Роднае слова. 2015. № С. 14-17. Настаўнік, разведчык, пісьменнік рыгор няхай




Дата канвертавання09.01.2017
Памер141.95 Kb.
РОДНАЕ СЛОВА. 2015. № 5. С.14-17.

НАСТАЎНІК, РАЗВЕДЧЫК, ПІСЬМЕННІК РЫГОР НЯХАЙ

У прыватных размовах з аўтарам гэтых радкоў аб творчасці беларускага паэта, празаіка і перакладчыка Рыгора Восіпавіча Няхая вядомыя літаратурныя крытыкі і літаратуразнаўцы Варлен Бечык, Віктар Каваленка і Павел Дзюбайла адзначалі, што па свайму таленту гэты пісьменнік дастойны самых прэстыжных Літаратурных прэмій, нават Дзяржаўнай прэміі Беларусі, ганаровага звання “Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР”, калі б не адна прычына.

Шмат год я быў знаёмы з гэтай таленавітай творчай асобай, сачыў за яе творчым шляхам, літаратурнай творчасцю. Акрамя таго, Рыгор Няхай быў маім земляком - ураджэнцам Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці. Мала таго, ён нарадзіўся 5 снежня 1914 года ў мястэчку (вёсцы) Сяліба, адкуль паходзіў мой бацька.

Сёлета ўвесь свет адзначае 100-годдзе Першай сусветнай вайны. Менавіта беларускія землі Расійскай імперыі сталі арэнай гэтай вайны. У “Аўтабіяграфіі” Рыгора Няхая ёсць такія радкі:

“Я не раз пытаўся ў маці, калі ўсё такі я нарадзіўся? Яна заўсёды адказвала:

Калі бацька пад Баранавічамі акопы капаў.

Потым мне стала зразумела, што гэта, напэўна, быў 1914 год, паколькі імперыялістычная вайна пачалася летам, а акопы капалі ўвосень. Я і цяпер не ўпэўнены, ці так гэта, бо ніякіх дакументаў не засталося. Па расказах маці я і вызначыў сабе дату нараджэння…5 снежня”.

Бацькі Рыгора былі непісьменнымі людзьмі і лічылі, што іх дзецям таксама няма патрэбы вучыцца, бо з “граматы” яшчэ ніколі ніхто ў сям’і хлеба не еў. Бацька будучага піьменніка Восіп Няхай быў пастухом. Кожнае лета ён то ў адной, то ў другой вёсцы наймаўся пасвіць кароў. Трэба было зарабіць не толькі хлеба на зіму, але і выгаварыць добрую “выганшчыну” і “радоўку”.

Але хлопчыку Рыгору вельмі хацелася вучыцца, хацелася ісці ў школу.

Праз шмат гадоў Рыгор Восіпавіч успамінаў:

“Прыйшла пара хадзіць у школу. Беларуская школа была ў вёсцы Міраслаўка ў былым панскім маёнтку. Вучыў там дужы вусаты настаўнік Кудзінаў. Ён вельмі любіў драць за вушы. Дзіўна было глядзець, як здаравенны дзяцюк у сажалкавай кашулі пасля таго, як няправільна рашыў задачу, са слязамі на вачах працягваў “лапу” або садзіўся на месца з парваным вухам. Магчыма. настаўнік злаваўся таму. што было цесна: у адным пакоі займаліся ўсе чатыры класы, а ён адзін не мог справіцца з імі. Апрача таго, мы павінны былі за трыкіламетры штодённа насіць у школу па палену дроў. У дзвярах стаялі дужыя хлопцы і не прапускалі без палена. “Беспаленнікі” заставаліся на вуліцы на марозе або вярталіся дадому. У мяне не было ніякай вопраткі і абутку. І міраслаўскую школу давялося пакінуць. І вось неяк сустрэлі сябры з яўрэйскай Сялібы і прапанавалі хадзіць у іхнюю школу, што я і зрабіў, хоць слаба ведаў яўрэйскую мову. Прасядзеў там з год, паступіў у піянеры, а потым перайшоў у беларускую школу, якая адкрылася ў Сялібе. Летам пайшоў пасвіць свіней, а зімой вучыўся.

Захацеўшы, усё можна – вучоба ішла паспяхова…

Вось ткт, каля Бярозы-ракі… настаўнікі першы раз прачыталі нам вершы на роднай мове. Найбольш запаміналіся простыя і да болю праўдзівыя, напісаныя “па-нашаму” вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа. Я тады ніколі не думаў, што калі-небудзь сустрэну гэтых чарадзеяў слова, буду гаварыць з імі, сядзець у адной зале…

Бліжэйшыя сямігодкі былі ў Клічаве, Свіслачы, Бярэзані. Я паступіў у Свіслацкую…

Вучыцца было цікава…

Хлопцы амаль кожны веча хадзілі ў вёскі і займаліся з непісьменнымі…І тады я зразумеў,. як жа цяжка было жыць маім непісьменным бацькам…

Літаратуру ў сямігодцы выкладаў малады пісьменнік Юрка Верас…Кожны раз чытаў нам новыя вершы Алеся Дудара, Міхася Чарота, расказваў аб літаратурным жыцці ў Мінску, і мы вельмі радаваліся, што бачым перад сабой жывого пісьменніка”.

Менавіта ў гэты час Рыгор Няхай вырашыў стаць настаўнікам. Пасля сямігодкі ён марыў паступіць у Рагачоўскі педтэхнікум, дзе вучыўся яго замляк – будучы таленавіты паэт-сатырык Міхась Скрыпка. Аднак пакуль бацька сабраў грошай на дарогу, было ужо 5 верасня, ўсе групы ў Рагачоўскім тэхнікуме былі ўкамплектаваны. У тэхнікум паступіць не ўдалося. Прыйшлося цэлы год працаваць адносчыкам шклянога посуду, а потым баначнікам на кляной гуце “Кастрычнік” – недалёка ад горада Бабруйска.

Праз год 17-гадовага Рыгора Няхая залічылі студэнтам Мінскага педагагічнага тэхнікума. Тут ён пазнаёміўся з Алесем Бачылам. У педтэхнікуме Р.Няхая абралі рэдактарам студэнцкай насценгазеты “Малады асветнік”.

Студэнты педтэхнікума хадзілі ў вышываных кашулях, падперазаныя саматканым поясам, часта ладзілі творчыя вечарыны. Перад імі часта выступаў беларускі пісьменнік, рэжысёр, акцёр, тэатральны дзеяч і мастак Уладзіслаў Галубок, вядомыя грамадскія дзеячы Беларусі таго часу.

Неяк у пачатку верасня Рыгор Няхай і яго сябры даведаліся, што у памяшканні цяперашняга Рускага драматычнага тэатра павінен адбыцца вялікі літаратурны вечар . Рыгор з сябрам пайшлі, але іх без запрашальных білетаў не прапусцілі. На шчасце, на ганак выйшаў Цішка Гартны. Няхай пазнаў яго па партрэту. Ён падышоў да яго і сказаў: “Дзядзька Цішка, мы прыехалі з вёскі вучыцца, хочам пабачыць пісьменнікаў, а нас не пускаюць”. Ён моўчкі ўзяў абодвух студэнтай педтэзхнікума за рукі і правёў у памяшканне.

Хутка Рыгор Няхай пазнаёміўся з Піменам Панчанкам і Леанідам Гаўрылавым, якія прыехалі ў Мінск на настаўніцкія курсы Менавіта з тых часоў пачалося сяброўства Р.Няхая з Бачылам, Панчанкам і Гаўрылавым.

Пасля заканчэння Мінскага педтэхнікума або як яго называлі “Белпедтэхнікума” Рыгор Восіпавіч працаваў у дзіцячым доме ў Астрашыкім гарадку, а потым настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Каладзішчанскай сярэдняй школе Мінскага раёна.. Больш чым чвэрць стагоддзя ён нагадваў:

“Смешна атрымалася, калі я прыехаў у школу. Зайшоў у настаўніцкую, стаю. Дырэктар нешта піша. Потым падняўгалаву і пытае:


  • А вы ў які клас?

  • - Я настаўнік..

  • Не можа быць! – здзівіўся ён.

  • Аднак паглядзеў дакументы і згадзіўся, але доўга яшчэ ківаў галавой.

Адначасова Рыгор Восіпавіч вучыўся на літаратурным аддзяленні літаратурнага факультэта Мінскага настаўніцкага інстытута пры мінскім педагагічным інстытуце імя А.М.Горкага. У размове з аўтарам гэтых радкоў Рыгор Няхай адзначыў:

“Менавіта ў тыя 1930-я гады я вельмі зблізіўся з будучым народным паэтам Беларусі Піменам Панчанкам і арыгінальным і непаўторным беларускім паэтам Алесем Бачылам. П.Панчанка ў той час працаваў у вёсцы Казулічы Кіраўскага раёна, а А.Бачыла - у вёсцы Сініло Мінскага раёна. Зноў мы сустрэліся на завочным аддзяленні Мінскага педінстытута. У час канікул прыязджалі на сесіі. Менавіта ў МДПІ імя А.М.Горкага мы пазнаёміліся з Іванам Грамовічам. Янкам Казекам, Язэпам Семяжонам і Міколаем Лупсяковым. Цяжка забыць тыя перадваенныя гады. Было шмат рамантык, шчырых размоў. Памятаю, як мы дзяліліся вопытам выкладання беларускай літаратуры ў вясковых школах”.

Такім чынам, у 1939 годзе Рыгор Восіпавіч скончыў Мінскі педінстытут і хутка быў прызваны ў Чырвоную Армію. Спачатку ён служвў на Украіне . Разам з з будучым паэтам Пятром Прыходзькам ён выпускаў у дывізійнай газеце літаратурную старонку на беларускай мове, паколькі ў палку, дзе яны служылі, было шмат беларусаў.

Першыя вершы 20-гадовага Рыгора Няхая выйшлі ў 1935 годзе. Гэта вершы “Баявому таварышу”, які быў апублікаваны ў зборніку “Аднагодкі”, “Песню гучную птушкі пяюць…”(“Калгаснік Беларусі”, 30 жніўня). “Ураджай”(“ЛіМ”, № 44), “Сустрэча чырвоных байцоў”(“Піянер Беларусі”, 9 кастрычніка”).

У 1939 годзе выйшаў першы зборнік вершаў паэта “Па сонечных узгорках”, які быў станоўча ацэнены крытыкам Рыгорам Бярозкіным (“Аб першай кнізе”, “ЛіМ”, 11 студзеня 1940 года і паэтамі Аляксеем Коршакам і Міколай Аўрамчыкам (“Па сонечны узгорках” у тым жа нумары “ЛіМа”).

Праз 45 гадоў гадоў у прадмове да выбраных твораў Рыгора Няхая ў двух тамах пад назвай “Сэрца салдата” вядомы беларускі паэт Анатоль Вялюгін напіша:

“Дакладнасць, роднасць і радасць вершаванага слова! З такім захапленнем чытаў я ў трыццаць дзевятым годзе першы зборнік Рыгора Няхая “Па сонечных узгорках”. Усё знаёмае, блізкае: і “зялёныя матывы” зямлі пад сінім крылом вечара. І салаўіны алешнік, дзе “коні прагна п’юць ваду з крыніцы”.

Пачынаўся цікавы паэт…”

Асаблівае ўражанне на любіцелей паэзіі аказаў верш “Матчыны песні”(1936).. Толькі ўдумаемся ў яго радкі:

“На прызбе маці.

Каля ганку

Шумяць кусты.

Прыходзіць ноч.

Над ціхай змрочнаю палянкай

Гарыць зары смалісты корч.

…Бывала так: чужая хата,

А ў сэрцы страшная зіма.

І нават рванага халата

Прыкрыць дзяцей малых няма.

…Між кветак пройдзеш ты ля ганка

Сягоння з ношай светлых дум.

Кусты шумяць.

І над палянкай

Здаецца песняй гэты шум.

Нельга не згадзіцца з думкай беларускага паэта Казіміра Камейшы, выказанай ім у матэрыяле “Рыгор Няхай” (“Полымя”, 2006, № 6), што “вайна – самая памятная і, магчыма. самая галоўная старонка ў жыцці і творчасці пісьменніка”.

Не ў крыўду беларускім паэтам і празаікам, бадай не знойдзеш такой легендарнай біяграфі. Біяграфіі франтавіка, камандзіра партызанскага атрада, разведчыка. Падпольшчыка і зноў…франтавіка.і

У пачатку жніўня 1941 года полк, дзе служыў Рыгор Восіпавіч, апынуўся на Паўднёвым фронце. У складзе гэтага палка ён змагаўся пад Кахоўкай, удзельнічаў у абароне Данбаса, у баях на Данцы каля Лісічанска.

У ліпені 1942 года ў раёне Варашылаўграда Рыгор Няхай апынуўся ў акружэнні. Шмат разоў ён са сваімі баявымі сябрамі спрабаваў прабіцца на ўсход – да сваіх, але безвынікова, а людзей усё меншала. Тады падабралася група чырвонаармейцаў і камандзіраў, якая накіравалася на поўнач з мэтай далучыцца да партызан або ў лясных раёнах перайсці лінію фронту. Ішлі начамі, днеўку рабілі ў стэпе. Нарэшце Рыгору Няхаю разам з групай вайскоўцаў ўдалося патрапіць на сляды Чарнігаўскага партызанскага злучэння пад камандаваннем будучага Героя- Савецкага Саюза Юрыя Збанацкага. Ён стаў партызанам.

Менавіта ў гэты час ён напісаў такія радкі, пазначаныя такім чынам “1942. Паўднёвы фронт”. У сярэдзіне цяжкага для нашай краіны 1942-га года Рыгор Няхай верыў у Перамогу Чырвонай Арміі над германскім нацызмам, якая адбудзецца ў месяцы маі. І тады ён вернецца на раку сваёй “малай радзімы” – Бярозу:

“Я з баямі цяжкімі ішоў

Па зямлі, патоптанай франтамі.

Я чытаў лісты маіх сяброў

І да болю сумаваў часамі.

Мне ніхто нічога не пісаў:

Беларусь стагнала ў палоне

І дзяўчыны русая каса

На чужыя падала далоні.

…Адступіся, гора, прападзі!

Мне дайсці нялёгка да Бярозы.

Знаю, устане шчасця маладзік,

Будзе сонца, Май.

Спаткання слёзы!

Спачатку Рыгору Восіпавічу прыйшлося выконваць цяжкія заданні па разведцы ў Кіеве і ў паўднёвых раёнах Кіеўскай вобласці. Разам з партызанамі з партатыўнай радыястанцыяй хадзіў і Няхай. У Каневе з мясцовых жыхароў быў створаны невялікі партызанскі атрад імя Тараса Шаўчэнкі на чале з Рыгорам Няхаем.

Цяжэй за ўсё было прабрацца ў Кіеў, ды яшчэ з радыястанцыяй. І працаваць там. Аднак усё абышлося добра. З новенькай рацыяй “Севярок”, з чатырма гранатамі “Ф-!” ды з пісталетам “ТТ” неаднойчы хадзіў Рыгор Восіпавіч у Кіеў для разведкі і сувязі з гарадскім падполлем. Застаўшыеся ў жывых партызаны Украіны і сёння жартуюць, удакладнячы выслоўе палкаводца Аляксандра Суворава:

“Дзе алень не пройдзе, рускі салдат пройдзе. А дзе салдат не пройдзе, Няхай з рацыяй прашмыгне”.

У 1942-1943 гадах Рыгор Няхай выконваў заданні Галоўнага разведупраўлення Савецкай Арміі ў тыле ворага (у раёне Кіева-Чаркас – Чарнігава”.

На плечы Рыгора Няхая легла нялёгкая разведчыцкая служба. Яго нават прызначылі начальнікам асобага аддзела партызанскага злучэння Юрыя Збанацкага. Ён арганізоўваў атрады па дыверсіям і разведцы на Кіеўшчыне, а некаторы час удзельнічаў у рабоце Кіеўскай падпольнай арганізацыі.

У час адной з сустрэч з аўтарам гэтых радкоў Рыгор Восіпавіч прызнаўся, што ён у 1943 годзе выконваў некаторыя заданні камандзіра разведвальнай групы ў тыле ворага, легендарнага савецкага разведчыка Кузьмы Гнідаша, якому ў сакавіку 1945 года пасмяротна было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Менавіта ў лясах на Прыпяці, дзе мяжуюць землі Украіны і Беларусі, Рыгор Няхай далучыўся да разведвальнай групы, якой камандаваў Кузьма Гнідаш. Тут гасцінна сустрэлі былога начальніка палявой радыёстанцыі. І Рыгор прыпамінаў работу на ключы, навучаючыся працаваць на новенькай рацыі “Северок”.

Неяк, чакаючы сувязнога, не адну ноч каратаў ён у руінах чыгуначнай касы Пушкінскай. Самотны і Сумотны Рыгор Восіпавіч падбіраў рассыпаныя білеты і кампасцірпваў на Мінск.

А да Мінска было яшчэ далёка. Амаль праз 20 гадоў – 12 кастрычніка 1962 года вядомы беларускі паэт Р.В.Няхай нагадваў:

“Восенню 1943 года нашы атрады злучыліся з Сасвецкай Арміяй. дапамаглі фарсіраваць Днепр, удзельнічалі ў штурме Кіева, а потым мы атрымалі накіраванне хт о куды. Мяне прызначалі і дырэктарам школы. І рэдактарам раённай газеты, але нідзе не сядзелася, бо Беларусь яшчэ была занята немцамі. Я пайшоў у Кіеве ў Чыгунаяны ваенкамат і зноў трапіў у армію.

Зноў франтавыя будні. Баі за Жытомір. Сарны, Луцк, Берасцечка, Броды, Львоў, перамышль…У Карпатах, на Дукленскім перавале, калі нашы часці спрабавалі прарвацца ў Славакію, дзе тады пачалося паўстанне, нам яшчэ раз прыйшлося зведаць горыч акружэння. Але мы былі ўжо не тыя…Адначасовым ударам з тылу і фронту акружэнне было прарвана.

Далей пайшло весялей. З сандамірскага плацдарма за некалькі дзён мы вызвалілі Дамброўскі басейн і апынуліся ў самой Германіі. І ногі весялей ішлі, і настрой быў іншы. Цяпер літасці прасілі самі немцы.

Сур’ёзныя баі былі пад Вроцлавам, на Шпрэее, пад Дрэздэнам. Вельмі запомніўся такі выпадак. Да Эльбы мы сустрэлі натоўп худых, змардаваных людзей у паласатым адзенні. Яны спынялі нас і ўсё пыталі:

“Гэта фронт?

-Фронт. Хіба вы не бачыце?

Гэта былі вязні канцлагераў. Яны баяліся. Каб зноў не трапіць да фашыстаў. У адной групы жанчын я спытаў:

-Адкуль вы?

-З Мінска, - кажуць. – З Камароўкі.

Словы іх абдалі душу нечым гарачым, балючым”.

Камандзірам узвода артылерыйскай батарэі ў войсках Першага Украінскага фронту Рыгор Няхай закончыў вайну на Эльбе. Не толькі для яго – для ўсяго нашага народа цяжка і балюча дымілася гэта дарога. “Гінулі поруч цудоўныя людзі. Гінулі замест цябе і дзеля цябе, абы ты ўсё-такі дайшоў, перамог і перадаў іншым у спадчыну памяць пра іх…”.

30 студзеня 1946 года ў Мінску ў акруговым Доме афіцэраў адбыўся першы пасляваенны пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі. У прэзідыуме сядзеў і ганаровы госць – адзін з кіраўнікоў Саюза савецкіх пісьменнікаў, а з верасня 1946 года - генеральны сакратар Саюза савецкіх пісьменнікаў Аляксандр Фадзееў. Аляксанд Аляксандравіч любіў беларусаў. Не ўсім вядома, што сапраўднае прозвішча Фадзеева – Булыга. Менавіта з Беларусі паходзілі бацькі пісьменніка. Між іншым, бацька А.Фадзеева быў настаўнікам.

У той час прысутнічала зусім нямнога беларускіх пісьменнікаў. Адны сталі ахвярай масавых палітычных рэпрэсій 1930-х гадоў, а другія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Але сустрэча была жаданай, прычым пераважная большас ць - былыя франтавікі і партызаны. Можна сказаць, што сабраліся тыя, хто выжыў - старэйшыя і маладыя пісьменнікі.

На самым пачатку пленума Васль Вітка зачытваў спіс тых, хто не вярнуўся з франтавых дарог і загінуў у барацьбе з нацыстамі. Ён назваў імны Алеся Жаўрука, Леаніда Гаўрылава. Аляксея Коршака і дайшоў да прозвішча “Рыгор Няхай”. І тут дзесьці з з задняга раду ў прыціхлай зале хтосьці сіплым пракураным голасам азваўся:

“А я тут! Я – Рыгор Няхай. Я не забіты…”

Аляксандр Фадзееў рэзка ўзняўся з прэзідыума і хуткім крокам накіраваўся ў залу. Ён горача абняў невысокага франтавіка ў паношаным шыняльку і скрозь слёзы прамовіў:

“Спасибо тебе, солдат!...».

Гэты выпадак часта згадвалі ў прысутнасці Рыгора Няхая яго сябры. Былы франтавік і партызан звычайна слухаў, скупа ўсміхаўся, десьці нешта ўдакладняў. І па ўсім было відаць, што ўспамін гэты дужа прыемны Рыгору Восіпавічу. Такое цяжка прыдумаць. Па некаторым звесткам, ён да апошніх гадоў захоўваў нумар “ЛІМа” са справаздачай таго пасляваеннага пленума.

Беларуская літаратура багата талентамі. Але і на яе ніве выдзяляецца творчасць таленавітага паэта, празаіка, дзіцячага пісьменніка, публіцыста, сцэнарыста, перакладчыка Рыгора Няхая, нягледзячы на змены,.якія адбыліся ў нашай краіне ў апошнія дваццаць тры гады пасля яго смерці, да сённяшняга дня запатрабаваны чытачамі розных узростаў такія творы Рыгора Восіпавіча як паэтычныя зборнікі “Маё пакаленне”, “Вялікі мой і ціхі акіян”, “Размова з восенню”, “Асеннія пракосы”.

Нельга не згадзіцца з высокай ацэнкай Анатолем Вялюгіным прозы Р.Няхая:

“Памяць пабрацімства. Памяць непахіснай вернасці…Як споведзь салдацкага сэрца, чытаецца сёння трылогія – “Сарочы лес”. “Туман над стэпам2, “Шлях на Эльбу. Чэсная, без танных фантазій і белетрыстычных завітушак. Проза. Гэта якраз тое, што можа напісаць чалавек, які ўсё пабачыў на свае вочы. Ён адзін  і толькі ён.

Адначасна напісана дакументальная аповесць “Героі не адступаюць” пра Віцебскае падполле і гераіню вайны ў руінах Веру Харужую.

“Алёшка-атаман” – аповесць пра Героя Савецкага саюза Алену Колесаву, удзельніцу абароны Масквы, камандзіра дыверсійнай групы ў Барысаўскім і Крупскім раёнах”.

Менавта для дзяцей Рыгор Восіпавіч напісаў кніжкі 2Пра храбрага хлопчыка” (вершы, 1962), “Як расцвітае кветка”(апавяданні, 1968), “Я з табою. Гвардыя” (аповесць, 1983).

У 1984 годзе ў Мінску выйшаў двухтомнік выбраных твораў Р.Няхая.

Шмат часу Рыгор Восіпаыіч аддаў дакументалістыцы.. Да сённяшняга часу многія даследчыкі партызанскага руху на Беларусі ў 1941-1944 гадах лі чаць вельмі каштоўнымі шырокавядомыя кнігі партызанскіх камбрыгаў Віктара Лівенцава “Партызанскі край” (1950), Івана Шубітыдзе (1969) і сакратара Палескага падпольнага абкама партыі “браты па зброі” (1962). Не трэба забываць. Што літаратурны запіс гэтых выданняў зрабіў Рыгор Няхай.

З лепшых перакладаў Рыгора Восіпавіча трэба адзначыць пераклад на беларускую мову асобных т вораў А.Твардоўскага, М.Рыльскага, П.Тычыны, а.Малышкі, Ю.Збанацкага. кніг С.Тудара “Дзень айца Сойкі”, Ю,Мельнічука “Памфлеты” і іншых украінскіх і рускіх пісьменнікаў.

Літаратурныя крытыкі да сённяшняга часу спрачаюца наконт таго, кім трэба лічыць Рыгора Няхая - паэтам ці празаікам? Аналіз яго творчай спадчыны дае падставы для высновы, што Рыгор Восіпавіч быў як таленавітым паэтам, так і таленавітым празаікам. Справа у тым. што апошні яго прыжыццёвыя вершы пад назвай “На Чырвоным возеры вясна” былі апублікаваны ў 1985 годзе – за шэсць гадоў да смерці.

У той жа час беларускі паэт Казімір Камейша мае права на такую думку:

“Як пісьменнік Р.Няхай найбольш увагі аддаваў прозе. У вершах пераважалі патрыятычныя матывы. У іх можна адшукаць радкі. Якія праслаўляюць родны край. Яго працавітых людзей, а таксама тое, што навеяна дарогамі ці вандроўкамі. Да вершаў пісьменнік амаль не звяртаўся. Напэўна, жадалася як найбольш поўна, праўдзіва і дэталёва ўзнавіць тое з гадоў вайны Што важкімі пластамі адклалася як у сэрцы, і ў памяці. Шмат часу аддадзена пісьменнікам аповесці “Героі не адступаюць”. Аснова твора зноў жа дакументальная. Прататыпам галоўнай гераіні Ганны Сяргееўны карпілавай з’яўлялася мужная дачка беларускага народа Герой Савецкага Саюза Вера Харужая”.

Рыгор Няхай быў узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 2-й ступені, многімі медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР, Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў Украінскай, Малдаўскай і Літоўскай ССР.

У пачатку нашага нарыса мы адзначалі, што была прычына, з-за якой Рыгор Восіпавіч не быў уластоены прэстыжных Літаратурных прэмій, не гаворачы ўжо аб Дзяржаўнай прэміі БССР, ганаровым званні заслужанага работніка культуры Беларускай ССР. Калі назваць гэту прычыну вельмі коратка, то можна сказаць так: “ён любіў выпіць”.

У сувязі з гэтым прывяду радкі з матэрыяла К.Камейшы “Рыгор Няхай”:

“…Быў ён надзелены добрай сялянскай дужасцю. Кажуць, ніколі не хварэў, не звяртаўся да ўрачоў.

-Во, маё здароўе, - звычайна ківаў на чарку і зноў жа, прыжмурваючы вочы, усміхаўся. Я добра памятаю гэты яго непаўторны прыжмур”.

Свой нарыс аб Рыгоры Восіпавічы я хачу закончыць апісаннем знешяга выгляду гэтага чалавека яго сябрам Анатолем Вялюгіным:

“Салдат, сын салдата…Падгалісты, моцнага шытва дзядок. Густыя. Ані сівінкі валасы. Толькі пацямнела твар глыбока зрэзаны траншэйкамі маршчын. Калі б у мяне спыталіся, з каго трэба мастаку пісаць нястомнага рабацягу рабацягу Вялікай Айчыннай, я б не вагаючыся параіў: пішыце з Рыгора Няхая”.



Такім ён і застанецца ў нашай памяці: здольны настаўнік, адважны франтавік,разведчык. партызан, таленавіты паэт і празаік Рыгор Восіпавіч Няхай, чалавек, які ўсё жыццё шанаваў роднае беларускае слова.
Эмануіл Рыгоравіч Іофе, прафесар БДПУ, доктар гістарычных навук

220005. Г.Мінск, пр.Незалежнасці, 39-90. Т.2-84-83-79 (х.)



База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка