Рыцар чалавечага духу




Дата канвертавання12.06.2017
Памер238.65 Kb.




Афармленне залы: партрэт У. Караткевіча, кніжная выстава прысвечаная У.Караткевічу “Рыцар чалавечага духу”

1.Вяд. Добры дзень паважаныя прысутныя і госці нашага вечара! Сёняшні наш вечар прысвечаны вядомаму беларускаму пісьменніку Уладзіміру Караткевічу, якому 26 лістапада 2010 года споўнілася б 80 гадоў.

2.Вяд. “ Рыцар чалавечага духу” – так казаў пра Уладзіміра Караткевіча Васіль Быкаў. На жаль, ужо 26 гадоў, яго няма сярод нас. Але памяць аб ім жыве .

1.Вяд. А калі перачытваем творы пісьменніка, знаёмімся з яго архівам, успамінамі сяброў і родных, – пераконваемся ў тым, якім неардынарным чалавекам ён быў.

2.Вяд. Сёння мы паспрабуем нагадаць пра яго шматгранны талент, моцную любоў да беларускай зямлі.

1.Вяд. Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў горадзе Орша Віцебскай вобласці. У сям’і інтэлігентаў.

2.Вяд. Духоўная атмасфера ў сям’і Караткевічаў была спрыяльная для развіцця будучага пісьменніка. Яго маці Надзея Васільеўна ў свой час скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве і некаторы час працавала вясковай настаўніцай.

1.Вяд. Маці па беларуску не гаварыла, бо лічыла, што недастаткова ведае мову. Бацька больш карыстаўся дыялектам.

2.Вяд. А сустрэчы з дзедам адкрывалі Валодзі глыбіню і мудрасць беларускай народнай душы. Да таго ж у доме было мноства кніг: і рэшткі дзедавай бібліятэкі, і кнігі бацькоў, і свае.

1.Вяд. Усё гэта прывяло да таго, што маленькі Валодзя навучыўся чытаць у тры с паловай гады, а пісаць трохі пазней. А гадоў у шэсць пачаў пісаць вершы, спрабаваў пісаць апавяданні, ілюстраваць іх.

2.Вяд. Таленты выяўляў разнастайныя, апрача пісьменніцкай дзейнасці маляваў, хадзіў у музычную школу. Дзяцінства У. Караткевіча азмрочыла Вялікая Айчынная вайна. Масіраваныя бамбёжкі Оршы, няўдалая спроба эвакуацыі.

1.Вяд. Эвакуіравацца не здолелі. Пайшлі ў пушчу. Бацька – партызанскі разведчык, Валодзя – сувязны. Пазней Валодзю з другімі дзецьмі адправілі на Вялікую зямлю.

2.Вяд. Потым быў інтэрнат на Урале, некалькі беспоспехавых уцёкаў. Урэшце Валодзя ўцёк зусім і некалькі месяцаў беспрытульнічаў. Даходзіла да таго, што пасвіў у паўночным Казахстане вярблюдаў.

1.Вяд. Але лёс зміласцівіўся над Валодзяй, дзівам адшукаў бацькоў. Потым быў разбураны гітлераўцамі Кіеў. Крашчацік, што разам з прылеглымі да яго вуліцамі ляжаў ў руінах.

2.Вяд. Тыя некалькі месяцаў, што будучы пісьменнік правёў у Кіеве, былі настолькі запамінальныя, што амаль праз трыццаць гадоў, змаглі стаць асновай для аповесці “Лісце каштанаў”.

1.Вяд. У гэтай аповесці У. Караткевіча шмат горкіх і цяжкіх рэалій, узаемаадносін і акалічнасцей, і хіба толькі ў першых праявах юнацкага кахання знаёма гучыць, хаця і не пазбаўлены драматызму, ўлюблёны рамантычны матыў.

2.Вяд. Восенню 1949 года У. Караткевіч зноў вяртаецца ў Кіеў, каб вучыцца на філалагічным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Т. Р. Шаўчэнкі. Але да гэтага шчаслівага моманту трэба было прайсці праз “сапраўдны разор”, “зону пустыні”, што пакінулі фашысцкія захопнікі на беларускай зямлі. Было ўсё і голад, і пасляваенная галадуха, і адзін падручнік на ўвесь клас.

1.Вяд. Гады вучобы ў Кіеве вельмі паўплывалі на Валодзю: па першае, яго захапленне горадам, украінскай культурай, помнікамі старажытнасці яшчэ больш разбудзіла ў ім беларуса, дапамагло вастрэй адчуць, што і Беларусь багатая на спадчыну.

2.Вяд. Па другое, ён зразумеў, што трэба дасканала ведаць гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. З першых кніг У. Караткевіча стала зразумела, што ў беларускую літаратуру прыйшоў аўтар самабытнага яркага даравання са сваім рамантычна – чалавечым успрыманнем і асвятленнем жыцця.

1.Вяд. Прыйшоў, як зазначае В. Каваленка на незанятую нікім вольную “тэрыторыю” у нацыянальнай прозе, каб вярнуць свядомасці беларускай літаратуры мінулае народа, апаэтызваць яго, зрабіць яго прыцягальным да сучаснага чытача.

2.Вяд. “Як ні парадаксальна, – адзначае В. Быкаў, – але менавіта … у таленце У. Караткевіча з’явілася і надоўга зацвердзілася яшчэ адна яго адметная схільнасць – паглыбленая цікавасць да гістарычнай мінуўшчыны нашага народа” .

1.Вяд. Мастацкаму ўвасабленню гістарычных падзей У. Караткевіча прысвяціў шэраг твораў, што былі напісаны ў 60-я гады. Сярод іх – рамантычная аповесць “Сівая легенда” (1961 г.), аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха”(1964), раманы “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1966), “Каласы пад сярпом тваім”(1965).

2.Вяд. Адначасова ён вёў творчыя пошукі і ў іншых літаратурных жанрах. З друку выходзяць дарожныя эсэ “Казкі янтарнай краіны” (1963 г.), аповесць “Званы ў парадоннях азёр” (1969), аповесць “Чазенія” (1964), навеяная ўражаннямі ад некалькіх месяцах жыцця У. Караткевіча на Далёкім Усходзе, зборнік вершаў “Мая Іліяда” (1969).

1.Вяд. У гэты ж перыяд ствараюцца сцэнарыі фільмаў “Сведкі вечнасці” (1964), “Памяць камення” (1966), “Будзь шчаслівай рака” (1967).

2.Вяд. Апрача адзначаных у розныя перыяды творчай дзейнасці У. Караткевіч напісаў такія адметныя творы, як апавяданні “Як звяргаюцца ідалы”, “Вока тайфуна”, легенда “Ладдзя роспачы”, п’есы “Званы Віцебска”, “Кастусь Каліноўскі”, кніга пра Беларуь “Зямля пад белымі крыламі”.

1.Вяд. Шматлікія раманы, аповесці, апавяданні, кінасцэнарыі. Нарысы, эсэ, рэцэнзіі, апрача ўжо названых, аб’яднаны ў двухтомнік “Выбраныя творы” (1980).

2.Вяд. Кнігі “Вока тайфуна” (1974), “Каласы пад сярпом” (1977), “З вякоў мінулых” (1978), “Чорны замак Альшанскі” (1983).

1.Вяд. Сярод твораў У. Караткевіча асобае месца належыць аповесці “У снягах драмае вясна”, з якой чытач змог пазнаёміцца праз трыццаць гадоў пасля напісання.

2.Вяд. Упершыню яна з’явілася ў друку ў майскім нумары часопіса “Полымя” за 1988 год. Асобнае таму, што аўтар адным з першых у беларускай літаратуры зрабіў спробу спасцігнуць трагізм людзей, складанасць духоўнай атмасферы грамадства 50-х гадоў, у якім “гасподствала” ідэалогія Сталіншчыны.

1Вяд.Адной з самых вядомых аповесцей У. Караткевіча з’ўляецца аповесць “Сівая легенда” (1961 г.), у якой , праз карціны сялянскага паўстання на Магілёўшчыне асэнсоўвае лёс Бацькаўшчыны.

2.Вяд.У вялікай творчасці У Караткевіча нельга абмінуць гістарычна-прыгодніцкаю аповесць “Дзікае паляванне караля Стаха” (1964). Упершыню яна была надрукавана ў часопісе “Маладосць”.

1.Вяд. У адрозненне ад некаторых іншых часта перанаселеных твораў, тут небагата дзейных асоб, амаль усе падзеі адбываюцца ў маёнтку Балотныя Яліны і вакол яго, ў цэнтры чытацкай увагі – абаяльны вобраз маладой гаспадыні маёнтка і не меней сімпатычнага госця – апавядальніка.

2Вяд. Створаная паводле выпрабаваных канонаў прыгодніцкай рамантыкі, гэтая аповесць мае і нешта адметнае ў сваёй структуры нейкую ўласцівую ёй таямніцу – загадку, якую нават цяжка растлумачыць з пазіцый фармальнай логікі, а можна хіба адчуць.

1.Вяд. І справа тут, канешне ж, не толькі ў напружанасці прыгодніцкага сюжэта, які дарэчы, па-майстэрску распрацаваны ў аповесці. Уражвае ў аповесці нешта іншае, што ідзе, мабыць, з далёкіх нетраў жыцця, а таксама ад лепшых традыцый літаратурнага рамантызму ў духу Майн Рыда, Вальтэра Скота, Генрыха Сянкевіча.

2Вяд. Ва ўсякім разе, на прыкладе гэтай аповесці, лішні раз пераконваешся ў тым, які добры вынік дае гарманічнае спалучэнне пэўнага характару літаратурнага таленту і падлеглай яму творчай задачы.

1.Вяд. У “Дзікім паляванні караля Стаха” ўсё сышлося ў сваёй залатой меры. Гэты раман, пакладзены на аснову мастацкага фільма, створанага на кінастудыі “Беларсьфільм”.

2.Вяд. У рамане У. Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” (1966), талент гістарычнага празаіка развіваецца і набывае новую сілу.

1. Вяд. Гэты раман адметны ад іншых твораў даннага жанру, шматлікімі станоўчымі якасцямі: грунтоўнага гістарычнага мыслення, багаццем і маляўнічай выразнасцю апісанняў, уменнем аўтара з непатужнай дакладнасцю ствараць шматлікія вобразы людзей розных саслоўяў.

2Вяд. Прасталюдынаў, духавенства, таго далёкага часу, ад якога не шмат захавалася нават скупых гістарычных даведак.



1.Вяд. Але, можа найбольшая вартасць кнігі ў яе выразнных гуманістычных і выкрывальніцкіх тэндэнцыях, асабліва ў адносінах да ўсяго, шмат датычыцца”власть предержащих” якія ў сваёй сквапнасці да ўлады не спыняюцца ні перад крывёю і зладзейскім падманам, ні перад фальшам высокіх слоў.

2.Вяд. Бог, вера, хрысціянская мараль – толькі шырма ў іх эгаістычным імкненні да ўлады над чэрню. Раман пакладзны у аснову фільма. Раман “Каласы пад сярпом тваім”(1968 г.) Сталася так, што менавіта Кастусь Каліноўскі і трагічнае паустанне 1863 года прыцягнулі пісьменніцкую ўвагу У. Караткевіча, і ў беларускім друку з’явіўся першы, а затым і другі том яго гістарычнага рамана.

1.Вяд. Гэты твор выклікаў розныя меркаванні ад захаплення да сур’ёзных папрокаў. Але ўжо тады было несумненна, што пры ўсёй спрэчнаці непаўторных аўтарскіх трактовак і палажэнняў, такой шырыні ахопу пэўнай гістарычнай эпохі і такога паэтычнага пранікнення ў яе яшчэ не было ў беларускай прозе.

2.Вяд. Твор гэты, на жаль, так і застаўся не скончаны.

1.Вяд. На перадапошнім годзе свайго жыцця У Караткевіч скончыў раман “Чорны замак Альшанскі”(1983 г.). Раман зараз жа пасля выхаду ў свет быў экранізаваны на беларускай кінастудыі і абышоў шматлікія экраны свету.

2.Вяд. У гэтым рамане аўтар удала спалучыў падзеі і вобразы розных часоў, паказаў іх узаемасувязь і ўплыў даўніх спраў і ўчынкаў на фарміраванне нашага сёння.

1.Вяд. Ён чытаецца з захапленнем, яго вострасюжэтная форма ў спалучэнні з выдатным моўным майстэрствам забяспечылі яму поспех сярод шырокага кола чытачоў.

2.Вяд. Аднак было б памылкаю думаць,быццам Уладзімір Караткевіч аўтар толькі прыгодніцка-гістарычнага жанру.

1.Вяд. Шматлікае з напісаннага ім дае падставу сцвярджаць, што ў дадзеным выпадку перад намі разнастайны літаратурны талент. Якому была па плячу любая тэма.

2. Вяд. Яшчэ ў 1972 годзе ім створана папулярная кніга – эсэ, кароткі нарыс гісторыі Беларусі “Зямля пад белымі крыламі”, дзе мінулае нашай рэспублікі асэнсавана ўдумлівым і дасведчаным аўтарам.

1.Вяд. Што датычыць ягоных апавяданняў, дык многія з іх гучаць, як песні каханню, жыццю, роднай прыродзе. Яны поўныя паэзіі, хараства, светлага смутку, павагі да чалавека, ягоных перажыванняў і клопатаў.

2.Вяд. Гэта песенная “Калядная рапсодыя”, “Загадкавая “Краіна цыганія”, драматычнае “Вока тайфуна”, самавітае, але такое пранікнёнае апавяданне, як “Былі ў мяне мядзведзі”.

1.Вяд. У 1967 годзе была надрукавана “Чазенія”, навеяная ўражаннямі ад школьных месяцаў жыцця на Далёкім Усходзе.

2.Вяд. Адметна тое, што ў кожным з жанраў пісьменнік вырашаў адну і тую ж усеабдымную задачу – спалучыўшы ў творчасці купалаўскую палымянасць і багдановічаўскую светлую веру.

1.Вяд. Выявіць мастацкімі сродкамі тэндэнцыі таго далёкага часу, калі ў барацьбе з феадальным, рэлігійным і сацыяльным прыгнётам, аб стыхійных народных паўстаннях абсуждалася нацыянальная самасвядомасць беларусаў, мацнела векавое жаданне “людзьмі звацца”.

2.Вяд. Уладзімір Караткевіч пісаў не толькі раманы, аповесці і апавяданні, яго цікавіла і паэзія і вусная народная творчасць (прыказкі, песні, легенды, казкі, народныя паданні).

1.Вяд. Моцны фальклорны струмень, да якога беспамылкова прыпаў У. Караткевіч, пранізвае ўсю яго паэтычную творчасць, напоўніў яе народным пачаткам, традыцыйнай патэтыкай.

2.Вяд. Бадай, што няма ніводнага фальклорнага жанру, якія не знайшоў бы свайго выкарыстання ў творах У. Караткевіча.

1.Вяд. Нарэшце, праз творы паэта народны фальклор набывае новае жыццё, становіцца важным элементам беларускай мастацкай культуры, якая даволі актыўна садзейнічае маральна-інтэлектуальнаму аднаўленню грамадства.

2.Вяд. Паўстаюць пытанні: “Што канкрэтна вабіла У. Караткевіча ў беларускім фальклоры?”, у чым ён бачыў яго прыцягальнасць і неадольную сілу? І, нарэшцэ, “Што дало гэтае захапленне самой паэтычнай творчасці У. Караткевіча?”.

1.Вяд. Адказ на гэтыя пытанні, можна знайсці толькі ў самой творчасці У. Караткевіча. У канцы 50-х пачатку 60-х гадоў ён стварыў легенды – “Маці вутру” і “Легенду аб бедным д’ябле і адвакатах Сатаны”,

2.Вяд. Стварыў шэраг баладных і рамантычных твораў, прысвечаных малавядомым старонкам нашай гісторыі. Такім чынам, ужо на пачатку творчага шляху У. Караткевіч адназначна выказаўся за спасціжэнне таінства фальклорнага багацця беларусаў.

1.Вяд. Здаецца, ўжо тады паэт вызначыў для сябе галоўныя магістральныя кірункі ў вывучэнні ідэйна-эстэтычных якасцей фальклору.

2.Вяд. Верш “Машэка”… не аднаму твору ў беларускай літаратуры даў жыццё гэты легендарны вобраз народнага змагара з прыгонніцтвам і бяспраўем працоўнага люду.

1.Вяд. Чытач у вершы “Машэка” знаходзіць самыя разнастайныя фальклорныя жанры, узнікненне якіх характэрна для тых далёкіх часоў, калі ў барацьбе, з панскім і феадальным засіллем пачынаўся працэс фарміравання нацыянальнай свядомасці беларусаў.

2.Вяд. Яшчэ адзін верш – “Балада пра паўстанцу Ваўкалаку”, ў ім як і ў вершы “Машэка” чытач сустракаецца з шэрагам асаблівасцей і элементаў з розных жанраў вуснай народнай творчасці.

1.Вяд. Праўда ў адрозненне ад “Машэкі” паэтычны расказ пра Ваўкалаку адназначна азначаны аўтарам, як балада – гэта адзін з самых распаўсюджаных жанраў у славянскай народнай паэзіі.

2.Вяд. ”Паэзія У. Караткевіча адзначыў адзін з яе даследчыкаў А. Верабей, – вызначаецца інтэлектуальнай заглыбленнасцю, багаццем, светасцю і арыгінальнасцю мастацкіх вобразаў, разнастайнасцю рытмікі.

1.Вяд. У. Караткевіч, як паэт валодае значнымі творчымі магчымасцямі. Ён імкнецца абнавіць сучасны беларускі верш, вызваліць яго з цесных рамак формы, напоўніць філасоўскім зместам.

2.Вяд. Звернемся да падмацавання гэтай думкі да створанага У. Караткевіча на аснове вуснай народнай творчасці вядомага верша “Заяц варыць піва”.

1.Вяд. Глыбокае веданне духоўнага і маральнага – этычнага вопыту народа, прымножанае фантастычна алегарычным прачытаннем беларускай народнай казкі пра зайца-півавара, дазволіла У. Караткевічу стварыць цікавы верш, арганічна спалучаючы міфалагічны погляд на жывёл з паказам галоўных звычак звяроў, іх характару і паводзін.



1.Вяд. Скажам, заяц баязлівы, але ён і кемлівы, і лоўкі, і ўсё робіць дзеля дабрабыту сваёй сям’і. А калі такія паводзіны аздоблены лагоднай усмешкай паэта, здаровым народным гумарам – узнікае новы твор, сучасная казка-прыпавесць, якая і развівае народную традыцыю:

1.Чытальнік. … А я відушчым бачу зрокам,

Як ён прысеў каля агню,

Трэгубы, шэры, касавокі,

І піва варыць з ячмяню.

Яліна іскрамі страляе,

А ён прыладзіў кацялок

І трэскай варыва мяшае,

Каштуе, сплёўвае на бок.

І піва заяц зварыць густа,

А на закуску – бурачок,

Трава, заечая капуста,

Галін асінавых пучок….



2.Вяд. Не будзе перабольшваннем сказаць, што менавіта са знаёмства з беларускай народнай казкай, з яе багатым жыццёвым зместам, з яе станоўчымі героямі-змагарамі за народнае шчасце, узнёслай фантастыкай і надпрыроднай гіпербалізацыяй.

1.Вяд. Успомнім, як характарызуе беларускую казку сам У. Караткевіч: “І казкі, казкі, казкі Беларусі, трапёткія, як першыя пралескі, пякучыя, як гнеўная маланка, загадкавыя, як жнівень залаты”.

2.Вяд. Вядома ж для стварэння арыгінальнага твора на народнай аснове мала толькі ведання вусна паэтавай народнай творчасці.

1.Вяд. У. Караткевіч вывучаў гісторыю роднага краю; ці то праз вывучэнне гістарычных дакументаў, ці праз запіс народных паданняў, ці то праз шматлікія сустрэчы са старажыламі розных тэрыторый Беларусі.

2.Вяд. У гэтым сэнсе найбольш паказальным з’яўляецца лірычны цыкл “Таўрыда” з паэтычнага зборніка “Мая Іліяда”

Знаходзячыся ў Крыме, паэт наведаў месцы, дзе раней жылі таўры. Адзін са старажытных народаў з высокаразвітай культурай, сваімі норавамі, побытам.



1.Вяд. Народ знік поўнасцю, знікла мова народа, яго песні. Усё было настолькі ўражальнае, што прымусіла яго больш дэталёва вывучаць гісторыю Таўрыды.

2.Вяд. У выніку з’явіўся лірычны цыкл “Таўрыда”, цыкл створаны на такім веданні жыцця і побыту старажытнага народа, таўрыдаў а таксама і тых народаў, якія асімілявалі з іх і жылі ў Крыме ў 17-19-х стагоддзях, што здаецца напісаны ён чалавекам, які толькі і займаўся гістарычнай навукай.

1.Вяд. Паэтычныя апісанні Аюдага, Чатырдага, Генуэзскай крэпасці, Гурзуфа, вадаспада Учан-Су, гары Шайтан-Мярдвень, Чуфут-Кале і іншых мясцін, звязанных з жыццём таўраў,

2.Вяд. Так перасыпаны ўсходнімі мудрасцямі, эпітэтамі, параўнаннямі, што ствараюць для сучаснага чытача добрую магчымасць спазнаць навакольную рэчаіснасць, у якой жыў і змагаўся за сваё існаванне народ старажытнай Таўрыды.

2.Чытальнік. Вось на Чатырдагу

Расце каравае дрэва,

Абпаленае перунамі.

Стаіць і ў цвіценне верыць –

Адно супраць сцюж і абвалаў, -

Смерць хаваючы ў сэрцы,

Жыццё – у каранях між скалаў. (“Дрэва на Чатырдагу”.)

3.Чытальнік. Вось сам Чатырдаг, “пан вечнасць”, якога

…пільнуе прорваў жах

І ў версе зорак лёд, як кроплі слёз,

Закатаванных вечнасцю нябёс.

Смерць пад нагой і смерць над галавой. (“Чатырдаг”.)

4.Чытальнік. Вось Аюдаг, які як

Мядзведзь на спакойнае мора усперся

І ў нямозе салодкай, забыўшы пра гнеў і гразу,

Касавурыць адзінае вока на зоры, што ўнізе і ўверсе,

На скупое сузор’е між іх, на сп’янелы і сонны Гурзуф.

(“Гурзф уначы”)



2.Вяд. Але за вонкавым хараством таўрыйскай прыроды хаваўся жорсткі ханскі дэспатызм, здзекі над простымі людзьмі, прыніжэнне іх чалавечай годнасці. Па майстэрску перадае плач беларусак-паланянак аб сваім трагічным лёсе ў вершы “Фантан слёз”:

Чытальнік …О божа наш мілы!

Дай нам радзіму, бо сэрцы аб ёй толькі б’юць,

Дай нам, глухі, лебядзіныя крылы,

Каб даляцець на старонку, старонку, старонку сваю.

Плачам за краем, нібыта за страчаным раем,

Тужым па лепшай на свеце сваёй старане

У гэтым тужлівым, пустынным Бахчысараі,

У гэтай цясніне, дзе божаму свету канец…



2.Вяд. Непадробнай тугой, аб сваім цяжкім лёсе, растаптанай чалавечай годнасці, згубленных жыццёвых радасцях і шчасці напоўнены маналогі тых , хто па сваёй волі і супраць яе дапамагаў трымаць у пакорнасць другія народы воіна Мехмета (“Песня Мехмета”) і маці ханум, і жонкі хана Джаніке-ханум (“Маўзалей Джаніке-ханум”)

1.Вяд. Мела час падумаць і паразважаць аб сваім, калі зразумела, што не ў багацці і не ў ўладзе над людзьмі шчасце.

2.Вяд. Час усё растаўляе на свае месцы, і перад смерцю заўсёды прыходзіцца даваць адказы на адвечныя пытанні: “Як пражыў жыццё?, што пакідаеш людзям”.

1.Вяд. Устаюць гэтыя пытанні і перад Джаніке-ханум: ”Што такое нянавісць ў сэрцы, кроў, падкопы, людзі-багі перад простай ісцінай смерці, перад вечнай спякотай магіл?!”

2.Вяд. Усё гэта – непатрэбная сэрцу ўлада,

Непатрэбная золата тло.

І ніхто не скажа: “Ты – радасць”.

І не крыкне ў адчаі: ”Ты зло!” (“Маўзалей Джаніке-ханум”.)



1.Вяд. Просты воін Мехмет, які ўсё жыццё правёў у набегах і войнах у імя вялікага хана, таксама разумее нялюдскасць чужога жыцця. Акумуліруючы ў сваёй песні беды людскія, ён адназначна высказваецца:

2.Вяд. І нашто былі нашы пакуты

Пакуты вакольных людзей?

Справядлівасць і вера стаптаныя!

Хай у крыві пад васкрылляў звон

Не на простых – на голаў хана

Цяжка рухне народаў праклён!



1.Вяд. Паэтычны цыкл “Таўрыда” У. Караткевіча наскрозь прасякнуты матывамі цюркскага фальклору, ён неяк мімаволі выклікае аналогію с крымскімі творамі А.С. Пушкіна, якія напоўнены старажытнасцю, легендарнымі вобразамі і падзеямі.

2.Вяд. Не абмінуў у сваёй творчасці У. Караткевіч і любоўную лірыку.

Каханне ў паэзіі У. Караткевіча – гэта не вузкаэгаістычнае пачуццё. Скіраванае на самаўдаласканаленне асобы, вырашэнне яе асабістых інтарэсаў.



1.Вяд.Яно праяўляе сацыяльна-маральную актыўнасць асобы і ідэалізацыю любімага чалавека, адноснае самазабыццё і бескарыслівасць. Валодае ўсёачышчальнай сілай, фарміруе духоўнае ў чалавеку, далучае яго да самага ўзвышаннага ў свеце.

2.Вяд. У творах У. Караткевіча лунае любоў да жыцця, да сонца, да маці, да каханага і каханай. Каханне выступае як адмаўленне ад зла і станаўленне гарманічных адносін паміж людзьмі.

1.Вяд. У адной са сваіх апошніх паэм “Грубае і ласкавае” У. Караткевіч так сцвярджае сваю думку: … Ёсць яно,

Але ёсць каханне, -

І люблю я больш

Зямлю і людзей.

Больш ні ў чым на зямлі мне няма патрэбы:

Толькі б шчасця болей яе сынам ,

Больш любві, пяшчоты, сумленнага хлеба,

Менш хлусні, менш свінцу, менш агню палям.

Толькі б хлопцы былі да дзяўчат, як ветрык,

А дзяўчаты да хлопцаў, як сонца, былі.



2.Вяд.Ужо ў першым зборніку “Матчына душа”У. Караткевіча выходзіць на разуменне кахання, як пачуцця, якое існуе само па сабе, як раз і назаўсёды дадзенае чалавечай асобе для задавальнення яе індывідуалістычных намераў і інтарэсаў.

1.Вяд. Пачуццё кахання ставіцца паэтам ў залежнасці ад успрымання жыцця, пазітыўных якасцях асобы. Незалежна ад таго, на якім узроўні разглядаецца гэта праблема.

2.Вяд. Ці то праз асаблівыя ўражанні паэта. Аб сваіх юначых гадах, праз юначае каханне (верш “Размова з Кіева-Пячэрскім сланом”), ці праз раскрыццё кахання як самаахвяравання ў імя жыцця любімага чалавека (“Партызанская баллада”).

1.Вяд. Ці ў глыбокім па змесце паэтычным вершы-апавяданні аб каханні двух пажылых людзей-жанчыны і мужчыны, якія згубіўшы ў агні Вялікай Айчыннай вайны сваіх блізкіх; засталіся жыць у адзіноце (верш “Жаданы госць”).

2.Вяд. Стрыманасць з якой паэт апісвае каханне пажылых людзей у вершы “Жаданы госць” уступае месца павышанай эмацыянальнасці, узнёсласці, нават, рамантычнасці ў веры “Размова з Кіева Пячэрскім сланом”.

1.Вяд. Лірычны герой верша ў тым юнацкім узросце, калі ў памяці застаецца ўсё – і дотык “каханых рук”, і месца кожнай сустрэчы і прагулкі па начным Кіеве.

2.Вяд. Трэба быць такім шчаслівым у сваім каханні, каб убачыць, упамятаваць,

…Як кацілася знічка з нябёс.

Я такога не бачыў яшчэ на вяку,

Я не бачыў такога ў жыцці:

Затуліла павекі, працягнула руку

І сказала: ”Ляці ж Ляці!”



1.Вяд. Аказваецца, злавіць гэтую зорку не так проста. Ідуць гады, а герой У. Караткевіча ўсё яшч на раздарожжы. Вось радкі з верша “Засуш” са зборніка “Вячэрнія ветразі”:

Чытальнік. Што рабіць, калі сэрца дурное цябе ўспамінае

І ляціць да цябе праз ляснога пажарышча дым?

Я ж не ведаю нават, кахаеш або не кахаеш,

Помніш часам мяне ці адразу забыла зусім.

Але жыць не магу без цябе, як засмяглыя травы,

Па якіх сухавеі начамі і днямі ідуць…

І зрываю рамонак, што вырас з ускраю раллі,

І гадаю з трывогай :

Будзе кахаць ці не будзе?

2.Вяд. У кнізе “Мая Іліяда” працягваецца думка пра каханне. Адзін із раздзелаў паэт назваў “Калі памірае каханне”. Праз усе гэтыя вершы праходзіць лірычны герой, які да апошняга хоча захаваць сваё першае каханне.

1.Вяд. Ён перадае думкі, пачуцці, мары, фантазіі самога паэта:

Чытальнік. “О каханне маё бясконцае,

Не уцякай ад мяне, пашкадуй!

За табой, як за светлым сонцам.

Па штодзённай дрыгве іду.

Чарада нада мной журауліная,

Пада мною – балот віры.

Журавінамі, журавінамі

Кроў мая на куп’і гарыць.

На шляху толькі чорная лотаць

А за мной, ад маёй крыві,

Утрапёна квітнеюць балоты

С молкай песень пярэснай любві.

Кроў сплывае. Няма спакою.

І калі упаду нежывы.

Красаванне кветак жывое.



Застанецца на месце дрыгвы”.

2.Вяд.У паэтычнай творчасці У. Караткевіча каханне не толькі лірычнае, інтымнае пачуццё, якое існуе, як нейкая аб’ектыўная дадзенасць, раз і назаўсёды адрасаваная людзям.

1.Вяд. У розных абставінах яно напаўняецца адметнымі, своеасаблівымі адценнямі, нюансамі, характарыстыкамі.

2.Вяд. Яно лірычнае і драматычнае, ўузнёслае і трагічнае, звычайнае, зямное і рамантызаванае.

1.Вяд. Каханне для паэта – гэта не толькі шчасце і радасць надзей, якія не забываюцца. Гэта і барацьба за само існаванне, за права свабодных людзей на каханне.

2.Вяд. Гэта таксама і ўменне перажыць няўдачы, здраду, прадажніцтва. Гэта нарэшце, памяць пра тых, хто ўжо ніколі не зможа ні пакахаць, ні стаць каханым.

1.Вяд. Бадай што,найбольш поўна такое дыялектычнае разуменне кахання і любові чытач знаходзіць у паэме “Слова пра чалавечнасць”.

2.Вяд. У вершах пра каханне мы не знаходзім цынічных адносін да жанчыны, ухвалення лёгкіх мімалётных сувязяў.

1.Вяд. Каханне напоўнена паэтычнасцю, што пранізвае ўсё іншыя адценні чалавечых адносін: любоў да маці, родных мясцін, дружбу, таварыства.

2.Вяд. Творы Уладзіміра Караткевіча аб каханні, кажучы словамі В. Бялінскага, – гэта мелодыя сэрца, музыка душы, якая не перакладаецца на чалавечую мову і тым не меней заключае ў сабе цэлую аповесць…

1.Вяд. А цяпер праверым, Як Вы ведаеце творчасць У. Караткевіча і праведём віктарыну:

  1. Дзе і калі нарадзіўся У. Караткевіч? ( г.Орша 26 лістапада ў 1930г.)

  2. У 2010 годзе выйшла кніга У. Караткевіча “Чорны замак Альшанскі”, на колькі моў яна была пераведзена? (на 3 мовы:рускую, украінскую і англійскую.)

  3. Дзе вучыўся У. Караткевіч на настаўніка? (Кіеўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Т. Р. Шаўчэнкі ; філалагічны факультэт.)

  4. Дзе працаваў У. Караткевіч пасля універсітэта, па размеркаванню?(У вёсцы Лесавічы Тарашчанскага р – на Кіеўскай вобл.)

  5. Які час ён там працаваў? (1954 -1956 гг.)

  6. Кім працаваў У. Караткевіч пасля заканчэння універсітэту? (Настаўнікам рускай мовы і літаратуры.)

  7. У колькі гадоў У. Караткевіч сачыніў раман “Дікае паляванне караля Стаха”? (У 20 гадоў.)

  8. Калі быў напісаны адзін з самых вядомых твораў У. Караткевіча раман “Дзікае паляванне караля Стаха” (У1964 годзе.)

  9. Назавіце самы вядомы твор У. Караткевіча, які сімвалізуе нашу Беларусь? (“Зямля пад белымі крыламі”.)

  10. У якім годзе быў напісаны твор “Зямля пад белымі крыламі”? (1977год.)

  11. На якой мове выйшла першае выданне твора “Зямля пад белымі крыламі”? ( На украінскай мове.)

  12. Назавіце твор У. Караткевіча, які напісаны ў жанры дэтэктыву? (Раман “Дзікае паляванне караля Стаха”.)

  13. Назавіце творы У. Караткевіча напісаныя на гістарычную тэму? (Аповесць “Ладдзя роспачы”, “Хрыстос прызямліўся ў Гародні”, “Сівая легенда”, “Цыганскі кароль”.)

  14. Як называўся паэтычны цыкл У. Караткевіча прысвечаны Крыму? (Паэтычны цыкл “Таўрыда”.)

  15. Назавіце творы У. Караткевіча, прысвечаныя барацьбе супраць прыгнёту? (“Маці урагану”, “Машэка”,”Кастусь Каліноўскі”, “Званы Віцебска ”, “Балада пра паўстанцу Ваўкалаку”.)

  16. Да якой тэматыкі у сваёй творчасці У. Караткевіч, выяўляў большую прыхільнасць? (да гістарычнай.)

  17. Дзе ў г. Мінску ствараецца музей У. Караткевіча (У кватэры, дзе ён жыў.)

1.Вяд. Уладзімір Караткевіч паміма сваёй творчасці , быў вельмі неабыякавым чалавекам да шматлікіх чалавечых праблем, асабліва яго хвалявалі праблемы экалогіі.

2.Вяд. Ужо ў тыя гады ўсеагульнага замілавання меліярацыяй і хімізацыяй У. Караткевіч адчувае ўсю пагрозу, якую яны нясуць сельскай гаспадарцы, людзям пры няўмелым іх выкарыстанні.

1.Вяд. І ён робіць у сваіх дзённіках наступныя запісы: ”У свеце навукі”. “Палессе ўчора, сёння, заўтра”. Я мяркую, што пры гэтакай навуцы – ніякага “заўтра” у Палесся быць не можа хіба, што загаджаная, занесеная падчас чорных бураў тарфяным пылам і пяском.



2.Вяд. Дарэчы захаванню навакольнага асяроддзя ад забруджвання і прыняцця мер для зберажэння прыроды У. Караткевіч ніколі не лічыў толькі праблемай беларускай, нацыянальнай.

1.Вяд. Ён добра разумеў глабальнасць біяхімічных працэсаў, залежнасць ад іх усей тэрыторыі Зямлі: “А чалавек як сляпы ці ачумелы. Я схільны думаць, што калі чалавецтва не адумаецца, то яно загіне, хутчэй не ад атамнай бомбы.

2.Вяд. Хутчэй за ўсё яно захлынецца ва ўласным дзярме, як “заключаны ў збан” у сэрэдневяковых турмах. І калі яно не паразумнее, можна ўявіць сабе войны будучыні, якія ідуць за чыстую ваду, як яны ідуць зараз за вугаль, сланцы, нафту.

1.Вяд. І гэта будзе жах. Людзі з узбярэжжаў Рэйна (Дуная і г.д.) ідуць вайной на людзей з берагоў Байкала, Нарачы і Асвеі “.

2.Вяд. Уладзімір Караткевіч унёс вялікі ўклад у беларускую літаратуру – гэта паэт, драматург, празаік, які перакінуў мост паміж 18 стагоддзі і 20-м.

1.Вяд. А яшчэ ён нястомны падарожнік, вялікі кніжнік, працаўнік і рамантык. Ён несхіліўся перад нягодамі і выпрабаваннямі. Перанёс іх з годнасцю, не страціў свой талент.

2.Вяд. “Выхоўваць любоў да нацыянальнай культуры можна адным толькі спосабам: выхаваннем у чалавеку гордасці за свой народ і яго дзеянні ў гісторыі.

1.Вяд. І - ў сучасным - працай, часам непасільнай, па асвеце моладзі, па абуджэнні, ў ёй глыбокіх ведаў аб сваіх людзях і сваім краі. Калі ўсе будуць працаваць над гэтым на грані сваіх магчымасцей – грамадства здолее ўсё”; казаў У. Караткевіч.

2.Вяд. 25 ліпеня 1984 года Уладзіміра Караткевіча не стала. Але яго творчасць засталася з нашчадкамі назаўсёды. Памяць паэта ўвекавечана. У Оршы, дзе ён нарадзіўся, вучыўся і настаўнічаў, яго імем названы вуліцы.

1.Вяд. У сярэдняй школе створаны музей. У Мінску, у кватэры, дзе ён жыў, дзякуючы сястры Наталлі Сымонаўне, ствараецца музей.

2.Вяд. Уладзімір Караткевіч – чалавек, размову пра якога лепш скончыць яго словамі : “Аптымізм беларускі ў тым, што, калі мы, нягледзячы на ўвесь песімізм і безнадзейнасць мінулага, ўсё ж жывём, значыць, у нас ёсць падставы гаварыць аб лепшым будучым: “Калі ужо нашае мінулае з намі нічога не зрабіла, значыць, і будучыня нам па плячы”.

Чытальнік. “Быў. Ёсць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё распята

За ўсе мільярды двухногіх.

За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разорвы,

Хто ў гарачым пекле металу,

За ўсіх, хто змагаецца з небам і морам,

За жывых, і за тых, што сканалі.

За ўсіх, хто крывёю піша

У нягоддзе

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны,за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога…”


1.Вяд. На гэтым наша сустрэча скончана. Да пабачэння, да новых сустрэч!
ВЫКАРЫСТАНАЯ ЛІТАРАТУРА:


  1. Беларуская энцыклапедыя: У 18 Т. т. 8.- Мн.: Бел. Эн.- 1999.- 57с.: іл.-57.

  2. Караткевіч У // Збор твораўУ 8 т. т 1. Вершы, паэмы.- Мн.: Маст. літ.- 1987.- 431 с. – 4 л. іл.

  3. Русецкі А. // Уладзімір Караткевіч: Праз гісторыю ў сучаснасць : Нататкі літ. творчасці. – Мн.: Маст. літ. – 2000. – 300 с.

  4. Баганцава Л.М. Знаток сівых легенд // Метадычныя рэкамедацыі бібліятэкарам да 70-годдзя У. Караткевіча. – Брэст. – 2000. – 13 с.


Выданне падрыхтавана аддзелам бібліятэчнага маркетынгу

Лунінецкай цэнтральнай раённай бібліятэкі

Люты 2010 г. Наклад 20


Склад. Л.Данілкіна



Рэдактар і адказны за выпуск Т.Карпуковіч



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка