Роля школьнага метадычнага аб’яднання ў фарміраванні прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў сродкамі інавацыйнай дзейнасці




Дата канвертавання05.05.2017
Памер64.29 Kb.
Роля школьнага метадычнага аб’яднання ў фарміраванні прафесійнай кампетэнцыі настаўнікаў сродкамі інавацыйнай дзейнасці
(з вопыту работы кіраўніка школьнага метадычнага аб’яднання настаўнікаў беларускай мовы Галушкі Наталлі Міхайлаўны)
Дзеля спраўкі: Галушка Н.М. - настаўніца з больш чым 40-гадовым стажам, лаўрэат прэміі Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў. Кіруе школьным метадычным аб’яднаннем настаўнікаў з 1993 года. Вопыт работы (асабісты і аб’яднання ў цэлым) трансліруецца на раённым, абласным, рэспубліканскім узроўнях. Назапашаным вопытам дзяліцца не толькі з калегамі, а і са студэнтамі-практыкантамі з педагагічнага каледжа г. Барысава, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка.Супрацоўнічае з рэспубліканскім навукова-метадычным часопісам “Беларуская мова і літаратура”.c:\documents and settings\демидко_евгения\рабочий стол\nns_2645.jpg

Школьнае метадычнае аб’яднанне ствараецца з мэтаю забеспячэння бесперапыннага павышэння кваліфікацыі педагагічных кадраў, удасканальвання інавацыйнай дзейнасці, аказання практычнай дапамогі настаўнікам у арганізацыі вучэбна-выхаваўчага працэсу, а таксама развіцця педагагічнага майстэрства, вывучэння, абагульнення і трансляцыі эфектыўнай педагагічнай практыкі.

На мой погляд, настаўніцкая прафесія трымаецца на любові і патрабавальнасці да вучняў, а таксама – на няспынным самаўдасканальванні. Пошукі шляхоў самаўдасканалення часцей за ўсё прыводзяць да эксперыментаў у вобласці методыкі, педагогікі, а значыць – да інавацый.

Інавацыйная дзейнасць настаўніка – значыць перадавая, новая, лепшая за іншыя. У настаўніцкім асяродку вельмі часта можна пачуць скептычныя заўвагі наконт новаўвядзенняў. Але перш чым адмаўляць, трэба добра разабрацца ў сутнасці таго ці іншага новаўвядзення, апрабіраваць на практыцы. А практычная методыка – гэта заўсёды творчасць.

Апошнім новаўвядзеннем у гімназіі, новай формай навучання стала дыстанцыйнае. На мой погляд, гэты від дзейнасці вучня яго любімую цацку – камп’ютар – павінен ператварыць у инструмент самастойнай работы па ўсіх школьных прадметах. Настаўнікі нашай кафедры актыўна ўдзельнічаюць у гэтым праекце. На сайце гімназіі на старонцы беларускай мовы змешчаны і тэарэтычны матэрыял, і тэставыя заданні, і прэзентацыі, якія дапамагаюць вучню падрыхтавацца да самастойнай ці кантрольнай работы, паўтарыць тую ці іншую тэму. У гэтым навучальным годзе мы правялі інтэрнет-алімпіяду для ўсіх жадаючых вучняў 5 – 8 класаў. 104 гімназісты прынялі ўдзел у гэтай алімпіядзе, 12 з іх узнагароджаны дыпломамі, а ўсе, хто выканаў больш за 50% заданняў, - граматамі. Такая форма работы, як дыстанцыйнае навучанне, ніяк не выцясняе ўрок, а толькі пашырае яго межы. Яна патрабуе ад настаўніка затрат энергіі і часу, але і ўзбагачае яго арсенал, адкрывае новыя перспектывы, прыўносіць навізну і ў адносіны з вучнямі, павышае іх цікавасць да прадмета.

Без пошуку і творчасці няма сапраўднага педагога. Лічу, што ў нашым метадычным аб’яднанні працуюць толькі сапраўдныя настаўнікі. Перакананне Паўлавай Юліі Сяргееўны: “Не з ведамі да вучняў, а з вучнямі да ведаў!” Юлія Сяргееўна з’яўляецца членам рэспубліканскай творчай групы настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры па выкарыстанні інфармацыйных тэхналогій, членам творчай групы па рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта “Задавальненне адукацыйных запытаў вучняў, пашырэнне магчымасцей дадатковай адукацыі сродкамі дыстанцыйнага навучання”. Яна – цэнтр усёй нашай работы па асваенні інфармацыйных тэхналогій, дарадчык і памочнік. Адной з першых у гімназіі яна асвоіла методыку работы з інтэрактыўнай дошкай. Ужо дала шэраг адкрытых урокаў з прымяненнем інтэрактыўнай дошкі. Прыняла ўдзел у конкурсе матэрыялаў “Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку”, які праводзіцца інтэрнэт-сайтам nastaunik.info. Урокі з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі “Правапіс у, ў” і “Антонімы і іх роля ў маўленні” змешчаны на гэтым сайце.

Байкова Таісія Іванаўна лічыць, што настаўнік – гэта шкло, праз якое вучні глядзяць на свет. На ўроку самае галоўнае для яе – адчуванне дзяцей, іх унутранага стану. Заахвочвае вучняў да вывучэння роднай мовы і літаратуры ўласным прыкладам, шчырай, адданай любоўю да беларускай мовы.

Мірзаян Наталля Эдуардаўна не толькі творчы настаўнік, але і таленавіты выхавацель. У 2003 годзе пераможца конкурсу “ Самы класны класны”. Умела знаходзіць таленавітых вучняў і арганізуе работу з імі. Як вынік - яе выхаванцы з’яўляюцца пераможцамі алімпіяд, конкурсаў, займаюцца навукова-даследчай працай. Многія вучні Наталлі Эдуардаўны закончылі навучанне на філалагічным факультэце БДУ.

Педагагічнае крэда Сінькевіч Людмілы Аляксандраўны: ”Сэрца аддаю дзецям”. Асаблівую ўвагу надае развіццю ўменняў самастойнай пазнавальнай дзейнасці вучняў, творчых адносін да вучобы. Імкнецца рацыянальна спалучаць розныя метады працы на ўроку: праблемны, пошукавы, даследчы, інфармацыйны, рэпрадуктыўны. У сваёй рабоце на сучасным этапе перавагу аддае тэхналогіі праблемнага навучання, выкарыстоўвае элементы тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення і інфармацыйныя камп’ютарныя тэхналогіі.

Пятакова Юлія Валер’еўна ў сваёй рабоце выкарыстоўвае элементы тэхналогіі крытычнага мыслення, праблемнага навучання, інтэгральнай тэхналогіі, інфармацыйна-камп’ютарныя тэхналогіі. Штогод рыхтуе прызёраў рэспубліканскай алімпіяды, дыпламантаў навукова-практычных вучнёўскіх канферэнцый.

З шасці настаўнікаў нашай кафедры сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйных тэхналогій маюць чацвёра, двое рыхтуюцца да экзамена. Вынікам працы настаўнікаў метадычнага аб’яднання стала і стварэнне банка прэзентацый – інфармацыйных дапаможнікаў для правядзення ўрокаў мовы і літаратуры, пазакласных мерапрыемстваў. Прэзентацый у нас 118, адзін мультымедыйны праект, 8 прэзентацый для правядзеня ўрокаў з выкарыстаннем інтэрактыўнай дошкі (апошнія зрабіла і карыстаецца імі Паўлава Юлія Сяргееўна). Інтэрнет дапамагае нам і фільмамі па праграмных творах. Вельмі зручна – паглядзець фільм ці спектакль як раз пад час вывучэння таго ці іншага твора невялікай аўдыторыяй ва ўтульным класе ці актавай зале .

З вопыту ўкаранення ў практыку інфармацыйных тэхналогій настаўнікамі мовы і літаратуры паступова адышлі стыхійнасць і бессістэмнасць, прыйшло цвёрдае разуменне таго, што выкарыстанне нават самых арыгінальных тэхналогій, метадаў і прыёмаў жаданага плёну не дасць. Любая форма, не напоўненая зместам, - гэта не больш чым “штучная метадычная біжутэрыя”, сродкі не павінны быць вышэйшымі за мэты і змест.

І да старых, даўно вядомых форм арганізацыі адукацыйна-выхаваўчага працэсу можна ставіцца на-новаму, надаць ім новае гучанне. Я маю на ўвазе арганізацыю пазакласнай работы па прадмеце. Прааналізаваўшы мінулагоднія яе вынікі, мы вырашылі надаць ёй сістэмны характар. У гімназіі створана творчая група настаўнікаў па арганізацыі і правядзенні пазакласных мерапрыемстваў, актыўнымі членамі якой з’яўляюцца Байкова Таісія Іванаўна і Мірзаян Наталля Эдуардаўна. Вучні восьмых класаў аб’яднаны ў клуб “Спадчына”, які працуе пад маім кіраўніцтвам. Мэта работы клуба: праз далучэнне падлеткаў да гістарычнай і культурнай спадчыны беларусаў выхоўваць пачуццё нацыянальнай годнасці, пачуццё любові да Радзімы; праз правядзенне адкрытых пасяджэнняў клуба садзейнічаць выхаванню любові і пашаны да роднай мовы; развіваць ініцыятыву і творчасць. У гэтым навучальным годзе на добрым узроўні прайшлі такія мерапрыемствы, як урок ведаў, прысвечаны юбілеям Коласа і Купалы, свята беларускага гумару, сустрэчы з паэткамі Лёляй Багдановіч і Верай Буландой, калядныя вандроўкі шасцікласнікаў з інсцэніроўкай “Цар Ірад”, свята “Свяці, кахання чыстая зара”. Клуб цесна супрацоўнічае з музычнай кафедрай гімназіі. Дзякуючы квартэту пад кіраўніцтвам Данец Ірыны Мікалаеўны нашы адкрытыя пасяджэнні становяцца яшчэ больш цікавымі, яркімі, запамінальнымі.

Школьнае метадычнае аб’яднанне павінна вывучаць, абагульняць і спрыяць пашырэнню перадавога вопыту настаўнікаў. Усім добра вядома, што настаўнік толькі да тых пор здольны выхоўваць і вучыць, пакуль сам працуе над асабістым выхаваннем і адукацыяй. Да работы па самаадукацыі настаўнікі нашага МА ставяцца вельмі сур’ёзна: над тэмамі працуюць па 2-3 гады, па гэтай жа тэме абагульняецца іх вопыт у гімназіі. Сістэматызаваны, граматна аформлены матэрыял дапамагае потым пры здачы экзамена на кваліфікацыйную катэгорыю. Вопыт настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры трансліруецца не толькі ў рамках семінараў рознага ўзроўню, што праводзяцца ў гімназіі, а запатрабаваны і на ўзроўні вобласці і рэспублікі. Паўлава Юлія Сяргееўна, акрамя таго, што з’яўляееца пераможцам раённага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года - 2012”, стала фіналістам Сёмага конкурсу метадычных распрацовак педагагічных работнікаў Рэспублікі Беларусь “Адкрыты ўрок” у намінацыі “Лепшы ўрок па прадмеце гуманітарнага напрамку” (праводзіцца “Настаўніцкай газетай”). Трывалыя зносіны ўстанавіліся ў нас з рэспубліканскім навукова-метадычным часопісам “Беларуская мова і літаратура”. Толькі ў канцы мінулага і пачатку гэтага навучальнага года ў рубрыцы “Запрашаем на ўрок” змешчаны пяць нашых урокаў: Сінькевіч Людмілы Аляксандраўны “Агні кахання: ці вечныя яны?” і “Чарнобыльская трагедыя ў творчасці сучасных беларускіх паэтаў”, Галушка Наталлі Міхайлаўны “Праблема кахання ў рамане І.Мележа “Людзі на балоце” і “Прыметнік як часціна мовы”, Паўлавай Юліі Сяргееўны “Правапіс у/ў”.



Методыку выкладання прадмета вывучыць на ўсё жыццё нельга. Яна ўвесь час у няспынным руху, у ёй пастаянныя толькі змены. Поспех чакае настаўніка, калі ён думае, разважае, супастаўляе, эксперыментуе.

Напрыканцы хачу заўважыць, што ў школьнай практыцы не павінна быць моды на тыя ці іншыя спосабы ўзаемадзеяння настаўніка і вучняў. Педагогу неабходна валодаць усім арсеналам метадаў, прыёмаў, сродкаў навучання, выхавання і развіцця асобы, выпрацаваных педагагічнай навукай, каб з усяго іх багацця выбраць тыя, якія забяспечваюць эфектыўнасць яго работы з канкрэтным класам на канкрэтным уроку.


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка