранёў. Вымушаны вярнуцца дадому ён выказвае сваю незадаволеннасць Яну Чубачу:

Кароль. Вось мы і ў канцы нашай падарожы. Сапраўды, калі ўспомню, што гэта тое месца, дзе трэба будзе пражыць канец свайго жыцця, то аж сэрца сціскаецца. О, чаму гэты край наш дагэтуль яшчэ не можа набраць тае цывілізацыі, якой вызначаецца Францыя? Тут усё так панура! Так глуха! [4, с. 100] На што чуе адказ слугі:

Ян. А карчмы, карчмы, мне дабрадзею, то чыстыя хлявы! Ніякай выгоды! У Францыі кожная аўстэрыя, як палац! І кожны чалавек як у раі! Віна па вушы! А тут, даруй, Божа, найменшай выгоды! Не шукаючы далёка, глянь толькі, пане, на нашую карчму. [4, с. 104]

Сустрэча з Юліяй-Югасяй карэнным чынам змяніла ранейшыя погляды і планы Кароля Лятальскага. Ён не толькі застаецца на радзіме, але і гатовы стаць бацькам сваім сялянам:

Кароль. Значыцца, цяпер, пакінуўшы думкі пра заграніцу, пачнём жыццё ў вясковым зацішшы і шчыра выпаўнім свае абавязкі: я — добрага пана, а ты — шчырага і вернага слугі. (Да Дамбровіча і Юліі) Ах, дзякуй вам, мой паважаны апякун, і ты, дарагая мая жонка! З вашай дапамогай я пераканаўся, што нашыя сяляне маюць добрыя сэрцы; што мы іх не ведаем; што ані жыць з імі, ані іх ужыць не ўмеем. Цяпер больш ніколі іхняга лёсу не паверу на глупыя рукі, але і свой уласны з імі злучу. Хачу іх любіць і каб яны мяне любілі, а мне з імі і ім са мной, за блаславенствам Найвышэйшым, шчасліва і добра, спадзяюся, паводзіцца будзе. [4, с. 145-146]

Жанр п'есы Дуніна-Марцінкевіча вызначаецца аўтарам як ідылія, пастараль. Тым самым пісьменнік падкрэслівае казачную ўмоўнасць сюжэту, які дапамагае раскрыць асноўную думку. Каханне да прыгожай вясковай дзяўчыны, якая да таго ж вызначаецца розумам і дасціпнасцю, пераапрананне паненкі Юліі ў Югасю, якія матываваны тым, што дваранка не мае права знаёміцца з кімсьці па-за княжскім маёнткам, і іншыя сюжэтныя хады даюць магчымасць паказаць працэс «перавыхавання» галоўнага героя, бо ідэя твора якраз і заключаецца ва ўслаўленні роднай зямлі, народа, што жыве на ёй, духоўна багатага і працавітага. Паміж панам, які можа стаць сапраўдным гаспадаром, і селянінам, што спадзяюцца на добрага гаспадара, стаіць Камісар, асоба варожая як пану, так і сялянам. Выкрыццё Камісара і пазбаўленне сялян ад яго прыгнёту — гэта тое, чаго прагне народ.

Сюжэт, у аснове якога падарожжа і вяртанне да сваіх каранёў, пераасэнсаваны Янкам Купалам у драматычных творах «Паўлінка» (1913), «Раскіданае гняздо» (1912), «Тутэйшыя» (1923). Яднае ўсе вышэй названыя творы тэма радзімы і патрыятычны пафас, але раскрываецца тэма ў кожнай п'есе па-рознаму. У цэнтры сатырычнай камедыі «Паўлінка» вобраз шляхціца Адольфа Быкоўскага, роля якога ў п'есе — падкрэсліць касмапалітычную пазіцыю шляхты, пазбайленая былых рэгалій. У Адольфа Быкоўскага засталася толькі фанабэрыя і разуменне, што ён «вышэй» за селяніна. У доме Крыніцкіх Быкоўскі з'яўляецца па запрашэнні гаспадара, бо таму вельмі хочацца, каб зяць быў «шляхецкага заводу». Развіццё падзей у сатырычнай камедыі «Паўлінка» дае магчымасць аўтару пераканальна паказаць, што нават у Адольфа Быкоўскага касмапалітызм «уяўны», бо герой з задавальненнем танцуе «Лявоніху» і спявае народную песню. Тэма нацыянальнай культуры, якой прасякнута жыццё народа, атрымала развіццё ў п'есе «Тутэйшыя». Калі ў «Паўлінцы» Адольф Быыкоўскі, адмаўляючыся ад родных каранёў, такім чынам імкнецца сцвердзіць сябе ў грамадстве, то для Мікіты Зноска — гэта ў дадатак і выжыванне ў тым асяроддзі, дзе няма жыцця, а толькі дзейнічаюць марыянеткі,такія як Дама, Поп, Страўнік.

Герой п'есы «Страконіцкі дудар» шукае ў чужым свеце грошы і прызнанне свайго таленту, але не знаходзіць ні таго, ні другога. Героі твора Янкі Купалы імкнуцца на роднай зямлі знайсці Айчыну і сваё месца. Гэта Янка Здольнік, Лявон Гарошка і Аленка. Іншыя, такія як Мікіта Зносак, Усходні і Заходні вучоныя, прыстасаваліся да таго, да чаго нельга прыстасоўвацца, і паступова трапляюць у вір падзей, якія прыводзяць да трагічнай развязкі.

Ёзэф Каетан Тыл пераканаўча паказаў у творы, што чалавек можа быць па-сапраўднамі шчаслівы толькі на роднай зямлі, сярод блізкіх і родных людзей. Усе спробы знайсці сябе на чужыне ўяўныя і з'яўляюцца трагедыяй для асобы.

Янка Купала апавядае пра іншае падарожжа сваіх герояў: не свет чужыны з'яўляецца выпрабаваннем, а маральная пазіцыя, калі кожны павінен сумленна зрабіць выбар і адказаць на пытанне, кім ён з'яўляецца на самой справе. Перад чытачом раскрываюць сваё светаразуменне розныя персанажы п'есы «Тутэйшыя», а развіццё падзей у творы — гэта аўтарскі погляд на чалавека і свет. Сюжэт пабудаваны такім чынам, каб у адной сцэне героі выказаліся і вызначылі свае пазіцыі. У доме Зноскаў сустракаюцца амаль усе персанажы п'есы, бо гаспадару важна паказаць сваю псеўдазначымасць і такім чынам зрабіць кар'еру. Яго кватэрант Янка Здольнік прымае аднадумцаў з вёскі. Паразумення паміж героямі не адбылося, бо госці Мікіты Зноска штучныя, іх пазіцыя — прыстасавальніцтва, госці Янкі Здольніка жывыя і рэальныя, іх хвалюе лёс Радзімы.

Погляды Янкі Здольніка выражаны ў наступных словах: «Мы як бы пачынаем ужо адплюшчваць вочы і паўставаць проці тэй паганай маны, што мы не ёсць мы. Але яшчэ хістаемся, то ўправа, то ўлева. Яшчэ ясна азначанай мэты не можам сабе ўявіць. А мэта ў нас адна: калісь амерыканцы, змагаючыся з Англіяй за сваю незалежнасць, напісалі на сваім сцягу несмяротныя словы: «Амерыка для амерыканцаў». І гэта памагло: сягоння Амерыка вольная. Павінны пайсці і мы па яе слядах і напісаць агністымі рунамі на сваім сцягу: «Беларусь...» [5, с. 437] Жыццёвая пазіцыя Мікіты Зносака іншая: «А ў мяне, хэ-хэ-хэ! Пане прафесар, дужа рэальная: хто ў мяне лепш плаціць, таму і служу і кіхаць хачу на ўсякія ідэі. Мая лінія жыцця вельмі простая.». [5, с. 414]

Аўтар развіццём падзей у творы яскрава паказвае, да чаго прыводзіць падобная «філасофія» жыцця. Мікіта Зносак да апошняга не верыць, што прыстасавальніцтва і беспрынцыпоўнасць могуць прывесці да трагічнай развязкі. Апошнія словы ў п'есе належаць маці Мікіты, Ганулі, якая просіць пасля арышту сына: «Мае паночкі, мае галубочкі! Хаця не змікіцьце майго Мікітку. Хаця не змікіцьце!» [5, с. 483] У іх не толькі трагедыя маці, што згубіла сына, але і прысуд тым, хто адрокся ад сваіх каранёў. Далейшы лёс Янкі Здольніка канкрэтна аўтарам не вызначаны, што дае магчымасць чытачу «дадумаць» наступныя падзеі.

У «Страконіцкім дудары» Ёзэфа Каетана Тыла, у п'есах Янкі Купалы адкрыты фінал, які сведчыць пра тое, што падзейны рад можа мець свой працяг. Дзея ў творы завяршаецца на вельмі істотнай у жыцці герояў падзеі, лёсавызначальнай, але гэта толькі пэўны этап, за якім можа ісці наступны, не менш важны ў жыцці асобы. Адсюль і вызначэнне жанру твора. Ёзэф Каетан Тыл назваў сваю п'есу казкай, Вінцэнт Дунін- Марцінкевіч — ідыліяй, а Янка Купала «Тутэйшых» — трагічна- смяшлівымі сцэнамі ў 4-х дзеях. Усё гэта сведчыць пра народны характар твораў, глыбіню пранікнення ў нацыянальны космас, у тое важнае, істотнае і сакральнае, што вызначае своеасаблівасць народа ў свеце.

ЛІТАРАТУРА:

  1. Неупокоева И.Г. История всемирной литературы. Проблемы системного и сравнительного анализа. М., 1976.

  2. Веселовский А. Н. Историческая поэтика. М., 1989.

  3. Josef Kaetan Tyl. Strakonicki dudak aneb hody divych žen. Praha, 1956.

  4. Дунін-Марцінкевіч В.І. Збор твораў у 2-х т. Т. 1. Мн., 2007.

  5. Купала Я. Паэмы. Драматычныя творы. Мн., 1989.

Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> Салавей Г. С. Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна, г. Брэст
123456789 -> Асэнсаванне навальніцы, грому І маланкі ў беларускіх народных уяўленнях І павер’ЯХ
123456789 -> Фальклор: традыцыі І сучаснасць
123456789 -> Метадычная школа прафесара марыі дудзік
123456789 -> Жанрава-стылёвая спецыфіка рамана м. Гарэцкага «віленскія камунары» (1931-1932)
123456789 -> Мятліцкая Ганна Мікалаеўна (бду, Мінск) унутраны свет героя-інтэлігента ў апавяданні м. Гарэцкага “у лазні”
123456789 -> Барычэўская І. БрДУ, г. Брэст
123456789 -> Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Рэспубліка Беларусь абрэвіяцыя як сродак эўфемізацыі
123456789 -> А. П. Бязлепкіна (Мінск) Трансгрэсія ў сучаснай беларускай
123456789 -> Т. М. Тарасава (Мінск) матыў парога, мяжы ў рамане


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

войти | регистрация
    Галоўная старонка


загрузить материал