Самаідэнтыфікацыя асобы ў «малой» прозе м. Гарэцкага І л. Андрэева




старонка1/3
Дата канвертавання05.12.2018
Памер457.59 Kb.
  1   2   3


БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ЎНІВЕРСІТЭТ

УДК 821.161.3.09(092)+821.161.09(092)



глазман

Любоў Якаўлеўна



САМАІДЭНТЫФІКАЦЫЯ АСОБЫ Ў «МАЛОЙ» ПРОЗЕ М. ГАРЭЦКАГА І Л. АНДРЭЕВА

Аўтарэферат дысертацыі на атрыманне вучонай ступені

кандыдата філалагічных навук
па спецыяльнасцях 10.01.01 – беларуская літаратура;

10.01.02 – руская літаратура

Мінск, 2018
Работа выканана ва ўстанове адукацыі «Віцебскі дзяржаўны

ўніверсітэт імя П. М. Машэрава»




Навуковы кіраўнік

Сінькова Людміла Дзмітрыеўна,

доктар філалагічных навук, прафесар, прафесар кафедры гісторыі беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта



Афіцыйныя апаненты:

Гніламёдаў Уладзімір Васільевіч, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры філіяла «Інстытут літаратуразнаўства імя Я. Купалы» ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі»

Сомаў Сяргей Эдуардавіч, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры літаратуры і міжкультурных камунікацый УА «Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.А. Куляшова»







Апаніруючая арганізацыя


УА «Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт»

Абарона адбудзецца «30» лістапада 2018 г. у 14.30 на пасяджэнні савета па абароне дысертацый Д 02.01.12 пры Беларускім дзяржаўным універсітэце (220030, г. Мінск, вул. К. Маркса, 31, філалагічны факультэт, аўд. 62; тэл. вучонага сакратара: 327-61-40).


З дысертацыяй можна пазнаёміцца ў Фундаментальнай бібліятэцы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Аўтарэферат разасланы «29» кастрычніка 2018 г.
Вучоны сакратар савета

па абароне дысертацый М. М. Хмяльніцкі



УВОДЗІНЫ
Праблема самаідэнтыфікацыі асобы надзвычай востра паўстае ў «пераломныя» моманты гісторыі, калі чалавек аказваецца гвалтоўна вырваным са звыклага ладу жыцця і вымушаны праходзіць пэўныя этапы ўласнага самавызначэння. Названыя працэсы глыбока асэнсаваныя ў творчасці двух сучаснікаў, пачынальнікаў літаратурнага экспрэсіянізму ў сваіх нацыянальных традыцыях, класікаў дзвюх славянскіх літаратур – Максіма ГАРЭЦКАГА (1893 – 1938) і Леаніда АНДРЭЕВА (1871 – 1919). Яны тварылі ў адным гістарычным кантэксце на яго разломе, у момант максімальнай дынамічнасці і змены культурнай парадыгмы. Для рускай культуры і літаратуры – гэта перыяд трывожнага чакання наспелых змен, ідэйных хваляванняў і філасофстваванняў, а таксама пэўнай эстэтычнай перанасычанасці. У беларускім асяроддзі выспявалі надзеі на культурнае адраджэнне, гэта час творчага «ўсплёску» і вострага рэагавання на ўсе тыя грамадска-палітычныя зрухі, якія непасрэдна ўплывалі на развіццё нацыянальнай самасвядомасці на фоне хуткага станаўлення і развіцця новага літаратурнага працэсу. У гэтых варунках абодвух пісьменнікаў асабліва цікавіла асоба, яе маральны стан, самаўсведамленне; прычым у шырокім спектры, прэзентатыўна – менавіта ў «малой» прозе, якая рабілася найхуткай рэакцыяй на падзеі і грунтам для маштабных абагульненняў у далейшым. У творах, пазначаных як рэалістычнай, так і мадэрнісцкай паэтыкай, абодва класікі канцэнтравалі ўвагу на суаднясенні праблемы самаідэнтыфікацыі асобы з трагічнымі і лёсавызначальнымі гістарычнымі абставінамі, у якіх апынуліся славянскія народы.

Актуальнасць працы вызначана каштоўнасцю таго вопыту па асэнсаванні праблем асобы ў яе повязях з гісторыяй і соцыумам, што захоўваецца ў мастацкіх тэкстах літаратурнай класікі ХХ ст., да якой, безумоўна, належыць «малая» проза М. Гарэцкага і Л. Андрэева. Актуальным і неабходным з’яўляецца таксама паглыбленне ведаў пра рэальную карціну беларуска-рускіх узаемасувязей з пункту гледжання літаратуразнаўства ХХІ ст. Акрамя таго, спецыяльныя працы, у якіх творчасць М. Гарэцкага паслядоўна супастаўлялася б з плёнам рускай літаратуры і блізкімі мастацкімі з’явамі, яскрава прадстаўленымі ў творчасці Л. Андрэева, адсутнічаюць.

Тым не менш, у сучасным літаратуразнаўстве існуе вялікая колькасць навуковых прац па прозе кожнага з даследуемых пісьменнікаў. Творчасць М. Гарэцкага сістэматычна даследавалася А. М. Адамовічам, А. Я. Адамовічам, Дз. Я. Бугаёвым, Т. С. Голуб, В. М. Губскай, Т. М. Дасаевай, В. П. Жураўлёвым, В. А. Каваленкам, Г. В. Кажамякіным, М. М. Каратковым, А. М. Макарэвічам, М. І. Мішчанчуком, М. І. Мушынскім, Л. Д. Сіньковай, З. І. Траццяк, М. А. Тычынам, І. П. Чыгрынам, А. В. Шышко, інш. Прозе Л. Андрэева прысвечаны даследаванні Л. М. Афоніна, Л. А. Іезуітавай, В. В. Заманскай, Л. А. Калабаевай, Ф. І. Куляшова, І. І. Маскоўкінай, В. А. Мескіна, Е. А. Міхеічавай, С. Э. Сомава, С. Ю. Ясенскага, інш.

Абраная праблема кантэкстуальна закранаецца ў такіх працах, як акадэмічныя «Нарысы па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей: У 4 кн.», манаграфіях Л. А. Калабаевай «Концепция личности в русской реалистической литературе рубежа XIXXX веков», С. Э. Сомава «Между правдой и истиной: Леонид Андреев на путях богоборчества», Е. А. Лявонавай «Агульнае і адметнае: творы беларускіх пісьменнікаў ХХ ст. у кантэксце сусветнай літаратуры», а таксама дысертацыйных даследаваннях Т. М. Тарасавай «Праблема «Чалавек і вайна» ў творчасці Максіма Гарэцкага і Анры Барбюса», В. І. Уткевіч «Тыпалогія нацыянальнага характару ў творчасці Кнута Гамсуна і Максіма Гарэцкага», З. І. Траццяк «Ідэйна-мастацкае асэнсаванне Першай сусветнай вайны ў творчасці Э. Хемінгуэя і М. Гарэцкага» і некаторых іншых.

Аўтары прац, прысвечаных прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева, не ставілі перад сабой задач канцэптуальнага аналізу праблем самаідэнтыфікацыі персанажаў у творах гэтых мастакоў з паслядоўным улікам адрозных нацыянальна-культурных традыцый. Акрамя таго, само паняцце самаідэнтыфікацыі асобы параўнаўча нядаўна актуалізавалася ў літаратуразнаўчай навуцы на яе памежжы з іншымі гуманітарнымі дысцыплінамі. Яго тэарэтычнае абгрунтаванне можна знайсці пераважна ў псіхалагічных, філасофскіх і сацыялагічных працах Э. Эрыксана, Ю. Хабермаса, А. Гідэнса, В. Хёсле, А. Ю. Шаманава, М. А. Шчарбакова, А. У. Лук’янава, А. П. Бялінскай, інш. У літаратуразнаўстве тэарэтычны аспект самаідэнтыфікацыі асобы разглядаўся ў працах М. М. Бахціна, асобных артыкулах Л. А. Сафронавай, С. С. Імяхелавай.

Аналіз апавяданняў, лірычных і філасофскіх замалёвак, мастацка-дакументальных твораў рознай ступені апрацаванасці (у творчасці М. Гарэцкага), мастацка-публіцыстычных тэкстаў (Л. Андрэева) і эпісталярыяў М. Гарэцкага і Л. Андрэева стварае магчымасці для выяўлення розных па характары і спосабе адлюстравання самаідэнтыфікацыйных формаў, рэалізаваных у шматлікіх і разнастайных вобразах персанажаў, што выяўляе дасканаласць апавядальных тэхнік абодвух класікаў.

Супастаўленне мастацкіх формаў самаідэнтыфікацыі асобы ў творах беларускага і рускага празаікаў дазваляе таксама вызначыць разнавектарнасць аўтарскіх інтэнцый, спецыфіку светабачання двух класікаў пры вырашэнні аналагічных творчых задач.



АГУЛЬНАЯ ХАРАКТАРЫСТЫКА РАБОТЫ
Сувязь працы з буйнымі навуковымі праграмамі і тэмамі

Даследаванне праведзена ў межах навуковай тэмы кафедры літаратуры ВДУ імя П. М. Машэрава: «Беларуская літаратура як дэтэрмінант і адлюстраванне духоўнага развіцця грамадства: аксіялагічны патэнцыял, эстэтычная ідэнтычнасць», уключана ў ДПФД «Беларуская мова і літаратура» (№ дзяржаўнай рэгістрацыі: 20160349. Дата рэгістрацыі: 16.03.2016). Акрамя таго, даследаванні па тэме дысертацыі праводзіліся ў рамках выканання Гранта аспіранта Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь па тэме «Самаідэнтыфікацыя асобы ў «малой» прозе Л. Андрэева і М. Гарэцкага» (№ дзяржаўнай рэгістрацыі: 20150520. Дата рэгістрацыі: 25.04.2015).



Мэта і задачы даследавання

Мэта дысертацыйнага даследавання – вызначэнне мастацкіх формаў самаідэнтыфікацыі асобы ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева ў аспекце кампаратыўнага аналізу.

Дасягненне пастаўленай мэты прадугледжвае вырашэнне наступных задач:



  1. ахарактарызаваць праблему самаідэнтыфікацыі асобы як адну з актуальных у літаратуразнаўстве і як важны прыярытэт у мастацкім светабачанні М. Гарэцкага і Л. Андрэева;

  2. выявіць ідэйна-мастацкія падыходы да раскрыцця самаідэнтыфікацыі асобы і іх сувязь з жанравым выбарам у прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева;

  3. вызначыць спецыфіку самаідэнтыфікацыі асобы ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева ў маральным і сацыякультурным аспектах;

  4. устанавіць агульнае і адметнае ў асобаснай самаідэнтыфікацыі персанажаў з твораў М. Гарэцкага і Л. Андрэева з улікам стылёвых прыярытэтаў кожнага з іх;

  5. вылучыць самаідэнтыфікацыйную накіраванасць асобы ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева ва ўмовах уплыву адрозных культурна-літаратурных традыцый.

Аб’ект і прадмет даследавання

Аб’ектам даследавання з’яўляюцца мастацкія тэксты «малой» прозы і эпісталярныя тэксты М. Гарэцкага і Л. Андрэева.

Прадмет даследавання – мастацкія выявы самаідэнтыфікацыі асобы ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева.

Метадалогія і метады правядзення даследавання

Зварот да параўнальна-гістарычнага метаду, тэорыі кампаратыўнага вывучэння літаратурных з’яў дазваляюць суаднесці творчыя пазіцыі М. Гарэцкага і Л. Андрэева з улікам адрозных культурна-літаратурных традыцый; выкарыстанне культурна-гістарычнага метаду і элементаў кантэкстуальнага аналізу дае магчымасць даследаваць творчую спадчыну абраных аўтараў з улікам рэалій першай трэці ХХ стагоддзя.



Навуковая навізна даследавання

У дысертацыі ўпершыню праведзена канцэптуальнае супастаўленне «малой» прозы ды эпісталярных тэкстаў М. Гарэцкага і Л. Андрэева.

Ахарактарызавана праблема самаідэнтыфікацыі асобы як актуальная для літаратуразнаўства і як прыярытэтная ў мастацкім светабачанні М. Гарэцкага і Л. Андрэева;

выяўлены ідэйна-мастацкія падыходы да раскрыцця самаідэнтыфікацыі асобы і іх сувязь з жанрава-стылёвымі прыярытэтамі ў мастацкай «малой» прозе і эпісталярыях М. Гарэцкага і Л. Андрэева;

раскрыты аксіялагічны і сацыяльны аспекты адлюстравання самаідэнтыфікацыі асобы ў творах М. Гарэцкага і Л. Андрэева ў час радыкальных светапоглядных трансфармацый і грамадскіх змен;

абгрунтаваны прыёмы «ўскладненай» ідэнтычнасці («раздвоенасць» свядомасці і «маска») як адлюстраванне індывідуальна-аўтарскіх і нацыянальна-ментальных асаблівасцей «малой» прозы М. Гарэцкага (адлюстраванне нацыянальнага менталітэту, матыў сацыяльнага прыстасавання) і Л. Андрэева (супярэчлівасць чалавечай натуры, дамінаванне маральна-этычнай праблематыкі);

вызначана самаідэнтыфікацыйная скіраванасць асобы ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева ва ўмовах уплыву адрозных культурна-літаратурных кантэкстаў;

выяўлена рознавектарнасць самаідэнтыфікацыі асобы ў мастацкай «малой» прозе і эпісталярыях М. Гарэцкага (устаноўка асобы на суіснаванне з іншымі людзьмі і жыццёвымі рэаліямі і прыняцце гэтых рэалій, на ўсвядомленае захаванне і акумуляцыю традыцыйных нацыянальных каштоўнасцей) і Л. Андрэева (індывідуалістычная асобасная ўстаноўка, адмаўленне ўсяго традыцыйнага);

істотна ўдакладнены і паглыблены веды пра рэаліі беларуска-рускіх узаемасувязей з пункту гледжання літаратуразнаўства ХХІ ст. на прыкладзе класічнай спадчыны М. Гарэцкага і Л. Андрэева.

Практычная значнасць вынікаў даследавання

Вынікі даследавання могуць быць выкарыстаны ў навучальным працэсе пры стварэнні вучэбных дапаможнікаў для студэнтаў філалагічных факультэтаў і падручнікаў для школьнікаў; пры падрыхтоўцы лекцыйных курсаў па гісторыі беларускай і рускай літаратур першай паловы ХХ стагоддзя ва ўстановах вышэйшай адукацыі, у самастойнай навуковай працы студэнтаў, а таксама ў працы настаўнікаў беларускай і рускай літаратур пры падрыхтоўцы да ўрокаў і факультатыўных заняткаў.



Палажэнні, якія выносяцца на абарону

  1. Культурна-гістарычныя ўзрушэнні і светапоглядныя трансфармацыі пачатку ХХ стагоддзя абвастрылі праблему самаідэнтыфікацыі індывіда, што прывяло да яе актуалізацыі і вылучэння ў якасці самастойнага аб’екта даследавання ў міждысцыплінарным абсягу. Асобасная самаідэнтыфікацыя з’яўляецца феноменам, які адлюстроўвае стан чалавека і разам з тым грамадства практычна на ўсіх узроўнях: нацыянальным, сацыякультурным, эканамічным. У літаратуразнаўстве феномен самаідэнтыфікацыі трансфармуецца ў адну з самых значных характарыстык персанажа або наратара. Мастацкія тэксты прадстаўнікоў дзвюх блізкіх нацыянальных літаратур першай трэці ХХ стагоддзя М. Гарэцкага і Л. Андрэева надзвычай паказальныя ў інтэрпрэтацыях праблемы самаідэнтыфікацыі асобы. Літаратуразнаўчы аналіз выяўляе крызісныя станы самаідэнтыфікацыі асобы, адлюстраваныя пісьменнікамі. Наяўнасць важных сыходжанняў у прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева (гуманістычная, антываенная накіраванасць твораў; акцэнтаванне ўвагі на заганах грамадства: бюракратызме, крывадушнасці, перайманні чужых ідэалаў, інш.) вельмі выразна падкрэслівае якраз самабытнасць і адрознасць рускага (крызіснасць свядомасці, пазначанай індывідуалізмам і трагізмам мадэрнісцкага светаўспрымання) і беларускага (актывізацыя працэсаў самаідэнтыфікацыі і ўсведамлення чалавекам свайго месца ў грамадстве) культурна-літаратурных працэсаў названага перыяду.

  2. Самаідэнтыфікацыя асобы персанажа ў літаратурным тэксце мае сваю спецыфіку адлюстравання, паколькі з’яўляецца створанай аўтарам у рамках мастацкай умоўнасці. Літаратуразнаўчы аналіз патрабуе вылучэння пэўных параметраў і прынцыпаў, праз якія самаідэнтыфікацыя асобы раскрываецца ў творы. У «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева такімі параметрамі з’яўляюцца ідэйныя падыходы і мастацкія спосабы раскрыцця асобы і яе ўнутранага стану, партрэта і характару, якія падаюцца праз наратарскае стаўленне, паводзіны і перадачу ўласных пачуццяў і разважанняў героя, праз узаемадзеянне з іншымі персанажамі ў працэсе камунікацыі. Важным паказчыкам з’яўляюцца таксама жанрава-стылёвыя прыярытэты аўтараў. Такія прыярытэты выяўляюцца праз аналіз жанравай разнастайнасці «малой» прозы пісьменнікаў, а таксама праз вывучэнне паэтыкі твораў з рысамі дакументальна-мастацкімі ды экспрэсіянісцкімі (М. Гарэцкі) і экспрэсіянісцка-публіцыстычнымі (Л. Андрэеў). Комплекснае вывучэнне ўсіх гэтых фактараў выяўляе іх непасрэдную ўзаемасувязь з самаідэнтыфікацыйнымі характарыстыкамі персанажаў, а таксама з увасобленымі ў прозе філасофска-светапогляднымі дамінантамі беларускага і рускага творцаў, якія вызначаюць стан асобы і яе самаідэнтыфікацыю ва ўмовах экзістэнцыйнага адчування адзіноты і адчужанасці, ілюзорнасці свету, акцэнтаванага супрацьстаяння рацыянальнага і звышнатуральнага.

  3. У «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева знайшлі выразнае адлюстраванне падзеі пачатку стагоддзя і іх уплыў на асобасную самаідэнтыфікацыю, крызісныя праявы якой маюць цесную сувязь з радыкальнымі зменамі як на анталагічным, аксіялагічным узроўнях, так і ў самой рэчаіснасці, у цэнтры і на памежжах Расійскай імперыі. У «малой» прозе абраных аўтараў асаблівае значэнне мае самаідэнтыфікацыя асобы падчас ваенных, рэвалюцыйных падзей і ва ўмовах сацыяльнага гвалту. Акрамя інварыянтнага для ўсёй сусветнай гуманістычнай традыцыі асэнсавання самаідэнтыфікацыі асобы на агульначалавечым, агульнамаральным узроўнях, пісьменнікі паказваюць і спецыфічна-нацыянальныя самаідэнтыфікацыйныя рысы, абумоўленыя рознымі культурна-гістарычнымі абставінамі. Так, выяўляецца крызіс самаідэнтыфікацыі рускага інтэлігента, прадвызначаны пагрозай разбурэння Расійскай Імперыі, у «малой» прозе Л. Андрэева; у творах М. Гарэцкага названая падзея, наадварот, спрыяе ўздыму нацыянальнага самаўсведамлення беларусаў.

  4. У «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева вылучаецца феномен «несапраўднай» ідэнтычнасці (тэрмін Л. А. Сафронавай), які ўвасабляецца ў тэкстах М. Гарэцкага і Л. Андрэева ў дзвюх асноўных формах: «дваістай» свядомасці і маскі. Выяўляецца сувязь «дваістасці» свядомасці ў прозе Л. Андрэева найперш з дваістай чалавечай прыродай, у творах М. Гарэцкага – са спецыфічнай пазнакай беларускага менталітэту, акрамя сітуацый, у якіх асобе знешнімі абставінамі навязваецца дваісты стан. Вылучаюцца функцыі выкарыстання пісьменнікамі маскі: выкрыццё крывадушнасці героя, неадпаведнасць яго «я»-рэальнага створанаму вобразу ў сатырычных апавяданнях М. Гарэцкага і Л. Андрэева; спроба дыстанцавацца ад уласнага вобраза «я» і адначасова прыцягнуць увагу да сваёй асобы ў эпісталярных тэкстах Л. Андрэева.

  5. У творах «малой» прозы М. Гарэцкага і Л. Андрэева самаідэнтыфікацыя асобы пазначана агульным рэгіянальным культурна-гістарычным кантэкстам. У аксіялагічным аспекце пісьменнікамі акцэнтуецца пагроза страты чалавекам каштоўнасных арыенціраў. Аднак гэтая праблема мае ў кожнага з аўтараў адрозную трактоўку. Так, у прозе Л. Андрэева выяўляецца асобасная ўстаноўка на адмаўленне ад усяго традыцыйнага, звыклага – як бунт супраць пазітывізму і «абывацельшчыны». У творах аўтара адбываецца выкрыццё фальшывых ідэалаў, адлюстроўваюцца таксама іх наступствы для самаідэнтыфікацыі асобы, спробы актывізаваць самаідэнтыфікацыйныя працэсы ў свядомасці чалавека перадусім як прадстаўніка чалавечага роду, у глабальным гуманістычным сэнсе. Проза М. Гарэцкага адлюстроўвае самаідэнтыфікацыйную накіраванасць асобы на свядомае захаванне і актуалізацыю традыцыйных нацыянальных каштоўнасцей, усведамленне дыялектычнага адзінства «дзвюх душ»; праблема самаідэнтыфікацыі асобы больш звязваецца з канкрэтнымі нацыянальна-культурнымі, сацыяльнымі, палітычнымі супярэчнасцямі, якія ціснуць на свядомасць і мараль чалавека. Выяўляецца канцэпцыя індывідуалістычнага існавання ў «малой» прозе і эпісталярыях Л. Андрэева, дзе станаўленне асобы адбываецца праз імкненне вылучыцца з асяроддзя і аддаленне ад рэальных жыццёвых абставін. У тэкстах «малой» прозы і эпісталярыях М. Гарэцкага прасочваецца канцэпцыя суіснавання чалавека з іншымі людзьмі і жыццёвымі рэаліямі. Самаідэнтыфікацыя чалавека адбываецца на шляху суаднясення сябе з асяроддзем і прыняцця сябе, іншых людзей і ўмоў існавання. Такая разнавектарнасць самаідэнтычнасці асобы ў творах рускага і беларускага пісьменнікаў абумоўлена рознанакіраванасцю сацыяльна-гістарычнага, нацыянальнага развіцця Расіі і Беларусі ў першай трэці ХХ ст.

Асабісты ўклад дысертанта

Дысертацыя з’яўляецца самастойным навуковым даследаваннем. Артыкулы, у якіх апублікаваны вынікі даследавання, напісаны без сааўтараў.



Апрабацыя дысертацыі і інфармацыя аб выкарыстанні яе вынікаў

Асноўныя палажэнні дысертацыйнага даследавання прайшлі публічную апрабацыю ў якасці дакладаў на міжнародных і рэспубліканскіх навуковых і навукова-практычных канферэнцыях: V – VІ, VІІІ – ІХ Міжнародных навукова-практычных канферэнцыях «Машэраўскія чытанні» (Віцебск, 29-30 верасня 2011 г., 27-28 верасня 2012 г., 16-17 кастрычніка 2014 г., 25 верасня 2015 г.); XII (57) Рэгіянальнай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў і магістрантаў «Образование ХХІ века» (Віцебск, 29 сакавіка 2012 г.); ХІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: да 900-годдзя Кірыла Тураўскага і 200-годдзя Тараса Шаўчэнкі» (Мінск, 24-26 кастрычніка 2013 г.); ХІХ (66) – ХХІII (70) Рэгіянальных навукова-практычных канферэнцыях «Наука – образованию, производству, экономике» (Віцебск, 13-14 сакавіка 2014 г., 12-13 сакавіка 2015 г., 10-11 лютага 2016 г., 9-10 лютага 2017 г., 15 лютага 2018 г.); V – VІ Міжнародных навукова-практычных канферэнцыях «Мир языков: ракурс и перспектива» (Мінск, 22 красавіка 2014 г., 22 красавіка 2015 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Войны и катастрофы ХХ века и их осмысление в белорусской, русской и мировой литературах» (Полацк, 16-17 мая 2014 г.); XIV Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Узвышаўскія чытанні» (Мінск, 26 мая 2014 г.); ХХІІ – ХХV Міжнародных навуковых канферэнцыях Гарэцкіх чытаннях «Максім і Гаўрыла Гарэцкія: жыццё і творчасць» (Мінск, 26 чэрвеня 2014 г., 17 красавіка 2015 г., 16 чэрвеня 2016 г., 22 чэрвеня 2017); ХV Міжнароднай канферэнцыі «Взаимодействие литератур в мировом литературном процессе. Проблемы теоретической и исторической поэтики» (Гродна, 18-20 верасня 2014 г.); Міжнародных навуковых чытаннях «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў славянскіх літаратурах» (Гомель, 25-26 верасня 2014 г.); Чацвёртым Міжнародным Кангрэсе даследчыкаў Беларусі (Коўна, 3-5 кастрычніка 2014 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Першая сусветная вайна ў народнай памяці і мастацкім адлюстраванні» (Мінск, 7-8 кастрычніка 2014 г.); V Міжнароднай навукова-практычнай моладзевай канферэнцыі «Научные стремления» (Мінск, 25-27 лістапада 2014 г.); Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў, аспірантаў і маладых вучоных «The Youth of the 21-st Century: Education, Science, Innovations» (Віцебск, 4 снежня 2014 г.); ІІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі маладых вучоных «Мова і літаратура ў ХХІ стагоддзі: актуальныя аспекты даследавання» (Мінск, 27 сакавіка 2015 г.); Міжнароднай канферэнцыі «Куляшоўскія чытанні» (Магілёў, 16 красавіка 2015 г.); Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі маладых філолагаў «Слова ў мове, маўленні, тэксце» (Брэст, 23 красавіка 2015 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Формирование и развитие национального самосознания в отражении белорусской, русской и зарубежных литератур» (Полацк, 15-16 мая 2015 г.); ХХІV Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Язык и культура» (Кіеў, 22-25 жніўня 2015 г.); ІХ Рэспубліканскай навукова-практычнай Інтэрнэт-канферэнцыі магістрантаў, аспірантаў і маладых вучоных «Полесский регион и наука ХХІ века» (Мазыр, 26 чэрвеня 2015 г.); ХІІ Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Славянскія літаратуры ў кантэксце сусветнай: да 750-годдзя са дня нараджэння Дантэ Аліг’еры і 85-годдзя Уладзіміра Караткевіча» (Мінск, 22-24 кастрычніка 2015 г.); ІІ Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі «Беларуская мова і літаратура ў славянскім этнакультурным кантэксце» (Віцебск, 19-20 лістапада 2015 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Беларуская літаратура ў культурнай прасторы сучаснага грамадства» (Мінск, 3-4 сакавіка 2016 г.); Міжнароднай навуковай канферэнцыі «Аксиологический диапазон художественной литературы» (Віцебск, 23-24 сакавіка 2017 г.). Агульная колькасць канферэнцый – 34.

Апублікаванасць вынікаў дысертацыі

Па тэме даследавання апублікавана 39 прац, у тым ліку 8 артыкулаў у навуковых крыніцах, рэкамендаваных ВАК Беларусі, і рэцэнзаваных замежных выданнях (4,2 арк.); 5 публікацый у навуковых зборніках (1,5 арк.); 25 публікацый матэрыялаў навуковых канферэнцый (5,4 арк.), вучэбна-метадычныя матэрыялы (0,8 арк.). Агульны аб’ём апублікаваных матэрыялаў складае 11,9 аўтарскага аркуша.



Структура і аб’ём дысертацыі. Праца складаецца з уводзінаў, агульнай характарыстыкі работы, трох раздзелаў, заключэння, бібліяграфічнага спісу, які налічвае 288 найменняў прац айчынных і замежных аўтараў, з якіх 39 – публікацыі суіскальніка, дадатку. Агульны аб’ём дысертацыі складае 133 старонкі. Асноўны тэкст займае 108 старонак, бібліяграфічны спіс – 25 старонак.
АСНОЎНЫ ЗМЕСТ ДЫСЕРТАЦЫІ
Першая глава «Самаідэнтыфікацыя асобы: тэарэтычны аспект» складаецца з двух раздзелаў.

У раздзеле 1.1 «Вывучэнне самаідэнтыфікацыі асобы ў літаратуразнаўстве» акрэслены літаратуразнаўчыя падыходы да названай праблемы ў працах А. У. Астахава, Н. В. Барабанавай, М. М. Бахціна, С. М. Есіна, С. С. Імяхелавай, Л. А. Сафронавай, інш.

У раздзеле 1.2 «Творчасць М. Гарэцкага і Л. Андрэева ў літаратуразнаўчых даследаваннях» зроблены аналітычны агляд асноўных прац, у якіх паслядоўна вывучаецца творчасць М. Гарэцкага і Л. Андрэева. Адзначаецца ўздым у галіне гарэцказнаўства і запавольванне вывучэння спадчыны Л. Андрэева ў апошнія дзесяцігоддзі; акцэнтуюцца літаратуразнаўчыя «лакуны»: невывучанасць асобных пластоў творчасці (у прыватнасці, эпісталярных тэкстаў) пісьменнікаў, малая прадстаўленасць кампаратыўных даследаванняў твораў М. Гарэцкага і Л. Андрэева ў межах вывучэння ўсходнеславянскіх літаратур.

Другая глава «Малая» проза М. Гарэцкага і Л. Андрэева як вопыт алюстравання самаідэнтыфікацыі персанажа ў беларускай і рускай літаратурах першай трэці ХХ ст.» складаецца з трох раздзелаў і прысвечана выяўленню пэўных мастацкіх прынцыпаў адлюстравання самаідэнтыфікацыі асобы ў «малой» прозе беларускага і рускага класікаў.

У раздзеле 2.1 «Асноўныя спосабы перадачы самаідэнтыфікацыі асобы ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева» ўвага засяроджваецца на ідэйных падыходах да адлюстравання асобы і мастацкіх спосабах раскрыцця яе ўнутранага стану, партрэта і характару ў прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева. Ідэйныя падыходы робяцца відавочнымі праз наратарскае стаўленне, паводзіны, уласныя пачуцці і разважанні герояў, праз іх узаемадзеянне з іншымі персанажамі ў працэсе камунікацыі. Адпаведна вылучаюцца асноўныя спосабы перадачы самаідэнтыфікацыі ў творах пісьменнікаў: «самапрэзентацыя» як героя-наратара, набліжанага да вобраза аўтара («Ідуць усе – іду я…», «Еду дамоў», М. Гарэцкага; «Ложь», «Проклятие зверя» Л. Андрэева; эпісталярыі абодвух пісьменнікаў), так і персанажа, больш дыстанцаванага ад постаці самога аўтара («Рассказ про Сергея Петровича», «Рассказ о семи повешенных», Л. Андрэева; «Маці», «Рунь» Гарэцкага); наратарскае стаўленне да персанажа (большасць «Сібірскіх абразкоў», «Скарб», «У 1920 годзе», «Сон» М. Гарэцкага; у мастацкай прозе Л. Андрэева распаўсюджанасці не атрымала, затое вельмі характэрна для лістоў рускага аўтара); наяўнасць героя-«правакатара», што часта рэалізуецца праз увядзенне ў твор юродзівага, характэрнага для рускай культурна-літаратурнай традыцыі, або жабрака – беларускага традыцыйнага вобраза («Алёша-дурачок», «Христиане» Л. Андрэева; «Хадзяка», «Дурная», «Неразгаданыя людзі» М. Гарэцкага); напружаная падзейнасць. Творы абодвух аўтараў псіхалагізаваныя, шырока адлюстроўваюць палітру пачуццяў персанажаў, пры гэтым М. Гарэцкі актыўна выкарыстоўвае для перадачы самаідэнтыфікацыі асобы персанажа вобраз наратара; Л. Андрэеў пераважную ролю надае навелістычнай падзейнасці.



У раздзеле 2.2 «Жанрава-стылёвы аспект раскрыцця самаідэнтыфікацыі асобы ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева» выяўляюцца жанрава-стылёвыя прыярытэты аўтараў і іх уплыў на самаідэнтыфікацыйныя асаблівасці персанажаў. Звяртанне да «малой» апавядальнай формы, яе жанравая разнастайнасць у М. Гарэцкага і Л. Андрэева даюць магчымасці для шырокага аналізу варыянтаў самаідэнтыфікацыі асобы з розных пазіцый: самаўспрымання, набліжанага да ўласнага, аўтарскага (дзённікавыя запісы, лісты, замалёўкі); самаідэнтыфікацыі розных сацыяльных тыпаў праз апісанне псіхалагічнага стану персанажа (апавяданні); вывядзення дамінантаў характару героя з выпадковых сустрэч (нарысы); раскрыцця ўнутранага свету персанажа ў выніку збегу абставін, праз напружанасць дзеяння (навелы); дыдактычна-павучальнага асэнсавання асобы (легенды, сказы). Калі М. Гарэцкі ў «малой» прозе імкнецца да спасціжэння асобы і яе месца ў свеце праз прызму ўласнага вопыту, выкарыстоўваючы шырокія магчымасці фактаграфічнай, дакументальна скіраванай прозы, то для рускага пісьменніка характэрны іншасказальнасць, эмацыянальна-ацэначны стыль твораў, экспрэсіўнасць, шматузроўневая рэфлексія (асабліва ў эпісталярыях) і іншыя публіцыстычныя рысы.

У раздзеле 2.3 «Самаідэнтыфікацыя асобы ў філасофска-светапоглядным асэнсаванні пісьменнікаў» вывучаецца ўплыў на самаідэнтыфікацыю асобы ў творах М. Гарэцкага і Л. Андрэева пэўных светапоглядных ідэй, сфарміраваных нацыянальна-культурнымі традыцыямі і мадэрнісцкімі павевамі. Асобасны канфлікт герояў апавяданняў М. Гарэцкага цесна звязаны з забабонамі, тэмай небяспечных ведаў («Што яно?», «Страхаццё», «Дурны настаўнік», «Стары прафесар»). У творах Л. Андрэева прасочваецца ўплыў рускай класічнай традыцыі. Асабліва востра – у калядных і пасхальных творах, дзе падаецца пералом у самаідэнтыфікацыі персанажа пад уплывам свята («Баргамот и Гараська», «Из жизни штабс-капитана Каблукова»). Прычым традыцыйны матыў духоўнага ачышчэння часта трансфармуецца ў Л. Андрэева, праз расчараванне героя, у яго канчатковае маральнае падзенне («Весенние обещания»).

Героі «малой» прозы абодвух аўтараў апынуліся ў мадэрнісцкай сітуацыі разбурэння і стаўлення пад сумнеў традыцыйных каштоўнасцей. У творах «малой» прозы Л. Андрэева значнае месца займае герой-бунтар, што адмаўляе каштоўнасці папярэднікаў, у якіх бачыць толькі спажывецкія інтарэсы. Адзінае выйсце для яго – пратэст. Пісьменнік праз эстэтызацыю смерці, рэвалюцыйных і бунтарскіх настрояў, маральнага падзення асобы адлюстроўвае пэўныя маральныя скажэнні асобаснай самаідэнтыфікацыі («Молчание», «Сын человеческий»). У М. Гарэцкага падобная каштоўнасная праблематыка звязваецца з канфліктам паміж народным светаўспрыманнем з яго забабонамі і рацыяналізмам інтэлігенцыі, а дакладней – з «раздвоенасцю» ў самаідэнтыфікацыі інтэлігентаў, выхадцаў з вёскі, якім давялося шукаць новы спосаб засваення рэчаіснасці ва ўмовах гэтай супярэчнасці. Героі апавяданняў М. Гарэцкага імкнуцца спасцігнуць асновы і сутнасць жыцця, прыходзячы да сваёй самаідэнтыфікацыі праз своеасаблівае спалучэнне асобаснага, рацыянальнага і неспасцігальнага, падсвядомага, якое карэніцца ў багатай духоўнай спадчыне народа («У лазні», «Роднае карэнне»).

Светапогляд і самаідэнтыфікацыя асобы ў творах М. Гарэцкага і Л. Андрэева прадвызначаюцца супярэчлівасцю і ілюзорнасцю свету, які не падлягае рацыянальнаму тлумачэнню. У Л. Андрэева ілюзорнаць мае глабальны, агульначалавечы сэнс («В поезде», «Воскресение всех умерших», «Призраки»); у М. Гарэцкага ілюзія ствараецца яшчэ і за кошт нацыянальнага ўспрыняцця: чалавек – носьбіт таямніц свайго народа («Цёмны лес», «Патаёмнае»).

Ва ўяўленні Л. Андрэева чалавек аказваецца прыгнечаны вышэйшымі сіламі, лёсам («Ипатов», «Чемоданов»). У творах М. Гарэцкага – больш канкрэтызаваны прасторава-часавы кантэкст. На асобу робяць уплыў канкрэтныя сацыяльна-палітычныя падзеі, якія адбываюцца на тэрыторыі краіны і робяць з людзей ахвяр – маральных і фізічных («Рускі», «На этапе»).

Трэцяя глава «Самаідэнтыфікацыя асобы ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева ў кантэксце маральнай, нацыянальнай і сацыякультурнай праблематыкі» складаецца з трох раздзелаў.

У раздзеле 3.1 «Самаідэнтыфікацыя асобы падчас войнаў і рэвалюцый у «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева» названая праблема даследуецца з улікам рознага для беларускага і рускага народаў гісторыка-культурнага вопыту, адрознага ўспрыняцця падзей беларускім і рускім класікамі.

У «малой» прозе Л. Андрэева больш агульная праблема катастрафічнасці быцця знаходзіцца на першым плане, і ў параўнанні з ёй уласна ваенная праблематыка прадстаўлена лакальна («Ночной разговор»). У большасці твораў пазначанага перыяду выяўляецца самаідэнтыфікацыйная разгубленасць і маральная нясталасць асобы, раней далёкай ад неабходнасці самаўсведамлення і залішніх рэфлексіўных перажыванняў. У новай, нязвыклай сітуацыі героі пачынаюць бяздумна мяняць навязаныя звонку стэрэатыпы, лёгка паддаюцца эмацыянальным парыванням, губляюцца ў нетыповай для іх сітуацыі, калі павышаецца адказнасць за ўласныя дзеянні («В цемную даль», «Тьма», «Иван Иванович»). Акцэнтуецца беспадстаўнасць ахвяравання чалавекам рэальным жыццём дзеля невядомай прывабнасці («Рассказ о семи повешенных»). Пазначаныя з’явы разбурэння самаідэнтычнасці выяўляюцца, напрыклад, праз прыём «непазнавання» («Из рассказа, который никогда не будет окончен»).

Героі твораў М. Гарэцкага аказваюцца ў процілеглай сітуацыі, паказваючы актывізацыю самаідэнтыфікацыйных працэсаў або відавочнае разуменне іх неабходнасці («У 1920 годзе», «Усебеларускі з’езд 1917-га года», «Палонны»). У шырока прадстаўленай ваеннай праблематыцы ў «малой» прозе М. Гарэцкага акрамя агульнамаральных праблем выяўляецца асэнсаванне пералому ў свядомасці беларуса, што звязана з уяўленнямі пра ўсталяванне пэўнай дэмакратычнай, гуманістычнай і нацыянальнай справядлівасці, пра самакаштоўнасць беларуса як прадстаўніка асобнай нацыі і адраджэнне культурных каштоўнасцей цэлага народа.

Раздзел 3.2 «Самаідэнтыфікацыя асобы ва ўмовах сацыяльных супярэчнасцей» вызначае ўплыў на маральны стан і самаўспрыманне асобы ў творах М. Гарэцкага і Л. Андрэева сацыяльнага гвалту.

У сацыяльна завостранай «малой» прозе М. Гарэцкага найважнейшым складнікам самаідэнтыфікацыі асобы з’яўляецца ўсведамленне персанажамі праблем, звязаных з блізкім колам людской супольнасці (сям’я, аднавяскоўцы, агульнае гістарычнае мінулае: «Роднае карэнне», «Прысяга», «Скарб»), а таксама з усведамленнем агульных задач адраджэння беларускай нацыі («Рунь», «Фантазія»). У прозе Л. Андрэева на першым плане – узаемаабумоўленасць сацыяльнага і маральна-этычнага ў завершаным цэлым пэўнай асобы, без тых акцэнтаў на нацыянальнай праблематыцы, якія яскрава аформіліся ў беларускай літаратуры пачатку ХХ ст.; многія творы маюць вострую сацыяльную скіраванасць і канкрэтную сацыяльную адрасацыю («Защита», «Случай», «Утенок»), а вобразы персанажаў з неадэкватнай самаідэнтыфікацыяй дазволілі Л. Андрэеву адлюстраваць крызісныя з’явы ва ўнутраным свеце чалавека («Рассказ о Сергее Петровиче», «В подвале»); той збой, у выніку якога ў грамадскай думцы разбураліся вывераныя агульнапрынятыя нормы сацыяльнага парадку. У рускай літаратуры напярэдадні распаду Расійскай імперыі менавіта гэты ракурс у асэнсаванні рэчаіснасці быў надзвычай актуальным.

Акцэнтуецца значнасць сацыяльнага пратэсту ў прозе рускага аўтара. Маральна моцная асоба для Л. Андрэева – тая, якая жыве насуперак агульнапрынятым нормам, якая найменш ідэнтыфікуе сябе з сацыяльным колам, не паддаецца спакусе лёгкага існавання «як усе» («Сын человеческий», «Полет», лісты 1903, 1904 гг.). Такая самаідэнтычнасць адпавядае агульнамадэрнісцкай канцэпцыі асобы, якая складвалася ў літаратурным асяроддзі пачатку ХХ стагоддзя. У прозе М. Гарэцкага асобасны пошук адбываецца не праз адмаўленне, а праз атаясамліванне ўласнай асобы з іншымі людзьмі і экзістэнцыйнае ўсведамленне адказнасці за сябе і іншых («Стогны душы», «Ідуць усе – іду я…», лісты да Л. У. Гарэцкай 1931, 1932 гг.). Такая ўстаноўка на суіснаванне з жыццёвымі рэаліямі, прыняцце складаных сітуацый адлюстроўвае асаблівасці беларускай ментальнасці. У адрозненне ад Л. Андрэева, героі апавяданняў і наратар лістоў якога заўсёды шмат увагі надаюць рэфлексіі, М. Гарэцкі негатыўна ставіцца да залішняй рэфлексіўнасці (што бачым у недатаваным лісце да невядомага вучня). Аналіз эпісталярных тэкстаў М. Гарэцкага і Л. Андрэева дазваляе выявіць разнавектарнасць самаідэнтыфікацыйнай скіраванасці пісьменнікаў.

Раздзел 3.3 «Праблема «несапраўднай» ідэнтычнасці ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева» складаецца з двух падраздзелаў і прысвечаны феномену «ўскладненай» ідэнтычнасці, калі рэальны вобраз «я» ў свядомасці персанажа не супадае з надуманым, з тым, як герой сябе пазіцыянуе.

У падраздзеле 3.3.1 «Дваістасць свядомасці» ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева» даследуюцца супярэчлівасці ў самаідэнтыфікацыі персанажаў, выкліканыя «раздвоенай» свядомасцю.

У шэрагу твораў «малой» прозы М. Гарэцкага і Л. Андрэева паказана станаўленне асобы, якое адбываецца праз пераадоленне дваістасці свядомасці, або сама дваістасць з’яўляецца імператывам асобаснага станаўлення (М. Гарэцкі – «У лазні», «Роднае карэнне», «Рунь», «Амерыканец»; Л. Андрэеў – «Из жизни штабс-капитана Каблукова», «Иностранец», «Проклятие зверя»). Мае месца таксама адмоўны ўплыў такога «накладання» ідэнтычнасцей, у выніку якога адбываецца не станаўленне, а разбурэнне асобы, няздольнай пераадолець асобасны разлад, прадвызначаны «дваістым» станам асобы (М. Гарэцкі «Рускі», «На этапе», «Супакой»; Л. Андрэеў «Петька на даче», «Гостинец», «Бездна». У Л. Андрэева праявы дваістасці звязаны пераважна з супярэчлівасцю чалавечай прыроды, бясконцай барацьбой дзвюх жыццёвых асноў: абывацельскай, жывёльнай і чалавечай, духоўнай. У творчасці М. Гарэцкага з’ява «двудушнасці» ў дадатак да названага набывае спецыфічна нацыянальныя якасці, выступаючы неад’емным складнікам нацыянальнага менталітэту і з’яўляючыся неабходным этапам у набыцці героем уласнай ідэнтычнасці (у выпадках па-за ціскам знешніх гістарычных абставін).

Падраздзел 3.3.2 «Маска як праява «несапраўднай» ідэнтычнасці ў «малой» прозе М. Гарэцкага і Л. Андрэева» прысвечаны прыёму ўтойвання персанажам уласнай сутнасці пад маскай, якое разглядаецца намі як дваістасць паводзін персанажаў. Маска як спроба героя падмануць грамадства выкарыстоўваецца аўтарамі пераважна ў сатырычных або гумарыстычных творах («Оригинальный человек», «Нет прощения», «Рогоносцы» Л. Андрэева, «Апостал», «[Незадача]», «Інтэлігенты» М. Гарэцкага); страта самаідэнтычнасці, пэўнае зрастанне з маскай характэрна для твораў Л. Андрэева з драматычным і нават трагічным пафасам («Смех», «Ложь»).

У творах з падобнай «несапраўднай» ідэнтычнасцю персанажаў гумар і сатыра рускага аўтара накіраваныя на заганы грамадства ў цэлым, без культурна-нацыянальных пазнак. Для адпаведных па мастацкім модусе твораў М. Гарэцкага характэрна большая ўпісанасць у канкрэтную гістарычную сітуацыю, якая склалася на тэрыторыі Беларусі і за яе межамі ў раннесавецкія гады; аб’ектам сатыры з’яўляецца не толькі соцыум як такі, але і новы палітычны лад.

  1   2   3


База данных защищена авторским правом ©urok.shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка