Раздзел Інфармацыйна-камп’ютэрныя тэхналогіі Дыстанцыйнае навучанне. Біяграфія Васіля Быкава з выкарыстаннем




Дата канвертавання09.10.2017
Памер390.19 Kb.
Раздзел 4. Інфармацыйна-камп’ютэрныя тэхналогіі
4.1. Дыстанцыйнае навучанне. Біяграфія Васіля Быкава з выкарыстаннем

Інтэрнэту
Апошнім часам у педагагічным друку ўсё часцей сустракаюцца публікацыі пра дыстанцыйнае навучанне, электронны падручнік ці Інтэрнэт-урок, якія, як сцвярджаюць навукоўцы, у XXI ст. стануць самай эфектыўнай формай навучання і падрыхтоўкі спецыялістаў. Заняткі аб'ядноўвае тое, што арганізуюцца яны на базе камп'ютэрных тэхналогій, такіх, як Інтэрнэт, электронная пошта, тэлебачанне і інш.

Дзякуючы доступу да Інтэрнэту сучасныя школьнікі і студэнты могуць засвоіць праграму, атрымаць неабходны навучальны матэрыял практычна па любой дысцыпліне ў электронным ці друкаваным выглядзе і - самае важнае - авалодаць ім самастойна, без выкладчыка. Роля настаўніка тут мяняецца на ролю кансультанта, партнёра па творчым пошуку. На яго ўскладаюцца функцыі каардынацыі працэсу і карэкцыі выкладанага курса.

З дапамогай Інтэрнэту навучэнец на значнай адлегласці і не выходзячы з дому можа ўжо сёння адкрыць сайты электронных бібліятэк і за лічаныя секунды знайсці патрэбныя раздзел кнігі, параграф, цытату, кінафільм, табліцу ці мастацкі твор. Камп'ютэрная сістэма таксама дае вучню мажлівасць на адлегласці праверыць веды па вывучанай тэме, выявіць дапушчаныя памылкі і атрымаць адпаведныя рэкамендацыі.

Характэрнай асаблівасцю дыстанцыйнага навучання з'яўляецца тое, што вучні могуць не наведваць заняткі ў навучальнай установе, а выбіраць для працы зручныя для сябе час, месца і тэмп. У аснову такога навучання пакладзены модульны прынцып: прымяненне інструкцый для самастойнай ці групавой працы з інфармацыйнымі крыніцамі сеткі.

Такім чынам, дыстанцыйнае навучанне — гэта атрыманне навучэнцамі ведаў па пэўнай галіне навукі на любой адлегласці і ў любы час з дапамогай камп'ютэрных тэхналогій без наведвання навучальнай установы.

Інтэрнэт відавочна пранікае ў адукацыйную галіну. Прагрэсіўныя педагогі нашай краіны для таго, каб надаць эфектыўнасць і прывіць цікавасць да свайго прадмета, сёння выкарыстоўваюць у навучальна-выхаваўчым працэсе камп'ютэрныя тэхналогіі. Такі падыход дазваляе сучаснаму выкладчыку вырашаць наступныя метадычныя задачы:



  1. фармаваць у школьнікаў устойлівую матывацыю вучыцца,

2) развіваць уменні самастойнай працы з навучальным матэрыялам,

3) выпрацоўваць крытычнае мысленне ва ўмовах карыстання вялікім аб'ёмам інфармацыі,

4) паспяхова развіваць здольнасці індывідуальнай працы і ў камандзе,

5) удасканальваць навыкі самаадукацыі і самакантролю.

Настаўнік беларускай літаратуры ўжо цяпер можа выкарыстаць Інтэрнэт як дапаможны сродак на занятках ці арганізаваць асобны Інтэрнэт-урок.

На сёння ёсць тры рэсурсы, прысвечаныя класікам беларускай літаратуры: Максіму Багдановічу (http:// bogdanovich149.narod.ru), Уладзіміру Караткевічу (http:// uladzimir-karatkevich.iatp.by) і Васілю Быкаву (www.bykau.by.ru). Гэтыя сайты нельга пакінуць па-за ўвагай сучасных школьнікаў, асабліва на ўроках літаратуры ў 10-11-ых класах агульнаадука-

цыйных школ, гімназій і ліцэяў.

3 улікам магчымых збояў у сеціве і з мэтай эканоміі фінансавых сродкаў настаўніку беларускай мовы і літаратуры варта за некалькі дзён да планаванага ўрока зайсці на сайт "Васіль Быкаў" і скапіяваць патрэбны матэрыял у папку камп'ютэра "Мае дакументы" ці на дыскету. Перад заняткамі гэты матэрыял можна вельмі хутка перанесці на персанальныя камп'ютэры.



Мэты ўрока: паўтарыць і сістэматызаваць веды школьнікаў па раней вывучаных творах пісьменніка; пры дапамозе новых камп'ютэрных тэхналогій пазнаёміць адзінаццацікласнікаў з асноўнымі этапамі жыцця і творчасці класіка, з грамадзянскай пазіцыяй Васіля Быкава; зацікавіць старшакласнікаў неардынарнай асобай празаіка і яго кнігамі; выхоўваць пачуццё нацыянальнай самасвядомасці.

Каб на ўроку стварыць адпаведны настрой вучняў і творчую атмасферу, на школьнай дошцы пасля тэмы можна змясціць на фоне ручніка партрэт Васіля Быкава. Пад ім - паставіць у гарлачыку сімвалічны букет з жытнёвых каласкоў і васількоў. Побач з партрэтам празаіка варта змясціць на плакаце ці запісаць крэйдай на дошцы эпіграфы да заняткаў: "Васіль Быкаў, як той васілёк у жыце Беларушчыны, робіць зямлю нашую бліжэйшай да неба, а неба слова беларускага -вышэйшым" (Рыгор Барадулін);

ці

Будуць часам ідалы раструшчаны.

Свет разумны стоміцца ад крыкаў.

Васільком у жыце Беларушчыны

Назаўсёды застанецца Быкаў!

Рыгор Барадулін;

ці: "Лёс збярог нам Васіля Быкава, каб ён жыў і пісаў ад імя цэлага пакалення, ад імя тых, што юнакамі спазналі вайну і ўзмужнелі духам са зброяй у руках, для якіх дзень жыцця быў роўны веку жыцця" (Чынгіз Айтматаў).

Добра, каб належнае месца ля партрэта заняла і выстава быкаўскіх кніг, фотаздымкаў, а таксама афіш да кінафільмаў, балета і оперы, што зняты і пастаўлены паводле твораў пісьменніка.

Інтэрнэт-урок па біяграфіі Васіля Быкава можна пачаць традыцыйна з асэнсавання згаданых эпіграфаў і невялікага ўступнага слова настаўніка, у якім можна сказаць, што, паводле звестак ІОНЕСКА, напрыканцы 70-х гг. XX ст. Васіль Быкаў быў адным з самых вядомых пісьменнікаў у свеце. Ды і сёння не зменшылася яго папулярнасць: быкаўскія творы перакладзеныя больш чым на пяцьдзесят моваў свету, у тым ліку на англійскую, іспанскую, італьянскую, нямецкую, французскую, японскую. Кнігі В. Быкава выходзілі ў Варшаве, Берліне, Празе, Будапешце, Сафіі, Мілане, Парыжы, Лондане, Каіры. Пра яго і сёння пішуць у папулярных газетах Расеі, Францыі, Германіі, Італіі, Польшчы, Швецыі, Фінляндыі...

Васіль Быкаў узнагароджаны Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай працы, ордэнам Айчыннай вайны I ступені, яму нададзена ганаровае званне "Народны пісьменнік Беларусі", ён уганараваны Ленінскай прэміяй за аповесць "Знак бяды" і Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Якуба Коласа за аповесці "Воўчая зграя", "Яго батальён", прэстыжнай расейскай прэміяй "Трыумф".

Для актывізацыі апорных ведаў па матэрыяле, вывучаным у6-8-ых класах, настаўнік можа правесці з вучнямі франтальную гутарку па пытаннях:

— Што вы ведаеце пра жыццё і творчасць Васіля Быкава, яго ўдзел у грамадскім жыцці Беларусі?



  • 3 якімі творамі празаіка вы пазнаёміліся?

  • Чым яны запомніліся?

— Якія героі асабліва ўсхвалявалі, уразілі і чаму?

Настаўніцкі вопыт паказвае, што веды па біяграфіі ў адзінаццацікласнікаў практычна адсутнічаюць. Больш упэўнена адчуваюць сябе вучні ў час абмеркавання апавяданняў "Сваякі", "Адна ноч", "На Чорных лядах" і аповесцяў "Абеліск" і "Жураўліны крык".

Пасля пастаноўкі мэты і задач урока настаўнік прапануе старшакласнікам з дапамогай рэсурсаў Інтэрнэту звярнуцца да зместу электроннага сайта www.bykau.by.ru.

Каб праца школьнікаў была больш эфектыўнай і мэтанакіраванай, настаўнік павінен сцісла пазнаёміць іх з асноўнымі раздзеламі сайта — "Біяграфія", "Артыкулы", "Фота", "Творы", "Бібліяграфія" і прапанаваць модульную праграму для самастойнай ці парнай работы:



  1. Прачытайце на сайце сціслую біяграфію Басіля Быкава і запішыце ў сшытках па літаратуры яе план, які стане асноўным матэрыялам для вуснага паведамлення (рыхтуецца дома).

  2. Адкрыйце файл пад назвай "План біяграфіі В. Быкава" ў папцы камп'ютэра "Мае дакументы" і параўнайце свой план з настаўніцкім, зрабіце карэктывы ў сваім сшытку.

(Змест файла "План біяграфіі В. Быкава": 1. Некалькі радкоў пра радзіму, навучанне і франтавы шлях пісьменніка. 2. Час апублікавання і тэматыка ранніх быкаўскіх твораў. 3. Узнагароды за творчасць. 4. Экранізацыя. 5. Жыццё і праца ў Гродне. 6. Праблемы ў сярэдзіне 1990-х гг. Жыццё за мяжой. 7. Адкрыццё памятнага знака ў райцэнтры Старыя Дарогі. 8. Смерць Васіля Быкава.)

3. Самаcтойна пазнаёмцеся ў рубрыцы "Бібліяграфія" з пералікам твораў Васіля Быкава і іх перакладаў. Выпішыце найбольш перакладаныя, а значыць вядомыя.

4. Давайце зверымся і зробім карэктывы. Для параўнання адкрыйце папку камп'ютэра "Мае дакументы" і ў ёй файл "Папулярныя быкаўскія творы".

(Адказ: "Трэцяя ракета", "Абеліск", "Сотнікаў", "Альпійская балада" перакладзены на англійскую, нямецкую, рускую, чэшскую і іншыя мовы.)



  1. У рубрыцы "Фота" паглядзіце фотаздымкі пісьменніка і яго сяброў. Занатуйце ў сшытак па літаратуры прозвішчы найбольш слынных людзей, з якімі Васіль Быкаў меў цесныя стасункі.

  2. Давайце зноў зверымся і зробім карэктывы. Адкрыйце для параўнання файл "Сябры пісьменніка" ў папцы "Мае дакументы".

(Адказ: Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін і інш.)

  1. У рубрыцы "Творы, прысвечаныя Васілю Быкаву" пазнаёмцеся з вершамі Рыгора Барадуліна і Уладзіміра Караткевіча. Выпішыце найбольш трапныя выразныя мастацкія сродкі, якімі паэты характарызавалі класіка.

  2. Давайце зверымся і зробім карэктывы. Адкрыйце для адказу файл "Тропы".

[Васіль Быкаў - "анёл, Гаспадар Беларусі" (Р. Барадулін), "рыцар сумлення і свабоды" (У. Караткевіч).]

9. Самастойна прачытайце артыкул Валянціна Акудовіча "Чаму Васілю Быкаву не далі Нобелеўскай прэміі?" і пісьмова дайце сціслы адказ на пастаўленае пытанне. Ці згодны вы з думкай публіцыста? Чаму?

10. У файле "Нобелеўская прэмія" знайдзіце цытаты-адказы на
гэтае заданне.

(«...толькі фармальна "Нобелем" узнагароджваюць некага персанальна, а насамрэч гэта прэмія кантыненту, рэгіёну, краіне... »; «З гэтага вынікае, што праблему "Быкаў — Нобель" будзе лагічна перафармуляваць на праблему "Беларусь — Нобель"...»; "...не далі таму, што некаму гэтага вельмі моцна не хацелася... даць Нобелеўскую прэмію Васілю Быкаву — азначала легалізаваць Беларусь у якасці эстэтычнага, інтэлектуальнага і... этычнага суб'екта сусветнай супольнасці"; "Скасаваць краіну, якая мае свайго Нобелеўскага лаўрэата, значна складаней, чым скасаваць краіну, якая яго не мае".)

Звычайна дыстанцыйны ўрок заканчваецца кантрольна-рэфлексійным этапам: праводзіцца невялікі зрэз ведаў, атрыманых з дапамогай рэсурсаў Інтэрнэту. Але на такім нетрадыцыйным уроку літаратуры мэтазгодна правесці гутарку для выяўлення вучнёўскіх уражанняў і думак, каб настаўнік мог удасканальваць методыку такіх заняткаў.

Кантрольныя пытанні пажадана даць на другім уроку ў час праверкі дамашняга задання ў форме тэстаў, што знаходзяцца на с. 103 - 107 кнігі "Беларуская літаратура. Тэсты. XI клас: Дапаможнік для навучэнцаў агульнаадукацыйных школ, гімназій, ліцэяў" / Аўтары-скл. Гарадко Г. і інш, - Мінск, 2001.



Дамашняе заданне: на аснове запісаў канспекта і артыкулаў (с. 324 -337) навучальнага дапаможніка для 11 класа агульнаадукацыйнай школы (Ішчанка Г. і інш. / Пад рэд. В. Ляшук. Мінск, 2002) падрыхтаваць вуснае паведамленне па тэме ўрока.

Такі ўрок можна праводзіць і з захварэлымі вучнямі, якія маюць дома доступ да Інтэрнэту і гэты канспект-модуль.

Школьны ўрок, такім чынам, перастае ўспрымацца як адзіны шлях атрымання ведаў, ён — толькі адна з яго формаў. Выкарыстанне нават элементаў дыстанцыйнага навучання ў звычайным навучальна-выхаваўчым працэсе дазваляе зрабіць яго жывым, цікавым і творчым.

4.2. Дыдактычныя мадэлі правядзення заняткаў з прымяненнем

мультымедыа сродкаў. Прэзентацыя тэмы “Тыпы аднасастаўных

сказаў” у 8-ым класе


Англійская прыстаўка multi (мульты) асацыіруецца ў чытача са словамі “мультфільм”,

“мультыплікатар”, “мультымільянер” і інш. У сувязі з развіццём і ўдасканаленнем камп’ютэрнай тэхнікі з 90-ых гадоў мінулага стагоддзя стаў шырока вядомы і яшчэ адзін тэрмін – мультымедыа.

Што датычыцца лексічнага значэння гэтага слова, то яно складаецца з дзвюх частак: multi, што ў перакладзе абазначае “многа, шмат”, і media – “асяроддзе”. У слоўніку тэрмінаў (гл. вучэбны дапаможнік для сярэдняй школы “Агульная інфарматыка. – Масква , 2003) аўтары С.Сімановіч, Г.Яўсееў і А.Аляксееў даюць наступнае азначэнне: “Мультымедыа – гэта аб’яднанне ў адным дакуменце гукавой, музычнай і відэаінфармацыі з мэтай імітацыі ўздзеяння рэальнага свету на органы пачуццяў”.

Сапраўды, дзякуючы выкарыстанню такой камп’ютэрнай тэхналогіі на сучасным уроку школьнік мае мажлівасць успрымаць неабходную інфармацыю адначасова некалькімі органамі пачуццяў, а не паслядоўна, як гэта звычайна бывае пры традыцыйным выкладанні. На сёння мультымедыйная сістэма ўжо замяніла і выдатна спалучыла ў адно цэлае добра знаёмыя настаўніку графапраектар, ці кадаскоп, дыяпраектар (фільмаскоп), эпіпраектар, прайгравальнік і магнітафон.

Перавага мультымедыйнай праграмы яшчэ і ў тым, што вучань падчас самастойнай дзейнасці як на ўроку, так і дома можа выбіраць уласны тэмп працы, пасільны аб’ём інфармацыі і ступень яе цяжкасці . Такі прыём выкладання і навучання дае настаўніку мажлівасць з поспехам рэалізоўваць дыферэнцыяваны падыход у навучанні. Дзеці больш грунтоўна запамінаюць новы матэрыял, павышаецца іх матывацыя да пазнання школьных прадметаў, значна эканоміцца час на выкананне трэніровачна-карэкцыйных заданняў, развіваецца наглядна-вобразнае мысленне, фарміруецца ўменне работы з інфармацыяй: яе пошук, адбор і перапрацоўка.

З дапамогай камп’ютэрнай графічнай праграмы PowerPoint настаўнік пры жаданні можа сам стварыць і паказаць вучням на экране набор слайдаў з разнастайнымі схемамі, табліцамі, малюнкамі, фотаздымкамі, неабходным тэкстам. Таксама ёсць магчымасць дэманстраваць анімацыйныя фільмы, відэакліпы, слухаць мелодыі як на ўроках мовы, так і літаратуры. Прафесійна падрыхтаваная дэманстрацыя пэўнай інфармацыі ў навуцы, адукацыі, бізнесе, медыцыне, прамысловасці і іншых галінах чалавечай дзейнасці называецца яшчэ і прэзентацыяй .

Раней урок, на якім выкарыстоўвалася камп’ютэрная тэхніка і праграмныя сродкі навучання, у дыдактыцы называўся “ўрокам з камп’ютэрнай падтрымкай”. Затым шырокае выкарыстанне настаўніцтвам сродкаў мультымедыа нарадзіла новую назву – “мультымедыа – ўрок”. Для больш зручнага вымаўлення з цягам часу і гэтае слова скарацілася, і цяпер у педагагічнай літаратуры найчасцей ужываецца “медыа-ўрок”.

Перш чым уводзіць новыя мультымедыйныя сродкі навучання ў вучэбна-выхаваўчы працэс, настаўнік павінен усвядоміць педагагічную мэтазгоднасць прымянення камп’ютэрнай тэхнікі на ўроку: што ў выніку гэта дасць вучням і самому педагогу-карыстальніку.

Зразумела, што камп’ютэр ніколі не заменіць настаўніка, а толькі дапаможа зрабіць яго працу больш эфектыўнай. Па-першае, педагог на медыа-ўроку часцей за ўсё выступае ў якасці кансультанта, а гэта значыць, ён зможа адвесці на індывідуальную работу з вучнямі больш часу. Па-другое, ёсць унікальная магчымасць зрабіць урокі роднай мовы і літаратуры больш цікавымі, нагляднымі і дынамічнымі. Па-трэцяе, школьнікі за даволі кароткі тэрмін нашмат лепш запамінаюць неабходны матэрыял, больш глыбока ўсведамляюць яго сутнасць.

Мультымедыа-ўрок – гэта таксама тып урока фарміравання новых ведаў, як і ўрок-лекцыя, урок-семінар, урок-экскурсія, урок-даследаванне. Праводзіць яго можна ў звычайным класе, які абсталяваны камплектам апаратных сродкаў. Для дэманстрацыі неабходны камп’ютэр, спецыяльны праектар, экран, гукавыя калонкі і наяўнасць прыстасаванняў для дыскет і кампакт-дыскаў.

На сёння беларускамоўныя электронныя падручнікі і энцыклапедыі па мове і літаратуры адсутнічаюць. Прапануем некаторыя рэсурсы беларуска-рускамоўных сайтаў, якія можна часткова ці поўнасцю выкарыстаць для стварэння ўласнай прэзентацыі новай тэмы :

http://natlib.org.by (Нацыянальнай бібліятэкі),

www.kniha.by.ru (творы мастацкай літаратуры),

http://literatura.at.tut.by (партал беларускай літаратуры),

www.lim.by (газета “Літаратура і мастацтва”),

www.dziejaslou.by (часопіс “Дзеяслоў”)

http://starbel.narod.ru (гісторыя Беларусі IX-XVIII стст.),

www.znyata.com (беларускі фотапартал),

www.apx-by.info (архітэктура Беларусі),

http://globus.tut.by (помнікі архітэктуры Беларусі),

www.krayavid.znyata.com ( маладзёжнае фота),

www.arthistory.ru (гісторыя сусветнага мастацтва),

www.kupala-theatre.by ( Нацыянальны акадэмічны тэатр

імя Я.Купалы),



http://rtbd.of.by (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі),

http://museum.bsu.by (Нацыянальны мастацкі музей

Рэспублікі Беларусь),



www.wallpapers.km.ru (разнастайныя тэматычныя фотаздымкі),

http://pogudo.bas-net.by (Літаратурныя музеі

М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа),



www.bykau.by.ru (Васіль Быкаў),

www.pesniary.com (ансамбль “Песняры”),

www.palac.org (гурт “Палац”),

www.troitsa.net (гурт “Троіца”),

http://bogdanovich149.narod.ru (Максім Багдановіч),

http://uladzimir-karatkevich.iatp.by (Уладзімір Караткевіч),

www.brest.by ( Брэсцкая крэпасць-герой) і інш.

З гэтых сайтаў педагог мае мажлівасць узяць для мультымедыа-ўрока неабходныя тэксты, фотаздымкі і мелодыі. Самастойна створаныя настаўнікам інфармацыйныя і адукацыйныя распрацоўкі могуць выкарыстоўвацца для франтальнага, групавога і індывідуальнага навучання ў адукацыйнай установе, а таксама для самастойнай працы вучняў дома.

Распрацаваць першы камплект вучэбна-метадычных матэрыялаў настаўніку-філолагу будзе складана. Добра, калі гэта зробіць выкладчык інфарматыкі ці аматар-знаўца медыа-тэхналогіі. Але, бясспрэчна, што без папярэдне прадуманай паслядоўнасці слайдаў прэзентацыя атрымаецца няўдалай. Таму настаўніку патрэбна скрупулёзна спланаваць сваё бачанне выкладу новай тэмы.

У час праектавання мультымедыа-ўрока рэкамендуецца ўлічваць і захоўваць некаторыя санітарна-гігіенічныя правілы і патрабаванні. Для школьнікаў шостых-сёмых класаў можна адвесці да дваццаці хвілін часу на бесперапынную працу за камп’ютэрам, для

восьмых-дзевятых класаў – да дваццаці пяці хвілін, для старшакласнікаў – да трыццаці. З мэтай зніжэння стамляльнасці вучняў прапануем працу за камп’ютэрам чаргаваць з працай за дадатковым сталом : спалучаць прагляд прэзентацыйнага матэрыялу на маніторы ці экране з выкананнем разнастайных трэніровачна-карэкцыйных практыкаванняў і заданняў.

Якім жа чынам дастасаваць мультымедыйную тэхналогію да ўрока беларускай мовы ? Паспрабуем праілюстраваць гэта на асноўных яго этапах і фрагментах, напрыклад, па тэме “Тыпы аднасастаўных сказаў ” ў 8-ым класе (ўводны ўрок).

Як паказвае педагагічны вопыт, гэты матэрыял засвойваецца вучнямі з цяжкасцю, таму мы прапануем вывучаць яго з дапамогай мультымедыйных сродкаў, выкарыстоўваючы прыём блокавай падачы паняццяў адразу ўсіх пяці тыпаў аднасастаўных сказаў: пэўна-асабовыя , няпэўна-асабовыя, безасабовыя , абагульнена-асабовыя і назыўныя . Усе названыя віды сказаў з адным галоўным членам засвойваюцца школьнікамі больш эфектыўна, калі параўноўваюцца між сабой. І хоць праграмай па мове на вывучэнне тыпаў (відаў) аднасастаўных сказаў адводзіцца да шасці гадзін, прапануем ужо на ўводным уроку прэзентаваць усе іх віды.
Перш чым пачаць прэзентацыю, на матывацыйным этапе ў ходзе франтальнай гутаркі неабходна ўзнавіць веды вучняў пра безасабовыя дзеясловы, іх ужыванне і ролю ў тэксце.

Каб увесці васьмікласнікаў у новую тэму, можа выкарыстаць загадзя запісанае на дошцы тэставае заданне, якое звычайна прапануецца выпускнікам на абавязковым цэнтралізаваным тэсціраванні па беларускай мове з варыянта B:



Вызначце тып аднасастаўнага сказа:

Кінь саромецца мовы сваёй,

Зваць сябе беларусам пачні,

Папрацуй над сялібай сваёй,

А пасля з ціхатой адпачні !..

М.Чарот
1) безасабовы

2) пэўна-асабовы

3) няпэўна-асабовы

4) абагульнена-асабовы

5) назыўны


Такі падыход, безумоўна, павышае цікавасць вучняў да новага матэрыялу, практычна ніхто з іх не можа даць правільны адказ — узнікла праблемная сітуацыя.

3. На інфармацыйным і трэніровачна-карэкцыйным этапах ўрока, пасля пастаноўкі вучнямі яго мэты і задач, настаўнік прапануе класу ўважліва паслухаць лекцыю і актыўна ўключыцца ў калектыўную працу па засваенні тэмы “Тыпы аднасастаўных сказаў”.

Звычайна любая прэзентацыя пачынаецца тытульным слайдам, на якім аб’яўлена яе тэма :

На другім пажадана адлюстраваць мэту і задачы заняткаў:



Выхаваўчай мэтай урока стане рэалізацыя педагогам актуальнай ідэі фарміравання ў школьнікаў нацыянальнай самасвядомасці, грамадзянскай пазіцыі і ўсведамлення неабходнасці беражлівых адносін і павагі да беларускай мовы.

Для чытача, які пакуль не мае ўяўлення пра мультымедыйную прэзентацыю, патлумачым, што практычна на кожным слайдзе неабходныя аб’екты да тэмы з’яўляюцца на экране не ў гатовым выглядзе, як паказана ў дадзеных кадрах, а іх прадстаўленне адбываецца паступова, пасля чарговага шчаўчка “мышкаю”. Напрыклад, у час тлумачэння новага матэрыялу з выкарыстаннем ніжэй змешчанага слайда запланаваныя рознакаляровыя аб’екты будуць з’яўляцца па чарзе, па загадзя прадуманаму сцэнарыю. Вось як гэты парадак будзе выглядаць у лічбавым эквіваленце – ад (1) да (12):



На наступных пяці слайдах неабходны тэарэтычны матэрыял пабудаваны і выкладаецца на аснове агульнага прынцыпу : спачатку на экране з’яўляецца азначэнне пэўнага тыпу аднасастаўнага сказа, затым узнікае апорная схема, а напрыканцы веды падмацоўваюцца адпаведным сказам.

Шчаўчком камп’ютэрнай “мышкі” адкрываецца блок “Назыўны сказ” для азнаямлення і аналізу:


Настаўнік прапануе класу вусна з каментарыем выканаць практыкаванне 207 на старонках 101-102 падручніка Л.А.Антанюк , З.І.Бадзевіч і інш. “Беларуская мова: Сінтаксіс і пунктуацыя...”( 2000) , дзе вучням патрэбна вызначыць назыўныя сказы ў вершаваным тэксце.

Далей пажадана павесці гаворку пра тыпы аднасастаўных сказаў з галоўным членам выказнікам, прадэманстраваўшы яшчэ раз слайд № 3, і адкрыць новы аб’ект прэзентацыі – блок “Безасабовы сказ”:


Як зазначалася вышэй, да гэтага блока тэмы вучні былі падрыхтаваны ўжо на матывацыйным этапе, калі вялася размова пра безасабовыя дзеясловы. Для трэніроўкі і карэкцыі ведаў настаўнік рэкамендуе класу самастойна прыдумаць і запісаць два-тры безасабовыя сказы пра беларускую мову і вызначыць, чым у іх выражаны выказнікі.

Адкрыўшы паўторна слайд № 3, а пасля -- № 6, настаўнік акцэнтуе ўвагу на пэўна-асабовых сказах:

Для замацавання ведаў школьнікаў можна выканаць практыкаванне 180 (с.91), дзе прапануецца вызначыць асобу дзеясловаў-выказнікаў ў пэўна-асабовых сказах.

Падобнае тлумачэнне пра няпэўна-асабовыя і абагульнена-асабовыя сказы настаўнік правядзе па слайдах № 7 і № 8 :



Напрыканцы выкладу тэмы настаўнік прапануе класу выніковы слайд у выглядзе апорнай табліцы, якую пажадана раздрукаваць для кожнага вучня.


На кантрольна-рэфлексійным этапе ўрока прапануем васьмікласнікам у пары з суседам вызначыць тыпы аднасастаўных сказаў у вершы Генадзя Бураўкіна:

Слова наша роднае, хапала

На стагоддзі доўгія цябе.

Багдановіч, Колас і Купала

Прыпадалі да цябе ў журбе,

Адкідалі кпіны і абразу,

З дзён былых цягнулі ў заўтра ніць

І, хаця не ўсіх і не адразу,--

Навучылі ўсё ж цябе цаніць.

Вымытае ў гулкіх навальніцах,

Нам як запавет перадалі,

Каб пілі і не маглі напіцца

І ўзнялі наўздзіў усёй зямлі.


Матчына нявыцвілае слова,

Даўжнікі мы вечныя твае...

Так нам не хапае Куляшова.

Мележа так горка не стае.

Нам цяпер цябе на раздарожжах

Берагчы за іх і за сябе,

Даражыць пявучым гукам кожным,

Як зярняткам чыстым на сяўбе,

Каб не адляцела, як салоўка,

Не аглухла ў гуле бальшакоў...

Строга з нас вачэй не зводзіць Броўка.

Стоена ўзіраецца Лынькоў...

Мова продкаў нашых і нашчадкаў –

Шэпт дубровы і пчаліны звон, --

Нам цябе ласкава і ашчадна

Спазнаваць ажно да скону дзён.

Па чужых краях не пабірацца,

Не аддаць цябе на забыццё,

Наша невычэрпнае багацце,

Наша несмяротнае жыццё.


Пасля франтальнай праверкі адказаў настаўнік арганізуе калектыўны аналіз прыведзенага на самым пачатку ўрока тэста з варыянта B.

Час, які, магчыма, застанецца пасля мультымедыйнай прэзентацыі, можна прысвяціць абмеркаванню праблемы функцыянавання беларускай мовы ў нашым грамадстве ці на выяўленне вучнёўскіх ўражанняў, рэфлексій.

У якасці дамашняга задання настаўнік прапануе выканаць практыкаванне 216 на с.105, па ўмове якога неабходна вызначыць тыпы (віды) аднасастаўных сказаў і зрабіць іх сінтаксічны разбор.

На наступных уроках па тэме адбываецца канкрэтызацыя і замацаванне вывучанага матэрыялу, выпрацоўваюцца адпаведныя ўменні і навыкі.



4.3. Праграмаваны кантроль на ўроках літаратуры.

4.3.1.Рэкамендацыі да правядзення ўрока-заліку па жыццёвым і творчым шляху Янкі Купалы ў 10-ым класе з прымяненнем камп’ютэра
Здаецца, зусім нядаўна з'явіўся першы персанальны камп'ютэр, а ўжо сёння ён уваходзіць у наша паўсядзённае жыццё, як некалі каляровы тэлевізар ці відэамагнітафон. Камп'ютэр стаў не толькі неад'емным прадметам вывучэння на ўроках інфарматыкі ў сучаснай агульнаадукацыйнай школе, але, як паказвае вопыт, ён можа стаць добрым, надзейным і аб'ектыўньм памочнікам настаўніка — фізіка, географа, гісторыка, біёлага, а таксама і філолага.

Прапануем незвычайную форму кантроля за ведамі вучняў на ўроках беларускай літаратуры з дапамогай персанальнай электронна-вылічальнай машыны (ПЭВМ). Прыдатнымі для такой працы могуць паслужыць розныя яе мадэлі: тыпу "Карвет", "Няміга", "Ямаха", ДВК, ІВМ-сумяшчальны і многія іншыя, якія даволі распаўсюджаны ў навучальных установах нашай рэспублікі.

Метад выкарыстання камп'ютэра на падагульняльных занятках па літаратуры дастаткова эфектыўны: за адзін урок настаўнік мае мажлівасць без значных намаганняў праверыць веды школьнікаў 5-11-ых класаў па пэўнай вывучанай тэме, раздзеле, аб'ёмным мастацкім творы; аб'ектыўна ацаніць працу 20 - 30 вучняў пры наяўнасці ў кабінеце 10 — 17 персанальных электронна-вылічальных машын. Акрамя гэтага, заняткі на камп'ютэры выпрацоўваюць навыкі індывідуальнай працы і — самае галоўнае на сённяшні дзень — павышаць цікавасць да вывучэння літаратуры як прадмета.

Ніжэй змешчаная праграма зрэзаў ведаў у форме тэстаў не патрабуе ад вучня якіх-небудзь значных навыкаў і ўменняў па пытаннях праграмавання на ПЭВМ. У час эксперымента выявілася, што неабходны прынцып работы на камп'ютэры можна вывучыць за 2 - 3 хвіліны. Перад такім урокам пажадана правесці з класам невялікія ўводныя заняткі з мэтай псіхалагічнай адаптацыі да кабінета інфарматыкі, навучання элементарным прыёмам работы на машыне. Не лішнім момантам будзе невялікая гутарка па правілах тэхнікі бяспекі, дысцыпліны і гігіены.

Добра, калі на ўводныя заняткі настаўнік падрыхтуе пробны мікраматэрыял, праграму, набліжаную да тэмы будучага заліку.

Праграма-тэст даволі простая. Праўда, закласці яе ў "памяць" машыны па сіле толькі спецыялісту — настаўніку інфарматыкі ці добра падрыхтаванаму вучню-аматару. Філолагу не варта дужа хвалявацца за калегу, які згадзіўся запісаць праграму-тэст у ПЭВМ, нават калі ў наяўнасці ёсць звыш 10 камп'ютэраў. Канечне, праца над закладкай заданняў патрабуе значнага часу, адказнасці, празмернай увагі ды і фізічных сілаў. Але, дзякуючы носьбіту інфармацыі — магнітнаму дыску, дыскеце, — спецыяліст можа перанесці запісаны тэст з аднаго камп'ютэра на другі за некалькі хвілінаў. Ёсць спосаб перадаць тэст і па сетцы паміж камп'ютэрамі.

Каб праілюстраваць адметнасць афармлення заданняў, спецыфіку іх выканання, прывядзем найбольш тыповыя патрабаванні да запісу праграмы-тэста.

Пажадана ўсю структуру зрабіць у форме зменнага кадра, які лёгка пераключыць націскам клавішы "Еntеr" — "Увод".

На першым кадры-застаўцы патрэбна запісаць тэму заняткаў. На другім — мэту, але падаць яе варта з улікам узроставых асаблівасцяў школьнікаў. Добра, калі будуць агавораны і крытэрыі адзнак. Цэнтральным блокам праграмы з'яўляецца блок 20 - 30 пытанняў. Можна да пытанняў падаць варыятыўныя адказы, што дае мажлівасць вучню націскаць клавішу толькі з адпаведным, на яго думку, нумарам адказу. Пажадана, каб на экране манітора адразу высвечвалася, як адказаў вучань: "правільна" ці "памылкова". Калі памыліўся, то які варыянт правільны.

Аформіць кадр прапануем наступным чынам:



  1. Пад пэўным нумарам запісаць змест пытання.

2. Праз інтэрвал падаць магчымыя варыянты адказу.

3. Затым змясціць інфармацыю аб правільнасці ці памылковасці адказу.

4. Калі вучань памыліўся, то варта ўвесці інфармацыю з правільным нумарам адказу.

5.У правым верхнім куце змясціць табло падліку.



Гэта можа выглядаць на экране так:


Дапусцім варыянт памылковага адказу. Тады інфармацыя будзе выглядаць наступным чынам:


Каб надаць жывасць "дыялогу" вучня з камп’ютэрам, прапануем увесці гукавое афармленне: на станоўчы адказ можна запісаць прывітальныя сігналы, на памылковыя — сумныя, працяжныя. Такое гукавое суправаджэнне ўласціва амаль кожнай мадэлі камп'ютэра.

На апошнім кадры праграмы пажадана змясціць падагульняльную табліцу. Напрыклад:


Запісаную праграму-тэст добра захоўваць на магнітным дыску, які без асаблівых праблем можна выкарыстаць і ў наступным навучальным годзе. Такім чынам філолагу можна паступова папаўняць свой уласны банк праграм па літаратуры.

Каб забяспечыць доўгі тэрмін работы дыскеты, неабходна ведаць і прытрымлівацца наступных правілаў:



  1. У час работы з дыскетай нельга загінаць яе засцерагальны канверт або чапаць рукамі адкрытыя ўчасткі магнітнага пакрыцця.

  2. Захоўваць дыскету патрэбна як мага далей ад тэлевізара, відэамагнітафона, тэлефона і іншых электрапрыбораў.

  3. Устаўляць і вымаць яе неабходна асцярожна, каб не пашкодзіўся дыскавод.

Як выявілася з эксперыментальнага даследавання, праводзіць урок-залік з прымяненнем камп'ютэра пажадана апошнім па раскладзе пэўнага класа.

Што ж рабіць настаўніку літаратуры, калі ёсць магчымасць зрэз ведаў правесці на другім-чацвёртым уроках? Тады прапануем на такія заняткі падрыхтаваць кніжную выставу з буклетаў, фотаальбомаў, твораў, літаратуразнаўчых працаў па творчасці пэўнага пісьменніка, каб вучань пасля заліку мог з карысцю правесці астатні час урока: адвольна пагартаць старонкі незнаёмай кнігі.

Калі ўлічваць усё яшчэ пасрэднае становішча многіх агульнаадукацыйных школ рэспублікі па камп'ютэрызацыі, то літаратару не так часта давядзецца праводзіць падобныя заняткі ў кабінеце інфарматыкі, але адзін-два ўрокі на навучальны год, думаецца, будуць рэальным святам для вучняў 5-11-ых класаў.

Безумоўна, настаўніку літаратуры патрабуецца шмат часу на складанне зместу тэстаў. Таму прапануем матэрыял да ўрока-заліку па жыццёвым і творчым шляху Янкі Купалы для вучняў 10-га класа .

Гэтая тэсты можна выкарыстаць і без прымянення камп'ютэра. Дастаткова размножыць іх на ксераксе ці на друкавальнай машынцы. Адціснуты тэкст можна змясціць у цэлафанавы празрысты мяшэчак, пад плёнку, а затым вучню ў час зрэзу прапануецца фламастэрам адзначыць правільныя нумары адказаў. Пасля праверкі вельмі лёгка сцерці напісанае на цэлафане, каб потым зноў выкарыстаць у будучым навучальным годзе.

Прапануем прыкладныя нормы адзнак, якія можна загадзя закласці ў праграму-тэст камп'ютэра:

Каб атрымаць "10", патрэбна адказаць на ўсе 30 пытанняў;


  • "9" — на 28 — 29 пытанняў;

  • "8" — на 26 — 27 пытанняў;

  • "7" — на 24 — 25 пытанняў і г.д.

1

Назавіце месца і час нараджэння Янкі Купалы.

1. Мінск. 1891 г.

2. Засценак Акіньчыцы (недалёка ад сяла Мікалаеўшчына). І882 г.

+ 3. Фальварак Вязынка Вілейскага павета. 1882 г.

4. Вёска Пяшчаны Лідскага павета. 1876 г.

5. Фальварак Завоссе Навагрудскага павета. 1798 г.



2

Якое сапраўднае прозвішча паэта?

1. Іван Люцыянавіч Неслухоўскі.

2. Антон Іванавіч Лявіцкі.

3. Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч.

4. Іван Антонавіч Брыль.

+ 5. Іван Дамінікавіч Луцэвіч.


3

Легенда пра якую расліну натхніла маладога Івана Луцэвіча выбраць сабе псеўданім Купала?

1. Васілёк.

+2. Папараць.

3. Гваздзікі.


4. Вярба.

5. Верас.



4

Назавіце асноўны занятак яго бацькоў.

1. Настаўнікі

+2. Арандатары.

3. Леснікі.

4. Адвакаты.

5. Чыгуначнікі.



5

Аб якім месцы сваёй працы Янка Купала пазней скажа ў аўтабіяграфіі: "Зазнаў там такога пекла, якога яшчэ дагэтуль не меў"?

1. Аб хатняй гаспадарцы.

2. Аб працы хатняга настаўніка.

3. Пісара.

4. Прыказчыка.

+5. Памочніка вінакура на броварах.

6. Бібліятэкара.

7. Адказнага рэдактара газеты "Наша ніва".



6

На старонках якой газеты і калі быў надрукававы першы верш паэта?

1. "Наша ніва", 1907 г.

2. "Наша доля", 1906 г.

+3. "Северо-Западный край", 1905 г.

4. "Мужыцкая праўда", 1863 г.

7

Калі і дзе ўпершыню сустрэліся Янка Купала і Якуб Колас?

+1. У 1912 г. на хутары Смольня.

2. У 1908 г. у Вільні.

3. У 1913 г. у Пецярбургу.

4. У 1921 г. у Мінску.

8

1908 год асабліва памятны ў жыцці Янкі Купалы. У гэтым годзе выйшла першая кніга яго паэзіі. Адразу ж яна была забаронена і двойчы канфіскоўвалася царскімі ўладамі. Пра які зборнік ідзе гаворка?

+1. "Жалейка".

2. “Гусляр".

3. "Шляхам жыцця".

4. “Спадчына".

5. "Безназоўнае".

9

Вядома, што Янка Купала зрабіў празаічны і вершаваны пераклады агульнага літаратурнага помніка трох усходнеславянскіх народаў беларускага, рускага і ўкраінскага. Назавіце гэты твор.


  1. "Аповесць мінулых гадоў".

+ 2. "Слова аб палку Ігаравым".

3. "Жыціе Барыса і Глеба".

4. "Жыціе Еўфрасінні Полацкай".

10

Які верш Янкі Купалы перакладзены на 82 мовы свету?

1. "Мужык".

+ 2. "А хто там ідзе?"

3. "Хлопчык і лётчык".

4. "Выйдзі".

5. "Маладая Беларусь".

6. "3 кутка жаданняў".

11

Хто высока ацаніў і назваў верш "А хто там ідзе?" суровай і красамоўнай песняй, гімнам беларускага варода?

1. Якуб Колас.

+ 2. Максім Горкі.

3. Максім Багдановіч.

4. Аляксандр Твардоўскі.

5. Цётка.



12

Купалаўскі афарыстычны выраз "Людзьмі звацца!" застаецца як ніколі надзённым і ў наш час. 3 якога твора гэты выраз?

1. "Выйдзі...".

2. "Свайму народу".

3. "... О так! Я — пралетар!..".

4. "Перад вісельняй".

5. "Маладая Беларусь".


+ 6. "А хто там ідзе?".

13

Афарыстычнымі сталі і купалаўскія радкі "Мне сняцца сны аб Беларусі!". 3 якога твора яны?

+ 1. "... О так! Я — пралетар!..".

2. "Спадчына".

3. "Прарок".



4.Я ад вас далёка, бацькоўскія гоні...".

5. "Паязджане".

6. “Свайму народу”.

14

З якога верша наступныя радкі:

Падымайся з нізін, сакаліна сям'я,

Над крыжамі бацькоў, над нягодамі;

Занімай, Беларусь маладая мая,

Свой пачэсны пасад між народамі!..?

1. "Выйдзі".

2. "Спадчына".

3. "Моладзі".

+4. "Маладая Беларусь".

5. "Ворагам Беларушчыны".



15

Які верш паэта натхніў Юрыя Гагарына стаць у будучым касманаўтам?

+ 1. "Хлопчык і лётчык".

2. "Млечны шлях".

3. "Алеся".

4. "Арлянятам".

5. "Сыны".



16

Які твор у гады Айчыннай вайны распаўсюджваўся як лістоўка?

1. "Зноў будзем шчасце мець і волю".

+ 2. "Беларускім партызанам".

3. "Грабежнік".

4. "Паўстаў народ".

17

У змесце якой паэмы апавядаецца легенда пра заснаванне горада Магілёва?

+1. "Магіла льва".

2. "Курган".

3. "Над ракою Арэсай".

4. "Безназоўнае".

5. "Адвечная песня".



18

Пазнайце партрэт героя і назву твора:

Невыдумная світка — убор на плячах,

Барада, як снег белы — такая,

Незвычайны агонь, у задумных вачах,

На каленях ляглі гуслі-баі

1. Машэка. "Магіла льва".

2. Князь. "Курган".
+ 3. Гусляр. "Курган".

4. Пан ПатоцкІ. "Бандароўна".


19

У якой паэме Беларусь увасоблена ў вобразе шчаслівай нявесты-вясельніцы?

1. "Бандароўна".

2. "Адвечная песня".

3. "Яна і я".

+4. "Безназоўнае".

5. "Над ракою Арэсай".

6. "Нікому".



20

Вызначце ідэйны змест драмы "Раскіданае гняздо".

+ 1. Пошукі героямі шляхоў да волі і справядлівасці.

2. Праблема прыстасавальніцтва, манкурцтва, рэнегацтва.

3. Выкрыццё шляхетнай фанабэрыстасці, саслоўных забабонаў.

4. Аптымістычнае ўспрыманне паэтам гістарычных перамен у лёсе беларускага народа.



21

Хто з герояў драмы "Раскіданае гняздо" сказаў гэтыя словы: "Сярпы мае сталёвыя дабро цэламу свету жнуць, а палотны мае шаўковыя цэлы свет адзяваюць, а яны ў торбы мяне хочуць прыбраць!" ?

1. Лявон Зяблік.

2. Марыля.

3. Сымон.


+ 4. Зоська.

5. Данілка.



22

На якім вобразе драмы "Раскіданае гняздо" аўтар імкнуўся паказаць таленавітасць беларускага народа, яго любоў да мастацтва?

1. Лявон Зяблік.



  1. Марыля.

  2. Сымон.

4. Зоська.

+ 5. Данілка.

6. Старац.

7. Незнаёмы.

23

У якім творы галоўнымі героямі з'яўляюцца Адольф Быкоўскі, Сцяпан Крыніцкі, Якім Сарока і інш.?



1. "Раскіданае гняздо".

+ 2. "Паўлінка".

3. "'Прымакі".

4. "Тутэйшыя".

5. "Сон на кургане".

24

Назавіце п'есу Янкі Купалы, якая з 1926 г. не перадрукоўвалася больш 60 гадоў.

1. "Раскіданае гняздо".

2. "Паўлінка".

3. "Прымакі".


4. "Тутэйшыя".

25

У якім творы Купала-драматург адлюстраваў праблему чужой волі і самасвядомасці беларусаў, праблему прыстасавальніцтва, манкурцтва, рэнегацтва?

1. "Адвечная песня".

2. "Сон на кургане".

3. "На папасе".

4. "Раскіданае гняздо".

5. "Паўлінка".


+ 6. "Тутэйшыя".

7. "Прымакі".

26

Хто з герояў Янкі Купалы жыў па прынцыпе: "Можна мець светапогляд адзін, думаць другое, гаварыць трэцяе, а рабіць чацвёртае..."?

1. Янка Здольнік. "Тутэйшыя".

2. Пан Патоцкі. "Бандароўна".

3. Сымон. "Раскіданае гняздо".

4. Адольф Быкоўскі. "Паўлінка".
+5. Мікіта Зносак. "Тутэйшыя".

27

Назавіце аўтара вядомай карціны "Віленскія сустрэчы", сюжэт якой звязаны з жыццём Янкі Купалы.

1. П. Сергіевіч.

2. А. Волкаў.

3. Азгур.

4. Я. Раманоўскі.
+ 5. М. Савіцкі.

6. М. Купава.



28

Хто з беларускіх кампазітараў напісаў музыку на тэкст верша "Спадчына"?

1. М. Чуркін.

2. М. Аладаў.
+ 3. I. Лучанок.

4. А. Багатыроў.

5. Э. Ханок.


29

Імя Янкі Купалы даўно ўжо вядома за межамі нашай Беларусі. Сімвалічна тое, што помнік беларускаму паэту ўстаноўлены побач з помнікамі А. Пушкіну, Т. Шаўчэнку і У. Уітмену. Калі і дзе гэта адбылося?

1. У 1980 г. на Краснай плошчы ў Маскве.

+ 2. У 1973 г. у Араў-парку ў Нью-Ерку.

3. У 1982 г. у Аўстраліі.

4. У 1992 г. у Германіі.

30

Хто сказаў пра народнага песняра наступныя словы: "Паэзія Янкі Купалы — гэта квітнеючы і чароўны сад, дзе сабраны водар беларускай зямлі" ?

1. Максім Горкі.

2. Максім Багдановіч.


+ 3. Якуб Колас.

4. Цётка



5. Валеры Брусаў.

4.3.2. Рэкамендацыі да правядзення ўрока-заліку па трылогіі Якуба Коласа “На ростанях” у 10-ым класе (з паглыбленым вывучэннем літаратуры) з выкарыстаннем камп’ютэра
Не адно пакаленне школьнай моладзі захапляецца гэтым класічным творам. Пачынаючы з пяцідзесятых гадоў трылогія "На ростанях" Якуба Коласа трывала ўвайшла ў праграму па беларускай літаратуры. Праўда, цяпер агульная колькасць гадзін на вывучэнне твора скарацілася прыкладна да сямі ўрокаў, таму папулярны раней сярод настаўніцтва аналіз "следам за аўтарам" выкарыстоўваць стала немэтазгодна. Больш рацыянальнымі ў гэтай сітуацыі становяцца праблемны або кампазіцыйны падыходы, якія прапанавала Вера Ляшук у метадычным дапаможніку «Вывучэнне ў школе трылогіі Якуба Коласа "На ростанях » (2001). Безумоўна, кампазіцыйны і праблемны аналізы мастацкага твора маюць значную перавагу і высока ацэньваюцца ў сучаснай методыцы як навукоўцамі, так і настаўнікамі, але, як вядома з вопыту, у сувязі з недахопам часу па-за ўвагай вучняў застаюцца асобныя моманты сюжэта, некаторыя вобразы і дэталі твора.

Такім чынам, улічваючы, што трылогія "На ростанях" — выдатная з'ява ў гісторыі беларускай літаратуры, прапануем дадаць яшчэ адзін урок на правядзенне тэстаў з дапамогай камп'ютэра толькі па адным гэтым творы, а не па ўсёй манаграфічнай тэме "Якуб Колас".

Загадзя запланаваны і своечасова абвешчаны ўрок-залік па кнізе скіруе вучняў на яе ўважлівае прачытанне і вывучэнне, а настаўніка пазбавіць праблемы выстаўлення адзнак пры аналізе твораў буйной формы.

Падчас складання зместу і структуры праграмаў-тэстаў паводле трылогіі Якуба Коласа "На ростанях" улічваліся ўзроставыя асаблівасці дзесяцікласнікаў, вопыт іх працы на камп'ютэры. У тэстах сістэматызуюцца, падагульняюцца і правяраюцца веды вучняў: ці знаёмыя яны з гісторыяй напісання трылогіі, з эпохай, адлюстраванай у ёй, ці валодаюць зместам прачытанага, ці ўмеюць вызначаць праблемы, узнятыя ў творы, яго ідэйны змест, своеасаблівасці сюжэта, ці маюць уяўленне пра кампазіцыю, сістэму вобразаў, ролю пазасюжэтных элементаў.

Каб правільна адказаць на змешчаныя ніжэй тэсты, трэба ўважліва іх прачытаць: любы неабдуманы ход можа стаць памылковым. Фармулёўка і структура пытанняў на гэты раз не шаблонная, як гэта было на папярэднім заліку па біяграфіі і творчасці Янкі Купалы.

На ўроку-заліку ва ўступным слове выкладчыку варта папярэдзіць вучняў пра магчымыя механічныя памылкі ў час індывідуальнага адказу на камп'ютэры. У больш слабым класе папярэдне можна правесці пробную міні-праграму з ідэнтычнымі па складанасці зместам і структурай пытанняў і адказаў.

Прапануем наступныя нормы ацэнкі, якія трэба закласці ў праграму- гэст камп'ютэра:

адзнака "10" ставіцца, калі набраны 62 балы;

— "9" — 60-61 бал;

— “8"— 58-59 балаў;

— "7" — 56-57 балаў і г.д.

1

Над трылогіяй "На ростанях" Якуб Колас працаваў амаль усё сваё творчае жыццё, таму гэты твор быў асабліва дарагі для яго. Цікавая і творчая гісторыя трылогіі.

Па змешчанай ніжэй кароткай характарыстыцы вызначце час стварэння аповесці.

а) Над гэтай аповесцюЯкуб Колас працаваў на працягу 1921 — 1922 гг., калі месца інтэлігенцыі ў жыцці маладой рэспублікі набывала выключна важнае значэнне. Беларускі народ атрымаў дзяржаўнасць, пачаўся працэс беларусізацыі. Урад запрашаў вярнуцца ў рэспубліку беларускіх інтэлігентаў з-за мяжы, каб дапамагчы свайму народу набыць нацыянальнае аблічча, адрадзіць яго культуру. Такое запрашэнне атрымаў і Якуб Колас.

б) Гэтая частка трылогіі пісалася з 1948 да 1954 т. пасля доўгага перапынку. На Беларусі ўсё яшчэ ішло вынішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі, спыненае толькі на час Вялікай Айчыннай вайны. Пад пагрозай не адзін раз было і жыццё самога аўтара: на яго сыпаліся розныя палітычныя абвінавачванні. Якуб Колас перайначыў далейшы лёс Андрэя Лабановіча. Рэпрэсаванымі аказаліся і некаторыя прататыпы герояў трылогіі.

а) "У палескай глушы"; б) "На ростанях".

2

Аўтар не называе у трылогіі канкрэтных датаў падзей, але вядома, што сюжэтна твор ахоплівае няпоўныя дзесяць гадоў" пачатку XX ст. Назавіце гэты час.

1. 3 1895 да 1904 г.

2. 3 1904 да 1913 г.

3. 3 1907 да 1917 г.

+ 4. 3 1902да 1911 г.

5. 3 1900 да 1909 г.

3

Якія дзве рэальныя гістарычныя падзеі ўскосна закранаюцца і адлюстроўваюцца аўтарам у трылогіі?

1. I з'езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі (1898 г.).

+2. Руска-японская вайна 1904 г.

+3. Рэвалюдыя 1905 — 1907 гг.

4. Першая сусветная вайна.

5. Грамадзянская вайна.

4

Трылогія "На ростанях" складаецца з трох аповесцяў. Асобныя з іх дзеляцца на часткі. З прапанаваных загалоўкаў згрупуйце змест усяго твора.

3-я кн. "Верхань".

2-я кн. "На бацькаўшчыне".

3-я кн. "На крыжовых дарогах".

2-я кн. "На новым месцы".

1-я кн. "У палескай глушы".



5

У сюжэт трылогіі "На ростанях" аўтарам уведзены лісты, якія выступаюць сродкам характарыстыкі герояў. Хто і каму з персанажаў напісаў наступныя радкі:

г) "Вельмі цяжка пачуваць, што цябе пачынае зацягваць балота, і ты ведаеш, што ў гэтым балоце твая грамадзянская смерць. I калі б мяне спытаў хто, што мне найбольш кінулася ў вочы і зрабіла мацнейшае ўражанне за першы год настаўніцтва, я вызначыў бы гэта так: павольнае ўміранне душы і зацягванне цябе балотам".

б) "Цяпер жа, пішучы вам, я толькі хачу прынесці вам падзяку за тое, што вы аздобілі маё жыццё тут, што вы былі тою яснаю, чыстаю зоркаю, якая свяціла мне ў гэтай цемры жыцця, радавала мяне і ўхіляла ад рознага бруду, і калі ў мяне захавалася жывая іскра, то толькі дзякуючы вам".

а) "Мілы... дурань";

+ а) Ядвіся — Лабановічу;

+ б) Лабановіч — Ядвісі;

в) Лабановіч — Марыне;

+ г) Лабановіч — Тукалу;

д) Лабановіч — Турсевічу;

е) Турсевіч — Лабановічу.



6

У якой кнізе трылогіі апавядаецца пра...

б) жыццё панямонскай "інтэлігенцыі", пра планы і намеры, якія імкнуўся ажыццявіць Лабановіч у вёсцы Мікуцічы, пра сустрэчу настаўніка з Аксёнам Калем і Вольгай Андросавай, пра знаёмства з нелегальнай літаратурай;

в) адносіны паміж Лабановічам і Турсевічам, пра настаўніцкі сход, пра працу ў беларускай газеце, пра суд і турэмнае зняволенне, пра гутарку Лабановіча з Галубовічам.

а) "У палескай глушы"; б) "У глыбі Палесся"



7

Адно з значных пытанняў, якое хвалявала Андрэя Лабановіча на пачатку настаўніцкай дзейнасці, — для чаго чалавек жыве на зямлі?

Хто з герояў адказаў на яго наступным чынам:

б) "Чалавек жыве дзеля дабра, для служэння праўдзе, каб ствараць нейкія вартасці жыцця і каб быць карысным для іншых";

г) "Жыве чалавек для таго, каб у жыцці як можна болей вывудзіць карыснага і прыемнага для сябе";

а) "Жывём, покі жывецца, бо жывы ў зямлю не палезеш, а прыйдзе смерць, тады пахаваюць";

а) Старожка бабка Мар'я; б) Настаўнік Турсевіч; в) Старожка бабка Параска;

г) Лабановіч; д) Саханюк; е) Вольга Андросава.



8

Андрэй Лабановіч прыехаў у палескую глуш з цвёрдым намерам глыбей спазнаць жыццё і зрабіць усё магчымае, каб палепшыць становішча сялян. Якая з ніжэй пададзеных формаў дапамогі свайму народу не адпавядае зместу твора?

  1. Ставіць перад сабой мэту даць глыбокія і грунтоўныя веды сваім вучням, выхаваць актыўных удзельнікаў грамадскага жыцця.

  2. Наведвае сялянскія хаты цельшынцаў з мэтай вывучэння асноўных прычын народных праблем, а потым праводзіць асветніцкую працу, імкнецца абудзіць крытычныя думкі ў сялян.

3. Прапануе сялянам Мікуціч угнаіць неўрадлівую зямлю балотным глеем.

4. Імкнецца арганізаваць будаўніцтва грэблі ў вёсцы Мікуцічы.

+ 5. Агітуе народ супраць веры ў добрага цара.

6. Падымае натоўп сялянаў на паўстанне супраць пана Скірмунта.



9

Якія дзве рысы характару з пералічаных ніжэй не адпавядаюць вобразу Андрэя Лабановіча?

1. Яму характэрны дух вандроўніцтва.

2. Выразна ўсведамляе сваю нацыянальную прыналежнасць.


  1. Вызначаецца шырынёй і разнастайнасцю інтарэсаў.

+ 4. Валодае выключнай фізічнай сілаю.

  1. 3 адказнасцю ставіцца да прафесійных абавязкаў.

  2. Усведамляе свае памылкі, самакрытычны.

7. Вызначаецца добрым літаратурным густам.

8. Любіць прыроду, чуйны да яе хараства.

9. Любуецца хараством жанчыны, здольны кахаць.

10. Грамадскі дзеяч і рэвалюцыянер.

+ 11. Фантазёр, адарваны ад рэчаіснасці.


10

Жыццёвыя дарогі зводзілі Андрэя Лабановіча з многімі дзяўчатамі. Найбольшую цікавасць у юнака выклікалі тры палескія прыгажуні — Людміла, Марына і Ядвіся. Пазнайце іх партрэты.

б) "Лабановіч знайшоў, што такой слаўнай дзяўчыны ён яшчэ ні разу не бачыў. Цёмныя чыстыя вочы, крыху як бы чымся засмучоныя, пазіралі так панадна і з такою дабратою, што ад іх погляду рабілася лёгка на сэрцы! На высокі белы лоб навіслі чорныя-чорныя валасы і дадавалі яе твару яшчэ больш хараства. Тонкія замкнёныя вусны рабілі твар дзяўчыны разам з тым і крыху строгім і сур'ёзным".

в) "Габрыня зараз жа выйшла і хутка вярнулася з сястрой, стройнаю чарняваю дзяўчынаю, гадоў шаснаццаці, з тонкімі прыгожа абрысаванымі брывамі. Выраз яе цёмных акруглых вачэй часта змяняўся: то ў іх іскрыўся вясёлы смех і нахіл да жартлівасці, то адбівалася нейкае засмучэнне і тая сталасць, што рабіла ўражанне, быццам дзяўчына многа перадумала і перажыла".

а) "На высокім сядзенні, па-запраўску трымаючы туга нацягнутыя раменныя лейцы, сядзела маладая паненка. На ёй было лёгкае футра; зімняя шапачка, надзетая крыху набок, вельмі ішла да яе твару. Здаровы холад зімы авеяў і разрумяніў яе шчокі. Ад стройнае фігуркі так і патыхала здароўем і жыццём... Яна шпарчэй пагнала каня... Але ён паспеў разгледзець і

запамятаваць твар гэтае паненкі: тонкія бровы, бойкія сіняватыя вочы, пухлыя, прыгожа абрысаваныя губы. Дзяўчына была досыць прыгожая, як здалося Лабановічу".

а) Людміла; б) Марына; в) Ядвіся.


11


Хто з герояў трылогіі...

б) "не дае задрамаць сялянам у іх заціснутым жыцці. Катурхае, будзіць іх грамадскую думку, кідае новыя мыслі, падымае на змаганне з няпраўдай";

г) "сваё галоўнае назначэнне як настаўніка... вызначаў так: абудзіць у вучняў і выклікаць да дзеяння крытычны розум, каб да кожнай з'явы і факта яны падыходзілі з пытаннямі — як выніклі? у чым іх прычыны? I, наогул, каб да ўсяго падыходзілі свядома";

в) пазнаёміў Андрэя Лабановіча з арганізацыяй пінскіх рэвалюдыянераў;

д) любіў гаварыць афарызмамі;

а) кінуў у пакой Лабановіча праз фортку кветкі;

е) быў рэдактарам газеты "Панямонскія ведамасці".

а) Ядвіся; б) Аксён Каль; в) Вольга Андросава; г) Андрэй Лабановіч;

д) Янка Тукала; е) Бухберг.



12

Хто з герояў твора меў наступны жыццёвы ідэал, мэту:

б) пасада пісара, выпіўкі, карты, поспех у жанчын;

в) матэрыяльны дабрабыт, жонка-прыгажуня, такая, як Людміла;

а) на словах — жыць для дабра, для служэння праўдзе, каб быць карысным іншым, а на самай справе клопат пра сябе;

г) унутраная патрэба пошуку, страх перад духоўнай смерцю;

д) "знайсці ў жыцці нешта такое, што дадавала б сэнс гэтаму жыццю. Трэба перш за ўсё пашыраць свой кругагляд, выблутацца з павуціння, што засланяе разумнае жыццё"?

а) Турсевіч; б) памочнік пісара Дубейка;

в) Саханюк; г) Лабановіч; д) Садовіч.



13

У трылогіі Якуб Колас даў характарыстыку беларускаму народу, стварыў вобразы простых людзей. Якія своеасаблівыя рысы характару ўвасобіў аўтар у вобразах палешукоў? Супастаўце іх.

Рысы характару і якасці: Вобразы:

д) фізічная моц, сіла і вы- а) дзед Мікодым;

нослівасць;

г) дабрыня і чуласць ся- б) дзед Мікіта;
лянскай душы, сардэчнасць

і цяпло;


а) багацце мовы; в) Цімох Жыга і Аксён Каль

б) прыродны розум, рэ- г) бабка Мар'я і


альныя погляды на жыццё, бабка Параска;
в) вера ў праўду, у спра- д) стары Грыгоры
вядлівасць, разуменне неаб- і дзед Мікіта.
ходнасці барацьбы за яе.

14

На працягу ўсёй кнігі Якуб Колас прадстаўляе галерэю вобразаў святароў — духоўных пастыраў народа, якіх аўтар, паводле сваіх атэістычных поглядаў, малюе негатыўна. Хто з іх...

д) у час царкоўнай службы выкарстаў замест Евангелля том Пушкіна;

б) "быў вельмі заўзяты п'яніца і лаяльнік, сушыў жыта за царскімі дзвярамі, а ў святую нядзельку перад набажэнствам зазвычай хадзіў на балота трасці бучы з рыбаю сваіх парафіян";

в) у час набажэнства таргаваў карову;

г) узяў на сябе абавязкі шпіёна і даносчыка. Падслухоўваў размовы Лабановіча з Аксёнам Калем і Вольгай Віктараўнай, падглядаў у вокны і лічыў сваім абавязкам час ад часу наведваць кватэру настаўніка?

а) Айцец Кірыл з Хатовіч; б) айцец Мадэст з Малевіч; в) айцец Мікалай з Выганаў; г) дзяк Бацяноўскі з Выганаў; д) айцец Уладзімір з Верхані.



15

Якія параўнанні найбольш падыходзяць да прапанаваных ніжэй групаў герояў і асобных вобразаў?

в) настаўнікі Турсевіч, Садовіч, Тукала, Вольга Андросава;

б) настаўнікі Шырокі, Саханюк, Анцыпік, памочнік пісара Дубейка, сядзелец Скаромны, фельчар Найдус, валасны старшыня Брыль;

а) выганаўскія чыноўнікі: валасны старшыня Захар Лемеш, пісар Мацей Дулеба, ляснічы Іван Бяляўскі;

е) Ядвіся;

д) Лабановіч;

г) настаўнік Шырокі.
Параўнанні:

а) абаронцы царскага самаўладства, мяшчане;

б) балота, "героі зялёнага поля";

в) "крынічны струмень";

г) "свяцільнік Бабруйшчыны", "златавуст панямонскі";

д) "прасвяціцель цёмнага Палесся, вялікі пустэльнік";

е) "лепшая, прыгажэйшая кветка Палесся".

16

Шмат агульначалавечых праблем вырашае Якуб Колас у трылогіі. Якая з іх з'яўляецца цэнтральнай?

1. Чалавек і прырода.

2. Сяброўства і каханне.

3. Выхаванне нацыянальнай самасвядомасці.

+ 4. Інтэлігенцыя.

5. Пошукі сэнсу жыцця.

6. Пошукі шляхоў служэння народу.

7. Чалавек і космас.

8. Патрыятызм.


17

Асобныя радкі трылогіі "На ростанях" сталі афарыстычнымі. Згадайце, каму з герояў належаць прыведзеныя ніжэй выслоўі:

б) "жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар".

б) "Прырода — найцікавейшая кніга, якая разгорнута прад вачамі кожнага з нас. Чытаць гэту кнігу, умець адгадаць яе мнагалучныя напісы — хіба ж гэта не ёсць шчасце?".

б) "Дарога, вандроўка — самае лепшае лякарства ад усякіх напасцей".

в) "Вот люблю свайго брата настаўніка! Гэта — соль зямлі!".

а) старожка бабка Мар'я; б) Андрэй Лабановіч; в) настаўнік Тарас Шырокі; г) Максім Турсевіч; д) Ядвіся.



18

Назавіце трох найбольш аўтарытэтных літаратурных даследчыкаў трылогіі.

+ 1. Алесь Адамовіч.

2. Улалзімір Гніламёдаў.

3. Віктар Каваленка.

+ 4. Іван Навуменка.

+ 5. Юльян Пшыркоў.

6. Уладзімір Калеснік.

19

Хто з даследчыкаў сказаў пра кнігу наступныя словы: «Трылогія "На ростанях" — гэта натхнёны гімн чалавеку, шукальніку і змагару, чалавеку, які ніколі не спыняецца ў сваім руху наперад, да ісціны, да шчасця для ўсіх»?

1. Янка Купала.

+ 2. Алесь Адамовіч.

3. Іван Навуменка.

4. Юльян Пшыркоў.

5. Віктар Каваленка.



6. Уладзімір Калеснік.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка