Рэгіянальны вопыт




Дата канвертавання05.03.2017
Памер46.91 Kb.
Рэгіянальны вопыт
М.А. Камінская, педагог вышэйшай

катэгорыі, стваральнік літаратурна-

краязнаўчага музея Гродзенскага дзяржаўнага

Палаца творчасці дзяцей і моладзі,

кіраўнік гуртка “Ткацтва” народнай студыі

Суквецце талентаў”,



працуе па аўтарскай праграме
Пазашкольнае выхаванне 2009/11
Спакон вякоў выхаваннем дзяцей займалася сям’я. Бацькі стараліся перадаць дзецям традыцыі, жыццёвы вопыт, веды і ўменні. Менавіта ў сям’і дзіця фарміравалася як асоба. Першаасновай чалавечага жыцця народная філасофія лічыла працу, таму дзеці прызвычаіліся да яе даволі рана. Вялікая роля ў выхаванні належала казкам, песням, загадкам і іншым фальклорным творам, у якіх адлюстроўвалася глыбокае разуменне жыцця.

Сучасная сям’я ў значнай ступені страціла манаполію на выхаванне дзяцей. Узрасла роля грамадскага выхавання, дзе немалаважнае месца адводзіцца і нам – педагогам-пазашкольнікам.

Паколькі народная студыя “Суквецце талентаў” займаецца традыцыйнымі рамёствамі, наша асноўная задача, выкарыстоўваючы багаты выхаваўчы патэнцыял традыцыйнай культуры, - давесці яе да дзяцей і навучыць іх паважаць і цаніць культурную спадчыну продкаў, таму што без пачуцця гонару за свой народ, сваю гісторыю і культуру нельга стаць Асобай. Толькі засваенне і асэнсаванне нацыянальнай культуры адчыняе дзверы ў сусветную.

У майстэрні “Ткацтва” дзяўчаты вучацца ткаць сурвэткі і ручнікі ў дзве нічальніцы з пераборам, у чатыры нічальніцы. Нядаўна мы апрабавалі спосаб двухасноўнага ткацтва, дзякуючы якому можна атрымліваць тканіну двайной шырыні, або вырабы мяшковага тыпу. Любяць нашы навучэнкі ткаць паясы і закладкі (на ніту, на дошчачках, на бёрдзечку). Але сваім найвялікшым дасягненнем лічым авалоданне тэхнікай падвойнага ткацтва (калі двухслойнае палатно перасякаецца ў месцы ўтварэння арнаменту: колер ніжняга палотнішча стварае ўзор на фоне верхняга і наадварот). У IX стагоддзі выраб такіх дываноў быў сканцэнтраваны ў асноўным на Гродзеншчыне і называлі іх “гродзенскія дываны”. На жаль, сёння на Гродзеншчыне лічаныя людзі валодаюць такой тэхнікай. Студыя шмат гадоў цесна супрацоўнічае з Гудзевіцкім літаратурна-краязнаўчым музеем і з Верай Ігнатаўнай Белакоз, якая дасканала валодае тэхнікай падвойнага ткацтва. Праўда, на сапраўдныя дываны мы не замахваемся, бо для гэтага трэба шмат нітак і часу, ды і для дзяцей гэта вельмі складана, але тры невялікія дыванкі (па шырыні кроснаў) выткалі. Апошнім часам для засваення тэхнікі спрабуем ткаць пано.

Нельга вучыць дзяцей народным рамёствам, не вывучаючы гісторыі і культуры свайго краю, таму адным з асноўных напрамкаў дзейнасці студыі з’яўляецца этнаграфічная работа.

У сваім класе мы імкнуліся паказаць увесь працэс ткацтва, пачынаючы ад апрацоўкі сыравіны і заканчваючы гатовымі вырабамі. Тут сабраны прылады, неабходныя для апрацоўкі льну, для перамотвання нітак (церніца, трапачка, шчоткі калаўрот, прасніца, вітушкі, матачка, сукала і інш.). тут жа паказаны лён у розных стадыях яго апрацоўкі і гатовыя вырабы. Напрыклад, кавалак тканіны, зроблены ў пачатку XX стагоддзя, рытуальны ручнік, вытканы прыблізна ў 1940 годзе, кужэльныя сурвэткі, вышываныя крыжыкам, і інш.

З цягам часу экспанатаў станавілася ўсё больш. Многіх гурткоўцаў актыўна падтрымалі бацькі, зацікавіліся збіральніцтвам і супрацоўнікі Палаца. Два гады таму ўзнікла ідэя стварэння этнаграфічнага музея. Сёння ў нашым музеі больш за 200 экспанатаў, якія адлюстроўваюць сялянскі побыт першай паловы 20 стагоддзя. Тут ёсць жорны (канец XIX – пачатак XX стагоддзя), самаробная мэбля 30-х гадоў, разнастайны посуд, плеценыя сявенькі, каробкі, кашы, вялікі сувой кужалю, абрусы, дываны, ручнікі і інш.

Вельмі важнае значэнне ў нашый працы маюць этнаграфічныя экспедыцыі. Студыйцы наведалі Мастоўскі, Ваўкавыскі, Бераставіцкі, Шчучынскі раёны. Сустрэліся з таленавітымі ткачыхамі, запісалі цікавыя апавяданні, сфатаграфавалі прыгожыя дываны, ручнікі і абрусы. Са Шчучынскага раёна прывезлі новую тэхніку ткання паясоў, з Мастоўскага, Ваўкавыскага і Бераставіцкага – шмат экспанатаў. Напрыклад, мінулым летам мы былі ў Малой Бераставіцы, адкуль прывезлі каля 20 экспанатаў. Найбольш каштоўны з іх – ручнік, вытканы і вышыты прыблізна ў 1910 годзе, падараваны Надзеяй Сцяпанаўнай Гусянок. Цікавая гісторыя ручніка і цікавыя лёсы людзей, якія з ім звязаны. Ручнік ткала і вышывала бабуля Надзеі Сцяпанаўны Ганна Андрэеўна Карпач (1894 года нараджэння) прыблізна ў 1910-1911 гадах. Бабуля была родам з Воўпы (Ваўкавыскі раён), дзядуля з Малой Бераставіцы, а пазнаёміліся яны ў Растове-на-Доне, куды ў час Першай сусветнай вайны сем’і выехалі ў бежанства. Пасля вайны маладая пара вярнулася ў Малую Бераставіцу. Гэты ручнік, які быў вытканы ў Воўпе, з’ездзіў у Расію, вярнуўся ў Малую Бераставіцу і доўгі час беражліва захоўваўся ўнучкай Ганны Андрэеўны, а цяпер стаў адным з самых каштоўных экспанатаў у музеі. Выхаванцы добра засвоілі, што кожны экспанат мае сваю гісторыю і чым больш мы пра яе ведаем, тым ён каштоўнейшы. Калі нехта з іх прывозіць новы экспанат, знойдзены ў дзядулі ці ў бабулі на гарышчы, то абавязкова імкнецца запісаць, хто зрабіў, хто карыстаўся, у які час, у якой мясцовасці, і інш.

Не заўсёды ёсць фінанасавая магчымасць кудысьці выехаць, але не трэба забываць, што цікавыя людзі ёсць і побач з намі. Зусім выпадкова даведаліся, што сціплая і працавітая жанчына Ніна Іосіфаўна Крокас, якая шмат гадоў працавала ў Гродзенскім Палацы творчасці дзяцей і моладзі, усё жыццё, калі толькі выдавалася магчымасць, ткала дываны, ручнікі, абрусы. Цяпер Ніна Іосіфаўна часты госць у нашай студыі. Дзяўчынкі любяць слухаць яе расказы, хваляцца сваімі дасягненнямі. Падарункі Ніны Іосіфаўны занялі пачэснае месца ў нашым музеі.

На базе нашай студыі праводзяцца курсы і семінары, гутаркі і экскурсіі для гурткоўцаў Палаца, для вучняў і настаўнікаў школ, студэнтаў. Мы выходзім у школы горада з лекцыямі і міні-выставамі, асабліва цесна супрацоўнічаем з установамі, дзе вучацца нашы выхаванцы.



Радуе тое, што ў моладзі ўзнікае асэнсаванае жаданне звярнуцца да некаторых старажытных традыцый. За апошнія гады некалькі разоў дзяўчынкі ткалі паясы для сваіх будучых пляменнікаў, каб забраць іх з радзільнага дома не са стужкай, а з народным поясам. Прычым вельмі доўга і сур’ёзна вывучалі значэнне сімвалаў, выбіралі ўзоры-абярэгі. Як вынікае з размовы з дзяўчатамі – гэта было жаданне будучых бацькоў.

У мінулым годзе дзяўчына выткала для сябе вясельны ручнік з усімі сімваламі, якія павінны прынесці маладым шчасце. Гэта сімвал кахання, дзяцей, моцнай сям’і, хлеба (што азначае дабрабыт і дастатак у сям’і), сонца, абярэг ад хвароб і нячыстай сілы. Дарэчы, з гэтай мэтай дзяўчына пяць гадоў таму прыйшла запісвацца ў гурток. Вольга сказала: “Мая бабуля выткала шмат прыгожых рэчаў, і я таксама хачу навучыцца ткаць, каб на сваім вяселлі стаяць на ручніку, вытканым уласнымі рукамі”. Нядаўна адбылося вяселле. Вянчанне было ў Каложскай царкве і вялося на цудоўнай беларускай мове, маладыя стаялі на саматканым ручніку ў вясельных уборах, зробленых у народным стылі, падвязаныя прыгожымі паясамі, вытканымі рукамі нявесты. І гэта таксама адраджэнне нацыянальных традыцый.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка