Раздзел І. Прадмет гісторыі навукі і тэхнікі. Навуковыя веды, тэхніка і тэхналогіі ў перыяд да Новага часу




старонка1/22
Дата канвертавання03.11.2017
Памер4.45 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   22
Лекцыі па курсу «Гісторыя навукі і тэхнікі»

«Калі б Чалавецтва было ідэальным, то ва ўсякі час, нават ва ўмовах каменнага веку, — для яго было створана ўсё неабходнае для шчаслівага і дастатковага жыцця. Але, паколькі чалавек — далёкі ад ідэала, то вялікай палёгкай для яго ёсць навукова-тэхнічны прагрэс».



Раздзел І. Прадмет гісторыі навукі і тэхнікі.

Навуковыя веды, тэхніка і тэхналогіі ў перыяд да Новага часу.




І.1. Уводзіны. Змест паняццяў. Пачатак навуковых ведаў і тэхнікі.

1.1. Мэта і прадмет курсу гісторыі навукі і тэхнікі.

Багатыя і разнастайныя веды былі ў людзей ад самых старажытных часоў. Фактычна, з таго моманту, калі чалавек змог вырабляць нейкія першыя прылады і змог вучыць гэтаму іншых людзей — пачынаецца эра ведаў і ўласна чалавека як чалавека. Можа быць з таго самага няпэўнага моманту ў мінулым людзі займелі мову і гэта стала вялікім набыткам Чалавецтва. Цікава і важна тое, што старадаўнія міфы многіх народаў вялікае значэнне надавалі і сам пачатак чалавечага роду адносілі да моманту, калі нехта з першапродкаў альбо бог(богі) навучылі яго карыстацца агнём, засяваць палі, вырабляць прылады, будаваць будынкі, далі мову і веды. У такім сакралізаваным выглядзе Чалавецтва шанавала сваё нараджэнне. Між тым, у часы Еўрапейскага Рэнесансу з’явілася ўяўленне аб набыцці і прафесійным выкарыстанні ведаў як самадастатковай, важнай і паспяховай сферы чалавечых заняткаў. Так нарадзілася еўрапейская і сучасная навука.

Вялікі англійскі філосаф Фрэнсіс Бэкан (Francis Bacon, 1561—1626) прапанаваў і зрабіў першасным у сваім жыцці прынцып «веды — гэта сіла». Ягоныя навуковыя поспехі ў вывучэнні прыроды, ягоны прынцып «веды — не дзеля саміх сябе, але дзеля адкрыццяў і вынаходніцтваў», — даводзілі правату Бэкана сучаснікам і наступным пакаленням1. Фрэнсіс Бэкан пісаў: «Здольнасці душы выдатна вядомыя: тое інтэлект, розум, уяўленне, памяць, захапленне, воля, нарэшце — усё тое, што займае логіку і этыку. Але ў вучэнні аб душы неабходна найперш даследаваць паходжанне гэтых здольнасцей з пункту гледжання фізыкі (прыроды)»2. Бэканаўскі імпэт абудзіў у Англіі і іншых краінах Еўропы пошук ведаў аб навакольным свеце. І ў 1660 г. у Лондане было заснавана Каралеўскае таварыства для развіцця ведаў аб прыродзе. Так з’явілася Брытанская Акадэмія навук. Веды шырока ўвайшлі ў масы, цяга да вынаходніцтва ахапіла многіх людзей. Так у Англіі з апошняй трэці XVII ст. распачаўся бум у тэхналогіях. Яны былі запатрабаваны ў вытворчасці, прадпрымальніцтве і прывялі да індустрыяльнай рэвалюцыі 1760-х — 1830-х гг.3 З’явіліся ткацкія і прадзільныя станкі, паравы рухавік і чыгунка, фабрыкі і заводы, параходы і паравозы. Вытворчасць і спажыванне сталі масавымі, а свет даступным і адкрытым. Як вынік, прамысловы пераварот прывёў да цалкавітага пераўтварэння жыцця людзей у Англіі, Еўропе і свеце. Праз веды, навуку і тэхніку ХІХ ст. стала часам еўрапейскага трыумфу i заклала падмурак той сучаснасці, у якой мы зараз жывем.

Зразумела, што неабходна ведаць сваё мінулае ў разрэзе гісторыі навукі і тэхнікі. Найперш таму, што так мы лепей зразумеем сябе і той свет, у якім жывем зараз. Так, ужо сучаснікі адчулі вялікую пераўтваральную сілу навуковых адкрыццяў і тэхнікі за часам індустрыяльнай рэвалюцыі. Таму яшчэ ў пачатку ХІХ ст. з’явіліся першыя працы па гісторыі навукі і тэхнікі. Напрыклад, праца Ёхана Бэкмана (1739—1811) «Гісторыя даследаванняў і адкрыццяў» 1804 г. у 4-х тамах4. Затым з’явілася нямала працаў па гэтай тэматыцы ў розных краінах. Адзначым славутыя імёны даследчыкаў розных сфер прыроды і чалавека, што надалі вялікую ўвагу асэнсаванню і папулярызыцыі навукі ў жыцці людзей: нямецкі географ і асветнік Аляксандр фон Гумбальд (Alexander von Humboldt, 1769—1859); нямецкі гісторык навукі Ганс Крамер (Hans Kraemer, 1870—1940); філосаф Георг-Вільгельм Гегель (Georg Wilhelm Friedrich Hegel, 1770—1831); французкі хімік і асветнік Гастон Тысандзьер (Gaston Tissandier, 1843—1899), што напісаў папулярную ў свой час кнігу «Мучанікі ў імя навукі» («Les martyrs de la science», 1879) і распачаў выданне славутага часопісу «La Nature» (1873); французскі географ Элізэ Рэклю (Elysee Reclus, 1830—1905) і інш. Гэтыя дзеячы ХІХ ст. шмат у чым працягвалі справу навукоўцаў і энцыклапедыстаў эпохі Асветніцтва ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы XVIII ст.

З усяго даведзенага вышэй бачна, што зараз гісторыя навукі і тэхнікі стала самастойнай навуковай дысцыплінай.

Яна вывучае альбо яе прадметам з’яўляюцца:


  • зараджэнне і далейшае развіццё навуковых ведаў і тэхнікі;

  • гістарычны (сацыяльны) і гісторыка-культурны кантэкст фарміравання і пашырэння навуковых ведаў, тэхнікі і тэхналогій;

  • узаемныя сувязі розных галін навуковых ведаў, канцэпцыі і ўяўленні аб свеце (прыродзе, чалавеку і грамадстве, сусвеце) і іх уплыў на жыццё людзей у гісторыі;

  • звесткі аб жыцці і творчасці навукоўцаў і вынаходнікаў тэхнікі;

  • звесткі аб дасягненнях і функцыянаванні навуковых асяродкаў і навукова-даследчых інстытутаў, тэхнічных цэнтраў (у т.л. кампаній);

  • канкрэтныя навуковыя веды, ідэі, тэхналогіі, тэхніка, што мелі істотнае значэнне ў жыцці людзей у мінулым, а таксама актуальныя для сучаснікаў;

  • асэнсаванне навукі і тэхнікі для жыцця людзей у гісторыі;

  • асэнсаванне актуальных патрэбаў і праблемаў, што паўставалі і паўстаюць праз навуку і тэхніку і вызначаюць лёс чалавека.

Як бачна, прадмет гісторыі навукі і тэхнікі акрэслены дастаткова шырока. Ён захоплівае сферы разумовай дзейнасці, належныя да іншых сацыяльных навук — філасофіі (асэнсаванне і эвалюцыя ўяўленне пра веды, канцэпты «навука», «тэхніка», «прагрэс», «навукова-тэхнічная рэвалюцыя» і інш.), этыкі і экалогіі (праблемы поспеху і кошту гэтага поспеху для Чалавецтва ў сувязі з дасягненнямі навукі і тэхнікі). Таксама непазбежна гісторыя навукі і тэхнікі датычыць прыродазнаўчых і тэхнічных навукаў (як тое гісторыя матэматыкі альбо фізікі, механікі альбо геаграфіі ў кантэксце іх найбольш важных дасягненняў і іх сацыяльнага ўплыву); транслюе найбольш агульныя веды па гісторыі медыцыны, мовазнаўства, эканомікі. Усё тое паказвае запатрабаванасць ведаў аб мінулым у асобных навуковых дысцыплінах, звяртае ўвагу на патрэбу ў агульнай ці сінтэтычнай гісторыі навукі і тэхнікі, і дазваляе яе вызначыць як мульты-дысцыпліну.

Мэта гісторыі навукі і тэхнікі — захаванне, накапленне, асэнсаванне ведаў аб навуцы (навуковых ведах) і тэхніцы ў гісторыі.

У адпаведнасці з мэтай вынікаюць наступныя задачы:

1) назапашванне і ўпарадкаванне ведаў аб стане і дасягненнях у навуцы (навуковых ведах) і тэхніцы, аб навукоўцах, навуковых і навукова-тэхнічных інстытуцыях/асяродках;

2) трасляцыя гэтых ведаў (у школе, універсіэтэце, грамадстве) у зручнай, даступнай і адэкватнай форме;

3) асэнсаванне альбо агульная (генеральная) рэфлексія аб месцы і ролі навукі і тэхнікі ў гісторыі Чалавецтва;

4) непазбежнае асэнсаванне прагрэсу і яго значэння ў гісторыі.

Бачна, што дысцыпліна «гісторыі навукі і тэхнікі» ахоплівае вельмі складаныя і маштабныя сферы: назапашванне разнароднай інфармацыі аб мінулым і яе асэнсаванне, фарміраванне светапоглядных і агульна-інтэлектуальных асноваў як сучаснага чалавека у цэлым, так і студэнта (выпускніка ўніверсітэта) у прыватнасці. Не дзіўна, што справай вывучэння прадмета гісторыі навукі і тэхнікі займаюцца вялікія навуковыя калектывы, інстытуты і міжнародныя асацыяцыі. Пра апошніі будзе сказана пазней.

Сярод важнейшых сучасных выданняў па гісторыі навукі неабходна назваць «The Cambridge History of Science» у 8 тамах, што было выдадзена ў 2006 г. і затым перавыдадзена ў 2008 г. Гэтае капітальнае выданне было ініцыявана ў 1992 г. Алексам Холзманам (Alex Holzman) і было ажыццёўлена пры ўдзеле звыш 120 навукоўцаў з Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Германіі, Італіі, Францыі. Папярэднікам гэтага выдання былі абагульняючыя працы бельгійскага гісторыка навукі Жоржа Сартана (George Satron, 1884—1956). Але менавіта ў 8-мі-томным выданні 2006(2008) г. увасобіліся актуальныя і найбольш поўныя веды па гісторыі навукі і тэхнікі ў Еўропе і Паўночнай Амерыцы, уключна з ведамі па навуцы і тэхніцы Старажытнага Ўсходу і Антычнасці (т.1) і Сярэдневечча (т.2). Зразумела, што акцэнт зроблены на Новым часе: XVIXVII ст. (т.3) XVIII ст. (т.4) і «сучаснасці» (The Modern Sciences, ХІХ — пачатак ХХІ ст.) (т.5–8). Апроч таго, сусветнае прызнанне мае ўнёсак брытанскага гісторыка Ноэла Джозэфа Нідхэма (Noel Joseph Needham, 1900—1995) у справе вывучэння гісторыі навукі і тэхнікі ў Кітаі.

1.2. Паняцце «навука»/«натурфіласофія» ў гісторыі і разуменні чалавецтва

Вызначэнне тэрміну «навука» застаецца як актуальная праблема філасофіі навукі. Выпрацавана нямала вызначэнняў таму, што ёсць «навука» і «навуковыя веды»5. Беларускі філосаф А.І. Зелянкоў прапаноўвае разумець навуку як сукупнасць: а) дзейнасць, б) веды, в) сацыяльны інстытут6. Звычайна разумеецца, што навука як веды — гэта толькі тыя, што адпавядаюць крытэрыям несупярэчлівасці, даказальнасці, аб’ектыўнасці і дакладнасці (магчымасць назіраць і падцвярджаць высновы на падставе прыроднай рэчаіснасці), сістэмнасці. Навуковыя веды — тыя, што можна шматразова падцвердзіць, што могуць прынесці матэрыяльную і духоўную карысць і не супярэчаць разумным уяўленням, адпавядаюць факту і закону. Пазначым, што факт (лац. factum) — тое, што адбылося і наяўна ў свеце прыроды і чалавека. Прычым навуковы факт — засведчаны шляхам вопытнага даследавання, падцверджаны і назіраемы. Закон навукі (лац. lex scientifica) — тое, што аб’ядноўвае ў сістэму і тлумачыць навуковыя факты.

Канешне, разумныя і карысныя веды чалавецтва накоплівала здаўна. Гэта сфера сацыяльнага вопыту — таго, што было засвоена чалавекам у выніку дзейнасці (думкі і працы) і магчымага для перадачы іншым людзям. Пэўны набор падобных ведаў быў яшчэ ў людзей каменнага веку. Больш дасканалымі і трывалымі становяцца падобныя веды з пераходам людзей да земляробства і жывёлагадоўлі і цывілізацыі. У першых развітых культур альбо цывілізацый (Старажытны Егіпет, Блізкі Ўсход, Кітай, Індыя) з’явіліся пісьмо, школы і асобныя людзі, што назапашвалі, упарадкоўвалі практычныя веды і перадавалі іх іншым людзям. Ужо аб гэтым часе можна гаварыць, што з’яўляюцца перад-навуковыя веды. Яны ў шмат чым заставаліся нерацыянальнымі, заснаванымі на міфах, стыхійнымі і бессістэмнымі, і толькі ў V ст. да н.э. у Старажытнай Грэцыі яны зазналі пераўтварэнне ў першасныя навуковыя веды. З’явілася ўпарадкаваная мудрасць альбо філасофія Сакрата — даўнегрэчаскага мысляра, што тлумачыў свет. Затым, філосафы (з даўнегрэч. аматары мудрасці) Платон і Арыстоцель стварылі сістэму абгрунтаваных ведаў аб свеце. Пры гэтым яны парвалі з міфам, і лічылі неабходным тлумачыць гэты свет доказна і з апорай на розум. Праблемай аднак было, што гэтыя веды былі па сутнасці больш мудрасцю /філасофіяй/, і існавалі як занятак філосафаў для саміх філосафаў.

Паводле брытанскага фізіка і гісторыка навукі Джона Бернала (John Desmond Bernal, 1901—1971) толькі ў XVI—XVII стст. у Еўропе навуковыя веды пераўтварыліся з накаплення вопыту і пэўнай мудрасці ў прафесійны занятак асобаў-навукоўцаў і асаблівых вучоных аб’яднанняў (Акадэміяў) сталі навуковай дзейнасцю і навуковым сацыяльным інстытутам, што атрымаў прызнане і пашану ў грамадстве7. Ужо гаварылася, пра ролю Ф.Бэкана ва ўзнікненні сучаснай навукі. Бэкан у свой час прапанаваў падзяліць сферу ведаў (у яго «філасофія») на 3 вучэнні — аб прыродзе, Богу і чалавеку. Даследаванне прыроды ён называў непасрэднай і першаснай крыніцай ведаў альбо «першай філасофіяй», «маці ўсіх навук»8. Ён жа прапанаваў вылучаць вучэнне аб прыродзе альбо натуральную філасофію, што ўключала фізыку, метафізіку і механіку. Апроч таго ён вылучаў «перша-філасофію» з раздзеламі прысвечанымі вывучэнню чалавека: стану цела і душы, сацыяльных і індывідуальных дабротаў, логікі, этыкі, дзяржавы і адносінаў людзей. Прапанаваў увесці і гісторыю навук9.

Такім чынам, з XVI ст. натуральная філасофія перарасла межы Арыстоцелеўскай фізікі і стала галоўным рэчышчам пазнання свету. Вялікае значэнне ў яе развіцці мелі працы Рэнэ Дэкарта, Готфрыда Лейбніца, Ісака Ньютана і іх папярэднікаў (М. Капернік, Г. Галілей, І. Кеплер). І. Ньютан стварыў першае ўніверсальнае вучэнне аб свеце, што грунтавалася на законах механікі, альбо механістычную карціну свету. Гэтая падзея прывяла да якасна новай сітуацыі ў навуцы і культуры: на падмурку натурфіласофіі адбыўся бурны росквіт прыродазнаўчых навук у ХІХ і ХХ стст.

Менавіта да ХІХ ст. адносіцца фарміраванне ўяўлення пра «навуковы метад» пазнання (сучасная навука). Ён прадугледжваў, што нельга кіравацца агульнымі ідэямі аб свеце, але патрэбна рабіць высновы і ўяўленні аб свеце так, каб мець падцверджанне ў самой гэтай назіраемай рэальнасці, каб можна было праверыць і паўтарыць вопыт, шматразова спраўдзіць выснову. У гэтым знайшлі развіццё прынцыпы Ф.Бэкана і натурфіласофіі. Зразумела, што галоўным чынам тое датычыла навук аб прыродзе, але паступова тыя ж прынцыпы пранікалі і ў гуманітарныя і сацыяльныя навукі.


1.3. Паняцці «тэхніка», «тэхналогія», «прагрэс», «навукова-тэхнічны прагрэс».

Панятак «тэхніка» — складаны для вызначэння, бо адлюстроўвае рэчаіснасць вельмі шырока. Тэрмін паходзіць аб грэч. technē і абазначае «ўменне, майтэрства, мастацтва, хітрасць». Разуменне тэхнікі як нейкай хітрасці і мастацтва адносіцца да тых часоў, калі ўменне каваля выплаўляць метал і рабіць з яго рэчы ўспрымалася навакольнымі як нешта надзвычайнае, нават як чараўніцтва. Менавіта як чараўнікі паўстаюць, да прыкладу, кавалі ў многіх беларускіх народных казках і паданнях, тое ж можна знайсці ў фальклоры многіх народаў. А напрыклад у многіх краінах Афрыкі і зараз можна адшукаць такія ўяўленні. Такім чынам, паняцце «тэхнікі» аб’ядноўвае родныя прылады працы, інструменты, механізмы, прыстасаванні, пабудовы і канструкцыі, што служаць чалавеку. Пры гэтым, у адрозненне ад прадметаў мастацтва, яны патрэбны не для таго каб задаваляць эстэтычныя ці духоўныя патрэбы чалавека, а забяспечыць яго матэрыяльныя, пабытовыя ці ўтылітарныя патрэбы. Напрыклад, пра кошык які служыць як аздабленне з кветкамі на стале мы можам гаварыць як аб прадмеце мастацтва, а пра той жа кошык, што ўвогуле выкарыстоўваем (носім ці складваем нейкія рэчы), — як прадмеце тэхнікі. Мяжа тут дастаткова ўмоўная і паказвае, што любы выраблены чалавекам прадмет — гэта ёсць прадмет тэхнікі.

Вельмі блізкі да панятку «тэхніка» тэрмін «машына». «Машына» паходзіць ад лац. machinaлюбы выраблены чалавекам прадмет альбо сродак, што здольны пераўтвараць матэрыял, энергію, інфармацыю. Напрыклад, простыя машыны — кола, рычаг, лук і інш. — вядомыя чалавеку з першабытнасці. Іншае слова «механізм» — паходзіць ад грэч. mechane і абазначала тое ж, што і машына. Аднак зараз прынята лічыць, што механізм — ёсць нейкая рухальная частка машыны. Агульна, машыны — гэта сукупнасць чалавечых вырабаў, вытваранага чалавекам і не-прыроднага, што служыць чалавеку і дазваляе яму асвойваць навакольны (прыродны) свет.

Калі казаць пра сутнасць панятку «тэхніка», то ён ахоплівае не толькі машыны ў шырокім сэнсе, але таксама прыёмы і навыкі дзейнасці каб гэтыя машыны вынаходзіць, распрацоўваць, уласканальваць, выкарыстоўваць. У такім разуменні тэхніка паглынае як прадметы тэхнікі (машыны), так і тэхналогію. Тэхналогія — паходзіць ад грэч. technē і logos і абазначае «думка аб тым, як майстэрыць (тэхніку)». Тэрмін быў уведзены ў 1772 г. нямецкім механікам Й.Бэкманам з Гётытгену і абазначаў сукупнасць ведаў аб выкарыстанні і абслугоўванні тэхнікі. З удаскаланеннем ведаў у гэтай справе панятак стаў разумецца больш шырока. І зараз тэхналогія — навука, што займаецца вырабам, магчымасцямі і спосабамі выкарыстання ўсяго таго, з дапамогай чаго чалавек пераўстварае рэчы, матэрыю, энергію, інфармацыю. У такім сэнсе тэрмін пашырыўся, напрыклад, у Амерыцы, дзе ў 1861 г. быў заснаваны Масачусетскі Тэхналагічны інстытут. У еўрапейскай жа традыцыі пашырэнне атрымаў тэрмін тэхнічныя навукі, што паглынае тэхналогію.

З развіццём і ўдасканаленнем навукі і тэхнікі адбываецца якасны пераход грамадства на новы ўзровень. Сітуацыю, калі з дапамогай вынаходніцтваў і адкрыццяў у навуцы і тэхніцы адбываецца імклівы якасны пераход у грамадстве называецца навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР). У адрозненне ад НТР навукова-тэхнічная эвалюцыя — гэта змены, што адбываюцца, але не прыводзяць да рэзкай перамены ў грамадстве. Агульна працэс накаплення і прыдбання новага ў навуцы і тэхніцы — навукова-тэхнічны прагрэс. Можна асобна разглядаць прагрэс у тэхніцы ці навуцы.

Як можна пабачыць з вышэйпрыведзенага, панятак «прагрэс» — вельмі важны ў гісторыі навукі і тэхнікі. Ён сведчыць аб дасягненнях і мэтазгоднасці чалавечай дзейнасці па ўадаскаланенню жыцця чалавека. Тэрмін «прагрэс» пахоціць ад лац. progressus і абазначае «рух наперад, дасягненне поспеху». У сучасным разуменні прагрэс — гэта пераход чалавека і грамадства ад больш нізкай стадыі развіцця да больш высокай; рух ад меншага да большага, ад горшага да лепшага; удаскаленне свету. У такім сэнсе тэрмін ўвайшоў у зварот у часы Асветы. Вынайшаў яго і асвяціў у сваёй кнізе 1737 г. французскі асветнік Шарль Сэн-П’ер (Charles de Sain-Pierre, 1658—1743). Панятак прагрэсу быў падхоплены асветнікамі і навукоўцамі, бо ўвасабляў уласна мараль і мэту іх высілкаў. Мае свой вялікі сэнс ён і зараз. Зразумела, што назіраецца часам у гісторыі (напрыклад пасля заваёвы Рымскага свету варварамі) і зваротная з’ява або рэгрэс. Аднак разуменне прагрэсу і рэгрэсу дазваляе якасна тлумачыць перамены ў свеце і гісторыі Чалавецтва. Апошнім часам ёсць крытыка тэрміну «прагрэс» з боку розных скептыкаў, што лічаць яго ўласна еўрапейскай з’явай, яе лозунгам. Аднак гэтыя скептыкі выглядаюць цемрашаламі, калі адмаўляюцца ад ідэі прагрэсу і заклікаюць адмовіцца ад дабротаў навукі, тэхнікі і цывілізацыі.

1.4. Прыклады перыядызацыі сусветнай гісторыі ў сувязі з прагрэсам навукі і тэхнікі.

Вылучаюцца наступныя этапы ў развіцці навукі:

1) этап перад-навуковых ведаў — ад з’яўлення чалавека і накаплення ім практычных ведаў ад свеце да V ст. да н.э., калі ў Даўняй Грэцыі праз развіццё філасофіі адбыўся пераход на новы ўзровень асэнсавання свету і чалавека;

2) этап першасных навуковых ведаў — эпоха і сфера антычнай філософіі; спачатку датычыць толькі часткі свету (Антычны свет: Даўняя Грэцыя, эліністычныя грамадствы і дзяржавы, Старажытны Рым), але паступова пашыраецца ўслед за засваеннем ведаў і вопыту грамадстваў Еўрапейскай Антычнасці на арабскі свет і далей; V ст. да н.э. — XVI ст. н.э. Для многіх рэгіёнаў свету гэты этап накладаўся на папярэдні;

3) этап натурфіласофіі — XVI—XVIІI стст., характарыстыка якога пададзена вышэй. У межах дадзенага этапу варта вылучаць перыд XVI—XVII стст. і перыяд Асветніцтва ў XVIII ст., калі навука праз развіццё ведаў у фізіцы, матэматыцы, хімііі і астраноміі выходзіць на якасна новы ўзровень, менавіта для гэтага этапа характэрна з’яўленне першай універсальнай навуковай карціны свету — механістычнай (з апорай на ідэі І.Ньютана);

4) этап сучаснай навукі, што пачынаецца з развіццём трывалых уяўленняў аб навуковым метадзе, з вопытным пазнаннем і эвалюцыянізмам у ХІХ ст. Варта адзначаць пераходы на больш высокую ступень навукі, што адбыліся на этапе сучаснай навукі на мяжы ХІХ/ХХ стст. і ў апошняй траціне ХХ ст. Лічыцца, што праз моцны і ўсеахопны скачок у развіцці навук у сярэдзіне ХХ ст. адбылася карэнная перабудова чалавечага свету і гэты новы перыяд у сусветнай гісторыі называюць навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй (НТР) у вузкім яе разуменні. Фактычна гэта адпавядала пераходу грамадства з індустрыяльнай на постіндустрыяльную стадыю развіцця.

Апроч таго, прапануецца разглядаць пачаткі навукі ў Еўропе і свеце з XVI—XVIІ стст. Тады вылучаюцца наступныя этапы ў развіцці навукі10:

1) класічная навука – з XVIІ ст. да пачатку ХХ ст.: характарызуецца пашырэннем механістычнай карціны свету, з’яўляюцца і пашыраюцца розныя навукі, у т.л. тэхнічныя, расце ўплыў навукі на ўсе бакі жыцця;

2) неклассічная навука – з пачатку ХХ ст. да 60-х гг. ХХ ст. – праяўляецца ў пашырэнні рэлятывісцкай і квантавай тэорый у фізіцы, канцэпцыі нестацыянарнага Сусвету ў астраноміі, кібернетыкі і тэорыі сістэм; калі раней чалавек выключаўся з сістэмы канструявання навуковых ведаў, то на новым этапе яго чалавека суб’ектыўнае ўспрыманне стала уключацца ў сістэму канструявання навуковых ведаў аб рэчаіснасці;

3) постнекласічная навука – з 60-х гг. ХХ ст. – пашыряецца ўяўленне аб адноснасці вынікаў навуковага назірання (М-тэорыя), назіраецца моцны міждысцыплінарны сінтэз і перагляд межаў навук, што склаліся раней.

Як бы тое ні было, захоўвае сваё значэнне разуменне навукова-тэхнічнага прагрэсу як галоўнага рухавіка ў развіцці Чалавецтва. У сувязі з гэтым шэраг мысляроў-сацыёлагаў прапанавалі падзялюць сусветную гісторыю на пэўныя этапы — ступені развіцця ведаў і тэхнікі.

Трывалае ўяўленне аб прагрэсе чалавецтва ад ніжэйшай стадыі да больш высокай праз поспех навукі пашыраецца ў Еўропе ў сярэдзіне XVIІІ ст. дзякуючы працы выбітных французскіх і брытанскіх асветнікаў. Так, шатландскі гісторык Адам Фергюсан (Adam Ferguson, 17231816) у працы 1767 г. вылучыў ступені развіцця народаў з прымітыўнымі ведамі і тэхнікай як «дзікунства» (дзяцінства чалавека) і «варварства (юнацтва чалавецтва), а развітое (ці «дарослае») грамадства вызначаў як «цывілізацыя». У наступным ужо амерыканскі антраполаг (этнолаг) Льюіс-Генры Морган (Lewis-Henri Morgan, 18181881) развіў гэтыя паняткі і прапанаваў перыядызацыю сусветнай гісторыі з трох этапаў:

1) дзікунства — сярод людзей панавалі паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва, панавала першабыная роўнасць, не было прыватнай уласнасці;

2) варварства — прымітыўнае грамадства, з’яўляецца земляробства і жывёлагадоўля, уяўленні аб прыватнай уласнасці і сацыяльная іерархія;

3) цывілізацыя — узнікненне дзяржавы, складанага грамадства, сацыяльных класаў, гарадоў і пісьменства.

Гэтая перыядызацыя, што бачыла ступені развіцця чалавецтва ў залежнасці ад стану тэхнікі і сацыяльных адносінаў атрымала папулярнасць. Аднак яшчэ асветнік Ж.Ж.Русо быў скептыкам датычна ідэй прагрэсу Чалавецтва. Так, Арнольд Тойнбі даводзіў у першай палове ХХ ст. уяўленне аб раўназначнасці розных культур (альбо ў яго — цывілізацый). Разам з тым відавочныя поспехі ў развіцці навук і тэхнікі, перамены ў грамадстве, падштурхоўвалі знаходзіць іншае разуменне гістарычных з’яў і працэсаў.

Такім чынам амерыканскі сацыёлаг Даніэл Бел (Daniel Bell, 19192011) самімі гістарычнымі абставінамі быў пакліканы да іх асэнсавання, і ў 1973 г. выдаў працу «Будучае посіндустрыйнае грамадства», дзе прапанаваў наступныя «этапы узрастання Чалавецтва»11:

1) даіндустрыяльнае грамадства яно ж аграрнае, з перавагай сельскай гаспадаркі ў эканоміцы, сялянства ў грамадстве, з засіллем традыцый і арыентацыяй на мінулае пры адказе на выклікі абставін; галоўным было здабыча неабходных рэсурсаў у прыроды; перамены ў грамадстве былі вельмі маруднымі, эфектыўнасць працы была нізкай;

2) індустрыяльнае грамадства чалавек пераходзіць ад непасрэднага ўзаемадзеяння з прыродай да апасродкаваннага з дапамогай тэхнікі; прамысловасць становіцца галоўнай сферай гаспадаркі; галоўнымі сацыяльнымі групамі становяцца рабочыя і інжынеры; з апорай на эмпірычныя веды развіваюцца навукі і адбываецца магутнае пераўтварэнне навакольнага свету;

3) постіндустрыяльнае грамадства на змену пераважна машыннай тэхналогіі прыходзіць «інтэлектуальная тэхналогія» альбо інфармацыя, праз што гэтае грамадства называецца таксама інфармацыйным; навука становіцца замест капіталу і інвестыцый (як тое ў індустрыяльным грамадстве) важнейшай сілай грамадскага прагрэсу; важнейшымі інстітуцыямі ў грамадстве становяцца ўніверсітэт і навукова-даследчая лабараторыя, а ў грамадстве вядучае месца займаюць вучоныя і тэхнічныя прафесіяналы; прамысловасць саступае месца як асноўнаму ў грамадстве сектару паслуг (ахова здароўя, адукацыя, навука, кіраванне і інш. паслугі).

Даніэл Белл важнейшае месца ў гістарарычным прагрэсе Чалавецтва адводзіў тэхналагічнаму прагрэсу: менавіта развіццё тэхналогій неверагодна ўзмацніла вытворчасць усяго неабходнага чалавеку, сфарміравала клас інжынераў і тэхнікаў як рухавік прагрэсу, а таксама сфарміравала новыя – спосаб мыслення і рацыянальнасць, новыя магчымасці і сацыяльныя ўзаемасувязі, каштоўнасці і нават эстэтыка і мастацтва12.

Такім чынам, галоўнае, што вызначае пашырэнне постіндустрыяльнага (інфармацыйнага) грамадства і прагрэс — гэта поспех навукі і адукацыі, падтрымка новых тэхналогій13.

1.5. Праблема вытокаў і пачатку навукі і навуковых ведаў у гісторыі чалавецтва.

Вышэй ужо было прадстаўлена агульнае ўяўленне пра навуку і тэхніку. Разам з тым, на сёння існуе некалькі пунктаў гледжання на пачаткі навукі ў сацыяльных навуках (у т.л. гісторыі):

1) пазіцыя філосафаў, сацыёлагаў і гісторыкаў — пазітывістаў ХІХ ст. — першай трэці ХХ ст. (Герберт Спенсер, Агюст Конт, Жазэф Гарнье, Віктар Кузен): навука нарадзілася з развітага практычнага вопыту ў старажытнасці;

2) шэраг аўтараў ХХ ст., марксістаў і прыхільнікаў матэрыялістычнай дыялектыкі (Джон Бернал, Бертран Расел, Іван Ражанскі, Піама Гайдэнка): навука нарадзілася ў антычнай Грэцыі;

3) прыхільнікі ўяўлення аб тым, што навука зарадзілася ў Позняе Сярэдневечча ХІІ—XIV стст. праз злучэнне практычных вопытаў (алхімікі, дактары, астраномы) і тэарэтычных высноваў аб свеце;

4) найбольш пашыранае ўяўленне зараз аб тым, што пачаткі сучаснай навукі знаходзяцца ў XVI—XVII стст.14, як тое паказана вышэй.

Разам з тым, апошнім часам пад уплывам пазітывістаў і асабліва прац Н.Дж.Нідхэма пашыраецца ўяўленне аб даўняй «спецыфічнай навуцы» Ўсходу, альбо, дакладней, перад-навуковых і тэхнічных ведах па-за-Еўропай.

Як бачна з вышэй пералічанага, складана вызначыцца з момантам пачатку навуковых ведаў. Напрыклад, астраномы старажытнага Вавілону стагоддзямі вялі назіранні за зорным небам і вялі запісы назіранняў. Гэта былі каштоўнейшыя звесткі, што дазвалялі рабіць высновы аб пэўнай паўторнасці з’яваў прыроды (сонечных і месячных зацьменнях, збліжэнні і разыходжанні планет Сонечнай сістэмы і т.п.), аднак галоўным заняткам вавілонскіх астраномаў стала распрацоўка астралогіі. Ці былі гэтыя веды навуковымі было сумніўна ўжо для антычных грэкаў, што пазычылі многія веды ў вавіланян і далі ім рацыянальную інтэрпрэтацыю.

1.6. Разуменне навукі як сацыяльнага інстытуту.

Першым навуковым існтытутам альбо аб’яднаннем навукоўцаў для даследавання свету і пашырэння ўяўленняў аб свеце варта назваць Брытанскую Акадэмію навук (1660 г.). Перад гэтым, у 1603—1651 гг. існавала т.зв. Акадэмія дэ Лічэі ў Рыме. Створаная па ініцыятыве князя Фрэдэрыка Чэзі, яна аб’ядноўвала вядомых вучоных (Г.Галілей і інш.), мела вялікую бібліятэку і забяспечвала да кніг доступ зацікаўленым. Разам з тым, менавіта ў межах Каралеўскага таварыства навук у Лондане былі не толькі паяднаны навукоўцы, але былі створаны ідэя і прынцыпы навуковага таварыства, вызначана яго месца і роля ў грамадстве. Так, дэвізам Брытанскай акадэміі сталі словы «nullius in verba» (альбо: ніякага даверу словам — толькі эксперыменту і фактычнаму доказу). Наступнай па часе стала Французская Акадэмія навук ў Парыжы (1666 г.), створаная па ініцыятыве французкага міністра і эканаміста Ж.Б.Кальбера. Акадэмія ў Парыжы не толькі паўтарала брытанскі вопыт, але ўнесла новае — узяла на сябе нагляд за навуковым жыццём і асветай у краіне. Затым па ініцыятыве доктара Й.Баўша і падрымцы імператара Леапольда І па брытанскаму ўзоры ўзнікла Германская Акадэмія натуралістаў альбо Леапольдына (1687 г.). У 1780 г. па ініцыятыве групы амерыканскіх вучоных — Акадэмія мастацтваў і навук ў Бостане (ЗША). У XVIII ст. па ініцыятыве Г.Лейбніца у Германіі ўзніклі таксама прапановы аб стварэнні акадэіі па французкаму ўзору. Так у 1701 г. у Берліне ўзнікла Пруская Акадэмія навук (з 2007 г. Германская Акадэмія навук). Затым у 1725 г. у Пецярбургу — Расійская Акадэмія навук, у 1759 г. у Мюнхене — Баварская, у 1786 г. у Стакгольме — Шведская Акадэмія навук і інш. Апроч таго, што існавалі Кракаўскі, Віленскі і Кіева-Магілянскі ўніверсітэты, на землях былой Рэчы Паспалітай у ХІХ ст. таксама пачалі ўзнікаць і пашырацца навуковыя асяродкі. У 1815 г. узнікла Кракаўскае навуковае таварыства. У 1919 г. у Варшаве ўзнікла Польская Акадэмія ведаў. У лістападзе 1919 г. ў Кіеве па ініцыятыве вядомага біяхіміка Ўладзіміра Іванавіча Вярнадскага і ўкраінскага гетмана П.П.Скарападскага была заснавана Акадэмія навук Украіны. У студзені 1929 г. была заснавана ў Мінску Беларуская Акадэмія навук (БАН). Асновай БАН стаў Інстытут беларускай культуры, што існаваў з лютага 1921 г.

У межах гэтых аб’яднанняў навукоўцаў былі вызначаны спосабы матэрыяльнай і духоўнай падтрымкі вучоных, іх арганізацыя і правілы ўзаемадзеяння ўнутры асяродку і са светам, публікацыі навуковых твораў і азнаямлення грамадства з навуковымі дасягненнямі, прыцягнення інвестыцый і сувязі з эканомікай. Тое і ёсць навука як сацыяльны інстытут.

На сённяшні час існуе шмат навуковых інстытутаў, лабараторый, акадэмій, аб’яднанняў. Болей таго, у ХХ ст. навука стала глабальнай з’явай. Напрыклад, заснаваны ў 1931 г. Міжнароны савет навуковых аб’яднанняў (International Council of scientific unions) у Парыжы, заснаваны ў 1949 г. пад эгідай ЮНЭСКА (сакратарыят у Парыжы) Міжнародны савет па філасофіі і гуманітарных даследаваннях (International Council for Philosophy and Humanistic Studies), а з 1952 г. — Міжнародны савет сацыяльных навук (International Social Science Council), заснаваная ў 1950 г. (галоўны офіс зноў жа у Парыжы) Міжнародная асацыяцыя ўніверсітэтаў (Internation Association of Universities). Варта пералічыць таксама ўніверсітэты і інстытуты ў краінах, дзе знаходзяцца мацнейшыя асяродкі вывучэння гісторыі навукі і тэхнікі: універсітэты Вісконсін-Мэдысан, Прынстанскі, Каліфорнійскі (Берклі), Калумбійскі, Гарвардскі, Чыкага, Новага Арэгону, Масачусэтскі Тэхналагічны (ЗША), універсітэты Кэмбрыджа, Манчэстэра, Глазга, Каралеўскі Белфаста і Лонданскі Каледж (Вялікабрытанія), Трыніці-Каледж (Дублін, Ірландыя), універсітэт Таронта (Канада), Аддзел гісторыі навук Інстытута Макса Планка і Універсітэт А.Гумбальда (Берлін, Германія), універсітэты Сарбона і Нотр-Дам (Парыж, Францыя), універсітэт Salesiana ў Рыме (Ватыкан), універсітэты Архуса (Данія) і Утрэхта (Нідэрланды), Інстытут гісторыі навук Польскай Акадэміі навук (Instytut historii Nauki, Oświary i Techniki PAN), Інстытут гісторыі навукі і тэхнікі РАН (Расійскай акадэміі навук), Цэнтр даследаванняў імя Г.М. Даброва Нацыянальнай Акадэміі навук Украіны, Інстытут гісторыі НАН Беларусі, Такійскі і Осакскі ўніверсітэты (Японія), Інстытут гісторыі прыродазнаўства АН КНР і Ўсходне-Кітайскі педагагічны ўніверсітэт у Шанхаі (Кітай), мн.інш.

Адзначым, што сёння не меней 70% вынаходніцтваў у навукова-тэхнічнай сферы ажыццяўляецца ў прыватным сектары. Выключная роля буйнейшых кампаній у свеце ў галіне камп’ютарных і бія-тэхналогій, фармацэўтыкі і медыцыны, машынабудавання і металаапрацоўкі, электратэхнікі, хімічнай, касметычнай і харчовай прадукцыі, авіяцыйнай і вайсковай прамысловасцях. У мноства такіх кампаній ёсць уласныя навукова-даследчыя лабараторыя, інстытуты, навуковыя цэнтры. Сярод іх буйнейшыя ў свеце кампаніі ЗША (Apple, Microsoft, Google, IBA, Amgen, Dell, Cisco, Boeing, Tesla Motors, Gilead, Biogen, Dow Chemical, Hewlett-Packard, General Electric, DuPont і інш.), Еўрапейскага Саюза (BMW, Bayer, BASF, AXA, Daimler AG, Siemens, Volkswagen Group, Renault Group, Philips, EAPS і інш.), Швейцарыі (Nestle, Roche), Японіі (Tayota, Toshiba, Panasonic, Hitachi, Sony, Mitsubishi Group), Паўднёвай Карэі (Samsung, LG, Hyundai Motor), Кітая (Tencent, NEC, Sinopec, Lenovo, Huawei, ChemChina і інш.), Індыі (Biocon, GE, Infosys, Tata Motors), Ізраэля, Канады, Сінгапура, Тайваня (Foxconn). Апроч таго прыватныя фірмы фінансуюць у найразвітых краінах сучаснасці навуку, адукацыю і тэхналогіі праз венчурныя фонды, і маюць з таго істотныя палёгкі ў сплаце падаткаў.

На сёння выдаецца нямала навуковых часопісаў, утым ліку ў элоектронным выглядзе. Вакол гэтых часопісаў таксама гуртуюцца навуковыя асяродкі, а значыць і навука. Так, у Бібліятэцы БДУ можна знайсці: выданні «Навука і інавацыі» і «Механіка машын, механізмаў і матэрыялаў» НАН Беларусі (htpp://innosfera.org; htpp://oim.by), штомесячнік РАН «Научно-техническая информация», штомесячнік «Наука и жизнь» (htpp://nkj.ru), міжнародны часопіс «Наукові вісті» Кіеўскага палітэхнічнага інстытуту (htpp://bulletin.kpi.ua), «Веснік БДУ: Серыі 1, 2, 3 і 4» і інш.


1.7. Пачатак тэхнікі у гісторыі чалавецтва і яе значэнне.

Пачатак тэхнікі як штучна створанай чалавекам рэальнасці – адносіцца да самых першых праяваў чалавечай свядомай дзейнасці, культуры. Вядома, што яшчэ т.зв. «чалавек умелы» альбо Homo habilis у час блізу 2 млн гадоў таму вырабляў прадметы працы з дапамогай камянёў, касцей, дрэва. Праблему ж для навукі складае вызначэнне таго моманту ў гісторыі, калі Homo habilis пачаў не інстынктыўна, а свядома вырабляць прадметы працы па ўзоры тых, што былі раней зроблены ім. Ёсць меркаванні, што тое адносіцца да 800–600 тыс. год таму15. Па часе гэта супадае з познім этапам ашэльскай культурай папярэдніка Homo habilis, што блізу 800 тыс. год таму вырабляў першыя каменныя сякеры і, паводле знаходак у Гешэр-Бнот-Якаў (Ізраіль), пачаў рэгулярна карыстацца агнём16.

Паводле ж амерыканскага археолага Льюіса Роберта Бінфорда тэхніка з’яўляецца блізу 40 тыс. год да н.э. – тады, калі Homo sapiens (альбо «чалавек сучаснага тыпу») пачаў мэтаскіравана з дапамогай камянёў трушчыць коскі жывёл каб здабыць пажыўны касцявы мозг17.

Неабходна завярнуць увагу на тое, што прыведзеныя вышэй канцэпцыі зараджэння тэхнікі абапіраюцца толькі на археалагічныя знаходкі інструментаў – тых арудый працы, з дапамогай якіх чалавек непасрэдна ўздзейнічае на прадметы. Аднак чалавек мог скарыстоўваць скуры жывёл каб ляжаць на іх і накрывацца імі, захоўваць і піць з ракавін ці чарапахавыз панцыраў, інш. ваду і сок раслін, вырабляць і карыстанне нейкімі прымітыўнымі лекамі і ўпрагажэннямі. Аднак у адрозненні ад арудый з камянёў і костак іншыя вырабленыя чалакам рэчы не захаваліся. Таму можна гаварыць аб дастаткова ўмоўным храналагічным пачатку тэхнікі. Тое і не дзіўна, бо сучасныя вопыты паказалі, што шымпанзэ і інш. вышэйшыя прыматы – карыстаюцца камянямі і палкамі як арудыямі. Калі ж паставіць пытанне аб пачатку свядомага вырабу старажытнымі людзьмі прыладаў працы, то мы сутыкаемся з пытаннем аб пачатку свядомасці (таксама як і мовы і культуры) у чалавеку. Лічыцца, што праца з дапамогай рук вяла развіцця мозгу чалавека, да зараджэння ў яго абстрактнага мышлення і мовы.

Перадусім неабходна заўважыць, што ўласна гісторыя чалавека як разумнай істоты, што мае элементарнае ўяўленне аб сабе і здольна актыўна пераўтвараць свет навокал сябе, — ёсць гісторыя чалавека ў свеце тэхнікі. Гэты абшар тэхнікі — ёсць тое штучнае асяроддзе, што вылучае чалавека са свету прыроды. Болей таго, стварыўшы тэхніку (першыя прылады працы і прыстасаванні) гамінід стварыў сябе як чалавека. Не дарэмна аб тым жа гавораць даўнія міфы аб продку-героі (Праметэі), што даў чалавеку вылучыцца з прыроды, спазнаць боскі дар ведаў і ў пэўным сэнсе ўзвысіцца над прыродай. Зразумець гэта можна і так, што чалавек праз веды (навука) і іх прымяненне (тэхніка) перамог у сабе звера (прыроду) і стаў чалавекам (альбо стварыў цывілізацыю і ўласна стаў цывілізаваным чалавекам).

  1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   22


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка